Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Вучэбна-метадычнае аб’яднанне вышэйшых навучальных устаноў



Дата канвертавання18.06.2016
Памер392.61 Kb.
Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

Вучэбна-метадычнае аб’яднанне вышэйшых навучальных устаноў

Рэспублікі Беларусь па хіміка-тэхналагічнай адукацыі

ЗАЦВЯРДЖАЮ
Першы намеснік Міністра
адукацыі Рэспублікі Беларусь

____________________А.І. Жук

_______________ 2008

Рэгістрацыйны № ТД ______ / тып.



Практычная і функцыянальная стылістыка беларускай мовы


Тыпавая вучэбная праграма

для вышэйшых навучальных устаноў па спецыяльнасці

1-47 01 01 Выдавецкая справа

УЗГОДНЕНА

Старшыня Вучэбна-метадычнага аб’яднання вну Рэспублікі Беларусь па хіміка-тэхналагічнай адукацыі

________________І.М. Жарскі

_____________2008 г.

УЗГОДНЕНА


Начальнік Упраўлення вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі

Рэспублікі Беларусь

________________Ю.І. Міксюк

_____________





Першы прарэктар Дзяржаўнай установы адукацыі «Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы»


________________ І.В. Казакова

_____________ 2008 г.


Эксперт-нормакантралёр


___________________

_____________ 2008 г.


Мінск 2008



СКЛАДАЛЬНІКІ:

Вольга Аляксандраўна Кузьміч, загадчык кафедры беларускай мовы ўстановы адукацыі “Беларускі дзяржаўны тэхналагічны універсітэт”, заслужаны работнік адукацыі Беларускай ССР, выдатнік адукацыі, настаўнік-метадыст;

Вольга Васільеўна Шахаб, загадчык кафедры лінгвістыкі і сацыяльна-гуманітарных дысцыплін прыватнай установы адукацыі “Жаночы інстытут ЭНВІЛА”, кандыдат педагагічных навук, дацэнт


РЭЦЭНЗЕНТЫ:

Кафедра беларускай мовы і літаратуры ўстановы адукацыі “Мінскі дзяржаўны лінгвістычны універсітэт”;

І.М. Саматыя, дацэнт кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта, кандыдат педагагічных навук

Рэкамендавана ДА ЗАЦВЯРДЖЭННЯ ў якасці тыпавой:

Кафедрай беларускай мовы ўстановы адукацыі “Беларускі дзяржаўны тэхналагічны універсітэт” (пратакол № 1 ад 18.09.2008 г.);

Навукова-метадычным саветам установы адукацыі “Беларускі дзяржаўны тэхналагічны універсітэт” (пратакол № 1 ад 24.09.2008 г.);
Навукова-метадычным саветам па паліграфіі Вучэбна-метадычнага аб’яднання вну Рэспублікі Беларусь па хіміка-тэхналагічнай адукацыі (пратакол № 8 ад 30.09.2008 г.)

Адказны за выпуск В.А. Кузьміч



Змест


Тлумачальная запіска ……………………………………………..

4

Прыкладны тэматычны план ……………………………………..

Змест дысцыпліны ………………………………… ……………..

7

7


Тэматыка практычных заняткаў ………………………….……....

17

Рэкамендаваная літаратура ………..……………………………...

22

ТЛУМАЧАЛЬНАЯ ЗАПІСКА
Актуальнасць вывучэння вучэбнай дысцыпліны

Практычная і функцыянальная стылістыка беларускай мовы”


Узяты нашай краінай курс на сацыяльныя і эканамічныя пераўтварэнні патрабуе ад устаноў адукацыі падрыхтоўкі кваліфікаваных, усебакова развітых спецыялістаў з высокім узроўнем моўнай і маўленчай культуры. Адной з профільных дысцыплін, якая вывучае спецыфіку выкарыстання моўных сродкаў для перадачы інфармацыі ў розных камунікатыўных умовах, з’яўляецца практычная і функцыянальная стылістыка.

Стылістыка – самастойная лінгвістычная навука, якая вывучае заканамернасці функцыянавання мовы ці маўлення, спосабы ўжывання моўных адзінак і экстралінгвістычных сродкаў у залежнасці ад зместу выказвання, яго мэтаў, формы і ўмоў зносін.

Практычная і функцыянальная стылістыка ўзаемадзейнічае з такімі мовазнаўчымі дысцыплінамі, як сучасная беларуская мова, гісторыя айчыннай літаратуры, гісторыя сусветнай літаратуры, практычная і функцынальная стылістыка рускай мовы, якія ў сукупнасці спрыяюць фарміраванню агульнай прафесійнай кампетэнцыі будучых спецыялістаў, а таксама павышаюць іх моўную і маўленчую культуру ва ўсіх сферах грамадскага жыцця.

Дысцыпліна “Практычная і функцыянальная стылістыка беларускай мовы” накіравана на развіццё ў студэнтаў спецыяльнасці 1-47 01 01 “Выдавецкая справа” неабходных камунікатыўных якасцяў маўлення. Тыповыя маўленчыя дзеянні фарміруюцца і існуюць на аснове функцыянальна-стылёвай арыентацыі літаратурна ўнармаваных сродкаў зносін і экспрэсіўных магчымасцяў мовы. Таму стылістычны адбор і выкарыстанне неабходных моўных сродкаў выражэння зместу – нязменны паказальнік своеасаблівасці моўнай асобы канкрэтнага індывіда і неабходны элемент прафесійнага станаўлення спецыялістаў.


Мэты і задачы вучэбнай дысцыпліны
Мэтай вывучэння дысцыпліны «Практычная і функцыянальная стылістыка беларускай мовы» (спец. 1-47 01 01 Выдавецкая справа) з’яўляецца ўдасканаленне маўленчага вопыту будучых рэдактараў-тэхнолагаў. Авалоданне студэнтамі прафесійна арыентаваным вусным і пісьмовым маўленнем у тыповых сітуацыях будучай вытворчай дзейнасці прадугледжвае вырашэнне наступных задач:

  • прадстаўленне сістэмных ведаў аб стылістычным ладзе сучаснай мовы і яе стылістычных нормах;

  • развіццё ўменняў і навыкаў стылістычнай ацэнкі моўных сродкаў і іх мэтанакіраванага выкарыстання ў залежнасці ад камунікатыўнай сітуацыі;

  • усведамленне ролі мовы і маўлення ў працэсе сацыялізацыі і культурнай ідэнтыфікацыі асобы.

Патрабаванні да засваення вучэбнай дысцыпліны

Патрабаванні да ўзроўню засваення дысцыпліны “Практычная і функцыянальная стылістыка беларускай мовы” вызначаны Адукацыйным стандартам вышэйшай адукацыі па першай ступені (спецыяльнасць 1-47 01 01 Выдавецкая справа), які распрацаваны ў адпаведнасці з патрабаваннямі кампетэнтнаснага падыходу. У п. 7.5.4. “Цыкл агульнапрафесійных і спецыяльных дысцыплін” дадзенага стандарту адзначаны асноўныя патрабаванні да кампетэнцый па дысцыпліне, якімі павінен валодаць выпускнік ВНУ:



ведаць:

  • тэарэтычныя асновы практычнай і функцыянальнай стылістыкі;

  • сістэму стылістычных сродкаў беларускай мовы і іх камунікатыўныя магчымасці;

  • стылістычныя нормы ў сферы прафесійнай дзейнасці;

  • прынцыпы моўнай арганізацыі стыляў;

  • гісторыю стылістыкі як навукі;

умець:

  • характарызаваць асаблівасці функцыянальных стыляў;

  • аналізаваць камунікатыўную арганізацыю тэкстаў рознай мэтанакіраванасці;

  • выпрацоўваць рацыянальныя і эфектыўныя маўленчыя паводзіны ў розных сітуацыях прафесійных і дзелавых зносін;

  • перакладаць тэксты розных стыляў на беларускую мову;

  • афармляць справавыя дакументы і лісты ў адпаведнасці з патрабаваннямі стылістычнай нормы;

  • ажыццяўляць камунікацыю ў сферы прафесійнай дзейнасці.

Акрамя таго, дысцыпліна павінна фарміраваць у студэнтаў грамадзянскасць, патрыятызм, нацыянальную самасвядомасць на аснове дзяржаўнай ідэалогіі.
Структура зместу вучэбнай дысцыпліны

Структура зместу вучэбнай дысцыпліны “Практычная і функцыянальная стылістыка беларускай мовы” вызначана на аснове модульнага падыходу:



  • нулявы модуль (М-0), ці ўводзіны, дзе вызначаны змест і задачы стылістыкі, структура прадмета і яго сувязь з іншымі дысцыплінамі, паказана роля практычнай стылістыкі ў выпрацоўцы і рэалізацыі стылістычных нормаў і правіл ужывання моўных адзінак ва ўсіх функцыянальных стылях; пададзены асноўныя паняцці і катэгорыі стылістыкі; прыведзены звесткі з гісторыі стылістычнай навукі; падкрэслена роля персаналій у распрацоўцы стылістыкі і вызначаны асноўныя напрамкі яе сучаснага развіцця;

  • навучальныя модулі (М-1 – М-7), пералік якіх пададзены ў тэматычным плане курса. У адпаведнасці са зместам кожнага модуля праз абагульненыя веды, уменні і навыкі вызначаны патрабаванні да кампетэнтнасці;

  • модуль кантролю (М-К), у якім забяспечаны выніковы кантроль засвоенасці ведаў і сфарміраванасці ўменняў і навыкаў.

Кожны модуль прадугледжвае патрабаванні да кампетэнтнасці, якія вызначаюць сутнасць моўнай і маўленчай падрыхтоўкі спецыяліста. У адпаведнасці са зместам кожнага модуля і вызначанымі кампетэнцыямі распрацаваны тэставыя заданні (электронны варыянт) і кантрольныя комплексныя работы.

Тыпавы вучэбны план прадугледжвае для вывучэння дысцыпліны 170 гадзін, з іх 86 гадзін аўдыторных, у тым ліку 34 гадзіны лекцый і 52 гадзіны практычных заняткаў.


Метады (тэхналогіі) навучання

Асноўнымі метадамі (тэхналогіямі) навучання, якія адпавядаюць зместу вучэбнай дысцыпліны “Практычная і функцыянальная стылістыка беларускай мовы”, з’яўляюцца:



  • праблемна-модульнае навучанне;

  • тэхналогія навучання як вучэбнага даследавання;

  • праектныя тэхналогіі;

  • актыўныя камунікатыўныя тэхналогіі (дыскусія, прэс-канферэнцыя, мазгавы штурм, вучэбныя дэбаты і інш.);

  • тэхналогія развіцця крытычнага мыслення праз чытанне і пісьмо;

  • камп’ютэрныя тэхналогіі.

Пры чытанні і перакладзе тэкстаў разнастайных стылістычных жанраў, іх трансфармацыі ў адпаведнасці з камунікатыўнымі мэтамі, падрыхтоўцы і правядзенні публічных выступленняў па адпаведнай тэматыцы выхаваўчага характару, выкананні іншых відаў работ студэнты павінны набыць неабходныя сацыяльна-асобасныя і прафесійныя кампетэнцыі.
Дыягностыка кампетенцыі студэнтаў

Для дыягностыкі сфарміраванасці вызначаных кампетэнцый рэкамендуецца выкарыстоўваць кантрольныя комплексныя работы, электроннае тэсціраванне і іншыя віды кантролю.


ПРЫКЛАДНЫ Тэматычны план


модуля


Назва модуля

Аўдыторныя

гадзіны








Лекцыі

Практычныя заняткі

М-0

Уводзіны ў курс “Практычная і функцыянальная стылістыка беларускай мовы”

2

2

М-1

Функцыянальныя стылі сучаснай беларускай літаратурнай мовы

6

8

М-2

Фанетычныя элементы стылістыкі

2

2

М-3

Лексічная стылістыка

6

10

М-4

Фразеалагічная стылістыка

2

4

М-5

Марфалагічная стылістыка

6

10

М-6


Сінтаксічная стылістыка

6

12

М-7

Стылістыка тэксту

4

4

М-К


Модуль кантролю







УСЯГО

34

52


ЗМЕСТ ДЫСЦЫПЛІНЫ

М-0. Уводзіны ў курс
Практычная і функцыянальная стылістыка беларускай мовы”

Навукова-тэарэтычны змест модуля:

Прадмет стылістыкі, яе змест і задачы. Адгалінаванні стылістыкі як самастойнай лінгвістычнай навукі: апісальная (стылістыка рэсурсаў), функцыянальная, практычная, стылістыка мастацкай літаратуры. Сувязь курса “Практычная і функцыянальная стылістыка беларускай мовы” з іншымі дысцыплінамі. Роля стылістыкі ў выпрацоўцы кампетэнцыі будучых рэдактараў-тэхнолагаў.

Роля функцыянальнай стылістыкі ў даследаванні заканамернасцяў ужывання стылістычных рэсурсаў мовы ў адпаведнасці з камунікатыўнай сітуацыяй. Асноўныя экстралінгвістычныя фактары моўных зносін: форма перадачы інфармацыі (вусная і пісьмовая), сацыяльная сфера зносін, характар інфармацыі, мэта зносін.

Роля практычнай стылістыкі ў выпрацоўцы і рэалізацыі стылістычных нормаў і правіл ужывання моўных адзінак ва ўсіх функцыянальных стылях.

Асноўныя паняцці і катэгорыі стылістыкі: стылістычная норма, стылістычная афарбоўка, стылёвая рыса, стылістычныя сродкі і інш. Стылістычная норма як аснова адбору і выкарыстання моўных адзінак у пэўнай сферы зносін. Стылістычныя памылкі, іх характарыстыка і асаблівасці.

Стылістычная афарбоўка, яе экспрэсіўныя і функцыянальныя ўласцівасці, дадатковыя да асноўнага (намінатыўнага) значэння слова. Віды стылістычнай афарбоўкі: эмацыянальна-экспрэсіўная і функцыянальная.

Стылёвая рыса як спецыфічная прымета розных стыляў. Падзел стылёвых рысаў на агульнанарматыўныя і ўласцівыя асобным стылям. Дакладнасць, лагічнасць, правільнасць і чысціня, дарэчнасць як універсальныя якасці ўсіх стыляў. Выразнасць, сцісласць, багацце, вобразнасць як неабходныя якасці пэўных стыляў.

Стыліcтычныя рэсурсы мовы як сродак стварэння адпаведных стыляў. Нейтральныя і стылістычна афарбаваныя словы і выразы.

Звесткі з гісторыі стылістычнай навукі. Паняцце стылю ў антычным красамоўстве (Дэмасфен, Арыстоцель, Цыцэрон, Квінтыліян і інш.). Вытокі беларускай стылістыкі і яе персаналіі. Роля вучоных-асветнікаў К. Тураўскага, Г. Цамблака, Ф. Скарыны, М. К. Сарбеўскага, В. Цяпінскага, С. Буднага, М. Сматрыцкага, А. Філіповіча, Л. Зізанія ў развіцці моўнай культуры, яе пашырэнні сярод шырокіх народных мас на тэрыторыі Беларусі ў XVI – XVII стст.

Роля рускіх вучоных у распрацоўцы пытанняў стылістыкі (А. Патабня, Д. Аўсянік-Кулікоўскі, Л. Шчэрба, А. Пяшкоўскі, Р. Вінакур, В. Вінаградаў, Л. Булахоўскі, Б. Тамашэўскі, А. Гвоздзеў, А. Яфімаў, Д. Разенталь і інш.).

Першыя распрацоўкі пытанняў беларускай стылістыкі ў 20-30 гады XX ст. Роля беларускіх вучоных Я. Карскага, Б. Тарашкевіча ў выпрацоўцы літаратурных нормаў. Значны ўклад у развіццё беларускай стылістыкі майстроў мастацкага слова Я. Коласа, К. Чорнага, К. Крапівы, М. Лужаніна, Я. Скрыгана, П. Глебкі і інш. Навуковае вывучэнне стылістыкі ў 50-60-я гады.

Працы У. Анічэнкі, А. Аксамітава, Л. Антанюк, Б. Бірылы, М. Булахава, А. Баханькова, Л. Бурака, Я. Камароўскага, А. Каўруса, I. Лепешава, А. Міхневіча, А. Наркевіча, А. Падгайскага, В. Протчанкі, М. Цікоцкага, Л. Шакуна, П. Шубы, А. Юрэвіч, Ф. Янкоўскага і іншых беларускіх вучоных па распрацоўцы асноўных пытанняў беларускай стылістыкі.

Сучасны стан стылістыкі як мовазнаўчай дысцыпліны. Асноўныя напрамкі стылістычных даследаванняў. Стылістыка мовы і стылістыка маўлення. Стылістыка мастацкай літаратуры. Стылістыка тэксту. Функцыянальна-сэнсавыя тыпы маўлення.

Патрабаванні да кампетэнтнасці:


  • ведаць прадмет стылістыкі, яе змест і задачы, асноўныя паняцці і катэгорыі;

  • усведамляць ролю практычнай стылістыкі ў выпрацоўцы і рэалізацыі стылістычных нормаў і правіл ужывання моўных адзінак ва ўсіх функцыянальных стылях;

  • валодаць інфармацыяй па гісторыі стылістычнай навукі, ведаць асноўныя этапы яе развіцця.



М-1. Функцыянальныя стылі

сучаснай беларускай літаратурнай мовы

Навукова-тэарэтычны змест модуля:

Агульнае паняцце аб функцыянальных стылях, прынцыпах іх вылучэння і ўзаемадзеяння. Паняцці стылю, падстылю, жанру. Спецыфіка вуснай і пісьмовай формы маўлення.

Афіцыйна-дзелавы (афіцыйна-справавы) стыль. Сфера выкарыстання: прававая і адміністрацыйная дзейнасць, афіцыйна-дзелавыя зносіны, грамадская, дзяржаўная і вытворчая дзейнасць.

Падстылі: заканадаўчы, канцылярскі.

Жанры: законы, указы, загады, інструкцыі, дагаворы, узгадненні, распараджэнні, акты, дзелавая перапіска, даведкі юрыдычнага характару, справаздачы, інструкцыі, даверанасці і г.д.

Асаблівасці: стандартызацыя, афіцыйнасць, імператыўнасць, дакладнасць, аб’ектыўнасць, дакументальнасць, канкрэтнасць, лагічнасць.

Моўныя сродкі:

на лексічным узроўні – ужыванне слоў-канцылярызмаў, устарэлых слоў, тэрміналогіі, наменклатурных найменняў, нейтральнай і міжстылёвай лексікі, складанаскарочаных слоў, графічных скарачэнняў і г.д; абмежаванасць эмацыянальнай лексікі;

на марфалагічным узроўні – ужыванне іменных часцін мовы, аддзеяслоўных назоўнікаў з адмоўем не і без яго, дзеяслоўных словазлучэнняў (дзеяслоў + назоўнік) замест дзеясловаў, інфінітываў, дзеясловаў цяперашняга часу са значэннем загаду, складаных адыменных прыназоўнікаў; асаблівае афармленне лічэбнікаў;

на сінтаксічным узроўні – апавядальны характар мовы, абмежаванасць пытальных і клічных сказаў, строгі і пэўны парадак членаў сказа, выкарыстанне простых і складаных канструкцый, канструкцый з адыменнымі прыназоўнікамі і аддзеяслоўнымі назоўнікамі, высокая частотнасць дзеепрыметных і дзеепрыслоўных зваротаў, выкарыстанне складаных злучнікаў у складаназалежных сказах, адсутнасць простай і няўласна-простай мовы, ужыванне звышфразавага адзінства.

Навуковы стыль.



Сфера выкарыстання: разнастайныя галіны навукі (дакладныя, прыродазнаўчыя, гуманітарныя і інш.), галіна тэхнікі і вытворчасці.

Падстылі: уласна навуковы, навукова-папулярны, навукова-вучэбны.

Жанры: навуковыя працы, даклады, лекцыі, падручнікі, дапаможнікі, дысертацыі, рэфераты, анатацыі, рэзюме, рэцэнзіі і інш.

Асаблівасці: сэнсавая дакладнасць (адназначнасць выражэння думкі), інфармацыйная насычанасць, аб’ектыўнасць, бязвобразнасць, лагічнасць, доказнасць, яснасць, паслядоўнасць выкладу інфармацыі, абмежаванасць эмацыянальна-экспрэсіўнай афарбоўкі.

Моўныя сродкі:

на лексічным узроўні – шырокае ўжыванне абстрактнай лексікі; адцягненасць і абагуленасць лексікі; абмежаванасць слоў, якія выражаюць адзінкавыя паняцці; выкарыстанне нейтральных слоў і выразаў з прамым (намінатыўным) значэннем і спецыяльных тэрмінаў, міжгаліновай лексікі; агульнанавуковы і інтэрнацыянальны характар лексікі; выкарыстанне фразеалогіі тэрміналагічнага характару; абмежаванасць тэрмінаў-сінонімаў і шырокае выкарыстанне антаніміі; наяўнасць моўных клішэ, адсутнасць устойлівых спалучэнняў з эмацыянальна-экспрэсіўнай і размоўнай афарбоўкай, адсутнасць слоў абмежаванага ўжывання (архаізмаў, жарганізмаў, дыялектызмаў);

на марфалагічным узроўні – перавага іменных часцін мовы (шырокае ўжыванне адцягненых назоўнікаў для абазначэння абстрактных паняццяў), формаў адзіночнага ліку назоўнікаў у значэнні множнага, адцягненых і рэчыўных назоўнікаў у форме множнага ліку; перавага роднага склону назоўнікаў у субстантыўных спалучэннях; выкарыстанне аналітычных формаў ступеней параўнання прыметнікаў у састаўных тэрмінах; ужыванне ў ролі прыназоўнікаў і злучнікаў поўназнамянальных слоў; ужыванне пераважнай большасці дзеясловаў у формах цяперашняга часу, незакончанага трывання; распаўсюджанасць формаў 3-й асобы адзіночнага і множнага ліку, формы 1 -й асобы множнага ліку (разам з займеннікам мы, безасабовых формаў і інфінітываў; неўжывальнасць формы 1-й асобы адзіночнага ліку дзеясловаў і займенніка я, а таксама формы 2-й асобы адзіночнага і множнага ліку; выкарыстанне дзеясловаў шырокай абстрактнай семантыкі, дзеясловаў-звязак; адсутнасць эмацыянальных і суб’ектыўна-мадальных часціц і выклічнікаў;

на сінтаксічным узроўні – шырокае ўжыванне пасіўных канструкцый; перавага кампактных сінтаксічных канструкцый (простыя развітыя і складаназалежныя сказы); ужыванне сінтаксічных сінонімаў; абмежаванасць намінатыўных сказаў (яны пераважаюць у загалоўках і фармулёўках пунктаў плана); частае ўжыванне двухсастаўных сказаў з састаўным іменным выказнікам (у цяперашнім часе характэрна наяўнасць звязкі ёсць, складаных сказаў (складаназлучаных і складаназалежных); распаўсюджанасць такога віду сувязі сказаў, як паўтор назоўнікаў, часта ў спалучэнні з указальнымі займеннікамі; выкарыстанне прыслоўяў, іншых часцін мовы і спалучэнняў слоў; наяўнасць пабочных слоў і словазлучэнняў, дзеепрыметных і дзеепрыслоўных словазлучэнняў, устаўных канструкцый, удакладняльных членаў сказа; характэрная для навуковага тэксту пабудова з трох частак (уступ, галоўная частка, заключэнне).

Публіцыстычны стыль. Сфера выкарыстання: грамадска-палітычная літаратура, перыядычны друк, агітацыйна-прапагандысцкія і палітычныя выступленні, заклікі, прамовы на сходах і г.д.



Падстылі: газетна-публіцыстычны, радыё-, тэлежурналісцкі, прамоўніцкі.

Жанры: газетны артыкул, нарыс, памфлет, фельетон, хроніка, нататка, інтэрв’ю, рэпартаж, эсэ.

Асаблівасці: спецыфічнае стылёвае адзінства, цэласнасць, спалучэнне функцый паведамлення і ўздзеяння, яркая эмацыянальна-экспрэсіўная афарбоўка, ацэначнасць, «эканомія» моўных сродкаў, лаканічнасць, наяўнасць стэрэатыпных стандартаў.

Моўныя сродкі:

на лексічным узроўні – разнастайнасць лексічных і фразеалагічных сродкаў; наяўнасць лексем, якія маюць сацыяльна-ацэначны характар; ужыванне спецыфічнай публіцыстычнай фразеалогіі; яркі эмацыянальна-ацэначны, экспрэсіўны характар лексікі; метафарычнае выкарыстанне тэрміналогіі; ужыванне варварызмаў і экзатызмаў;

спалучэнне стылістычна афарбаванай лексікі і нейтральнай («канфліктнасць» лексікі); наяўнасць аўтарскіх неалагізмаў;



на марфалагічным узроўні шырокае выкарыстанне адцягненых назоўнікаў на -асць, -ства, -нне, -енне (-энне), назоўнікаў з суфіксамі іншамоўнага паходжання -ы [j-а], -ацы [j-а], -і (ы) зацы [j-а], -ізм; ужыванне формы адзіночнага ліку назоўнікаў у ролі множнага, формы множнага ліку назоўнікаў, якія не абазначаюць колькасць; пашыранае ўжыванне імператыўных формаў дзеяслова (у адозвах, закліках); наяўнасць прыметнікаў з прыстаўкамі між-, звыш-, суб-, транс-, анты-, перад-, часціц не, ні, але, нават, вось і г.д, вытворных прыназоўнікаў тыпу у галіне, на аснове, у якасці, у сувязі і г.д.

на сінтаксічным узроўні – ужыванне сродкаў выразнасці (рытарычнае пытанне, паралелізм, паўтор, інверсія, анафара і г.д.), экспрэсіўна-сінтаксічных канструкцый, адасобленых членаў сказа; наяўнасць разгорнутых сінтаксічных канструкцый, эліптычных і намінатыўных сказаў, сегментаваных, парцэляваных і далучальных канструкцый.

Гутарковы стыль. Сфера выкарыстання: бытавыя штодзённыя зносіны паміж людзьмі.



Падстылі: размоўна-бытавы, размоўна-афіцыйны.

Жанры: штодзённыя размовы, прыватныя лісты, нататкі.

Асаблівасці: непасрэднасць, непадрыхтаванасць і нязмушанасць; эмацыянальнасць, экспрэсіўнасць, ацэначнасць; канкрэтнасць зместу; стэрэатыпнасць выкарыстання моўных сродкаў; няпоўная структурная аформленасць; спантаннасць маўлення; наяўнасць невербальных сродкаў камунікацыі (міміка, жэстыкуляцыя).

Моўныя сродкі:

на лексічным узроўні шырокае ўжыванне размоўнай, прастамоўнай і нейтральнай лексікі, слоў бытавога зместу; высокая частотнасць слоў з канкрэтным значэннем і абмежаваная колькасць слоў з абстрактным; прадуктыўнасць утварэнняў з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі; багацце эмацыянальна-экспрэсіўнай лексікі; наяўнасць аўтарскіх неалагізмаў (аказіяналізмаў); развітая полісемія і сінанімія; ужыванне стандартных выразаў і формы маўленчага этыкету, размоўных і прастамоўных фразем;

на марфалагічным узроўні – перавага граматычных формаў з размоўнай і прастамоўнай афарбоўкай; абмежаванае ўжыванне назоўнікаў і шырокае выкарыстанне дзеясловаў (зваротныя дзеясловы з прыстаўкамі); ужыванне выклічнікаў, часціц, дзеяслоўных формаў са значэннем імгненнасці дзеяння, інфінітыва, формаў цяперашняга часу дзеяслова са значэннем прошлага; пашыранае выкарыстанне займеннікаў;

на сінтаксічным узроўні – эліптычнасць, няпоўны характар сінтаксічных канструкцый; перавага простых сказаў; частае выкарыстанне пытальных і клічных сказаў; аслабленасць сінтаксічных сувязей; выкарыстанне складаназлучаных і бяззлучнікавых сказаў, далучальных канструкцый; непаслядоўнасць маўлення; дапаўненне сказаў далучальнымі канструкцыямі; свабодны парадак слоў у выказванні; багацце інтанацыйнага афармлення сінтаксічных канструкцый.

Стыль мастацкай літаратуры. Моўная стылізацыя. Сфера выкарыстання: мастацкая літаратура.



Падстылі: празаічны, паэтычны, драматургічны.

Жанры: празаічныя, паэтычныя і драматычныя творы,

Асаблівасці: стылістычная неаднароднасць (ужыванне ўсіх стылістычных рэсурсаў мовы, шырокая метафарычнасць, вобразнасць моўных сродкаў; шматпланавасць; эмацыянальнасць, экспрэсіўнасць; індывідуалізаванасць).

Моўныя сродкі:

на лексічным узроўні – шырокае ўжыванне ўсіх рэсурсаў агульнанароднай мовы; багацце і разнастайнасць сродкаў стылістычнай выразнасці мовы; адсутнасць шаблонаў; моўных клішэ; наяўнасць фразеалагічных адзінак размоўнага і кніжнага характару; частае выкарыстанне вобразна-выяўленчых сродкаў (эпітэтаў, параўнанняў, метафар, перыфраз, фразем); багатая сінаніміка.

на марфалагічным узроўні – шырокае ўжыванне ўсіх формаў асабовых займеннікаў; частае выкарыстанне дзеясловаў, канкрэтных назоўнікаў.

на сінтаксічным узроўні – багацце сінтаксічных канструкцый; ужыванне стылістычных фігур (інверсіі, антытэзы, анафары, эпіфары, паралелізму і інш.); спалучэнне двух маўленчых пластоў (аўтарскага і персанажаў); перадача мовы персанажаў пры дапамозе простай, ускоснай, няўласна-простай мовы; чаргаванне рэплік у драматычных творах; выкарыстанне размоўных сінтаксічных канструкцый у мове персанажаў.

Моўная стылізацыя. Стылізацыя як свядомае і мэтанакіраванае ўключэнне ў мастацкі твор маўленчых сродкаў, характэрных для пэўных эпох, літаратурных тыпаў і іншых стыляў. Тыпы моўнай стылізацыі. Архаізацыя. Дыялектызацыя. Сацыяльная стылізацыя. Індывідуалізацыя мовы літаратурных персанажаў.



Патрабаванні да кампетэнтнасці:

  • мець агульнае паняцце аб функцыянальных стылях, прынцыпах іх вывучэння і ўзаемадзеяння;

  • разумець спецыфіку вуснай і пісьмовай формы маўлення;

  • ведаць сферу выкарыстання, падстылі, жанры, асаблівасці, моўныя сродкі функцыянальных стыляў сучаснай беларускай мовы;

  • усведамляць тыпы моўнай стылізацыі, яе ролю ў арганізацыі мастацкага маўлення.


М-2. Фанетычныя элементы стылістыкі

Навукова-тэарэтычны змест модуля:

Фанетычныя элементы стылістыкі. Эўфанія як гарманізацыя гукавога суладдзя словазлучэнняў, сказаў і тэкстаў. Гукапіс як сукупнасць прыёмаў для ўзмацнення гукавой выразнасці мастацкага твора. Алітэрацыя і асананс як паэтычныя прыёмы. Анаматапея як гукапераймальны стылістычны сродак.



Патрабаванні да кампетэнтнасці:

  • выкарыстоўваць фанетычныя элементы стылістыкі для гарманізацыі гукавога аспекту маўлення;

  • развіваць ідэальнае адчуванне мовы і яе мілагучнасці.


М-3. Лексічная стылістыка

Навукова-тэарэтычны змест модуля:

Лексічная стылістыка. Стылістыка слова. Прадметна-лагічнае (тэрміналагічнае) значэнне слова. Аб’ём і змест паняцця, выражанага словам. Стылістычнае выкарыстанне з’явы мнагазначнасці. Пераноснае значэнне слоў. Тропы і іх класіфікацыя. Метафара. Эпітэт. Метанімія. Параўнанне. Сінекдаха. Гіпербала і літота. Полісемія і дакладнасць мовы. Стылістычнае выкарыстанне сінонімаў, іх прадметна-тэматычная класіфікацыя. Спосабы рэалізацыі стылістычнай функцыі сінонімаў. Перыфразы як вобразныя сінонімы слоў. Сінанімія і дакладнасць мовы. Стылістычнае выкарыстанне амонімаў, паронімаў, іх вобразна-выяўленчыя якасці. Аманімія, паранімія і дакладнасць мовы. Стылістычныя функцыі антонімаў.

Стылістычныя магчымасці актыўнага і пасіўнага пластоў лексікі. Гістарызмы і архаізмы. Неалагізмы. Індывідуальна-аўтарскія неалагізмы. Стылістычныя асаблівасці ўжывання запазычанай лексікі. Інтэрнацыяналізмы. Варварызмы. Калькі і паўкалькі.

Функцыянальна-стылістычная дыферэнцыяцыя лексікі. Агульнаўжывальная лексіка. Размоўна-бытавая лексіка. Прастамоўная лексіка. Лексіка абмежаванага выкарыстання. Дыялектызмы. Жарганізмы. Стылістычнае выкарыстанне прафесійна-тэхнічнай і тэрміналагічнай лексікі, наменклатурных назваў. Сфера выкарыстання канцылярызмаў і штампаў.

Эмацыянальна-экспрэсіўныя тыпы лексікі. Экспрэсіўная лексіка. Эмацыянальная лексіка.

Патрабаванні да кампетэнтнасці:


  • адрозніваць нейтральныя і стылістычна афарбаваныя словы;

  • ведаць тропы і іх класіфікацыю;

  • разумець прынцыпы стылістычнага выкарыстання сінонімаў, амонімаў, паронімаў, антонімаў;

  • усведамляць функцыянальна-стылістычную дыферэнцыяцыю лексікі і сферу яе выкарыстання.

М-4. Фразеалагічная стылістыка

Навукова-тэарэтычны змест модуля:

Фразеалагічная стылістыка. Стылістычныя функцыі фразеалагічных адзінак. Дыферэнцыяцыя фразеалагізмаў паводле стылістычнай афарбоўкі і сферы выкарыстання. Міжстылёвыя (агульнаўжывальныя) і стылістычна афарбаваныя фразеалагізмы: размоўна-бытавыя і кніжныя. Ужыванне фразеалагізмаў у розных стылях мовы.

Эмацыянальна-экспрэсіўныя фразеалагізмы: высокія, урачыстыя, іранічныя, жартаўлівыя, спачувальныя, насмешлівыя, пагардлівыя, грубыя. Мнагазначнасць, аманімічнасць, сінанімічнасць і антанімічнасць фразеалагізмаў. Варыянтнасць фразеалагізмаў у розных функцыянальных стылях, Лексіка-семантычнае і фразеалагічна-семантычнае багацце мовы. Агульныя крыніцы фразеалогіі славянскіх моў.

Патрабаванні да кампетэнтнасці:


  • разумець стылістычныя функцыі фразеалагічных адзінак, іх дыферэнцыяцыю паводле стылістычнай афарбоўкі і сферы выкарыстання;

  • ведаць агульныя крыніцы фразеалогіі славянскіх моў;

  • усведамляць высокую каштоўнасць самабытнай беларускай фразеалогіі як адлюстраванне духоўнасці і маральнасці народа.


М-5. Марфалагічная стылістыка

Навукова-тэарэтычны змест модуля:

Марфалагічная стылістыка. Словаўтваральныя фарманты як адзін з найважнейшых стылістычных сродкаў.



Назоўнік. Стылістычныя магчымасці назоўнікаў. Стылістычная роля агульных і ўласных назоўнікаў. Асаблівасці ўжывання роду і ліку назоўнікаў. Семантыка-стылістычныя асаблівасці склонавых формаў назоўнікаў.

Прыметнік. Экспрэсіўнасць прыметнікаў. Стылістычная дыферэнцыяцыя формаў і суфіксаў прыметнікаў (поўная і кароткая формы прыметнікаў, ступені параўнання). Функцыянальна-стылістычныя адрозненні словаўтваральных тыпаў прыметнікаў у беларускай і рускай мовах. Сінанімія прыметнікаў.

Займеннік. Разрады займеннікаў і асаблівасці іх стылістычнага выкарыстання. Экспрэсіўная вартасць займеннікаў. Стылістычныя разыходжанні ва ўжыванні займеннікаў у беларускай і рускай мовах. Нарматыўная і ненарматыўная формы ўжывання займеннікаў і іх акцэнтуацыя.

Лічэбнік. Агульная характарыстыка лічэбнікаў у стылістычных адносінах. Ужыванне лічэбнікаў з рознымі прыназоўнікавымі спалучэннямі (больш за, больш як, больш чым і інш.). Багацце сінанімічных сродкаў для выказвання пэўнага лікава-прадметнага значэння. Адрозненні ва ўжыванні лічэбнікаў з назоўнікамі ў беларускай і рускай мовах.

Дзеяслоў. Стылістычныя магчымасці катэгорый дзеясловаў. Сінаніміка формаў часу. Асаблівасці выкарыстання формаў трывання і ладу дзеясловаў. Сінаніміка зваротных і незваротных дзеясловаў. Стылістычныя адрозненні выкарыстання дзеепрыметнікаў у беларускай і рускай мовах. Стылістычная адметнасць дзеепрыслоўных формаў (у параўнанні з рускай мовай).

Прыслоўе. Стылістычныя асаблівасці ўтварэння ступеней параўнання прыслоўяў. Стылістычная асіметрыя выкарыстання прыслоўяў у беларускай і рускай мовах (напр., неожиданно, вдругзнянацку, знячэўку). Стылістычныя асаблівасці ўжывання ступеней параўнання прыслоўяў у беларускай мове, іх варыянтнасць.

Безасабова-прэдыкатыўныя словы. Стылістычныя асаблівасці безасабова-прэдыкатыўных слоў. Сінанімія мадальных слоў.

Службовыя часціны мовы.

Прыназоўнік. Сінанімія склонава-прыназоўнікавых канструкцый у сучаснай беларускай літаратурнай мове. Асаблівасці ўжывання некаторых прыназоўнікаў у беларускай мове (параўнальна з рускай).

Злучнік. Сінаніміка злучнікаў у мове.

Часціцы. Стылістычная роля часціц. Стылістычныя адрозненні часціц у беларускай і рускай мовах.

Выклічнік і гукапераймальныя словы. Стылістычная роля выклічнікаў і гукапераймальных слоў.

Патрабаванні да кампетэнтнасці:

  • выкарыстоўваць стылістычныя магчымасці марфалагічных рэсурсаў беларускай мовы для стварэння тэкстаў разнастайнай жанравай і стылёвай прыналежнасці;

  • усведамляць адметнасць ужывання стылістычных сродкаў марфалогіі ў беларускай мове;

  • ведаць стылістычныя адрозненні выкарыстання дзеепрыметнікаў і дзеепрыслоўяў у беларускай і рускай мовах;

  • выкарыстоўваць багацце сінанімікі ў стылістычных мэтах.


М-6. Сінтаксічная стылістыка

Навукова-тэарэтычны змест модуля:

Сінтаксічная стылістыка. Словазлучэнне і яго нацыянальная спецыфіка. Стылістычныя магчымасці сінтаксісу. Эмацыянальнасць і экспрэсіўнасць сінтаксічных сродкаў мовы. Сінтаксічная арганізацыя маўлення. Асноўныя прыёмы сінтаксічнай арганізацыі маўлення. Стылістычныя фігуры. Анафара. Эпіфара. Паралелізм. Градацыя. Эліпсіс. Кампазіцыйны стык. Антытэза і аксюмаран. Замоўчванне. Паўтор. Рытарычны зварот. Рытарычнае пытанне. Перыяд.



Просты сказ. Сінанімія асобных тыпаў простага сказа. Стылістычныя адрозненні паміж рознымі відамі сказаў. Стылістычная функцыя парадку слоў у сказе. Варыянты формаў выказніка. Асаблівасці дапасавання выказніка да дзейніка. Стылістычныя асаблівасці дапаўнення і акалічнасці. Сінанімічнасць дапаўненняў. Дапасаванне азначэнняў і прыдаткаў. Дапасаванне азначэнняў з назоўнікамі, якія залежаць ад лічэбнікаў два, тры, чатыры (у параўнанні з рускай мовай).

Асаблівасці кіравання ў беларускай мове. Сінаніміка беспрыназоўнікавых і прыназоўнікавых канструкцый. Разыходжанні ў дзеяслоўных і прыназоўнікавых словазлучэннях (у параўнанні з рускай мовай). Кіраванне пры сінанімічных словах. Нанізванне аднолькавых склонаў. Дапаўненні (акалічнасці) у розных склонавых формах з рознымі прыназоўнікамі. Кіраванне пры аднародных членах сказа.

Стылістычныя асаблівасці сказаў з аднароднымі членамі. Ужыванне злучнікаў пры аднародных членах. Прыназоўнікі пры аднародных членах сказа. Стылістычная функцыя звароткаў, сфера іх ужывання. Стылістычнае выкарыстанне пабочных і ўстаўных канструкцый. Стылістычныя функцыі пабочных слоў і сказаў. Стылістычныя функцыі ўстаўных канструкцый.

Стылістычнае выкарыстанне адасобленых членаў сказа. Адасобленыя азначэнні. Адасобленыя прыдаткі. Адасобленыя акалічнасці.

Экспрэсіўнае вылучэнне членаў сказа. Адчляненне. Далучэнне. Анакалуф.

Складаны сказ. Стылістычнае выкарыстанне розных відаў складаных сказаў. Злучнікі і злучальныя словы, іх стылістычная функцыя.

Паралельныя сінтаксічныя канструкцыі. Паралельныя сінтаксічныя канструкцыі як адрозныя па сваёй структуры і функцыі. Сэнсавыя і стылістычныя адрозненні паміж паралельнымі канструкцыямі. Сінаніміка дзеепрыметных словазлучэнняў і даданых частак складаназалежных сказаў. Сінаніміка дзеепрыслоўных словазлучэнняў і даданых частак складаназалежных сказаў. Стылістычныя асаблівасці канструкцый з аддзеяслоўнымі назоўнікамі.

Парцэляцыя як своеасаблівы прыём экспрэсіўнага сінтаксісу літаратурнай мовы і яе пісьмовай разнавіднасці.

Простая, ускосная і няўласна-простая мова. Стылістычныя функцыі простай, ускоснай і няўласна-простай мовы.

Патрабаванні да кампетэнтнасці:


  • усведамляць стылістычныя магчымасці сінтаксісу;

  • ведаць асноўныя прыёмы сінтаксічнай арганізацыі маўлення;

  • разумець стылістычныя адрозненні паміж рознымі відамі сказаў, ролю парадку слоў у сказе;

  • улічваць асаблівасці дапасавання і кіравання ў беларускай мове, сінаніміку беспрыназоўнікавых і прыназоўнікавых канструкцый;

  • выкарыстоўваць багацце разнастайных сінтаксічных канструкцый для стылістычнай арганізацыі маўлення, у тым ліку і паралельныя сінтаксічныя канструкцыі.


М-7. Стылістыка тэксту

Навукова-тэарэтычны змест модуля:

Стылістыка тэксту. Звышфразавыя адзінствы як мастацкая своеасаблівасць тэксту, іх роля ў сэнсавай, стылістычнай і інтанацыйнай арганізацыі тэксту. Віды звышфразавых адзінстваў у пісьмовым маўленні: абзац і складанае сінтаксічнае цэлае.

Функцыянальна-сэнсавыя тыпы маўлення. Апісанне, апавяданне, разважанне.



Патрабаванні да кампетэнтнасці:

  • усведамляць ролю звышфразавых адзінстваў і іх відаў у сэнсавай, стылістычнай і інтанацыйнай арганізацыі тэксту;

  • разумець стылістычныя асаблівасці функцыянальна-сэнсавых тыпаў маўлення;

  • валодаць навыкамі стварэння тэкстаў тыпу апісання, апавядання, разважання.


М-К. Модуль кантролю

Адзначаны модуль забяспечвае выніковы кантроль засваення ведаў, уменняў і навыкаў па дысцыпліне і праводзіцца ў выглядзе электроннага тэсціравання (комплексныя кантрольныя работы). Важным патрабаваннем да спецыфікацыі тэстаў з’яўляецца іх рознаўзроўневая пабудова, што дазваляе вызначыць ступень засваення студэнтамі навукова-тэарэтычнага зместу розных модуляў, а таксама ўменні і навыкі, звязаныя з прафесійнай маўленчай дзейнасцю ў адпаведнай сферы зносін.



Патрабаванні да кампетэнтнасці:
  • засвоіць навукова-тэарэтычны матэрыял па дысцыпліне, неабходны для выкарыстання ў прафесійнай дзейнасці;


  • набыць уменні і навыкі практычнай рэалізацыі маўлення ў прафесійным асяроддзі.


ТЭМАТЫКА ПРАКТЫЧНЫХ ЗАНЯТКАЎ
М-0. Уводзіны ў курс

Практычная і функцыянальная стылістыка беларускай мовы”

Асноўныя паняцці і катэгорыі стылістыкі: стылістычная норма, стылістычная афарбоўка, стылёвая рыса, стылістычныя сродкі і інш. Стылістычная норма як аснова адбору і выкарыстання моўных адзінак у пэўнай сферы зносін. Стылістычныя памылкі, іх характарыстыка і асаблівасці.

Стылістычная афарбоўка, яе экспрэсіўныя і функцыянальныя ўласцівасці, дадатковыя да асноўнага (намінатыўнага) значэння слова. Віды стылістычнай афарбоўкі: эмацыянальна-экспрэсіўная і функцыянальная.

Стылёвая рыса як спецыфічная прыкмета розных стыляў. Падзел стылёвых рысаў на агульнанарматыўныя і ўласцівыя асобным стылям. Дакладнасць, лагічнасць, правільнасць і чысціня, дарэчнасць як універсальныя якасці ўсіх стыляў. Выразнасць, сцісласць, багацце, вобразнасць як неабходныя якасці пэўных стыляў.

Стыліcтычныя рэсурсы мовы як сродкі стварэння адпаведных стыляў. Нейтральныя і стылістычна афарбаваныя словы выразы, экспрэсіўна афарбаваныя і функцыянальна афарбаваныя сродкі мовы.

Персаналіі беларускай стылістыкі.
М-1. Функцыянальныя стылі сучаснай беларускай мовы

Афіцыйна-дзелавы стыль. Лексічныя, марфалагічныя, сінтаксічныя сродкі афіцыйна-дзелавога стылю і патрабаванні да яго (дакладнасць, лагічнасць, паслядоўнасць, адназначнасць вербальных фармулёвак, сцісласць, эканомнасць і г. д.). Тэрміналогія афіцыйна-дзелавога стылю. Мова дзелавых зносін. Пісьмовыя дакументы ў сферы дзелавых зносін: распарадчыя дакументы (загады, пастановы, распараджэнні, рашэнні і інш.); арганізацыйныя дакументы (інструкцыі, палажэнні, статуты і г. д. Арганізацыйна-распарадчыя дакументы (праграмы); інфармацыйна-даведачныя дакументы (акты, даведкі, дакладныя і тлумачальныя запіскі, зводкі, тэлеграмы, факсы і інш.). Асаблівасці афармлення афіцыйна-дзелавых дакументаў.

Моўны службовы этыкет і патрабаванні да яго.

Віды аргументацыі ў дзелавых зносінах: доказы, абгрунтаванні палажэнняў уласнага выступлення, даклада, артыкула, пісьмовага дакумента), абвяржэнне або доказная крытыка выступлення апанента і г.д. Аналіз стылістычных памылак, дапушчаных у дзелавых паперах. Стылістычная праўка афіцыйна-дзелавых папер.

Навуковы стыль. Спецыфіка моўных сродкаў. Аналіз мовы навуковых і навукова-папулярных твораў (урыўкаў). Нематываванае ўжыванне тэрміналагічнай лексікі. Стылістычная праўка навуковых і навукова-папулярных тэкстаў. Складанне анатацый тэкстаў па спецыяльнасці паводле вызначаных мадэлей.

Публіцыстычны стыль. Лексічныя, марфалагічныя, сінтаксічныя сродкі публіцыстычнага стылю. Аналіз публіцыстычных тэкстаў. Напісанне і стварэнне ўласных тэкстаў па аналогіі. Стылістычная праўка публіцыстычных тэкстаў – прац студэнтаў.

Стыль мастацкай літаратуры. Моўная стылізацыя. Спецыфіка моўных сродкаў, іх разнастайнасць і рознастылёвасць. Сінанімічныя замены. Ужыванне слоў і выразаў з пераносным значэннем. Эмацыянальнасць і экспрэсіўнасць моўных сродкаў. Прыёмы выяўлення творчай індывідуальнасці аўтара. Стылістычныя асаблівасці мовы апавядальніка, персанажаў. Літаратурныя і нелітаратурныя элементы ў мове мастацкага твора. Вобразна-выяўленчыя сродкі мовы. Напісанне ўласных твораў з элементамі моўнай стылізацыі. Стылістычная праўка мастацкіх тэкстаў – прац студэнтаў.

Гутарковы стыль. Спецыфіка лексікі, граматычных сродкаў і стылістычных канструкцый. Стылістычны аналіз моўных сродкаў гутарковага стылю на падставе дыялогаў з твораў мастацкай літаратуры.

М-2. Фанетычныя элементы стылістыкі

Фанетычныя элементы стылістыкі. Выяўленне ў тэкстах фанетычных элементаў стылістыкі (эўфанія; алітэрацыя, асананс; анаматапея). Тыповыя памылкі, звязаныя з парушэннем гукавога суладдзя выказванняў.
М-3. Лексічная стылістыка

Лексічная стылістыка. Стылістычныя прыметы адзінак сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Засваенне лексікаграфічных стылістычных памет (праца са слоўнікам). Вызначэнне стылістычна афарбаваных слоў, фразеалагізмаў, граматычных формаў і канструкцый у кантэксце. Сфера ўжывання стылістычна афарбаваных адзінак мовы (праца з тэкстамі розных стыляў).

Стылістычныя функцыі амонімаў, сінонімаў, антонімаў. Стылістычнае размежаванне паронімаў. Стылістычныя функцыі гістарызмаў, архаізмаў, неалагізмаў. Стылістычнае выкарыстанне слоў іншамоўнага паходжання (праца з тэкстамі розных стыляў). Дыялектызмы ў сучаснай беларускай літаратурнай мове (праца з творамі мастацкай літаратуры). Прафесіянальна-тэхнічная і тэрміналагічная лексіка, сфера яе ўжывання. Праца з тэрміналагічнымі слоўнікамі (па спецыяльнасці навучання).


М-4. Фразеалагічная стылістыка

Фразеалагічная стылістыка. Стылістычныя функцыі фразеалагічных адзінак. Дыферэнцыяцыя фразеалагізмаў паводле стылістычнай афарбоўкі і сферы выкарыстання. Стылістычнае выкарыстанне фразеалагізмаў. Памылкі ва ўжыванні фразеалагізмаў.



М-5. Марфалагічная стылістыка

Марфалагічная стылістыка. Стылістычныя рэсурсы часцін мовы, марфалагічных катэгорый, формаў слоў. Аналіз стылістычных рэсурсаў словаўтварэння.



Назоўнік. Агульныя і ўласныя назоўнікі, іх выяўленча-стылістычныя якасці. З’ява антанамазіі. Стылістычныя асаблівасці роду і ліку назоўніка. Адметнасці склонавых формаў назоўніка. Аддзеяслоўныя назоўнікі і іх стылістычныя асаблівасці. Стылістычная афарбоўка словаўтваральных сродкаў назоўніка.

Прыметнік. Вобразна-эстэтычная функцыя прыметніка. Стылістычнае адрозненне поўных і кароткіх формаў якасных прыметнікаў. Сінанімічныя формы ступеней параўнання прыметнікаў. Канструкцыі са значэннем прыналежнасці.

Займеннік. Стылістычнае выкарыстанне займенніка. Ужыванне зваротных і прыналежных займеннікаў. Сінанімія азначальных і няпэўных займеннікаў. Тыповыя памылкі ў выкарыстанні займеннікаў.

Лічэбнік. Стылёвыя асаблівасці ўжывання лічэбніка ў беларускай мове. Спалучальнасць колькасных і парадкавых лічэбнікаў з лексіка-граматычнымі разрадамі слоў. Дапасаванне азначэнняў да колькасна-іменных спалучэнняў з лічэбнікамі два, тры, чатыры. Семантычныя групы назоўнікаў, з якімі ўступаюць у сувязь зборныя лічэбнікі. Пэўныя асаблівасці ў вымаўленні, напісанні і акцэнтуалізацыі лічэбнікаў.

Дзеяслоў. Стылістычныя магчымасці дзеяслова. Сінанімія асабовых і часавых формаў дзеяслова. Стылістычныя асаблівасці выкарыстання формаў трывання. Стылістычныя памылкі, звязаныя з няправільным ужываннем дзеепрыметных і дзеепрыслоўных словазлучэнняў. Спосабы перакладу з рускай мовы некаторых дзеепрыметных формаў, не ўласцівых беларускай мове.

Прыслоўе. Стылістычныя памылкі пры ўтварэнні ступеней параўнання прыслоўяў. Формы суб’ектыўнай ацэнкі якасных прыслоўяў і стылістычныя асаблівасці іх выкарыстання (страшэнна, высачэзна, блізенька, высакавата). Безасабова-прэдыкатыўныя словы. Стылістычныя магчымасці безасабова-прэдыкатыўных слоў. Сінанімія мадальных слоў у розных стылях мовы.

Прыназоўнік. Сінаніміка склонава-прыназоўнікавых канструкцый у сучаснай беларускай літаратурнай мове. Памылкі, звязаныя з выкарыстаннем прыназоўнікавых канструкцый у газетных тэкстах.

Злучнік. Сінаніміка злучнікаў. Памылкі ва ўжыванні злучнікаў. Стылістычнае выкарыстанне злучнікаў у вусным і пісьмовым маўленні.

Часціцы. Стылістычная роля часціц у мове. Памылкі ва ўжыванні часціц.

Выклічнік. Пашыранасць выклічнікаў у пэўных стылях мовы. Эмацыянальна-экспрэсіўная нагрузка выклічнікаў. Выклічнікі ў маўленчым этыкеце. Прыклады ўжывання гукапераймальных слоў.
М-6. Сінтаксічная стылістыка

Словазлучэнне. Выяўленне ў сродках масавай інфармацыі новых тыпаў семантычнай спалучальнасці лексем (з пункту гледжання адпаведнасці нормам сучаснай беларускай літаратурнай мовы). Памылкі ва ўжыванні словазлучэнняў у беларускай мове.

Сінтаксічная арганізацыя маўлення. Стылістычная роля сінтаксічнай арганізацыі маўлення. Аналіз выкарыстання стылістычных фігур у мастацкіх тэкстах.

Просты сказ. Стылістычныя памылкі, звязаныя з дапасаваннем выказнікаў да дзейнікаў. Стылістычныя асаблівасці ўжывання дапаўненняў, якія адносяцца да прыметнікаў ці прыслоўяў у формах вышэйшай і найвышэйшай ступеняў параўнання. Ненарматыўнасць беспрыназоўнікавых формаў дапаўнення.

Парушэнні літаратурных нормаў пры выражэнні азначэнняў якаснымі прыметнікамі вышэйшай і найвышэйшай ступеней. Сінанімічнасць дапасаваных і недапасаваных азначэнняў.

Сінтаксічная адпаведнасць / неадпаведнасць граматычным формам паяснёных слоў. Экспрэсіўная і вобразна-мастацкая выразнасць прыдаткаў. Сінанімічнасць розных прыслоўных, дзеепрыслоўных, склонава-прыназоўнікавых і беспрыназоўнікавых формаў выражэння акалічнасцяў. Асаблівасці кіравання ў беларускай мове (у параўнанні з рускай).

Парцэляцыя аднародных членаў і іх стылістычная роля. Памылкі ў спалучэннях аднародных членаў у сказе. Звароткі і вакатыўныя сказы. Стылістычныя функцыі звароткаў. Камунікатыўныя мэты выкарыстання звароткаў. Стылёва-жанравыя разнавіднасці ўжывання звароткаў. Стылістычная роля пабочных слоў, словазлучэнняў, сказаў і ўстаўных канструкцый, іх сінтаксічная арганізацыя ў сказах.

Адасобленыя члены сказа, іх стылістычнае выкарыстанне.

Стылістычная роля прамога і адваротнага парадку слоў. Стылістычныя магчымасці аднасастаўных сказаў.



Складаны сказ. Сінанімія злучнікавых і бяззлучнікавых складаных сказаў. Стылістыка спалучальных і падпарадкавальных злучнікаў. Аналіз функцыянавання складаных сказаў у тэкстах рознай стылістычнай прыналежнасці. Сінанімія дзеепрыметных і дзеепрыслоўных словазлучэнняў і даданых частак складаназалежнага сказа. Стылістычная роля парцэляваных канструкцый.

Простая, ускосная, няўласна-простая мова. Стылістычная функцыя простай, ускоснай, няўласна-простай мовы. Аналіз тэкстаў мастацкай літаратуры з выкарыстаннем няўласна-простай мовы.
М-7. Стылістыка тэксту

Стылістыка тэксту. Віды звышфразавага адзінства ў пісьмовым маўленні (абзац, складанае сінтаксічнае цэлае). Чляненне тэксту на абзацы і іх аналіз. Стылістычны аналіз тэксту.



Функцыянальна-сэнсавыя тыпы маўлення. Апісанне, апавяданне, разважанне як адзінкі тэксту, іх стылістычныя асаблівасці. Напісанне ўласных тэкстаў тыпу апісання, апавядання, разважання.
РЭКАМЕНДАВАНАЯ ЛІТАРАТУРА
Асноўная

  1. Асновы культуры маўлення і стылістыкі / пад рэд. У.В. Анічэнка. – Мінск, 1992.

  2. Каўрус, А.А. Стылістыка беларускай мовы / А.А. Каўрус. – Мінск, 1992.

  3. Красней, В.П. Грані слова / В.П. Красней. – Мінск, 1996.

  4. Кузьміч, В.А. Практычная і функцыянальная стылістыка беларускай мовы: вуч. дапаможнік / Кузьміч В.А., Шахаб В.В. – Мінск: БДТУ, 2008. – 240 с.

  5. Лепешаў, І.Я. Асновы культуры мовы і стылістыкі / І.Я. Лепешаў. – Мінск, 1989.

  6. Сямешка, Р.I. Курс беларускай мовы / Р.I. Сямешка, I.Р. Шкраба, З.І. Бадзевіч. – Мінск, 1996.

  7. Цікоцкі, М.Я. Стылістыка беларускай мовы / М.Я. Цікоцкі. – Мінск, 1995.

  8. Юрэвіч, А.К. Стылістыка беларускай мовы / А.К. Юрэвіч. – Мінск, 1992.


Дадатковая

  1. Арашонкава, Г.У. Кіраванне ў беларускай мове: слоўнік-даведнік / Г.У. Арашонкава, В.П. Лемцюгова. – Мінск, 1991.

  2. Булыка, А.М. Слоўнік іншамоўных слоў: у 2 т. / А.М. Булыка. – Мінск, 1999. – 2 т.

  3. Грабчыкаў, С.М. Цяжкія выпадкі ўжывання блізкіх па гучанню слоў / С.М. Грабчыкаў. – Мінск, 1977.

  4. Каўрус, А.А. Дакумент па-беларуску / А.А. Каўрус. – Мінск, 1994.

  5. Клышка, М.К. Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў / М.К. Клышка. – Мінск, 1993.

  6. Лепешаў, І.Я. Асновы культуры мовы і стылістыкі: практыкум. – Мінск, 1996.

  7. Лепешаў, I.Я. Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы: у 2 т. / I.Я. Лепешаў. – Мінск, 1993. – 2 т.

  8. Русско-белорусский политехнический словарь: у 2 т. – Мінск, 1997. – 2 т.

  9. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. – Мінск, 1996.

Каталог: Portals
Portals -> Спіс студэнтаў 3-га курса лесагаспадарчага факультэта ў 2014-2015 навучальным годзе
Portals -> Спіс студэнтаў 2-га курса лесагаспадарчага факультэта ў 2014-2015 навучальным годзе
Portals -> Спіс студэнтаў 1-га курса лесагаспадарчага факультэта ў 2014-2015 навучальным годзе
Portals -> Пасяджэнне 1-е “О мой нязводны род, ён моцны духам ”
Portals -> Вынікі круглагадовай алімпіяды па беларускай мове
Portals -> Рэктар бдту прафесар I. М. Жарскi
Portals -> Фармацэўтычная хімія Вучэбная праграма ўстановы вышэйшай адукацыі
Portals -> Рэктар бдту прафесар I. М. Жарскi
Portals -> Вучэбны план спецыяльнасць: 1-89 02 02 Турызм І прыродакарыстанне


Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал