Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь установа адукацыі “гомельскі дзяржаўны універсітэт імя францыска скарыны”



старонка15/16
Дата канвертавання15.05.2016
Памер2.8 Mb.
1   ...   8   9   10   11   12   13   14   15   16

Пытанні і заданні:


  1. Што такое лінгвапрагматыка? Што яна вывучае? Калі ўзнікла?

  2. Дайце азначэнне паняцця “маўленчы акт”. Якія кампаненты ў яго ўваходзяць?

  3. Што такое маўленчы намер? Абазначце сувязь паміж мэтай гаворачага і маўленчым актам.

  4. Назавіце віды маўленчых паводзін.

  5. Вызначце састаўныя элементы маўленчай камунікацыі. Якое месца ў ёй займае маўленчая падзея?

  6. Ахарактарызуйце дыскурс і маўленчую сітуацыю як кампанент маўленчай падзеі.

  7. Што ўключае дыскурс? Назавіце яго тыпы. Што суправаджае дыскурс?

8.Назавіце асноўныя жанры маўленчых зносін.

9.Якія формы мае маналагічнае маўленне?

10.Назавіце віды маналагічнага маўлення, якія вызначаюцца паводле яго мэты.

11.Якая мэта і жанры інфармацыйнай прамовы?

12.Вызначце маўленчы намер пераконваючай і заклікаючай да дзеяння прамовы, укажыце іх разнавіднасці.

13.Чым вызначаецца натхняльная прамова? Якія яна мае жанры? Укажыце мэту і жанры забаўляльнай прамовы. У чым яе адметнасці?

14.Што ўяўляе сабою давяральная прамова? Назавіце яе асноўныя разнавіднасці.

Літаратура:

1.Безменова, Н.А. Очерки по теории и истории риторики / Н.А. Безменова – М.: Наука, 1991.– 213 с.

2.Гаймакова, Б.Д. Основы риторики / Б. Д. Гаймакова . – М., 1991.

3.Дюбуа, Ж. Общая риторика / Ж. Дюбуа, Ф. Эделин, Ж.-М. Клинкенберг и др. – М., 1986. – 391 c.

4. Зарецкая Е.Н. Риторика. Теория и практика речевой коммуникации. Акад. нар. хозяйства при Правительстве Рос. Федерации / Е.Н. Зарецкая. – М.: «Дело», 1998 – 475 с.

5.Кохтев, Н.Н. Основы ораторской речи / Н.Н. Кохтев. – М.: Изд.во МГУ, 1992. – 238 с.

6.Львов, М.Р. Основы теории речи: Уч. пособие для студ. пед. вузов. – М.: Academia, 2000. – 245 с.

7.Михальская, А.К. Основы риторики: Мысль и слово / А.К. Михальская – М.: “Просвещение”, 1996 – 416 с..

8.Неориторика: Генезис, проблемы, перспективы: Сб. научно-аналитич. обзоров / Отв. Ред. Н.А. Безменова. – М.: Инион, 1987. – 213 с.

9. Хазагеров, Т.Г. Экспрессивная стилистика и методика анализа художественных текстов.// Проблемы экспрессивной стилистики. Сборник. Под ред. Т.Г.Хазагерова. Вып.2. -- Ростов н/Д.: Изд.-во Ростовского университета, 1992. С. 19-26.

Лекцыя № 17

Камунікатыўны кантакт і ўмовы яго дасягнення

План


1. Камунікатыўны кантакт, яго віды і ўмовы дасягнення.

  1. Прыёмы стварэння займальнасці выступлення.

  2. Прыёмы актывізацыі ўвагі.

  3. Стратэгія маўленчых паводзін.

  4. Асновы майстэрства размовы.


1. Камунікатыўны кантакт, яго віды і ўмовы дасягнення.

Як вядома, любое выказванне – вынік адной з дзвюх прычын або іх спалучэння: патрэбы выразіць свае пачуцці або жаданне падзяліцца думкамі. Таму ў працэсе выступлення адбываецца абавязковае ўзаемадзеянне аратара з аўдыторыяй. Даволі часта прамову называюць дыялогам, пры якім адзін гаворыць, а другі, слухаючы, удзельнічае ў размове.

Важнейшая задача аратара – абудзіць уласнае ўнутранае “я” слухачоў у працэсе выступлення. Падзяліцца думкай – значыць памножыць яе сілу. Першым надзённым патрабаваннем да аратара П. Сапер называе развіццё ў сабе адчування маўлення як узаемных зносін, у якіх думкі, словы, манеры пастаянна прыстасоўваюцца да слухачоў [6, с. 29].

У рытарычнай літаратуры аратара параўноўваюць з запалкамі: ён запальваецца ад трэння з паверхняй, пад якой разумеецца публіка. Па паводзінах аўдыторыі можна вызначыць іх адносіны да аратара: разуменне, неразуменне, адабрэнне, неадабрэнне яго слоў.

Як гумарыстычна адзначаў Х. Лемерман, слухачы падзяляюцца на дзве групы: адны не слухаюць, а другія ў большасці разумеюць няправільна [3, с.].

Такім чынам, камунікатыўны кантакт -- узаемаразуменне паміж аратарам і слухачамі ў працэсе выступлення. Камунікатыўны кантакт, заснаваны на рэалізацыі рытарычнага прынцыпу блізкасці да слухача, з’яўляецца важнай умовай дасягнення эфектыўнасці выступлення. Ён неабходны для пераканання слухачоў, мэтанакіраванага ўздзеяння на іх волю і розум, пачуцці, закліку іх да пэўнага дзеяння і прыняцця рашэнняў.

Ёсць розныя віды камунікатыўнага кантакту:

інтэлектуальны кантакт – адпаведнасць разумовых здольнасцей аратара ўзроўню развіцця слухачоў;

псіхалагічны кантакт – супадзенне душэўных перажыванняў, псіхічнага стану аратара і слухачоў;

эмацыянальны кантакт – адпаведнасць пачуццёвага стану, сістэмы перажыванняў;

зрокавы кантакт– уменне правільна накіраваць свой позірк, трымаць у полі зроку ўсю аўдыторыю;

галасавы кантакт – выпрацоўка правільнага пасылу, палётнасці гуку, уменне накіроўваць свой голас разам з позіркам [4, с. 105-109].

Камунікатыўны кантакт называюць таксама “пачуццём аўдыторыі”, якое праяўляецца ў тым, што ў аратара ўзнікае адчуванне жывога кантакту з гаворачым. Таму вельмі важна для ўстанаўлення камунікатыўнага кантакту са слухачамі ўлічваць асаблівасці аўдыторыі, перад якой прыходзіцца выступаць. А.П. Чэхаў у апавяданні “Скучная история” пісаў: “Хороший дирижёр, передавая мысль композитора, делает сразу двадцать дел: читает партитуру, машет палочкой, следит за певцом, делает движеніе то в сторону барабана, то валторны и проч. То же самое и я, когда читаю. Предо мною полтораста лиц, не похожих одно на другое, и триста глаз, глядящих мне прямо в лицо. Цель моя – победить эту многоголовую гидру. Если я каждую минуту, пока читаю, имею ясное представление о степени ее внимания и о силе разумения, то она в моей власти”.

Для ўстанаўлення пэўнага і працяглага камунікатыўнага кантакту ў час выступлення рэкамендуецца актыўна выкарыстоўваць трыадзіную схему інвенцыі “этас – логас – пафас”. Асобасныя, маральныя якасці аратара (шчырасць, непасрэднасць, адкрытасць, сур’ёзнасць, сціпласць, адказнасць, выхаванасць і інш.), а таксама яго неабыякавасць да зместу паведамлення, эмацыянальнасць, пафаснасць выступлення дапамагаюць выклікаць сімпатыю слухачоў і маюць выключна важнае значэнне для ўстанаўлення кантакту з імі. Адзінства слова і справы, прынцыповасць, эрудыцыя і кампетэнтнасць – важнейшыя маральна-этычныя крытэрыі дзейнасці аратара, якія садзейнічаюць даверу слухачоў і ўстанаўленню з імі кантакту.

Устанаўленню і падтрымцы кантакту са слухачамі дапамагае этыкет аратарскага маўлення, які ствараюць этыкетныя маўленчыя формулы – формулы знаёмства, прывітання, развітання, звароту, падзякі за ўвагу, а таксама камплементарныя формулы. Камплементарная форма зносін паказвае добразычлівасць аратара, які з павагай ставіцца да аўдыторыі і абуджае ў яе пачуццё ўласнай годнасці. Прываблівае слухачоў, выклікае іх сімпатыю і прыхільнасць усмешка на твары аратара.

На ўстанаўленне камунікатыўнага кантакту са слухачамі ў пэўнай ступені ўплывае тое, як аратар умее трымацца перад аўдыторыяй. Як акцёр на сцэне, так і аратар павінен помніць, што ён – у цэнтры ўвагі, за ім сочаць, назіраюць, яго слухаюць. Таму аратару важна мець прыстойны знешні выгляд, чыстае і акуратнае адзенне, прычоску, адпаведныя сітуацыі зносін, спакойна і ўпэўнена трымацца перад аўдыторыяй, валодаць цвёрдым і рашучым голасам.

Аратар павінен імкнуцца быць энергічным, эмацыянальным чалавекам, актыўнай і дзейснай асобай, паколькі энергічны чалавек прыцягвае ўвагу і выклікае сімпатыю іншых людзей.

У працэсе выкладу матэрыялу і разважання, пераконваючы слухачоў, аратару не трэба катэгарычна навязваць сваю думку, неабходна пазбягаць тэндэнцыйных, безапеляцыйных выказванняў, ні ў якім разе не быць агрэсіўным.

Важным для сувязі аратара з аўдыторыяй з’яўляецца візуальны кантакт. Як сцвярджаць псіхолагі, позірк у размове мае вялікае значэнне, паколькі каля 40% энергіі чалавека перадаецца праз вочы. Уменне правільна накіраваць свой позірк мае важнае значэнне для ўстанаўлення і падтрымкі камунікатыўнага кантакту. Нявопытны аратар часта пазбягае візуальнага кантакту са слухачамі, ён бянтэжыцца, баіцца пазіраць ім у вочы, пазірае ў акно, на столь, пад ногі, у прастору, у свае паперы і г.д., у выніку губляецца кантроль за аўдыторыяй, сувязь з імі, слухачы страчваюць увагу і цікавасць да паведамлення. Таму мэтазгодна ўмоўна падзяліць аўдыторыю на некалькі сектараў і паступова пераводзіць свой позірк з аной групы на другую, пазіраючы ў вочы слухачоў, затрымліваючы свой позірк і “чытаючы” па вачах іх рэакцыю. Так аратар будзе трымаць у полі зроку ўсю аўдыторыю.

Аратару рэкамендуецца таксама захоўваць галасавы кантакт – выпрацаваць правільны пасыл, палётнасць гуку, накіроўваць свой голас разам з позіркам. Правільны пасыл голасу, які вызначае яго гучнасць, залежыць ад памеру аўдыторыі і колькасці слухачоў. Эфектыўнаму галасавому кантакту спрыяе размоўны, натуральны характар выступлення, жывая размова са слухачамі. Таму не рэкамедуецца чытаць у час выступлення свае запісы. Трэба гаварыць са слухачамі, пазіраючы ім у вочы. Гэта будзе садзейнічаць спрыяльнаму ўспрыняццю маўлення.

Галоўны паказчык устанаўлення камунікатыўнага кантакту са слухачамі – іх станоўчая рэакцыя на словы аратара (увага, “рабочая” цішыня, адабрэнне яго слоў, усмешкі, апладысменты і інш.). У такой сітуацыі аратар трымаецца ўпэўнена, звяртаецца да слухачоў з пытаннямі і прапановамі, трымае ўсіх у поле зроку, чутка рэагуе на іх паводзіны, – “валодае” аўдыторыяй.

Для таго, каб развіць здольнасць да камунікатыўнага кантакту, аратару неабходна займацца саманазіраннем (сачыць за сабою ў час выступлення), самакантролем (сачыць за рэакцыяй слухачоў у час выступлення і карэкціраваць свае паводзіны), самаперакананнем (не зацыклівацца на сваіх былых няўдачах, заўсёды настройвацца на пазітыўны лад).

Устанаўленню і падтрымцы кантакту садзейнічае таксама займальнасць выступлення і актывізацыя ўвагі слухачоў.

2. Прыёмы стварэння займальнасці выступлення. Для таго, каб зрабіць сваё выступленне цікавым і займальным, неабходна ў першую чаргу ўлічваць асобасны фактар – адбіраць для выступлення матэрыял, які б закранаў асабістыя інтарэсы слухачоў, датычыўся іхняга “я”, узнімаў надзённыя праблемы, быў для іх цікавым.

Немалаважнае значэнне для стварэння займальнасці выступлення мае выкарыстанне наглядных сродкаў. Як вядома, зрокавыя нервы ў 50 разоў таўсцейшыя за слыхавыя. Тое, што мы бачым, запамінаецца намнога хутчэй, чым тое, што мы чуем. Таму ў выступленні, калі ёсць магчымасць, неабходна імкнуцца да нагляднасці выкладу, засваення праз канкрэтны вобраз. З гэтай мэтай мэтазгодна выкарыстоўваць наглядныя, візуальныя дапаможныя сродкі: ілюстрацыі, малюнкі, фотаздымкі, прадметы, схемы, табліцы. Адзначаныя наглядныя сродкі неабходна па-майстэрску ўключаць (убудоўваць) у выступленне. Для дэманстрацыі неабходна выбраць найбольш дасканалыя, выразныя, яркія малюнкі, фотаздымкі, слайды. Лепш паказаць меншую колькасць, але найбольш выразных здымкаў. Неабходна папярэдне ўважліва прадумаць каментарый ілюстрацыйнага матэрыялу, занатаваўшы ключавыя словы да яго, склаўшы тэкст. Каментарый павінен быць немнагаслоўным, сціслым і дакладным, сінхронным паказу ілюстрацый (нельга спачатку паказаць слайды, а пасля чытаць даклад), гаварыць яго неабходна гучна і выразна, звяртацца да слухачоў, а не да экрана. Калі закончана тлумачэнне, неабходна выключыць тэхнічныя сродкі, таму што яны будуць адцягваць увагу.

Пры выкарыстанні ў працэсе выступлення тэхнічных сродкаў неабходна іх папярэдняя падрыхтоўка, праверка і настройка. Неабходна перад выступленнем адрэпеціраваць дэманстрацыю наглядных матэрыялаў з дапамогай тэхнічных сродкаў. Тэхнічныя збоі ў час прамовы парушаюць камунікатыўны кантакт і псуюць уражанне ад выступлення.

Нагляднасць выступлення павышаюць таксама выяўленча-выразныя моўныя сродкі, прытчы, цікавыя здарэнні з асабістага жыцця, трапныя выслоўі, сімвалы і алегорыі, цытаты, рэмінісцэнцыі, алюзіі.

Для павышэння выразнасці можна рабіць у выступленні займальныя “інкрустацыі”, устаўкі-расказы пра цікавыя здарэнні ў жыцці вядомых людзей, пра незвычайныя факты і з’явы, малавядомыя рэчы. Гэта заўсёды прываблівае слухачоў, выклікае іх цікавасць і падтрымлівае ўвагу, тым самым павышае эфектыўнасць выступлення. А.П. Чэхаў у апавяданні “Скучная история” пісаў пра неабходнасць “ажыўлення” увагі слухачоў наступным чынам: “читаешь четверть, полчаса, и вот замечаешь, что студенты начинают поглядывать на потолок, на Петра Игнатьевича, один полезет за платком, другой сядет поудобнее, третий улыбнется своим мыслям... Это значит, что внимание утомлено. Нужно принять меры. Пользуясь первым удобным случаем, я говорю какой-нибудь каламбур. Все полтораста лиц широко улыбаются, глаза весело блестят, слышится недолго гул моря... Я тоже смеюсь. Внимание оживилось. Я могу продолжать”.

Пэўнае значэнне мае таксама знешняе, гукавое, акустыка-артыкуляцыйнае афармленне прамовы – аратар павінен імкнуцца выпрацаваць натуральную, некалькі афектаваную манеру выканання прамовы з узорнай дыкцыяй, правільным лагічным націскам і паўзіраваннем, дынамічным тыпам маўлення, разнастайным тонам голасу, яркай тэмбральнай афарбоўкай, багатым інтанацыйным афармленнем.

У працэсе выступлення лектар павінен пастаянна выкарыстоўваць разнастайныя прыёмы актывізацыі ўвагі слухачоў;

3. Прыёмы актывізацыі ўвагі слухачоў.

Улічваючы прынцып камунікатыўнага супрацоўніцтва, пажадана будаваць сваё маўленне такім чынам, каб яно пераўтваралася ў канструктыўны дыялог са слухачамі. Ёсць спецыяльныя мошныя прыёмы дыялагізацыі маналогу, якія садзейнічаюць актывізацыі ўвагі слухачоў, дазваляюць пераадолець дыстанцыю паміж аўтарам і слухачамі:



  1. выкарыстанне камунікатыўных займеннікаў я, вы, мы. Найбольш эфектыўнай з’яўляецца форма займенніка “мы” (т. зв. “мы сумеснае”), якая як бы запрашае слухачоў да сумеснага разважання, стварае эфект асабістага кантакту паміж аратарам і аўдыторыяй, дапамагае стварыць і перадаць атмасферу іх узаемаразумення;

  2. ужыванне т.зв. займеннікавых канкрэтызатараў, якія надаюць маўленню эфект своеасаблівага дыялогу, характар даверлівай размовы і ўзмацняюць такім чынам ступень кантактнасці: мы з вамі, усе мы, мы разам з вамі, кожны з нас і г.д.;

  3. выкарыстанне дзеяслоўных форм першай асобы множнага ліку, якія называюць сумеснае дзеянне, якое як бы аб’ядноўвае аратара і слухачоў, запрашае іх прыняць удзел у абмеркаванні пытанняў выступлення: Паспрабуем зразумець, зробім агаворку, скажам гэта так, вернемся да гэтага пытання, узважым усе доказы, падумаем пра гэта, давайце будзем шчырымі і інш. Дзеясловы такога тыпу могуць выконваць функцыю арыентацыі слухача на накірунак выкладу: адзначым, запішам, растлумачым, пяройдзем да наступнага пытання, успомнім і да т.п;

  4. ужыванне пабочных канструкцый з займеннікамі і дзеясловамі ў форме другой асобы, якія выражаюць зварот да вопыту і ведаў слухачоў, дазваляюць арганізаваць сувязь асобных частак выступлення і арганічна перайсці ад адной часткі да другой: як вы пераканаліся, як вы разумееце, як вы здагадваецеся, як бачыце, як вы ведаеце і інш;

  5. увядзенне канструкцый з даданымі дапаўняльнымі, якія маюць дадатковыя ацэначныя адценні: вядома, што…; зразумела, што…; ясна, што…; відавочна, што…;

  6. уключэнне пабуджальных канструкцый з імператыўнымі формамі дзеясловаў, якія выражаюць зварот да слухачоў і заклік да пэўнага дзеяння: адзначце, прааналізуйце, запомніце, згадзіцеся і інш;

  7. зварот да формы пытанняў і адказаў, якая стварае сітуацыю непасрэдных зносін і надае паведамленню размоўны характар.

Улічваючы логіку і паслядоўнасць выкладу, прамоўца (лектар) павінен прадбачыць пытанні слухачоў. Задаючы аўдыторыі пытанне, аратар сам на яго адказвае.

Пытанні, якія аратар задае адрасату ў пачатку выступлення для пастаноўкі праблемы і абгрунтавання формы свайго разважання, называюцца прыёмам дубітацыі (ад лац. dubitatio “сумленне, ваганне”). Пытанне, якое аўтар задае слухачам, улічваючы логіку і паслядоўнасць выкладу матэрыялу, і на якое сам жа адказвае, называецца прыёмам аб’ектывацыі (ад лац. objectivus “знешні, незалежны”).



4. Стратэгія маўленчых паводзін.

Як ужо адзначалася, камунікатыўны кантакт, заснаваны на рэалізацыі рытарычнага прынцыпу блізкасці да слухача, з’яўляецца важнай умовай дасягнення эфектыўнасці выступлення. Устанаўленне і падтрымка поўнага і працяглага камунікатыўнага кантакту прыводзіць да камунікатыўнага супрацоўніцтва, якое ляжыць у аснове эфектыўных маўленчых зносін.

У сучаснай навуковай літаратуры па рыторыцы вызначаюцца розныя прынцыпы камунікатыўнага супрацоўніцтва (правілы маўленчых паводзін), і адпаведныя ім стратэгіі маўленчых паводзін і стылі гаворачых [4, с. 96-98].

Схематычна гэта можна ўявіць наступным чынам:




Прынцып камунікатыўнага супрацоўніцтва








1. Не навязвайся субяседніку

2. Выслухай субяседніка

3. Будзь дружалюбным







Стратэгія адштурхоўвання

Стратэгія адказу ад выбару

Стратэгія блізкасці







Тэндэнцыя да незалежнасці




Тэндэнцыя да збліжэння







Дыстантны стыль

Прамежкавы стыль

Сяброўскі стыль

Першае правіла маўленчых паводзін (“не навязвайся”), накіраванае на камунікатыўнае супрацоўніцтва, засноўваецца на захаванні “суверэнітэта” слухача (Лакофф). Гэта значыць, што гаворачы не павінен залішне катэгарычна, безапеляцыйна выказваць сваё меркаванне, навязваць сваю думку слухачам, не ўлічваць іх меркаванне або магчымасць самастойнага выбару імі вырашэння абмяркоўваемай праблемы. Такое камунікатыўнае супрацоўніцтва адбываецца без эмацыянальнага кантакту паміж адрасатам і адрасантам маўлення, паколькі аратар вытрымлівае пэўную дыстанцыю ў адносінах да слухачоў, з’яўляецца стрыманым, трымаецца холадна, афіцыйна. Гэта прыводзіць да стратэгіі адштурхоўвання ад слухача, якая ў сваю чаргу абумоўлівае тэндэнцыю да незалежнасці, як паказана на схеме. Падобны тып зносін аратара з аўдыторыяй кваліфікуецца як дыстантны стыль.

Другое правіла маўленчых паводзін (“выслухай субяседніка”), разлічанае на камунікатыўнае супрацоўніцтва, прадугледжвае неабходнасць пастаяннага ўзаемадзеяння ўдзельнікаў зносін, наяўнасць зваротнай сувязі паміж аратарам і слухачамі, вынікам чаго з’яўляецца іх узаемаразуменне, устанаўленне камунікатыўнага кантакту. Гаворачы павінен даць магчымасць субяседнікам выказаць сваё меркаванне, нават калі яно не супадае з яго ўласным бачаннем праблемы, з павагай паставіцца да іншай думкі, улічыць пэўныя прапановы і пажаданні адрасата. Важнае значэнне пры гэтым мае папярэдняе вывучэнне аратарам аўдыторыі, веданне сітуацыі зносін і яе ўдзельнікаў, аб чым гаварылася вышэй. Такі тып узаемадзеяння з аўдыторыяй фарміруе стратэгію адказу ад выбару: гаворачы дае выбар танальнасці зносін, характару ўзаемадзеяння слухачам. Гэта камунікатыўнае супрацоўніцтва вызначаецца як прамежкавы (сярэдні ) стыль.

Трэцяе правіла (“будзь дружалюбным”) прадугледжвае праяўленне станоўчых эмоцый у працэсе ўзаемадзеяння аратара з аўдыторыяй. Яно звязана з выражэннем добразычлівасці, прыхільнасці, сімпатыі і павагі да слухачоў, зацікаўленасці іх інтарэсамі, неабыякавасці да зместу размовы. Неабходным элементам такіх зносін з’яўляецца ўсмешка на твары аратара. Адзначаны прынцып камунікатыўнага супрацоўніцтва прыводзіць да стратэгіі блізкасці гаворачага і слухачоў, ён развівае тэндэнцыю да збліжэння і фарміруе сяброўскі стыль зносін.

Практычны выбар правіл маўленчых паводзін, стратэгіі ўзаемадзеяння аратара з аўдыторыяй і стылю зносін залежыць як ад асобасных якасцей аратара (яго характару, тыпу тэмперамента, узросту, адукацыі, прафесіі) , так і ад аб’ектыўных умоў (характару аўдыторыі, тыпу прамовы, сітуацыі зносін і г.д.).


  1. Асновы майстэрства размовы.

Кожны чалавек павінен валодаць майстэрствам зносін, уменнем праводзіць гутаркі і спрэчкі. Асабліва важна гэта ўменне для тых, чыя прафесійная дзейнасць звязана са словам – педагогаў, псіхолагаў, журналістаў, палітыкаў, юрыстаў.

Гутарка як узаемная размова, слоўныя зносіны паміж людзьмі, абмен думкамі з’яўляецца адным з самых неабходных элементаў грамадскага жыцця. Яшчэ з часоў антычнасці ўменню сацыяльнай камунікацыі, маўленчых зносін у грамадстве надавалася вялікая ўвага. У наш час гэтай праблемай займаецца камунікатыўная лінгвістыка, лінгвапрагматыка, неарыторыка, якая вывучае маўленчую дзейнасць чалавека.

Праблема майстэрства гутаркі заўсёды цікавіла рыторыку. У наш час гэта праблема асабліва актуальная, паколькі ў сучасным грамадстве збядняецца, спрашчаецца працэс маўленчых зносін, губляецца маўленчы этыкет, страчваюцца і не развіваюцца здольнасці да цікавай і канструктыўнай размовы, яе месца ўпэўнена займае маналог, які паступова манапалізаваў сферу зносін і падмяніў дыялог. У сувязі з гэтым у працэсе навучання асаблівую ўвагу неабходна звяртаць на развіцце ў маладога пакалення здольнасці да канструктыўных маўленчых зносін, на фарміраванне ўмення правільна, дакладна і карэктна выказваць свае погляды, меркаванні, абменьвацца думкамі, умець не толькі гаварыць, але і слухаць субяседніка.

Самае галоўнае ў канструктыўнай размове – умець пераносіць увагу з сябе і сваіх інтарэсаў на тэму размовы i свайго субяседніка. Як адзначаў Ларошфуко, “каб спадабацца іншым, неабходна гаварыць з імі пра тое, што прыемна ім і што займае іх, ухіляцца ад спрэчак аб прадметах малаважных, рэдка задаваць пытанні і ні ў якім выпадку не даць ім западозрыць, што можна быць разумней, чым яны”. У залежнасці ад таго, наколькі чалавек умее слухаць у размове субяседніка, пераключацца на яго інтарэсы, выдзяляюцца два тыпы субяседнікаў: “адкрыты” і “закрыты”.

“Адкрыты” тып субяседніка праяўляе цікавасць і ўвагу да партнёра, ставіцца са шчырай павагай да яго, не перабівае гаворачага, умее слухаць і імкнецца зразумець субяседніка, уступае яму ініцыятыву ў размове, не абыякавы да тэмы гутаркі.

“Закрыты” тып субяседніка імкнецца захапіць у размове ініцыятыву, у першую чаргу выказацца самому, паказаць сябе, перабівае партнёра, абрывае яго на паўслове; задаўшы пытанне, не чакае і не слухае адказ на яго.

У адпаведнасці з гэтымі тыпамі субяседніка вызначаюцца “адкрытая” і “закрытая” стратэгіі маўленчых паводзін, якія маюць розныя мэты. У аснове “адкрытай” стратэгіі маўленчых паводзін “вы – падыход” да субяседніка. Яна вызначаецца ўменнем выслухаць субяседніка, уважліва паставіцца да яго, даведацца, як яго імя, хто ён па прафесіі, зразумець, чым ён цікавіцца, што для яго важна, знайсці тэму, блізкую яго інтарэсам, не перапыняць самому размову, не перабіваць, не імкнуцца захапіць ініцыятыву, выказваць адабрэнне яго словам, паўтараць іх, тактоўна задаваць пытанні, не быць кагэгарычным у сваіх выказваннях, не паказваць сваю перавагу ў чымсьці. Такая стратэгія маўленчых паводзін з’яўляецца прадуктыўнай, яна спрыяе канструктыўным адносінам з субяседнікам.

“Закрытая” стратэгія маўленчых паводзін засноўваецца на “я – падыходзе” да субяседніка і праяўляецца ў імкненні больш гаварыць, чым слухаць, паўтараць свае словы (“як я сказаў”), праяўляць абыякавасць да меркаванняў, інтарэсаў і імкненняў субяседніка, быць катэгарычным і безапеляцыйным у сваіх выказваннях, заўважаць і адзначаць промахі субяседніка і не бачыць яго станоўчых якасцей, выбіраць тэму размовы толькі паводле сваіх інтарэсаў. Гэта неканструктыўная, непрадуктыўная стратэгія маўленчых паводзін. Слушна пра такі тып размовы у свой час напісаў Л.М. Талстой: “Не от недостатка ума нет разговора, а от эгоизма. Всякий хочет говорить о себе или о том, что его занимает; ежели один говорит, другой слушает, то это не разговор, а преподавание”.

Сучасная рыторыка, разглядаючы асновы майстэрства размовы, выдзяляе розныя тыпы гутаркі ў сувязі з сітуацыяй зносін, удзельнікамі размовы і яе зместам:


  • вольная гутарка з блізкімі або добра знаёмымі людзьмі, якая не мае дакладнай тэмы і адбываецца ў непасрэдных, сяброўскіх зносінах, мэта такой гутаркі – абмяняцца думкамі, уражаннямі, пачуццямі або проста правесці вольны час;

  • першая гутарка з незнаёмым чалавекам, тэма такой размовы можа быць адвольнай, а мэта – знаёмства з пэўнай асобай, назіранне за новым чалавекам, вывучэнне яго;

  • дзелавая гутарка ў афіцыйных абставінах з вызначанай тэмай і ходам размовы, яе мэта – вырашыць прафесійныя або дзелавыя пытанні; задаволіць свае інтарэсы ў сферы афіцыйных зносін;

-- застольная гутарка, прымеркаваная да якой-небудзь знамянальнай падзеі або асобы, мэта якой – пазабавіць прысутных, весела і цікава правесці вольны час [4, с. 320].

Першы тып гутаркі, сяброўская размова – вольная, непасрэдная размова, у працэсе якой удзельнікі атрымліваюць задавальненне ад зносін, гэта дыялог асоб, якія шчыра цікавяцца адзін адным, маюць агульныя інтарэсы, захапленні, радуюцца поспехам іншых, адчуваюць гармонію і згоду галасоў у дыялогу. Размова можа быць сяброўскай толькі, калі ў ёй прымаюць удзел субяседнікі “адкрытага” тыпу, якія ажыццяўляюць “адкрытую” стратэгію маўленчых паводзін.

Другі тып – першая гутарка з незнаёмым чалавекам – размова па неадходнасці, для знаёмства, з ветлівасці, таму што так патрабуе этыкет. Такую размову называюць “свецкай”, падкрэсліваючы яе этыкетны, ветлівы характар. Структура такой размовы трохкампанентная: пачатак, сярэдзіна, канец.

Пачатак размовы ўключае знаёмства, пытанні асабістага характару, каб даведацца пра імя, прафесію, род заняткаў, інтарэсы і захапленні субяседніка, і ў працэсе гэтага знайсці агульныя інтарэсы, пункты сутыкнення. Пры першай размове з незнаёмым чалавекам рэкамендуецца ўважліва прыгледзецца да яго, знайсці што-небудзь пазітыўнае і сказаць камплемент, выказаць пахвалу, адабрэнне, захоўваць уважлівы, зацікаўлены позірк, добразычлівую ўсмешку, прапанаваць яму пэўную паслугу або папрасіць аб невялікай дапамозе. Гэта садзейнічае фарміраванню прыемнага ўражання ад знаёмства .

Сярэдзіна размовы, яе працяг грунтуецца на прыёмах “разгаварыць” субяседніка. Рэкамендуецца задаваць пытанні асабістага або фактычнага характару, якія павінны вызначыць тэму або прадмет размовы, цікавы для абодвух. Гэтыя пытанні дапамогуць выклікаць субяседніка на размову пра сябе, сваю працу, вольны час. Пытанні неабходна суправаджаць выказваннем уласных думак і ўражанняў, актыўным слуханнем субяседніка, адабрэннем яго выказванняў.

Канец размовы мае важнае значэнне для яе прадуктыўнасці. Неабходна тактоўна “выйсці з размовы”. Калі субяседнік старэйшы па ўзросце або статусу, трэба ўважліва сачыць за яго паводзінамі, зрабіць паўзу, каб ён сам мог “закругліць” размову. У іншых выпадках можна самому праявіць ініцыятыву завяршэння дыялогу. У канцы размовы рэкамендуецца падзякаваць субяседніку і выказаць надзею на наступныя сустрэчы. Калі размову патрабуецца тэрмінова перапыніць, варта папрасіць прабачэння, падзякаваць субяседніка і прапанаваць сустрэцца ў будучым для працягу размовы. Фінал размовы павінен мець канструктыўны, камплементарны і аптымістычны характар [4, с. 328-332].



Дзелавая размова – трэці тып – адбываецца ў афіцыйных абставінах, у сітуацыі дзелавых зносін, таму мае некаторыя асаблівасці. Яна накіравана на вырашэнне канкрэтнага пытання. Як адзначаецца ў літаратуры, “важнейшая асаблівасць дзелавых зносін заключаецца ў тым, што неабходна ўмець ладзіць адносіны з рознымі людзьмі, дабіваючыся максімальнай эфектыўнасці дзелавых кантактаў” [1, с. 8].

Калі дзелавая размова плануецца загадзя, неабходна рыхтавацца да яе. У працэсе папярэдняй падрыхтоўкі вызначаецца тэма, мэта, задачы размовы, абдумваецца стратэгія і тактыка яе правядзення, асэнсоўваецца структура і змест асноўных частак – пачатку, сярэдзіны і фінала. Галоўная мэта дзелавой размовы – атрымаць станоўчы адказ на сваю просьбу або прапанову

Пасля традыцыйнага прадстаўлення ў пачатку размовы праводзіцца фаза апытвання, мэта якой – вызначыць пазіцыю, інтарэсы, магчымасці субяседніка, выказаць свой намер і жаданне. Вельмі важная ў дзелавой размове тэхніка пастаноўкі пытанняў, якая накіравана на тое, каб перахапіць і ўтрымаць у размове ініцыятыву, дыялагізаваць зносіны, актывізаваць субяседніка і атрымаць ад яго неабходную інфармацыю. Ініцыятыва самому задаваць пытанні дасць магчымасць пазбегнуць залішняй катэгарычнасці, надасць размове характар непасрэднасці і жывасці, выкліча давер субяседніка.

Асноўная частка размовы прысвечана збору інфармацыі ў адпаведнасці з мэтай сустрэчы. Гэта больш поўнае і падрабязнае знаёмства з магчымасцямі партнёра, яго пазіцыяй у адносінах да разглядаемай праблемы. Адзначаная мэта дасягаецца пры дапамозе пытанняў рознага тыпу: “адкрытых” пытанняў, якія патрабуюць ад субяседніка даць поўны канкрэтны адказ; рытарычных пытанняў, якія не патрабуюць адказу, а прымушаюць субяседніка ўнутрана пагадзіцца з вашай пазіцыяй; пытанняў для абдумвання, вынікам якіх з’яўляецца разважанне партнёра над праблемай і “закрытых” пытанняў, адказ на якія павінен быць адназначным: “так, не”.

У канцы размовы неабходна зрабіць рэзюме, выказаць асноўную думку ў выразнай форме. Прымаць рашэнне неабходна на этапе згоды і эмацыянальнага ўздыму зносін, а не ў момант іх спаду і супярэчнасці. Пры станоўчым рашэнні неабходна падзякаваць партнёру, пры адмоўным – выказаць надзею на магчымасць пазітыўнага рашэння і супрацоўніцтва ў будучым. Калі ж ваш субяседнік вагаецца і не прымае рашэння, трэба яго падштурхнуць, задаўшы “закрытае” пытанне, якое патрабуе адказу : “ так” або “не” [4, с. 336-341].

Апошні тып размовы – застольная гутарка – звязаны з пэўнай знамянальнай датай у жыцці якой-небудзь асобы або ўстановы, важнай падзеяй у жыцці грамадства. Важнейшым элементам такой гутаркі з’яўляецца тост. Асноўныя асаблівасці тоста як жанру эпідэйктычнай прамовы–лаканічнасць,афарыстычнасць,гумарыстычнасць, эмацыянальнасць і экспрэсіўнасць. Прадметам разважання ў тостах з’яўляюцца маральныя каштоўнасці – каханне, сяброўства, вернасць, шчасце, прыгажосць і г.д. Паколькі тост павінен забаўляць прысутных, весяліць іх, ён звязаны з загадкай, намёкам. Слухачы могуць адразу і не здагадацца, якой жа будзе разгадка тоста. Тост мае трохкампанентную структуру: экспазіцыя (завязка), развіццё (асноўная частка) і развязка [4, с. 345-346].




Каталог: DocLib10 -> %D0%A3%D1%87%D0%B5%D0%B1%D0%BD%D0%BE-%D0%BC%D0%B5%D1%82%D0%BE%D0%B4%D0%B8%D1%87%D0%B5%D1%81%D0%BA%D0%B8%D0%B5%20%D0%BC%D0%B0%D1%82%D0%B5%D1%80%D0%B8%D0%B0%D0%BB%D1%8B%20%D0%BA%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80 -> %D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Гомельскi дзяржаўны Ўнiверсiтэт iмя францыска скарыны
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны”
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Лексікалогія варыянт 1 а што з’яўляецца прадметам вывучэння лексікалогіі?


Поделитесь с Вашими друзьями:
1   ...   8   9   10   11   12   13   14   15   16




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал