Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь установа адукацыі “гомельскі дзяржаўны універсітэт імя францыска скарыны”



старонка4/16
Дата канвертавання15.05.2016
Памер2.8 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   16
Лекцыя № 7

Топіка

План


  1. Паняцце “топас”. Сэнсавыя мадэлі выказвання.

  2. СМ “род-від”.

  3. СМ “азначэнне”, “уласцівасць”, “супастаўленне”.

  4. СМ “цэлае-частка”.

  5. СМ “супастаўленне”.

  6. СМ “прычына-вынік”, “абставіны”.

  7. СМ “прыклад”, “сведчанне”.


1. Паняцце “топас”. Сэнсавыя мадэлі выказвання.

У эпоху антычнасці назіранні над структурай выступлення прывялі да стварэння вялікай колькасці падобных агульных схем, найбольш ужывальных у маўленні. Яны атрымалі назву топасы (ад грэч. koinoi topos, лац. loci communes ‘агульнае месца’).



Топас – сэнсавая мадэль (СМ) выказвання, агульнае месца, агульнае разважанне, па якім можа стварацца любое выступленне. Пры папярэдняй падрыхтоўцы да выступлення абавязкова вызначаецца агульная сэнсавая структура прамовы, якую ствараюць топасы.

Тэхніку топаса вызначае ўменне задаваць пытанні. Топіка ў антычнасці разглядалася як мастацтва правільна пастаўленых пытанняў, якія вызначаюць межы маўленчай сітуацыі і прадмета разважання. Класічная рыторыка прапанавала наступную схему апісання падзеі (прадмета): што гэта за падзея, дзе адбылася падзея, калі адбылася падзея, як адбылася падзея, чаму адбылася падзея – што, дзе, калі, як, чаму? Такая схема размяшчэння топасаў дапамагала асвятліць усе істотныя моманты пры разважанні. Такія схемы завучваліся напамяць: quis – quid – ubi – quibus auxilis – cur – quomodo – quando? / хто – што – дзе – чым – навошта – як – калі? Пазней з’явіліся разнастайныя наглядныя схемы, напр., вядомае “кола пытанняў”.

Сістэма топасаў атрымала назву топіка. Топіка адлюстроўвае агульныя законы мысленчай дзейнасці чалавека. Топікай называюць сукупнасць топасаў, сэнсавых мадэлей і спосабы іх выкарыстання на этапе падрыхтоўкі да выступлення.

Як сістэма агульных сэнсавых мадэлей топіка дазваляе хутка развіць думку, распрацаваць (размножыць) ідэі, падабраць неабходныя аргументы для доказу асноўных тэзісаў выступлення.

Арыстоцель апісаў 38 топасаў, авалодванне якімі, на яго погляд, неабходна для развіцця майстэрства аргументацыі, Цыцэрон выдзеліў 16 асноўных топасаў як віды доказу, Ламаносаў – 16 сэнсавых мадэлей як спосаб “размножыць” ідэі, Кашанскі – 24 топасы.

2. СМ “род-від”.

Важнейшай СМ з’яўляецца топас “род і від”, з якога пачынаецца любое выступленне.

СМ “род – від” прадугледжвае апісанне агульнага і прыватнага, радавога і відавога паняццяў прадмета размовы. Гэма СМ адлюстроўвае агульныя законы мыслення чалавека.

Ужываецца найчасцей у разважаннях і апісаннях:



Барс драпежная жывёла атраду млекакормячых сямейства кашачых з пушыстай поўсцю дымчата-шэрага колеру і вялікімі няясна-акрэсленымі або чорнымі плямамі, раскіданымі па ўсім целе і хвасце. [БелСЭ].

Права – сістэма ўстаноўленых або санкцыянаваных і забяспечаных дзяржавай агульнаабавязковых норм (правіл) паводзін, якія выражаюць дзяржаўную, абумоўленую эканамічным ладам грамадства, волю народа [ БелСЭ].

Ёсць на свеце гарады, якія з самага пачатку, радасна і балюча раняць тваё сэрца. Або, калі выславіцца іначай, заражаюць тваю душу вечнаю тугою па сабе. І не толькі тваю душу. Усякую.

Прага – адзін з такіх гарадоў. Я думаю аб ёй, як многія і многія тысячы людзей васемсот… чатырыста… сто год назад… зараз. [Ул. Караткевіч].

Ёсць у кожнага паэта, апрача агульных, некалькі слоў выбраных, слоў улюбёных, слоў, якім ён аддае перавагу, якім застаецца верным на працягу ўсяго творчага шляху.

Ёсць такія словы, такі выбраны слоўнік і ў Максіма Танка. Амаль не задумваючыся, называю першыя з гэтых слоў: дарога, песня…[А.Вярцінскі].

3. СМ “азначэнне”, “уласцівасць”, “супастаўленне”.

СМ “азначэнне” з’яўляецца важнейшай структурнай часткай прамовы, надае разважанню яснасць і дакладнасць, робіць выклад паслядоўным і лагічным. Азначэнне падаецца звычайна пасля ўступу, садзейнічае вызначэнню прадмета размовы і звязана з СМ “род – від”, паколькі часта робіцца праз вызначэнне гіпера-гіпанімічных адносін паміж апісваемымі паняццямі.

“Часціны мовы – гэта лексіка-граматычныя класы слоў, якія характарызуюцца адзінствам абагуленага значэння, агульнасцю граматычных катэгорый, пэўнай сістэмай форм, асаблівасцямі ў спалучальнасці з іншымі словамі, асноўнымі сінтаксічнымі функцыямі і спосабамі словаўтварэння [Беларуская граматыка].

Арыёза – сольны вакальны эпізод параўнальна невялікага памеру, разамкнёнай будовы ў оперы або кантаце [ЭЛіМ].

Глобус – мадэль зямнога шара, якая адлюстроўвае ўсю зямную паверхню і адначасова перадае геаметрычнае падабенства контураў, суадносіны плошчаў, адзіны маштаб па ўсіх напрамках [БелСЭ].

У сістэматыцы жывёльнага свету Арыстоцель падаў наступнае азначэнне чалавека: “Чалавек – двуногае без пер’яў”. К. Лінней вызначыў так:“Чалавек – сацыяльная жывёла”, Кашанскі ў “Агульнай рыторыцы” пісаў: “Чалавек – гэта жывёла (бліжэйшы род), надзеленая розумам, словам і бессмяротнай душою (відавыя адрозненні)”.

Выдзяляюць таксама рытарычнае азначэнне, якое носіць экспрэсіўны характар, мае нярэдка метафарычны сэнс і ў некаторых выпадках набліжаецца да каламбураў:

Жыццё ёсць сон” [Кальдэрон].

Розум – цар неба і зямлі” [Сакрат].

“Мудрасць – родная маці шчасця” [Сафокл].

Смерць – заспакаенне ад пакут і няшчасцяў” [Цыцэрон].

“Надзея – гэта самае салодкае няшчасце” [Лац. прык.].

СМ “уласцівасць” – неад’емны элемент структуры тэксту, які садзейнічае ўзмацненню выразнасці выказвання. Гэта важнейшыя прыметы, адзнакі прадмета, адметныя якасці, яго істотныя функцыі, характэрныя дзеянні. Уменне вызначыць характэрнае, выдзеліць асаблівае, убачыць адметнае пры апісанні прадмета з’яўляецца адзнакай сапраўднага красамоўства:

Свежая па тэматыцы, заўсёды глыбокая па думцы, наватарская па форме і зместу, суровая і пяшчотная, праўдзівая і шчодрая аптымістычная паэзія Паўло Тычыны зрабіла на мяне і маё пакаленне незвычайнае ўражанне, па-сапраўднаму кранула нашы сэрцы [П.Панчанка].

Чэрвень пышна красаваў на палях. Зеляніна ажно шумела ў росце і на палетках, і на ўзмежках, і на паплавах, і на імшарынах. Кожная былінка ўпарта цягнулася да сонца. Ясным днём палі пераліваліся квеценню лугавінак, шыза-сінімі хвалямі жыта, што адкаласавала ўжо і вось-вось закрасуе, смарагдавымі колерамі лёну і ячменю і нібы млелі ў пяшчоце; духмяная парнасць узнімалася ад іх, лёгкай смугой калыхалася-дрыжала над зялёным морам [Т.Хадкевіч].



Пінск – адзін з самых улюбёных маіх гарадоў…

Усё гэта, што вакол – Прыпяць і Піна, лясы ласкавыя, паплавы мокрыя, дрэвы раскідзістыя, пчаліныя свепеты на векавых дзічках, няяркае палескае неба, -- усё гэта было, мабыць, такім самым, як у часы Ўладзіміра, што, паводле падання, заснаваў горад [Ул.Караткевіч].

4. СМ “цэлае-частка”.

СМ “цэлае – частка” ужываецца звычайна пасля азначэння і адпавядае ўніверсальнаму механізму думкі – аналізу і сінтэзу. Пры выкарыстанні гэтай СМ ход думкі наступны: цэлае → часткі → цэлае. Пры гэтым прадмет размовы разглядаецца як састаўная частка пэўнага цэлага і як цэлае, якое таксама ўтрымлівае ў сабе асобныя часткі, элементы. Неабходна ўлічваць, што выдзяляюцца толькі функцыянальна значныя, істотныя часткі прадмета і адначасова адметныя, якія адрозніваюць яго ад іншых прадметаў:

Гладыёлус – род шматгадовых клубнецыбульных раслін сямейства касачовых (род -- від), якія маюць прамастаячае сцябло, вышынёй да 1,5 м і больш, мечападобнае лісце, кветкі няправільнай формы, рознай афарбоўкі, якія ўтвараюць суквецце – колас (цэлае -- частка) [БелСЭ].

Месца, дзе зліваецца Балачанка са Свіслаччу, па сваёй маляўнічасці можа паспаборнічаць з многімі выдатнымі куткамі нашай зямлі. Калі ідзеш правым берагам Свіслачы, то не можаш абмінуць увагаю не то затоку, не то завоіну на супрацьлеглым баку, над якою спляліся вяршынямі вязы, ляшчэўнік і дубняк, утварыўшы над вадою высокую зялёную арку… Справа – пясчаныя грывы і сасновыя баравыя ўскраіны – з сінімі чабаровымі курганамі… Але найбольш адчуваеш хараство балачанскіх куткоў, калі ідзеш па левым беразе Свіслачы і, быццам у жывы сонечны палац, трапляеш у пойму Балачанкі… За плячамі – думнае гудзенне Блужскага бору, перад вачамі – духмяны аксаміт лугоў; з аднаго боку – спакойная роўня Свіслачы, з другога – як мудрыя філосафы, маўклівыя з выгляду, -- цэлай сям’ёй дубы [К. Кірэенка].

Але зойдзем у хату, якой яна была не так даўно… Спачатку трапляем у сенцы. Яны і зараз служаць для гаспадарчых мэт. Тут вёдры, цэбры з рознай рознасцю, маслабойкі.. Дзверы насупраць вядуць у камору, дзе таксама рэчы для гаспадаркі, другія дзверы вядуць у халодныя пакоі. Іх адзін ці два. Раней гаспадыня ўлетку выносіла сюды кросны, ткацкі станок, бо ў самой хаце горача. Тут жа ўлетку спалі старэйшыя. Тут узімку ляжаць на аўсянай саломе яблыкі, рассыпаныя тоўстым пластам жалуды для свіней, іншыя прыпасы.



Вернемся ў сенцы. Ага, мы забылі яшчэ вось што. Лесвіцу, драбіны…

Цяпер – у хату. Выгляд яе для кожнай мясцовасці быў розны [Ул.Караткевіч].

5. СМ “супастаўленне”.

СМ “супастаўленне” – адна з істотных структурных частак выступлення, якая адлюстроўвае ўніверсальную мадэль пазнання (“усё пазнаецца ў параўнанні”) і дазваляе знайсці агульнае і адрознае ў супастаўляемых прадметах, вызначыць месца кожнага з іх у бясконцай разнастайнасці свету.

СМ “супастаўленне” мае дзве разнавіднасці: параўнанне, якое засноўваецца на аналогіі і паказвае падабенства прадметаў і супрацьпастаўленне, якое падкрэслівае адрозненне паміж аб’ектамі супастаўлення. На аснове гэтых разнавіднасцей СМ “супастаўленне” узніклі рытарычныя фігуры параўнання і антытэзы.



Прыклады СМ “супастаўленне”:

Творчасць гэта [П. Броўкі – А.С.] уяўляе сабой раку, якая, прабіўшыся на свет, плыве ў нязменным, вызначаным жыццём напрамку, убіраючы ў сябе новыя прытокі тэм, вобразаў, асацыяцый [М.Танк].

Беларуская мова, якая на мяжы XIXXX стагоддзяў падала свой спакутаваны, але яшчэ досыць жывы голас, нечым нагадвала нясмелую, сарамяжлівую Папялушку, што адважылася выправіцца на каралеўскі баль [А. Каўка].

Старажытныя грэкі лічылі, што спачатку быў залаты век – і ўсё было добра, нават бяссмерце існавала, пасля наступіў срэбны – трохі горшы, пасля медны – і вось ужо тады зусім дрэнь справа.

На Беларусі чамусьці было не так: палеаліт (старажытнакаменны век), неаліт (новы каменны), бронзавы век і ўрэшце век жалезны. Ды, здаецца, так яно і было і на усім свеце. І самы горшы з іх быў самы першы [Ул.Караткевіч].

6. СМ “прычына-вынік”, “абставіны”.

СМ “прычына і вынік” мае важнае значэнне ў аргументуючай прамове, апісвае ўніверсальны тып адносін паміж прадметамі і з’явамі – прычынна-выніковыя. СМ “прычына і вынік” мае дзве разнавіднасці – веерны тып СМ, калі адна прычына мае рад вынікаў, або калі некалькі прычын выклікаюць адну з’яву (напр., аварыя на ЧАЭС), і ланцужковы тып, калі рад высноў “ад прычыны да выніку” складае разважанне і прыводзіць да вываду, -- вынік першай прычыны з’яўляецца ў сваю чаргу прычынай, якая прыводзіць да наступнага выніку і г.д. (вучэнне Дарвіна аб паходжанні відаў) .

СМ “абставіны” дазваляе апісаць умовы (месца, час, акалічнасці і г.д.), у якіх знаходзіцца прадмет або адбываецца дзеянне. Гэты топас з’яўляецца неад’емнай часткай у апавяданнях і апісаннях і дае магчымасць развіць змест у адпаведнасці з тэмай і мэтай выступлення (паведамлення).

СМ “месца”:

У цясноце зялёнага дворыка цвітуць белыя і чырвоныя ружы. Там, дзе ашклёныя дзверы вялікай гасцінай раскрыты на поўдзень, сонечны сёння, пасля трох дзён кастрычніцкай нягоды. Ружы гараць, як быццам і на зіму не гаснучы з тых дзён, калі гаспадар, што любіў іх, пайшоў назаўсёды з дому.

Перад уваходам у гэты дом, па-вясковаму сціпла, амаль сарамліва стаяць плакучыя вербы – прыспушчанай зелянінай жалобных сцягоў [Я.Брыль].

На поўдзень, за паваротам, дзе пойма пашыралася, і на поўнач, за мастом, дзе ажно да самай Дабрадзееўкі рэчка заліла луг, віднеліся шырокія і спакойныя прасторы вады, па якіх, не ведаючы, нельга было вызначыць, дзе праходзіць рэчышча. А тут, у гэтай вузкай гарлавіне, сціснутай высокімі абрывістымі берагамі, на адным з якіх стаялі старыя дубы, а на другім – сосны, паводка рвалася наперад, як раз’юшаная [І.Шамякін].

СМ “час”:

Стаяў той асабліва прыгожы дзень, якія бываюць звычайна ў канцы жніўня месяца, калі даўно скончана жніво, звезена жыта ў гумны, і над апусцелым полем дружна ўзлятаюць стайкі шпакоў – прадвеснікаў блізкай восені [М.Лынькоў].

Зараз вясна, над усёй нашай краінай, наставіўшы белыя ветразі крылаў, планіруюць буслы. Іх многія і многія тысячы – хто лічыў! На вільчыках сялянскіх зат, на дрэвах, на калонах старых разбураных палацаў, на слупах капліц сярод маладога зялёнага жыта. Гнёзды паўсюль. І таму мне здаецца, што ў гэтыя і не толькі ў гэтыя дні зямлю нашу, Беларусь, можна назваць “зямлёю пад белымі крыламі” [Ул.Караткевіч].



Была такая пара лета, калі не ўбачыш маўклівай птушкі. Усё спявала навокал. Ляшчыннік над ручаём ажно калаціўся без ветру: неўгамонныя птахі спявалі і варушылі яго голле не толькі крыламі, а, здавалася, галасамі [П.Броўка].

7. СМ “прыклад”, “сведчанне”.

СМ “прыклад”. Прыклады ў любым выступленні (паведамленні) неабходныя для ілюстрацыі асноўных палажэнняў, аргументацыі думкі аўтара, канкрэтызацыі яго пэўнай ідэі, актывізацыі ўвагі слухачоў і займальнасці выкладу. Гэты топас садзейнічае рэалізацыі рытарычных прынцыпаў канкрэтнасці і блізкасці да слухача.

Прыклады звычайна падаюцца пасля агульнага палажэння або лагічнага доказу, хаця могуць і папярэднічаць ім.

Крыніцы прыкладаў – гісторыя, фальклор, мастацкая літаратура, уласны жыццёвы вопыт і інш. Прыклады павінны адпавядаць узроўню ведаў і падрыхтаванасці слухача (чытача).

СМ “сведчанне” блізкі да папярэдняга топасу. Гэта зварот да аўдыторыі з цытатай, вядомым выказваннем, крылатым выслоўем, афарызмам, прыказкай, прымаўкай і інш. Гэты топас дазваляе аўтару падмацаваць свае разважанні спасылкай на вядомыя аўтарытэты або народны вопыт, надае выказванню важкасць, пераканальнасць, ажыўляе ўвагу слухачоў, садзейнічае жывасці і займальнасці выкладу. Выкарыстоўваецца ў пачатку або ў канцы прамовы ці асобных яе частак:

Зрэшты, пра нашу ўсеагульную любоў да паэзіі Лермантава, да яго, кажучы ўслед за Гогалем, “правильной, прекрасной, благоуханной” прозы можна – ледзь не так, як пра маці,– гаварыць бясконца [Я. Брыль].



Каму з нас, літаратараў, не даводзілася ў пачатку дарогі да сцішнаты шчасліва правяраць самога сябе на суровых радках: “Не верь, не верь себе, мечтатель молодой…!” [Я. Брыль].

За вёскамі палі. Зноў жа розныя. Поўнач. Мядзельшчына з яе азёрамі і перакатамі ўзгоркаў. Гэта менавіта тут склалася загадка: “Поле ў паясках, поле ў піражках, поле ў дзірачках”. Ты ломіш галаву над там, што гэта такое, а адказ нечаканы: “поле”. Паяскі – межы, піражкі – камяні, дзірачкі – дзірачкі сцяблін на іржышчы” [Ул. Караткевіч].

Усюды чакалі дажджу. І ён недзе пад абед, нарэшце, зашумеў. Ціхі, спорны… Потым чохнуў як з вядра. Хораша гэта людзі сказалі: “Як з вядра”. Стаіш пад такім даджом – і табе сапраўды здаецца, што нехта перакуліў на цябе вялізнае, бяздоннае вядро з вадою [Я. Сіпакоў].

СМ “імя” – выкарыстанне паходжання або сэнсу імя, якое называе з’яву ці паняцце, абазначаныя ў тэме або названыя ў змесце выступлення. Гэты топас дазваляе развіць тэму або ідэю прамовы, садзейнічае экспрэсівізацыі выражэння:

Невыпадкова Яўгенія Іосіфаўна Янішчыц нарадзілася ў палескае вёсцы Велясніца. Гэта ў гонар паганскага бога Велеса, які быў у асаблівае шане ў беларусаў… Велясніца – як бы дачка Велеса [Р. Барадулін].

З бясконцай вышыні Сусвету свецяць у шэрані ночы звышдальнія зоркі. Сузіраючы іх, мы далучаемся да вечнасці. Святло прыроднае, дайшоўшы з глыбінь Космасу да нашай унікальнай Зямлі, парадзіла жыццё, сімвалізуе духоўны пачатак, красу і праўду. А святло духоўная прыдае жыццю сэнс і мэту. Ад яго паходзіць словы асветнік, асветніцтва, свята, свяціцель, святар.

Асвета прыйшла да ўсіх народаў праз слова – літаратуру ў шырокім сэнсе гэтага паняцця [Ул. Конан].

Вазьміце атлас і прыгледзьцеся да карты паўднёваамерыканскай краіны Чылі. Бачыце: ля Ціхага акіяна, там, дзе да яго падступаюць магутныя вяршыні Андаў, знаходзіцца горад Дамейка. А крыху паўночней -- горны хрыбет, які носіць тое ж імя. Геолагі могуць назваць мінерал, батанікі – фіялку, заолагі – малюска, звязаных таксама з імем Дамейкі. Аднак мала хто ведае, што ўсё гэта: і горад у далёкай краіне, і горны ланцуг, і кветка, і мінерал, і жывёліна – названа так у гонар нашага земляка, выдатнага рэвалюцыянера, вучонага і падарожніка Ігната Дамейкі [А. Мальдзіс].

Да само слово революция от латинского revolvo означает ‘катить назад, возвращаться’, ‘снова испытывать’, ‘вновь разжигать’, в лучшем случае – ‘переворачивать’ . Незавидный перечень смыслов. Никакой стране никогда не пожелаю “ великой революции” [А.И. Солженицын, Вандейская речь].
Пытанні і заданні:

  1. Што такое топіка, топас? Назавіце асноўныя сэнсавыя мадэлі (СМ) выказвання.

  2. Якую ролю ў структуры выказвання адыгрывае СМ “род-від”?

  3. Якія якасці надае разважанню СМ “азначэнне”? Што такое рытарычнае азначэнне?

  4. Якая структурная роля і функцыя СМ “цэлае-частка”? Як суадносіцца гэта СМ з аналізам і сінтэзам?

  5. Як садзейнічае экспрэсівізацыі выказвання СМ “уласцівасць”?

  6. Якое месца ў структуры выступлення займае СМ “супастаўленне”? Якія рытарычныя фігуры ўзніклі на аснове гэтай СМ?

  7. Які тып дыскурсу звязаны з СМ “прычына – вынік”? Чаму?

  8. Якую сэнсавую ролю ў разважанні адыгрывае топас “абставіны”?

  9. Якія рытарычныя прынцыпы дапамагаюць рэалізаваць СМ “прыклад”, “сведчанне”, “імя”?

  10. Вызначце кампазіцыйную ролю кожнай СМ.

Літаратура:



  1. Клюев, Е.В. Риторика (Инвенция. Диспозиция. Элокуция): Учебное пособие для вузов / Е.В. Клюев – М.: «Изд.-во ПРИОР», 1999. – 272 с.

  2. Леммерман, Хайнц. Уроки риторики и дебатов: Пер. с нем. / Хайнц Леммерман. – М.: ООО «Изд.-во «Уникум Пресс», 2002. –336 с.

  3. Михальская, А.К. Основы риторики: Мысль и слово: Учеб. пособие / А.К. Михальская – М.: Просвещение, 1996. – 416 с.

4.Подобед, А.С. Практическая риторика: Учебное пособие / А.С. Подобед – Мн.: Академия управления при Президенте Республики Беларусь, 2001. –360 с.

5.Сопер, Поль Л.. Основы искусства речи. Пер. с англ. С.Д.Чижовой– М.: Изд.- во иностранной литературы, 1958. – 471 с.

6. Станкевіч, А.А. Рыторыка: Вучэб. Дапам. / А.А. Станкевіч. – Мінск: РІВШ, 2010. – 316 с.




Каталог: DocLib10 -> %D0%A3%D1%87%D0%B5%D0%B1%D0%BD%D0%BE-%D0%BC%D0%B5%D1%82%D0%BE%D0%B4%D0%B8%D1%87%D0%B5%D1%81%D0%BA%D0%B8%D0%B5%20%D0%BC%D0%B0%D1%82%D0%B5%D1%80%D0%B8%D0%B0%D0%BB%D1%8B%20%D0%BA%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80 -> %D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Гомельскi дзяржаўны Ўнiверсiтэт iмя францыска скарыны
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны”
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Лексікалогія варыянт 1 а што з’яўляецца прадметам вывучэння лексікалогіі?


Поделитесь с Вашими друзьями:
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   16




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал