Міністэрства сельскай гаспадаркі І харчавання рэспублікі беларусь



старонка7/8
Дата канвертавання15.05.2016
Памер1.21 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8

ФРАНЦЫСК СКАРЫНА


(каля 1490 – каля 1551)
Францыск Скарына – наш самы славуты зямляк. Скарына быў вучоным, пісьменнікам, выдатным асветнікам. Але самае галоўнае – ён першадрукар не толькі ў Беларусі, а наогул на ўсіх усходнеславянскіх землях.

На жаль, пра жыццё Скарыны захавалася вельмі мала звестак. Ён нарадзіўся прыблізна ў 1490 у сям’і купца ў старажытнай сталіцы беларускай зямлі – Полацку. У Полацку ён атрымаў першапачатковую адукацыю, вывучыў лацінскую мову. У той час гэта мова лічылася міжнароднай мовай навукі: на ёй чыталі лекцыі ва універсітэтах усіх краін. Веданне лацінскай мовы адкрывала шлях да адукацыі. Скарына паехаў у Кракаў, паступіў вучыцца ў Кракаўскі універсітэт. Ён скончыў яго з вучонай ступенню бакалаўра філасофіі. Але юнак прагнуў ведаў і праз некаторы час апынуўся ў Італіі. У Падуанскім універсітэце Скарына паспяхова абараніў дысертацыю і атрымаў дыплом доктара медыцыны.

Скарына лічыў, што Еўропа больш адукаваная, чым усходнія землі і яго радзіма. У Італіі, Германіі было шмат кніг, ён іх друкаваў у друкарнях, а не перапісваў ад рукі. Ён вырашыў надрукаваць Біблію на роднай мове. У Празе Скарына адкрыў сваю першую друкарню, дзе выдаў 23 кнігі Старога Запавету ў перакладзе на беларускую мову. А потым вярнуўся ў Вільню і заснаваў першую ў Вялікім Княстве Літоўскім друкарню, дзе выдаў “Апостал” і “Малую падарожную кнігу”.

Скарына пражыў складанае жыццё, падрабязнасці пра якое гісторыя да нас не данесла. Вядома толькі, што ў апошнія гады ён вымушаны быў паехаць у Прагу, дзе працаваў каралеўскім батанікам. У Празе, далёка ад радзімы, ад роднага Полацка, Скарына і памёр прыкладна ў 1551 годзе.

Нашчадкам засталася справа Скарыны. Пасля яго кнігадрукаванне распаўсюдзілася на ўсходнеславянскіх землях, у тым ліку і на Беларусі. Паслядоўнікі беларускага друкара Пётр Мсціславец і Іван Федараў заснавалі друкарню ў Маскве.

Але Скарына быў не толькі друкаром. З гравюр, змешчаных у кнігах, відаць, што ён выдатны мастак. А прадмовы, пасляслоўі, каментарыі сведчаць аб тым, што Скарына быў адным з найцікавейшых пісьменнікаў. У адной з прадмоў Скарына выказаўся як узнёслы патрыёт сваёй зямлі: “… звяры, што ходзяць у пустыні, ведаюць ямы свае, птушкі, што лётаюць у паветры, ведаюць гнёзды свае, рыбы, што плаваюць у моры і ў рэках, адчуваюць віры свае, пчолы і ім падобныя бароняць вуллі свае. Гэтак жа і людзі – дзе нарадзіліся, да таго месца вялікую ласку маюць”.


ВАСІЛЬ ЦЯПІНСКІ

(1530-я або пачатак 1540 – 1603)
Васіль Цяпінскі – беларускі гуманіст і радыкальна-рэфармацыйны дзеяч, кнігавыдавец, пісьменнік, прадаўжальнік гуманістычных, куль-турна-асветніцкіх і патрыятычных традыцый Ф. Скарыны і С. Буд-нага.

Нарадзіўся ён у вёсцы Цяпіна (цяпер Чашніцкі раён). У 60-х гадах ХVІ cт. мужны шляхціц удзельнічаў у ваенных паходах на Маскоўшчыну пад харугвамі аршанскага старасты Філона Кміты і падканцлера Астафея Валовіча. Аднак сваё прызванне ён знайшоў не на вайсковай службе, а на ніве асветы і культурнай дзейнасці.

Зблізіўшыся з высокаадукаванымі людзьмі таго часу – С. Будным, К. Астрожскім і іншымі, Васіль Цяпінскі апынуўся ў цэнтры пале-мічнай барацьбы, што вялася паміж прадстаўнікамі розных культурна-гістарычных і рэлігійных плыняў.

Паводле сваіх поглядаў В. Цяпінскі быў прыхільнікам арыянства, гэта значыць выступаў супраць вучэння аб Троіцы. Асветнік таксама не прымаў дактрыны анархістаў, што заклікалі да ліквідацыі ўсіх гаспадарскіх структураў. На вядомым Лоскім сінодзе 1578 г. ён востра палемізаваў з лідэрамі тагачасных “камуністаў” – Аляксандрам Вітрэ-лінам і Марцінам Чаховіцам, баронячы ўрад ад іхніх нападак і прапануючы памяркоўны шлях удасканалення грамадства.

Галоўная ж заслуга В. Цяпінскага перад гісторыяй і беларускім народам у тым, што ён на поўны голас заявіў пра неабходнасць развіцця навукі, літаратуры, культуры на матчынай мове, заклікаў пашыраць на ёй Слова Божае. Ахвяруючы ўласнымі сродкамі, ён распачынае пераклад Апостальскага пісьма.

У радавым маёнтку Цяпіна заснаваў друкарню, дзе каля 1580 г. выдаў перакладзенае на беларускую мову Евангелле з уласнай прадмовай, у якой ён выкладае свае погляды. Цяпінскі выкрываў разбэшчанасць каталіцкіх і праваслаўных святароў, выступаў за маральную чысціню чалавека. Ён горача абараняў родную мову, гісторыю, традыцыі, быў адданым прыхільнікам пашырэння адукацыі сярод простага люду, адкрыцця школ на беларускай мове, выхавання самаахвярнага служэння Айчыне. Па палітычных і рэлігійных погля-дах Цяпінскі быў блізкі Буднаму, хаця і належаў да больш памяркоўнага крыла рэфармацыйнага руху.

З творчай спадчыны В. Цяпінскага, на жаль, захавалася няшмат: няпоўны пераклад Новага Запавету з рукапіснай “Прадмоваю” і каментарыямі, а таксама адна старонка “Катэхізіса, або Сумы навукі для дзетак”.

СЫМОН БУДНЫ


(каля 1530 – 1583)
Сымон Будны – выдатны дзеяч беларускай Рэфармацыі, таленавіты пісьменнік, педагог і філосаф, багаслоў і прапаведнік, імя якога ў ХVІ ст. было шырока вядома ў Англіі, Германіі, Італіі і іншых краінах Заходняй Еўропы.

Паходзіў з сям’і дробнага шляхціца. Быў адным з самых адукаваных людзей свайго часу. Скончыў Кракаўскі універсітэт. Апрача роднай беларускай мовы, ён ведаў грэчаскую, лацінскую, польскую, валодаў іўрытам, што дазваляла яму паглыбляць свае веды ў антычных культурах.

На працягу амаль 30-гадовай творчай дзейнасці з-пад пяра асветніка выйшлі кнігі “Катэхізіс”, “Апраўданне грэшнага чалавека перад Богам” (Нясвіж, 1562), “Аб галоўных артыкулах хрыс-ціянскай веры” (Лоск, 1576), пераклады Бібліі (1570), Апокрыфаў і інш.

Асабліва шырокі розгалас у свеце атрымаў яго пераклад Новага Запавету 1574 года. І гэта не выпадкова: ніхто з тагачасных еўра-пейскіх перакладчыкаў новазапаветных твораў не рабіў дагэтуль такой велізарнай тэксталагічнай працы, як Сымон Будны. Дзякуючы фенаменальным аналітычным здольнасцям беларускага асветніка, яго таленту, шырокай эрудыцыі, дасканаламу веданню старажытных моў, навукова-крытычны ўзровень выдання Новага Запавету 1574 года быў, бадай, самым высокім сярод усіх вядомых на той час у Еўропе.

Творы Буднага мелі вялікую папулярнасць, зразумела, і сярод жыхароў Беларусі. Ён выказваў свае погляды па праблемах веры, аб “мірскім” прызначэнні чалавека, аб дзяржаўнай уладзе. Ягоныя казанні з ахвотаю слухалі мяшчане Вільні, Клецка, Нясвіжа, Заслаўя, Лоска, Полацка.

Таямніца такай папулярнасці твораў Сымона Буднага – найперш у іх гуманістычнай скіраванасці. Асветнік выступаў за вызваленне чалавечага духу, за свабодную стваральную працу. Ён заклікаў усіх грамадзян паважаць дзяржаўныя законы, шанаваць бацькоўскую зямлю і матчыну мову, сумленна выконваць свае абавязкі, жыць паводле Божых запаведзяў.

Як гуманіст і прыхільнік разняволення чалавека, Будны крытыкаваў тыранію, адмаўляў цэнзуру, абураўся фактамі фізічнай расправы над іншадумцамі.

З’яўляючыся прыхільнікам грамадзянскага міру і сацыяльнай гармоніі, асветнік паўстаў супраць досыць магутнага ў ХVІ ст. руху анархістаў, разбуральных ідэяў тагачасных камуністаў. Сацыяльна-палітычныя і прававыя ідэі Буднага паўплывалі на вядомых юрыстаў, тагачасных дзяржаўных дзеячаў – Астафея Валовіча і Льва Сапегу, якія вызначалі дактрыну Статута 1588 года. У многім дзякуючы Сымону Буднаму ў Статуце знайшлі адлюстраванне ідэі аб прэзумпцыі невінаватасці, царкоўна-рэлігійнай талерантнасці і вяршэнстве законаў. Імя Сымона Буднага ўключана ў каляндар міжнародных датаў славутых дзеячаў славянскай культуры ЮНЕСКА.


СIМЯОН ПОЛАЦКI

(1629 – 1680)
Сімяон Полацкі нарадзіўся ў Полацку ў сям’і купца. Доўгі час ён вучыўся ў Кіеве, а потым у Віленскай акадэміі. Яго лічылі адным з самых адукаваных людзей таго часу. Сімяон Полацкі пастрыгся ў манахі і доўгі час працаваў у брацкай школе ў Полацку. Яго ведалі як славутага настаўніка, выкладчыка. Калі пачалася чарговая так званая руска-польская вайна, войскі расійскага цара Аляксея Міхайлавіча захапілі Полацк. Сімяон быў праваслаўны, і ён вітаў гэта. Манах, паэт і настаўнік сустрэўся з царом. Цар запрасіў яго ў Маскву, бо спадзя-ваўся, што вучоны дапаможа наладзіць адукацыю ў Расіі.

Апынуўшыся ў 1664 годзе ў Маскве, Сімяон Полацкі па загадзе цара ўзначаліў школу, у якой вучыліся будучыя дыпламаты.

У царкоўных справах Сімяон падтрымаў патрыярха Нікана. Калі ў Маскве склікалі вялікі сабор, на якім вырашаліся галоўныя пытанні веры, ён быў там перакладчыкам, бо добра ведаў і грэчаскую, і лацінскую мовы. Неўзабаве цар даручыў Сімяону Полацкаму выха-ванне сваіх дзяцей. З 1667 года – настаўнік царскіх дзяцей, у тым ліку і будучага расійскага імператара Пятра І. Дзякуючы адукацыі і шырокаму кругагляду наследнікі цара заклалі асновы тых перабудоў і перамен, якія завяршыў Пётр І. Так просты полацкі манах паўплываў на лёс вялікай дзяржавы.

Але Сімяон Полацкі вядомы ў гісторыі не толькі як выхавальнік царскіх дзяцей. У 1679 годзе Сімяон надрукаваў “Буквар языка славен-скага”, а праз год – “Псалтыр рыфмаваная”. Пасля сябе Полацкі пакі-нуў вялікую літаратурную спадчыну. У канцы 70-х гадоў ХVІІ ст. ён арганізаваў і ўзначаліў Верхнюю друкарню ў Маскоўскім Крамлі, што была перавезена сюды з Куцейна. Сімяон быў таксама ініцыятарам стварэння і складання статута першай у Маскве вышэйшай адукацыйнай установы – Славяна-грэка-лацінскай акадэміі. Сімяон Полацкі быў вялікім патрыётам Беларусі, якую праслаўляў у сваіх творах. Зборнік яго вершаў “Рыфмалагіён, або Вершаслоў” і “Вертаград многакаляровы” паклалі пачатак новай пасля старажытнага перыяду рускай літаратуры.


СПІРЫДОН СОБАЛЬ

(? – каля 1645)
Беларускі друкар і асветнік. Нарадзіўся ў Магілёве ў сям’і бургамістра. Відаць, там жа атрымаў пачатковую адукацыю. Актыўная самаадукацыя і творчая праца дазволілі яму стаць адным з самых адукаваных і культурных людзей свайго часу. Усё сваё творчае жыццё Собаль прысвяціў кнігавыдавецкай дзейнасці і асвеце. Паколькі ў тагачасным Магілёве не было ўмоў для выдавецкай дзейнасці, С. Со-баль быў вымушаны пачаць кнігадрукаванне ў Кіеве. Тут у 1628 г. ён адкрыў друкарню і выдаў некалькі кніг маральна-павучальнага і рэлігійнага зместу: «Ліманар, сірэч кветнік» (2 выданні), «Мінея агульная», «Актаіх» (2 выданні), «Апостал» (2 выданні, 1628 – 1639). Гэтыя кнігі прызначаліся пераважна для служак царквы, але іх нярэдка выкарыстоўвалі і настаўнікі свецкіх школ.

Вярнуўшыся на Беларусь, С. Собаль у 1630 годзе прыняў удзел у заснаванні друкарні ў Куцеінскім манастыры пад Оршай. Тут ён выдаў кірыліцай «Псалтыр», які называўся «Брашна духоўнае», «Буквар», «Малітвы паўсядзённыя» (1631), «Часоўнік» (1632). Усе гэтыя кнігі прызначаліся ў асноўным для навучальных мэт. Напісаны ім і выдадзены «Буквар» («Букварь сиречь начало учения детем, начинающим чтению извыкати») у 1636 г. быў перавыдадзены ў Магілёве, што пацвярджае яго асаблівае значэнне ў пашырэнні пісьменнасці сярод народа.

Дарэчы, С. Собаль упершыню ўжыў тэрмін «буквар», а да яго дапаможнік па навучанні першапачатковай грамаце называўся «Азбука». «Буквар» быў вынікам творчай дзейнасці беларускага асветніка. Ён быў вядомы не толькі беларусам, рускім, украінцам, але і замежным чытачам, пра што сведчаць запісы на яго тытульных лістах.

Дакладна невядома, дзе працаваў С. Собаль у 1633 – 1634 гг., але за гэтыя гады ім перавыдадзены ў Кіеве «Ліманар», «Апостал» і «Актаіх». С. Собаль працаваў таксама ў адкрытай ім друкарні ў Буйнічах пад Магілёвам, дзе ў 1635 быў выдадзены «Псалтыр». Пасля гэтага ён вярнуўся ў Магілёў і ў брацкай друкарні ў 1637 выдаў «Псалтыр» і «Тастамент цара Васілія».

С. Собаль быў вядомы не толькі на Беларусі і Украіне. Ён наладзіў дзелавыя сувязі з маскоўскім друкаром В.Ф. Бурцавым, абменьваўся з ім кнігамі, Бурцаў набыў у С. Собаля друкарскія прылады. У 1639 г. друкар наважыўся пераехаць у Маскву, каб адкрыць там друкарню і школу для навучання рускіх юнакоў «словолитному делу», грэчаскай, лацінскай, польскай мовам. Але, калі ён папрасіў дазволу ў Вяземскай прыказной ізбе, яму было адмоўлена: «Государь указал того могилевца Спиридона Соболя из Вязьмы отпустить назад в Литву, а в Москву его отпущать не велел, чтоб в его ученье и в книгах смуты не было...»

Пра апошнія гады жыцця С. Собаля звестак не захавалася. Відаць, ён пастрыгся ў манахі. Вядома, што сярод манахаў, якія ўступілі ў Магілёўскае брацтва, упамінаецца Сільвестр Собаль, кіеўскі друкар. Найбуйнейшы кнігадрукар свайго часу, С. Собаль надрукаваў 19 кніг, некаторыя з якіх выдаваліся 2 – 3 разы. Ён быў належным прадаўжаль-нікам асветніцкай і выдавецкай дзейнасці Ф. Скарыны і I. Фёдарава.


ІЛЬЯ ФЁДАРАВІЧ КАПІЕВІЧ (Капіеўскі)

(каля 1651 – 1714)
Пісьменнік, выдавец, асветнік, энцыклапедыст. Нарадзіўся на Беларусі (найбольш верагодна, на Брэстчыне ці Случчыне). У час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй падлетка Капіевіча звёз з сабой «боярский сын з Бежыцкия пятины», гэта значыць з Ноўгарада. Праз 6 гадоў Капіевіч разам з мсціслаўскім ваяводам М. Цеханавецкім вярнуўся на Беларусь. Вучыўся ў Слуцкай кальвінісцкай школе, якая ў той час была цэнтрам культуры, што мела вырашальнае значэнне для фарміравання і эвалюцыі поглядаў маладога Капіевіча. Верагодна, тут ён атрымаў добрыя веды і вывучыў замежныя мовы. Яшчэ ў час навучання ў школе Капіевіч, як здольны вучань, заняў тут у 1674 г. пасаду лектара (настаўніка малодшых класаў). Дакладна невядома, як Капіевіч трапіў у Галандыю (верагодна, па канфесійных матывах), але ўстаноўлена, што там ён займаўся выдавецкімі справамі. Захаваліся яго лісты да Лейбніца, які прапаноўваў Капіевічу супрацоўнічаць у справе выдання кніг. У 1697 г. у час прыбыцця ў Галандыю расійскага вялікага пасольства пад кіраўніцтвам Пятра I Капіевіч быў кандыдатам-пастарам пры Амстэрдамскім саборы. Як знаўца многіх моў, быў настаўнікам Пятра I i іншых удзельнікаў пасольства. З гэтага часу Капіевіч усё сваё жыццё прысвяціў асветніцкай справе на карысць усходнеславянскіх народаў. Ён складаў планы выдання падручнікаў, якія, відаць, абмяркоўваў з Пятром I, а потым выдаў іх у друкарні І.А. Тэсінга, а з 1700 г. – у сваёй. У 1699 – 1706 гг. Капіевіч падрыхтаваў, пераклаў і выдаў каля 20 кніг асветніцкага характару па гуманітарных, прыродазнаўчых, тэхнічных і вайсковых галінах ведаў. Найбольш вядомыя з іх: «Введение краткое во всякую исторію...» (1699), «Краткое и полезное руковедение во арифметику» (1699), «Уготование и толкование ясное и зело изрядное, краснообразного поверстания кругов небесных...» (1699), «Краткое собрание Льва Миротворца», «Номенклятор (лексикон) на русском, латинском и немецком языке», «Грамматика латинская» (усе 1700), «Морского плаванія книга» (1701), «Святцы, или Календарь» (1702), «Рукове-дение в грамматику славено-российскую» (1706) і інш. Капіевіч шмат вандраваў па Еўропе са сваёй друкарняй, а калі вырашыў перавесці яе ў Расію, то быў перахоплены піратамі. У 1708 годзе ён разам з расійскімі войскамі прыбыў у Варшаву. Некалькі гадоў служыў у Пасольскім прыказе перакладчыкам. Капіевіч – вучоны з шырокім кругаглядам, патрыёт і прыхільнік навучання народа паспалітага, прадаўжальнік справы Ф. Скарыны. Ён адзін з першых (калі не першы) распрацаваў для ўсходніх славян навуковую тэрміналогію па многіх галінах ведаў. Падрыхтаваныя і выдадзеныя ім падручнікі асабліва былі карысныя для юнацтва, якое прысвяціла сябе навуцы, тэхніцы, мараходству ці вайсковай справе. Значны час гэтымі падручнікамі карысталіся ў расійскіх школах.

Па сваіх поглядах Капіевіч быў актыўным прыхільнікам рэформ Пятра I, якія ламалі руцінныя формы грамадскага жыцця. Ён вітаў імкненне славянскіх народаў да аб’яднання, называў беларусаў, рускіх і ўкраінцаў «славяна-рускім народам». Капіевіч быў перакананы ў неабходнасці адукацыі, падкрэсліваў вялікае значэнне рознабаковага навучання. Ён лічыў, што матэматыка вельмі карысная ў марской справе, у падарожжах, у горназдабыўной справе («вникнувший в математические книги, помощь обретеш»), астраномія дапамагае ў навігацыі, гісторыя – у пазнанні грамадскага жыцця і чалавека («Введение краткое во всякую историю...»). Асаблівае значэнне надаваў ён граматыцы: «тщетный есть всяк труд без грамматики».

Капіевіч – аўтар «Рыторыкі» і «Паэтыкі» (не захаваліся). Значную ролю ў асветніцкай дзейнасці адыгралі яго творы па гісторыі: «Хроніка», «Часаапісанне», «Летапісы ці дзеянні», «Хроніка дня», «Уладаапісанне» (пра палітычнае жыццё), «Жыццеапісанне» (пра асобных людзей і здарэнні).

Паводле звестак самога Капіевіча, ён адправіў у Маскву наступныя кнігі: «Риторическое собрание вместе с красноречием кратчайшее», «Политик, ученый и ученоблагочестивый, переданный польскими стихами», «Хронология священнополитическая от создания мира до разрушения Иерусалима, по-русски и по-польски» (гэта і наступныя былі падрыхтаваныя Капіевічам да друку, лёс іх невядомы), «Квинт Курцый Руф о делах Александра Великого, по-русски», «Образцы склонений, спряжений по-латыни, немецки и русски», «Немецкая грамматика с русским толкованием», «Введение Коменского, по-латыни, немецки и русски», «Семейные беседы, разделенные на 40 глав, по-латыни, немецки и русски», «Словарь по-латински и русски», «Священная Библия на славянском языке, по порядку или стихами изданная», «Полная славянская грамматика».


ЯЎХІМ ФЁДАРАВІЧ КАРСКІ

(1861 – 1931)
1 студзеня 1861 года ў сям’і вясковага настаўніка пачатковай школы ў вёсцы Лаша Гродзенскага раёна нарадзіўся чалавек, якому было наканавана лёсам стаць заснавальнікам беларускага мовазнаўства і літаратуразнаўства, увайсці ў гісторыю навукі (і не толькі бела-рускай) вядомым этнографам, фалькларыстам, палеографам. Яўхім Карскі напісаў больш за семсот прац па славістыцы, беларусістыцы і русістыцы. Ім была падрыхтавана “Праграма для збору асаблівасцей беларускіх гаворак” (1897 і 1916 гг.). Але найбольшую вядомасць Карскаму прынесла яго фундаментальная трохтомная праца “Беларусы” (1903 – 1922), што складаецца з 7 выпускаў і з’яўляецца свайго роду энцыклапедыяй беларусазнаўства. Увогуле “Беларусы” – найвышэйшае дасягненне еўрапейскай славістыкі пачатку 20 стагоддзя ў вывучэнні і даследаванні беларусаў як нацыі. Карскі ўпершыню навукова абгрунтаваў самабытнасць беларусаў як асобнага славянскага народа.

Карскі быў сапраўдным філолагам-энцыклапедыстам. Ён займаўся старажытнымі славянскімі мовамі, палеаграфічнымі асаблівасцямі пісьмовых помнікаў, літаратурай і фальклорам усходніх славян, узаемаадносінамі сучасных славянскіх моў. Але галоўны яго навуковы подвіг – стварэнне навукі пра беларускую мову. Асобныя працы пра пэўныя з’явы і асаблівасці беларускай мовы друкаваліся і да Карскага. Але да канца 19 стагоддзя шматлікія факты і назіранні па беларускай мове не былі абагульнены. Нават не было спробы абгрунтаваць вучэнне пра беларускую мову як раўнапраўную сярод іншых славян-скіх моў. Звычайна беларускія моўныя рысы тлумачылі як асаблівасці дыялектаў або гаворак рускай, польскай ці ўкраінскай моў. Абапіраючыся на навуковыя факты, сваімі шматлікімі даследаваннямі Карскі паказаў, што мова беларускага народа, хоць і вельмі блізкая да суседніх славянскіх моў, мае сваю сістэму, якая развівалася, узбагачалася і ўдасканальвалася ва ўзаемадзеянні з роднаснымі мовамі, але паводле ўласных законаў, што і вызначыла яе сучасную нацыянальную адметнасць.

Я. Карскі пачатковую адукацыю атрымаў у Ятранскім народным вучылішчы. На вучобу ў гімназіі не было сродкаў, таму паступіў у Мінскае духоўнае вучылішча, а затым у семінарыю. У 1881 годзе, закончыўшы вучобу ў семінарыі, паступіў за казённы кошт у Нежынскі гісторыка-філалагічны інстытут (Украіна), дзе ў свой час у юрыдычным ліцэі вучыўся Ф. Багушэвіч. У 1885 г. пасля выдатнага заканчэння інстытута ўладкаваўся на працу ў Вільні і на працягу 8 гадоў выкладаў рускую і стараславянскую мовы, а таксама рускую літаратуру ў другой Віленскай гімназіі.

У 1891 годзе здаў у Варшаве магістарскі экзамен, а праз 2 гады за даследаванні беларускай мовы Савет Кіеўскага універсітэта прысудзіў яму вучоную ступень магістра рускай мовы і славеснасці (гэта была першая ў гісторыі дысертацыя па беларускім мовазнаўстве). У 1893 годзе ён перабраўся ў Варшаву і надоўга звязаў свой лёс з Варшаўскім універсітэтам, дзе спачатку працаваў выкладчыкам-лектарам, з 1894 года – экстраардынарным, а з 1897 г. – ардынарным прафесарам кафедры рускай і славянскай моў і рускай літаратуры.

У 1905 годзе ён узначаліў самы значны філалагічны часопіс тагачаснай Расіі – “Русский филологический вестник”, дзе змясціў шмат сваіх навуковых прац і бібліяграфічных матэрыялаў. У гэтым жа годзе стаў першым выбраным рэктарам Варшаўскага універсітэта. У 1908 г. пераабраны на новы тэрмін, але ў 1910 годзе адмовіўся ад гэтай пасады ў знак пратэсту супраць самавольства міністра адукацыі. У 1910 – 1916 гг. працаваў у Расіі, у Растове-на-Доне, куды быў эвакуіраваны Варшаўскі універсітэт, а пасля абрання правадзейным членам АН (1916 г.) пераехаў у Петраград. Потым перабраўся ў Мінск, дзе яго застала польская акупацыя. Каб прыцягнуць сусветна вядомага вучонага на свой бок, акупацыйныя ўлады прапанавалі яму пенсію, але Карскі адмовіўся. У снежні 1919 года пабываў у Варшаве, адкуль перавёз у Мінск сваю бібліятэку, якую пазней перадаў Беларускаму універсітэту. Пасля вызвалення Мінска ў ліпені 1920 года вярнуўся ў Петраград, дзе стаў адным з арганізатараў акадэмічнай навукі.

Асобна варта адзначыць уклад Карскага ў арганізацыю навукі на Беларусі і развіццё беларускай культуры. Яшчэ ў дарэвалюцыйны час ён склаў праграму вывучэння беларускай мовы, падтрымліваў першыя беларускія выдавецтвы, “Нашу ніву” і навукова-літаратурны гурток студэнтаў Пецярбургскага універсітэта. У савецкі час быў старшынёй камісіі па адкрыцці ў Мінску Беларускага дзяржаўнага універсітэта, правадзейным членам Інбелкульта і ўдзельнічаў у распрацоўцы яго статута. Памёр Я. Карскі 29 красавіка 1931 года.

На радзіме Карскага, у вёсцы Лаша, створаны мемарыяльны музей, яго імем названы Гродзенская абласная бібліятэка, вуліца ў Гродне, Лашанская школа. У 1990 годзе урад Беларусі ўстанавіў восем стыпендый імя Карскага. Скульптурны партрэт вучонага стварыў М. Ражанкоў. Пахаваны Карскі ў Санкт-Пецярбургу.

БРАНІСЛАЎ АДАМАВІЧ ТАРАШКЕВІЧ


(1892 – 1938)
Вядомы беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, публіцыст, літара-туразнавец, мовазнавец і перакладчык Б.А. Тарашкевіч нарадзіўся 20 студзеня 1892 года ў засценку Мацюлішкі (цяпер Літва). Скончыў гіс-торыка-філалагічны факультэт Пецярбургскага універсітэта (1916 г.), працаваў у ім прыват-дацэнтам грэчаскай і лацінскай моў. 3 1918 года загадваў культурна-асветным аддзелам Пецярбургскага аддзялення Беларускага нацыянальнага камісарыята. У 1919 годзе выкладаў беларускую і грэчаскую мовы ў Мінскім педінстытуце, а ў 1920 годзе загадваў беларускім сектарам дэпартамента асветы так званай Сярэд-няй Літвы, у 1921 – 1922 гг. працаваў дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі і быў адным з кіраўнікоў Таварыства беларускай школы. У 1922 годзе выбраны паслом (дэпутатам) сейма Польшчы, узначаліў у ім беларускі пасольскі клуб.

За абарону правоў беларускага насельніцтва і палітычную дзейнасць у студзені 1927 г. арыштаваны і асуджаны на 12 гадоў турэмнага зняволення. У 1930 годзе з мэтай дыскрэдытацыі яго выпусцілі на волю, але праз год зноў арыштавалі і ў лістападзе 1932 года асудзілі на 8 гадоў катаржнай турмы. У верасні 1933 года быў абмяняны на савецкага палітвязня і жыў у Маскве, працаваў у Mіжнародным аграрным інстытуце загадчыкам аддзела Польшчы і Прыбалтыкі. У маі 1937 года арыштаваны і па беспадстаўным абвінавачанні ў шпіёнскай дзейнасці на карысць Польшчы 29 лістапада І938 года расстраляны.

Беларускім мовазнаўствам Тарашкевіч займаўся на працягу ўсяго свайго жыцця. Яшчэ студэнтам 3-га курса Пецярбургскага універсітэта ён апублікаваў у часопісе “Раніца” (1914 г.) артыкул “Не пакідайце сваёй мовы”, у якім заклікаў суайчыннікаў шанаваць родную мову, таму што яна з’яўляецца душой народа, запісваць мясцовую лексіку і розныя віды вуснай народнай творчасці – казкі, легенды, песні, прыказкі, загадкі.

У 1913 годзе па прапанове Я. Купалы Тарашкевіч пачаў працаваць над беларускай граматыкай, і ў 1918 г. у Вільні яна ўбачыла свет. Гэтая праца была высока ацэнена спецыялістамі, некалькі разоў перавы-давалася і адыграла выключна вялікую ролю ў нармалізацыі беларускай літаратурнай мовы, бо ўпершыню абагульніла і замацавала пісьмовыя традыцыі, якія склаліся на той час у выданні мастацкай, навукова-папулярнай і публіцыстычнай літаратуры, у перыядычным друку. Менавіта як аўтар “Беларускай граматыкі для школ” Тараш-кевіч у 1928 годзе быў абраны правадзейным членам АН БССР.

Б.А. Тарашкевіч займаўся і іншымі лінгвістычнымі даследаваннямі. Так, у 1923 г. ім завершаны і здадзены ў друк “Сінтаксіс беларускай мовы”, які, на жаль, па нейкіх прычынах не выйшаў, прычым рукапіс яго да гэтага часу не знойдзены. У 1933 годзе Тарашкевіч пісаў з турмы да пракурора ў Вільню, што ўжо доўгі час працуе над гістарычнай граматыкай беларускай мовы. Магчыма, праца была закончана, аднак яе лёс невядомы. Toe ж можна сказаць і пра доктарскую дысертацыю Тарашкевіча “Стыль і фанетыка Лаўрэнцьеўскага летапісу”.

Тарашкевіч пераклаў на беларускую мову два сусветна вядомыя паэтычныя творы – “Іліяду” Гамера і “Пана Тадэвуша” А. Міцкевіча. Пераклад “Іліяды” ён пачаў у час працы ў Пецярбургскім універсітэце, а закончыў у 1927 г. у адной з самых суровых турмаў Польшчы – на Бронках. Месцазнаходжанне рукапісу да гэтага часу невядомае. У перыядычным друку апублікаваны толькі дзве перакладзеныя песні “Іліяды”.

Паэма А. Міцкевіча “Пан Тадэвуш” была перакладзена ў турэмных засценках у 1931 – 1932 гг. Рукапіс перакладу захаваўся і быў выда-дзены ў 1981 г. у Мінску і ў 1984 г. у Польшчы. Гэты пераклад атрымаў высокую ацэнку беларускіх і польскіх спецыялістаў. Цікавымі з’яўляюцца яго моўныя асаблівасці. Пры выбары беларускіх перакладных эквівалентаў да польскага арыгінала Тарашкевіч свядома арыентаваўся на гутарковую мову і паэтычную вусную народную творчасць. Менавіта гэтым абумоўлена шырокае выкарыстанне форм інфінітываў з ненаціскным суфіксам –ці (запытаці, ратаваці, жыці), памяншальна-ласкальных форм (вочкі, губкі, заўтрачка, ціхусенька ...), прыслоўяў і часціц з узмацняльнымі суфіксальнымі элементамі (тамака, тутака, цяперака, ...).

У мове перакладу адлюстраваліся многія асаблівасці паўднёва-заходніх гаворак. Тарашкевіч побач з агульнабеларускай лексікай карыстаўся пры перакладзе і словамі абмежаванага ўжывання: дыялектызмамі, паланізмамі, русізмамі, уласнымі наватворамі і некаторымі іншымі. Увядзенне Тарашкевічам у мову перакладу шэра-гу фанетычных, акцэнталагічных, граматычных і лексічных асаблівас-цей рэгіянальнага характару тлумачыцца не столькі слабай унармава-насцю тагачаснай беларускай літаратурнай мовы, колькі мэтамі версіфікацыйнымі і стылістычнымі: каб вытрымаць рытм і рыфмы вершаваных радкоў і, галоўнае, стварыць мясцовы і часавы каларыт, зрабіць пераклад як мага больш стылістычна адэкватным арыгіналу, мова якога таксама не была пазбаўлена рэгіяналізмаў і архаізмаў.






Поделитесь с Вашими друзьями:
1   2   3   4   5   6   7   8




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал