Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь установа адукацыі “гомельскі дзяржаўны універсітэт імя францыска скарыны”



старонка13/16
Дата канвертавання15.05.2016
Памер2.8 Mb.
1   ...   8   9   10   11   12   13   14   15   16

Актыўна выкарыстоўваецца пры анаматапеі лексіка, утвораная ад гукапераймальных слоў. Гэта найчасцей дзеясловы: У тартаку вішчыць піла; Куваюць у лясах зязюлі; Зноў кукуе зязюля ў бары; Можна ў шэрае зязюлі Навучыцца кукаваць; Я памру, ды не буду па-іхняму каркаць, зрэдку назоўнікі: Ці кукаванне мілае суседкі [Я. Янішчыц]; прыметнікі: У зажураным садзе П′юць сінічкі гарбату, Звоняць лыжачкі У ценькія сценкі шклянак [Р.Барадулін], могуць спалучацца розныя часціны мовы : І грымнуў гром грымучы тры разы, І тры слязы, як тры агні, упалі [В.Шніп]; Вы чуеце: гуркоча ў небе гром [Я. Янішчыц].



Пытанні і заданні:


18.Назавіце асноўныя дэструктыўныя фігуры. На чым яны заснаваны?

19.У якіх фігурах парушаецца правільная сінтаксічная сувязь слоў у сказе і з якой мэтай?

20.Чым адрозніваюцца анакалуф і анаподатан?

21.Як суадносяцца паміж сабою гіпербатон і гістэрапратэрон?

22.Чаму зеўгма адносіцца да дэструктыўных фігур? Назавіце віды зеўгмы.

23.Укажыце экспрэсіўную ролю інверсіі, назавіце яе віды.

24. У чым адметнасць і выяўленчая роля парцэляцыі?

25. На чым засноўваецца парэнтэза? Якую ролю яна адыгрывае?

26.Як суадносяцца парцэляцыя і сегментацыя?

27.Чаму хіязм адносіцца да фігур размяшчэння і перастаноўкі?

28.Якую ролю выконвае эпіфраз?

29.Што аб’ядноўвае фігуры ўбаўлення? Назавіце іх.

30.Чаму апасіяпезу называюць умаўчаннем? Як выдзяляецца апасіяпеза ў вусным і пісьмовым маўленні?

31.Як суадносяцца апасіяпеза і эліпсіс?

32.Як ствараецца асіндэтон і якая яго роля ў маўленні?

33.Што выражае рытарычны вокліч? Як ён афармляецца ў вусным і пісьмовым маўленні?

34.Як суадносяцца рытарычны вокліч і адмірацыя?

35.Што такое рытарычны зварот? Якая яго роля?

36.У чым сувязь рытарычнага звароту і апастрофы?

37.У чым экспрэсіўнасць рытарычнага пытання?

39.На чым заснаваны дыскрэтныя фігуры? Назавіце іх.

39.Якія дыскрэтныя фігуры адносяцца да графічных? У чым іх сутнасць?

40.Што такое акраверш? Назавіце яго віды.

41.У чым сутнасць лагагрыфа? Чаму яго называюць паранімічнай фігурай?

42.У чым адметнасць паліндрому?

43.Назавіце гукавыя дыскрэтныя фігуры.

44.Дайце азначэнне алітэрацыі, назавіце яе віды, экспрэсіўную ролю.

45.Што такое асананс? З якой мэтай ён выкарыстоўваецца? Якія гукі часцей за ўсё асануюцца?

46.Як суадносяцца анаматапея і гукаперайманнне? Якая іх стылістычная роля?

47.Што такое гукапіс? Якімі сродкамі ён ствараецца?


Літаратура:

1. Арутюнова, Н.Д. Языковая метафора / Лингвистика и поэтика. – М., 1979.

2.Бахтин, М. Эстетика словесного творчества / М. Бахтин. – М., 1979.

3. Безменова, Н.А. Теория и практика риторики массовой коммуникации / Н.А. Безменова. – М., 1989.

4. Граудина, Л.К. Русская риторика / Л.К. Граудина, Г. И. Кочеткова. – М.: Центрполиграф, 2001. – 668 с.

5.Дюбуа, Жак. Общая риторика / Ж. Дюбуа, Ф. Эделин, Ж.-М. Клинкенберг и др. Пер. с франц. Е.Э. Разлоговой. Б.п. Нарумова / Общ. ред. и вступ. статья А.К. Авеличева – М.: Прогресс, 1986. – 391 с.

6.Зеленецкий К.П. Исследования по риторике. – М., 1991.

7. Капацинская, Е.В. Определение выразительности и способы ее усиления. // Проблемы экспрессивной лингвистики. Отв. ред. Т.Г.Хазагеров. --Ростов н/Д :Изд.-во Ростовского университета, 1987. С. 24-29.

8. Клюев, Е.В. Риторика (Инвенция. Диспозиция. Элокуция): Учебное пособие для вузов / Е.В. Клюев – М.: «Изд.-во ПРИОР», 1999. – 272 с.

9. Кожина, Н.М. О языковой и речевой экспрессии и её экстралингвистическом обосновании // Проблемы экспрессивной лигвистики. Отв. ред. Т.Г.Хазагеров. – Ростов-на-Дону: Изд-во Ростовского университета, 1987. – С.8-17.

10.Кошанский Н. Общая риторика / Н. Кошанский. – Санкт-Петербург, 1830.

11.Леммерман, Хайнц. Уроки риторики и дебатов: Пер. с нем. / Хайнц Леммерман. – М.: ООО «Изд.-во «Уникум Пресс», 2002. – 336 с.

12.Михальская, А.К. Основы риторики: Мысль и слово / А.К. Михальская – М.: “Просвещение”, 1996 – 416 с..

13. Одинцов, В.В. Стилистика текста. Отв. ред. А.И. Горшков /. – М.: Изд.-во “Наука”, 1980. -- 262 с.

14. Стернин, И.А. Семантическая основа экспрессивного словоупотребления. // Проблемы экспрессивной лингвистики. Отв. ред. Т.Г.Хазагеров. -- Ростов н/Д :Изд.-во Ростовского университета, 1987. С.133-137.

15. Хазагеров, Т.Г. Экспрессивная стилистика и методика анализа художественных текстов.// Проблемы экспрессивной стилистики. Сборник. Под ред. Т.Г.Хазагерова. Вып.2. -- Ростов н/Д.: Изд.-во Ростовского университета, 1992. С. 19-26.

16. Харченко, В.К. Разграничение оценочности, образности, экспрессивности и эмоциональности в семантике слова. // Русский язык в школе, 1976, №3.

17. Шаховский, В.И. Ономасиологический и семасиологический аспекты экпрессивности // Проблемы экспрессивной лигвистики. Отв. ред. Т.Г.Хазагеров. – Ростов-на-Дону: Изд-во Ростовского университета, 1987. – С.40-47.

Лекцыя № 14

МЕМОРЫЯ.

ПРЫЁМЫ РАЗВІЦЦЯ ПАМЯЦІ І ЗАПАМІНАННЯ ІНФАРМАЦЫІ

План

  1. Меморыя як раздзел рыторыкі і прадмет яе вывучэння.

  2. Паняцце памяці, віды памяці, раздзелы памяці.

  3. Механізм запамінання. Практыкаванні па развіцці памяці.

  4. Прыёмы запамінання інфармацыі.

  5. Прыёмы развіцця памяці.




  1. Меморыя як раздзел рыторыкі і прадмет яе вывучэння.

Меморыя (лац. memoria “памяць”) – адзін з этапаў падрыхтоўкі да выступлення, які ўключае прыёмы запамінання тэксту прамовы. Меморыя засноўваецца на вучэнні аб развіцці прафесійнай памяці аратара. Яна знаёміць з прыёмамі трэніроўкі памяці і развіцця пэўнай мнематэхнікі. “Памяць – скарбніца красамоўства,” – пісаў Квінтыліян. Кожны, хто жадае стаць аратарам, павінен трэніраваць сваю памяць.

Памяць разумовы працэс, які ўключае запіс, захоўванне і ўзнаўленне інфармацыі. Галоўную ролю ў гэтым працэсе адыгрывае асацыятыўнае мышленне. Памяць вызначаецца работай мозгу і абумоўлена дзейнасцю органаў пачуццяў. Яна звязана з функцыяй мозгу, нейронная актыўнасць якога дазваляе фільтраваць, захоўваць, адбіраць і знішчаць успаміны.

Памяць складаецца з многіх элементаў – інтэлектуальных, эмацыянальных, пачуццёвых, абумоўлена таксама камунікатыўнай сітуацыяй – месцам, часам, абставінамі зносін і г.д.



2. Паняцце памяці, віды памяці, раздзелы памяці.

Існуе некалькі тыпаў памяці: візуальная (зрокавая), вербальная (слоўная), нюхальная, датыкальная, кінестэтычная і інш.

Найбольш пашыраныя два тыпы памяці – візуальная, звязаная з функцыяй зроку, і вербальная, заснаваная на органах слыху. Лічыцца, што каля 60% людзей карыстаюцца ў асноўным візуальнай памяццю, звязанай са зрокавымі асацыяцыямі (пэўнымі выявамі, малюнкамі, вобразамі). Іншыя ж выкарыстоўваюць вербальную памяць, заснаваную на гукавых асацыяцыях (гуках, гукаспалучэннях і словах).

Ёсць розныя віды памяці: ненаўмысная, спантанная (калі ўяўленне, пачуццё, успаміны ўзнікаюць нечакана) і наўмысная (калі чалавек імкнецца свядома выклікаць, узнавіць успаміны).

У залежнасці ад часавых межаў выдзяляюцца імгненная, непасрэдная, сенсорная памяць, якая з’яўляецца аўтаматычнай, калі адно ўяўленне імгненна змяняецца іншым; кароткачасовая – аператыўная, рабочая памяць, здольная ўтрымліваць невялікі аб’ём інфармацыі (напр., нумар тэлефона, суму кошту пэўнага тавара і інш) на працягу вельмі кароткага часу (20-30 сек.); доўгачасовая памяць, якая захоўвае інфармацыю на працягу пэўнага часу (ад некалькіх хвілін да года або нават усё жыццё).

Работай доўгачасовай памяці кіруюць складаныя механізмы запісу на некалькіх узроўнях: пачуццёвым, эмацыянальным і інтэлектуальным.

Ёсць некалькі раздзелаў памяці: актыўны, у якім знаходзіцца інфармацыя, што рэгулярна выкарыстоўваецца ў паўсядзённым жыцці; пасіўны, дзе захоўваюцца рэдка выкарыстоўваемыя звесткі, і латэнтны, скрыты, які раскрывае інфармацыю з дапамогай падказак.

У навуковай літаратуры вызначаецца таксама накіраваная памяць, якая дазваляе хутка ўзнаўляць неабходную інфармацыю.



3. Механізм запамінання. Практыкаванні па развіцці памяці.

Работа памяці вызначаецца дзейнасцю нервовых клетак (нейронаў), звязаных паміж сабою. Сігналы ад аднаго нейрона да другога перадаюць нейрамедыятары, асаблівыя рэчывы, якія ўтрымліваюцца ў гіпакампе (знаходзіцца ў скроневай долі кожнага з паўшар’яў). У чалавека з недастатковай колькасцю нейрамедыятараў страчваецца здольнасць да засваення ведаў і функцыянуе толькі спантанная памяць, заснаваная на пачуццёвых рэакцыях арганізма.

Памяць чалавека закадзіравана ў 10 мільярдах нервовых клетак, якія ўтвараюць наш мозг, і ў 10 трыльёнах сувязей паміж гэтымі клеткамі.

З узростам метабалічныя працэсы галаўнога мозгу замаруджваюцца, колькасць сінтэзуемых нейрамедыятараў памяншаецца і, як вынік, адбываецца тармажэнне мысленчых працэсаў, што ў сваю чаргу пагаршае памяць. Для таго, каб кампенсаваць зніжэнне разумовай актыўнасці, неабходна засвойваць прыёмы, якія аблягчаюць і паскараюць працэс запамінання. Ларошфуко калісьці адзначыў: “Усе скардзяцца на сваю памяць, але ніхто не скардзіцца на свой розум”.

Праблемы з памяццю нярэдка таксама абумоўлены псіхалагічнымі прычынамі, у ліку якіх празмернае хваляванне, моцны стрэс, нервовы зрыў, трывога, неспакой, дэпрэсія і інш. Гэта ў сваю чаргу не дазваляе сканцэнтраваць увагу, замаруджвае разумовую дзейнасць і перашкаджае працэсу запамінання інфармацыі.

Каб пазбегнуць хвалявання або пазбавіцца пачуцця трывогі, неспакою ў час выступлення, неабходна пераключыць увагу, сканцэнтраваць яе на змесце выступлення або прадмеце размовы, супакоіцца і засяродзіцца. З гэтай мэтай можна правесці комплекс дыхальных практыкаванняў або гігіенічны масаж твару і шыі перад выступленнем.

Калі перад вамі паўстае вельмі цяжкае пытанне, складаная дылема ў час выступлення, праігнаруйце іх, абыйдзіце часова ўвагай, каб не расхвалявацца і не згубіць “ніць” разважання.

Калі ў вас прыгнечаны стан, неабходна імкнуцца выйсці з дэпрэсіі, пазбавіцца ад назойлівых думак, якія затарможваюць вашу разумовую дзейнасць, паслабляюць памяць. У стане дэпрэсіі ўсе асацыяцыі негатыўныя, і парваць ланцужок негатыўных асацыяцый вельмі цяжка, але магчыма. Для гэтага неабходна ўздымаць свой настрой пры дапамозе музыкі, чытання, кінафільмаў, тэлеперадач, паходаў у тэатр, музей, падарожжаў і кантактаў з сябрамі і інш.

У дзейнасці памяці эмоцыі адыгрываюць як станоўчую, так і адмоўную ролю. Чалавек запамінае тое, што яго хвалюе і кранае. Таму эмоцыі могуць пакінуць глыбокі след у памяці, які не губляецца з часам. Але моцныя эмоцыі паслабляюць увагу і перашкаджаюць запамінанню.

Пэўны дыскамфорт у час выступлення ўзнікае, калі раптам з памяці “выпадае” неабходнае слова, яно як бы “верціцца на языку”, але яго немагчыма адразу ўспомніць. Каб гэтага пазбегнуць, неабходна зняць напружанне, расслабіцца, замяніць забытае слова сінонімам або перадаць яго змест апісальна. У выніку ў вашай свядомасці ўзнікнуць асацыяцыі, якія і дапамогуць “узнавіць”, успомніць патрэбнае слова.

Запозненая рэакцыя на слова, як адзначаюць псіхолагі, часцей бывае ў людзей з назойлівымі формамі паводзін, якія часта камплексуюць, пастаянна ўспамінаюць свае “збоі”, правалы ў памяці, няўдачы пры выступленні.

Калі ў працэсе выступлення ўвесь час імкнуцца ўспомніць забытае слова, напружвацца, “збой” у памяці будзе працягвацца. Калі ж вы расслабіцеся і перастанеце рабіць намаганні для таго, каб успомніць, адбудзецца разблакіроўка механізмаў памяці і слова само “усплыве” у вашай свядомасці. Для канцэнтрацыі ўвагі і ўспамінання інфармацыі карысна ў час выступлення рабіць паўзу для абдумвання матэрыялу.

Запамінанне заснавана на асацыятыўным мышленні. Асацыяцыя (с.-- лац. associatio “злучэнне”) – заснаваная на нярвова-псіхічных працэсах сувязь паміж асобнымі ўяўленнямі, думкамі, пачуццямі, пры якой адно ўяўленне выклікае другое. Асацыяцыя з’яўляецца асноўным сродкам узнаўлення ў свядомасці ўспамінаў.

Пры засваенні пэўнай інфармацыі яна апрацоўваецца нашай свядомасцю на пачуццёвым, эмацыянальным і інтэлектуальным узроўнях.

Работа памяці ажыццяўляецца з дапамогай спантанных асацыяцый: адна асацыяцыя выклікае другую, і такім чынам утвараецца лагічны ланцужок, які ўзнаўляе неабходную інфармацыю, дапамагае адшукаць след у памяці.

Асацыяцыі могуць быць і штучнымі. Для запамінання лічбаў, імён, пэўных фактаў і падзей здаўна прымяняліся мнеманічныя прыёмы, заснаваныя на асацыяцыях нелагічнага тыпу (вузялкі на памяць, насечкі на дрэве, закладкі і інш).

Прычына, падстава для запамінання называецца матывам. Сукупнасць матываў складае матывацыю. Наяўнасць матывацыі абумоўлівае фарміраванне ўвагі. Увага – сканцэнтраванасць думак і пачуццяў на чым-н., накіраванасць думак.

Паміж памяццю, матывацыяй і ўвагай існуе цесная сувязь, якую адлюстроўвае наступная схема :



патрэба або інтарэс

матывацыя


увага





канцэнтрацыя


арганізацыя працэсу запамінання



Інтарэс стварае матывацыю, неабходную для таго, каб выклікаць увагу і сканцэнтраваць яе на канкрэтным прадмеце, у выніку чаго дасягаецца арганізацыя мысленчых працэсаў запамінання.

Таму выключна важна ў час выступлення прыцягнуць увагу слухачоў, выкарыстоўваючы для гэтага разнастайныя прыёмы іх актывізацыі.

Для паспяховага запамінання інфармацыі істотнае значэнне мае ўнутраная матывацыя, якая вызначае ступень засяроджанасці на прадмеце размовы і абумоўлена тым:

а) наколькі актуальная на дадзены момант гэта інфармацыя для вас і вашых слухачоў? Лепш запамінаецца тое, што важна, цікава;

б) ці ўключае матывацыя эмоцыі, якія замацоўваюць след у памяці, і, у сувязі з гэтым, наколькі хвалюе гэта інфармацыя вас і вашых слухачоў?

в) ці з’яўляецца інфармацыя новай для вас і слухачоў? Тое, што пастаянна паўтараецца, пакідае больш глыбокі след у памяці;

г) наколькі інфармацыя звязана з асабістым “я” адрасата і адрасанта? Памяць – суб’ектыўная катэгорыя, кожны чалавек па-свойму выбірае, запамінае матэрыял.

Для развіцця доўгатэрміновай памяці неабходна стымуляваць работу думкі, арганізаваць мысленчы працэс, а не імкнуцца механічна запомніць інфармацыю.

Х. Лемерман адзначае, што ўмацаванне памяці дасягаецца комплексным уздзеяннем трох складаючых:

– канцэнтрацыі (павышэння здольнасці да ўспрыняцця);



  • стварэння асацыяцый (масткоў памяці);

  • паўтарэння.

Канцэнтрацыя абумоўлена трыма фактарамі:

  • ступенню цікавасці і здольнасцю да канцэнтрацыі;

  • здольнасцю абстрагавацца ад падзей, якія адбываюцца [5, с. 36].

Як адзначаюць псіхолагі, той, хто займаецца справай з задавальненнем, хто любіць сваю справу, мае да яе цікавасць, запамінае інфармацыю лягчэй. Тое, што цікавае, запамінаецца лягчэй. “Добрую памяць мае той, хто здольны сканцэнтравацца і даць час уражанням .. пусціць карані ў душу” (Мюлер-Фрайенфельс).

Для аратара вялікае значэнне мае кароткачасовая памяць – здольнасць мозга чалавека захоўваць інфармацыю на працягу кароткага часу. Яна важная для таго, каб аратар у час выступлення змог зазірнуць у канспект і “схапіць” вачыма ключавыя словы наступнага абзаца, запомніць іх і развіць у наступную фразу.

Практыкаванні па развіцці памяці павінны быць індывідуальна накіраванымі, паколькі у розных людзей пераважаюць розныя тыпы памяці. Так, для людзей, у якіх больш развітая візуальная памяць, рэкамендуецца з мэтай запамінанння графічнае выдзяленне, падкрэсліванне важнай інфармацыі (ключавых слоў, лічбаў, цытат) у тэксце, Для асоб з маторнай памяццю мэтазгодна запісваць найбольш важную інфармацыю (ключавыя слова, тэзісы, статыстычныя дадзеныя і інш.) у час засваення тэксту. Калі ў аратара пераважае акустычная памяць, неабходна запамінаць тэкст, чытаючы яго ўслых [5, с. 37].

4. Прыёмы запамінання інфармацыі.

Ёсць спецыяльныя прыёмы, якія садзейнічаюць запамінанню інфармацыі. Іх сукупнасць называецца мнемонікай.

Мнеманічныя сістэмы, пабудаваныя на асацыяцыі вобразаў і вербальнай апрацоўцы, засноўваюцца на адначасовай дзейнасці, спалучэнні візуальнай і вербальнай памяці.

Высокая эфектыўнасць мнемасістэм абумоўлена тым, што яны засноўваюцца на натуральных (прыродных) працэсах памяці.

1) Прыём паўтору – адзін з самых распаўсюджаных прыёмаў запамінання. Старажытныя рымляне сцвярджалі: Repetitio est mater studiorum (Паўтарэнне – маці вучэння). Механізм паўтору наступны:

Пасля знаёмства з пэўнай інфармацыяй мозг павінен атрымаць час на адпачынак і інтэграцыю інфармацыі – хвілін 10 пасля першага прагляду. Другі прагляд інфармацыі псіхолагі раяць рабіць праз дзень, трэці прагляд праз тыдзень, чацвёрты – праз месяц, пяты – праз чатыры месяцы. Як лічыцца, пасля гэтага інфармацыя запісваецца ў доўгатэрміновую памяць – тую частку памяці, дзе захоўваецца інфармацыя, якая ўзнаўляецца імгненна і аўтаматычна, тыпу вашага імя, хатняга адраса і да т.п.

Эксперыментальная псіхалогія паказвае, што частка завучанага матэрыялу забываецца вельмі хутка, а затым працэс ідзе марудна. Таму паўтараць матэрыял трэба раней, чым пачнецца працэс маруднага забывання.

Рэкамендуецца шматкратна паўтараць не ўвесь аб’ём інфармацыі, а толькі найбольш значныя моманты яе. З гэтай мэтай можна выдзеліць ключавыя словы, асноўныя тэзісы, галоўныя думкі і г.д.

Чым большы аб’ём інфармацыі “пераглядае”, паўтарае мозг, тым лягчэй засвоіць яму новую інфармацыю, паколькі аб’ём аператыўнай памяці ў такім выпадку будзе ўвесь час павялічвацца.

Лепшаму засваенню матэрыялу садзейнічае чытанне ўслых, у працэсе якога спалучаюцца візуальная і акустычная памяць.

2) Прыём “месца”, які прыпісваецца грэку Сіманіду. Сутнасць яго ў тым, што выпрацоўваецца ўстойлівая асацыяцыя паміж пэўным месцам і назвай прадмета. Прыём месца выкарыстоўвалі ў XVI ст. манахі-дамініканцы пры навучанні аратарскаму майстэрству.

Гэты прыём прызначаны для запамінання пэўным чынам пабудаванай паслядоўнасці лагічна не звязаных думак, якія адлюстроўваюць розныя часткі прамовы, ход разважання ў час выступлення.

Каб выкарыстаць гэты прыём, неабходна ўзяць дэталёва вядомы вам шлях і скласці спіс канкрэтных месц, найбольш значных пунктаў, размешчаных уздоўж маршрута. (Напр., лазня (месца №1), цырульня (м. №2), атэлье (м. №3), універмаг (м. №4), кнігарня (м. №5), пошта (м. №6) і г.д. Затым неабходна скласці спіс ідэй, думак ці ключавых слоў, прадметаў, якія неабходна “размясціць”, “раскласці” у гэтых пунктах (напр., класіфікацыя тыпаў знакаў: м. №1 -- графічныя знакі, №2 – акустычныя, №3 -- аптычныя, №4 – рэчыўныя і г.д.).

Пасля гэтага неабходна “прайсці” ў думках гэты маршрут, спачатку “раскладваючы” ў вызначаных месцах выдзеленыя словы (прадметы), а пасля “збіраючы” іх.

Да гэтага прыёму набліжаецца спосаб запамінання зместу прамовы, які выкарыстоўваў Цыцэрон. Ён “раскладваў” інфармацыю ў розныя куткі свайго пакою, запамінаў яе, а затым, у час трэніроўкі або выступлення, у думках вяртаўся ў той ці іншы кут і “даставаў” адтуль інфармацыю.

Некаторыя аўтары раяць “раскладваць” інфармацыю на прадметы, якія стаяць вакол сцен вашага пакою і якія вам добра вядомыя, пранумараваць гэтыя прадметы, запомніць іх парадак, а пасля “узнаўляць” звесткі, у думках абходзячы пакой, збіраючы раскладзеныя назвы. Такі прыём дазволіць запомніць паслядоўнасць выкладу ў прамове.

3) Прыём візуалізацыі, які заснаваны на візуальнай, зрокавай памяці чалавека. Ён патрабуе ўяўлення запамінаемых фактаў, слоў, лічбаў у нагляднай форме.

Каб запомніць пэўнае слова або лічбу, рэкамендуецца ўявіць іх напісанымі чырвонай фарбай на белым фоне (экране, сцяне, палатне і інш.). Гэты зрокавы вобраз можна замацаваць у памяці з дапамогай вербальных асацыяцый.

Каб запомніць пэўнае абстрактнае паняцце, можна стварыць уяўны вобраз прадмета, які ўвасабляе гэта паняцце, яго сімвал, пэўны малюнак. Ланцужок такіх малюнкаў у вашай памяці будзе адлюстроўваць паслядоўнасць вашага разважання, змест выступлення.

4) Прыём асацыяцый – надзвычай пашыраны і распаўсюджаны. Асацыяцыі, як адзначаюць псіхолагі, – гэта свайго роду “масткі памяці”. “Наш розум – гэта своеасаблівая асацыятыўная машына”, – пісаў амерыканскі псіхолаг Джэймс.

Асацыяцыі могуць быць як лагічныя, так і не лагічныя.

Напрыклад, каб запомніць уласнае імя (прозвішча, геаграфічную назву і інш.) можна стварыць яго асацыяцыю з агульнай назвай (апелятывам): Сарокін = Сарока, Галавін = галава; Дж.Бонд = бонда, Паркер – у парку.

Можна знайсці вобразную асацыяцыю ўласнага імя з прадметам, які мае падобную па гучанні назву: Лагерлёф = леў у лагеры, Ліверпуль = пулі з ліверу. На першы погляд, такія асацыяцыі здаюцца смешнымі, але яны дапамагаюць запамінаць многія складаныя назвы.

Калі неабходна запомніць складаны тэрмін, можна прыдумаць да яго падказку, узнавіць унутраную форму, этымалагічнае значэнне або супаставіць яго з аднакаранёвымі словамі. Напр., каб запомніць тэрмін перыдромафілістыка – “калекцыяніраванне чыгуначных білетаў”, можна ўтварыць ланцужок асацыяцый з яго састаўных тэрмінаэлементаў: перы “кола” (параўн.: перыяд, перыметр) + дрома “дарога” (аўтадром, мотадром, аэрадром) + філістыка “люблю збіраць” (філатэлія, філатэліст, філалогія). Можна нават уявіць сабе малюнак: кола, якое па дарозе коціць філатэліст.

Для запамінання слова можна стварыць падказку – асацыяцыю на аснове сугучных слоў і адпаведных выразаў: гіпатаксіс “падпарадкаванне” = “гіпа” + “таксі”. Уявіце сабе бегемота па імені “Гіпа”, які раз’яджае на таксі.

Прыём асацыяцый прымяняецца і для запамінання лічбаў. Лічбы, сукупнасць якіх складае нумар тэлефона або пэўную дату, можна супаставіць з вядомымі падзеямі ў гісторыі або правесці асацыяцыю з годам, месяцам, днём вашага нараджэння, нумарам дома або кватэры. Напр., тэл. 45-17-61 (45 – канец Вялікай айчыннай вайны, 17 -- год Кастрычніцкай рэвалюцыі, 61 – першы палёт чалавека ў космас). Па такому ж прынцыпу можна запамінаць любую дату.

Для запамінання лічбаў Д. Лап раіць выкарыстоўваць прыём малюнкаў, які таксама заснаваны на вобразных асацыяцыях. Для гэтага за кожнай лічбай замацоўваецца наглядны вобраз, канкрэтны прадмет: 0 – талерка, 1 – кап’ё, 2 – лебедзь, 3 – вілы, 4 – парус, 5 – раскрытая далонь, 6 – змяя, 7 – сякера, 8 – пясочны гадзіннік, 9 – смоўж. Каб запомніць лічбу 680, можна ўявіць змяю, якая абвіла пясочны гадзіннік, што стаіць на талерцы.

Акрамя таго, можна выкарыстаць фанетычны код да лічбаў: кожную лічбу супаставіць з пэўнай падобнай па форме да яе літарай: 0 – 0, 1 – Г, 2 – Ц, 3 – 3, 4 – Ч, 5 – Б, 6 – С, 7 – У, 8 – В, 9 – Р.

Каб запомніць пэўную лічбу, неабходна лічбы пераўтварыць у літары і прыдумаць фразы са слоў, якія пачынаюцца на гэтыя літары. Напр.: 961458 = РСГЧБВ -- “Ранішняе сонца грэла чароўны бераг возера”.

На літарных асацыяцыях заснаваны абрэвіятурны спосаб запамінання. Сукупнасць слоў, якія неабходна засвоіць, можна ўявіць у выглядзе абрэвіятуры, складзенай з іх першых літар, і запомніць гэта скарачэнне. Напр., нам неабходна запомніць фразу: “Механізм маўленчай дзейнасці чалавека ўключае тры этапы – матыў, думку (унутранае маўленне) і гукавое, знешняе маўленне”. Ключавымі словамі гэтай фразы з’яўляюцца: матыў, думка, гукавое маўленне. Ствараем абрэвіятуру МДГ. Можна замацаваць яе вербальнай асацыяцыяй – сказам: “Матыў праз думку рэалізуецца ў гуку”.


Для таго, каб лепш засвоіць змест выступлення, у час падрыхтоўкі да яго рэкамендуецца:

-- разбіць тэкст на фрагменты, замацаваць іх за пэўнымі малюнкамі, вобразамі, ключавымі словамі;

-- рабіць паўзы перад засваеннем найбольш складаных пытанняў;

-- задаваць сабе пытанні і адказваць на іх;

--рабіць унутраны каментарый асабліва складаных фрагментаў выступлення;

-- абмеркаваць змест выступлення з кім-небудзь, выбраўшы для гэтага найбольш цікавыя пытанні;

-- рэгулярна праглядаць і паўтараць падрыхтаваны матэрыял.

Як паказваюць тэсты, праз 24 гадзіны ў памяці чалавека застаецца толькі 20% інфармацыі. Калі ж прачытаны матэрыял абагульняецца, каменціруецца, абмяркоўваецца, то засвойваецца аб’ём да 80%.

Для таго, каб лепш запомніць інфармацыю, якая ўспрымаецца на слых, неабходна:

-- сканцэнтравацца, засяродзіць сваю ўвагу на словах субяседніка;

-- знайсці ў іх штосьці цікавае і карыснае для сябе;

-- паспрабаваць паўтарыць словы субяседніка ў выглядзе пытанняў або каментарыя.



5. Прыёмы развіцця памяці:

Памяць мае здольнасць развівацца. Ёсць спецыяльныя прыёмы, якія садзейнічаюць гэтаму:

1) Прыём Піфагора. Адзін з самых старажытных прыёмаў удасканалення здольнасці запамінаць інфармацыю звязваюць з іменем Піфагора. Ён раіў штодзённа раніцай і вечарам “пракручваць” у памяці ўсе падзеі мінулага дня, успамінаючы іх падрабязна і дэталёва. Пры гэтым можна даваць ацэнку прайшоўшым падзеям і сваім уласным учынкам. Затым можна паступова “пагружацца” ў мінулае – успомніць тое, што было за дзень, за два, за тры дні да гэтага і г.д.

Такая трэніроўка праз пэўны час дазволіць трымаць увагу пастаянна ўключанай і дасць магчымасць пры неабходнасці імгненна ўзнавіць патрэбную інфармацыю, успомніць падзеі любога перыяду вашага жыцця. Гэта разаўе здольнасць лёгка запамінаць вялікія фрагменты тэксту, рады лічбаў, пералік тэрмінаў і г.д.

2) Прыём трэніроўкі. Для развіцця памяці вельмі карысная сістэма трэніровак. Без трэніроўкі памяці людзі пераўтвараюцца ў інтэлектуальных дыстрофікаў. Даследаванні, якія праводзяцца ў Інстытуце тэарэтычнай і эксперыментальнай біяфізікі РАН пад кіраўніцтвам А. Дзарашвілі паказваюць, што для паспяховага развіцця памяці чалавек павінен запамінаць пэўную інфармацыю ў аб’ёме, які не выклікае цяжкасцей. Рабіць гэта пажадана ў адзін і той жа час сутак. У чарговы дзень спачатку ўзнаўляецца ў памяці ўсё тое, што было засвоена ў папярэдні дзень, затым завучваецца наступная “порцыя”, пэўны аб’ём інфармацыі. І так робіцца працяглы час рэгулярна.

Праз пэўны час чалавек усведамляе, што можа запомніць аб’ём інфармацыі, значна большы за той, які ён звычайна засвойваў.



3) Нейробіка. Замежныя вучоныя Лорэнц Катц і Манінг Рубін распрацавалі займальную праграму трэніроўкі мозга, развіцця памяці – нейробіку для мозга. Нейробіка актывізуе розныя ўчасткі галаўнога мозга, каб яны працавалі хутка і зладжана. Вядома, што разумовыя здольнасці пагаршаюцца не толькі з-за адмірання нервовых клетак, але і па прычыне расходавання дэндрытаў, праз якія праходзяць імпульсы ад клеткі да клеткі. Калі сувязь паміж клеткамі не ўключаць, дэндрыты атрафіруюцца.

Практыкаванні нейробікі накіраваны на шырокае выкарыстанне ўсіх органаў пачуццяў у нечаканых камбінацыях і пабудаваны на тым, каб стварыць новыя асацыяцыі. Гэта садзейнічае ўстанаўленню мноства новых сувязей паміж клеткамі галаўнога мозга і ўзмацненню памяці.



Нейробіка раіць рабіць нечаканыя дзеянні: паспрабаваць пісаць левай рукой, апранацца або распранацца, прымаць душ з заплюшчанымі вачыма; размаўляць з кім-небудзь дома, заткнуўшы вушы ватай; чытаць услых, спрабаваць разгледзець малюнак дагары нагамі; рабіць перастаноўку на рабочым стале, у сваім пакоі; дабірацца на працу, вучобу новым маршрутам і г.д.

Лічыцца, што такія практыванні будуць садзейнічаць развіццю разумовых здольнасцей чалавека і, у прыватнасці, здольнасці запамінаць інфармацыю.



4) Іншыя прыёмы. Развіццю памяці, удасканаленню працэсаў запамінання, фарміраванню слоўнікавага запасу дапамагаюць чытанне, праца са слоўнікам, разгадванне красвордаў, шарад, вывучэнне замежных моў, размовы і кантакты з людзьмі, падарожжы і інш.

Пытанні і заданні:


  1. Што такое меморыя? Які яе змест?

  2. Дайце азначэнне паняцця «памяць», назавіце тыпы і віды памяці.

  3. Чым вызначаецца работа памяці?

  4. Як пазбавіцца праблем з памяццю?

  5. Што такое асацыяцыя? Якая яе роля ў запамінанні?

  6. Як арганізуецца працэс запамінання? Якая сувязь паміж матывам, матывацыяй, увагай і запамінаннем? Вызначце віды матывацый.

  7. Назавіце асноўныя прыёмы запамінання інфармацыі.

  8. Укажыце рэкамендацыі да лепшага засваення зместу выступлення ў час падрыхтоўкі і лепшага запамінання інфармацыі на слых.

  9. Якія ёсць прыёмы развіцця памяці?

  10. Якую ролю ў развіцці памяці адыгрывае сістэма трэніровак?


Літаратура:

1. Античные риторики: [Переводы] / Собрание текстов, статьи, коммент. И общ. Ред. Тахо–Годи; [Вступ. Статья А.Ф. Лосева]. – М.: Изд.во МГУ, 1978. – 352 с.

2.Богомолова, В. Аэробика для мозга. /НГН, 2002, № 6(285).

3.Лапп, Д. Улучшаем память в любом возрасте / Д. Лапп. – М., 1993.

4.Лапп, Д. Искусство помнить и забывать / Д. Лапп. – Санкт-Петербург, 1995.

5.Леммерман, Х. Уроки риторики и дебатов: Пер. с нем. / Х. Леммерман – М.: ООО “Издательствор “Уникум Пресс”, 2002. – 336 с.

6.Лурия, А.Р. Язык и сознание / А.Р. Лурия. –М.: Изд.–во МГУ, 1979. – 319 с..

7.Соколов, А.Н. Внутренняя речь и мышление / А.Н. Соколов. – М.: Просвещение, 1968 – 248 с..

Лекцыя № 15

АКЦЫЯ.ТЭХНІКА ВЫКАНАННЯ ПРАМОВЫ


План

1.Акцыя і яе змест.

2. Прыродныя ўласцівасці голасу.

3. Дыханне і яго віды.

4. Інтанацыйная арганізацыя выказвання. Тон маўлення.

5. Рытмічная арганізацыя выказвання.

6. Дыкцыя, яе недахопы.

7. Невербальныя сродкі зносін.

8. Формы выканання выступлення.
1.Акцыя і яе змест.

Акцыя (пранансуацыя) (лац. actio “выкананне”, лац. pronuntiatio “вымаўленне, выгаворванне”) – заключны этап падрыхтоўкі да выступлення, які ўключае засваенне прыёмаў красамоўнага выканання тэксту прамовы:

Акцыя грунтуецца на тэхнічнай выразнасці маўлення і заснавана на вывучэнні прыродных уласцівасцей голасу, развіцці дыкцыі, засваенні правільнага літаратурнага вымаўлення, выразнасці чытання, яго рытміка-інтанацыйнага афармлення, міміка-жэставага суправаджэння, правільных паводзін аратара перад аўдыторыяй.

Акцыя звязана з пластычным выражэннем прамовы і знешнімі паводзінамі аратара.

2. Прыродныя ўласцівасці голасу.

Як адзначаў Ніцшэ, “найбольш зразумелым ў маўленні з’яўляецца не само слова, а тон, сіла гучання, інтанацыя, тэмп, у якім вымаўляюцца словы, карацей, музыка .. пачуцця: усё тое, што можна апісаць”.



Тэхнічная выразнасць маўлення ў многім залежыць ад прыродных уласцівасцей голасу, якія вызначаюцца ў першую чаргу наступнымі органамі артыкуляцыі:

Гартань – трубка конусападобнай формы, якая складаецца з некалькіх храсткоў, знешніх і ўнутраных мышцаў і размешчана паміж трахеяй і глоткай. Усе гукі маўлення ўтвараюцца ў гартані.

Галасавыя звязкімышцы складанай будовы, пакрытыя слізістай абалонкай, якія знаходзяцца ў гартані. У спакойным стане галасавыя звязкі ўтвараюць трохкутную адтуліну для праходу паветра – галасавую шчыліну. Пры фанацыі галасавыя звязкі збліжаюцца, напружваюцца і вібрыруюць.

Рэзанатары (лац. resonare “гучаць у адказ”) -- трубкі ў арганізме чалавека (трахея, гартань, глотка, насаглотка і інш), у якіх развіваецца рэзаніраванне, што ўзмацняе гукавыя хвалі, што ўзнікаюць у гартані. Рэзаніраванне выкарыстоўваецца пры пастаноўцы голасу і для паляпшэння якасці гучання вуснага маўлення.

Да прыродных уласцівасцей голасу адносяцца палётнасць, вынослівасць, дыяпазон, рэгістр, сіла гука.



Палётнасць (пасыл) гука – здольнасць голасу распаўсюджвацца на пэўную адлегласць. Правільны пасыл гука забяспечвае добрую чутнасць голасу. Актыўнасць палётнасці гуку рэгулюецца ў залежнасці ад адлегласці, на якой знаходзіцца субяседнік. Развіццю палётнасці гука садзейнічае трэніроўка дыхання.

Вынослівасць – здольнасць голасу вытрымліваць значныя фізічныя і псіхалагічныя нагрузкі. Вынослівасць голасу залежыць ад трэніроўкі дыхання, правільнай работы органаў артыкуляцыі і якасці рэзаніравання.

Дыяпазон (грэч. dia pason (chordon) “праз усё (струны)” – аб’ём голасу, які вызначаецца інтэрвалам паміж даступнымі яму самым нізкім і самым высокім гукамі. Асноўная нагрузка выпадае на сярэднія ноты моўнага голасу.

Рэгістр (с.– лац. registrum “спіс, пералік”) – частка гукавога дыяпазону голасу. Існуюць грудны або ніжні, змешаны або сярэдні і галаўны або верхні рэгістры. Пры трэніроўцы голасу неабходна звяртаць увагу на выпрацоўку навыкаў плаўнага, мяккага і непрыкметнага пераходу з рэгістра на рэгістр, што магчыма пры трэнірованым дыханні і здаровых органах маўленчага апарату.

Сіла гука – залежнасць гука ад актыўнасці органаў маўленчага апарату. Чым з большым напорам выдыхаецца паветра праз галасавую шчыліну, тым большую сілу набывае гук. Пры выступленні гучнасць голасу павінна быць дастатковай для таго, каб кожны з прысутных змог пачуць аратара. Але выступленне “не павінна быць шумавой атакай на барабанныя перапонкі слухачоў” (8, с. 217). Гучнасць голасу змяняюць у залежнасці ад значнасці выказвання. Яе неабходна павялічваць, узмацняючы паветраную плынь пры дыханні, узмацняючы рэзананс, павышаючы чоткасць артыкуляцыі, замаруджваючы тэмп, а не празмерна напружваючы галасавыя звязкі. Фізічнай асновай гучнасці з’яўляецца правільнае дыханне, а псіхалагічнай падставай паўнаты гука – упэўненасць у сабе, натхненне і творчы ўздым.

Тэхнічную выразнасць маўлення парушаюць розныя недахопы голасу. Да іх адносяцца:



фонастэнія (грэч. phone “гук” + astheneia “слабасць”) – хуткая стамляльнасць голасу, якая прыводзіць да яго ахрыпласці або поўнай адсутнасці;

псеўдафонастэнія (грэч. pseudos “хлусня”, няпраўда” + phone “гук” + astheneia “слабасць”) – перарывістасць голасу, выкліканая празмерным хваляваннем гаворачага;

дысфанія (грэч. dys “не” + phone “гук”) – адсутнасць устойлівага, роўнага гучання, у выніку чаго голас зрываецца, дрыжыць;

афанія (грэч. a(аn) “не” + phone “гук”) – адзін з распаўсюджаных недахопаў голасу – невыразнасць, цьмянасць гучання, недахоп чысціні і гучнасці голасу.

Гэтыя недахопы выклікаюцца рознымі прычынамі – парушэннем гігіены голасу, хранічнымі прастуднымі захворваннямі, фізічнім і псіхічным стамленнем, няўпэўненасцю, сарамлівасцю, шкоднымі звычкамі, няўменнем кіраваць сваімі эмоцыямі і інш. Каб пазбавіцца гэтых недахопаў, неабходна штодзённа выконваць практыкаванні, накіраваныя на развіццё маўленчага дыхання і трэніроўку голасу.



3. Дыханне і яго віды.

Важнае значэнне для артыкуляцыі мае правільнае дыханне. Як сцвярджае індыйская прыказка, “подых кіруе светам” (Дуновение правит миром). З першага і да апошняга ўздыху мы маем справу з паветранай стыхіяй, таму вельмі важна авалодаць ёю [8, с. 11-12].



Дыханнежыццёва неабходны фізіялагічны працэс спажывання арганізмам кіслароду і выдзялення вуглякіслага газу. Рытм дыхання абумоўлівае чаргаванне удыху – выдаху. Ёсць два віды дыханнягазаабменнае (фізіялагічнае), асноўная функцыя якога – вентыляцыя лёгкіх і забеспячэнне арганізма кіслародам, яно адбываецца міжвольна, і фанацыйнае (маўленчае) дыханне, якое служыць не толькі для забеспячэння арганізма кіслародам, але і для гукаўтварэння і з’яўляецца адвольным, патрабуе трэніроўкі.

Асноўныя тыпы дыхання – плечавы, грудны, рэберны і брушны (дыяфрагмавы). Для забеспячэння глыбокага, спакойнага і непрыкметнага дыхання рэкамендуецца развіваць камбінаваны або рэберна-дыяфрагмавы тып дыхання, які аб’ядноўвае брушны і рэберны. У час дыхання паветра павінна паступаць праз нос, награвацца і ачышчацца, паветра нельга заглынаць, рэзка захопліваць. Правільнае дыханне бачнае: яно вызначаецца расцягваннем брушных мышцаў на ўдыху, калі напаўняецца брушная поласць.



У сістэму практыкаванняў па трэніроўцы дыхання ўваходзяць гігіенічны масаж, практыкаванні на “ігравой” аснове, практыкаванні на дыханне (чаргаванне удыху – выдыху; поўны выдых – максімальны бясшумны глыбокі удых x 20 разоў; удых – выдых + вымаўленне зычных), маўленча-вакальныя (на развіццё меладычнасці маўлення), маўленчыя (на артыкуляцыю асобных гукаў і іх спалучэнняў), псіхафізічныя (на ўяўленне). Пры пастаноўцы дыхання важна навучыцца вымаўляць кожнае слова фразы вельмі марудна і выразна, вымаўляць у нармальным тэмпе на адным дыханні максімальную колькасць слоў.

4. Інтанацыйная арганізацыя выказвання. Тон маўлення

Тэхнічную выразнасць маўлення ўзмацняе правільная інтанацыйная арганізацыя выказвання.


Інтанацыя (фр. intonatio < лац. intonare “гучна вымаўляць, шумець”) – адзінства ўзаемазвязаных кампанентаў: мелодыкі, інтэнсіўнасці, працягласці, тэмпу маўлення і тэмбру вымаўлення. Інтанацыя характарызуе сэнсавы і эмацыянальна-экспрэсіўны аспекты маўлення і з′яўляецца важным сродкам фарміравання выказвання і выяўлення яго зместу. Разам з націскам інтанацыя ўтварае прасадычную сістэму мовы.

“Інтанацыя – кандыцыянер прасторы душы” [Х. Лемерман].

У маўленні інтанацыя выконвае розныя функцыі:

1) лінгвістычную (адрознівае камунікатыўныя тыпы выказвання – пабуджэнне, пытанне, вокліч, апавяданне, імплікацыю; адрознівае часткі выказвання адносна іх сэнсавай важнасці; афармляе выказванне ў адзінае цэлае, расчляняючы яго на рытмічныя групы і сінтагмы);

2) стылістычную (адпаведным чынам афарбоўвае тэксты розных стыляў і жанраў, з′яўляецца адным са сродкаў выяўленчай выразнасці і эмацыянальна-эстэтычнага ўздзеяння на адрасата);

3) псіхалінгвістычную функцыю (здольнасць перадаваць рысы індывідуальнасці асобы ў голасе, фізіялагічны стан гаворачага, яго пачуцці і настрой).



Недахопамі інтанавання з’яўляецца манатоннасць, празмерна высокі або занадта нізкі тон, аднастайнасць выражэння, адсутнасць выразнасці маўлення.

Мелодыка (грэч. melōdikos “меладычны, песенны”) – асноўны частотны кампанент інтанацыі, танальны малюнак маўлення. Мелодыку вызначаюць змяненні частаты асноўнага тону моўнага сігналу – паніжэнне і павышэнне тону. Адрозненні гукаў па вышыні ўтвараюцца ў выніку рознай хуткасці хістання галасавых звязак.

Інтэнсіўнасць гуку – адзін з кампанентаў інтанацыі, колькасць энергіі, якая праходзіць у адзінку часу праз адзінку плошчы, размешчанай перпендыкулярна да напрамку пашырэння гука.

Тэмбр (фр. timbre < грэч. tympanon “барабан”) – афарбоўка голасу, якую надаюць яму абертоны. Тэмбр залежыць ад вышыні голасу, мелодыкі мовы, яе тэмпу, характару інтанацыі, асаблівасцей артыкуляцыі і інш. Спецыяльныя практыкаванні дазваляюць зрабіць тэмбр больш чыстым.

Тэмбральная афарбоўка голасу звязана як з індывідуальнымі якасцямі маўлення (індывідуальны тэмбр), так і з адценнямі кожнага сэнсавага фрагменту тэксту паведамлення (актуальны тэмбр). Тэмбральныя мадуляцыі голасу ўзбагачаюць інтанацыю і ўзмацняюць уздзеянне маўлення на слухачоў. Харошы тэмбр – адкрытае, насычанае, яснае гучанне, якое суправаджаецца чыстай, свабоднай вібрацыяй галасавых звязак. Для такога тэмбру неабходны глыбокае дыханне, свабодная вібрацыя галасавых звязак і правільнае рэзаніраванне. Цяжка змяніць тэмбр, але можна яго палепшыць спецыяльнымі практыкаваннямі.

Тэмбральную афарбоўку голасу парушаюць задышка, хрыпата, пранізлівасць, гартаннасць і гугнявасць. Калі гэта неарганічныя недахопы, ад іх неабходна пазбаўляцца пры дапамозе спецыяльных практыкаванняў, калі арганічныя – неабходна звяртацца да спецыялістаў за кансультацыяй.

Немеладычнымі параметрамі інтанацыі з’яўляюцца працягласць, часавая структура выказвання. Працягласць апісваецца з дапамогай такіх паказчыкаў, як паўза, тэмп.

Тэмп (іт. tempo < лац. tempus “час”) – хуткасць вымаўлення, якая адпавядае зместу выказвання. Тэмп вымаўлення цесна звязаны з асобай аратара, і таму з цяжкасцю паддаецца рэгуляванню. Некаторыя людзі гавораць вельмі хутка, іншыя – марудна.

Для павышэння эфектыўнасці выступлення рэкамендуецца змяняць, вар′іраваць тэмп выказвання. Найбольш мэтазгодным для публічнага выступлення лічыцца сярэдні тэмп, не вельмі хуткі і не вельмі марудны. Празмерна павольны тэмп “усыпляе” слухачоў, залішне хуткі – перашкаджае засвоіць змест выступлення. Найбольш важныя думкі неабходна вымаўляць больш марудна і пераканальна. Асноўны тэмп прамовы звязаны са зместам маўлення і сітуацыяй зносін. Урачыстая прамова павінна быць больш марудная і размераная, чым аргументуючая. У вялікім памяшканні трэба замаруджваць тэмп выступлення, гаварыць плаўна, каб гукі маўлення “не заміралі”.

Паўза (лац. pausa < грэч. pausis “спыненне”) – перапынак у маўленні, якому акустычна адпавядае адсутнасць гука, а фізіялагічна – перапынак у рабоце маўленчых органаў. Адрозніваюцца паўзы: сэнсавыя (сведчаць аб закончанасці думкі або асобнага сегмента выказвання), рытмічныя (служаць для ўтварэння пэўнага рытму маўлення) і паўзы абдумвання, разважання (хезітацыі). Паўзу называюць таксама цэзурай.

Паўза выконвае розныя функцыі:

1) лінгвістычную (дазваляе чляніць маўленне на інтанацыйна-сэнсавыя адзінкі – фразы і сінтагмы; выражае характар сувязі паміж часткамі выказвання);

2)лагічную (дапамагае вызначыць галоўную ідэю, падкрэсліць асноўнае слова, суправаджае працэс выказвання думкі);

3) псіхалагічную (служыць для раскрыцця ідэйна-сэнсавай сутнасці выказвання, яго эмацыянальнай афарбоўкі);

4) фізіялагічную (дазваляе зрабіць перапынак у маўленні, дапамагае гаворачаму набраць паветра ў лёгкія).

Лінгвістычную функцыю выконвае як месца паўзы (параўн.: гаварыць / доўга не мог і гаварыць доўга / не мог), так і іх працягласць, даўжыня. Больш працяглыя паўзы звычайна адпавядаюць больш слабым сэнсавым сувязям.

Паўза заўсёды ставіцца паміж моўнымі тактамі і фразамі. Яна часта супадае са знакамі прыпынку, але можа быць і там, дзе іх няма. Паўзамі выдзяляюцца аднародныя члены, звароткі, пабочныя і ўстаўныя словы і словазлучэнні, мадальныя словы і інш.

Тэхнічную выразнасць абумоўлівае таксама тон маўлення.

Тон (грэч. tonos “напружанне, націск”) – вышыня галосных, санорных і звонкіх гукаў маўлення. Тон фарміруецца пры праходжанні выдыхаемай паветранай плыні праз галасавыя звязкі, глотку, рот і нос і з′яўляецца важным кампанентам інтанацыі. У выніку вагання галасавых звязак узнікае асноўны тон гуку. Чым большая частата ваганняў, тым вышэй тон. У ротавай поласці ўтвараюцца абертоны – розначастотныя ваганні часцінак паветра, якія надаюць асноўнаму тону характэрную афарбоўку (тэмбр).

Ларошфуко пісаў: “Найчасцей у тоне голасу, у вачах і ва ўсёй атмасферы, якую аратар распаўсюджвае вакол сябе, столькі ж красамоўства, як і ў выбары слова”.

Агульны тон маўлення абумоўлены яго зместам і мэтай. Ён мае наступныя разнавіднасці:

1)апавядальны, аб′ектыўны, інфармацыйны тон (лекцыя, даклад, паведамленне);

2)разважлівы тон, які запрашае слухачоў да сумеснага роздуму, пошуку адказу на пытанні (дыспуты, размова);

3)даверлівы, інтымны тон (гутарка);

4)мітынговы тон, заклік (агітацыйная прамова);

5)напружаны, стрымана-гнеўны, выкрывальны тон (судовая прамова);

6)урачысты, пафасны тон (юбілейная прамова);

7)мінорны, журботны тон (памінальная прамова);

8)лірычны, прыўзняты, узвышаны тон (віншавальная прамова) і інш.

5. Рытмічная арганізацыя выказвання.

Выразнасць вуснага маўлення ўзмацняе яго рытмічная арганізацыя, якую стварае рытм і націск.



Рытм (грэч. rhytmos “суразмернасць, раўнамернасць”) – рэгулярнае чаргаванне аднародных, суразмерных адзінак: націскных і ненаціскных складоў, радкоў, строф, суразмернасць паўз і г.д. Рытм стварае эмацыянальную напоўненасць маўлення, садзейнічае камунікатыўнай мэтазгоднасці і рытмічнай арганізацыі выказвання. Рытм нашага маўлення, абумоўлены чаргаваннем націскных і ненаціскных складоў, садзейнічае стварэнню натуральнага, лёгкага інтанавання фразы.

Націск – выдзяленне шляхам узмацнення голасу і павышэння тону аднаго са складоў слова (слоўны націск) або асноўнага слова ў сінтагме (тактавы націск) ці фразе (фразавы націск).

Тактавы націск служыць для фанетычнага аб′яднання некалькіх слоў у такт і падае на апошняе слова такта, сведчыць пра яго канец, фразавы націск аб′ядноўвае некалькі тактаў у фразу, падае на апошняе слова заключнага такта.

Лагічны націск – выдзяленне ў сказе найбольш важнага ў сэнсавых адносінах слова. Лагічны націск, у адрозненне ад тактавага і фразавага, можа быць на любым слове ў сказе.

Лагічны націск у апавядальным неразвітым сказе пры прамым парадку слоў ставіцца на выказнік, пры інверсіі – на дзейнік; у развітых сказах, дзе выдзяляецца тэма і рэма, -- на апорным слове рэмы.

Калі ў сказе ёсць аднародныя члены, параўнанні, пабочныя словы, словазлучэнні, устаўныя канструкцыі, яны выдзяляюцца лагічным націскам. Дапасаванае азначэнне выдзяляецца лагічным націскам пры інверсіі, пры прамым парадку слоў – выдзяляецца азначаемае слова. Недапасаванае і адасобленае азначэнні заўсёды выдзяляюцца лагічным націскам. Лагічна выдзяляюцца супрацьпастаўленне або супастаўленне слоў. У пытальным сказе лагічны націск падае на слова, у якім заключаецца сэнс пытання.

Адзінкай маўленчага ўздзеяння з’яўляецца не слова як асобная намінатыўная адзінка, а частка фразы асаблівай сэнсавай або эмацыянальнай напоўненасці.

6. Дыкцыя, яе недахопы

Выразнасць вуснага слова ў значнай ступені абумоўлена правільнай дыкцыяй.

Дыкцыя (лац. dictio “вымаўленне”) – чоткасць і выразнасць вымаўлення асобных гукаў і іх спалучэнняў, Дыкцыя з′яўляецца важнейшым сродкам тэхнічнай выразнасці, ад чоткасці і выразнасці вымаўлення залежыць чысціня і прыгажосць вуснага маўлення.

Недахопы дыкцыі – невыразнае, недакладнае, няправільнае вымаўленне асобных гукаў і іх спалучэнняў. Недахопы дыкцыі падзяляюцца на арганічныя, звязаныя з фізіялагічнымі парушэннямі маўленчага апарату, і неарганічныя, абумоўленыя няправільным засваеннем арфаэпічных маўленчых норм.

Да неарганічных недахопаў дыкцыі адносяцца картавасць, шапяляванне, гугнявасць, маларухомасць губ, вымаўленне “скрозь зубы”, парушэнне норм літаратурнага вымаўлення.

Арганічныя недахопы дыкцыі выпраўляюцца шляхам медыцынскай аперацыі, неарганічныя – шляхам штодзённай трэніроўкі маўленчага апарату і засваення правільнага літаратурнага вымаўлення.

Каб вызначыць, як пазбавіцца недахопаў дыкцыі, неабходна звярнуцца да лагапеда, які высветліць прычыны дэфектаў маўлення і дасць рэкамендацыі адносна іх выпраўлення. Вымаўленне гукаў залежыць ад работы мышцаў, якія вызначаюць выразнасць артыкуляцыі. Асноўная нагрузка пры гэтым кладзецца на язык і губы . Неабходна выпрацаваць мяккасць і плаўнасць вымаўлення. Не трэба падціскаць губы, напружваць мышцы шыі, “цадзіць” словы праз зубы. Калі свабодна рухаць ніжняй сківіцай, не сціскаць і не расцягваць празмерна губы, то вымаўленне становіцца больш вольным, натуральным і выразным. Неабходна імкнуцца выразна аддзяляць зычныя гукі адзін ад другога, не “глынаць” канчаткі і ў той жа час не пераходзіць на палітарнае вымаўленне. Слухач павінен пачуць кожнае слова аратара, адрозніць у ім кожны склад.

Для выпраўлення неарганічных недахопаў дыкцыі неабходна выкарыстоўваць маўленчыя і маўленча-вакальныя практыкаванні. Карысныя практыкаванні-распеўкі, калі прапяваюцца склады з аднолькавымі зычнымі і рознымі галоснымі (мамемёмімомумэмю, і так з усімі зычнымі), прапяванне гукарада галосных на адным дыханні (а-о-у-э-е-ё-і-ю); практыкаванні на разборлівы шэпт, скорагаворкі, гучнае вымаўленне слоў з аднолькавымі гукамі або гукаспалучэннямі, мурканне, прапяванне праз зубы і інш.

Недахопамі вуснага маўлення лічацца:



  • празмерна высокая танальнасць;

  • сціснуты голас;

  • “праглынанне” канцавых складоў;

  • “гукі разважання”: а-а-э, э-э-э;

  • насавое або картавае гучанне;

  • празмерныя воклічы, хмыканне, кашаль [8, с.17-18].

Для знешняга, гукавога афармлення тэхнічна выразнага, эфектыўнага маўлення:ў рыторыцы прапануюцца наступныя парады і рэкамендацыі:

-выказванне выразна падзяляць на фразы і сінтагмы;

-неабходна гаварыць выразна і асэнсавана, вымаўленне не павінна асабліва адрознівацца ад агульнаўжывальнага, голас павінен быць гучным;

-максімальна захоўваць ўсе галосныя ненаціскных складоў і іх выразную якасць;

-ужываць пабочны націск у шматскладовых словах;

-інтанацыю фразы арыентаваць на акцэнтна выдзеленае слова;

-выразна акрэсліваць канец фразы;



-захоўваць спакойны тон маўлення, без вялікіх рухаў частаты асноўнага тону, вытрымліваць плаўнасць маўлення;

-падтрымліваць сярэдні тэмп маўлення;

-вар’іраваць мелодыку фразы, каб маўленне не было манатонным, выдзяляць голасам асноўную частку фразы;

-рабіць правільную фразіроўку, акцэнтоўку – расстаноўку лагічнага націску, павышаючы тон або ўзмацняючы гук;

-пазбягаць адрывістага маўлення;

-удых рабіць толькі на сэнсавай паўзе.

У літаратуры па аратарскім майстэрстве прапануюцца розныя практыкаванні, якія садзейнічаюць вольнаму выражэнню думкі. Х. Лемерман называе гэтыя практыкаванні абавязковымі і кожнае з іх раіць выконваць мінімум дваццаць або трыццаць разоў:

1. Чытанне тэксту. Гучна прачытаць услых тэкст, час ад часу паглядваючы на ўяўляемую аўдыторыю. Пры гэтым варта пастаянна імгненна прачытваць, забягаючы наперад, невялікія ўрыўкі тэксту і захоўваць іх у памяці, што будзе садзейнічаць развіццю маўленчага мыслення.

2. Перадача сэнсу. Прачытаць невялікі ўрывак тэксту і пераказаць яго па магчымасці даслоўна або сваімі словамі.

3. Маўленчае мысленне. Запісаць ключавое слова і сфармуляваць фразу з ім. Практыкаванне па фарміраванні маўлення на аснове запісу ключавых слоў і маўленчага мыслення. Ключавое слова з’яўляецца для аратара імпульсам, які дапамагае раскрыць думку, сфарміраваць маўленне. Ключавыя словы ствараюць своеасаблівы каркас, які можна па-рознаму аформіць, вар’іруючы моўныя сродкі выражэння думкі. У час прагаворвання фразы неабходна “кінуць вокам” на наступнае ключавое слова, запомніць яго і развіць у наступны сказ. Магчыма яшчэ дадатковае практыкаванне: запісаць пачатак сказа, а закончыць яго вусна. Вельмі важныя для развіцця маўлення практыкаванні па дэфініцыі паняццяў, якія вучаць распрацоўваць азначэнні апісваемых прадметаў і з’яў.

4. Расказ. Паспрабуйце вобразна, займальна расказаць якую-небудзь гісторыю, выпадак, які адбыўся з вамі або вашымі знаёмымі.

5. Дзелавое паведамленне. Падрыхтуйце вытрымку з артыкула ў газеце ў выглядзе ключавых слоў і перадайце змест артыкула сваімі словамі, пашырыўшы або звузіўшы яго змест.

6. Выступленне экспромтам. Разгледзьце малюнак, апішыце прадметы або падзеі, паказаныя на ім, абазначце іх дэталі і пакажыце ўзаемасувязь паміж імі.

7. Праца над сваім слоўнікавым запасам, узбагачэнне яго. Складзіце картатэку новых для вас слоў і выразаў.

8. Вывучэнне выступленняў аратараў з пункту гледжання іх зместу і структуры, акустыка-артыкуляцыйных уласцівасцей.

9. Удзел у дыскусіях [8, с. 21-34].



7. Невербальныя сродкі зносін

Працэс маўленчай дзейнасці чалавека суправаджаецца невербальнымі сродкамі зносін, якія дапаўняюць, ілюструюць змест выказанай думкі, ажыўляюць яе. У дапаможніках па рыторыцы адзначаецца, штопаводзіны аратара пакідаюць больш глыбокае ўражанне, чым яго словы [8, с. 223].

Традыцыйна ў невербаліку уключаюць дзве падсістэмы: фанацыю (прасадычную сістэму) і кінесіку (тыпы выразных рухаў цела -- жэсты, міміку, якія ўдзельнічаюць у перадачы інфармацыі ў працэсе камунікацыі) [3, с. 33-49; 7, с. 160].

У мовазнаўстве дастаткова поўна распрацавана класіфікацыя паралінгвістычных сродкаў. Так, паводле сенсорных каналаў, па якіх перадаюцца гэтыя знакі, яны падзяляюцца на візуальныя (успрымаюцца зрокава), акустычныя ( на слых), тактыльныя ( на дотык), альфактарныя (абаняннем ) [7, с. 159-169].

Паводле фізічнай прыроды невербальныя кампаненты камунікацыі падзяляюцца на фанацыйныя, жэстава-мімічныя, пантамімічныя і змешаныя [3, с. 74].

Пры выкарыстанні ў працэсе камунікацыі паралінгвістычныя знакі выконваюць розныя функцыі: указальную, эмацыянальную, псіхалагічную, выяўленчую, ілюстрацыйную, рытмічную, сімвалічную і інш. [7, с. 165; 12, с. 121-122]. На аснове судносін паралінгвістычных знакаў з вербальнымі кампанентамі камунікацыі даследчыкі выдзяляюць дзве іх функцыі: функцыю суправаджэння вербальнай часткі паведамлення, калі яны выконваюць ролю падсобнага, дапаможнага элемента для дасягнення адназначнасці камунікацыі і функцыю замяшчэння, аўтаномнага ўжывання, незалежна або замест вербальнай часткі паведамлення, калі яны кампенсуюць элімінаваную ў рэальным працэсе зносін некаторую збыткоўнасць моўных сродкаў [3, с. 74; 6, с. 21].

У працэсе непасрэдных зносін пры дапамозе вуснага маўлення паралінгвістычныя знакі з’яўляюцца , як правіла, спантаннымі, натуральна дапаўняюць або замяшчаюць вербальныя кампаненты камунікацыі. Невербальныя сродкі зносін – жэсты, міміка, пастава, рухі цела чалавека, якія суправаджаюць працэс маўленчай дзейнасці і нясуць дадатковую да асноўнага зместу інфармацыю.

Жэсты (фр. geste) – выразныя фізічныя дзеянні рук, ног, галавы, тулава, якія з′яўляюцца дадатковым інфармацыйным сродкам у працэсе камунікацыі.

Жэсты паводле сваёй функцыі бываюць:



рытмічныя (звязаныя з рытмікай маўлення – падкрэсліваюць лагічны націск, паскарэнне і замаруджванне маўлення, месца паўз і інш.);

эмацыянальныя (перадаюць разнастайныя адценні пачуццяў – хваляванне, радасць, сумненне, расчараванне, незадавальненне, прыкрасць, злосць і інш);

указальныя (якімі гаворачы выдзяляе нейкі прадмет з рада аднародных, паказваючы месца яго знаходжання, парадак следавання, гэтыя жэсты – умоўныя і сітуацыйныя);

псіхалагічныя (паказваюць на адносіны да субяседніка – згоду, нязгоду з ім, адмову, выражаюць інтэнсіўнасць, катэгарычнасць дзеяння, супрацьпастаўленне, раз′яднанне і аб′яднанне і інш);

сімвалічныя (агульнапрынятыя жэсты, якія суправаджаюць сустрэчу, прывітанне, развітанне і інш. дзеянні);

выяўленчыя (дазваляюць зрабіць маўленне больш выразным, узмацняюць уражанне ад слоў, надаюць ім канкрэтнасць) і інш.

Жэст аратара натуральна дапаўняе яго думку, пачуццё, перажыванне, ажыўляе маўленне, робіць яго больш псіхалагічным.



Да жэстыкуляцыі ў публічным выступленні прад′яўляюцца наступныя патрабаванні:

-- жэсты павінны быць стрыманымі, але выразнымі, не варта захапляцца эфектнымі жэстамі;

-- нельга злоўжываць жэстамі, таму што празмерная жэстыкуляцыя адцягвае ўвагу слухачоў, стамляе іх і нават можа выклікаць смех;

-- жэсты павінны быць матываванымі, разнастайнымі, натуральнымі, адпавядаць зместу маўлення і сітуацыі зносін;

Аратар павінен пазбавіцца ад “дурных” звычак пры жэстыкуляцыі (калі яны ў яго ёсць) – моцна размахваць рукамі, стукаць кулаком па кафедры або стале, засоўваць рукі ў кішэні, паціскаць плячыма, качаць нагой, ківаць галавой, пагладжваць падбародак, хадзіць перад аўдыторыяй, залажыўшы рукі за спіну і інш.Трэба навучыцца кантраляваць сябе, сачыць за сваімі рухамі і жэстамі і стрымліваць празмерную жэстыкуляцыю. Калі аўдыторыя невялікая, не рэкамендуецца стаяць за кафедрай, паколькі яна зрокава аддзяляе аратара ад аўдыторыі, можна стаяць спераду або побач. Калі ж аўдыторыя вялікая, то лепш стаяць за кафедрай, каб трымаць у полі зроку ўсіх слухачоў.

Міміка (грэч. mimikos “акцёрскі, прытворны”) -- выразныя рухі мышцаў твару як адна з форм праяўлення пачуццяў. Міміка, як і жэсты, ажыўляе вуснае маўленне, робіць яго больш выразным і зразумелым, адыгрывае істотную псіхалагічную ролю.

Міміка, як рэкамендуе рыторыка, павінна быць:

-- натуральнай;

-- выражаць сапраўдны душэўны стан прамоўцы;

--адпавядаць сітуацыі і зместу паведамлення.

Да мімікі, як і да жэстыкуляцыі, падыходзіць старажытнае правіла “залатой сярэдзіны” – aurea mediocritas, якое дыктуе ўмеранасць і дарэчнасць.

Міміка аратара можа быць сур’ёзнай або вясёлай, але яна заўсёды павінна быць умеранай, натуральнай, дружалюбнай і ніколі не быць празмернай [8, с. 222]. Важны таксама і выраз твару, ён павінен быць сур’ёзным, але не нахмураным, тым больш не “застылым”, пустым. Старайцеся бачыць сябе збоку, навыкі самакантролю за ўласнай мімікай дапамагаюць выпрацаваць рэпетыцыі выступлення перад люстэркам.

Пастава – манера трымацца, становішча фігуры, корпуса, уласцівыя каму-н. Добрая пастава аратара вызначаецца стройнасцю, велічнасцю, прыстойнасцю і прыгажосцю ўсіх рухаў цела.

Яна характарызуецца наступнымі прыметамі: пазваночнік некалькі прагнуты ў паяснічнай частцы цела, плечы выпрастаны, шыя прамая, ніжнебрушныя мышцы злёгку напружаны, рукі свабодна апушчаны, ногі самкнуты ці троху расстаўлены, калені прамыя, ступні злёгку развёрнуты ў бакі; калі вага цела пераносіцца на адну нагу, то яна павінна быць прамой у калене, а другая трохі выстаўлена ўперад і аслаблена ў каленным суставе.



Поза (фр. pose) – становішча цела. У аратара павінна быць спакойная, натуральная і эстэтычная поза, якая б адпавядала канкрэтнай сітуацыі зносін, не адцягвала ўвагу слухачоў, не перашкаджала засваенню зместу паведамлення. Поза гаворачага залежыць ад асаблівасцей яго характару, тэмпераменту, узроўню культуры, звычак. Правільная, вызначаная зместам паведамлення і сітуацыяй зносін, поза аратара павышае эфектыўнасць яго ўздзеяння на слухачоў. Змяняць позу лепш за ўсё ў час маўлення, а не ў час паўзы. Перад аўдыторыяй трэба паводзіць сябе спакойна, не мітусіцца. Падрыхтуйцеся загадзя: складзіце ў належным парадку свае запісы, зазірніце ў люстэрка, папраўце прычоску, гальштук, зашпіліце гузікі і толькі пасля заходзьце ў аўдыторыю.

Паходка – хада, манера хадзіць. Пры правільнай паставе развіваецца правільная бытавая паходка Яна патрабуе, каб пяткі ставіліся на адной лініі, а наскі злёгку разварочваліся ў бакі, кожны крок суправаджаўся ўмеранымі ўзмахамі правай і левай рукі. Такая паходка выпрацоўваецца пры актыўнай рабоце мышцаў ног.

Поспех выступлення аратара перад любой аўдыторыяй у значнай ступені залежыць ад формы яго выканання.



8. Формы выканання выступлення

Формы выканання выступлення абумоўлены ступенню падрыхтаванасці аратара, яго індывідуальнымі здольнасцямі і густам. Вядомыя наступныя формы выступлення:

1) тэкст выступлення чытаецца па запісах (гэта форма дазваляе поўна і дакладна перадаць змест выступлення, але перашкаджае ўстанаўленню кантакту са слухачамі); “Той, хто, як раб, прывязаны да рукапісу, можа стаць добрым лектарам, але ніколі не будзе добрым аратарам ” [Х. Кюн]. У слухачоў узнікае антыпатыя да лекцыі, якая чытаецца па запісах;

2) тэкст выступлення завучваецца на памяць і расказваецца (такое выступленне стварае ўражанне непасрэднай, жывой размовы, але мае пагрозу для аратара парушыць паслядоўнасць выкладу, прапусціць асобныя факты, прыклады і г.д.);

3) тэкст пераказваецца сваімі словамі (захоўваецца непасрэднасць зносін са слухачамі, але могуць быць адступленні ад зместу паведамлення);

4) тэкст з′яўляецца апорай выступлення (у гэтым выпадку некалькі разоў перачытваецца і асэнсоўваецца напісаны тэкст, узнаўляецца ў памяці яго план і змест, падкрэсліваюцца асноўныя палажэнні, нумаруюцца пытанні, выдзяляюцца ключавыя словы, прозвішчы, назвы, статыстычныя дадзеныя, вызначаюцца пачатак і канец цытат, ілюстрацыйныя прыклады. У час выступлення лектар перыядычна зазірае ў тэкст); вольная прамова па канспекту з ключавых слоў лічыцца найбольш эфектыўнай.

5) выступленне без запісаў з папярэдняй падрыхтоўкай (такой формай выступлення неабходна авалодваць паступова: поўны тэкст → падрабязны канспект → сціслы канспект → план выступлення з цытатамі → выступленне без запісаў);

6) выступленне экспромтам, без папярэдняй падрыхтоўкі (цікавая, арыгінальная форма, але патрабуе глыбокай эрудыцыі аўтара, яго кампетэнцыі, падрыхтаванасці і дасведчанасці па ўсіх пытаннях выкладаемай тэмы).


: DocLib10 -> %D0%A3%D1%87%D0%B5%D0%B1%D0%BD%D0%BE-%D0%BC%D0%B5%D1%82%D0%BE%D0%B4%D0%B8%D1%87%D0%B5%D1%81%D0%BA%D0%B8%D0%B5%20%D0%BC%D0%B0%D1%82%D0%B5%D1%80%D0%B8%D0%B0%D0%BB%D1%8B%20%D0%BA%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80 -> %D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Гомельскi дзяржаўны Ўнiверсiтэт iмя францыска скарыны
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны”
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Лексікалогія варыянт 1 а што з’яўляецца прадметам вывучэння лексікалогіі?


1   ...   8   9   10   11   12   13   14   15   16


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка