Мой родны кут, як ты мне мілы, забыць цябе не маю сілы



Дата канвертавання17.06.2016
Памер330.42 Kb.


“Мой родны кут,

як ты мне мілы,

забыць цябе

не маю сілы”


Якуб Колас

ТОРБА З САЛАМ


Успаміны аб роднай вёсцы Велімове

(30-е, ваенныя 40-е гады)

Сыночку ад бацькі

на добры ўспамін.

Сакавік 2005г.
Некалькі дзён на ўсходзе, за Дняпром, у баку Чарнігава, было чуваць глухія грымоты артылерыйскай кананады. Гэта з баямі набліжаліся нашы войскі, вызваліцелі ад немцаў.

Стаялі ясныя дні другой палавіны верасня 1943 года. Усе ўжо ведалі, што хутка прыйдзе Чырвоная Армія, як тады гаварылі ― “нашы”, і закончыцца нямецкая акупацыя.

Кожны селянін разважаў, што будзе рабіць, калі пачнуцца баі. Куды схаваць сваю жывёлу, уцалелую ад нямецкага рабавання, збожжа, адзенне ― усё ж нажыта цяжкай працай… Ды і хавалі ўжо не раз ад нямецкіх і паліцэйскіх набегаў.

Аднойчы ўначы ў дзверы хаты хтосьці пастукаўся. Я прачнуўся першым. Стук паўтарыўся. Гэта быў умоўны стук Валодзі Данілава: ён часта прыходзіў да нас ноччу. Валодзя з вясны 1942 года пайшоў у партызаны. Я падхапіўся з ложка, пайшоў у сенцы, адчыніў дзверы. Валодзя абняў мяне і шэптам павітаўся, мы зайшлі ў хату. Святла я не запальваў. Валодзя паставіў вінтоўку ў куток каля дзвярэй і сеў на лаўку. Маці з сястрой ужо таксама прачнуліся.

― Як тут у вас, ціха? ― запытаўся Валодзя.

― Пакуль ціха, ― адказала маці. ― Немцаў ужо з нядзелю не было, а паліцаі на падводзе пазаўчора прыязджалі з Пірак. Загадалі, каб стараста даў барана, некалькі гусей, сабралі сотні са дзве яек. Няхай іх паразрывае!...

Авечку злавілі, па метцы аказалася Пятра Кавалёвага… Нажэрліся і п’яныя хваліліся, што бальшавікі на Дняпры зазімуюць. Камендант гаварыў, што у фюрэра ёсць такая зброя, ад якой савецкія танкі плавіцца будуць, як сала на патэльні. Зноў пагоняць бальшавікоў назад да Масквы, ― расказвала маці Валодзю.

Валодзя пасядзеў з хвіліну моўчкі і загаварыў:

― Хутка гэтыя бобікі не будуць раз’язджаць па вёсках і рабаваць людзей!.. Перадайце ўсім, каб хавалі ў зямлю збожжа, адзенне і вязалі вузлы з патрэбнымі рэчамі, каб заўсёды былі гатовыя бегчы ў лес, на балоты на выпадак бою ці пажару. Пад Камарынам, Верхнімі Жарамі, каля Лукаед нашы хлопцы з атраду ўжо збіраюць лодкі, хаваюць іх у кустах, каб дапамагчы перапраўляцца праз Днепр нашым ваенным часцям. Нікому толькі не кажыце аб гэтым. А вось каб рыхтаваліся, усім перадайце. Я ўжо быў у Калыбані, Чыкалавічах, Пасудаве ў надзейных людзей, папярэдзіў і іх.

Патроху пачаў збірацца. Маці на дарогу, як заўсёды, паклала ў торбачку бохан хлеба, кавалак сала; давала і яйкі, але Валодзя не ўзяў: “Каб вараныя, а так буду лазіць па кустах, паб’юцца”.

У Валодзі з радні засталася толькі сястра Валя, якая са сваім чалавекам жыла ў вёсцы Аляксандраўцы ў 10-ці кіламетрах ад нас. Бацьку яго, Данілу, у 30-м годзе забралі органы НКУС (НКВД). Быў ён набажным чалавекам, і калі ў сяле Крукі разбурылі царкву, а памяшканне перарабілі пад клуб, Даніла з іншымі набажнымі сялянамі пачаў збірацца на хутары ў хаце Пятра Балабайкі маліцца там. Гэтыя зборы высачыў адзін нядобры чалавек і данёс у органы. У хуткім часе арыштавалі Пятра Балабайку, яго суседа па хутары Цераха Бабовага і яшчэ трох сялян з вёскі Пасудава. Ніхто з іх дадому не вярнуўся ― ні да вайны, ні пасля вайны…

Як стала вядома ў 1958 годзе, калі рэабілітавалі рэпрэсаваных і органы КДБ пачалі даваць сведкі, яны былі расстраляны ў Гомелі як ворагі савецкай улады.

У сям’і Балабайкаў засталіся сірацінамі пяцёра малалетніх дзяцей: самай старэйшай, Аксінні, пайшоў 11-ты год, а самай малодшай, Мані ― другі годзік. Сыну Івану было пяць гадоў. Пазней, калі і маю сям’ю раскулачылі (у 33-м годзе), мы з імі сябравалі. Іван меў мянушку Рыпуль, а я зваўся Цэбрыкам Галаватым. Чаму яму далі такую мянушку, я ўжо не памятаю, а мяне празвала так сястра Надзя за вялікую галаву, якая нагадвала цэбер (нізкая кадушка, у якой замешвалі корм жывёле). Але расточка я быў невялікага.

З Іванам Балабайкавым мы сябравалі ўсё дзяцінства, разам хадзілі ў Калыбанскую школу-сямігодку. Маткі нашы таксама былі сяброўкамі: яго Прося Балабайчыха і мая, Маша Міхаліха.

Раскулачылі нас пазней, калі ўжо стварылі калгасы. Мой бацька першым уступіў у калгас, хоць дзед Якім быў супраць (жылі адной сям’ёй). Дзед Якім не аддзяліў да калгасаў свайго сына Міхаля, бо ў яго было ўсяго 7 дзесяцін зямлі і частку ён ужо аддаў старэйшаму сыну Варфаламею і малодшаму Васілю, абодвум па дзве дзесяціны, а сабе і сярэдняму сыну Міхалю пакінуў тры дзесяціны.

Дзеда Якіма з бацькам раскулачылі не за зямлю, як некаторых сялян, якія мелі багата зямлі. У тыя часы сялян падзялялі на тры класы: кулакоў, сераднякоў і беднякоў. Кулаком лічыўся селянін, які меў багата зямлі і сельскагаспадарчую тэхніку: малацілкі, жаткі, сеялкі, ветраныя ці конныя млыны (тапчакі), вадзяныя млыны (у час жніва ці касавіцы ён меў магчымасць наняць бяднейшых сялян збіраць ураджай, за што пазней ім і прышывалі за эксплуатацыю сялян). Серадняк жа меў столькі зямлі, каб толькі пракарміць сваю сям’ю сам, без наёмных работнікаў. Ён не меў, акрамя каня ці вала, ніякай іншай цяглавай сілы, у яго не было ніякай тэхнікі. Бядняк быў беззямельны або безлашадны, такіх тады звалі батракамі. Як з’яўляліся беднякі ― гэта ўжо іншая справа.

У 20-я гады, калі па Ленінскаму дэкрэту зямлю падзялілі на душы, некаторыя сяляне аддавалі сваю зямлю ў арэнду іншым ― па ляноце ці па іншых прычынах не жадалі працаваць на ёй, паступова бяднелі і наймаліся да другіх сялян. А калі пачалася калектывізацыя, яны былі актывістамі ў гэтай кампаніі, удзельнічалі ў раскулачванні сваіх жа вяскоўцаў, якія трапілі ў спісы кулакоў. Тады быў лозунг “Знішчым кулака як клас!” У такіх “кулакоў” не толькі забіралі маёмасць, але і сем’ямі высылалі ў Сібір, у Архангельскую вобласць і другія неабжытыя халодныя мясціны. Там яны гінулі ад голаду і хвароб без усялякай медыцынскай дапамогі.

Дык вось, майго дзеда раскулачылі не па гэтай прычыне. Бацька мой, Міхаль, у гады Грамадзянскай вайны быў чырвонаармейцам, змагаўся з бандай Струка за савецкую ўладу. Мільёны сялян у тыя часы былі абдураны бальшавіцкімі лозунгамі: “Зямля сялянам! Фабрыкі і заводы рабочым!” І сялянскія сыны з франтоў Першай Сусветнай вайны ішлі ў Чырвоную армію.

Зямлю-то яны атрымалі пасля заканчэння Грамадзянскай вайны. Памешчыцкія сядзібы былі разрабаваны, зямля іх перайшла ў карыстанне Саветаў і раздавалася ў першую чаргу тым, хто быў у радах Чырвонай арміі, але ж доўга гэтай зямлёй ім не прыйшлося карыстацца. У пачатку 30-х пачалася калектывізацыя. Зямлю абагулілі, яна стала калгаснай, а на самой справе ― дзяржаўнай. Усіх, хто не жадаў уступаць у калгас, залічылі ў клас кулакоў. Як з кулакамі абышліся, я ўжо пісаў вышэй. Ды ўвогуле аб гэтым часе багата кніжак напісана, самая яскравая ― “Паднятая цаліна” М. Шолахава.

Бацька мой адзін з першых уступіў у калгас “Чырвоны Араты”. Цэнтрам яго была вялікая вёска Калыбань, а наша Вельямава, двароў каля 50-ці, стала брыгадай гэтага калгаса. Бацьку майго назначылі брыгадзірам. Дзед мой Якім быў вымушаны падпарадкавацца жаданням свайго сына. Ды і сам бачыў, як кулакоў выганялі з роднай хаты і высылалі. Асабліва ж шмат было раскулачаных з Калыбані.

На прадвесні 1933 года ў калгас “Чырвоны Араты” прыехаў з Камарына (райцэнтра) райкома нейкі ўпаўнаважаны праводзіць сход. На сходзе ён сказаў, што паступіў загад здаць валоў на мяса: рабочым на будоўлях пяцігодак патрэбна мяса. Замест прапанаваў завесці кралёў. Бацька мой устаў і сказаў: “Таварышы калгаснікі, як жа так? Хутка вясна, на чым жа мы зямлю араць будзем? Кралёў у ярмо запражэм?” Падняўся рогат. Многія бацьку падтрымалі, асабліва жанчыны: “Не будзем здаваць валоў! Не так лёгка выгадаваць і навучыць іх хадзіць у ярме. А коней вельмі мала, каб запрагаць іх у плугі!” Упаўнаважаны пачакаў, покуль усе змоўклі, устаў ― і як адрэзаў: “Загад партыі патрэбна выконваць, а хто выступае супраць ― вораг савецкай улады.” Усе змоўклі, як вады ў рот набралі. Валоў да вясны ўсё-ж такі здалі. Але бацька мой у велімоўскай брыгадзе затаіў пару самых лепшых валоў. Аб гэтым даведаўся старшыня калгаса Блудчы і папярэдзіў бацьку: “Нядобра будзе табе, Міхал! Я з сябе адказнасць знімаю”. Праз яго аб гэтай справе даведаўся райком, і бацьку арыштавалі, а нас раскулачылі, забралі з двара ўсю жывёлу і маёмасць. Баба Маўра паспела тое-сёе схаваць у суседзяў з адзення: новыя кажухі, дарожныя буркі з вяленага сукна, валёнкі, саматканыя шарсцяныя пакрывала на ложак, а з рэчаў дзве лубкі з клёпак і адну бочку-доўбанку з тоўстага ясакара, якую зрабіў яе старэйшы сын (мой дзядзька) Варфаламей. Ён быў майстрам на ўсе рукі: рабіў самапрадкі, сталярнічаў, бондарстваваў, у яго быў самаробны такарны станок для працы па дрэву. Мог ён адрамантаваць і швейную машыну, сам вырабляў цэглу і абпальваў у спецыяльнай печы.

Лёс яго, таксама як і майго бацькі, быў цяжкі. Яго раскулачылі, хату забралі, перавезлі ў вёску Піркі і зрабілі ў ёй сельпо. Жонка Варфаламея памерла, засталіся два хлопчыкі, Іван і Павел. Пайшлі яны ў пастухі: Іван пас статак сялянскіх кароў па найму, а Павел авечак. Так яны прапасвілі жывёлу да самай вайны.

Варфаламей ажаніўся з другой жанчынай з вёскі Кулаковік. Выкапаў зямлянку. Пражыў у ёй гадоў са два, але яму не давалі працаваць у калгасе, лічучы неблаганадзейным. Ён, бачучы, што хутка яго арыштуюць, з’ехаў на Украіну, на Херсоншчыну. Жыў там у вялікім сяле Князь-Грыгор’еўка. У 1947 г. ад голаду памерла яго жонка, а пасля і ён сам. Засталіся дзве дзяўчынкі, Аня 8-мі гадоў і Валя 6-ці гадоў. Іх забралі ў дзіцячы дом, а два сыны ад першай жонкі ў час вайны былі на фронце. Іван трапіў у палон, два разы ўцякаў, але яго злавілі. Ногі страшэнна былі пакусаны аўчаркамі, але застаўся жывы. Пасля вайны ўладкаваўся на металургічным Крыварож-скім заводзе, дзе працаваў у гарачым цаху. Памер у 1998 г. ва ўзросце 78 гадоў. Там засталася яго дачка Саша. Другі сын Паўлік пасля вайны жыў у г. Бердзянску. Працаваў майстрам на заводзе сельскагаспадарчых машын. Памер улетку 1988 г. Там засталіся яго сын і дачка.

Такі быў лёс майго бацькі, дзядзькі Варфаламея, дваюрадных братоў і сясцёр.

Але звернемся да майго бацькі. Яго саслалі ў Казахстан. Дзядуля Якім ад гора, што раскідалі яго сямейнае гняздо, у 1933 г. падаўся на Ўкраіну, адкуль быў родам. Але сваіх сваякоў там не знайшоў, яны памерлі ад голаду ў гэтым жа годзе. Аб гэтым голадзе ў савецкія часы замоўчвалі, бо ён быў спецыяльна створаны сталінскімі кіраўнікамі, каб загнаць сялян у калгасы. Адбіралі збожжа, нават насенне… Людзі выміралі цэлымі вёскамі, няма каму было хараніць. На чыгуначных станцыях лавілі тых, якія спрабавалі ўцячы ў іншыя вобласці. Але багата сялян сем’ямі пехатой даходзілі да нашай мясцовасці. Начавалі гэтыя страдальцы на прасёлачных дарогах, гумнах. Я бачыў гэтых пакутнікаў каля вогнішчаў, на якіх яны смажылі вожыкаў, балотных жабаў. Мы тады самі ўжо пачалі галадаць. Маці працавала на чужых агародах (нам зямлі пад агарод не далі, мы былі лішэнцамі ― так звалі тады тых, хто не меў права голасу). Паласкала бялізну, усяляк дапамагала вясковым жанчынам, і за гэта мы мелі сякі-такі кусок. Маці карміла і сям’ю з Украіны, адрывала ад нас няхітры спажытак і насіла ў гумно, дзе жыла тая сям’я. Сям’я гэта выжыла дзякуючы ёй.

Дзед Якім вярнуўся з Украіны дадому пад восень 1934 г. схудалы, хворы, і ў верасні памёр. У анучы на лапцях ён захаваў апошнюю дзясятку, і калі паміраў, паклікаў маю маці і сказаў, каб яна забрала гэтыя грошы на пахаванне. Пахавалі яго на Велімоўскіх могілках. Яму было ўсяго 69 гадоў, і калі б нас не раскулачылі і дзядуля спакойна мог жыць, то пражыў яшчэ б доўга. Бацька яго Апанас, мой прадзед, пражыў 98 год і памёр не ад хваробы, а ад чаду.

Бабуля Маўра, дзедава жонка, стала жыць у малодшага сына Васіля, якога не раскулачылі. Да самай вайны пасвіла яна вялікі статак гусей і загінула ў час баёў 27-га ці 29-га верасня 1943 г., калі вызвалялі нашу вёску ад нямецкіх акупантаў.

Памятаю, як яна заўсёды ў сваіх доўгіх кішэнях хавала кавалкі хлеба і клікала мяне, калі ўбачыць, давала мне гэтыя кавалачкі хлеба, узятыя тайком са стала нявесткі. Пасля бежанцаў, калі мы пакінулі сваю вёску і жылі два месяцы на балоце пад стагамі, а потым і ў нашых тылах ва ўцалеўшых ад пажараў вёсках у Кацічаве, Кіраве, пад Камарынам і вярнуліся ў снежні 1943 г. на папялішча, бабулю Маўру знайшлі на балоце Еллі, каля глыбокай варонкі ад бомбы ці гаўбічнага снарада. Цела яе мы з маці перанеслі на посцілцы на бераг балота і пад кусцікам рабіны пахавалі, бо могілкі былі замініраваны і пахаваць яе каля дзедавай магілы мы не маглі. Я ў 1982 годзе, калі трошкі разжыўся і было за што, паставіў на могілцы помнік з гранітнай пліткаю. Магілку абгарадзіў жалезнай агароджай і паставіў крыж. Так і ляжыць прах маёй бабулькі ў гэтым прыгожым куточку пад рабінкай. А пасля, каля магілкі пасадзіў ліпку, яна пайшла ў рост і цяпер амаль у адзін абхват. Гэта яшчэ адзін помнік бабульцы Маўры.

Пасля Чарнобыля, калі нас 4 мая 1986 г. выселілі з родных мясцін, я некалькі разоў дабіраўся да сваёй вёсачкі, прыходзіў да могілак, наведваў магілу бабулі, клаў для яе крашанае яйка, цукеркі, кавалачак пасхі. Ведаюць гэтую магілку і мае дзеці ― яе праўнукі і прапраўнукі.

Але зноў вяртаюся да бацькі. Яго не загналі ў лагер на павал лесу, ён адбываў ссылку ў Казахстане, спачатку ў Семіпалацінску, а потым у Алма-Аты, нават прысылаў нам пасылкі з вялікімі ружовымі яблыкамі, вельмі смачнымі. Вярнуўся ён адтуль вясной 1935 г. Спачатку працаваў возчыкам, вазіў у спецыяльнай будцы з пякарні хлеб у саўгас імя Молатава. Пякарня тады была за Калыбанню ва ўрочышчы Пажарнае. Там былі хутары. А саўгас быў за чыгункай, прыблізна 10 кіламетраў ад пякарні. Бацька часта браў мяне з сабой. У 1936 г. мне ўжо было 10 гадоў. На ўсё жыццё запомніў я пах свежага хлеба. Пекары давалі бацьку пашкоджаны бохан хлеба, які ўжо не ішоў на продаж. Я сядзеў на возе і еў гэты цёплы пахучы хлеб… На ўсё жыццё чорны жытні хлеб застаўся маёй асноўнай ежай. Цяпер, калі жыву ў дастатку і магу есці здобныя булкі, усё роўна лепш з’ем простага хлеба. Але ў наш час такога жыта ўжо не вырошчваюць. Палі ўгнойваюць мінеральнымі рэчывамі, каб атрымаць 40-60 цэнтнераў з гектара, ды ўжо і жыта мала сеюць, а болей трэцікалій, генетычны гібрыд жыта, пшаніцы і пыр’я… А таму і смак хлеба зусім не той. У даўнія часы сяляне сеялі жыта на пясчанай глебе, угноенай каравяком, і хаця ўраджаі атрымлівалі невялікія, зерне было насычана не толькі бялкамі, але і іншымі карыснымі рэчывамі, хлеб з такога зерня быў вельмі каларыйным.

Бацька папрацаваў возчыкам нядоўга. Маці ўсё прасіла яго з’ехаць на Ўкраіну, як яго брат Варфаламей, каб ніхто не чапляўся. Бо аднойчы адбыўся такі выпадак: бацька здаў прывезены хлеб у краму, распрог каня, пусціў пасвіцца. Я пазнаёміўся з адным яўрэйскім хлопчыкам. Не памятаю яго імя, ведаю толькі, што бацька яго, Фрэнкель, працаваў дырэктарам ці аграномам саўгаса імя Молатава. І вось з гэтым хлопчыкам мы гулялі каля каня. Ён узяў дубец, падыйшоў блізка да каня і секануў ім па пузе ці па нагах. Конь лёгка брыкнуў адной нагой па жывату хлопчыка. Той адкаціўся ад яго як мячык і пачаў смяяцца. Я падбег да яго і ўбачыў на пузе чорную пляму. Дома ў хлопчыка разбалеўся жывот, ён расказаў маці аб здарэнні, і яго адвезлі ў бальніцу ў Камарын. Усё абышлося, і хутка ён зноў пачаў гуляць. Але бацьку выклікалі ў міліцыю, рабілі допыт пра гэта здарэнне.

І яшчэ быў выпадак: дзядзька Васіль, малодшы бацькаў брат, абсмаліў саломай свайго забітага кабана. А ў той час смаліць свіней забаранялася, патрэбна было лупіць і скуру здаваць яўрэю-загатоўшчыку. Хтосьці з вяскоўцаў аб гэтым паведаміў, гаварылі, што Мітрафан, з якім дзядзька быў у сварцы. Дзядзьку асудзілі, далі 5 гадоў прымусоўкі. Ён адбываў пакаранне на якойсьці будоўлі. Там раскапваў гару. Зямлю адвозілі на тачках. Зверху зямля з каменнем абвалілася і заваліла дзядзьку Васіля і яшчэ двух вязняў. Іх раскапалі непрытомных. Дзядзьку і яго напарнікаў адкачалі, а трэцяга не выратавалі. У дзядзькі каменем была пераломана нага. Костка зраслася не так, як трэба, і ён стаў кульгаць. Урач хацеў ламаць нагу ізноў, але дзядзька не даў. Яго выпусцілі з лагера, і ён вярнуўся дадому перад самай вайной.

Калі дзядзьку Васіля асудзілі, гэта яшчэ больш усхвалявала маці, і яна настаяла, каб бацька кудысь з’ехаў: “Едзь у Калхіду. Там працуюць нашы чарнігаўцы з вёскі Нарагі, яны дапамогуць табе знайсці працу.” У вёсцы Наразе жылі стрыечныя бацькавы браты. У пачатку калектывізацыі ў 1929 г. яны, каб не ўступаць у калгас, паспелі прадаць сваю жывёлу і хаты, і паехалі па вярбоўцы ў Абхазію. Там асушалі вялікія балоты пад назвай Калхіда. За шэсць гадоў яны там абжыліся, купілі коней і працавалі грабарамі.

У тыя часы яшчэ мала было земляройнай тэхнікі, бульдозераў, экскаватараў, і ўсе работы па насыпу чыгуначных палотнаў, дарог і іншыя будаўнічыя аб’екты рабіліся ўручную так званымі грабарамі. Яны рыдлёўкамі насыпалі на вазы (калёсы) зямлю, пясок, адвозілі ў пэўнае месца і згружалі. Калёсы былі прыстасаваны так, каб было лёгка згружаць пясок. Кожны грабар павінен быў выконваць пэўную норму, ад якой залежыў яго заробак. Бацька пасля доўгага роздуму згадзіўся ехаць у Калхіду. Падштурхануў да ад’езду і ліст адтуль ад стрыечнага брата Майсюка Свірыда. Ён запрашаў бацьку, абяцаў у складчыну купіць яму каня і дапамагчы ўладкавацца на працу. І восенню 1935 г. бацька паехаў шукаць лепшага лёсу. У Калхідзе яму, як і абяцалі, купілі каня. Бацька працаваў там усю зіму і лета 1936 года. Прыслаў некалькі лістоў аб сваім жыцці і запрашаў маці прыехаць. Але ў апошнім лісце, апісваючы прыроду той мясцовасці, напісаў, што там вельмі цяжка хварэюць малярыяй (ліхаманкай) і ў некаторых знаёмых памерлі ад гэтай ліхаманкі дзеці. Маці, даведаўшыся пра гэта, напісала ліст пад дыктоўку (яна была непісьменная, толькі адну зіму прахадзіла лікбез і навучылася чытаць па літарах), што дзяцей на смерць туды не павязе. Калі б маці туды паехала, мы б можа і не захварэлі ліхаманкай, і лёс нашай сям’і склаўся б па-іншаму. Можа, бацьку і не забралі б зноў у 1937 г. і ён застаўся б жыць. На фронт яго не ўзялі б, бо ў гады Грамадзянскай вайны ў адным з баёў яму асколкам выбіла вока, і ён застаўся інвалідам на ўсё жыццё. У 1919 г. яго і камісавалі з-за гэтага ранення. Але, відаць, так патрэбна было Богу. За ўсё сваё доўгае жыццё я пераканаўся, што жыццё кожнага чалавека залежыць не толькі ад яго волі, але і ад якойсьці невядомай сілы. Некалькі разоў мне пагражала небяспека смерці, але Бог і толькі Бог ратаваў маё жыццё. Напэўна, было так патрэбна, каб я дажыў да сваёй старасці, перажыўшы раскулачванне, нямецкую акупацыю, голад, пасляваенную разруху і Чарнобыльскую трагедыю.

Бацька не вытрымаў адзіноты на чужыне, зімой 1937 г. вярнуўся дадому. Гэтую зіму мы жылі ў хаце дзядзькі Васіля, які адбываў прымусоўку з-за абсмаленага кабана. Зіма гэтая была марозная і снежная. Памятаю, як у хаце было холадна і бацька пасярод кухні, дзе стаяла печ, у вялікім чыгуне паліў асінавую лучыну. Асіна пры згаранні мала дае дыму. У хаце цяплела, як ад печкі буржуйкі, але пад столлю збіралася сіняя смуга, ад яе не чадзелі і яна паступова разыходзілася.

Бацька падаў заяву ў калгас. Яго прынялі і пэўна, ужо вярнулі “права”. Усю зіму 1937 г. бацька з другімі вялімоўскімі калгаснікамі вазілі з Калыбанскіх балот сена на калгасную ферму, што была за нашым балотам Еллем. У нас ужо была свая кароўка, якую мы трымалі ў хляве дзядзькі Васіля. Гэтую кароўку мы вырасцілі з цялушкі, якой калгас прэміраваў майго дваюраднага брата Івана. Ён ужо не пас кароў па найму, а працаваў калгасным пастухом, а зімою даглядчыкам жывёлы.

Памятаецца яшчэ, як у тую зіму, калі падводы з сенам праязджалі па вуліцы, мы падлеткі, падбягалі да вазоў ззаду і скублі сена, каб падкарміць сваіх каровак. Некаторыя возчыкі рабілі выгляд, што гэтага не заўважаюць, а другія і сцягалі нас пугамі. Дзядзька Фарыпон накладваў ў вязаны пад рубель воз яшчэ больш сена, стараўся, праязджаючы каля свайго двара, праціснуцца каля самога плоту, над якім навісалі голлі грушаў. Галлё чаплялася за сена і скідала яго з воза. Мы расхоплівалі гэтую кучу па ахапцы, а яго дачка Юля крычала на нас: “Не хапайце! Гэта маё сена!”

Перазімаваўшы зіму 1937 г., бацька з маці вырашылі пабудаваць хату. Ажно з вясны 1933 г., з самага раскулачвання, калі бацьку саслалі, маці з намі жыла па чужых хатах. Раскулачаных неахвотна пускалі да сябе, таму што баяліся, што іх абвінавацяць у спачуванні кулацкім сем’ям і залічаць у падкулачнікі. На дзве зімы, 1934 і 1935 гг., нас прыюціла добрая жанчына Ганна Мікалаіха, жонка Мікалая Раманава і дачка Фёдара Бандарэнкі. Мікалай быў дзесьці па вярбоўцы на заробках. Хата іх была вялікая, на дзве палавіны. У Ганны было двое дзяцей, сын Коля, які хадзіў у 7 клас, і дачка Таня, гады на тры старэйшая за мяне. За лета мы з маці нанашывалі амаль на ўсю зіму дроў з Выгару (гэта працяг нашай Бабовіны за вёскай). Там па берагах гэтай былой рэчкі раслі густыя зараснікі вольхі. Зімой спалі на шырокай печы, а ў летні час мы ў хаце не сядзелі, жылі на прыволлі, на прыродзе.

З гэтай хаты я пайшоў у школу ў першы клас. Школа-сямігодка знаходзілася ў вёсцы Калыбань, кіламетрах у трох ад нашай вёскі. Хадзіць напрамую па бліжняй сцяжынцы патрэбна было праз балота Елля, пасярод якога выкапалі асушальны канал. Капалі гэты канал ажно ад самых Чыкалавіч, дзе зліваліся нашы дзве мясцовыя рэчкі Брагінка і яе прыток Несвіч. Капаць было цяжка, бо рабілася гэта ўручную, рыдлёўкамі. Маці ў той час узялі ў гэтую брыгаду канаўшчыкаў поварам. Не ведаю, з чыіх прадуктаў гатавалася гарачая страва ― ці давалі ў складчыну капальшчыкі свае прадукты, ці ім адпускаліся дзяржаўныя. Але добра памятаў, як маці нам наказвала, каб пасля абеду, калі работнікі пойдуць на працу на балота, мы прыходзілі да яе. Гатавала яна ежу ў двары Антона Раманава. Мы чакалі гэты момант і, убачыўшы, што мужчыны пайшлі на балоты, прыбягалі ў двор да маці. Яна садзіла нас за сцяной хлява, прыносіла ў місках наварысты суп, па кавалку хлеба, і мы з сястрой ласаваліся гэтай ежай.

Мікалай Дзямідавіч Лявоненка з Чыкалавіч, па мянушцы “Таячка”, за дзённую змену выкапваў да ста метраў каналу. Яго тады за такую стаханаўскую працу ўзнагародзілі. А “Таечкай” яго празвалі ў вёсцы за тое, што ён пры сустрэчы са знаёмымі заўсёды ўсклікаў: “А здароў, мая таечка!”. Пазней, калі ў 1952 г. я дэмабілізаваўся з Арміі, я кватэраваў у яго. Тады мяне паслалі працаваць у Чыкалавічскую сямігодку фізруком. Жыццё яго было такое цікавае, што калі б апісаць яго, то з’явілася кніжка мо нават лепшая, чым Мележаўскія “Людзі на балоце”. Памятаю, як у адну зіму ён заахвоціў мяне дапамагчы прывезці на саматужках уюноў з мор. На зіму ён ставіў моры на адным возеры на Чыкалаўскіх балотах. Калі возера замярзала, ён рабіў духі. Прарубліваў у лёдзе пелькі, закрываў іх сенам, засыпаў снегам, каб не замярзалі. Калі выпадала багата снегу і пад ільдом заставалася мала кіслароду, уюны выплывалі на паверхню да гэтых духаў. Вось у гэты момант Мікалай Дзямідавіч ставіў на пелькі моры. Мора ― гэта сплеценая з галінак лазы круглая карзінка, падобная на рэшата. Дно ў ёй выпуклае да цэнтра, дзе маецца невялічкая адтуліна. Мору патрэбна ставіць так, каб краі гэтай адтуліны былі на ўзроўні паверхні вады. Калі мору замацуюць на галінках у пельцы, каб яна не апускалася ніжэй, закрываюць зноў сенам, каб дух не замярзаў. Уюны, пачуўшы свежы прыток паветра, збіраюцца каля адтуліны гэтай моры, перакідваюцца праз адтуліну ўніз і там ужо без вады падмярзаюць. Дні праз два трэба ісці глядзець пастаўленыя моры. Бываюць выпадкі, калі ў мору пападае да 2-3 кілаграмаў уюноў. Так вось мор 10 паставіш і да двух пудоў дадому прынясеш. Возера гэтае было кіламетрах у васьмі ад Чыкалавіч, патрэбна было дабірацца па цаліне. У той раз мы з Мікалаем Дзямідавічам прынеслі каля двух пудоў уюноў. Баба Люба іх пасыпала соллю. Уюны, як вужакі, шаруюцца і самі чысцяцца, на іх з’яўляецца жоўтая пена. Потым прамываюць іх вадой, нанізваюць на тонкія лазовыя дубцы ― меткі, на якіх яны і сушацца. Баба Люба насушыла іх цэлыя торбы. З імі, ды яшчэ з грыбамі, гатуюць смачнейшыя баршчы. А калі свежых засмажыць на патэльні, таксама аб’ядзенне. Я спрабаваў есці на Нарачы вугроў, але яны вельмі тлустыя і прытарна-сладкаватыя, а ўюны гаркаватыя і тлушчу ў іх мала.

Звяртаюся да свайго дзяцінства. Калі я ў 1934 г. у школу пайшоў і праходзіў канаву па кладцы, то паслізнуўся і ўпаў у канаву. Выкарабкаўся, быў марозчык градусаў дзесяць. Пакуль я дабег да хаты, мой кажушок абледзянеў, як панцыр. Маці перапалохалася, распранула мяне, і я палез на гарачую печ. Але пасля гэтага выпадку не захварэў. А на кладцы гэтай напасля зрабілі поручні з жэрдкі, за якія можна было трымацца рукамі. Ужо у 60-я гады, калі праз гэтую кладку хадзілі мае дзеці ды і ўсе жыхары на калгасную працу ці ў краму ў Калыбань, я зрабіў добрую кладку з тоўстых жэрдак. Яе так і назвалі ― Якімава кладка. А ў другім канцы вёскі на гэтай канаве такую кладку з алюмініевых труб, якія прывезлі для арашэння, зрабіў Павел Грыцкоў, і гэтую кладку празвалі Паўлавай кладкай. Але на Якімавай кладцы былі і іншыя здарэнні. У 1959 г. я рабіў агароджу на бабінай магілцы. Чую, маці ў двары гукае майго сыночка: “Сашка! Сашка!” Яму тады было толькі два гадочкі. Веры, жонкі маёй, не было дома, яна вучылася ў педвузе, і маці даглядала нашага сыночка. Ён, напэўна, бачыў, што я пайшоў з двара па сцяжынцы да балота, выйшаў з двара, перайшоў вуліцу і патрапіў не на тую сцяжынку, па якой мы хадзілі на гарод, а на другую, якая вяла да Якімавай кладкі. Дайшоў да кладкі, аступіўся і зваліўся ў канаву. Калі падаў, ад страху крыкнуў. Я пачуў гэты крык. Мільганула думка: “Гэта сынок крыкнуў каля канавы…” Ад магілкі бабы Маўры да кладкі было метраў 500. Не ведаю, за колькі секунд дабег я да кладкі. Падбег, бачу ― сынок, раскінуўшы рукі, уверх тварыкам ляжыць на паверхні вады, як гумавы мячык. Кончык носіка яго не ў вадзе. Я схапіў сыночка на рукі, палажыў жывоцікам на калені, трошкі націснуў, і з роціка палілася вада, ён уздыхнуў, але вочкі не адкрываў. Я яшчэ зрабіў яму некалькі націскаў на грудкі. Ён пачаў нармальна дыхаць, але нічога не гаварыў і вочкі не адкрываў. Нясу яго дадому і думаю ― ён-то жывы, ды ці не згубіў мову і памяць. А ў двары ўжо суседкі пазбіраліся. Маці лямантуе, убачыўшы сыночка на руках. Я кажу: “Не крычыце. Сашка жывы! А вы ідзіце да сваіх хат.” Палажылі мы яго ў ложак, ён праспаў гадзіны са дзве. Дыхаў, дзякуй Богу, нармальна. Калі вочкі адкрыў, я ў яго пытаюся: “Сашка, дзе ты быў?” А ён: “Бубух!” Гэтак ён казаў, калі падаў. Ад сэрца адлегла… Сын жывы і здаровы, цяпер яму 48 гадоў, і ён добры спартсмен па біятлону. Бог яго тады выратаваў. А можа, душа бабы Маўры, на магілцы якой я працаваў.

І яшчэ быў адзін выпадак на маёй Якімавай кладцы. Аднойчы восенню 1985 г., ужо ў снежні, але снегу яшчэ не было, толькі падмарозіла зямлю, з Калыбані ішоў дадому Іван Шэвель. Ён усе гады, як асушалі Калыбанскія балоты, працаваў экскаватаршчыкам. Капаў каналы, выпрамляў прыроднае рэчышча ракі Брагінкі, пашыраў і тую канаву, якую выкапалі грабары яшчэ ў 1934 г. на балоце Еллі. Аднаму каналу ва ўрочышчы Высокае нават далі яго прозвішча ― Шэвелеў канал. Дык вось у гэты прадзімовы дзень Іван Сафронавіч ішоў дадому добра выпіўшы. Нёс пляшку гарэлкі і на гэтай кладцы паслізнуўся і ўпаў у канаву. У канаве тады і вады было толькі па калена, а на дне да грудзей гразь. Канал гэты з 70-х гадоў не чысцілі, і ён зарастаў густа раслінай (забыў назву, казалі, што яе завезлі з цёплай краіны), якая ўлетку разрасталася так, што пакрывала паверхню вады тоўстым пластам, а зімою адмірала і таму на дне адкладваўся тоўсты слой ілу. Вось Іван і захлынуўся ў гэтым іле. Мог бы ўзяцца рукой за кладку і выкарабкацца, каб быў цвярозы. Пэўна, калі зваліўся ў гэту халодную жыжу, нешта скавала яго волю. У гэты час каля канала ішла Паша, жонка Якава Бандарэнкі. Яна пачула крык, але покуль дабегла, ён ужо захлынуўся, і ўсё-ж калі б яна ў той момант выцягнула яго з вады, Шэвеля можна было б адкачаць. Паша пабаялася лезці ў гэтую гразь, прыбегла да мяне, стала крычаць. Я на ўсе ногі пабег да канавы, прыбег, а Шэвеля ўжо выцягнула Ліда Крынкова. Яна працавала даяркай на ферме і вярталася дадому. Падышла і Люба, жонка Аляксея Зароўнага, якая працавала даглядчыцай на адкорме быкоў. Стаў я рабіць масаж сэрца, а Люба дыхала яму ў рот, але мы Івана так і не ажывілі. Пад’ехаў на козліку старшыня калгаса Грэсь з медсястрой з ФАПа, ды і яны не здолелі. Так і загінуў гэты працавіты чалавек, ды яшчэ ў канале, які ён выкапаў. Чаму там такія рэчы здараліся, мне невядома, толькі неяк няёмка, што людзі далі гэтай кладцы маё імя. Чытаў дзесьці, што ёсць такія месцы, асабліва на аўтамабільных трасах, на якіх найчасцей адбываюцца аўта-катастрофы і гінуць людзі. Такое месца ёсць на дарозе, якая праходзіць ад вёскі Граб’ё да вёскі Ламавічы ў Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці, у якой прыйшлося мне пражыць 15 гадоў пасля Чарнобыльскай катастрофы. На тым месцы загінула тры чалавекі, у тым ліку і мой добры сусед ветурач калгаса Касючэнка Іван.

Зноў вяртаюся да ўспамінаў дзяцінства. З чаго ж нам было рабіць гэтую хату? Лесу нам на будоўлю, як былым раскулачаным, не далі. Ды бацька, можа, і не звяртаўся да ўлад, каб менш звяртаць на сябе ўвагі. Напіталі ў вёсцы Міхалёўцы невялічкі зруб, хатку на тры акны. Трохі грошай бацька прывёз з Калхіды, але іх не хапіла. У бабы Маўры былі схованы два новыя кажухі. Мы дамовіліся з гаспадаром зруба заплаціць гэтымі кажухамі. Брыгадзір Велімоўскай брыгады Кліменюк Аляксандр, бацькаў кум, выдзеліў некалькі конных падвод, і зруб з Міхалёўкі перавезлі. Па вясне 1937 г. бацька склаў гэты зруб, а можа, склалі адразу, як перавезлі, я дакладна не памятаю. Памятаю толькі, як мы з бацькам на падводзе ездзілі ва ўрочышча Лушніковае, дзе яшчэ ўздоўж балота Елле захаваўся асіннік. Бацька, напэўна, нарубіў з гэтага ляска асінак на кроквы, каб навесці дах. Тады была невялікая навальніца. Я быў у адной сарочцы і добра памятаю, як бацька зняў з сябе свой пінжак і ўкрыў мяне ад дажджу. А потым хмара прайшла і зноў засвяціла сонейка, абсушыла нас.

Памятаю яшчэ, як бацьку арыштоўвалі. Па архіўных дакументах я даведаўся, што гэта здарылася 19 ліпеня 1937 г. і яму прысудзілі 10 год у лагерах, як КРЭ (контррэвалюцыйны элемент). У той дзень бацька забіваў дошчачкай шчыліну паміж дымаходнай трубой і столлю. Маці яшчэ з вечара пачула, што ў Калыбань прыехалі міліцыянеры, што яны будуць рабіць у сельсавеце спісы і зноў арыштоўваць людзей, асабліва тых, хто яшчэ жыў на хутарах паасобку і да гэтага часу не ўступіў у калгас. Тады маці сказала бацьку, што хіба і яму трэба рыхтаваць торбу…

Раптам да двара пад’ехала палутарка, кузаў якой ужо быў забіты мужчынамі. У хату зайшоў энгабіст у вайсковай форме і загадаў бацьку збірацца. Бацька моўчкі стаў апранацца, а маці рыхтавала яму торбу з ежай. Гэты чалавек вывеў яго з хаты, загадаў лезці ў кузаў. У кузаве каля бартоў стаялі два ахоўнікі з вінтоўкамі. Калі яны ад’ехалі, я пабег за імі, дагнаў і ўчапіўся рукамі за задні борт. Ахоўнік расчапіў мае пальцы, і я ўпаў у пыл дарогі. Бацьку я бачыў у апошні раз.

У тую ноч з Калыбані і хутараў арыштавалі 17 сялян. Ніхто з іх дадому не вярнуўся. Некаторых расстралялі ў Гомелі, а астатніх, у тым ліку і майго бацьку, загналі ў сталінскія лагеры, дзе яны і загінулі ад голаду, холаду і непасільнай працы. Якія ўмовы былі ў лагерах, аб гэтым у часы гарбачоўскай перабудовы багата надрукавана ўспамінаў застаўшыхся ў жывых вязняў ГУЛАГаў. Я некаторыя з іх чытаў: “Чорныя камяні” Жыгуліна, “Жонка прэзідэнта” Рапарта, “Успаміны” Івана Твардоўскага, “Саночкі” Жжонага і іншыя. Яшчэ ў часы хрушчоўскай “адлігі” ў часопісе “Новы мір” было надрукавана апавяданне А. Салжаніцына “Адзін дзень Івана Дзянісавіча”. Жудасныя ўмовы сталінскіх лагераў загубілі мільёны ні ў чым не вінаватых людзей. Дзесьці я чытаў, што Гітлер стварыў у гады ВАВ такія ж лагеры смерці для рускіх ваеннапалонных па прыкладу Сталіна.

Мой бацька патрапіў у Карэлію на будаўніцтва Беламор-Балтыйскага каналу. У мяне захавалася яго апошняе пісьмо ад 7 лістапада 1939 г.

Вось яго змест. Перапісваю без змянення арфаграфіі. Бацька быў амаль неграматным, толькі і пахадзіў дзве зімы ў Калыбанскую школу (аб гэтым мне вядома з яго дапросу, які маецца ў архівах КДБ у Гомелі).


“1939 7/XI

Писмо от извеснага вашего Мужа Михаила несерчай дорогая моя жена что я Вам послал даплатное письмо нет марак. Здраствуйте мое дорогое семейство дорогая моя жена Мария.

Я пока жив издоров чего и вам желаю у добрым здарови прожыць Ипосылаю Свое нежнейшае почтение дорогому семейству, дорогой жене Марии и дорогим моим деточкам, дарагому своему сыночку Акимчику, дочечки Надечки и низка кланяюсь всем итисчу раз целую.

Нинаминуту немагу забыть я вас. Что Вы мне ненапишите. Я уже от вас непалучаю сведений 11 месяцев. И мне неизвестно як Ви там проживаете. Я вас писал часта Письма но Атвету неполучав. Наверно Вы на меня забили. Дорогое мое семейство если Вы получите письмо то прозба напишите мне об своим здоровю як Вы живете прозба незабывайте на меня несчаснага. Дарагой мой сынок Якимчик получиш мое письмо то прозба напиши своей ручкой ты грамотный. Незабувайте наменя несчаснага отца. Очень скучна. Я работаю на павале леса режу лес лучковкай. Живем мы улеси как зверы. Уже третий год невидим женскага пола. Забываем что тебя приветит женщина. Здесь уже зима давно. Снег упав 26 сентября. Одежда уменя очень плохая так что очень страшно зимовать Очень холодно.

Передайте почтение дорогим сродственникам моим ибратавой племяникам племяницам Куму куме и хресникам пожелаю свое нижайшее почтение и желаю прожит удобром здравии. Только что усе наменя забыли. прозба незабывайте. Мой дорогой сыночек напиши як ты там учися уекой групи напиши як надька учицца. Яки у вас уражай. Якое увас хазяйства ци быв уражай на хрукты прозба незабывайте на меня несчаснага. Письмо дорогому Куму Ивану Ивановичу. Здрасте мой дорогой кум Иван Ив. посылаю я свое почтение и низка кланяюсь прашу если получите письмо то напишите мне письмо Як вы живете як мое семейство живет то прошу незабывайте мои дорогие родители передайте привет Куме Матроне Тимохвеевной и хресникам Гали, Арышы Миши и его жене здетками напишите посылаю свое низкие поклоны и желаю прожить удобром здравии.

Адрес. Кировская Ж.Д. станция Саснавец 251-5 Старохатнему Михаилу Акимовичу.”


Чытаючы і перачытваючы гэты ліст, заўсёды плачу. Вось і зараз зашчаміла сэрца і на вочы навярнуліся слёзы. Пакутнік бацька на маленькім кавалачку абёртачнай жоўтай паперы алоўкам здолеў перадаць крык сваёй душы, пакутлівую тугу па сваёй сям’і, па роднаму краю. Не атрымліваючы лістоў ад нас, ён, напэўна, думаў, што і нас кудысьці выслалі. Я ўжо не памятаю, атрымлівалі мы раней лісты ад бацькі і адказвалі на іх ці не. Можа і адказвалі, але яны да яго не даходзілі, бо бацька быў ссыльны “без права перапіскі”. Але гэтае пісьмо нейкім чынам уцалела, перажыло вайну і чарнобыльскую эвакуацыю. Я добра памятаю, што маці бацьку рыхтавала пасылку з цёплай адзежай. Вязала шарсцяныя рукавіцы, купіла шапку, а можа, і світэр звязала. Пасылку мы адаслалі. Але невядома, ці атрымаў яе бацька, ці ратавала яго гэта цёплае адзенне ад лютай марознай зімы 1940г., калі і ў нашай мясцовасці павымярзалі сады.

У 1987г., калі ішла рэабілітацыя рэпрэсаваных, я даведаўся з архіва Гомельскага КДБ, у якім храніцца справа бацькі, як і калі ён памёр. У даведцы было напісана, што бацька памёр 1 красавіка 1940 г. ад туберкулёза. Але я не даю веры, што гэта прычына яго смерці. Я ўпэўнены, што памёр ён ад голада і холада, ад здзекаў. Я сустрэўся з адным з выжыўшых вязнеў з таго лагера, дзе пакутаваў бацька. Ён паведаміў, што за зіму 1940 г. з іх дзвюхтысячнага лагера памерла больш паловы і трупы складалі, як дровы штабелямі і толькі вясною бульдозерамі зарылі ў траншэю.

Але ўжо ў 2004 г. я даведаўся, што і дата смерці ў гэтым дакуменце была несапраўдная. У 2004 г. у газеце “Народная воля” я прачытаў вялікі артыкул ― успаміны акадэміка Радзіма Гарэцкага “Падарожжа ў край свайго дзяцінства”. Бацька яго ў Карэліі адбываў у лагерах пакаранне, і ён ездзіў туды даведацца што-небудзь аб ім. У гэтай публікацыі былі прыведзены адрасы архіваў, у якія ён звяртаўся. Я напісаў у архіў г. Ухта, адкуль атрымаў адказ, што мой бацька 9 лютага быў пераведзены на будаўніцтва аб’екта № 5 у г. Кандалакшу і памёр 1 ліпеня 1940 г. Гэта ўжо больш дакладныя звесткі. Але прычына смерці не дадзена. Хутчэй за ўсё, усіх вязняў, якія працавалі на гэтым аб’екце, расстралялі. Пазней я даведаўся, што аб’ект № 5 быў засакрэчаны… Мы пасля вайны некалькі гадоў чакалі хоць якой-небудзь звесткі, але так і не дачакаліся.

Звярнуся да падзей верасня 1943 г. Па ўсім было відаць, што фронт набліжаецца да нашай мясцовасці. Перад нашымі наступаючымі войскамі з’явілася вялікая перашкода ― шырокі Днепр. Ад Дняпра да Прыпяці ляжалі амаль непраходныя для танкаў балоты, і таму ў нашай мясцовасці ў верасні нямецкіх войск не было. Толькі ў Пірках немцы аднавілі свой разгромлены Кавкапокаўскім войскам гарнізон, і мы баяліся, каб фашысцкія карнікі зноў не акружылі нашу вёсачку, як гэта было ў ліпені, і не спалілі ўсіх застаўшыхся ў жывых людзей. У той жудасны дзень фашысты спалілі 7 двароў і зажыва 20 душаў вяскоўцаў. Як гэта адбывалася, я пісаў у кніжцы “Памяць” па Брагінскаму раёну і звяртацца да гэтых падзей не буду. Апішу, як мы рыхтаваліся пакідаць сваю вёску на выпадак баёў. Галоўнае ― гэта было захаваць ад пажару збожжа, адзенне, асабліва зімовае. Збожжа мы з маці закапалі ў дзвюх лубках. Лубкі ― гэта высокія, амаль у рост чалавека бочкі, зробленыя з клепкі. Кажушкі, валёнкі, яшчэ штосьці з адзення ды кніжкі, якія я прынёс з школьнай бібліятэкі, я закапаў асобна ў другой бочцы.

Быў у нас яшчэ з ежы добры пуд сала. Нядаўна мы закалолі свайго апошняга кабанчыка, каб яго не забралі немцы пры чарговым набегу з Пірак. Тыдні са два назад такі набег немцы ўжо рабілі, злавілі гусей, авечак, свіней. Але наш кабанчык тады ўбярогся. Калі мы пачулі гул машын на вуліцы і ўбачылі, як немцы з паліцаямі разбягаюцца па дварах, я расчыніў свіран, выпусціў кабана з двара і загнаў яго ў хмызняк у Бабовіну. А ў многіх вяскоўцаў свіней тады палавілі і жывымі пакідалі ў машыны. Праз некалькі дзён кабанчыка нам закалоў дзядзька Іван, бацькаў кум. Сала мы засалілі і склалі ў асобную скрынку. Маці і кажа: “Сынок, калі прыйдзецца ўцякаць з вёскі, усё мяса і сала мы не здолеем забраць, патрэбна яго дзесьці схаваць, мо яно і ўцалее да нашага вяртання”. Я стаў галаву ламаць ― у зямлю яго не закапаеш і ў кладоўцы не пакінеш, бо згарыць разам з хатай, калі яе падпаляць. Але тут бліснула думка. Я чытаў багата кніжак пра індзейцаў, пра тое, як яны хаваліся на дрэвах у гушчары галін. А што, калі торбу з салам зацягнуць на грушу дзічку, якая расце на нашым гародзе за вуліцай? Гэта было вялікае, амаль у два абхваты дрэва з разгалістай кронай. Я зрабіў у гэтай кроне хованку, кубло і ў гарачыню залазіў туды, чытаў кніжкі альбо назіраў за наваколлем. Вось я і прапанаваў маці схаваць сала на дрэве. Яна здзіўлена паглядзела на мяне, засмяялася да кажа: “А і праўду ты кажаш, там нашу торбу ніхто і не ўбачыць. Вось толькі я падрыхтую іншую торбу, пашыю з новага палатна”.

Наступіла раніца 27 верасня. Імжэў невялікі дожджык. Каровы і авечкі ўжо павыганялі на пашу. Маці выпаліла печ і пасадзіла туды хлеб. Муку мы малолі на жорнах. Конны тапчак, у якім малолі збожжа і дралі крупы з грэчкі і проса, немцы спалілі яшчэ ў той жудасны дзень, калі палілі і людзей. У гэтым тапчаку малолі і партызаны. А цяпер добрыя жорны з камянёў зрабіў дзед Лука. Да яго і хадзілі амаль усе велімоўцы малоць муку. Круціць камяні было цяжкавата, і мы з маці хадзілі да дзеда Лукі ўдваіх. Толькі мы паселі снедаць, як пачулі гудзенне машын. Глядзім у акно, а па вуліцы імчацца танкі, на якіх сядзяць нямецкія салдаты ў касках. Маці кажа: “Давайце збірацца ўцякаць на балота ў Рубеж да свайго стажка”. Мы з маці, спяшаючыся, склалі сала ў торбу, якую маці раней пашыла. Падсалілі яго троху. Соль у часы акупацыі была дэфіцытам, спрабавалі саліць страву вадой з растворанай калійнай соллю, але наш сваяк, пляменнік бабы Маўры Салверст, які жыў у Наразе, надзяліў нас соллю. Яму пашанцавала яе назапасіць яшчэ ў 1941 г., калі пачалася вайна, і таму мы не гаравалі без солі.

Панеслі гэтую торбу да грушы. Маці прывязала за чуб торбы доўгі моцны повад. Я палез з гэтым повадам на грушу. Дабраўся да галін, дзе можна было яе прымацаваць, стаў за повад цягнуць торбу. Маці ўнізе дапамагала мне жардзінай, прытрымліваючы яе. Нарэшце я паставіў на галіны, замацаваў повадам за верхнюю галіну, ды яшчэ маці з зямлі падала мне на жардзіне мяккі дрот. Я прывязаў ім торбу да галін. Толькі я паспеў злезці з грушы, як у баку Чыкалавіч пачуліся выбухі снарадаў, страляніна. Мы адбеглі ад грушы, паглядзелі, ці не відаць з вуліцы нашу торбу.

Яе было не відаць у гушчары галін. Убеглі ў хату. Сястра ўжо звязала вузлы з адзеннем. Маці, спяшаючыся, завязала самы большы вузел сабе, а нам з сястрой меньшыя. Выбеглі з хаты і подбегам падаліся па Бабовіне хмызнякамі ў бок чыгункі, далей ад выбухаў і страляніны. Але нас сустрэў дзядзька Андрэйчык са сваімі дачкамі і папярэдзіў, каб мы не беглі за чыгунку, а беглі ў бок Чыкалавіч. “Ды там жа немцы, ― кажа маці, ― чуеш, якая страляніна”. “То і добра, што страляніна. Гэта ўжо нашыя пераправіліся праз Днепр і дайшлі сюды. Яны немцаў адгоняць і займуць вёску. А калі пабяжым за чыгунку ў бок Крукаў, куды будуць адступаць немцы, то апынемся ў нямецкіх тылах”. Дзед гэты ваяваў з немцамі яшчэ ў часы Першай Імперыялістычнай вайны 1914-1918 гг. і быў узнагароджаны двумя Георгіеўскімі крыжамі, і таму добра ведаў ваенную справу. Але ў той бок пайшлі па кустах нашы кароўкі з авечкамі і патрэбна было і іх ратаваць. Мы падаліся па кустах у бок страляніны. Дабеглі да Курганаў (старажытных захаванняў), а там ужо на паляне пад дрэвамі дзе хто паселі цэлымі сем’ямі вяскоўцы, ды і жывёла нашая пасвілася. Тут пачаўся паветраны бой нашага знішчальніка з нямецкім. Нарэшце адляцелі кудысьці ў бок Прыпяці і зніклі з вачэй.

Страляніна ў баку Чыкалавіч сціхла. Праз некаторы час да нас па хмызняках прыйшлі чалавек пяць нашых байцоў у масхалатах. Гэта былі нашы разведчыкі. Яны спыталі, ці ёсць у Вельямаве немцы. Мы адказалі, што раніцай прайшла калона з танкамі і бронемашынамі, а дзе яны цяпер, невядома. Яны паведамілі, што гэтую калону ўжо разбілі, а ўцалеўшыя ўцяклі ў Калыбань. Разведчыкі сказалі нам ісці ў Чыкалавічы, бо яны былі заняты нашым войскам. На нашым полі павінен быў пачацца вялікі бой, таму што немцы хутка вернуцца з падмогай. Я выбег з кустоў на поле і ўбачыў, як там акапваюцца нашы байцы. Толькі мы падаліся па хмызняках далей, як пачалася страляніна і крыкі “Ура! Ура!” Гэта нашы ўзялі вёску!

Памятны дзень сканчаўся. Сонца садзілася за небасхіл. Мы з вяскоўцамі збіраліся на начлег паблізу Чыкалавіч ва ўрочышчы Грамажа. Кароўку сваю мы прывязалі да дрэва. Каля нас ляжалі параненыя байцы, бо тут быў перадавы шпіталь. Ноччу мы амаль не спалі ― цяжка стагналі раненыя, некаторыя мацюгаліся. У баку Дняпра неба асвятлялася ракетамі і трасіруючымі кулямі. Там ішла пераправа нашых войскаў цераз Днепр, там былі асноўныя сілы нямецкіх войскаў. Як я пазней даведаўся, гэта адзін стралковы полк з 81 дывізіі пераправіўся ноччу паблізу Камарына цераз Днепр і заняў першы раённы цэнтр Беларусі без бою, бо ў гэтым месцы немцаў яшчэ не было. Два батальёны гэтага палка зайшлі ў глыбокі тыл немцаў, занялі Чыкалавічы і паўднёвую частку Калыбані, і толькі тады немцы кінулі насустрач нашым часцям сваё войска. Гэтая калона з некалькімі танкамі і самаходкамі раніцай і прайшла праз нашу вёску. Раніцай мы ўбачылі, што паблізу нашага начлега ў заросшым лазовымі кустамі лужку размясцілася палявая кухня. Недалёка ад катла на калёсах пад кустом валялася адсечаная кароўя галава, трыбухі і скура. Гэта повар з байцамі-узбекамі ноччу зарэзалі безхозную карову з велімоўскага статку. Частка нашых жыхароў пабегла з вёскі за чыгунку ў бок Крукаў, а іх каровы засталіся ў статку. Гэтыя вяскоўцы пасля, калі ўсталявалася доўгачасовая абарона, трапілі ў прыфрантавыя нямецкія тылы і там пакутавалі ад голаду. Ды і немцы па сваіх тылах, па лесу рабілі аблавы і застрэлілі двух нашых вяскоўцаў Багаценку Косціка, Прыходзьку Івана. Добра, што мы паслухаліся старога Андрэйчыка і падаліся ў бок Чыкалавіч!

Кухар памахаў сваім чарпаком і запрасіў усіх нас, бежанцаў, снедаць. Мы са сваімі міскамі і іншым посудам, у каго які быў, падышлі да катла, і ён надзяліў кожнага наварыстым супам і добрым кавалкам мяса. Мы елі гарачы суп без хлеба, і толькі тады маці стала жалкаваць, што не паспела з печы дастаць хлеб. Потым да кухні падышоў нейкі камандзір і загадаў вельямаўцам ісці па сваіх хатах і ўзяць неабходныя рэчы. Але ў вёсцы не заставацца, бо яна з’яўляецца нашай перадавой і ў любы момант там можа пачацца бой. Мая маці і суседка Яўдоха падхапіліся і пабеглі ў вёску. Маці на хаду ўжо крыкнула: “Сынок, глядзі кароўку, а ты, дочачка, сядзі каля нашых вузлоў. Я збегаю дахаты і хаця б хлеб выму”. Яны паспелі дабегчы да сваіх хат. Маці пабачыла і бабу Маўру, якая з вёскі нікуды не пайшла. У дзядзькі Васіля ў двары акопваліся нашы салдаты. Маці толькі наказала старой, каб калі што, ішла ў Калыбань.

Толькі маці з Яўдохай выбеглі з вёскі і па кустах пайшлі да нас, пачаўся артабстрэл нашай вёскі. Снарады рваліся, траплялі ў хаты. Вёска пачала гарэць ― гэта немцы падцягнулі падмогу і выбілі нашых з Велімава.

Так пачалося наша жыццё ў бежанцах. Жылі мы тыдзень, два на балоце пад Кацічавам у стагах, а потым у вёсцы Кірава (Лукаедах) пад Камарынам. Наша вёсачка яшчэ разы са два пераходзіла ад нашых да немцаў, і толькі пасля вялікіх баёў немцы вымушаны былі перайсці ў абарону, так і не адкінуўшы нашы часткі да Дняпра. Вёска наша амаль два месяцы знаходзілася ў руках немцаў. Па нашых гародах уздоўж вуліцы ад аднаго канца вёскі да другога цягнулася нямецкая перадавая лінія, а наша метрах у 500 за балотам Еллем, і толькі за вёскай перадавыя лініі нашай і нямецкай абароны збліжаліся амаль на 50 метраў.

Груша, на якой вісела наша торба з салам, трапіла ў нейтралку, і ад перадавой лініі немцаў знаходзілася метрах у 20-30. Калі лісце апала, торбу стала добра відаць. Па ёй стралялі, але нішто не папала ў дрот, якім торба была замацавана на дрэве. Немцы баяліся лезці за торбай, бо мог іх забіць наш снайпер. Верхавіна грушы была збіта снарадам, а ў ствале было багата прабоінаў ад снарадаў і асколкаў. Ад нямецкай перадавой нейтралка была замініравана дзвюмя радамі супрацьтанкавых мін з расцяжкамі.

Вярнуліся мы ў вёску 4 снежня 1943 года, гэта добра запомнілася, бо было царкоўнае свята, Увядзенне ў храм. Страшэнная пустота сустрэла нас: ўсе хаты згарэлі, дрэвы каля хат і ўздоўж вуліцы былі наскрозь прабіты снарадамі… Уся вуліца была перакопана хадамі сувязі, якія цягнуліся ад нямецкай перадавой да зямлянак і бліндажоў, выкапаных уздоўж берагу нашай велімоўскай рачулкі Бабовіны. Насупраць нашага двара таксама была такая зямлянка ў два накаты з печкай і акном ў бок Бабовіны. У гэтай зямлянцы наша сям’я і перазімавала. З намі зімавалі Мікалай Раманаў і яго дачка Таня. Гэта яго жонка Ганна прыюціла нас на дзве зімы, калі нас раскулачылі, а Мікалай у той час дзесьці працаваў па вярбоўцы. Ганну немцы спалілі зажыва ў ліпені 1943 г., калі вёску акружылі карнікі. Яна трапіла ў спіс партызанскіх сем’яў, бо сын яе Мікалай быў сувязным партызанскага атраду.

У садах, на гародах ляжала шмат трупаў нашых байцоў, пэўна, загінуўшых ў дні першых баёў, калі вёска пераходзіла з рук у рукі. Нямецкіх трупаў не было. Толькі ў нейтралцы, каля грэблі праз Елле ў канаве ляжала шэсць целаў ворагаў. Немцы не здолелі іх адтуль выцягнуць, бо гэтая грэбля добра абстрэльвалася з нашай абароны. Усіх загінуўшых у вёсцы мы пахавалі там, дзе яны ляжалі. Іх астанкі перапахавалі ў 1958 г. у братэрскую магілу ў Камарыне. На велімоўскіх палях, дзе ішлі баі да пераходу нашых войскаў да абароны, з 27 верасня па 10 кастрычніка 1943 г. таксама было шмат загінуўшых. А ў дні абароны на нейтралцы ляжала шмат загінуўшых, яшчэ не абмундзіраваных, у сваім адзенні. Гэта былі тыя, каго падбіралі палявыя ваенкаматы з Чарнігаўшчыны. Пэўна, іх залічвалі ў штрафныя роты і гналі на калючы дрот на прарыў нямецкай абароны. У адным месцы ва ўрочышчы Бужы каля самых казлоў з калючага дроту ляжала 12 трупаў. Ці вінаватыя гэтыя людзі, што ім прыпала жыць да прыходу нашай арміі на акупаванай фашыстамі тэрыторыі?.. Ніхто людзей не шкадаваў. На нашых палях, каля Велімова, загінула 468 чалавек. Большасць загінуўшых не былі пахаваныя пасля адступлення немцаў 22 лістапада, так і ляжалі ўсю зіму 1944 г. Толькі вясной мы, мясцовыя жыхары, хадзілі па палях і хавалі загінуўшых. Некаторыя трупы былі аб’едзены лісамі і брадзячымі сабакамі. Некаторых у хмызняках мы не знайшлі, так яны за лета і пазарасталі травой. Толькі пасля, выпадкова, знаходзілі такіх загінуўшых і прысыпалі зямлёй. А на палях, дзе зарывалі неглыбока, ужо ў 60-х і нават ў 70-х гадах знаходзілі чалавечыя косці.

У 1965 г., да 20-годдзя Перамогі, прыехаў у вёску з Крыма Струцінскі Дзмітрый. Ён даведаўся з ліста сябра яго бацькі, што бацька яго загінуў у Велімове і сябар пахаваў яго ў садзе пад грушай, а ў магілу паклаў некалькі снапоў грэчкі. Гэты чалавек жыў у маёй хаце тры дні. Я дапамагаў яму шукаць гэтае месца. Нам паказала яго Насця Сярдзючка, бо ведала, што ў 1958 г. з гэтага месца забіралі астанкі забітага ў братэрскую магілу ў Камарын. Калі мы пачалі раскапваць, знайшлі там некалькі костак фалангаў пальцаў нагі і незгніўшую лусну ад грэчкі. Была там і алюмініевая лыжка з ініцыяламі бацькі гэтага чалавека. Усе знаходкі Струцінскі завязаў у платок і набраў зямлі з грэчневай лусной, звёз дадому і пахаваў на радзіме.

Вярнуліся мы з бежанцаў 4 снежня, хаця немцы адступілі з нашай мясцовасці 22 лістапада 1943 г. Спачатку пайшла ў вёску мая сястра Надзя з Таняй Раманавай і заняла каля нашага двара нямецкую зямлянку, а мы з маці прыйшлі пазней з Лукаед. Звязалі свае пажыткі ў вузлы, замацавалі іх на спіне кароўкі і да вечара прыйшлі ў сваю спаленую вёску. Калі пераходзілі нейтралку нашай і нямецкай абароны, то бачылі па дарозе вешкі, якія паказвалі, дзе замініравана і куды нельга ступаць.

Пачалі мы з маці шукаць сваё закопанае збожжа. Яно было некранутае. А вось на бочку з адзеннем якраз трапіла траншэя. Клёпкі з аднаго боку павыбівалі прыкладамі, адзенне і мае кніжкі павыкідалі, засыпалі зямлёй, і яны пагнілі. Асабліва я шкадаваў кніжку Брэма “Жыццё жывёлаў”… А ў гэтую бочку паклалі дзесятка са два гранат з доўгімі драўлянымі ручкамі. На канцы ручкі быў каўпачок, падобны на той, які ў ручным ліхтарыку. Адвінціш каўпачок, а там на белым шнурку костачка, падобная на тыя, што ў бухгалтэрскіх лічыльніках. Я ўсе гэтыя гранаты паўзрываў: адкруціш каўпачок, возьмеш ручку гранаты ў правую руку, а пальцамі левай рукі дзерганеш за костачку шнур і кінеш за брусвер траншэі. Там яны ўсе і паўзрываліся, як порхаўкі. Мы гэтыя гранаты і называлі порхаўкамі. Не ведаю, якую яны маюць убойную моц, але іх не параўнаць з нашымі Ф-1 і РГ.

Наша торба з салам вісела на грушы, як і раней, і яе было відаць здалёк. Я ўжо хацеў бегчы яе здымаць, але сястра пачала крычаць, што там міны. Але на другі дзень я не вытрываў. Па траншэі, якая ішла ад нашай зямлянкі, дайшоў да траншэі перадавой лініі. Гэтая траншэя зігзагамі цягнулася па гародах уздоўж вуліцы да самых могілак і далей да чыгункі. Груша была ў метрах 30 ад гэтай траншэі. Пачаў уважліва ўглядацца. Снегу яшчэ не было, толькі марозчыкі пачаліся і трава пабурэла. І вось так крок за крокам набліжаўся да грушы. Калі засталося метраў 10, я заўважыў у траве калочак з аловак. Прыгледзеўся і ўбачыў, што ад яго цягнецца тоненькі дрот і канчаецца каля бугарка з пажоўклай травой. Я здагадаўся, што ён вядзе да міны, і што калі яго зачапіць, то міна выбухне. Уздоўж траншэі было пакідана шмат чорных і чырвоных правадоў ад палявых тэлефонаў. Я ўзяў кавалак такога провада, адмераў так, каб хапіла да траншэі, адзін канец паклаў у траншэю, другім закруціў за расцяжку. Дрот у кабелі быў са сталі, і яго было цяжка закручваць на расцяжцы. Я вельмі баяўся парваць гэты дрот. Тады я зняў шнурок са свайго бота, завязаў моцным вузлом за кабель, а другім канцом шнурка завязаў за расцяжку. Асцярожна ступаючы, зноў вярнуўся ў траншэю. У ёй быў вялікі брусвер, і я хаваўся ў ёй з галавой. Узяў кабель у руку, тузануў, і міна выбухнула. Камякі зямлі сыпаліся навокал. Я з вялікай радасці закрычаў “Ура!!!” А каля нашай зямлянкі пачуўся крык і лямант. Я стаў крычаць, махаць рукамі. Да траншэі ўжо беглі маці, Надзя і Таня. Дабеглі да мяне, упэўніліся, што я жывы-здаровы. З жахам глядзелі на варонку, якую зрабіў выбух. Я палез на грушу з паломленымі галінамі. Уся торба была прастрэляная кулямі, але сала ў ёй трымалася. Я разматаў повад і дрот, якім торба была прывязана за галіну грушы. Павольна стаў апускаць, і каля зямлі яе падхапіла маці. Прынеслі торбу ў зямлянку, выклалі сала. Краі яго ўжо троху пажоўклі, але калі маці іх абрэзала, забялела як свежае. Гэтым салам мы ўсю зіму запраўлялі бульбу, і яно ратавала нас ад нішчымніцы. У тыя ж дні да самага снегу я размініраваў свой гарод. Уздоўж пярэдняга краю немцы замініравалі супрацьтанкавымі мінамі з расцяжкамі і яны такім чынам рабіліся і пяхотнымі. Супрацьтанкавыя міны былі падобныя на вялікую патэльню. Зверху ўзрывацель націскнога дзеяння. Ён дзейнічаў, калі на яго націскалі вагай не менш чым 100 кг. А з боку міны быў увінчаны ўзрывацель цёрачнага дзеяння. За колца гэтага ўзрывацеля чапляецца расцяжка і другім канцом замацоўваецца на калочак. Гэта ўжо супрацьпяхотны ўзрывацель. Калі салдат бяжыць, ён чапляе ботам расцяжку, і міна выбухае. А ёсць яшчэ донны ўзрывацель. Гэта міна-сюрпрыз для мінёраў, якія рукамі выкопваюць міны з ямачак.

Як я ўжо казаў, вясной 1944 г. я размініраваў увесь свой гарод. Але ўжо не замацоўваў кабель за расцяжку і не дзёргаў з траншэі, а кусачкамі перакусваў расцяжку, адвінчваў бакавы ўзрывацель і выцягваў міну за спецыяльную скабу. На маё шчасце, ні ў адной міне не было донных узрывацеляў, а то разарвала бы мяне на дробныя шматкі. Такім спосабам выцягнуў па шырыне свайго гарода ажно 10 гэтых металічных талерак. Склаў іх у тую варонку, што засталася ад той міны, якую я ўзарваў яшчэ восенню 1943 г. Верхнія ўзрывацелі не чапаў, каб была лепшая дэтанацыя. Да аднаго бакавога ўзрывацеля замацаваў кабель, канец якога спачатку зацягнуў у траншэю. Адтуль гэты кабель і тузануў. Грохнуў такі выбух, як ад паўтоннай бомбы, а слуп агню падняўся метраў на 50 уверх. Каля хвіліны камякі зямлі сыпаліся зверху. Атрымалася вялізная варонка, якую мы былі вымушаны закопваць усёй сям’ёй. І зноў пасля выбуху крычала маці з сястрой, што мяне ўжо няма. Але калі перасталі падаць камякі зямлі, я выскачыў з траншэі і пачаў крычаць “Ура!!!” Плач і лямант сціхлі. Прыбег да нашай зямлянкі (ужо нашай, бо перазімавалі ў ёй) і ўбачыў, што ўсе шыбы павыбівала. Але супраць лета гэта ўжо была не бяда. Я пазней дзесьці знайшоў у нямецкіх бліндажах шкло і дзядзька Мікалай зрабіў нам вокны.

Хутка нас, падлеткаў 1927 г. нараджэння, забралі на курсы мінёраў у вёску Сувіды. Там мы каля двух тыдняў вывучалі розныя віды мінаў, і нашыя, і нямецкія, і як іх абяшкоджваць. Вёў гэтыя заняткі капітан Перацяцкін. У гэты час у Велімаве падарваліся на мінах мой дзіцячы сябар Бандарэнка Толік і жонка Мікалая Багаценкава Фекла. Толік падарваўся ў сваім садзе, не заўважыўшы расцяжкі з другога рада. Яго падкінула ўверх на метра тры, а сябра Волкава Мішу параніла асколкам у шыю. Фекла падарвалася, калі выцягвала раненых байцоў, якія вясной выпадкова трапілі на наша міннае поле. Яна была паранена і без лекаў памерла ад раны. Вярнуўшыся з фронту, падарваўся ў той час і дзядзька Пшэнька Федарэц. Ён араў гарод, і яго разарвала, а вала толькі параніла, і яго зарэзалі.

Зіму, вясну і лета 1944 г. мы ўжо жылі свабоднымі ад нямецкіх захопнікаў, а ўся Беларусь была яшчэ акупаваная. У сакавіку 1944 г. яшчэ пакутавалі і гінулі людзі ў Азарычскім лагеры. Вялікая цана была заплачана за наша вызваленне…

Сакавік 2005 г.



г. Гродна





Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал