Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь установа адукацыі “гомельскі дзяржаўны універсітэт імя францыска скарыны”


Роля Арытоцеля ў развіцці класічнай рыторыкі



старонка2/16
Дата канвертавання15.05.2016
Памер2.8 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   16

Роля Арытоцеля ў развіцці класічнай рыторыкі.

Арыстоцель (384 – 322 гг. да н.э.) – вядомы філосаф старажытнасці, якому належыць значная роля ў развіцці старажытнагрэчаскай рыторыкі. Арыстоцель быў вучнем Платона, займаўся ў Афінах у яго Акадэміі. Пасля смерці Платона пакінуў Афіны, некаторы час быў выхавальнікам Аляксандра Македонскага, пасля вярнуўся ў Афіны, дзе стварыў сваю школу Лікей (па назве храма Апалона Лікейскага, паблізу якога яна знаходзілася). Пры школе быў сад з крытымі галерэямі для прагулак (peripatos), і паколькі заняткі праходзілі там, школа атрымала назву перыпатэтычнай, яе вучні – перыпатэтыкаў.

Арыстоцель быў вучоным-энцыклапедыстам. Ён падвёў вынік развіццю філасофскай думкі ад яе пачатку ў Старажытнай Грэцыі і да Платона, сістэматызаваў веды, падзяліўшы ўсе навукі на тры групы : тэарэтычныя, мэта якіх – веды (філасофія, матэматыка і фізіка), практычныя, прызначаныя кіраваць паводзінамі чалавека (этыка, эканоміка і палітыка) і творчыя, прызначэнне якіх – дасягненне прыгожага (паэтыка, рыторыка і мастацтва).

Арыстоцель паспрабаваў спалучыць рыторыку з філасофіяй. У рыторыцы ён падкрэсліваў арганічнае адзінства думкі і слова, лічыў рыторыку творчым працэсам думкі і пачуццяў, ажыццяўляемым пры дапамозе слова, адрасаванага слухачам. У аснову аратарскага майстэрства Арыстоцель паклаў лагічныя сродкі пераканання, пры доказе свайго пункту гледжання аратар павінен абапірацца на навуковы метад, а не на патэтыку і эмоцыі.

Думкі аб аратарскім майстэрстве Арыстоцель выказваў у многіх працах (у тым ліку і ў трактаце “Паэтыка”), але найбольш поўна праблемы рыторыкі ён разглядаў у кіраўніцтве па красамоўстве “Рыторыка”. Гэта адзіная старажытнагрэчаская рыторыка, якая захавалася у параўнальна цэлым выглядзе. “Рыторыку” Арыстоцеля называюць аргументуючай, яна цесна звязана з майстэрствам дыялектыкі. “Рыторыка” складаецца з трох кніг.

У першай кнізе Арыстоцель дае наступнае азначэнне рыторыкі: “Рыторыка – мастацтва знаходзіць магчымыя спосабы пераканання адносна любога прадмета”. Маўленне складаецца з трох элементаў: таго, хто гаворыць, прадмета, пра які ён гаворыць, і асобы, да якой ён звяртаецца і якая ёсць канечная мэта ўсяго. Ёсць тры тыпы прамоў, якія вызначаюцца трыма параметрамі – месцам, часам і мэтай: дарадчая (задача якой угаворваць або адгаворваць, суадносіцца з будучым часам), судовая (задача – абвінавачваць або апраўдваць, адпавядае прошламу часу) і эпідэйктычная (усхваляць або асуджаць, звязана з цяперашнім часам). Выдзяляе Арыстоцель і этапы падрыхтоўкі да выступлення: вынаходніцтва, размяшчэнне, слоўнае афармленне, запамінанне і выкананне. Арыстоцель указвае на асобасныя якасці аратара, якія выклікаюць у слухачоў давер: разважлівасць, дабрадзейнасць, добразычлівасць.

У другой кнізе Арыстоцель выдзяляе важнейшыя кампаненты аратарскага мастацтва: аратар, аўдыторыя, прамова. Дзеянне пераконваючай прамовы залежыць ад трох момантаў: маральнага характару гаворачага, якасці самой прамовы, настрою слухачоў.

У трэцяй кнізе, як адзначае Арыстоцель, разглядаюцца тры пытанні: адкуль браць спосабы пераканання, аб стылі, як размяшчаць часткі прамовы. Асноўная ўвага ў гэтай кнізе звяртаецца на стыль.

Асноўнай вартасцю стылю Арыстоцель называе яснасць выкладу: калі маўленне не яснае, яно не дасягае сваёй задачы. Стыль не павінен быць ні нізкім, ні празмерна ўзвышаным, ён павінен адпавядаць прадмету размовы. Не менш важнай умовай эфектыўнасці прамовы з’яўляецца дакладнасць словаўжывання і правільнасць маўлення. Аснову стылю складае ўменне гаварыць правільна. А для гэтага неабходна ўмела размяшчаць словы пры пабудове фразы і дакладна абазначаць апісваемыя прадметы. Стыль аратара павінен быць напоўнены пачуццём, эмоцыямі, але яны павінны адпавядаць зместу выступлення. Узорнае аратарскае маўленне павінна вызначацца пэўнай рытмікай і выразнасцю, якая ствараецца ўмела і да месца падабранымі метафарамі, эпітэтамі, параўнаннямі, загадкамі, гіпербаламі, памяншальнымі імёнамі і іншымі моўнымі сродкамі, але пры гэтым павінна быць умеранасць у іх выкарыстанні.

Арыстоцель разглядае таксама моўныя асаблівасці розных тыпаў прамовы: дарадчай, судовай і эпідэйктычнай. Аналізуючы сродкі стварэння выразнасці і прыгажосці стылю, ён , аднак, адзначае, што ўсе яны падпарадкаваны асноўнай задачы – дасягненню ведаў, перакананню, арганізацыі грамадскай думкі. Такім чынам, Арыстоцель у “Рыторыцы” апісаў сістэму якасцей аратарскага выступлення: яснасць, дакладнасць, правільнасць, эмацыянальнасць, выразнасць, умеранасць, дарэчнасць, змястоўнасць і дзейснасць.

Разглядаючы кампазіцыю прамовы, Арыстоцель выдзяляе ў ёй дзве важнейшыя часткі: папярэдні выклад і перакананне, а ў цэлым структуру выступлення ўяўляе наступным чынам: уступ; папярэдні выклад; перакананне (складаецца з задачы і доказу); заключэнне, характарызуе асаблівасці кожнай часткі ў розных тыпах прамоў.

Арыстоцель размяжоўваў стыль пісьмовага і вуснага маўлення, адзначаючы ў першым перавагу дакладнасці і пэўную стрыманасць, а ў другім – жывасць і артыстычнасць.

5. Рытарычная дзейнасць Дэмасфена.

Калі гаварыць пра практычную рэалізацыю функцый рыторыкі, то ў якасці ўзору неабходна назваць аратарскую дзейнасць Дэмасфена (к. 384 – 322 гг. да н.э.), які дасягнуў вяршыні красамоўства ў Старажытнай Грэцыі. Дэмасфен па праву лічыцца першай зоркай у аратарскай эліце антычнасці. Яго літаратурная спадчына налічвае 61 тэкст прамоў (некаторыя з якіх маюць па сто і больш старонак), 56 уступаў да прамоў і некалькі пісьмаў.

Дэмасфен быў сынам багатага рамесніка, але пасля смерці бацькі (калі Дэмасфену было ўсяго сем гадоў), апекуны прысвоілі сабе большую частку грошай і маёмасці. Каб адсудзіць маёмасць, Дэмасфен пачаў вывучаць афінскія законы і аратарскае майстэрства. Яго настаўнікамі былі Ісакрат і Ісей. Апекуноў асудзілі, а Дэмасфен пачаў рыхтавацца да аратарскай дзейнасці. Каб здабыць сродкі на жыццё, працаваў лагографам. Першыя яго выступленні не мелі поспеху. У яго быў слабы голас, ён гаварыў невыразна, злёгку заікаўся, картавіў, пацепваў плячом і не ўмеў трымацца перад публікай. Але ён вырашыў выправіць гэтыя недахопы, адасобіўся, падоўгу не выходзіў з дому і настойліва практыкаваўся. Пасля доўгіх намаганняў дасягнуў сваёй мэты, стаў выдатным аратарам. Але ніколі не выступаў без падрыхтоўкі, старанна рыхтаваў тэкст выступлення, абдумваючы кожнае слова, завучваў загадзя запісанае выступленне на памяць. Вялікае значэнне надаваў дыкцыі, міміцы, прасторавым паводзінам аратара перад аўдыторыяй.

Прастата выкладу ў Дэмасфена спалучалася вялікай сілай думкі і пачуцця. Яго прамовы былі насычаны разнастайным фактычным матэрыялам, мелі шмат аўтарскіх назіранняў і характэрных дэталей. Глыбокі псіхолаг, знаходлівы палеміст, ён умеў трымаць слухачоў у напружанні, выклікаць увагу аўдыторыі і затрымаць яе да канца выступлення. Палымяны аратар антымакедонскай дэмакратычнай групоўкі ў Афінах, ён стварыў прамовы, напоўненыя пафасам, дынамізмам і моцнай экспрэсіяй.

Дэмасфен абгрунтаваў пэўныя маральна-этычныя прынцыпы і нормы, якімі павінен кіравацца аратар. Красамоўства, як лічыў Дэмасфен, павінна быць сацыяльна накіраваным, звязаным з палітычнай дзейнасцю. Аратар павінен быць аб’ектыўным, не кіравацца пачуццём непрыязнасці або жаданнем усхваляць каго-небудзь. Паміж выступленнем аратара і яго практычнай дзейнасцю не павінна быць разыходжання.

Такім чынам, да 1У ст. да н.э. у Старажытнай Грэцыі былі вызначаны асноўныя функцыі і задачы рыторыкі, выдзелены і апісаны важнейшыя тыпы прамоў, створана методыка навучання аратарскаму мастацтву, выпрацаваны каноны ўзорнай аратарскай прамовы. Старажытнагрэчаская рыторыка была дасягненнем высокай духоўнай культуры Элады. Яна выпрацавала адметны строгі стыль класічнай прамовы – атычны стыль (атыцызм). З вялікай колькасці атычных аратараў найлепшымі пазней былі прызнаны толькі дзесяць. На аснове адбору, зробленага пергамскімі вучонымі ў П ст. да н.э., быў складзены так званы “Канон дзесяці атычных аратараў” , у які ўвайшлі Антыфон, Алкід, Лісій, Ісакрат, Ісей, Лікург, Дэмасфен, Эсхіл, Гесперыд, Дынарх.

З другой палавіны 1У ст. да н.э. пачынаецца новы перыяд антычнай культуры – элінізм. У выніку падзення старажытнагрэчаскай дэмакратыі змяншаецца роля аратарскага мастацтва. Аратары надаюць больш увагі знешняму, слоўнаму афармленню выступлення, імкнуцца да прыгажосці і выразнасці стылю выкладу. Даследуюцца выяўленча-выразныя моўныя сродкі, вывучаюцца праблемы культуры маўлення і стылістыкі. Фарміруецца азіяцкі стыль (азіянізм), які ўзнік у гарадах Малой Азіі, яго вывучалі Гермаген, Феадор Гадарскі, Лангін. Гэты стыль характарызуецца празмернай патэтыкай, пафаснасцю, арнаментальнасцю, павышанай увагай да слоўнага афармлення і ўпрыгожвання выказвання.

Некаторыя тэарэтыкі і практыкі аратарскага мастацтва не падтрымлівалі азіяцкі стыль, крытыкавалі яго і імкнуліся адрадзіць класічныя рытарычныя традыцыі. Так узнікае новаатычны стыль, які ўзнаўляе класічныя каноны, строгі стыль аратарскай прамовы.

Прадстаўніком гэтага стылю можна назваць выдатнага рытара Дыянісія Галікарнаскага (к. 55 – к. 8 гг. да н.э.), які быў родам з горада Галікарнас у Малой Азіі. У сваіх працах “Пра старажытных аратараў”, “Аб аратарскім мастацтве Дэмасфена”, “Аб злучэнні слоў”, “Рымская старажытнасць” на матэрыяле ўзораў стылю атычных аратараў 1У ст. да н.э. ён сфармуляваў асноўныя прынцыпы атыцызму, падтрымаў вядомае вучэнне Арыстоцеля аб трох стылях і тыпах прамоў, паказаў важнейшыя рытарычныя каноны і прыёмы. Асаблівую ўвагу ён надаваў гукавому афармленню маўлення, аб’яднаў этычныя, эстэтычныя і фізічныя характарыстыкі гукаў, развіў тэорыю рытмаў. Ён вывучаў правілы падбору слоў і сувязі іх у сказе, лічыў, што парадак слоў павінен адпавядаць патрабаванням як логікі, так і эстэтыкі.

Старажытнагрэчаскі этап у развіцці рыторыкі завяршаецца яе перамяшчэннем з грамадска-палітычнай сферы ў вучэбную. Пры вывучэнні рыторыкі асноўная ўвага звяртаецца на школьныя дэкламацыі, складанне прамоў на вымышленыя тэмы, знешняе ўпрыгожванне стылю прамоў.



П. Старажытнарымская рыторыка

1. Рытарычная дзейнасць Цыцэрона.

Наступны этап у развіцці рыторыкі пачынаецца на мяжы 1 ст. да н.э. і 1 ст. н.э. і звязаны са Старажытным Рымам. У Старажытным Рыме ў перыяд рэспубліканскага ладу асноўнымі дзяржаўнымі органамі былі сенат, народныя сходы і суды, дзе мог выступіць любы грамадзянін. Як і Грэцыя, гэта была дзяржава рабаўласніцкай дэмакратыі, што і садзейнічала развіццю свабоды слова і адпаведна – рыторыкі. Удзел грамадзяніна ў палітычным жыцці дзяржавы быў немагчымы без валодання публічным словам, у сувязі з чым навучанне аратарскаму майстэрству было даволі распаўсюджаным.

Рымскія аратары за ўзор узялі вопыт старажытнагрэчаскіх майстроў красамоўства, развілі і дапоўнілі яго ўласнымі назіраннямі.

Рымскі этап у развіцці рыторыкі прадстаўлены дзейнасцю такіх вядомых судовых аратараў, як Марк Порцый Катон Старэйшы, Гай Папірый Карбон, Гай Скрыбоній Курыён, Крас, Квінт Гартэнзій Гартал, якія бліскуча паказалі сябе на многіх судовых працэсах, у адвакацкай практыцы, у галіне юрыспрудэнцыі.

Зоркай першай велічыні ў гэтым сузор’і выдатных аратараў па праву лічыцца Марк Тулій Цыцэрон (106 – 43 г. да н.э.). Паходзіў з саслоўя коннікаў. Нарадзіўся ў г. Арпін, адукацыю атрымаў у Рыме. Цыцэрон рыхтаваўся да прафесіі судовага аратара, таму вывучаў грамадзянскае права, філасофію, рыторыку, прысутнічаў на выступленнях лепшых аратараў, вучыўся дэкламацыі ў вядомых акцёраў.

Палітычную кар’еру зрабіў сам дзякуючы сваім здольнасцям. Бліскучая адукацыя, аратарскі талент, удалы пачатак адвакацкай дзейнасці адкрылі Цыцэрону дарогу да дзяржаўных пасад. У 76 г. ён заняў дзяржаўную пасаду квестара ў Заходняй Сіцыліі, у 66 г. выбраны прэтарам, у 63 – консулам. Асаблівую вядомасць атрымалі яго прамовы супраць Каціліны. Займаўся актыўнай палітычнай дзейнасцю з папераменным поспехам. Калі ў выніку трэцяй антырэспубліканскай змовы Рымская рэспубліка загінула, улада перайшла ў рукі імператара, у ліку першых ахвяр рэпрэсій быў Цыцэрон, забіты ў 43 г. да н.э.

Творчую спадчыну Цыцэрона складаюць 58 палітычных і судовых прамоў, 19 трактатаў па рыторыцы, палітыцы, філасофіі, звыш 800 пісьмаў. Найбольш важныя трактаты па рыторыцы аб’яднаны ў кнігу “Тры трактаты аб аратарскім мастацтве” (“Аратар”, “Аб аратары”, “Брут”). Разглядаючы функцыі рыторыкі, Цыцэрон падкрэслівае яе грамадскую важнасць, сувязь з філасофіяй і правам. У сваіх трактатах ён разглядае прынцыпы пабудовы выступлення, этапы яго падрыхтоўкі, асаблівасці кампазіцыі, слоўнае афармленне.

У трактаце “Аб аратары” Цыцэрон сцвярджае, што аратарам можа быць толькі ўсебакова адукаваны чалавек. Такім у першую чаргу з’яўляецца палітычны дзеяч, выратавальнік айчыны. Разглядаючы асобу аратара, Цыцэрон падкрэслівае важнасць прыродных здольнасцей і неабходнасць удасканалення аратарскага майстэрства. Важнейшымі ўмовамі для фарміравання сапраўднага аратара з’яўляюцца прыродны талент, тэорыя аратарскага мастацтва і практычныя заняткі: “Паэтамі нараджаюцца, аратарамі становяцца”. Рашаючую ролю ў аратарскім мастацтве адыгрываюць веды, навыкі. “Аратара павінны хваляваць тры рэчы: што сказаць, дзе сказаць і як сказаць”. Выступаючы з любой прамовай (палітычнай, абарончай, абвінаваўчай), аратар павінен быць асабіста перакананым у сваёй праваце, яго прамова павінна быць даказальнай. У гэтым жа трактаце Цыцэрон разглядае асновы пабудовы прамовы, асаблівасці яе зместу, афармлення і агучвання (вымаўлення), аналізуе мову, рытмічнасць і перыядычнасць маўлення, сродкі ўздзеяння на слухачоў. Поспех аратара, як сцвярджае Цыцэрон, у многім залежыць ад яго ўмення карыстацца словам, моўнага багацця. Аратару неабходна ўдасканальваць дыкцыю, развіваць маўленне, трэніраваць памяць. Знешні выгляд аратара таксама павінен быць прыемным для слухачоў. Мае значэнне і яго манера паводзін – уменне валодаць позіркам, трымацца проста і спакойна. Аратар павінен пераканаць слухачоў, прынесці ім асалоду і падпарадкаваць сабе.

У трактаце “Брут” Цыцэрон апісвае гісторыю грэчаскага і рымскага красамоўства, расказвае пра славутых аратараў, аналізуе асаблівасці іх стылю, адзначае адметнасці кожнага з іх.

Трэці трактат “Аратар” прысвечаны аналізу стылю прамовы. Стыль выступлення, на думку Цыцэрона, вызначаецца зместам прамовы, намерам аратара, мэтай выступлення. Асноўная мэта аратара – пераканаць слухачоў, аказаць на іх уражанне прыгажосцю і вытанчанасцю свайго маўлення, захапіць і ўсхваляваць узвышанасцю сваіх разважанняў. Разглядаецца таксама тэорыя рытму і перыядызацыі маўлення.

Бліскучы стыліст, майстар публічнага слова, Цыцэрон па праву лічыцца аўтарам узорнай лацінскай прозы.

2. Пытанні тэорыі красамоўства ў працах Квінтыліяна.

Рымскую тэорыя красамоўства развіваў таксама Марк Фабій Квінтыліян (35 – к. 100 г. н.э.), відны аратар і настаўнік рыторыкі. У сваёй асноўнай працы “Настаўленне аратару” у 12 кн. ён падагульняе вопыт старажытнагрэчаскай і рымскай рыторыкі. Гэта сістэматызаваны выклад аратарскага мастацтва, у ім аналізуюцца тэорыя і практыка красамоўства, разглядаюцца праблемы педагогікі, этыкі, падаецца характарыстыка рытарычных школ, стыляў. У 1-й кнізе ён піша пра пачатковае навучанне дзяцей, у 2-й – навучанне ў рытара, з 3-й па 7-ю апісваюцца першыя два этапы падрыхтоўкі да выступлення – інвенцыя і дыспазіцыя, з 8-й па 11-ю -- элакуцыя і меморыя, у 12-й кнізе падаецца партрэт дасканалага аратара.

Аснову гэтай кнігі складаюць прынцыпы і нормы, выпрацаваныя старажытнагрэчаскай рыторыкай і абгрунтаваныя Цыцэронам. Квінтыліян лічыць, што рыторыка – мастацтва гаварыць прыгожа. Гэта навука і мастацтва, саюз слова і думкі. Каб стаць аратарам, неабодныя і прыродныя здольнасці, і навучанне. Мэта выхавання і адукацыі будучага аратара – падрыхтоўка да грамадскай дзейнасці на дзяржаўнай службе, у судзе, у галіне культуры і адукацыі. Кожны аратар павінен валодаць глыбокімі ведамі і высокімі маральнымі якасцямі. Квінтыліян распрацаваў праграмы навучання, метады трэніроўкі, віды дзейнасці пры засваенні аратарскага майстэрства.

Квінтыліян выдзяляе пяць раздзелаў рыторыкі: вынаходніцтва, размяшчэнне, выклад, запамінанне, вымаўленне. Мэта аратара – павучаць, абуджаць, прыносіць асалоду. Апісвае тры тыпы прамовы: доказная (пахвала або асуджэнне), разважлівая (дарадчая), судовая (абарончая і абвінаваўчая), разглядае кампазіцыю і структуру прамовы, падрабязна аналізуе змест усіх этапаў падрыхтоўкі да выступлення.

Быць красамоўным, адзначае Квінтыліян, – значыць выражаць свае думкі праз слова ясна, дакладна, праўдзіва, прыгожа і прыстойна, у адпаведнасці з мэтай і намерам, прыносіць слухачам здзіўленне і задавальненне. Да недахопаў маўлення ён адносіць непаўнату, аднастайнасць, расцягнутасць. Да прыгажосці маўлення ён далучае жывое выяўленне прадметаў, узнаўленне жывых малюнкаў, якія выклікаюць эмоцыі. Асаблівую ролю пры гэтым адыгрываюць тропы і фігуры, вучэнне аб якіх падрабязна выкладае Квінтыліян.

Аналізуе Квінтыліян тыпы аратараў і стылі аратарскага маўлення (атычны, азіяцкі і радоскі). Неабходна прымаць пад увагу не толькі тое, хто гаворыць, але і за каго, перад кім, аб чым, а таксама месца і час выступлення.

Сачыненне Квінтыліяна ахоплівае ўвесь шлях падрыхтоўкі аратара. Яго каштоўнасць у тым, што аўтар не абмяжоўвае красамоўства сумай рытарычных правіл, а заклікае да ўсебаковага выхавання аратара, спалучае рытарычныя праблемы з педагагічнымі.

Такім чынам, распрацоўка тэорыі і практыкі красамоўства, вывучэнне яго гісторыі ў Старажытным Рыме сведчыць аб тым, што красамоўства адыгрывала значную ролю ў палітычным жыцці, судовай практыцы і духоўнай культуры рымскага грамадства.



Лекцыя № 3

Развіццё прамоўніцкага мастацтва ў эпоху Сярэдневякоўя і Адраджэння. Рыторыка ХУІ ст у Беларусі

План.


  1. Развіццё рыторыкі ў эпоху Свядневякоўя.

  2. Рытарычная дзейнасць Кірылы Тураўскага.

  3. Рыторыка эпохі Адраджэння.

  4. Тэорыя і практыка красамоўства ХУІ-ХУП стст на Беларусі: Францыск Скарына, Васіль Цяпінскі, Леў Сапега, Іпацій Пацей, Пётр Скарга.

1. Развіццё рыторыкі ў эпоху Свядневякоўя

Новы этап у развіцці навукі аб красамоўстве – сярэдневяковая рыторыка. Яна пераняла асноўныя нормы антычнай рыторыкі, але набыла новыя рысы. На змену дэмакратычных форм кіравання прыходзіць манархія. Паколькі дзяржава стала манархічнай, у ёй не было цікавасці да грамадскіх дыскусій, таму палітычнае і судовае красамоўства знікае. Захоўваюцца хвалебныя прамовы, у якіх услаўляецца манарх.

У гэты ж час шырока распаўсюджваецца хрысціянства, у сувязі з чым развіваецца новы тып прамовы – царкоўная пропаведзь, у якой даецца тлумачэнне гэтага рэлігійнага вучэння. Узнікае асобны раздзел багаслоўя – гамілетыка, у якой вывучаецца тэорыя і практыка царкоўнай пропаведзі. Св. Аўгусцін у сачыненні “De doctrina Christiana” стварае ўводзіны ў хрысціянскую (царкоўную) рыторыку. Найбольш вядомыя хрысціянскія прапаведнікі – візантыец Іаан Златавуст, прадстаўнік заходне-хрысціянскай царквы Аўгусцін Блажэнны, кіеўскі мітрапаліт Іларыён, епіскап Кірыл Тураўскі.

Неабходна адзначыць, што ў эпоху Сярэдневякоўя найбольш спрыяльныя ўмовы для развіцця рыторыкі былі на Беларусі і Ўкраіне, так як тут, нягледзячы на існаванне манарха, былі яшчэ элементы дэмакратычнага ладу. Напрыклад, у Полацкім княстве быў падзел улады – заканадаўчая ўлада належала народнаму сходу (вечу), які аб’яўляў войны, заключаў мір, запрашаў або выганяў князя. Князю належала выканаўчая ўлада. Гэтыя традыцыі захаваліся і калі беларускія і літоўскія землі ў сярэдзіне 13 ст. увайшлі ў склад Вялікага княства Літоўскага (беларускія землі займалі 2/3 тэрыторыі княства), пазней да іх далучылася і Кіеўскае княства. Быў створаны звод заканадаўчых актаў “Статут Вялікага княства Літоўскага”, прызнаны адным з самых дасканалых у Еўропе. Таму лепшыя ўмовы для развіцця хрысціянскай пропаведзі былі ў беларускіх і ўкраінскіх рытараў. Іх пропаведзі пазбаўлены ўсхвалення манарха, а ў цэнтры іх увагі – унутраны, духоўны свет, сутнасць хрысціянскага вучэння. Пропаведзь мела вялікае выхаваўчае значэнне, яе функцыянальным прызначэннем у сярэдневяковым храмавым мастацтве было тлумачэнне сэнсу важнейшых падзей новазапаветнай гісторыі, пахвала адпаведнага гэтым падзеям свята. Царкоўна-багаслоўскае красамоўства, якое пачало развівацца як тэорыя і практыка пропаведзі, сфарміравала новы тып аратара-прапаведніка, самаахвярнага, бескарыслівага, напоўненага спачуваннем да бліжняга, абсалютна перакананага ў сваёй праваце, які адчувае сябе абароненым сілаю самога Бога.

Найбольш вядомымі прадстаўнікамі царкоўнага красамоўства на Беларусі былі Аўраам Смаленскі і Кірыл Тураўскі.



  1. Рытарычная дзейнасць Кірылы Тураўскага.

Кірыл Тураўскі (к.1130 – 1182 гг.) – асоба надзвычай шматгранная і адметная ў гісторыі ўсходнеславянскай культуры. Нарадзіўся ў г. Тураве ў сям’і заможнага мешчаніна, атрымаў там грунтоўную адукацыю, пастрыгся ў манахі, пачаў займацца літаратурнай дзейнасцю. Калі стаў тураўскім епіскапам, набыў вядомасць як прапаведнік, выступленні якога вызначаліся высокім аратарскім майстэрствам.

Таленавіты пісьменнік, выключны аратар, вядомы дзеяч хрысціянскай царквы, ён унёс значны ўклад у развіццё нашай духоўнай культуры. Кірыл Тураўскі з’яўляецца адным з самых яркіх прадстаўнікоў царкоўна-багаслоўскага красамоўства ХП ст. Яму належаць 8 “Слоў” або павучанняў, 3 прытчы, каля 30 малітвваў. У сваіх творах Кірыл Тураўскі прытрымліваўся традыцый візантыйскай эпідэйктычнай прамовы, мэта якой – выказаць сваё бачанне дабра і зла, даць ім выразную ацэнку – пахвалу або ганьбаванне.

Адной з важнейшых умоў паспяховасці і эфектыўнасці эпідэйктычнай прамовы лічылася рэалізацыя рытарычнага прынцыпу блізкасці да слухача і, як вынік, устанаўленне камунікатыўнага кантакту з аўдыторыяй. Паказваючы ў сваіх “Словах..” – пропаведзях або царкоўных сказаннях змест той ці іншай евангельскай падзеі, Кірыл Тураўскі паспяхова звязвае мінулае з сучасным яму жыццём, імкнецца зрабіць слухачоў непасрэднымі сведкамі апісваемых падзей. З гэтай мэтай ён ужывае розныя прыёмы – выкарыстанне форм дзеяслова praesens historicum – цяперашняга гістарычнага (земля трепещет, прошю назарянина, дажь ми тело съняти), ужыванне слоў днесь, ныне, форм займенніка мы (Поидем же и мы нине, братие), імператыўныя дзеяслоўныя формы (не скърбите, нъ радуйтеся и веселитеся).

Для ўзмацнення мастацкага ўздзеяння слова прапаведніка Кірыл Тураўскі актыўна выкарыстоўваў разнастайныя сродкі экспрэсівізацыі маўлення – узнёслыя, высокія словы (велика, добра, славна, пречистей, дивно), алегарычныя вобразна-сімвалічныя формы (весна красуется), метафары-ўвасабленне (луна честь подавает, земля радуется), эпітэты (праведное солнце, душеполезные словеса), параўнанні (царское серебро – человеческие души), супрацьпастаўленні (крьстьяны малыя с великыми, нищая с богатыми) і інш.

У адпаведнасці з традыцыямі візантыйскага красамоўства “Словы..” Кірыла Тураўскага маюць трохчастковую будову, у іх актыўна выкарыстоўваюцца сінтаксічныя фігуры – рытарычныя тырады, анафара, эпіфара, паралелізм сказаў, шматзлучнікавасць і шматпрыназоўнікавасць, градацыя і ампліфікацыя, антытэза і інверсія.

Напісаныя для святочнага богаслужэння, “Словы..” Кірыла Тураўскага былі прасякнуты пафасам сцвярджэння хрысціянскіх ідэалаў і напоўнены шчырым і глыбокім пачуццём любві да чалавека, клопатам пра яго духоўную дасканаласць. Самай адметнай уласцівасцю пропаведзей К. Тураўскага з’яўляецца іх асаблівы настрой – урачыстасць, велічнасць і ўзнёсласць. Як выдатны помнік урачыстага царкоўнага красамоўства “Словы..” вызначаюцца, з аднаго боку, выкарыстаннем традыцыйных для візантыйскага панегірычнага красамоўства выяўленча-выразных сродкаў, але, з другога боку, адрозніваюцца самабытнасцю манеры выкладу і ўмелым, дарэчным выкарыстаннем гэтых сродкаў.



3. Рыторыка эпохі Адраджэння

Наступны этап у развіцці рыторыкі – рыторыка эпохі Адраджэння. Фарміраванне капіталізму, эканамічнае і палітычнае развіццё прывялі да росту гарадоў, развіццю гандлю, што садзейнічала пашырэнню антыфеадальных, дэмакратычных настрояў, папулярызацыі свабоды, асабліва свабоды чалавека, свабоды слова. Гэта абумовіла зварот да антычнасці. Адраджэнне (Рэнесанс) пачалося ў Італіі ў 14 ст., у заходняй і цэнтральнай Еўропе – у 15-16 стст., у Расіі – у 17 ст.

У гэты час папулярным становіцца вывучэнне класічных моў. Друкуюцца кнігі антычных аўтараў. Адначасова развіваюцца нацыянальныя мовы, кнігадрукаванне, павышаецца цікавасць да ўласнай гісторыі, фарміруецца нацыянальная самасвядомасць. У сувязі з актывізацыяй грамадскага і культурнага жыцця ўзнікае цікавасць да красамоўства, адраджаецца аратарскае майстэрства.

У эпоху Адраджэння адбыўся адрыў рыторыкі ад філасофіі, логікі і права і збліжэнне яе з граматыкай і паэтыкай. Вялікая ўвага стала ўдзяляцца пісьмовай мове, менш развіваецца вуснае маўленне.



: DocLib10 -> %D0%A3%D1%87%D0%B5%D0%B1%D0%BD%D0%BE-%D0%BC%D0%B5%D1%82%D0%BE%D0%B4%D0%B8%D1%87%D0%B5%D1%81%D0%BA%D0%B8%D0%B5%20%D0%BC%D0%B0%D1%82%D0%B5%D1%80%D0%B8%D0%B0%D0%BB%D1%8B%20%D0%BA%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80 -> %D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Гомельскi дзяржаўны Ўнiверсiтэт iмя францыска скарыны
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны”
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Лексікалогія варыянт 1 а што з’яўляецца прадметам вывучэння лексікалогіі?


Поделитесь с Вашими друзьями:
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   16




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал