Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь установа адукацыі “гомельскі дзяржаўны універсітэт імя францыска скарыны”



старонка9/16
Дата канвертавання15.05.2016
Памер2.8 Mb.
1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   ...   16

Пытанні і заданні:


  1. Назавіце тропы, заснаваныя на выкарыстанні мнагазначнасці слова. Якая іх экспрэсіўная роля?

  2. На аснове якіх моўных адзінак ствараецца антанакласіс і плока?

  3. Што такое іронія, у чым яе адметнасць?

  4. На якіх моўных з’явах заснаваны каламбур? У чым яго адметнасць?

5.Як ствараецца парадокс? Якую ролю ён выконвае ў маўленні?

6.На выкарыстанні якіх тыпаў моўных адзінак заснавана паранамазія?

7.Якія тропы ствараюцца на аснове сумежнасці з’яў? Паводле якіх сувязей могуць быць сумежнымі з’явы?

8.Пералічыце тропы, заснаваныя на кантрасце. Вызначце іх экспрэсіўную ролю.

9.Укажыце тропы, заснаваны на тоеснасці з’яў. Якая мэта іх ужывання?
Літаратура:

1. Грановская, Л.М. Риторика. Под общ. ред. В.А. Плотниковой / Л.М. Грановская. – М.: Азбуковник, 2004. – 218 с.

2. Клюев, Е.В. Риторика (Инвенция. Диспозиция. Элокуция): Учебное пособие для вузов / Е.В. Клюев – М.: «Изд.-во ПРИОР», 1999. – 272 с.

3. Кожина, М.Н. О специфике художественной и научной речи в аспекте функциональной стилистики / М.Н. Кожина / Отв. ред. М.А. Генкель. — Пермь, 1966. — 213 с.

4.Леммерман, Хайнц. Уроки риторики и дебатов: Пер. с нем. / Хайнц Леммерман. – М.: ООО «Изд.-во «Уникум Пресс», 2002. – 336 с.

5. Ломоносов, М.В. Полн. собр. соч. – / М.В. Ломоносов. – М.; Л.: Ізд.-во АН СССР, 1952. – Т.7: Труды по филологии, 1739-1758 гг. / Ред. В.В. Виноградов и др.– 996 с.

6.Михальская, А.К. Основы риторики: Мысль и слово: Учеб. пособие / А.К. Михальская – М.: Просвещение, 1996. – 416 с.

7.Подобед, А.С. Практическая риторика: Учебное пособие / А.С. Подобед – Мн.: Академия у..правления при Президенте Республики Беларусь, 2001. – 360 с.

8. Тарасов, Л.Ф. Поэтическая речь: Типологический аспект / Л.Ф.Тарасов. — Харьков: Вища школа, 1976. — 140 с.

9. Хазагеров, Т.Г. Общая риторика: Курс лекций. Словарь риторических приёмов / Отв. ред. Е.Н. Ширяев. – 2-е изд., перераб. и доп. – Ростов – на – Дону: Феникс, 1999. – 320 с.

10. Щербина, А. Сущность и искусство словесной остроты (каламбура). К вопросу о специфике языкового мастерства в русской советской комедии / А. Щербина. – Киев : Изд.во АН УССР, 1968. – 67 с.

11. Лингвистический энциклопедический словарь / Гл. ред. В.Н. Ярцева. – М.: Сов. энциклопедия, 1990. – 685 с.

12. Станкевіч, А.А. Рыторыка: Вучэб. дапам. / А.А. Станкевіч. – Мінск: РІВШ, 2010. – 316 с.

Лекцыя № 12

Фігуры маўлення


План

  1. Класіфікацыя фігур.

  2. Фігуры дыскрэтныя і недыскрэтныя.

  3. Канструктыўныя фігуры паўтору (дабаўлення).


1. Класіфікацыя фігур. З часоў антычнасці рыторыка выдзяляла сістэму фігур маўлення, якія разглядаліся як формы выражэння думкі, што парушаюць агульнапрынятыя правілы пабудовы выказвання і з’яўляюцца спецыяльнымі сродкамі выяўленчай выразнасці. У далейшым фігуры маўлення аналізаваліся з розных бакоў, былі выпрацаваны розныя класіфікацыі, кожная з якіх закранала найбольш істотныя іх прыметы.

Паняцце фігуры прадугледжвае перш за ўсё пэўную рэканструкцыю, трансфармацыю, якая адбываецца ў межах асобнай лексічнай адзінкі, словазлучэння або сказа. У сувязі з гэтым усе фігуры маўлення падзяляюцца на дыскрэтныя і недыскрэтныя [8, с. 238].



2. Дыскрэтныя і недыскрэтныя фігуры

Дыскрэтныя фігуры маўлення заснаваны на супастаўленні асобных элементаў, выдзеленых у складзе моўнай адзінкі. Да іх адносяцца гукавыя і графічныя фігуры. Як правіла, яны абмежаваны мастацкім стылем і сустракаюцца пераважна ў паэтычным маўленні.

Недыскрэтныя фігуры маўлення звязаны з пэўнай перабудовай, трансфармацыяй сінтаксічных структур з мэтай дасягнення незвычайнага спалучэння моўных адзінак і ўзмацнення выяўленчай выразнасці. Недыскрэтныя фігуры ў сваю чаргу падзяляюцца на канструктыўныя, якія робяць сінтаксічную адзінку больш сбалансаванай, і дэструктыўныя, якія парушаюць сінтаксічную структуру сказа. Да канструктыўных недыскрэтных фігур адносяцца фігуры дабаўлення або паўтору, заснаваныя на паўтаральнасці моўных адзінак. Да дэструктыўных недыскрэтных фігур адносяцца фігуры ўбаўлення або пропуску, у аснове якіх – пропуск асобных моўных адзінак, і фігуры перастаноўкі або размяшчэння, звязаныя з парушэннем лагічнай структуры сінтаксічнай канструкцыі, якія адлюстроўваюць непаўтаральнасць моўных адзінак.

Фігуры як спецыяльны сродак выяўленчай выразнасці таксама падзяляюцца на некалькі груп (гл. табліцу № 6).


3. Фігуры дабаўлення (паўтору)

Фігуры дабаўлення – канструктыўныя слоўныя фігуры, заснаваныя на паўтаральнасці моўных адзінак. Да фігур дабаўлення адносяцца ампліфікацыя, анадыплозіс, анафара, аплікацыя, гемінацыя, градацыя, дыяфара, ізакалон, кальцо, падваенне, паліптатон, паралелізм, паранамазія, перыяд, полісіндэтон, сегментацыя, сімплака, шматпрыназоўнікавасць, эпаналепсіс, эпанодас, эпімона, эпіфара. Выкарыстанне гэтых фігур дапамагае лагічна выдзеліць суб’ект або аб’ект пэўнага дзеяння, дазваляе паказаць устоўлівасць пэўных якасцей, нарастанне, паслядоўнасць, мэтанакіраванасць дзеяння, працяглыя аднатыпныя адрэзкі часу, дае магчымасць паказаць узмацненне эмацыянальнага і псіхалагічнага стану.

Фігуры дабаўлення, заснаваныя на паўторы, аблягчаюць слуханне, разуменне і запамінанне маўлення. Яны з’яўляюцца важным сродкам інтэнсіфікацыі маўлення, якая павышае ступень экспрэсіўнасці моўных адзінак.



Анафара (грэч. anaphora “вынясенне”), адзінапачатак – паўтор слова ці групы слоў у пачатку некалькіх сумежных сказаў. Анафара садзейнічае лагічнаму выдзяленню, падкрэсліванню сэнсу паўторанага слова і стварае пэўны паралелізм сказаў:

І гэтыя яго трагічныя апошнія часіны, гэта тытанічная праца, гэтая мужная ўпэўненасць у тым, што яшчэ не скончана барацьба, гэтая гатоўнасць біцца да канца, гэтая невычэрпная любоў да волі радзімы, да дэмакратыі, -- робяць асобу Каліноўскага самай трагічнай і велічнай у гісторыі Беларусі, яе нацыянальным героем [Ул.Караткевіч].

Ёсць розныя разнавіднасці анафары: гукавая, лексічная, строфная. Найбольш распаўсюджанай з’яўляецца лексічная анафара – паўтор асобнай лексемы ў пачатку суседніх сказаў. Паўтараемая лексічная адзінка можа адносіцца да любой часціны мовы. Найчасцей у пачатку сумежных сказаў ужываюцца назоўнік і займеннік. Субстантыўная анафара засяроджвае ўвагу на суб’екце дзеяння, які можа абазначацца як канкрэтным, асабовым, так і адцягненым назоўнікам:



Шчасце ў кожнай тваёй перамозе,

Шчасце – адолець і вецер і град,

Шчасце – нідзе не спыняцца ў дарозе,

Спынішся – плынню адгоніць назад [С. Грахоўскі].

Займеннікавая анафара ўказвае на аўтара выказвання, яго асабістыя адносіны да рэчаіснасці:



А мне баліць.

А мне смыліць.

А мне вайна страляе [Р. Барадулін];

можа выражаць абагуленае значэнне асобы:



Ціха. Ніхто ні з кім не спрачаецца.

Ціха. Ніхто ні з кім не страчаецца [А. Вярцінскі].

Дзеяслоўная анафара паказвае высокую ступень значнасці дзеяння або працэсу, перадае інтэнсіўнасць яго праяўлення:



Люблю цябе з гадамі гарачэй [С. Грахоўскі];

Будзе тут бярозка,

Будзе тут рабінка,

Будзе клёну горстка,

Будзе і калінка [Я. Купала].

Дзеепрыметная анафара адзначае дзеянне як якасць, праяўленую ў часе:



Жыло сумленне, ды яно

Забіта ў сэрцы тым даўно –

Забіта сытасцю,

Забіта хітрасцю,

Забіта сквапнасцю,

Забіта святасцю,

Забіта хіжасцю

І іншай іншасцю [А. Пысін].

Ад’ектыўная анафара ўказвае на якасць прадмета, яго істотную ўласцівасць, яна можа выражацца як якаснымі, так і прыналежнымі прыметнікамі:



Чужое шчасце мне прыносіць шчасце,

Чужое гора – горкі неспакой,

Чужы запал маёю стане страсцю,

Чужая ўдача – радасцю маёй [С. Грахоўскі].

Адвербіяльная анафара ўзмацняе акалічнасны дэтэрмінант пры дзеяслове:



Нялёгка быць даверлівым і шчырым,

Нялёгка крыўды даўнія забыць,

Нялёгка жыць з усімі ў міры

І кожнага аднолькава любіць [С. Грахоўскі];

Арыгінальнай і даволі рэдкай з’яўляецца гукавая анафара – паўтарэнне пачатковых гукаў:



Слухай

Святую хвіліну маўчання:

Спяць ленінградцы,

Спяць масквічы,

Сібіракі, украінцы,

Мінчане [С. Грахоўскі];

або іх спалучэнняў:



Абрыдлі

Абрысы

Абразы.

У сэрцы адно

Амбразуры [А. Кавалеўскі].

Строфная або сінтаксічная анафара, пры якой у пачатку радкоў паўтараюцца аднолькавыя ці раўназначныя сінтаксічныя канструкцыі, таксама не мае асаблівага пашырэння. Яна прыводзіць да поўнага структурнага паралелізму, які праяўляецца ў аднолькавай пабудове суседніх сказаў:

Ты помніш калючыя сінія зімы?

Ты помніш глухія сігналы адбою?

Ты помніш разлукі?

І толькі Радзіма

Была неразлучна са мной і з табою [С. Грахоўскі].

Анафара, такім чынам, выконвае ў маўленні структурна-семантычную і экспрэсіўную функцыі – садзейнічае ўпадпарадкаванню слоўнай пабудовы тэксту, лагічнаму, паслядоўнаму разгортванню думкі і ўзмацненню яго эмацыянальнага гучання. Сэнсава-выдзяляльнае значэнне анафары павышае інфарматыўнасць маўлення, насычанасць зместу і глыбіню раскрыцця ідэі, канцэптуальную значнасць слова. Стылістычная значнасць анафары абумоўлівае ўзбагачэнне маўлення дадатковымі эмацыянальна-ацэначнымі значэннямі.



Анадыплозіс (грэч. anadiplon “падвоены”) -- фігура маўлення, у якой канец аднаго сказа паўтараецца ў пачатку другога, суседняга сказа.

Анадыплозіс адносіцца да кантактных, лакалізаваных паўтораў. Паўтор сегментаў на мяжы сумежных сказаў уплывае на ўзаемапранікненне іх сэнсу і ўзмацненне выразнасці.

З сівых часін маці была ашчаджальніцай агню. Агню, які абаграваў і карміў. Агню, які шчырасцю сагравае ўсе вякі [Р.Барадулін].

У складзе анадыплозісу выкарыстоўваюцца як асобныя лексічныя адзінкі, так і спалучэнні слоў. Калі структура анадыплозісу складаецца з аднаслоўнай адзінкі, то паўтораная лексема можа належаць да любой часціны мовы. Найчасцей у анадыплозісе выкарыстоўваюцца іменныя часціны мовы, якія фіксуюць увагу на суб’екце дзеяння або ўскосным аб’екце, які мае адметнае семантычнае напаўненне: Моцна сціснуў вусны, каб не чулі, Як балюча пакідаць мне свет. Свет маіх пакут і спадзяванняў... Ідзе жыццё. Жыццю канца няма [С. Грахоўскі]; Невыпадкова з’яўляецца певень на палотнах майстра, бо гэта птушка – служка бога агню, пажару. А пажар якраз і свяціў Марку Шагалу ў першыя хвіліны з’яўлення на свет [Р.Барадулін]. Дзеяслоўная лексіка ў анадыплозісе падкрэслівае працягласць або інтэнсіўнасць дзеяння, і лагічна выдзяляе яго ў структуры сказаў: І, сеўшы на высокі ганак, Пра волю вольную запець. Запець, што ім шляхі адкрыты, Што крылы рвуцца ў прастор... [С. Грахоўскі].

У некаторых выпадках пры выкарыстанні гэтай фігуры паўтараецца некалькі слоў: Сімвалам Беларусі стала маленькая рэчка Нярэшня. Рэчка Нярэшня – гэта жыццёвыя вытокі для паэта [Полымя 2003, №8, с.188].

У асобных выпадках анадыплозіс ахоплівае больш, чым два сказы: Аўтар любіць і жыве паэзіяй. Паэзіяй прасякнуты і думы яго герояў. Герояў, для якіх словы – гэта малітва [Полымя, 2003, № 8, с. 192].

Анадыплозіс, такім чынам, садзейнічае ўзаемапранікненню семантыкі сумежных сінтаксічных адзінак, з’яўляецца выразным тэкстаўтваральным сродкам, стварае эфект “запаволенай здымкі”, якая падкрэслівае працягласць дзеяння, бесперапыннасць руху, выдзяляе суб’ект або аб’ект дзеяння.

Аплікацыя (лац. applicatio “наклейванне, прыкладванне”) – украпленне агульнавядомых выразаў (фразеалагізмаў, прыказак, прымавак, моўных штампаў і інш.) у некалькі змененым выглядзе ў тэкст выступлення. Аплікацыя ажыўляе маўленне, надае яму выразнасць і садзейнічае ўзмацненню кантакту са слухачамі: Ды і адкуль будзеш ведаць чалавека, пакуль добра з ім не пазнаёмішся, не з’ясі, як кажуць, разам пуд солі [Б.Сачанка]; Няма тых крамак, дзе прадаюць мамак” – на жаль, і гэты выраз прыходзіць у свядомасць жорстка тады, калі няма ўжо каму вымавіць кароткае і вечнае слова [мама – А.С.] [Р.Барадулін].

Уключаныя ў структуру мастацкага тэксту ўстойлівыя выразы могуць набываць гумарыстычнае гучанне: Кажуць: “Цішэй едзеш – далей будзеш”. Мо праверыць? “А за кукіш круп не купіш”. А я думаў?“Праўда люба, хоць і груба”. Ці заўсёды? “Папрацуеш – смак пачуеш”. Мо і праўда?Кажуць: “Смерць вянчае славай”. Пачакаю? [М. Танк].



Градацыя (лац. gradatio “узрастанне, узмацненне, паступовае павышэнне”) – фігура маўлення, заснаваная на такім размяшчэнні сегментаў выказвання, калі ў кожнай наступнай частцы ўзмацняецца (радзей паслабляецца) сэнс папярэдняй, што ў цэлым павышае экспрэсіўнасць выражэння.

Градацыя з’яўляецца актыўным сродкам развіцця ідэй, спосабам вынаходніцтва зместу прамовы, сэнсавай мадэллю арганізацыі ўсяго тэксту: У штодзённай мітусні і клопаце не трэба ніколі забываць пра слова, а трэба дбаць пра яго, усяляк аберагаць, шанаваць, развіваць, каб яно служыла бацькам, дзядам і прадзедам [Б.Сачанка].

Градацыя дазваляе перадаць паступовае нарастанне напружанасці, драматызму дзеяння або працэсу. Гэтаму садзейнічае актыўнае выкарыстанне ў градацыі эмацыянальна-ацэначнай лексікі і дзеясловаў псіхічнага стану: ..Ва ўсім, што ёсць беларуская зямля і беларускае неба, яго [Багдановіча – А.С.] душа, яго імя, яго боль, яго вера і надзея растворана на вечныя векі [Н.Гілевіч]; Ды і не прывык ён на Першамай дома сядзець, калі, здаецца сама душа рвецца разам з людзьмі быць – хадзіць, спяваць, радавацца, смяяцца [Б.Сачанка].

У навуковай літаратуры выдзяляюцца дзве асноўныя разнавіднасці градацыі: клімакс і антыклімакс Клімакс – паслядоўнае пашырэнне значэння паняццяў, якія размяшчаюцца адно за адным, альбо саміх па сабе, альбо ў складзе адпаведных сінтаксічных структур. Пры гэтым адбываецца рух ад канкрэтнага да агульнага, вытрымліваецца адзіная лінія нарастання [8, с. 203] : Пераход да новага жыцця непазбежны, як прыход новага дня, новых пакаленняў, новай эпохі (Нёман, 2003, №1, с.3).

Клімакс можа быць лагічным, калі адбываецца паслядоўнае пашырэнне аб’ёму паняццяў або паралагічным, калі мае месца рэзкае нарастанне семантычнага напаўнення моўных адзінак і дзеянні, працэсы, аб’екты, названыя першым і апошнім кампанентамі градацыі, аказваюцца амаль процілеглымі, набываюць адзнаку семантычнай палярнасці.

Антыклімакс – паслядоўнае звужэнне семантыкі лексічнай адзінкі шляхам пераўтварэння агульнага паняцця ў канкрэтнае [8, с.204] сустракаецца значна радзей: Не будзе міра ні на зямлі, ні на небе, ні ў краінах, ні ў розумах нашых [Полымя, 2004, №3, с.152].

Градацыя, такім чынам, з’яўляецца дзейсным сродкам выяўленчай выразнасці, валодае яскравай вобразнасцю, дазваляе перадаць разнастайнасць з’яў аб’ектыўнай рэчаіснасці, паказаць яе дзеянні і працэсы ў развіцці.

Дыяфара (грэч. diaphora “адрозненне, разнавіднасць, падхват”) – фігура маўлення, якая ствараецца ў выніку паўтору ў змененым, як правіла, узмоцненым значэнні выказаных вышэй слоў: Мама! Маці! Матуля! Мамачка! Слова гэтае амаль на ўсіх мовах свету гучыць падобна.. [Р.Барадулін]; Падбіралі, падбіраюць і падбіраць будуць эпітэты да Яўгеніі Янішчыц [Р.Барадулін].

Я.У. Клюеў называе дыяфару паўторам-рэтраспекцыяй, паколькі гэты паўтор вяртае чытача да назад, да таго, што толькі што прагучала, і паўтарае яго ў змененым, часцей за ўсё ўзмоцненым, значэнні [8, с. 244]: Хоць сэрца просіцца ў адстаўку, А я адстаўкі не даю; Дачка дамоў прыходзіць з інстытута, Прыносіць коцікі і весела жартуе, Што шахне снег вясноваю вадою, А снегам пахне ранняя вясна [ С. Грахоўскі].

Дыяфара знешне напамінае анадыплозіс, але паміж імі істотнае адрозненне: анадыплозіс мае лакальную замацаванасць – гэта паўтор слоў на сумежжы некалькіх сказаў, дыяфара не мае пэўнай пазіцыі ў сказе.

Ізакалон (грэч. isokolon “аднолькавы маўленчы такт”) – раўнамернае чаргаванне сегментаў маўлення (сказаў) прыблізна адной працягласці, якое надае паведамленню выразную перыядычнасць:

Мабыць, найбольшае зло ў нашым жыцці – спрадвечная наша бяспамятнасць. На працягу стагоддзяў наш народ моўчкі цярпеў прыгнёт, ліў сваю кроў, ахвяраваў мільёнамі жыццяў і – маўчаў. Маўчаў, бо ягоныя гісторыкі пазбавілі яго праўдзівай гістарыяграфіі, яго філосафы ўнушалі яму фальшывую ідэю аб мудрай правільнасці ягонага бязмежнага цярпення. Ягоныя рыцары прыгожага пісьменства спаборнічалі між сабой аб тым, што варта было выбуху гневу і абурэння.

Ягоныя палітыкі і дзяржаўныя дзеячы былі пазбаўлены ўласнай палітыкі, магчымасці дзейнічаць на карысць народа, а шмат хто з іх сам стаў ахваряю тэрору, уласнае слепаты і заблуды.

Але... урэшце прыйшоў час сказаць людзям праўду. [В.Быкаў]

Кальцо – фігура маўлення, якая ствараецца паўторам на пачатку і ў канцы асобных строф ці ўсяго твора аднолькавых моўных адзінак. Гэта фігура выкарыстоўваецца пераважна ў паэзіі. У навуковай літаратуры выдзяляюцца гукавое, лексічнае, страфічнае і архітэктанічнае кальцо.

Найчасцей выкарыстоўваецца лексічнае кальцо – паўтарэнне на пачатку і ў канцы асобных вершаваных радкоў або строф аднолькавых слоў :



Галубоў галубіная сварка, Колькі іх, галубіных чубоў, На плошчы Святога Марка Карміла ты з рук галубоў. [М.Сяднеў]; Жыццё без узлётаў, пралікаў і спадаў, Без спрэчак калючых, нібыта асцё, Без спёкі, дажджоў і густых снегападаў – Пустая інструкцыя, а не жыццё [ С. Грахоўскі].

Лексічнае кальцо дапамагае аўтару выдзеліць асобныя словы, падкрэсліць іх значэнне, тым самым засяродзіць увагу на пэўнай асобе, істоце, прадмеце, з’яве.

Гукавое кальцо – паўтарэнне аднолькавых гукаў або гукаспалучэнняў на пачатку і ў канцы асобных радкоў – даволі рэдкая з’ява:

Ці забываецца навек Калі канае чалавек? Не згіне ён Таму, што ў свет Вядзе яго нябачны след [С. Грахоўскі]; Дабру і міру кожны рад, Трызніць вайной нягоднік і вар’ят [С. Грахоўскі].

Страфічнае кальцо – паўтарэнне асобных строф на пачатку і ў канцы чатырохрадкоўяў : Косы звіняць. Спеўна ўзносяцца зыкі, Поўняць жыццём жаўтацвет сенажаць, Майстры дзіўныя з нязнаных музыкаў, косы звіняць [Н.Арсеннева].

Архітэктанічнае кальцо – паўтарэнне на пачатку і ў канцы верша адных і тых жа слоў або цэлай страфы: Яна ў паход цябе збірала, Як толькі грымнула вайна, Яна касіла, жыта жала, Лісты на фронт табе пісала, Табой жыла, цябе чакала, І дачакалася яна [С. Грахоўскі].

Кальцо, такім чынам, садзейнічае сэнсаваму ўзмацненню паўтораных слоў, павышае іх экспрэсіўныя магчымасці, узмацняе эмацыянальную напоўненасць твора, паглыбляе яго ідэйны змест, дазваляе перадаць адносіны аўтара да апісваемых падзей і дзеючых асоб.

Падваенне – фігура маўлення, заснаваная на паўтарэнні адных і тых жа слоў або словазлучэнняў для іх лагічнага выдзялення: Доўга не спалі і гаварылі, гаварылі пра жыццё, пра літаратуру [П. Панчанка]; У полі бяскрайнім морам бушуе жыта. Коцяцца пад лёгкім павевам ветрыка зялёныя хвалі, коцяцца і коцяцца, і няма ім ні канца, ні краю. [Р. Ігнаценка].

Выкарыстанне падваення садзейнічае стварэнню эфекту працягласці і шматразовасці падзей або насычанасці з’яў, інтэнсіўнасці дзеянняў: І ў гэтым сэнсе можна сказаць, што пасмяротная трагедыя Багдановіча працягваецца. Таму што працягваецца трагедыя культуры, якой ён належыць, трагедыя мовы, якою ён пісаў, і, значыць, трагедыя народа [Н.Гілевіч].

Падваенне можа займаць розную пазіцыю ў сказе: у пачатку, сярэдзіне або ў канцы сказа. Паўтараюцца розныя часціны мовы. Падваенне назоўнікаў садзейнічае лагічнаму выдзяленню суб’екта або аб’екта дзеяння: Куды ні глянеш – людзі, людзі, І ў кожнага няпросты лёс [С. Грахоўскі]; З Новым годам, з Новым годам! З новай песняй, з новай казкай! Зачаруем мімаходам Долі ходы думкай-краскай! [Я. Купала]; падваенне прыметнікаў падкрэслівае характарыстыку прадмета: Слізкія, слізкія, слізкія сцежкі – Ані сняжынкі на чорным галлі. Адрасаваны табе усмешкі І сантыменты табе – былі! [Я. Янішчыц]; падваенне дзеяслова ўзмацняе названае дзеянне: А над полем гудуць і гудуць бальшакі, І кляновая замяць спраўляе дажынкі [С. Грахоўскі].

Паліптатон (грэч. polis “шмат” + ptotis “выпадак”) – фігура маўлення, заснаваная на паўторы аднаго і таго ж слова ў розных формах: Так любоў узбагачалася любоўю, любоўю пашанлівай, адданай. [Р.Барадулін]; Як у аратага плуг, у жняі серп, так у пісьменніка слова. У слове пластыка, у слове музыка, у слове фарбы, у слове тое, чаго нідзе і ні ў чым няма – сэнс, адухоўленасць, страснасць. І няпраўду гавораць тыя, хто спрабуе пераканаць, быццам у яго ёсць думкі, але не хапае слоў, каб іх выказаць. Думак без слоў не бывае. Куды часцей сустракаецца адваротнае. Ёсць словы, а думак няма [Б.Сачанка].

У залежнасці ад прыналежнасці кампанентаў паўтору да розных часцін мовы выдзяляюцца такія разнавіднасці паліптатону, як назоўнікавы, дзеяслоўны, прыметнікавы і прыслоўны. Найбольш пашыраны назоўнікавы і дзеяслоўны паліптатон. У складзе назоўнікавага паліптатону ўжываюцца звычайна розныя склонавыя формы аднаго і таго ж слова, што стварае своеасаблівую граматычную парадыгму, якая садзейнічае максімальна поўнай рэалізацыі семантычнага аб’ёму лексемы, надае ёй дадатковыя сэнсавыя адценні і прыцягвае ўвагу слухача або чытача: Чужое шчасце мне прыносіць шчасце; Пара быць Чалавекам чалавеку! [С. Грахоўскі].



Дзеяслоўны паліптатон садзейнічае больш поўнаму і глыбокаму адлюстраванню пэўных дзеянняў або працэсаў, надае выказванню дынамізм, перадае паслядоўнасць развіцця падзей. Формы дзеяслова ў складзе гэтага паліптатону адрозніваюцца найчасцей паказчыкамі трывання, часу або асобы: Аўтар вылучае падмурак, на якім трымаўся спрадвеку і павінен трымацца сёння чалавек [Полымя, 2003, № 8, с. 195]; І будзем так да старасці кахаць, Як некалі кахалі ў маладосці [С. Грахоўскі].

Пэўная граматычная мадыфікацыя лексемы ў складзе паліптатону стварае дадатковы стылістычны эфект, павышае экспрэсіўнасць выказвання і ўзмацняе семантычны патэнцыял слова.



Паралелізм (грэч. parallelos “сумежны”) -- фігура маўлення, сутнасць якой у выкарыстанні аднатыпных сінтаксічных канструкцый у сумежных або блізкіх частках паведамлення. Аднатыпнасць сінтаксічнай будовы канструкцый стварае аснову для аналогіі, супастаўлення выражаемага імі зместу.

Паводле структурнай арганізацыі паралелізм – спалучэнне некалькіх узаемазалежных, размешчаных побач сінтаксічных адзінак. Кампанентамі гэтай фігуры з’яўляюцца як простыя, так і складаныя сказы з гіпатаксічнымі адносінамі паміж прэдыкатыўнымі часткамі. Паралелізм бывае просты і разгорнуты. Просты паралелізм у якасці аб’екта супастаўлення вылучае адну прымету: Падвяргаючы сумненню пасланні прарокаў – падвяргаеш сумненню запаведзі Гасподнія і волю Божую [Полымя, 2004, №4, с. 152].

Разгорнуты паралелізм змяшчае некалькі агульных прымет прадметаў супастаўлення і іх дзеянняў: Калі ўбогі прагне і жадае дзеля Хрыста – то на нябёсах ён узбагаціцца і натоліцца міласцю Божай і райскімі стравамі. Калі хто смуткуе тут, абгавораны і зняслаўлены, зганьбаваны і выгнаны за праўду, -- анёлы на небе таго ўшануюць, і з праведнікамі будзе ён радавацца і весяліцца. Калі чалавека якога тут ненавідзяць і б’юць за Хрыстовае імя – таго ўзлюбіць Бацька ўсявышні на небе, і будзе той радавацца з анёламі, спачываючы ў раі...

Калі хто быў тут неміласэрны. -- той ад Бога на небе міласці не атрымае, і не прымуць анёлы яго ў Нябеснае царства [К.Тураўскі, перакл. А.Мельнікаў].

Паралелізм можа быць поўным і частковым. Пры поўным паралелізме члены сказы расстаўлены ў адной паслядоўнасці і выражаныы аднолькавымі формамі, што стварае своеасаблівую сінтаксічную сіметрыю: Адзін усё жыццё стараецца рабіць добрае, памагаць людзям, змагаецца за праўду, а другі ўвесь час хлусіць, выкручваецца, робіць шкоду [Полымя, 2004, №2, с.210] .

Пры няпоўным паралелізме члены сумежных сказаў размяшчаюцца ў адвольным парадку: А мне вяртацца…Як адліга, Ад сэрца рана адлягла. А мне вяртацца …Быццам іга, Шаша пад ножанькі лягла [Я. Янішчыц].

Перыяд (грэч. periodos “абход, круг, кругазварот”) – фігура маўлення, складаная сінтаксічная канструкцыя, якая аб’ядноўвае шэраг састаўных кампанентаў у выглядзе закончанага і ўраўнаважанага цэлага. Аратарскі перыяд афармляе складаную аргументацыю развіваемага тэзіса. Маўленчы перыяд – завершаны ўрывак маўлення.

Складанае сінтаксічнае цэлае, рытмічны харатар якога стварае павышэнне голасу, называецца пратазісам, паніжэнне голасу -- апатазісам.

Перыяд арганізуе маўленне такім чынам, каб у пачатку фразы і гаворачы, і слухачы ўжо адчувалі, якім будзе яе развіццё і завяршэнне.

Перыяд складаецца з дзвюх частак – павышэння і паніжэння інтанацыі, якія падзяляе кульмінацыя, адзначаная паўзай. Віды перыяду – часавы, умоўны, азначальны.



Царство Асирское почалося ест от Веля царя, сына Немрофова, скоро по потопе. Он же почал силен быти на земли. Велов пак сын Нинос поставил ест град и назвал и именем своим Нинива. В том граде царствовали суть тридесеть и седм царей лет тысещу и триста даже до царя Сардонапаля, его же убил Аръба, воевода медийский, и пресели царство то в Меды. А так пребыло ест до Цира, царя перскаго. Он же к тому имеаше царство Вавилонское, понеже Дарий царь, дядя его, убил был пред тым Валтизаря, царя Вавилонскаго, иже бе шостый по цари Навходносоре, пленившем Ерусалим и Седехию царя Июдина. Той Цир лета перваго царства своего выпустил ест жиды из пленения вавилонскаго, по седмидесяти летех по прочеству Еремиину, и повелел им ити в Ерусалим и ставити храм господень, и вси сосуды церковные, еже был побрал Навходносор царь во храме Саломонове, им вернул. [Ф.Скарына].

Полісіндэтон (грэч. poly “шмат” + syndeton “сувязь”), шматзлучнікавасць – фігура маўлення, звязаная з ужываннем аднаго і таго ж злучніка перад кожным аднародным членам сказа.

Полісіндэтон выдзяляе кожны аднародны член, падкрэсліваючы яго ролю, і ў той жа час стварае адзінства пералічэння, тым самым узмацняе выразнасць выказвання.



Вясёлка над Дзвіной паднялася ўгору, колеры яе пабляклі і неўзабаве рассеяліся зусім… Сонца залівала цяпер роўным залацістым святлом, і ўсё ў ім – і будынкі, і дрэвы, і асфальтавая роўнядзь вуліц, і зеляніна прырэчнага поплава – прываблівала вока свежасцю і чысцінёй [Т.Хадкевіч].

Полісіндэтон адыгрывае важную архітэктанічную ролю ў тэксце, яго функцыянальнае значэнне залежыць ад граматычнага значэння злучаемых членаў сказа. Так, калі злучнікі звязваюць паміж сабой аднародныя выказнікі, яны перадаюць працягласць дзеяння, або яго замаруджанасць, запаволенасць, а таксама сілу, інтэнсіўнасць, разнастайнасць: Лягчэй казаць, цяжэй рабіць А вы спачатку навучыце І ненавідзець і любіць; Па багуне і верасе Сівы туман плыве, То сцелецца па беразе, То па сухой траве [С. Грахоўскі].

Калі злучнікі аб’ядноўваюць аднародныя іменныя часціны мовы, гэта дазваляе перадаць разнастайнасць з’яў рэчаіснасці, стварае адзінства іх пералічэння, што садзейнічае структурнай цэласнасці выказвання: У памяці жывуць сяброў абліччы: На іх то боль, то радасць, то усмешка [С. Грахоўскі].

Полісіндэтан можа быць поўным, калі злучнікі паўтараюцца перад кожным аднародным членам сказа: І сумна, і крыўдна, і горка, Што ўжо не вярнуцца назад [С. Грахоўскі]; і частковым: Асталася дабрата людская, Любоў і дружба, ласка і спагада. І першыя сустрэчы і каханне Тых, хто прыйшлі ў свет пасля вайны [С. Грахоўскі].



Шматпрыназоўнікавасць – фігура маўлення, заснаваная на паўтарэнні аднолькавых прыназоўнікаў.

Шматпрыназоўнікавасць надае кантэксту ўзмоцненую эмацыянальнасць і садзейнічае экспрэсівізацыі выказвання: Надзвычай сакавітая, паэтычная і багатая мова Міхася Лынькова. На кожны зрух сэрца, на кожнае пачуццё, на кожную пару года і дня, на кожны вобраз роднай прыроды ў яго столькі слоў – самацветаў, што часамі здаецца, перад самім мастаком паўстае нялёгкая задача: якія словы лепш узяць, якія фарбы пакласці на палатно [М.Танк]; Такі скарб, каторы ніхто і ніколі адабраць ад нас не здолее, гэта любоў да бацькаўшчыны, да свайго народу, да роднай мовы,..[Цётка].

Аднародныя члены сказа ў складзе гэтай фігуры могуць аб’ядноўвацца пры дапамозе адной і той жа часціцы: Тое, што любіш, не выкінеш на сметнік, не ўтопчаш у гразь, не раструшчыш [Полымя, 2004,№3, с.179].

Паўтор прыназоўнікаў можа спалучацца з паўторам злучнікаў або часціц, утвараючы, такім чынам, парны паўтор службовых слоў: Паўсюль – і ў будынках, і на вуліцах, і ў парках, і ў крамах, і ў метро людзі, людзі, людзі [Дзеяслоў, 2003, №4,с.213]; Ніхто і не ўтойвае ад цябе ісціну, але ніхто і не адкрывае яе для цябе [Полымя, 2004, №3,179].

У тэксце можа быць таксама чаргаванне злучнікавага і бяззлучнікавага аб’яднання аднародных членаў сказа, што прыводзіць да інтанацыйнага кантрасту і з’яўляецца дадатковым сродкам моўнай экспрэсіі:

Ён [Навагрудак – А.С.] прыгожы здалёк, гэты невялікі горад, калі раптам убачым яго з вышыні двухкрылага самалёціка, што доўга нёс цябе над бясконцаю выспаю зацягнутых смугою і парэзаных стужкамі дарог налібоцкіх лясоў, над сіняватым вокам Кромані, над паскаю неглыбокага, з пясчанымі плёсамі Нёмана, над бязлесаю, тлустаю і па-гаспадарску да каліва ўробленаю шчорсаўскаю зямлёю, з густымі і заможнымі вёсачкамі, з чародамі гусей на поплаве каля пакручастае, абсаджанае купкамі сівых вербаў рэчачкі [В.Адамчык].

Паўтор прыназоўнікаў, як і злучнікаў, дазваляе аўтару выдзеліць асобныя словы, падкрэсліць іх значэнне, засяродзіць на іх увагу чытача. Шматпрыназоўнікавасць, як і іншыя віды паўтору, садзейнічае таксама рытмізацыі маўлення, яго сістэмна-структурнай арганізацыі.



Эпанодас (грэч. epanodos “адыход, адступленне”) -- фігура маўлення, якая ствараецца паўторам слоў ў сказе ў адваротным парадку. Такі незвычайны паўтор дазваляе з асаблівай сілай падкрэсліць значэнне паўтораных слоў, выдзеліць іх з кантэксту, акцэнтаваць на іх увагу: Сэрца і розум пісьменніка працуюць словам, змагаюцца словам, жывяцца і ратуюцца словам, бо нябёсамі дадзенага таленту глыбей за іншых зразумець і адчуць, што мова і народ, народ і ягоная мова – непарушнае, непадзельнае, непарыўнае Адзінства. [А.Міхневіч].

У адваротным парадку могуць паўтарацца дзеясловы: Амаль не ўсю ноч пракленчыла жанчына: малілася і плакала, плакала і малілася; Паэзію Пысіна .. трэба чытаць і перачытваць, перачытваць і чытаць [Полымя, 2003, №5, с.201]; назоўнікі: Муза карануе славу, а славаМузу [Лац. прык.].

Эпанодас называюць “люстраным ” паўторам, ён вызначаецца ў ліку іншых прыёмаў сваёй арыгінальнасцю і вялікім экспрэсіўным патэнцыялам.

Эпіфара (грэч. epiphora “дадатак”), адзінаканчатак – паўтор слова ці групы слоў у канцы сумежных сказаў. Як і анафара, эпіфара з’яўляецца лакалізаваным паўторам.

Эпіфара спрыяе структурнай арганізацыі тэксту, садзейнічае актуалізацыі семантыкі паўтараемых элементаў выказвання.



Лексічная эпіфара:

Аблашчы твары найпразрыстымі рукамі,

З недасканалых сэрцаў плямы пазмятай…

Узвышша чыстае, вітай мяне, вітай!
Пераўтвары ў водар пах цвілы і склепны,

: DocLib10 -> %D0%A3%D1%87%D0%B5%D0%B1%D0%BD%D0%BE-%D0%BC%D0%B5%D1%82%D0%BE%D0%B4%D0%B8%D1%87%D0%B5%D1%81%D0%BA%D0%B8%D0%B5%20%D0%BC%D0%B0%D1%82%D0%B5%D1%80%D0%B8%D0%B0%D0%BB%D1%8B%20%D0%BA%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80 -> %D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Гомельскi дзяржаўны Ўнiверсiтэт iмя францыска скарыны
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны”
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA%D0%B0 -> Лексікалогія варыянт 1 а што з’яўляецца прадметам вывучэння лексікалогіі?


1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   ...   16


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка