Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь установа адукацыі “беларускі дзяржаўны універсітэт”


ГЛАВА 3. КАМАСАЦЫЯ СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРКІ І ЛІКВІДАЦЫЯ СЕРВІТУТАЎ У ПАЛЕСКІМ ВАЯВОДСТВЕ



старонка3/5
Дата канвертавання15.05.2016
Памер0.87 Mb.
1   2   3   4   5
ГЛАВА 3. КАМАСАЦЫЯ СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРКІ І ЛІКВІДАЦЫЯ СЕРВІТУТАЎ У ПАЛЕСКІМ ВАЯВОДСТВЕ
У плане правядзення аграрнай рэформы прадугледжвалася і ліквідацыя церазпалосіцы (камасацыя). Гэта азначала правядзенне масавай хутарызацыі сялянскіх гаспадарак. 31 ліпеня 1923 г. быў выдадзены закон аб камасацыі, але масава яна стала праводзіцца толькі з 1927 г. Для правядзення камасацыі ўлады падбіралі толькі вопытных і спрактыкаваных людзей, пераважна з былых афіцэраў. Для іх адкрываліся 6-месячныя курсы падрыхтоўкі землямераў [45, Арк. 3 адв]. Акрамя таго, матэрыяльна заахвочваўся ўдзел у правядзенні камасацыі мясцовых навучэнцаў дарожна-будаўнічых і іншых інжынерных школ [44, Арк. 1].

Сяляне павінны былі плаціць за камасацыю кожнага гектара зямлі ў залежнасці ад яе якасці ад 14 да 20 злотых, а таксама за складанне праектаў меліярацыі, утрыманне землеўпарадчыкаў, перанясенне дарог і г.д. Таму камасацыя першапачаткова праходзіла марудна. З мэтай паскарэння хутарызацыі 14 студзеня 1927 г. выдадзена сумеснае распараджэнне Міністэрства зямельных рэформ і Міністэрства фінансаў аб аказанні дапамогі сялянам, якія выходзілі на хутары. На 15-гадовы тэрмін выдаваўся крэдыт: 1200 злотых на перанос будынка і 600 злотых на меліярацыю [1, с. 9; 4, с. 168; 18, с. 401-402; 52, с. 28; 112, с. 91]. Як адзначалі ўрадавыя чыноўнікі, “правядзенне камасацыі было цяжкім з-за вялікіх абшараў зямлі з малай колькасцю паселішч, а таксама з-за крайняй беднасці мясцовага насельніцтва” [47, Арк. 12; 109, с. 40; 137, s. 5].

Перад правядзеннем камасацыі ўлады складалі падрабязны план работ па яе правядзенню, заключалі дамову з землемерам аб аплаце зробленых работ і гэтак далей [37, Арк. 10; 46, Арк. 22]. Памер аплаты за працу землемера залежаў ад якасці камасаванай зямлі, пры гэтым 75% аплаты атрымоўваў падкамісар Земскага камісарыята, 20% - камісар, 5% - сакратар камісарыята [40, Арк. 18; 46, Арк. 22].

Польскія ўлады стараліся правесці камасацыю мірна і нават дэмакратычна. Яны ставілі гэтае пытанне на сялянскім сходзе, і калі большая палова сялян выказвалася супраць, то на гэтых умовах камасацыя не праводзілася. Улады мянялі ўмовы, але не намер правесці камасацыю.

Польскі ўрад усяляк заахвочваў намер сялян перасяліцца на хутары, у тым ліку і матэрыяльна. Яны маглі зменшыць і нават навогуле зняць плату за правядзенне работ па камасацыі. 30 студзеня 1935 г. 12 сялян в. Глінна Адрыжынскай гміны Драгічынскага павета падалі заяву на імя міністра сельскай гаспадаркі і зямельных рэформ, дзе прасілі зняць з іх плату за хутарызацыю ў сувязі з іх нізкім матэрыльным становішчам. У сваёй заяве сяляне звярталі ўвагу на тое, што яны “самае беднае насельніцтва ў акрузе, часта церпяць ад паводак Каралеўскага канала і ракі Піна” [83, с. 111].

15 лютага 1937 г. сяляне вёскі Кашавічы Жабчыцкай гміны Пінскага павета звярнуліся ў Зямельны камісарыят з просьбай пазбавіць іх ад платы за правядзенне камасацыі, бо яны не маглі яе аплаціць (60% сялян мелі надзел менш 6 га, а якасць зямлі была самай нізкай у Жабчыцкай гміне). З 90 хутарызаваных гаспадарак 60 былі новастворанымі [8, с. 417].

КАМАСАЦЫЯ СЯЛЯНСКІХ ГАСПАДАРАК ПАЛЕСКАГА ВАЯВОДСТВА (1918-1936 гг.)

[101, c. 164; Дадатак 22]



колькасць пераселеных вёсак

колькасць гаспадарак, выйшаўшых на хутары

плошча зямлі (га), падзеленай на вотрубы

384

54883

500840

Камасацыя ішла вельмі марудна, з вялікімі цяжкасцямі. Так, па планах хутарызацыі ў Палескім ваяводстве ў 1934-1935 гг. выдзелена 25 410 надзелаў з плошчай зямлі ў 226 048 га, на 1936-1937 гг. - адпаведна 29 790 надзелаў, 247 830 га, на 1937-1938 гг. - 30 056 і 249 754, на 1938-1939 - 33 224 і 262 667 га. Усяго за 1934-1939 гг. пад хутары было выдзелена 118 480 надзелаў з агульнай плошчай 986 299 га. Аднак, нягледзячы на такія высокія тэмпы выдзялення хутароў, фактычная рэалізацыя была даволі нізкай. За гэты перыяд выканана 89% плана мяркуемых работ, а пераселена на хутары і таго менш – каля 75-78% гаспадарак [27, с. 18; 81, с. 105].

Праводзячы камасацыю, улады абяцалі беднякам павялічыць іх надзелы, аднак гэтыя абяцанні часта ў жыццё не праводзіліся. На 37 080 скамасаваных гаспадарак Палескага ваяводства прыходзілася 13 758 сялянскіх двароў з плошчай надзелаў да 5 га, якія, безумоўна, мелі вострую неабходнасць у павелічэнні сваіх надзелаў. Але толькі 320 (2,3%) з іх атрымалі невялікую колькасць дадатковай зямлі [96, с. 39].

Пры правядзенні хутарызацыі польскія ўлады даволі часта не змаглі ўлічыць элементарныя правілы планіроўкі, разбіўкі на хутары. У асноўным незадаволенасць сялян выклікала тое, што яны атрымоўвалі хутары далёка ад вёсак і глеба не была аднолькавай. Вельмі часта ў сваіх скаргах яны ўказвалі на непрыгоднасць зямлі для карыстання. Так, Ян Андросік быў незадаволены тым, што ён атрымаў зямлю з кустоўем, а лугі аж за 8 км. Дземід Андросік скардзіўся на вельмі высокі кошт лугу, а таксама на вялікую адлегласць ад лугоў ва ўрочышчы “Асоўск”. Аднак усе гэтыя скаргі засталіся без вырашэння. У пісьме-адказе было толькі адзначана, што трэба працаваць, а не пісаць скаргі.

Незадаволенасць хутаран выклікалі і тыя абставіны, што для хутарызацыі не былі прадугледжаны надзелы, якія належалі вёскам. У сваіх скаргах хутаране вёскі Забалаць Ян Драгун, Марыя Ануфрыюк і іншыя (усяго 20 подпісаў) прапаноўваюць выкарыстоўваць 250 дзесяцін зямлі, якія належалі жыхарам вёскі Забалаць. Вялікай праблемай было і выдзяленне хутароў. Вельмі часта хутар размяшчаўся так, што селянін не мог дабрацца да сваёй зямлі. Так, Марыя Карпава не магла дабрацца да свайго выпасу, Дзяміду Андросіку быў выдзелены 1 га выгану, але ў трох частках, якія знаходзіліся далёка адна ад другой, і да двух з іх не было падыходаў [27, с. 17-18].

Актыўнае супраціўленне паспяховаму правядзенню камасацыі аказвалі леварадыкальныя элементы. Польскія ўлады бачылі асноўную прычыну актыўнай сялянскай барацьбы менавіта ў гэтым - як пісаў у сваім данясенні палескаму ваяводзе столінскі павятовы стараста, камасацыя не магла даць патрабуемых вынікаў па прычыне “неразумення сутнасці палітыкі хутарызацыі і з-за ўплыва некаторых мясцовых крыкуноў (вёска Рудня Высоцкай гміны Столінскага павета)” [8, с. 481].

Выступаючы пад уплывам мясцовых ячэек КПЗБ супраць правядзення камасацыі, сяляне праганялі ўрадавых чыноўнікаў і землямераў, знішчалі іх інструменты, цэлымі вёскамі ўступалі ў барацьбу з паліцыяй. Акрамя таго, паспяховаму правядзенню польскімі ўладамі камасацыі на тэрыторыі тагачаснага Палескага ваяводства перашкаджала дзейнасць некаторых леварадыкальна настроеных паслоў Сейма. Напрыклад, пасол Грэцкі Іван, даведаўшыся аб плануемым правядзенні камасацыі, распачаў моцную акцыю супраць яе ў вёсцы Альшаніца Косаўскага павета асабіста і пры дапамозе мясцовай ячэйкі КПЗБ.

13 чэрвеня 1930 г. па выкананні распараджэння акруговай земскай управы ў Брэсце павятовая земская ўправа ў Косаве прыступіла да правядзення абмеру зямель в. Альшаніца ў сувязі з узбуйненнем зямельных надзелаў, аднак у выніку падбухторвання сяляне не дапусцілі землямера да правядзення работ.

Пасля таго як паліцыя разагнала сабраўшыхся сялян і павятовы стараста асабіста растлумачыў сялянам дакладны змест палітыкі камасацыі сяляне супакоіліся і нават 16 чэрвеня прыслалі рабочых для правядзення землямерных работ [32, Арк. 19].

23 ліпеня 1931 г. сяляне вёскі Лучына Камень-Кашырскага павета, колькасцю каля 1000 чалавек, узброеныя сякерамі і кіямі, кінуліся на прыбыўшых землемераў і прагналі іх са сваіх палей. Калі ж прыбыла паліцыя і пачала праводзіць арышты, сяляне накінуліся на іх і вызвалілі арыштаваных [63, с. 137-138].

На працягу 1936-1938 гг. сяляне вёскі Падлессе Чарнаўчыцкай гміны Брэсцкага павета аказвалі супраціўленне дзяржаўным землемерам. У 1936 г. на сходзе, сабраным уладамі па гэтаму пытанню, большасць жыхароў вёскі прагаласавала супраць камасацыі (80 “супраць”, 50 “за”) і дэманстратыўна зыйшла з сходу, незадаволеныя нізкай якасцю зямлі – 2/3 складалі пяскі. У маі 1938 г. яны зноў выказаліся супраць яе. Як пісаў камендант паліцыі павятоваму старасце, актывісты з ліку сельскай беднаты праводзілі агітацыю сярод мясцовага насельніцтва супраць правядзення камасацыі. А калі землемер у суправаджэнні двух паліцыянтаў пачаў землемерную работу, то каля 150 сялян аказалі яму рашучае супраціўленне і не дазволілі правесці вымярэнні. Выступленне ўзначальваў селянін гэтай вёскі Аляксей Шлык. Актыўна ўдзельнічалі ў выступленні жанчыны. На наступны дзень для “заспакаення” хваляванняў ў вёску Падлессе ўлады накіравалі ўзвод паліцыі [94, с. 304].

У часе правядзення работ па разбіўцы на хутары зямель вёскі Бузькі, Кобрынскі павет, летам 1932 г. на ўчастку Бузькі-Янопаль сабралася каля 20 сялян з мэтай не дапусціць землемера Вальдэмара Круповіча да правядзення работ. Сяляне паўсталі на дарозе і не пускалі рабочых, а пасля адабралі ў іх інструменты. Пад час здарэння землемер Круповіч і яго сястра Зося, занятая ў якасці памочніка, былі пабіты сялянамі. Пад час гэтага здарэння Круповіч некалькі разоў стрэліў з рэвальвера. Толькі пасля прыбыцця ў вёску паліцыі землемер здолеў працягнуць сваю работу. Паліцыя арыштавала 3 завадатараў выступлення [15, с. 39-40].

Навогул прафесія землямера станавілася небяспечнай для жыцця: як паведамляў столінскі павятовы стараста палескаму ваяводзе “... ў вёсцы Нечатава Плотніцкай гміны Столінскага павета псіхічна ненармальны селянін збіў землемера-выканаўцу работ па хутарызацыі з-за нанесенай яму пад час правядзення хутарызацыі крыўды” [8, с. 472].

Камасацыя была прагрэсіўнай з`явай - садзейнічала ліквідацыі церазпалосіцы. Правядзенне хутарызацыі ўскладнялася цяжкім матэрыяльным становішчам. Абсалютная большасць кандыдатаў на перасяленне была неплацежаздольнай, таму што не мела дастаткова фінансавых сродкаў для перасялення. У адказ на гэта ўрад прапанаваў крэдыты, але яны не змаглі выправіць сітуацыю карэнным чынам да лепшага. Нават польскія эканамісты таго часу прызнавалі, што для вядзення нармальнай гаспадаркі і выплаты працэнтаў па крэдыту, неабходна выдзяляць на хутар па 15-25 га зямлі, а выдзялялася па 4-8 га на сям`ю. Больш малазямельнаму або беззямельнаму гаспадару не пад сілу апрацаваць, бо ў яго не было сродкаў для апрацоўкі (коней, валоў).

Асабліва востра стаяла пытанне аб меліярацыі, бо - як ужо адзначалася вышэй - 40% тэрыторыі Палескага ваяводства было забагнена, таму работы па правядзенню меліярацыі сталі састаўной складаючай часткай правядзення камасацыі. Пашыраючы зямельную плошчу шляхам меліярацыі, польскія ўлады не перадавалі новыя сялянам, а адводзілі іх пад асады.

Яшчэ ў 1928 г. спецыяльная камісія Лігі Нацый наведала Палессе і напісала спецыяльны даклад ураду Польшчы і кіраўніцтву Лігі Нацый, паводле якога асушэнне палескіх балот на тэрыторыі амаль 15 тыс км2 магло стаць самым рэнтабельным мерапрыемствам у Еўропе. Як пісаў эканаміст С. Рухлоўскі: “толькі пры асушэнні палескіх лугоў можна было атрымаць ў Заходняй Беларусі прыбытку на 29 млн. злотых у год” [60, с. 39]. Ствараўся дзяржаўны праект асушэння балот прыпяцкага Палесся тэрмінам на 4 гады, на гэта выдзялялася 5 млн злотых, алё ўсё гэта так і засталося толькі на паперы - за 20 гадоў польскага кіравання было асушана ў Палескім ваяводстве толькі каля 300 гектар балот [11, с. 86; 85, с. 252; 88, с. 135; Дадатак 23].

У Кобрынскім павеце ў маёнтку памешчыка Банкоўскага існавала вялікая багна. У 1932 г. ад меліяратыўнай камісіі прыйшло прадпісанне сялянам навакольных вёсак Палятычы і Апорысава выйсці на шарварак па асушэнню багны. Сяляне пад уплывам мясцовых камуністаў адмовіліся і заявілі, што калі памешчык і ўрад жадаюць асушыць багну, дык няхай самі і працуюць. Да іх далучыліся сяляне вёскі Мар`яны і ўсе тры вёскі выбралі агульны пад кіраўніцтвам мясцовай ячэйкі КПЗБ антышарварачны камітэт для кіраўніцтва выступленнем [63, с. 139; 94, с. 163].

У 1921 г. болей паловы сялян Палескага ваяводства карысталася сумеснымі зямельнымі ўладаннямі (сервітутамі), агульная плошча якіх складала каля 438 тысяч гектараў (каля 15% усёй сялянскай зямлі). Юрыдычна ні адзін, ні другі бок без узаемнага дагавору не мог прадаць сервітутны ўчастак.

НАЯЎНАСЦЬ СЕРВІТУТАЎ У ПАЛЕСКІМ ВАЯВОДСТВЕ (ПА ПЕРАПІСУ 1921 г.) [101, с. 87]



маёнткаў з сервітутамі

колькасць сялянскіх двароў, якія карысталіся сервітутамі

ляснымі

пастбішча

лясы і пастбішчы

іншыя

усяго

148

2895

14995

4089

28

22007

Былы міністр аграрных рэформ У. Станевіч пісаў, што сервітуты на Палессі “часам складаюць большую частку сялянскіх надзелаў, дзе ворныя землі з`яўляюцца толькі некаторым дадаткам да іх сядзіб” [101, с. 88].

СЯЛЯНСКІЯ СЕРВІТУТЫ Ў ПАЛЕСКІМ ВАЯВОДСТВЕ [101, с. 86]



лясныя

выганы і пастбішча

лясы і пастбішча

іншыя

13,2%

68,1%

18,6%

0,1%

У плане рэформы (на аснове законаў, прынятых Сеймам 7 мая 1920 г. і 10 студзеня 1922 г.) была прадугледжана ліквідацыя сервітутаў, як дабравольным, так і прымусовым шляхам - зразумела, на карысць памешчыкаў. Таму ліквідацыя сервітутаў мела для сялян цяжкія наступствы - 75% сервітутных зямель перайшло ва ўласнасць памешчыкаў і асаднікаў. Ліквідацыя сервітутаў праходзіла галоўным чынам у прымусовым парадку [39, Арк. 12; 103, с. 42].

Сяляне пазбаўляліся адвечнага права карыстацца агульнымі пастбішчамі, выганамі, збіраць у лесе грыбы і ягады і г. д. За збор грыбоў, ягад, нават за мох патрэбна было плаціць па 2-3 і болей злотых. Калі ж ляснік лавіў селяніна ў лесе і той не меў талона, то за гэта бралі вялікі штраф, а самога селяніна жорстка збівалі.

ЛІКВІДАЦЫЯ СЕРВІТУТАЎ У ПАЛЕСКІМ ВАЯВОДСТВЕ

(1919-1936 гг.) [101, c. 163]



колькасць ліквідаваных сервітутаў

колькасць сялянскіх гаспадарак

выдзелена ўзамен сервітутаў зямлі, га

441

43113

110624

У барацьбе за свае правы сяляне выкарыстоўвалі як легальныя, так і нелегальныя сродкі барацьбы: суд, Сойм, левыя газеты, а калі гэта не дапамагала, то выкарыстоўваліся нелегальныя сродкі барацьбы: супраціўленне правядзенню ліквідацыі сервітутаў, непрызнанне вынікаў праведзенага зямельнага размеркавання, незаконны выпас жывёлы на землях памешчыкаў, самавольная вырубка лесу і гэтак далей. Яшчэ болей грозныя масштабы набыла барацьба сялян супраць памешчыкаў і асаднікаў у форме падпалу іх маёнткаў і хутароў. Падпалы прыносілі памешчыкам, асаднікам і буржуазіі, а таксама польскай дзяржаве, найбольшы матэрыяльны ўрон.

Спачатку ўзнікалі судовыя працэсы, якія ініцыявалі сяляне супраць сваіх памешчыкаў, патрабуючы поўную перадачу сервітутаў на сваю ўласнасць. Гэтыя працэсы працягваліся па некалькі гадоў. Калі памешчык дабіваўся ва ўлад рашэння аб падзеле сервітута, незадаволеныя сяляне звярталіся ў суд - выбіралі дэлегацыі абараняць іх правы, збіралі грошы, наймалі адвакатаў, але суды, часцей за ўсё, выносілі рашэнне на карысць памешчыка, спасылаючыся на юрыдычнае права ўласнасці паноў на гэтыя землі, існаваўшыя з даўніх часоў і захаваныя пры адмене прыгоннага права. На такія рашэнні сяляне Палескага ваяводства звычайна спрабавалі падаваць апеляцыі, але і яны ў пераважнай большасці адхіляліся [90, с. 293].

Пакуль ішло судовае разгляданне справы, сяляне паўсюдна карысталіся севітутамі, нягледзячы на забарону памешчыкаў. Яны часта аказвалі прамое супраціўленне уладам, калі тыя спрабавалі правесці размежаванне сервітутных зямель, пасля таго як суд вынес рашэнне на карысць памешчыка. Барацьба нярэдка прадаўжалася і пасля ліквідацыі сервітутаў, сяляне працягвалі ім карыстацца, нягледзячы ні на што, праганялі адміністрацыю маёнткаў, спрабаваўшую ім перашкодзіць. Памешчыкі вымушаны былі вызываць паліцыю, каб справіцца з сялянамі.

Сяляне вёскі Загор`е Кобрынскага павета на працягу доўгага перыяду дарэмна дабіваліся праз суд прызнання іх правоў на сервітут. Суд вынес рашэнне на карысць памешчыка. Войт патрабаваў ад сялян, каб яны пакарыліся судоваму рашэнню і спыніць далейшае карыстанне сервітутам. У сувязі з гэтым кобрынскі павятовы стараста паведамляў у ваеводскую ўправу, што “сельская грамада вёскі Загор`е катэгарычна і рашуча адмаўляецца падпарадкавацца, заяўляючы, што і надалей будзе пасвіць жывёлу на лугах, бо яны належаць вышэйазначанай вёсцы” [94, с. 158].

У інтэрпеляцыі беларускіх паслоў у Сойм у сувязі з прыгнётам сялян асаднікамі адзначалася: “Асаднік, капітан Стылінскі, захапіў сервітутны луг, які належаў сялянам вёскі Квясевічы Косаўскага павету. Пагражаючы зброяй, асаднік не пускае сялян пасці жывёлу на сервітутнай зямлі“ [60, с. 84].

Жыхары вёсак Пучыны Пінскага павета, Кабыльнікі і Кастамолаты Брэсцкага павета і некаторых іншых на працягу некалькіх гадоў не прызнавалі праведзенай уладамі разбіўкі палёў на водрубы, знішчалі межавыя знакі, жылі ў вёсцы і працягвалі апрацоўваць ранейшыя надзелы [101, с. 99; 119, с. 31].

Трэба адзначыць, што здараліся выпадкі, калі выступленні сялян арганізоўвалі і ўзначальвалі прадстаўнікі мясцовай вясковай адміністрацыі. Так, напрыклад, 13 студзеня 1923 г. солтыс Сіманюк сабраў каля 50 жыхароў вёсак Аннапаскі, Ямніца і Хмелішча Олтушскай гміны Брэсцкага павета і прызваў іх пайсці ў лес, што з даўніх часоў належаў сялянам, каб прагнаць адтуль інжынера Май-Мескулава, які быў прысланы раздзяліць гэты лес паміж сялянамі і памешчыкамі. За солтысам у лес пайшлі 35 сялян, яны сустрэлі там каменданта олтушскай паліцыі Хамяка, інжынера Май-Мескулава і рабочых, якія пілавалі і вывозілі драўніну. На пытанне каменданта: “Што вам патрэбна?” сяляне заявілі, што як і іх бацькі, дзяды і прадзяды, лічаць увесь гэты лес сваёй уласнасцю і не дазволяць яго пілаваць. Рабочыя, салідарныя з сялянамі, кінулі працаваць і пайшлі дадому. І пасля гэтага, камендант не пераставаў угаворваць сялян, даказваючы “законныя” правы памешчыка на гэты лес, але сяляне выгналі яго з лесу разам з памешчыкам [95, с. 70; 101, с. 191].

У цыркуляры столінскаму старосце палескі ваявода Станіслаў Юзаф Даўнаровіч 26 мая 1924 г. пісаў, што “у апошні час у міністэрства ўнутраных спраў паступіла скарга дэлегацыі Палескага саюза памешчыкаў аб павялічыўшыхся, нібыта, выпадках масавай вырубкі лясоў і выкасу сенакосаў мясцовымі сялянамі на тэрыторыі некаторых паветаў” [95, с. 69-70].

У чэрвені 1924 года ваеныя асаднікі ў маёнтку Планя Свята-Вольскай гміны Косаўскага павета данеслі ўладам пра тое, што сяляне пасуць жывёлу на іх лугах. На даследаванне скаргі ў вёску Планя тэрмінова прыбыла паліцыя. Сяляне кінуліся на паліцыянтаў з сякерамі, спрабуючы іх абяззброіць. У выніку гэтага паранены адзін паліцэйскі. Сяляне, аказаўшыя супраціўленне паліцыі, потым былі арыштаваны і аддадзены пад суд [95, с. 70-71].

Калі леснікі маёнтка Прывітоўка Пінскага павету ў ліпені 1927 г. пабілі пастуха Васіля Сакаловіча, які пас сялянскіх коней на памешчыцкім лузе, сяляне вёскі Прывітоўка двойчы ўрываліся ў маёнтак, каб расправіцца з прыгнятальнікамі [95, с. 147].

27 верасня 1927 г. селянін вёскі Сашыца Сялецкай воласці Пружанскага павета пісаў у газеце “Сельская ніва”: “Последние дни в деревне проводится ликвидация сервитутов во главе с помещиком-паном Редиком. Эта “ликвидация”, как её называют, имеет в виду отобрать от крестьян их собственные земли и передать помещикам” [60, с. 37].

У 30 верасня 1929 г. сяляне вёсак Осаўцы і Пляхаўшчына Пружанскага павета, узброеныя сякерамі і кіямі, прагналі землемера і суправаджаючых яго 3 паліцэйскіх, якія адводзілі сервітутныя землі памешчыку. 2 кастрычніка ён прыбыў разам з 4 паліцэйскімі, але каля 200 сялян прагналі іх ізноў. 4 кастрычніка ў суседні маёнтак Сялец быў накіраваны паліцэйскі атрад ў складзе болей чым 30 чалавек, узброенымі вінтоўкамі і 2 ручнымі кулямётамі. Яго ўзначальвалі стараста павета і намеснік павятовага земскага камісара. Толькі такім чынам уладам удалося правесці тут зямельнае размежаванне [94, с. 100-101; 96, с. 139; 119, с. 31].

Вясною 1931 г. супраць перадачы маёнтку Булькава сервітутных лугоў выступілі жыхары вёскі Ракітніца Кобрынскага павета. Сабраўшыяся сяляне ў колькасці 200 чалавек, прагналі прадстаўнікоў праваахоўчых органаў.

Трохі пазней адбыліся наступныя падзеі. Калі сялянская жывёла зайшла на сервітутны луг, памешчык з трыма паліцэйскімі захапілі кароў, а пастухоў – дзяцей і падлеткаў - жорстка збілі. На крыкі дзяцей з вёскі прыбеглі сяляне, узброеныя кіямі, косамі, сякерамі. Камендант паліцэйскага ўчастка выхапіў рэвальвер і паспрабаваў стрэліць у натоўп, але атрымалася асечка. Памешчык кінуў яму свой рэвальвер, але сяляне перахапілі яго, а потым абяззброілі паліцэйскіх.

На наступны дзень у Ракітніцу прыбыў карны атрад у 45 паліцыянтаў, якія правялі тут крывавую пацыфікацыю. Такія ж выступленні назіраліся у вёсках Юндзілавічы і Здзітава Косаўскага павета, у шэрагу вёсак Лышчыцкай і Дамачаўскай гмін Брэстскага павета і гэтак далей [63, с. 141; 94, с. 158; 96, с. 139, 142, 143].

Здаралася так, што сяляне наўмысна парушалі існуючыя здаўна законы, а таксама правы памешчыкаў, патрабуючы поўную перадачу сервітутаў на сваю карысць. У Высокаўскай гміне Брэсцкага павета восенню 1931 г. і зімою 1932 г. сяляне цэлымі вёскамі выязжалі рубіць памешчыцкі лес і вывозілі яго для сваіх патрэб. Сяляне вёскі Ліпнішкі Вішнеўскай гміны аказалі супраціўленне леснікам, што не давалі рубіць лес, і абяззброілі іх.

Калі ўладальнік маёнтка Багданаўка Лунінецкага павета прадаў частку зямель, якімі сяляне карысталіся як сервітутам. сяляне выступілі супраць пакупнікоў і не дапусцілі выкарчоўкі лесу. Толькі з дапамогаю паліцыі іх прымусілі адступіць.

У вёсцы Ганна Брэсцкага павета памешчык вырашыў вырубіць лес на ўчастку, дзе быў сервітут, але сяляне, даведаўшыся аб гэтым, вырубілі яго самі. Памешчык вызваў паліцыю. Сяляне аказалі супраціўленне, вывезлі лес і адмовіліся плаціць за яго ў казну. Гэтае выступленне адбылося пад уплывам мясцовай ячэйкі КПЗБ, якая стварыла камітэт для кіраўніцтва выступленнем [94, с. 157-158].

У пачатку 1932 г. толькі ў Пінскім павеце мела месца 11 выпадкаў сутыкненняў сялян з памешчыкамі. У 1933 г. доўга і актыўна змагаліся супраць спроб ліквідацыі сервітута жыхары вёскі Любча Лунінецкага павета [95, с. 171].

23 чэрвеня 1932 г. 3 леснікоў маёнтка Арэхава-Галоўнае Олтушскай гміны Брэсцкага павета, што належаў Віленскаму зямельнаму банку, прыйшлі на лугі, якія належалі маёнтку з мэтай праверкі ці не было выпадкаў самавольнага кашэння сена.

Болей 100 сялян касілі самавольна сена на лугах маёнтка. Леснікі склалі спіс віноўнікаў. У адказ сяляне заявілі нібыта купілі луг у мясцовага святара праваслаўнай царквы Лукашыка Георгія з вёскі Арэхава у 1932 г. На прад`яўленых дагаворах адсутнічала гербавая марка і яны былі прызнаны несапраўднымі [8, с. 179; 94, с. 158].

Пінскі павятовы стараста пісаў у справаздачы ў ваяводскую ўправу (1932 г.) аб тым, што ў маёнтках Бродніца-Юдмавічы, Малая Платніца, Жалкін, Хойна, Велятычы, Почапава, дзе былі сервітуты, паміж сялянамі і памешчыкамі часта ўзнікаюць вострыя канфлікты, якія прыводзяць да прамых сутыкненняў з адміністрацыяй, і што насельніцтва навогул вельмі варожа адносіцца да памешчыкаў і ўлады [94, с. 157].

Вельмі часта здаралася так, што сяляне наўмысна пускалі сваю жывёлу на палі памешчыка з мэтай нанесці яму “шкоду”. Таму Сеймам быў прыняты Закон ад 31 ліпеня 1934 г., які пастанаўляў, што гаспадар зямлі мае права забраць чужую жывёлу, нанесшую яму патраву, і патрабаваць з гаспадара жывёлы аплаты нанесенага ўрону і кошту корма жывёлы [63, с. 122, 142].

Галоўным арганізатарам і кіраўніком барацьбы сялян Палескага ваяводства супраць польскіх улад і памешчыкаў была КПЗБ. Як паведамляў друкаваны орган КПЗБ “Чырвоны сцяг” (№ 1, 1933 г.), ячэйка КПЗБ вёскі Баравікі Кобрынскага павета “разгарнула барацьбу за вадзяны сервітут”. Пад кіраўніцтвам мясцовых камуністаў 45 сялян вёскі пайшлі на раку і прагналі 3 заможных сялян, якія захапілі для сябе ўсю лоўлю рыбы на рацэ і арганізавалі лоўлю рыбы для ўсіх сялян “камунай”. Выступленне сялян было падаўлена паліцыяй [16, с. 66; 77, с. 156-158].

У пачатку студзеня 1933 г. у вёску Хорава Пружанскага павета прыехаў землямер, каб правесці абмер сервітутных зямель, якімі карысталіся сяляне, для перадачы іх памешчыкам. Па закліку члена КПЗБ Сцяпана Самайловіча сяляне адзінадушна вырашылі не аддаваць сваіх зямель і далучыцца да бастуючых рабочых лясных промыслаў [87, с. 106; 107, с. 197].



1   2   3   4   5


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка