Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь установа адукацыі “гомельскі дзяржаўны універсітэт імя францыска скарыны”


Лекцыя № 9 ЛОГІКА–МОЎНЫ ДОКАЗ. АРГУМЕНТАЦЫЯ



старонка6/16
Дата канвертавання15.05.2016
Памер2.8 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   16

Лекцыя № 9

ЛОГІКА–МОЎНЫ ДОКАЗ. АРГУМЕНТАЦЫЯ

План


  1. Аргументацыя як раздзел дыспазіцыі. Доказ і яго элементы.

  2. Тэзіс, патрабаванні да яго.

  3. Аргументы, іх віды.

  4. Дэманстрацыя як элемент доказу.

  5. Лагічныя законы.

  6. Лагічныя памылкі.




    1. Аргументацыя як раздзел дыспазіцыі. Доказ і яго элементы.

Важным пытаннем падрыхтоўкі да выступлення з′яўляецца падбор пераканальных аргументаў.

Аргументацыя (лац. argumentatio “выклад доказаў”) – раздзел дыспазіцыі, які разглядае майстэрства падбору аргументаў (важкіх пацверджанняў сказанаму), а таксама ўменне вядзення дыскусіі. Паколькі ў эпоху антычнасці рыторыка лічылася мастацтвам пераканання, аргументацыі заўсёды ўдзялялася вялікая ўвага, яна з’яўляецца самым распрацаваным аспектам дыспазіцыі.

Аргументацыя перакладаецца як доказ. Доказ – лагічнае дзеянне, у працэсе якога абгрунтоўваецца праўдзівасць адной думкі пры дапамозе іншых думак. Аргументацыя – складаны працэс, звязаны з камбінаваннем элементаў доказу – тэзіса, аргумента і дэманстрацыі. Вызначаюцца два тыпы аргументацыі – лагічная і аналагічная. У раздзеле дыспазіцыі выкарыстоўваецца перакананне з дапамогай лагічных сродкаў – лагічная аргументацыя.

Лагічная аргументацыя – аргументацыя, заснаваная на навуковым метадзе дэдукцыі, разважання ад агульнага да прыватнага.

Доказ складаецца з трох элементаў: тэзіса, аргумента, дэманстрацыі.

2. Тэзіс, патрабаванні да яго.

Тэзіс (грэч. thesis “палажэнне, сцвярджэнне”) – сцвярджэнне, якое неабходна даказаць. Большасць выказваемых намі сцвярджэнняў не патрабуе доказу (тыпу сёння – панядзелак, у суботу мы збіраемся ў кіно, учора быў дождж і інш.), яны абапіраюцца на фонавыя веды. Асаблівасць тэзіса як элемента доказу ў тым, што ён выносіцца на абмеркаванне і павінен мець базу для наступных разважанняў. Напр., курыць шкодна, курэнне скарачае жыццё, глабальнае пацяпленне можа прывесці да катастрофы і інш.

Арыстоцель указваў, што тэзіс мае неабходнасць развіцця ў абодва бакі, Квінтыліян гаварыў аб карысці весці аргументацыю ў двух напрамках -- pro et contra. У эпоху антычнасці ў працэсе выкладання рыторыкі рытар прапаноўваў вучням тэзісы, якія асвятлялі праблему з розных або супрацьлеглых пунктаў гледжання. Вучні павінны былі прывесці аргументы на карысць або супраць кожнага меркавання. Такая “гульня розуму” дапамагала развіваць лагічнае мысленне.

У працэсе доказу тэзіс з’яўляецца незалежнай маўленчай структурай, якая можа існаваць як самастойная выснова.

3. Аргументы, іх віды

Аргумент (лац. argumentum “выснова, доказ”) -- элемент доказу, думка, якая выкарыстоўваецца для доказу правільнасці або няправільнасці тэзіса. Аргумент адносіцца да рэлятыўнай маўленчай адзінкі, значымай толькі ў адносінах да іншай адзінкі маўлення – тэзіса. Аргументам можа быць любое разважанне, калі яно пацвярджае тэзіс.

Асноўныя патрабаванні да аргументаў: аргументы павінны быць праўдзівымі, даставернымі, дастатковымі для доказу і не пярэчыць адзін аднаму. Праўдзівасць і даставернасць аргументаў правяраецца практыкай. Іх дастатковасць ствараецца не колькасцю, а важкасцю. Таму доказы варта не памнажаць, а ўзважваць.

Класічная рыторыка аргументы падзяляла на лагічныя (унутраныя) і фактычныя (знешнія). Лагічныя аргументы засноўваліся на лагічных разважаннях, фактычныя – на пэўных дакументах, рэальных падзеях, фактах, паводзінах і ўчынках людзей. Акрамя таго, вызначаліся ірацыянальныя довады , накіраваныя да асобы слухача, а не да сутнасці пытання – заклік да спачування, паблажкі, сімпатыі, зварот да аўтарытэтаў, традыцый і інш. замест аб’ектыўнай ацэнкі падзей.

Правільна суадносіць тэзіс з аргументам вучыць сілагістыка Арыстоцеля, якая адыграла важную ролю ў развіцці лагічнай аргументацыі. Сілагістыка (грэч. syllogistikos “які адносіцца да сілагізма”) – раздел логікі, які вучыць, як правільна суадносіць тэзіс з аргументам. Засваенне майстэрства аргументацыі прадугледжвала паступовае засваенне сілагістыкі і фундаментальных законаў логікі.

Найбольш пашыраныя віды аргументаў – сілагізм, дылема, энтымема, сарыт.

Сілагізм – (грэч. syllogismos “розумазаключэнне”) – выснова ў пэўнай форме. Сілагізм – адзінства двух суджэнняў (аргументаў, пасылак), якіх у адно цэлае аб’ядноўвае агульнае паняцце.

Першы з двух аргументаў суадносіць прамежкавае паняцце з прэдыкатам (Р), другі – з суб’ектам (S). Такім чынам, з двух аргументаў вынікае вывад, які складаецца з суб’екта і прэдыката. Усе натуральныя спадарожнікі – нябесныя целы, якія рухаюцца вакол планет. Месяц – нябеснае цела, якое рухаецца вакол Зямлi. Значыць, Месяц – натуральны спадарожнік Зямлi.

Тыпы адносін, якія звязваюць тэрміны ў сілагізме, могуць быць наступнымі:

-- агульнасцвярджальнае суджэнне: усе S суць (ёсць) Р (Усе прысутныя ў аўдыторыі -- студэнты);

-- агульнаадмоўнае суджэнне: ні адзін S не ёсць Р (Ні адзін з прысутных не з’яўляецца студэнтам);

-- частковасцвярджальнае суджэнне: некаторыя S суць Р (Некаторыя з прысутных -- студэнты);

-- частковаадмоўнае суджэнне: некаторыя S не ёсць Р (Некаторыя з прысутных не з’яўляецца студэнтам).



Дылема (грэч. dilemma di(s) “двойчы” + lemma “пасылка”) – лагічная выснова, адна з пасылак якой – умоўная, а другая – раздзяляльная. Калі А. не прыехаў таму, што спазніўся на цягнік, ён неарганізаваны чалавек, калі ж ён не прыехаў, таму што паленаваўся, ён безадказны чалавек. Але А. не прыехаў або таму што спазніўся на цягнік або таму, што паленаваўся. Значыць, А. або неарганізаваны, або безадказны чалавек.

Энтымема (грэч. enthymema “скарочанае суджэнне”) – гэта скарочаны сілагізм, у якім адна пасылка або адна з пасылак ці заключэнне прапушчана. У выніку сілагізм падразумяваецца, а не фармулюецца: Фізіка карысная для грамадства, таму што фізіка -- гэта навука. Прапушчана пасылка: усе навукі карысныя.

Энтымема адлюстроўвае жывое мысленне, рэальны маўленчы працэс, але вывад у такім скарочаным сілагізме можа быць памылковым, таму энтымему неабходна правяраць шляхам узнаўлення поўнага суджэння.

Сарыт (грэч. sorites “нагрувашчаны”) – ланцужок звязаных паміж сабою суджэнняў, выснова, у якой меншая пасылка праводзіцца праз рад агульных сказаў, кожны з якіх служыць у сваю чаргу ў якасці большай пасылкі, для вываду заключэння, якое ў сваю чаргу прыводзіцца ў сілагічную сувязь з наступным сказам. Арыстоцелеўскі сарыт:



Буцэфал -- гэта конь;

Конь -- гэта чацвераногае;

Чацвераногае -- гэта жывёла;

Жывёла -- гэта субстанцыя;

Буцэфал -- гэта субстанцыя.

Пры гэтым разважанне можа быць сапраўды лагічным:



У людзей дзве нагі.

Жанчына – чалавек.

У жанчын дзве нагі.

Разважанне можа здавацца лагічным:



У гусак па дзве лапы.

У дзяўчат – дзве нагі.

Значыць, дзяўчаты – гускі.

Як бачна з прыкладаў, сілагістыка не была звязана з рэальнымі маўленчымі працэсамі, таму з часам да яе страцілі цікавасць.

Наступным элементам доказу з’яўляецца дэманстрацыя.

4. Дэманстрацыя як элемент доказу.

Дэманстрацыя (лац. demonstratio “паказ”) – элемент доказу, лагічная сувязь паміж аргументам і тэзісам. Дэманстрацыя як лагічнае разважанне дазваляе з аргументаў вывесці правільнасць або няправільнасць тэзіса. Асноўныя формы дэманстрацыі – дэдукцыя, індукцыя, дэманстрацыя па аналогіі.

Дэдукцыя (лац. deductio “адвод, вядзенне доказу”) – такая форма мышлення, калі новая думка выводзіцца лагічным шляхам з папярэдніх думак, у выніку чаго атрымліваецца дэдуктыўная выснова. Асноўная частка разважання – развіццё тэзіса, яго абгрунтаванне, доказ або абвяржэнне. У заключэнне робіцца вывад, які пацвярджае або абвяргае тэзіс, такім чынам утвараецца наступная схема:



тэзіс → аргументы → вывад

Дэдукцыя заснавана на разважанні ад агульнага да прыватнага:

Тэзіс: Клён– гэта дрэва.

Разважанне: Калі ўсе дрэвы маюць ствол, крону і разгалінаваную каранёвую сістэму, а клён – дрэва.

Вывад: Значыць, клён мае ствол, крону і разгалінаваную каранёвую сістэму.

Індукцыя (лац. inductio “вывядзенне, прывядзенне аналагічных прыкладаў для доказу”) – форма мышлення, шляхам якога думка наводзіцца на якое-н. правіла, агульнае палажэнне, уласцівае ўсім адзінкавым прадметам гэтага класа, у выніку чаго атрымліваецца індуктыўная выснова. Гэты від разважання будуецца на аснове вядомых фактаў, іх параўнання, аналізе і абагульненні:



факты →аналіз → вывад

Індукцыя, такім чынам, заснавана на разважанні ад прыватнага да агульнага:

Факты (разважанне): Зямля абарачаецца вакол Сонца.

Меркурый абарачаецца вакол Сонца..

Венера абарачаецца вакол Сонца

Марс абарачаецца вакол Сонца.

Юпітэр абарачаецца вакол Сонца.

Сатурн абарачаецца вакол Сонца.

Уран абарачаецца вакол Сонца.

Нептун абарачаецца вакол Сонца.

Плутон абарачаецца вакол Сонца.

Аналіз (агульнае правіла): Зямля, Меркурый, Венера, Марс, Юпітэр, Сатурн, Уран, Нептун, Плутон – планеты Сонечнай сістэмы.

Вывад (тэзіс): Усе планеты сонечнай сістэмы абарачаюцца вакол сонца.

Дэманстрацыя па аналогіі лагічную сувязь паміж аргументам і тэзісам засноўвае на аналогіі, супастаўленні некалькіх з’яў:

Разважанне: На планеце Зямля ёсць жыццё.



На планеце Х такія ж умовы, як і на планеце Зямля.

Тэзіс: На планеце Х ёсць жыццё.

Аналагічная аргументацыя – аргументацыя, якая выкарыстоўвае метад аналогіі, заснаваны на параўнанні прадметаў. Аналагічная аргументацыя прызнаецца не ўсімі, паколькі аналогія – не аргумент.

Асноўнымі ўмовамі аналогіі, параўнання з’яўляюцца рэфлексійнасць прадмета (ідэнтычнасць прадмета самому сабе ў дадзены момант часу), сіметрычнасць (нязменнасць асобных бакоў або якасцей прадметаў у працэсе параўнання: калі А=В, то В=А), транзітыўнасць (пераходнасць прыметы асновы супастаўлення: калі А=В, В=С, то А=С).

У залежнасці ад характару агульных прымет аб’ектаў адрозніваюць фізічную, наглядную аналогію, заснаваную на знешнім падабенстве параўноўваемых прадметаў, і метафізічную аналогію тэарэтычнага характару, якая ўстанаўліваецца ў выніку абстрактных разважанняў.

Акрамя таго, выдзяляюцца прапарцыянальная аналогія, якая прадугледжвае раўнапраўе супастаўляемых аб’ектаў, калі прыметы аднаго прадмета не пераносяцца на іншы, і атрыбутыўная аналогія, звязаная з пераносам прымет аднаго аб’екта на другі.



5. Лагічныя законы.

Аргументацыя як раздзел дыспазіцыі знаёміць таксама з лагічнымі законамі. Лагічныя законы – законы фармальнай логікі, якія вывучаюць асноўныя прынцыпы мышлення. Лагічныя законы дапамагаюць будаваць доказы і кантраляваць узровень іх карэктнасці і маўленчай мэтазгоднасці.

Да лагічных законаў адносяцца закон тоеснасці, закон супярэчнасці, закон выключанага трэцяга і закон дастатковага абгрунтавання.

Закон тоеснасці фармулюецца наступным чынам: кожная думка ў працэсе дадзенага разважання павінна мець адзін і той жа пэўны, устойлівы змест.

Гэты лагічны закон сцвярджае, што ў час разважання нельга падмяняць адзін прадмет думкі другім (забараняе падмену адной думкі другой).

Закон тоеснасці адказвае за ідэнтычнасць прадмета самому сабе, якая з’яўляецца ўмовай яго адзінкавасці і пазнавальнасці: Усе грызуны маюць зубную сістэму з добра развітымі разцамі, прыстасаванымі да перажоўвання расліннай ежы. Вавёрка адносіцца да атрада грызуноў. Значыць, вавёрка мае зубную сістэму з добра развітымі разцамі.

Дзеянне закона тоеснасці распаўсюджваецца толькі на адно маўленчае цэлае, захаванне закона тоеснасці забяспечвае фіксаванасць прадметных межаў. Пры парушэнні закона тоеснасці утвараецца сафізм – лагічная “хітрасць”.



Закон супярэчнасці – дзве супрацьлеглыя думкі, выказаныя адной і той жа асобай, аб адным і тым жа прадмеце, узятым у адзін і той жа час і ў адных і тых жа адносінах, не могуць быць адначасова праўдзівымі.

Закон супярэчнасці звязаны з паняццем аднаго маўленчага цэлага. Асновай захавання закона супярэчнасці з’яўляецца суаднесенасць суджэння з адной і той жа асобай, прадметам, прасторава-часавымі ўмовамі: М.Багдановіч – беларускі паэт. М.Багдановіч – рускі паэт. Паэму “Новая зямля” напісаў Я.Колас. Паэму “Новая зямля” напісаў Я.Купала.



Закон выключанага трэцяга – з двух супрацьлеглых выказванняў у адзін і той жа час у адных і тых жа адносінах адно абавязкова праўдзівае: Мінск – сталіца Беларусі. – Мінск – не сталіца Беларусі. Вялікай Айчынная вайна закончылася ў 1945 г. – Вялікая Айчыннай вайна не закончылася ў 1945 г.

Умовай захавання закона выключанага трэцяга з’яўляецца дакладнасць супрацьпастаўлення. Супрацьлеглыя суджэнні павінны знаходзіцца ў контрадыкторных (працілеглых па фармальнай прымеце паняццяў тыпу А – не А: высокі – невысокі) або кантрарных адносінах (супрацьпастаўленых па змесце паняццяў тыпу А—В: высокі – нізкі).



Закон дастатковага абгрунтавання – усякая правільная думка павінна быць абгрунтавана іншымі думкамі, праўдзівасць якіх даказана. Асновай для таго ці іншага суджэння могуць служыць аргументы, атрыманыя не толькі шляхам пабудовы канкрэтных сілагізмаў, але і шляхам спасылкі на вядомыя дасягненні навуковай думкі, аўтарытэтныя крыніцы, імёны і г.д.[5].

6. Лагічныя памылкі.

Разглядаючы аргументацыю, дыспазіцыя як раздзел рыторыкі пэўную ўвагу ўдзяляе лагічным памылкам або паралагізмам. Паралагізм (грэч. paralogismos “ілжывая выснова”, “падман”) – лагічная памылка. Лагічныя памылкі бываюць двух тыпаў:

Як вынік недакладнага азначэння і падзелу паняццяў:


  • супярэчлівае азначэнне, калі азначаемае і азначэнне маюць супрацьлеглы сэнс: паралельныя крывыя;

  • азначэнне невядомага праз невядомае: гіпербатон гэта анастрофа;

  • замена азначэння адмоўем: шчасце – адсутнасць няшчасцяў; нізкі – гэта невысокі;

  • замена азначэння параўнаннем: мова – вобраз душы;

  • таўталогія, ужыванне аднакаранёвых слоў: разумны розум, гучны гук; або блізказначных лексем: ціха і бясшумна, мудра і разумна;

  • плеаназм, ужыванне блізказначных слоў, адно з якіх з’яўляецца лішнім (напр., адначасовае выкарыстанне гіпероніма і гіпоніма): месяц верасень, прэйскурант цэн, такая се ля ві, девяць мільёнаў чалавек насельніцтва, кветка ружа;

  • выкарыстанне мнагазначных слоў, якое прыводзіць да двухсэнсавасці: Жадаеце каву? – Дзякую ;

  • замена радавой назвы відавой і наадварот: Жанчыны непастаянныя.

Як вынік няправільнай пабудовы сілагізмаў:



  • змешванне прычыны і выніку: птушкі адляцелі ў вырай – стала холадна;

  • заключэнне аб частцы па цэлым: Украіна – цудоўны край. Чарнобыль на Украіне. Чарнобыль – цудоўны;

  • заключэнне аб цэлым па частцы: Яўгеній Анегін – легкадумны. Яўгеній Анегін – герой Пушкіна. Героі Пушкіна – легкадумныя.

  • памылка большай пасылкі: Усе мужчыны – вераломныя. Іваноў – мужчына. Іваноў – вераломны;

  • аргументацыя недакладнага недаставерным: НЛА развіваюць намнога большую хуткасць, чым зямныя лятальныя апараты. НЛА – больш дасканалыя за іншыя лятальныя аб’екты.

  • дзве адмоўныя пасылкі: Ні адзін мужчына не з’яўляецца тыграм. Ні адзін тыгр не з’яўляецца чалавекам. Мужчына – не чалавек.

  • аргумент са збыткоўным доказам: Сон карысны. У сне чалавек адпачывае. Адпачывае – значыць не працуе. Не працаваць – карысна;

  • заганнае кола: Нарвегія – скандынаўская краіна. Скандынаўскія краіны знаходзяцца ў Скандынавіі. Нарвегія знаходзіцца ў Скандынавіі.

Пытанні і заданні:



  1. Што такое аргументацыя?

  2. Чым лагічная аргументацыя адрозніваецца ад аналагічнай, фізічная аналогія ад метафізічнай, прапарцыянальная ад атрыбутыўнай?

  3. Што такое доказ? Назавіце асноўныя элементы доказу.

  4. Што такое тэзіс? У чым асаблівасці тэзіса як элемента доказу?

  5. Што такое аргумент? Якія патрабаванні прад’яўляюцца да аргументаў? Назавіце віды аргументаў.

  6. Што такое дэманстрацыя? Якія формы яна мае?

  7. У чым сутнасць індукцыі і дэдукцыі як форм мышлення?

  8. Што такое дэманстрацыя па аналогіі?

  9. Назавіце асноўныя тыпы лагічных памылак.

10.Як фармулюецца лагічны закон тоеснасці, што ён сцвярджае, якія ўмовы яго захавання?

11.У чым сутнасць лагічнага закона супярэчнасці? Што з’яўляецца асновай яго захавання?

12.Што сцвярджае лагічны закон выключанага трэцяга, якія ўмовы яго захавання?

13.Што ўяўляе сабою лагічны закон дастатковага абгрунтавання? Што павінна служыць асновай любога суджэння?


Літаратура:

1. Античные теории языка и стиля: Антология текстов: перевод / под. ред. О. Фрейденберг. – СПб.: Алетейя, 1996. – 363 с.

2.Безменова, Н.А. Теория и практика риторики массовой коммуникации. – М., 1989.

3. Введенская, Л.А. Деловая риторика / Л.А. Введенская, Л.Г. Павлова. – 3-е изд. – М.: Изд. центр «Центр», 2004. – 510 с.

4.Введенская, Л.А. Культура и искусство речи: Современная риторика. Уч. пос. для высш. и средн. уч. завед. / Л.А. Введенская, Л.Г. Павлова. – Ростов – на –Дону: «Феникс», 1995 – 572 с.

5.Зарецкая Е.Н. Риторика. Теория и практика речевой коммуникации. Акад. нар. хозяйства при Правительстве Рос. Федерации / Е.Н. Зарецкая. – М.: «Дело», 1998 – 475 с.

6.Клюев, Е.В. Риторика (Инвенция. Диспозиция. Элокуция): Учебное пособие для вузов / Е.В. Клюев – М.: «Изд.-во ПРИОР», 1999. – 272 с. 7.Минто, Вильям. Дедуктивная и индуктивная логика. – Санкт-Петербург, 1995 – 463 с.

8. .Михальская, А.К. Основы риторики: Мысль и слово: Учеб. пособие / А.К. Михальская – М.: Просвещение, 1996. – 416 с.

9. Подобед, А.С. Практическая риторика: Учебное пособие / А.С. Подобед – Мн.: Академия управления при Президенте Республики Беларусь, 2001. – 360 с.

10. Сопер, Поль Л.. Основы искусства речи / Поль Л. Сопер. – М.: Изд.- во иностранной литературы, 1958.– 471 с.

Лекцыя № 10

Элакуцыя. Слоўнае афармленне выступлення

План


1. Элакуцыя і яе змест. Прамыя і ўскосныя тактыкі маўленчага ўзаемадзеяння.

2. Агульныя сродкі выяўленчай выразнасці.

3. Спецыяльныя сродкі выяўленчай выразнасці.

4. Тропы, заснаваныя на падабенстве.


1. Элакуцыя і яе змест. Прамыя і ўскосныя тактыкі маўленчага ўзаемадзеяння.

У свой час А.П.Чэхаў пісаў: “Па сутнасці, для інтэлігентнага чалавека дрэнна гаварыць можна было б лічыць такой жа непрыстойнасцю, як не ўмець чытаць і пісаць, і ў справе адукацыі і выхавання – навучанне красамоўству варта было б лічыць непазбежным”.

Элакуцыя (лац.elоcutio “спосаб выкладу, стыль, мова”) – этап падрыхтоўкі да выступлення, які ўключае слоўнае афармленне прамовы, а таксама раздзел рыторыкі, які вывучае гэты этап. На гэтым этапе сэнсавы каркас выступлення атрымлівае слоўнае выражэнне. Асноўнае правіла элакуцыі – знайсці, як сказаць.

Антычная рыторыка ў склад элакуцыі ўключала падбор мэтазгодных моўных сродкаў, яснасць думкі, граматычную правільнасць, прыгажосць выражэння.

У рыторыцы Ламаносава гэты раздзел называўся “Аб упрыгожванні”. У ім аўтар даў азначэнне ўпрыгожвання як выяўленне вынайдзеных ідэй прыстойнымі і выбранымі выразамі. Гэта выяўленне залежыць ад чыстаты стылю (фарміруецца ў выніку засваення моўнага багацця, усебаковага развіцця гаворачай асобы), абумоўлена мілагучнасцю маўлення і пышнасцю слова, якую надаюць яму выяўленча-выразныя моўныя сродкі.

Як адзначаюць сучасныя даследчыкі, элакуцыя звязана з рознымі тактыкамі маўленчых паводзін, якія абумоўліваюць поспех выступлення. Сукупнасць канкрэтных маўленчых тактык абагульняецца ў два тыпы : прамыя тактыкі маўленчага ўздзеяння і ўскосныя тактыкі маўленчага ўздзеяння [2, с. 149].

Прамая тактыка маўленчага уздзеяння – гэта тактыка адкрытага тыпу, калі гаворачы непасрэдна, адназначна, літаральна выказвае тое, што ён мае на ўвазе, разлічваючы на такое ж дакладнае і адназначнае разуменне яго слоў субяседнікам і адпаведную канкрэтную рэакцыю на гэтыя словы: “Мне падабаецца (не падабаецца) гэта аповесць”, “Вы перасалілі (недасалілі) суп” “Перастаньце размаўляць”, “Зачыніце дзверы” і інш. Прамыя тактыкі прадугледжваюць вертыкальную мадэль маўленчага узаемадзеяння (знізу уверх або зверху уніз), калі існуе пэўная іерархія ў адносінах паміж гаворачым і слухаючым. Прамыя тактыкі, як лічаць некаторыя, адпавядаюць крытэрыю ісціннасці і сумленнасці, але менш эфектыўныя, таму што ёсць пэўныя камунікатыўныя сітуацыі (этыкетныя, дагаварныя), у якіх яны немагчымыя або непажаданыя [2, с. 150-151]. Прамыя тактыкі не звязаны з варыянтнасцю выражэння. Іх катэгарычнасць, недэмакратычнасць можа стварыць негатыўны эфект і выклікаць пратэст. Асновай пабудовы выказванняў, якія адпавядаюць прамой тактыцы ўздзеяння на слухачоў, з’яўляецца логіка, якая вывучае прынцыпы правільнага вызначэння і падзелу паняццяў і прынцыпы пабудовы высновы [2, с. 170].

Ускосныя тактыкі маўленчага уздзеяння звязаны з непрамым, нелітаральным выражэннем зместу праз намёк, жарт, камплемент: напр., замест “Перастаньце размаўляць” – можна сказаць “У аўдыторыі шумна”, “Давайце паслухаем цішыню”, замест “Зачыніце акно” – “У пакоі стала холадна”, “Якая сёлета халодная вясна”, “І калі ўжо, нарэшце, пацяплее!” і інш. Ускосныя тактыкі свабодна вар’іруюцца, маюць розныя варыянты моўнага выражэння. Яны звязаны з гарызантальнай мадэллю маўленчага ўзаемадзеяння, як бы запрашаюць слухача ў субяседнікі, уцягваюць яго ў працэс сумеснага прыняцця рашэння. Любая непрамая тактыка маўленчага ўздзеяння звязана з намёкам; адрасат павінен адгадаць, што хацеў сказаць гаворачы і, такім чынам, ён становіцца саўдзельнікам зносін, сааўтарам камунікацыі. Акрамя этыкетнага, такая тактыка носіць інтрыгуючы характар.

Ускосныя тактыкі маўленчага ўздзеяння называюць таксама фігуральнымі, паколькі яны звязаны з непрамымі, фігуральнымі прыёмамі выражэння. Прынцыпы і прыёмы фігуральнага выражэння грунтуюцца на выкарыстанні фігур, пад якімі разумеецца адхіленне ад звычайнага спосабу выражэння. Асновай пабудовы ўскосных тактык маўленчага ўздзеяння з’яўляецца паралогіка, якая ігнаруе лагічныя законы і лічыць, што любыя аб’екты і ў любой колькасці могуць быць супастаўлены адзін з адным, быць аналагічнымі. Выбар лагічных ці паралагічных законаў пабудовы выказванняў залежыць ад маўленчай сітуацыі і ад індывідуальнай маўленчай манеры гаворачага [2, с. 173].

2.Агульныя сродкі выяўленчай выразнасці.

Элакуцыя разглядае як агульныя, так і спецыяльныя сродкі слоўнай арнаментацыі, фігуральную тактыку маўленчага ўзаемадзеяння, таму ў цэнтры яе ўвагі – тропы і фігуры.

Да агульных сродкаў узмацнення выяўленчай выразнасці і слоўнай вобразнасці адносяцца:

Атрыбутызацыя – дадатковая характарыстыка прадмета, прыметы або дзеяння праз азначэнне ці акалічнасць. Атрыбутызацыю стварае дапасаванае або недапасаванае, простае або разгорнутае азначэнне, якое дадаецца да назоўніка і характарызуе прадмет з боку яго якасці, прыметы ці ўласцівасці:

Ціхая даліна Шчары. Песцяць вока зялёныя лагі, узгоркі, лясы. І на беразе, як цацка, Слонім. Сямісотгадовы юнак. Чыстая вада з зялёнымі косамі водарасцяў, што звіваюцца ад хуткасці плыні, амывае яго, бягуць угору і ўніз маляўнічыя вулачкі, бялеюць вежы [Ул.Караткевіч].

Атрыбутызацыя ствараецца таксама акалічнасным дэтэрмінантам пры дзеяслове: Дарога павярнула ўлева, пайшла грудамі, шчыльней тулячыся да Нёмана, дзе ён апісваў вельмі зграбную луку, падыходзячы да лесу [Я.Колас]

Атрыбутызацыя, якая выражаецца акалічнасцю, указвае на ўмовы і характар дзеяння, стану ці прыметы, канкрэтызуе дзеянне, удакладняючы яго часавую характарыстыку: Не шкада, што кружыцца дачасна Зелянцовы лісцік нада мной; прасторавыя межы пашырэння дзеяння: Лес кашлаты да неба вырас; якасць дзеяння або стану, а таксама спосаб яго ажыццяўлення: Толькі падае ціха снег; Буду мудра і светла маўчаць; І мройна вішня пышная цвіце[ Я. Янішчыц].

Атрыбутызацыя, як паказваюць прыведзеныя вышэй прыклады, стварае бачнасць і жывасць выяўлення, надае апісваемым прадметам і з’явам канкрэтнасць, індывідуалізуе іх і робіць выяўленча-выразнымі.

Гіпанімізацыя – замена назвы радавога паняцця відавым або адначасовае выкарыстанне гіпероніма і гіпоніма з мэтай узмацнення выяўленчасці. Гіпанімізацыя таксама належыць да агульных сродкаў узмацнення выяўленчай выразнасці:

Праз якую вярсту ўстаў грэбень густога лесу. Гэта – пушча, спрадвечная карміцелька і абаронца тутэйшага чалавека [Я.Пархута]



Грыбы стаялі на ўвесь рост, смела і прама, як салдаты. Пад старой асінай,.. не хаваючыся ад чужога вока, расло штук дваццаць баравікоў.. На лужку ў траве раслі рыжыкі. [В.Хомчанка]

Сінанімізацыя – замена нейтральнага слова яго эмацыянальным або экспрэсіўна афарбаваным сінонімам ці іх паралельнае выкарыстанне. Сінанімізацыя таксама адносіцца да агульных сродкаў узмацнення выяўленчай выразнасці.

Не раз са згоды настаўніцы .. гартаў і чытаў сшыткі, учытваўся ў іх старонкі. Учытваўся і дзівіўся, і здзіўляўся: са старонак вучнёўскіх сшыткаў мне добра бачыліся дасведчанасць, неспакой, настаўніцкі клопат пра сваіх вучняў – заўтрашніх гаспадароў зямлі, жыцця,..бачыліся поспехі, дысцыпліна, вывучка, прывітыя дзецям Ксеняй Раманоўскай.[Ф.Янкоўскі]



3. Спецыяльныя сродкі выяўленчай выразнасці.

Асноўную ролю ў экспрэсівізацыі маўлення адыгрываюць спецыяльныя сродкі выяўленчай выразнасцітропы і фігуры.

У антычнай рыторыцы тэрмін фігура выкарыстоўваўся ў шырокім значэнні. Пад фігурай разумелі адхіленне ад звычайнага спосабу выражэння. Размежаванне тропаў і фігур не было дакладным і выразным. Тропы разглядаліся ў складзе фігур як фігуры думкі. Найбольш поўнае азначэнне гэтых прыёмаў фігуральнага выражэння мы знаходзім у Квінтыліяна, які тропам называў такія змены ўласнага значэння слова або слоўнага выразу, пры якім узбагачаецца значэнне, а фігуру абазначаў, па-першае, як форму выражэння думкі, а, па-другое, як свядомае адхіленне ад звычайнай і простай формы выражэння.

У сучаснай энцыклапедычнай літаратуры тропы разглядаюцца як фігуры пераасэнсавання -- спосабы пераноснага словаўжывання. Фігурамі маўлення абазначаюцца выпадкі адхілення ад звычайнага словаўжывання, пераўтварэнне структуры выказвання [11, с. 520].

Найбольш дакладным, на наш погляд, з’яўляецца размежаванне тропаў і фігур, якое прапануе Я. Клюеў: тропы прадугледжваюць варыяцыі значэнняў, фігуры – варыяцыі структур, тропы звязаны ў першую чаргу з пераўтварэннем асноўнага значэння (і толькі як вынік – адбываецца пераўтварэнне структур, у якія яны ўваходзяць) , а фігуры перш за усё -- з пераўтварэннем фундаментальных структур (і толькі як вынік узнікае пераўтварэнне значэнняў іх элементаў). Такім чынам, у аснове тропаў ляжыць пераўтварэнне законаў логікі (і ў першую чаргу аналогіі), у аснове фігур – пераўтварэнне законаў сінтаксіса (як рэпрэзентанта логікі на ўзроўні структурыравання паведамлення) [2, с. 179].

Тропы (грэч. tropos “паварот, зварот”) – словы або выразы, ужытыя ў пераносным сэнсе з мэтай дасягнення большай выяўленчай выразнасці маўлення. Тропы называюць таксама фігурамі думкі, фігурамі пераасэнсавання. Да тропаў адносяцца: метафара, метанімія, сінекдаха, празапапея (адухаўленне), алегорыя, сімвал, каламбур, парадокс, сінестэзія, антанамазія, эпітэт, аксюмаран, антытэза, эмфаза, антанакласіс, гіпербала, літота, антыфразіс, перыфраза, алюзія і інш.

Калі разглядаць тропы як выпадкі пераноснага словаўжывання, то ўсе шматстайныя трапеічныя сродкі можна падзяліць на некалькі груп у залежнасці ад таго, на якой падставе адбываецца перанос назвы з аднаго прадмета на другі:

4. Тропы, заснаваныя на падабенстве прадметаў

Палярнымі тропамі, паміж якімі размяшчаюцца ўсе астатнія, лічацца метафара і метанімія [2, с. 182]. Метафара аперыруе значэннямі слоў у парадыгме, звязана з іерархічнымі адносінамі, яна займае вертыкальны рад, адкуль выбіраюцца значэнні слоў. Метанімія адносіцца да сінтагматыкі, звязанай са спалучэннямі слоў, і займае гарызантальны рад. “Метафара і метанімія належаць да галіны аналагічнага мыслення. У гэтай якасці яны арганічна звязаны з творчай свядомасцю” [2. с.175].

Асаблівую ролю ў стварэнні мастацкага вобраза адыгрывае метафара. Як адзначаецца ў літаратуры, істотнае адрозненне мастацкага маўлення – у яго метафарызме, у сістэмнай спаянасці метафары з усёй структурай мастацкага цэлага [3, с. 71].

Метафара (грэч. metaphora “перанясенне”) – троп, заснаваны на выкарыстанні слоў і выразаў у пераносным сэнсе на аснове падабенства або аналогіі называемых імі прадметаў і з’яў. Метафарычнасць, пакладзеная ў аснову светасузірання, вызначае асаблівасці лексіка-семантычнай арганізацыі яго твораў .

Метафарычнае ўжыванне прыводзіць да полісемантызацыі слова і павелічэння яго асацыятыўнага патэнцыялу, што ў сваю чаргу ўзмацняе глыбіню зместу тэксту, павялічвае сілу яго псіхалагічнага ўздзеяння на чытача (слухача):

Бухта ляжала ў чорных безжыццёвых сопках, як ртутная цьмяная люстра. Спалі на гэтай люстры глухія і насцярожаныя цені караблёў. Злева, досыць далёка, дагарала сузор’е горада,… Справа, у горле заліва, размерана ліў святло маяк – і тады ад яго вострай зоркі цягнулася па вадзе.. амаль нерухомая зорка. [Ул. Караткевіч].

Метафарычнае бачанне свету – адна з адзнак таленту творчай асобы. Самае галоўнае для ўтварэння метафары – новае, нечаканае бачанне і асэнсаванне ўжо вядомых з’яў і прадметаў, іх прымет і дзеянняў. Метафары ўносяць у кантэкст навізну поглядаў на навакольны свет, элемент нечаканасці і першаадкрыцця рэчаіснасці:

Быў самы ранак, час, калі пачынае сыходзіць з зямлі туман і з туману, паступова разготваючы сваімі промнямі яго заслону, выходзіць сонца [П. Галавач].

Водная роўнядзь як бы застыла, разамлелая ў сонечным праменні, і лёгкія аблачынкі ў небе, і само неба адбівалася ў ёй, і дзе-нідзе на плыні ўспыхвалі і гаслі залацістыя бліскаўкі – рассыпаныя па вадзе косы сонца [Т. Хадкевіч].

Метафары, як вядома, узнікаюць у выніку незвычайных для асноўнай семантыкі слова лексічных сувязей. Асноўнай умовай узнікнення метафары з’яўляецца наяўнасць кантэксту, у якім парушаюцца нарматыўныя лексічныя сувязі з іншымі словамі. У навуковай літаратуры, у залежнасці ад характару супастаўлення прадметаў, суадносных у выніку метафарызацыі, вызначаюцца метафары-параўнанні, метафары-загадкі і метафары-перанос назвы з аднаго прадмета на другі [8, с. 11]. Найбольш яскравымі прыкладамі адзначаных тыпаў з’яўляюцца паэтычныя метафары, напрыклад, у паэзіі Я. Янішчыц: метафара-параўнанне: Набытак шчасця мой бясспрэчны: Пяро і чысты аркуш дня (чысты аркуш дня = дзень чысты, як аркуш), метафары-загадкі: Звіняць лісця падкоўкі .. То Пётр Ільіч Чайкоўскі Іграе лістапад; Усё яшчэ як на далоні: Падкоўкі дзён, каралі рос, Шклінка недаверу звонка хрусне; метафары-перанос назвы : Душыла сонца, цалавала спёка, Маланка з громам звязвала канцы; Вось і скончана дарога. Суравее толькі ніць Прыпамінку, што нікога болей светла не любіць; Але цвіце на небе залатая, Высокая трывожная зара; Калі ж душа зліваецца з ракою.

Метафара сінтэзуе “канцэпты тоеснасці і падабенства”. Яна выконвае функцыі як намінацыі, так і характарыстыкі. Як адзначаюць лінгвісты, здольнасць да метафарызацыі слова залежыць ад яго граматычнай характарыстыкі і сэнсавай напоўненасці: “Чым больш шматпрыметавым, інфарматыўна багатым і неразчлянёным з’яўляецца значэнне слова, тым лягчэй яно метафарызуецца. Сярод імён гэта ў першую чаргу канкрэтныя назоўнікі, імёны натуральных відаў, рэалій і іх частак, а таксама імёны рэляцыйнага значэння. Сярод атрыбутыўных слоў гэта – прыметнікі, якія абазначаюць фізічныя якасці, апісальныя дзеясловы” [2, с. 185, 11, с. 297].

Паводле граматычнай характарыстыкі метафары падзяляюцца на прэдыкатыўныя: Пяе спусцелы сад; Яшчэ світаюць і лунаюць Сузор’і вернасці ў палях, субстантыўныя: Набытак шчасця мой бясспрэчны: пяро і чысты аркуш дня; Маё аблічча – толькі форма, Адлітая для струн душы, ад’ектыўныя: Жыву з нізінаў і з вышынь, Між сонца і між грому У век машын, У век маршчын – душэўных, як вядома .

Па ступені складанасці структуры метафары вызначаюцца простыя, адначленныя, якія сустракаюцца даволі рэдка: Снуецца беглая сцяжына, і дастаткова пашыраныя двухчленныя — метафарычныя словазлучэнні рознай структуры, у якіх метафарызуецца як галоўнае, так і залежнае слова. У іх складзе — дзеяслоў (у прэдыкатыўнай і атрыбутыўнай функцыі) + назоўнік (метафарызуецца дзеяслоў): Калі душа шукае слова, А слова ў песню перайшло; Пяе сасна, Шуміць сівы быльнёг; назоўнік + назоўнік (метафарызуецца галоўнае слова): І з усяго, што мы пагаварылі,— Шчаслівіца, я помню промні рук; Праз сон садоў ідзе мой сілуэт; прыслоўе + дзеяслоў (метафарызуецца залежнае слова): І сэрца гулка і трывожна Радзімым водарам п’яніць; прыметнік + назоўнік (метафарызуецца залежнае слова): Зяленароты мокры ліст; А цененькі мой цень Перад табой, што вязень.

Асобнай разнавіднасцю метафары з’яўляецца персаніфікацыя. Персаніфікацыя (лац. persona “асоба” + “facio “раблю”), увасабленне, – троп, які заключаецца ў наданні неадушаўлёным прадметам і з’явам дзеянняў і ўласцівасцей чалавека: Сосны гамоняць. Нібы расказваюць чароўныя казкі маленства – адну за адной, нястомна і радасна, ціха і мудра, як гэта можа добрая, пагодлівая старасць. Возера сёння маўчыць. Каля нізкага берага, чыста пясчанага ці пабрыджанага рэдзенькай травой, ледзь чутна, раскошліва пахлёбвае хваля. [Я.Брыль].

Паводле характару аб’ектаў, на аснове якіх адбываецца перанос, у аснове персаніфікацыі ляжыць тып метафары “нежывому — жывое” — перанос уласцівасцей чалавека на прадметы, з’явы прыроды і адцягненыя паняцці. Персаніфікацыя заснавана на метафарычным выкарыстанні дзеясловаў, калі з’явам прыроды або прадметам прыпісваецца: разумовая дзейнасць чалавека: Памяць мая – бумеранг. Полымя помніць воск. (Э.Акулін); яго фізіялагічны стан: Там рукі пахнуць верасам, Там птушкам сніцца вырай (Э.Акулін); Дрэмле абсаджана лесам адвечным, Цінай засланае возера ў лесе (Я. Купала); псіхічная дзейнасць: Бярозка усміхаецца,Цалуючы прамень; фізічнае дзеянне: Умыўшы шчокі раніцы,На сіні выганВыганяе Сонца пасвіць дзень (Я. Пушча); Білі з хмары першыя фантаны,Глоткі вуліц дождж прапаласкаў І яны рыкаюць апантана (П. Панчанка); Як жнівень мэндлі звозіў,Уцёршы пот з пакош, Па Садзе несла восень Буйных антонаў кош. (М. Лужанін); Душыла сонца, цалавала спёка, Маланка з громам звязвала канцы; Расклад зімы вясна ў архівы спіша; Бунтуе рошчына ў дзяжы [Я. Янішчыц]; Залатою ніткай золак неба вышыў .. (Н.Арсеннева); маўленчая дзейнасць: Заспявае тонка Пад мянташкай сталь,Ёй з-за рэчкі звонка Адзавецца даль (Н. Гілевіч); Упарта кліча сенажаць. І ні старым, ні маладым Тут некалі ляжаць (К. Крапіва); Ды толькі глуш разварушы — Прастор зашэпчацца з ахвотай (Я. Янішчыц); Млечны шлях балбоча, сыпле пырскі.. Адгукнуцца сонныя палі (Н.Арсеннева).

Персаніфікуюцца найчасцей з’явы прыроды — вясна, сонца, спёка, маланка, сасна, возера, сад, зара і толькі ў асобных выпадках адцягненыя паняцці — струны душы.

Празапапея (грэч. prosopopoiia “ачалавечванне”), адухаўленне, -- троп, які ўтвараецца ў выніку надання неадушаўлёным прадметам рыс і ўласцівасцей адушаўлёных: Ёсць нейкія заваблівыя чары, паэзія і хараство ў гэтых дарогах-ручаях, што пракладаюць пуціны вясне і адноўленаму жыццю на зямлі, у іх мітуслівым бегу і залівістым бульканні, у вясёлым гомане і ў грозным шуме [Я. Колас].

Паводле характару аб’ектаў, на аснове якіх адбываецца перанос, пры адухаўленні вызначаецца тып метафары “нежывому — жывое” —наданне нежывым прадметам дзеянняў і ўласцівасцей жывых: Ходзіць сонца па зарэччы Па калені ў вадзе; Я знаю: усё, што сёння Вам сказала, Бязмоўна час шалёны праглыне; Але пяе на небе залатая Адзіная паўночная зара [Я. Янішчыц] .

Метафара, заснаваная на анімізацыі і персаніфікацыі, даволі часта з’яўляецца разгорнутай. У такім выпадку метафарызуецца ўвесь кантэкст: Вечар на захадзе ў попеле тушыць Кучу чырвоных кавалкаў вугля [М.Багдановіч]; Вось толькі тады, калі разгуляецца вецер над зялёнай шчэццю лясоў, над круглымі купамі-шапкамі кучаравай лазы, над бародаўкамі-купінамі жорсткай асакі, тады яна [Прыпяць – А.С.] нясветла пахмурнее, задрыжыць, затрасецца тысячамі хваль і сярдзіта шпурляе чаўны і чайкі-душагубкі ды голасна ўсхліпвае ў прыбярэжных чаратах, як маці ўскрай магілы, дзе пахаваны яе дзеці… [Я.Колас].

Да тропаў метафарычнага тыпу адносяцца таксама сімвал і алегорыя. Сімвал (грэч. symbolon “адметная адзнака, пячатка”) – адзін з відаў іншасказання, умоўнае абазначэнне сутнасці якой-н. з’явы, паняцця пэўным прадметам ці словавобразным знакам.

Не пужайся, што здрадныя хмары

Неба ўслалі з канца да канца,

Што свае цемната ўнесла чары,

Закружыўся груган над папарам:

Яшчэ прыйдзе вясна!..

Не пужайся, што вольныя сілы

Ў путах дрэмлюць з канца да канца,

Што насільства ўсю праўду здушыла,

Што смерць густа капае магілы:

Яшчэ прыйдзе вясна!

Яшчэ прыйдзе! Я.Купала
(вясна ў прыродзе = вясна ў жыцці народа = вызваленне з няволі, путаў і жабрацтва).

Ролю сімвалаў звычайна выконваюць канкрэтныя назоўнікі, якія абазначаюць з’явы прыроды: Гэй, вольныя птахі, саколія дзеці! У вырай! Да сонца вясёлкавым шляхам! (Я. Купала) (сонца = вольнае жыццё, лепшая доля, перамога, поспехі); рэаліі расліннага свету: Трымаюць зямлю без падважнікаў тых, Без мудрага троса, Жывымі рукамі карэнняў сваіх Сасна і бяроза (А. Куляшоў) (сасна – сімвал жыццястойкасці, бяроза – прыгажосці); О Беларусь, мая шыпшына, Зялёны ліст, чырвоны цвет! У ветры дзікім не загінеш, Чарнобылем не зарасцеш (Ул. Дубоўка) (шыпшына – сімвал прыгажосці роднай старонкі); Па аксамітных азярынах лёну сіняга,Па далікатным Бэзава-ружова-белым цвете бульбы, Па васілёчку ў жыце ды буслянцы на страсе.. Сімвалы роднай зямлі-Беларусі (Н.Мацяш); прадстаўнікоў жывёльнага свету: Мне па душы глухія пушчы, Лістоты замяць на дварэ. Я непрыручанаю птушкай Жыву між сполахаў і дрэў. (Я. Янішчыц) (непрыручаная птушка – вольналюбівы дух паэзіі); неадушаўлёны прадмет: Балюча і зноў у бяссонне Самотай-бядой з-пад цішка Чырвонае ўпала сузор’е Кур’ерскага цягніка (А. Грачанікаў) (кур’ерскі цягнік = разлука) і інш.



Алегорыя (грэч. allegoria “іншасказанне”), троп метафарычнага тыпу – выражэнне, перадача адцягненага паняцця або ідэі праз канкрэтны прадмет, мастацкі вобраз, малюнак.

Рака народнага жыцця і айчыннай гісторыі бярэ свой пачатак у запаведных глыбінях вякоў. Праз стагоддзі, праз непазбежныя водмелі і перакаты нясе яна сваю даніну ў акіян агульначалавечай гісторыі. А разам з гэтай ракою плыве пад ветразямі Надзеі, Мудрасці, Працы і напоўнены справамі сотняў пакаленняў нашых продкаў карабель народнай памяці, якім кіруе Лёс. Сярод малых і вялікіх караблёў сусветнай сям’і народаў карабель беларусаў ніколі не быў лішні. У шматкалёрнасці сцягоў і сімвалаў гэтай эскадры горда луналі і нацыянальныя гістарычныя сімвалы беларусаў, што апавядалі свету пра наш радавод, пра братоў і пабрацімаў па супольным жыцці на гэтай пакутнай і дарагой нам зямлі. [М. Ткачоў].

Паводле сваёй структуры алегорыя можа быць простай, калі пэўнае адцягненае паняцце перадаецца праз канкрэтны вобраз: Зазвані моцна звон, загудзі, Каб пачулі цябе на ўвесь край, Беларуса хутчэй разбудзі, Хоць цяпер яму спаць ты не дай! (М. Чарот) (звон = паэзія, песня; зазваніць = скласці верш; разбудзіць = абудзіць свядомасць; спаць = быць пасіўным, абыякавым да стану свайго жыцця); або разгорнутай, калі раскрываецца цэлы ланцужок алегарычных асацыяцый: У Гамера ён вучыўся быць сляпым, У Байрана – кульгаць, У Поля Фора – данжуаніць, У Хэмінгуэя – піць віскі. І дзівіцца: чаму яго Не лічаць класікам (М. Танк).

На аснове падабенства адбываецца перанос такіх тропаў, як гіпербала і літота.



Гіпербала (грэч. hуperbole “перабольшванне”) – наўмыснае перабольшванне пэўных уласцівасцей чалавека, прадмета ці з’явы з мэтай узмацнення выразнасці выказвання: мора па калена, мора крыві, акіян слёз, паміраць ад смеху і да т.п.

Адзін дзень чалавека адукаванага даўжэйшы за самы доўгі век невука [Пасідоній]; Самая вялікая ў жыцці асалода – каханне. Усё астатняе – неістотнае [Насіда]; Асілкам гэтакім адроду Машэка быў у сваёй радні, -- Дзіцём нясці ўжо мог калоду, Якой трох сталых – не маглі [Я. Купала].

У мастацкім творы, як і ў фальклоры, гэты троп мае значнае пашырэнне, паколькі ён узмацняе вобразную характарыстку. Пры абмалёўцы вобразаў гіпербалізуюцца сіла і моц пэўных дзеянняў герояў і ступень іх уздзеяння на акаляючы свет: маўленчая дзейнасць: Быў Юрка чалавек нядрэнны, Адно быў трохі пустамеля: Аж так і трэскаліся сцены, Як стане хлусіць мала-веле [Я. Купала]; перамяшчэнне ў прасторы: Я акіян правеславала, Я тысячу пустынь перабрыла І тысячу надзей там пахавала. І вось – знайшла.. .Я ўсё ж цябе знайшла [Н. Мацяш]; фізіялагічная дзейнасць: Адчайна-малады, Ты п’еш па-веснавому Палескія сады, Вішнёвых дзён аскому [Я. Янішчыц]; фізічны стан: Волата сэрца прабіта І крывёй яго неба заліта [Ул. Жылка]; тэмпературны стан: Варта абхапіць далонямі кацёл вады зледзянелай – І кацёл вады закіпіць [А. Наўроцкі]; фізічнае дзеянне або ўздзеянне на іншых асоб: Ты, пане дабрудзею, не лезь сюды, бо ў парушыну сцяру [Я. Купала]; перабольшваюцца таксама памер, аб’ём апісваемага: Вось танцуе на кінаплакатах Марыліна – прывабная зорка, Бюст не меншы, як купал сената, Ўсмешкай неба зацьміла неба Нью-Йорка [М. Танк]; вага: Баба ж тая – сем пудоў Сама меней важыць [К.Крапіва].



Літота (грэч. litotes “прастата”) – троп, процілеглы ў адносінах да гіпербалы. Літота звязана з наўмысным змяншэннем ступені або ўласцівасці чаго-н. і ўжываецца з мэтай узмацнення экспрэсіі выказвання.Напрыклад: кропля ў моры, кот наплакаў “нязначная колькасць, вельмі мала”. Літоту называюць таксама меёзісам.

Пры выкарыстанні літоты наўмысна змяншаецца памер прадметаў:З камаровы нос сякеру Сцісне, крэкне, замахае – Зробе пушчу, як талерку, Свет дрывамі закідае [Ф. Багушэвіч] – у гэтым выпадку літота спалучаецца з гіпербалай; Яна такая малюпашка, Што меншай нельга і ўявіць, Што і ў пасцелі нават цяжка Пад коўдрай граблямі злавіць! [Н. Гілевіч], іх аб’ём: Сабралі ўраджай. Хочаш прывезці яго – Мурашку ў воз запрагай. [А. Наўроцкі]; колькасць: А што пакіну? Толькі жменьку слоў... [Н. Мацяш].

Як паказваюць прыклады, моўны механізм літоты заснаваны на пэўнай аналогіі, супастаўленні з прадметамі або рэаліямі, у значэнні якіх ёсць сема “малы, мала, нямнога”: мурашка, муравей, камаровы нос, жменька, малюпашка і інш.

У групу тропаў, заснаваных на падабенстве прадметаў, уключаюцца таксама параўнанні і эпітэты.



Параўнанне – прыпадабненне аднаго прадмета да другога на аснове іх агульнай прыметы з мэтай узмацнення выразнасці яго характарыстыкі. Параўнанні з’яўляюцца адным з самых з пашыраных сродкаў мастацка-вобразнай канкрэтызацыі, якія выдзяляюць, падкрэсліваюць як пастаянныя, устойлівыя, істотныя прыкметы прадметаў, так і іх часовыя, неістотныя адзнакі. Параўнанні надзвычай разнастайныя як па семантыцы, так і па структуры. Асаблівую ролю параўнанні выконваюць у паэзіі, дзе яны з’яўляюцца важным сродкам вобразнай характарыстыкі прадмета, стварэння экспрэсіўна-эмацыянальнай афарбоўкі мастацкага слова. Разгледзім гэта на прыкладзе паэтычнай творчасці Я. Янішчыц.

Паводле ўспрыняцця адрасатам параўнанні падзяляюцца на агульнамоўныя, суб’ект і аб’ект якіх добра вядомы, і індывідуальна-аўтарскія, пабудаваныя на нечаканых супастаўленнях прадметаў і іх уласцівасцей. Агульнамоўныя параўнанні ствараюцца з “гатовых” агульнамоўных блокаў, якія фіксуюць найбольш бачныя, агульнавядомыя прыметы прадметаў і з’яў: Схлынуць гады, як за вадою; Скошан лёс, як сенакос; Ляцелі, як белыя гусі, снягі; Вясёлая дзяўчынка, Як матылёк, Ляціць над кладкай той... .

У аснове індывідуальна-аўтарскіх параўнанняў – дакладна адзначанае аўтарам нечаканае падабенства пэўных з’яў і рэалій: Пакуль душа падобна высям, А высі – светлым журавам; Туга, як хмуры панядзелак. Пагосты. Ніцыя кусты; І душа, як чуйнае карэнне, Зноў адчула родную зямлю; Перапляліся рукі, Нібы галлё густое па вясне.

Індывідуальна-аўтарскія параўнанні часта маюць канкрэтна-пачуццёвую аснову прыметы. Умела і па-майстэрску ўплеценыя ў кантэкст, яны адлюстроўваюць разнастайныя асацыяцыі, якія таксама садзейнічаюць мастацка-вобразнай канкрэтызацыі маўлення. Гэта якасныя асацыяцыі: гукавыя – звініць, як колас; зрокавыя (колеравыя) – сінь, што кветкі лубіну; колас, як промень; прасторавыя – шлях, як ніць; тактыльныя – студзіць, як гарлачык; псіхалагічныя – паэзія – агонь і лёд; колькасныя асацыяцыі – Зоры выспелі на Яна, Іх, што ягад у траве .

У параўнаннях, як відаць з прыкладаў, духоўны светчалавека, яго эмацыянальна-псіхічны стан, быццё, дзеянні, рэаліі акаляючай рэчаіснасці супастаўляюцца найчасцей са з’явамі прыроды (душа, быццам снегапад; адбіткі неба ў вачах, як два азёрцы; гады ляцяць, як завірухі), з рэаліямі жывёльнага і расліннага свету (перапляліся рукі, нібы галлё; сяло расце, як дрэвы; злятаю, нібы ліст; голас звініць, нібы калоссе; дзяўчынка ляціць, як матылёк; захацелася ў паэты, нібы птушцы ў вышыню), зрэдку – з канкрэтнымі прадметамі (юнацтва сплыло, нібы паром; тчэ жыццё гады, нібы палотны), адцягненымі з’явамі (струна душы, падобная на ўскрык; а той заліў – увесь спакой).

Паводле граматычнай пазіцыі аб’екта параўнання яны падзяляюцца на прысубстантыўныя, прыад’ектыўныя, прыдзеяслоўныя і прыадвербіяльныя. Найбольш пашыраныя прысубстантыўныя і прыдзеяслоўныя параўнанні. Прысубстантыўныя параўнанні выкарыстоўваюцца найчасцей пры адцягненых назоўніках: Туга, як хмуры панядзелак; Баюся я нявыказаных слоў, Яны – палын, яны дурман і мята; Вось і ўсмешка, як вясёлка ў кроснах; Паэзія – агонь і лёд: Сто раз згараць і ўздымацца; пры канкрэтных назоўніках: А ў падарожжы – шлях, як ніць; Паясочкам – сцяжына, Перавяслам – жытло; у асобных выпадках – пры асабовых назоўніках: Сынок і маці – зерне і ралля. Сынок і маці – мудрая ікона; рэчыўных : Твой тонкі лёд плывучы, як са шкла.

Даволі распаўсюджаныя і прыдзеяслоўныя параўнанні: Жыццё маё, як дзікая шыпшына, Хоць колецца, а ўсё-такі – цвіце; Юнацтва бессардэчнае Сплыло, нібы паром, Над перакатнай рэчкаю, Над грозным азяром ; Схлынуць гады, як за вадою, Ды не растане праменьчык святла

Прыад’ектыўныя параўнанні прадстаўлены нешматлікімі выпадкамі, яны выкарыстоўваюцца пры якасных прыметніках: Лёгкія, як дым, пухавікі; Душой адкрытай і дзіцячай, І чыстай, быццам снегапад; У лёгенькім, як вецер, паліто.

Адзіночнымі з’яўляюцца прыадвербіяльныя параўнанні: Запомню поле, твой абрыс, – Тут горача, бы ў млёва.

Надзвычай разнастайныя параўнанні па структуры і сродках сувязі. Гэта простыя параўнанні (шлях, як ніць; усмешка, як сонца), параўнанні-словазлучэнні (ляцелі, як белыя гусі; уся – палёт суровы) і разгорнутыя параўнанні (І тчэ жыццё гады, нібы палотны, матуля – У пасаг і пра запас).

Па сродках сувязі гэта найчасцей злучнікавыя параўнанні са злучнікам як: Што ж за вогненнае шчасце: Скошан лёс, як сенакос; нібы, нібыта: І душа мая часта, нібы матылёк, На агонь вылятае, ды агню не баіцца; Яна раптоўнаму куплету Здзівілася ўпершыню, І захацелася ў паэты, Нібыта птушцы ў вышыню; бы, быццам: Каля ручнога рукава – Ані душы, бы ўсё знямела; Душой адкрытай, і дзіцячай, І чыстай, быццам снегапад; што: Там сінь, што кветкі лубіну Па высмяглай зямлі; са словамі падобны на, падобны: Струну душы, падобную на ўскрык [8, с. 206]; Пакуль душа падобна высям, А высі – светлым журавам; нагадваць: Нясмелая, нагадваю лілею; бяззлучнікавыя параўнанні, выражаныя творным склонам: Там дзень праявіцца ў вакне Густым малінавым усходам ; Чабаровай палянай Цвету мройнае кіпенне; прыдаткам: Зашыўся ў мох, цікуючы за мною, Баярын бору – горды баравік; адмоўнае параўнанне: Світанак верасовы. Не ліст– гады ляцяць.

Выяўленчую выразнасць і мастацка-вобразную канкрэтнасць паэтычнага слова ўзмацняе прыём развіцця, ускладнення канструкцый з параўнаннем, у склад якіх уключаюцца дадатковыя кампаненты, што развіваюць іх унутраную форму, чым спрыяюць большай вобразнасці: Юнацтва бессардэчнае Сплыло, нібы паром, Над перакатнай рэчкаю, над грозным азяром; Толькі далечы гэтай адкрытая насцеж Зноў святлее душа, як лістотай лясы.



Эпітэт (грэч. epitethon “прыдатак”) – адзін з самых традыцыйных тропаў – вобразнае азначэнне прадмета або з’явы, якое адрозніваецца ад звычайнага азначэння пераносным сэнсам і экспрэсіўнай функцыяй. Эпітэт дапамагае дакладна і ўсебакова ахарактарызаваць пэўны прадмет, з’яву ці чалавека, вылучыць і апісаць іх найбольш істотныя індывідуальныя рысы. Эпітэт узбагачае выяўленча-выразныя магчымасці апісання, надае мове адметнасць і эмацыянальную насычанасць: Вялікая вайна. Вялікая перамога. Вялікі подзвіг. І – вялікая цана. Адно адпавядае другому. А для літаратуры – вялікая тэма. І падыходзіць да яе можна толькі па вялікаму рахунку – з вялікім веданнем і з самай вялікай маральнай адказнасцю [А. Вярцінскі].

У складзе эпітэтаў вызначаюцца агульнамоўныя (звыклыя): дарагія сэрцу вобразы, родны край, родная хата, бязмежны прастор, дзіўныя казкі, зімнія чары, вольны гоман, залацістыя косы, вечныя думы; народна-паэтычныя (сталыя, традыцыйныя): горкая асіна, сіняе мора, красна дзеўка, яснае сонейка, чыста поле,зялёны бор; ндывідуальна-аўтарскія (аказіянальныя): шапаткая шэрань, засмужаная далеч, залівістае бульканне [Я. Колас]; журлівая імжа, азяблыя вятры, шчымлівая паводка, неба, запоўненае тугой [А. Грачанікаў]; васільковы спакой, сіні смутак, палыновая памяць [Р. Барадулін] .

Найбольшыя выяўленча-выразныя магчымасці маюць індывідуальна-аўтарскія эпітэты, якія, як правіла, з’яўляюцца метафарычнымі і адлюстроўваюць своеасаблівае, незвычайнае ўспрыманне аўтарам навакольнага свету: Ты ў Навагрудку… Душная парнасць позняе раніцы з набрынялаю дажджом хмаркаю, пах з цеснаты гародчыкаў густога ліловага бэзу. Замкавая гара аж да спаду ў жоўтых… пушыстых капялюшыках адуванчыкаў. [В.Адамчык]; Узлескі і паляны патанаюць у белых карунках лёгкакрылых рамонкаў і амежніку, у бірузе лугавога льну і браткаў, у тонкім перазвоне ліловых званочкаў. [Р.Ігнаценка]

Эпітэт выконвае адначасова дзве арганічна ўзаемазвязаныя функцыі -- функцыю вобразнай характарыстыкі прадмета і фукнцыю экспрэсівізацыі маўлення. Эпітэт найчасцей вобразна, маляўніча і наглядна характарызуе прыродныя з’явы: чырвонае сузор’е, густое неба [А. Грачанікаў]; сонная рака, пяшчотны вус вінаграда [У. Караткевіч]; зязюльчын ранак, салаўіны вечар, перапёльчына ноч [П.Панчанка]; марозны, звонкі вечар; скрыпучы, мяккі снег, сінявокая ноч, правідны туман, дрыжачыя зоркі, люстраная рака [М. Багдановіч]; яскрава і рознабакова апісвае дзеянні, паводзіны, характар людзей: шалёная спешка, бясконцая праца, прагавітыя вочы; дазваляе аўтару дакладна і выразна перадаць іх пачуцці, эмоцыі, душэўныя перажыванні, псіхічны стан, адносіны да іншых людзей: пагляд шчыры , удзячны, балючы, дрогкі; гарачае сэрца, ранішняя ўсмешка, мудрае жаданне, глыбінная туга, маладая журба, расстайная журба, горкі сум, крохкая радасць, горкая ростань, каменныя рукі, нязменная любоў трапна характарызуе маўленне чалавека і перадае разнастайныя гукавыя асацыяцыі: майстар гаваркі, звонкі смех, трывожны голас, магічны акцэнт, сіратлівая ціша, няўдзячны шум, даўкая немата, цішыня гарачая [Я. Янішчыц] і інш.

Эпітэт, як правіла, выражаецца прыметнікамі, як простымі, так і складанымі – простымі якаснымі: шалёны, бясконцы, чырвоны, густы, чароўны, мудры, адчайны, адноснымі ў пераносным значэнні: каменныя (рукі), ранішняя (ўсмешка), зімнія (чары), зрэдку прыналежнымі -- таксама ў пераносным значэнні: зязюльчын (ранак), салаўіны (вечар), перапёльчына (ноч), складанымі: блакітна-вясёлая просінь, заснежана-стылая зіма [М. Ждановіч] . Выступаюць ў ролі эпітэта і дзеепрыметнікі, найчасцей ад’ектываваныя: пазбытая ласка, спуджаная лябёдка, устрывожаны гай, несціханы вецер, прасвятлёная прахалода, аглухлыя азёры [Я. Янішчыц]. Некаторыя аўтары выдзяляюць, акрамя таго, эпітэт, выражаны прыдаткам: дух-яснавей, казкі-сны,песня-казка, , цьма-лучынка, цень-мара [Я. Купала] і да т. п., якія іншыя разглядаюць як бяззлучнікавыя параўнанні.


: DocLib10 -> %D0%A3%D1%87%D0%B5%D0%B1%D0%BD%D0%BE-%D0%BC%D0%B5%D1%82%D0%BE%D0%B4%D0%B8%D1%87%D0%B5%D1%81%D0%BA%D0%B8%D0%B5%20%D0%BC%D0%B0%D1%82%D0%B5%D1%80%D0%B8%D0%B0%D0%BB%D1%8B%20%D0%BA%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80 -> %D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Гомельскi дзяржаўны Ўнiверсiтэт iмя францыска скарыны
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны”
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Лексікалогія варыянт 1 а што з’яўляецца прадметам вывучэння лексікалогіі?


Поделитесь с Вашими друзьями:
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   16




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал