Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Беларускі дзяржаўны універсітэт Гістарычны факультэт


ГЛАВА ІІІ. КНЯЗЬ СВІДРЫГАЙЛА І УКРАІНСКІЯ ЗЕМЛІ



старонка3/4
Дата канвертавання15.05.2016
Памер0.64 Mb.
1   2   3   4
ГЛАВА ІІІ.

КНЯЗЬ СВІДРЫГАЙЛА І УКРАІНСКІЯ ЗЕМЛІ

ПАСЛЯ ВІЛЬКАМІРСКАЙ БІТВЫ 1435 Г.
Вількамірская бітва 1435 г. стала моцнай паразай князя Свідрыгайлы і Вялікага княства Рускага. Яшчэ і да гэтага можна было назіраць, як Свідрыгайла паступова саступае пазіцыі ў змаганнні з ВКЛ і Польшчай, аднак гэтая параза стала найбольш адчувальнай, і пазіцыі князя пахіснуліся як ніколі падчас гэтай вайны. Для Жыгімонта і палякаў жа гэта была найзначнейшая перамога. У “Хроніцы” Вапоўскага распавядаецца пра тое, як Уладзіслаў ІІІ, калі даведаўся пра перамогу. загадаў ладзіць свята і паўсюль запальваць ноччу агні. [42] Нягледзячы на тое, што Вількамірская бітва адбылася на тэрыторыі Літвы, яна моцна паўплывала на ўвесь далейшы ход падзей, у тым ліку, і на украінскіх землях. Усё больш шляхты, некалі прыхільнай Свідрыгайле, зараз пачало адыходзіць на бок яго праціўнікаў.

Аднак, нягледзячы на моцную паразу, нельга казаць пра тое, што князь Свідрыгайла адразу страціў усю сваю ўладу і валоданні. Вялікі князь Жыгімонт, які хоць і знаходзіўся ў стане вайны з Нямецкім ордэнам, вырашыў не рабіць паход супраць яго, а далучыць да сваіх валоданняў землі, што падтрымлівалі Свідрыгайлу. Тым не менш, на першых парах ён змог заняць толькі Смаленск. Полацк, куды пасля паразы з’ехаў і сам Свідрыгайла, а таксама Віцебск Жыгімонт здабыць не здолеў. Сам жа Свідрыгайла разгарнуў кіпучую дзейнасць па аднаўленню сваіх сіл і збіранні саюзнікаў. У канцы 1435 г. ён прыехаў ва Украіну, дзе ўжо разнесліся чуткі пра яго смерць, што стала прычынай хістання мясцовых намеснікаў, няўпэўненых у сваіх пазіцыях. [43] З дапамогай верных сабе сіл і татар Свідрыгайла рушыў на Падолле і зноў умацаваў сваё становішча на Браслаўшчыне, а таксама ў Луцкай зямлі і Крамянцы (Валынь). Вёў ён перамовы і з Нямецкім ордэнам пра магчымую вайну з Польшчай. Аднак аслаблены Тэўтонскі ордэн не мог ужо аказваць падтрымку Свідрыгайле, і 31 снежня 1435 г. заключыў вечны мір з Польшчай у Брэсце-Куяўскім, прызнаў Вялікім князя Жыгімонта і ўзяў на сябе абавязак вызнаваць надалей толькі таго Вялікага князя Літоўскага, які будзе абраны са згоды паноў Польшчы, і не падтрымліваць магчымых антыпольскіх захадаў ВКЛ. Наогул для Нямецкага ордэна Вількамірская бітва стала самай адчувальнай паразай пасля Грундвальда. На тэрыторыі Лівонскага ландмайстэрства ўтварылася Лівонская канфедэрацыя, сілы якой былі непараўнальнымі з былой моццу Ордэна.

Аднак сілы князя Свідрыгайлы былі ўжо не тымі, што раней. Ён не мог больш захоўваць кантролю над сваімі яшчэ велізарнымі ўладаннямі. Цяжкая вестка прыйшла летам 1436 г.: на бок Жыгімонта перайшлі Полацк і Віцебск. Хроніка Быхаўца так перадае прычыны гэтай падзеі: “А на наступны год палачане і віцябляне, не бачачы сабе ні ад каго дапамогі, падпарадкаваліся вялікаму [князю] Жыгімонту Кейстутавічу, і пачаў вялікі князь Жыгімонт княжыць у Вялікім княстве Літоўскім і ў Рускім”. [44] Пасля страты беларускіх земляў у Свідрыгайлы засталіся толькі землі Украіны. Паказальна тое, што украінскія землі, якія і раней складалі ядро Вялікага княства Рускага, у часы ўсё большага аслаблення пазіцый Свідрыгайлы апошнімі заставаліся на яго баку, былі апошняй абапорай князя. Аднак і тут яго ўплыў слабеў. Мясцовыя паны вагаліся ў сваёй няпэўнасці далейшай падтрымкі Свідрыгайлы.

У гэтых умовах князь Свідрыгайла, “старий дипльомат”, як назваў яго Грушэўскі, [45] вырашыў у чарговы раз рэзка змяніць свой палітычны курс. Спадзяючыся аслабіць саюз між Жыгімонтам і Уладзіславам ІІІ, шукаць падтрымку ён стаў у нечаканым месцы, дакладней, у аднаго з іх. Надзеі на замірэнне з Жыгімонтам наўрад ці былі, таму Свідрыгайла ў 1436 г. пачаў перамовы з польскім каралём, абяцаючы тэрытарыяльныя саступкі. У польскую сталіцу было адпраўлена некалькі пасольстваў, потым прыехаў у Кракаў і сам Свідрыгайла з падарункамі каралю і сенатарам. Аднак асаблівага плёну гэта не мела, палякі паабяцалі толькі, што паставяць гэтую справу на абмяркаванне на будучым з’ездзе станаў у Серадзе. Разумеючы, што яго прапольскія захады не мелі поспеху, князь вырашыў дзейнічаць па-іншаму і пачаў перамовы з панамі украінскіх земляў у складзе Польшчы.

Галічына была далучана да Польшчы яшчэ ў 1387 г. Аднак доўгі час яна мела асаблівы статус у параўнанні з іншымі часткамі Польскай Кароны. Мясцовы палітычны і адміністрацыйны лад абапіраўся на старыя традыцыі, акрамя гэтага на мясцовую шляхту ўскладаліся спецыяльныя падаткі. [46] Галічынская шляхта мела шчыльныя сувязі з шляхтай Бэлзскай зямлі (афіцыйна належала князям Мазовіі), а таксама Падолля, якое было далучана ў 1430 г. Прывілеямі каралёў Уладзіслава ІІ Ягайлы 1430 і 1433 гг. і Уладзіслава ІІІ 1434 г. Галічына і Падолле афіцыйна ўраўноўваліся ў правах з іншымі тэрыторыямі Польшчы, тут усталёўвалася польская адміністрацыйная і судовая сістэмы, што павінна было стаць сканчэннем інкарпарацыі гэтых земляў. [47] Мясцовая шляхта, сярод якой, відавочна, былі і палякі, не мела яўных сепаратысцкіх настрояў, мэтай якіх магло б быць аддзяленне ад каралеўства, аднак для яе было важным захаваць свае правы і статус роўнасці с польскай шляхтай. Імкнуліся мясцовыя феадалы, якія ўжо мелі значныя правы ўнутры Польшчы, і распаўсюдзіць свой уплыў на суседнія украінскія землі, у першую чаргу, Валынь. Падчас перамоваў са шляхтай Галічыны, Бэлзскай зямлі і Падолля Свідрыгайла абапіраўся ўва многім на сваіх палітычных прыхільнікаў у Польшчы. Між Свідрыгайлам і мясцовай шляхтай была ўкладзена адмысловая дамова, па якой між імі заключаўся саюз на карысных абудвум бакам умовам. Князь, які рабіў чарговы даволі авантурны палітычны крок, абяцаў аддаць палякам адзін са сваіх галоўных цэнтраў – Луцк з суседнімі паветамі, за што павінен быў атрымаць узамен нейкія іншыя землі. Акрамя гэтага, пасля яго смерці ўсе яго валоданні павінны былі адыйсці да Польшчы, а намеснікі ў гэтых землях абавязаны былі падпарадкавацца. [48] Падтрымалі гэтае рашэнне, відаць, і прыхільныя князю паны. Узамен феадалы Галіцкай Русі і Падолля абяцалі дабіцца ў Серадзе разрыву саюза Польшчы з Жыгімонтам і ўсяляк падтрымліваць Свідрыгайлу ў барацьбе з апошнім. Акрамя гэтага, аддаючы Луцкую зямлю, Свідрыгайла мог забяспечыць сабе пасмяротнае валоданне Кіеўшчынай, Браслаўшчынай, Ноўгарад-Северскай і іншымі украінскімі землямі. Выконваючы гэтую дамоўленасць, галіцкія і мазавецкія атрады далучыліся да войска Свідрыгайлы у Луцкай зямлі, а ў сам Луцк прыехалі яго новыя старасты – Вінцэнт Шамотульскі і Ян з Сенна, якія былі прадстаўнікамі галіцкай шляхты. Аднак, разумеючы ўсю няпэўнасць пачатай справы, Свідрыгайла не спяшаўся аддаваць Луцк і, нягледзячы на знешнія меры выканання дамовы, працягваў захоўваць над ім свой кантроль.

На Серадзскім з’ездзе станаў Польшчы 1437 г. саюзная Свідрыгайле шляхта выступіла з патрабаваннем зацвердзіць дамову з ім, што б азначала перадачу Луцкай зямлі Польшчы і пагаршэнне адносін з Жыгімонтам. Сярод дэлегатаў з’езда існавалі два ідэйныя напрамкі. Прадстаўнікі першага выступалі за неадкладнае заключэнне дамовы з Свідрыгайлам і далучэнне Луцкай, а пасля смерці апошняга – і іншых украінскіх земляў. Прадстаўнікі ж другога напрамку лічылі неабходным дачакацца інкарпарацыі ўсяго ВКЛ разам і з украінскімі землямі, што адбылося б пасля смерці Жыгімонта. Перавага аказалася на баку прадстаўнікоў другога напрамка. Польская шляхта вырашыла не пагаршаць адносін з Жыгімонтам замест недакладнага саюзу са Свідрыгайлам. Жыгімонт падцвердзіў ранейшую дамову з палякамі, па якой пасля яго смерці яго валоданні павінны былі перайсці да Польшчы (акрамя Троцкай зямлі, якая адыходзіла Міхаілу), а палякі абавязаліся разарваць адносіны са Свідрыгайлам і адклікаць з яго войска польскія атрады. Такім чынам, планы Свідрыгайлы на саюз з Польшчай пацярпелі крах.

Аднак, нягледзячы на рашэнне сейма, галіцкая і частка польскай шляхты зусім не збіраліся адмаўляцца ад далучэння Валыні, а таксама ад некаторай неафіцыйнай падтрымкі Свідрыгайлы. Пры гэтым яны апелявалі да таго, што Луцкая зямля ўжо фактычна належыць Польшчы – у Луцку знаходзіліся галіцкія старасты. [49] Гэта выклікала моцную незадаволенасць Вялікага князя Жыгімонта, які дасылаў у Польшчу мноства скаргаў з патрабаваннем перадаць яму Валынь.

У гэты час вяліся далёка не толькі дыпламатычныя бойкі. На працягу канца 1430-х гг. адбываліся і ваенныя дзеянні між Жыгімонтам і Свідрыгайлам, якія то заціхалі, то ўзмацняліся зноў. Так, яшчэ падчас прыезду Свідрыгайлы ў Кракаў Жыгімонт нанёс сваімі войскамі два ўдары па валоданнях першага: па Луцку і Кіеву. Аднак выправа скончылася беспаспяхова, бо ў Луцку моцнае супраціўленне аказаў гарадскі гарнізон, а ад Кіева войска Жыгімонта адбіў мясцовы ваявода Юрша з татарамі. Тым не менш, нягледзячы на тое, што ў гэты раз варожае войска было адбіта, становішча Свідрыгайлы было ўжо вельмі нетрывалым, і ў першую чаргу не з-за ваеннай пагрозы. Дыпламатычная вайна была ім праіграна, і не было ўжо колішняй падтрымкі шляхты.

Пад ціскам Жыгімонта палякі ўсё ж аддалі луцкім старастам афіцыйны загад перадаць Луцк ВКЛ. Аднак гэты загад застаўся невыкананым. Палякі не спяшаліся аддаваць Валынь, па ўсёй бачнасці, не страчваючы надзей атрымаць яе самі. Справу вырашыла сама валынская шляхта. Некалі яна з’яўлялася моцнай абапорай Свідрыгайлы, але зараз, бачачы слабасць князя і тое, што ён сам гатовы аддаць іх Польшчы, а таксама разумеючы імкненне палякаў далучыць Валынь, луцкія паны сталі дзейнічаць самастойна. Усведамляючы пагрозу далучэння да Польшчы, восенню 1438 г. яны адправілі Жыгімонту прапанову далучыцца да яго валаданняў. Валынь перайшла пад уладу Жыгімонта. Ён сам так пісаў пра гэта: “Лучане пажадалі, каб мы ім прыслалі свайго намесніка, і мы ім зараз прыслалі“. [50]

Страта Валыні стала апошнім ударам па спробе князя Свідрыгалы стварыць асобнае ад ВКЛ княства. У яго руках яшчэ заставалася Кіеўшчына, Ноўгарад-Северская зямля, аднак падтрымка на гэтых землях у яго была ўжо надта слабая. Пра далейшыя падзеі мы маем няшмат інфармацыі, аднак, па ўсёй бачнасці, Жыгімонт, які ўзнавіў ваенныя дзеянні супраць Свідрыгайлы, на працягу 1438 – 1439 гг. змог заняць усе былыя валоданні Свідрыгайлы і фактычна аб’яднаць тэрыторыю ВКЛ. Грамадзянская вайна ў Вялікім княстве Літоўскім скончылася. Князь Свідрыгайла з’ехаў у Валахію. [51]

Паўстанне Свідрыгайлы, якое пачалося пры актыўнай падтрымцы шматлікіх праваслаўных феадалаў Украіны, а таксама іншых палітычных прыхільнікаў князя, не змагло дасягнуць сваёй мэты. Спроба стварыць асаобнае ад ВКЛ Вялікае княства Рускае аказалася няўдалай. Сярод галоўных прычын паразы Свідрыгайлы можна назваць недазваляльныя памылкі ва ўнутранай і знешняй палітыцы, часта непрадуманай і недальнабачнай. [52] Князь Свідрыгайла сваімі промахамі ў рэлігійнай палітыцы, заігрываннем з праціўнікамі, часта рэзкімі і нават жорсткімі дзеяннямі адвадзіў ад сябе значную частку шляхты, што раней падтрымлівала яго. З іншага боку, яго праціўнікі – Вялікі князь Жыгімонт і Польшча, якія ўраўнавалі правы праваслаўных з католікамі і нанеслі Свідрыгайле шэраг вайсковых параз, –здолелі павярнуць сітуацыю ў свой бок і ў выніку атрымаць перамогу.

Нягледзячы на чарговую вельмі моцную і, здавалася б, апошнюю паразу, князь Свідрыгайла, які быў ужо састарэлым чалавекам, усё роўна не адступаўся ад планаў атрымаць уладу. Не ўтрымаўшы ўладу ў ВКЛ і не здолеўшы захаваць асобнае Вялікае княства Рускае, ён вырашыў зноў паспрабаваць вярнуць уладу над усім Вялікім княствам Літоўскім. Хоць папулярнасць Свідрыгайлы сярод шляхты ВКЛ значна паменшылася, у Вялікім княстве ў яго заставалася яшчэ нямала прыхільнікаў. Сам не жадаючы гэтага, спрыяў уплыву свайго стрыя на справы ў дзяржаве і Вялікі князь Жыгімонт. Свідрыгайла часта адваджваў ад сябе прыхільнікаў сваёй жорсткасцю, але і Жыгімонт не саступаў яму ў гэтым. Атрымаўшы ўладу ў ВКЛ, Жыгімонт пачаў рэпрэсіі супраць мясцовай шляхты і, як распавядае Хроніка Быхаўца, “рабіў вялікія жорсткасці ў адносінах да сваіх падданых, асабліва над шляхецкім саслоўем, хапаў іх і рабіў над імі страшэнныя жорсткасці, караў іх нявінна, забіваў і катаваў іх так, як толькі мог прыдумаць”. [53] Гэтымі мерамі Вялікі князь не ўмацоўваў сваю ўладу, а наадварот набліжаў канец свайго праўлення. Не выклікала задаволенасці, натуральна, сярод многіх паноў і прапольская арыентацыя Жыгімонта. Аднак і ў адносінах з Польшчай у Жыгімонта было не ўсё так проста: разумеючы сваю залежнасць ад Кароны, ён усё ж рабіў некаторыя намаганні для яе памяншэння. Наладжваў зносіны з Лівоніяй (у 1435 г. нават адклаў на час паход супраць яе), а таксама з герцагам Альбрэхтам Аўстрыйскім (зяць і спадчыннік караля Жыгімонта І на тронах Венгрыі і Чэхіі). Але гэтыя знешнепалітычныя захады гаспадара ВКЛ не прынеслі плёну. Польшча ж, якая бачыла гэтыя дзеянні Жыгімонта, не магла быць для яго ўжо трывалай абапорай, асабліва пасля збірання ім усіх земляў Вялікага княства і ўзмацнення яго ўлады.

У выніку незадаволенасці сярод шляхты ВКЛ склалася замова супраць Вялікага князя, на чале якой сталі прадстаўнікі незалежніцкай “партыі” ваявода Віленскі князь Даўгід, ваявода Троцкі князь Лялюша, князь Аляксандр Чартарыйскі і яго брат Іван Чартарыйскі. Зразумела, што замова склалася пры актыўнай падтрымцы Свідрыгайлы. Замоўшчыкі мяркавалі пасля забойства Жыгімонта захапіць Вільню і Трокі і трымаць іх да вяртання на трон князя Свідрыгайлы. Паказальна тое, што на баку Свідрыгайлы выступілі вышэйшыя ўраднікі ВКЛ, да таго ж, католікі. У Вербную нядзелю 1440 г. замоўшчыкі з дапамогай кіеўскага шляхціча Скабейкі забілі Вялікага князя Жыгімонта падчас імшы ў Троцкім замку. Войскі князя Лялюшы занялі Троцкі замак, куды прабраліся ў вазах з сенам. [54] Нізкі замак у Вільні быў заняты князем Даўгірдам, а Высокі – Нарбутам, прыхільнікам князя Міхаіла Жыгімонтавіча. Патэнцыйных кандыдатаў на пасаду Вялікага князя Літоўскага было тры: князь Свідрыгайла, на вяртанне якога спадзяваліся замоўшчыкі, князь Міхаіл, сын Жыгімонта, і кароль Польшчы Уладзіслаў ІІІ, бо па ранейшых дамоўленасцях з Жыгімонтам, пасля яго смерці ВКЛ павінна было адыйсці да Польшчы.

Князь Свідрыгайла, які знаходзіўся ў Малдове, атрымаў грамату ад сваіх прыхільнікаў, што ўтрымлівала паведамленне пра смерць Жыгімонта і запрашэнне вярнуцца на трон. Свідрыгайла зрабіў чарговую, і ўжо апошнюю, спробу атымаць уладу над ВКЛ. Ён прыехаў у Валынь, дзе яго сустракалі мясцовыя феадалы, якія аказвалі яму падтрымку. З дапамогай паноў, што перайшлі на яго бок, Свідрыгайла заняў усю Валынь з Луцкам. Пра сур’ёзнасць яго намераў вярнуць трон гаворыць той факт, што ў чэрвені 1440 г. у адной з грамат ён называе сябе “supremus dux Lithuaniae”. [55] У гэты самы час Свідрыгайла аднавіў і перамовы з галіцкімі панамі, абяцаючы быць саюзнікам Польшчы ўзамен на іх падтрымку. Аднак такой папулярнасці сярод літоўскіх феадалаў, як раней, Свідрыгайла ўжо не меў, а справу пра выбранне новага Вялікага князя вырашала менавіта шляхта. [56]

Князь Свідрыгайла, які не меў дакладнай праграмы дзеянняў у далейшым, палітычны курс якога хутка змяняўся, не мог задаволіць жаданне шляхты, а ў першую чаргу, буйных ураднікаў мець манарха, што б праводзіў стабільны палітычны курс і мог захаваць самастойнасць Вялікага княства. Добра вядома было і пра круты і непастаянны нораў князя. Кандыдатура князя Міхаіла таксама не была ўдалай. Ён меў прыхільнікаў сярод паноў, узнятых у свой час Жыгімонтам, а таксама абапору на жамойцкую шляхту. Але гэтага было недастаткова: лёс ВКЛ у час магчымага праўлення гэтага князя таксама з’яўляўся незразумелым, адштурхоўвала прыхільнікаў ад Міхаіла і памяць пра рэпрэсіі сярод шляхты, якія некалі праводзіў яго бацька.

У ВКЛ нямала было прыхільнікаў прапольскай арыентацыі. Тым не менш кандыдатура Уладзіслава ІІІ бачылася паграджаючай: усім добра вядомы былі планы Польшчы інкарпараваць ВКЛ. Ва ўмовах, калі ніводзін з трох кандыдатаў на трон не атрымліваў абсалютнай падтрымкі, усё больш шляхты стала звяртацца да чацвёртай кандыдатуры.

Каралевіч Казімір быў малодшым братам караля Уладзіслава ІІІ, і на той час яму было толькі 13 гадоў. Кандыдатура Казіміра хутка набыла вялікую папулярнасць сярод шляхты ВКЛ, бо з’яўлялася адмысловым кампрамісам між пазіцыямі прыхільнікаў прапольскай арыентацы з аднаго боку і незалежніцкай “партыяй”, якая выступала за памяншэнне польскага ўплыву, з другога. Выбранне Вялікім князем маладога каралевіча дазваляла пазбегнуць небяспекі інкарпарацыі ў склад Польшчы (як магло б адбыцца пры выбранні Уладіслава ІІІ), а таксама недакладнасці, няпэўнасці палітычнага курса і магчымага новага раскола сярод шляхты ВКЛ, што б магло адбыцца, калі б быў выбраны Свідрыгайла. Значную ролю ў выбранні новага Вялікага князя адыграла тое, што кандыдатуру Казіміра падтрымалі такія ўплывовыя ў ВКЛ паны, як Ян Гаштольд, Юрый Гальшанскі, стараста Жмудцкі Кезгайла, маршалак земскі Радзівіл, а таксама Мікалай Неміровіч, імёны якіх называе “Хроніка Быхаўца”. Але пры гэтым кампрамісны варыянт кандыдатуры Казіміра быў падтрыманы і ў шырокіх колах шляхты ВКЛ. [57] Разам з тым прадстаўнікі прапольскай “партыі”, “лаялісты”, як вызначаюць іх у навуковай літаратуры, [58] не адзін раз адпраўлялі сваіх людзей у Польшчу з прапановай каралю больш актыўна заняцца справамі ў ВКЛ для атрымання яго трону. Але Уладзіслаў ІІІ і яго ўраднікі былі занятыя іншай справай: менавіта ў гэты час польскаму каралю была прапанавана яшчэ і карона Венгрыі. Аддаўшы прыярытэт венгерскім справам, Уладзіслаў ІІІ прыняў вугорскую карону і неўзабаве з’ехаў у Венгрыю. Яшчэ да гэтага ў Польшчу прыехала пасольства ВКЛ на чале з Янам Гаштольдам і Кезгайлам з прапановай кандыдатуры Казіміра і запрашэннем яго ў ВКЛ. Не жадаючы ўступаць у канфрантацыю з панамі Вялікага княства, Уладзіслаў ІІІ і яго саноўнікі, якія былі заклапочаны сваімі венгерскімі справамі, далі дазвол на ад’езд Казіміра ў ВКЛ. Пры гэтым па настаянню польскага боку Казімір павінен быў быць не паўнаўладным гаспадаром ВКЛ, а толькі фактычным намеснікам караля Польшчы. Цяжка сказаць, наколькі палякі разлічвалі на тое, што Казімір застанецца толькі намеснікам, але адразу пасля прыезду ў ВКЛ шляхта абвясціла Казіміра новым Вялікім князем. Неабходнасць такога тэрміновага вырашэння гэтай справы аргументавалася быццам небяспекай з боку прыхільнікаў князя Міхаіла Жыгімонтавіча. Уладзіслаў ІІІ не прызнаў свайго брата Вялікім князем Літоўскім, працягваючы называць яго толькі “dux Lithuaniae”. [59]

Пачатак праўлення Вялікага князя Казіміра, гаспадаранне якога стане самым працяглым у гісторыі ВКЛ (1440 – 1492), адбываўся ў неспакойных умовах: князі Свідрыгайла і Міхаіл па-ранейшаму прэтэндавалі на трон, Мазовія заняла Падляшша, не былі ўрэгуляваны адносіны з Польшчай. Аднак моцная групоўка феадалаў, якая фактычна кіравала дзяржавай, у час малалецтва Казіміра змагла паступова справіцца з гэтымі праблемамі. Прэтэнзіі палякаў на такія землі, як Валынь, Берасцейшчына і інш., а таксама наогул на ўплыў на справы ВКЛ у той час зноў пацярпелі крах. Тое, што палякі не здолелі адабраць Валынь, М.Грушэўскі тлумачыць, у прыватнасці, моцнымі пазіцыямі ў гэтым рэгіёне Свідрыгайлы і яго даўнішнім саюзам з галіцкімі феадаламі. [60]

Пасля выбрання Вялікім князем Казіміра і ва ўмовах яго падтрымкі ўплывовай часткай шляхты ВКЛ апошнія спробы састарэлага князя Свідрыгайлы атрымаць уладу у Вялікім княстве не прынеслі поспеху. Ён не меў ужо той рэальнай падтрымкі ўнутры- і знешнепалітычных сіл, якая б магла дазволіць завалодаць тронам, і шанцаў на гэта не заставалася ніякіх. Аднак не браць у разлік князя Свідрыгайлу ў сэнсе яго палітычнай вагі было нельга. Ён, хоць ужо не ў такой ступені, як раней, але меў яшчэ сваіх палітычных прыхільнікаў у ВКЛ і Польшчы, асабліва ж моцнымі былі яго пазіцыі ў Валыні.

Урад ВКЛ у імкненні ўзмацніць сваю ўладу дзейнічаў, дзе было магчыма, з дапамогай мірных спосабаў, дзе не – з дапамогай сілы. Паўстанні, якія падняліся супраць выбрання Вялікім князем Казіміра ў Жамойціі і Смаленску, былі задушаны, князь Міхаіл не змог рашуча выступіць супраць цэнтральнай улады, быў пазбаўлены сваіх зямель і збег да князя Мазовіі Баляслава. Агульныя прэтэнзіі ВКЛ і Мазовіі, якую падтрымлівала Польшча, на Дарагічынскую зямлю і частку Валыні (з горадам Ратна) прывялі нават да ваенных дзеянняў у 1442 і 1443 гг., дзе на баку Вялікага княства выступілі і татары. [61] Аднак неўзабаве між канфліктуючымі бакамі было заключана перамір’е.

У адносінах да князя Свідрыгайлы ўрад ВКЛ вырашыў дзейнічаць з дапамогай мірных перамоў. Князь і сам разумеў, што трону яму ўжо не здабыць, і таксама паспяшаўся вырашыць справу мірным шляхам, пакуль гэта яшчэ было магчыма зрабіць на карысных умовах. Згодна з дамовай, якая была заключана між ім і Вялікім князем, Свідрыгайла прызнаваўся князем Валынскім – васалам гаспадара ВКЛ – і атрымліваў Валынь у пажыццёвае валаданне, а таксама яшчэ і Гомель і Тураў. Акрамя гэтага, Свідрыгайла меў права да канца жыцця тытулаваць сябе намінальным тытулам “Вялікі князь” [62]. У адносінах да Кіеўшчыны праводзілася прыкладна такая ж палітыка. У 1441 г. было ўзноўлена васальнае Кіеўскае княства, на чале якога стаў князь Алелька Уладзіміравіч, які атрымаў таксама частку Пераяслаўшчыны і іншыя землі. Новы князь Кіеўскі быў уплывовай фігурай у ВКЛ, ён з’яўляўся сынам былога князя Кіеўскага Уладзіміра і зяцем Вялікага князя Маскоўскага, падтрымліваў Вялікага князя Жыгімонта, а пасля яго смерці – Казіміра.

Князь Свідрыгайла, які так і не здолеў ні вярнуць некалі страчаны ім трон Вялікага князя Літоўскага, ні ўтрымаць новастворанае Вялікае княства Рускае, быў вымушаны задаволіцца становішчам удзельнага князя Валынскага. Урад ВКЛ, узнавіўшы да пары Валынскае і Кіеўскае княствы, прызнаў сілу украінскіх феадалаў антыпольскай арыентацыі. Значная частка украінскіх земляў, такім чынам, атрымала аўтаномны статус. Выключэннем сталі Ноўгарад-Северская зямля і Пабужжа, якія былі непасрэдна ўключаны ў склад ВКЛ.

Наступныя дзесяць гадоў, якія прайшлі да яго смерці, Свідрыгайла заставаўся князем Валынскім. Сярод асноўных падзей, якія адбыліся за гэты час, трэба прыгадаць гібель у 1444 г. у бітве з туркамі пад Варнай Уладзіслава ІІІ, пасля чаго новым каралём Польшчы быў выбраны Казімір. Аб’яднанне тронаў Польшчы і ВКЛ у руках аднаго манарха зноў аднавіла вастрыню праблемы уніі між двюма дзяржавамі. Узнавілася супрацьстаянне прыхільнікаў прапольскай і незалежніцкай “партыі” у ВКЛ, прэтэнзіі палякаў на украінскія землі (Валынь і інш.), а Вялікага княтва – на Падолле, што ўваходзіла ў склад Польшчы. У 1448 і 1450 гг. Падолле было спустошана татарамі, якія дзейнічалі, па ўсёй бачнасці, пры падтрымцы ВКЛ, якое спадзявалася аслабіць польскі ўплыў у гэтым рэгіёне. [63]

Хроніка Вапоўскага распавядае пра тую барацьбу, што разгарнулася між ВКЛ і Польшчай за Валынь у 1451 г., калі стала вядома пра цяжкі стан здароўя князя Свідрыгайлы. [64] Палякі адправілі ліст да Казіміра з патрабаваннем далучыць пасля смерці Свідрыгайлы Валынь да Польшчы, а да старасты Луцкага Няміры быў адпраўлены шляхціч Мікалай з Панхова з патрабаваннем абавязацца перадаць Луцк палякам. У адказ урад ВКЛ адправіў у Валынь некалькі ўзброенных атрадаў на чале з князямі Юрыем Пінскім, Радзівілам Остыкавічам і Юркам. Сам жа князь Свідрыгайла разам з уплывовымі валынскімі панамі Нямірам, Міхаілам і Іванам Чартарыйскімі занялі дакладную пазіцыю падтрымкі ВКЛ. Стараста Няміра пад прысягай паабяцаў Свідрыгайле перадаць Валынь Вялікаму княству. Састарэлы князь Свідрыгайла памёр 10 лютага 1452 г. у Луцкім замку. Валынь засталася ў складзе ВКЛ. Гэта выклікала вельмі адмоўную рэакцыю ў Польшчы, гучалі нават заклікі брацца за зброю, асабліва з боку вялікіх ураднікаў, такіх, як кардынал Збігнеў Алясніцкі, але валынская партыя была палякамі праіграна.



Пасля смерці князя Свідрыгайлы ў 1452 г. Валынскае княства было ліквідавана і Валынь перайшла пад непасрэднае кіраванне вялікакняскага намесніка. Працягам цэнтралізатарскай палітыкі ўрада ВКЛ стала і ліквідацыя Кіеўскага княства ў 1470 г., пасля чаго аўтаномій на тэрыторыі Украіны не засталося. Аднак пытанне пра ступень уніі між ВКЛ і Польшчай і польскія прэтэнзіі на украінскія землі былі крайне вострымі праблемамі ў жыцці гэтых краін яшчэ не адно дзесяцігоддзе і нават стагоддзе. Супрацьстаянне прапольскай і антыпольскай, каталіцкай і праваслаўнай шляхецкіх груповак толькі працягвала ўзмацняцца, яскравым прыкладам чаго ў пачатку ХVІ ст. стане паўстанне князя Міхаіла Глінскага.
Пасля Вількамірскай бітвы 1435 г. пазіцыі князя Свідрыгайлы як Вялікага князя Рускага былі канчаткова падарваныя. Свідрыгайла прайграў сваім супернікам Вялікаму князю Жыгімонту і каралю Уладзіславу ІІІ як у дыпламатычнай, так і ва ўзброенай барацьбе. На працягу 1438 – 1439 гг. пад ударамі войска Жыгімонта Вялікае княства Рускае перастала існаваць. Апошнюю спробу завалодаць тронам ВКЛ Свідрыгайла зрабіў пасля забойства ў 1440 г. прыхільнымі яму ўдзельнікамі замовы Жыгімонта. Аднак гэтая спроба была няўдалай. Шляхта ВКЛ выбрала новым гаспадаром маладога Казіміра, які з’яўляўся кампрамісным варыянтам для прыхільнікаў антыпольскай і прапольскай палітычных арыентацый. Урад Казіміра праводзіў палітыку замірэння з Свідрыгайлам і прызнаў яго князем аўтаномнага Валынскага княства. Аднаўленне Валынскага і Кіеўскага княстваў стала саступкай урада Вялікага княства украінскім феадалам, што займалі антыпольскія пазіцыі. Пасля выбрання Казіміра каралём Польшчы супярэчнасці між Каронай і ВКЛ, у тым ліку, і ўзаемныя прэтэнзіі на украінскія землі зноў узнавіліся. У выніку цэнтралізатарскай палітыкі ВКЛ пасля смерці князя Свідрыгайлы ў 1452 г. Валынскае княства, а таксама ў 1470 г. Кіеўскае княства былі ліквідаваны. Пытанне пра ступень і характар уніі між Польшчай і ВКЛ, а таксама супрацьстаянне феадальных груповак прапольскай і антыпольскай, каталіцкай і праваслаўнай арыентацыі працягвалі абвастрацца.

Каталог: olderfiles
olderfiles -> Сармацкае кадзіла
olderfiles -> Выпускная работа па «Асновах інфармацыйных тэхналогій»
olderfiles -> Выпускная работа па «Асновах інфармацыйных тэхналогій»
olderfiles -> Інструктыўна-метадычнае пісьмо Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
olderfiles -> Табліца 6 вынікі паспяховасці па асобных прадметах
olderfiles -> Адзначце сказы, у якіх парушана лексічная спалучальнасць слоў
olderfiles -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Беларускі дзяржаўны універсітэт Гістарычны факультэт
olderfiles -> Ты жывеш у Беларусі Віктарына
olderfiles -> Беларускі дзяржаўны універсітэт курсавая работа па гісторыі заходніх І паўднёвых славян


Поделитесь с Вашими друзьями:
1   2   3   4




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал