Душа
Мяне выхоўвалі,
Мяне захоўвалі,
Я то з’яўляўся,
То знікаў,
Мяне вадзілі
I ахоўвалі,
Хоць я нікуды
Не ўцякаў.
I пад замкамі,
I пад пломбамі,
Нібы каштоўнасць,
Бераглі
I неба клеткамі
I ромбамі
Разлінавалі,
Як маглі.
Мяне узважвалі і мералі,
Здымалі
Ў профіль і анфас,
Але ні разу
Не праверылі
Душы няўнасць
I запас.
Шкада,
Што не здымаюць копію
З яе юрысты
I ўрачы,
I ні адна дактыласкопія
Не можа тут дапамагчы.
Мая душа
Супраціўлялася,
Бо верыла і тым жыла,
І не чарсцвела
Не ламалася —
Была такою, як была.
Хоць дзіўна,
Ў чым яна трымалася,
А паспрабуй
Яе сагні!
Яна ж з маленства
Гартавалася
На чыстым,
Праведным агні.
1964
Плынь
Вецер насустрач, насустрач імклівая плынь.
Хлопец у чоўне, смуглявы і рослы,
Прагна глядзіць і плыве ўдалячынь —
Толькі рыпяць і згінаюцца вёслы.
Сонца насустрач і сіні прастор,
Неба і хмары — ў вясёлкавай браме.
Вёслы, як дужыя крылы, прасцёр —
Хлопец спяшаецца ўслед за сябрамі.
У далячынь, што расчынена насцеж,
Голасам сэрца і буйнай крыві
Кліча цябе неспакойнае шчасце,
Толькі хутчэй да яго даплыві.
Шчасце у кожнай тваёй перамозе,
Шчасце — адолець і вецер і град,
Шчасце — нідзе не спыняцца ў дарозе,
Спынішся — плынню адгоніць назад.
1956
Словы
Над намі словы уладараць.
Мы чуем і гаворым іх.
Яны то здружаць, то пасвараць
Сяброў і ворагаў маіх.
Бо словы розныя бываюць.
Адны — агню стрымаюць шквал,
Другія словы забіваюць
Усё жывое напавал.
Ад слова сэрца халадзее,
Праходзяць сон і забыццё,
Ад слова рушацца надзеі,
Ад слова свеціцца жыццё.
Ад слова вырастаюць крылы,
А ў сэрца стукае любоў,
Ад слова прыбываюць сілы,
Дык не шкадуйце шчырых слоў!
А здатным толькі на дакоры
I гучна словамі грымець,
Каб не прыносіць людзям гора,
Было б найлепей анямець.
1962
Выратаванне
Н. Гілевічу
Сваю тугу
Сагні ў дугу,
А калі не —
Яна сагне
I выб’е з рук
Апошні круг —
Тваё выратаванне
Ў бязмежным акіяне.
I не кажы,
Што ўсё адно
Плысці ці рынуцца на дно.
Выратавальны круг
Лаві
I сам плыві,
Плыві, плыві.
Хоць берага і не відно
I не дастаць нікому дно,
А ты плыві з апошніх сіл,
I рукі, быццам пара крыл,
Аб хвалі б’юцца да зары,
Бо ёсць надзейныя сябры
На светлым беразе крутым
I ты заўжды патрэбен ім.
Калі ж ты галавой панік,
Яна, як цяжкі каласнік,
Цябе пацягне ў чорны вір,
На рыфы вострыя, у жвір.
Адчай з тугою у душы
Ты без ваганняў заглушы
I выйграеш няроўны бой
I перш за ўсё
З самім сабой.
Нальецца сілаю рука,
Калі агеньчык маяка
Засвеціцца,
I даплывеш
Да берага,
Дзе ты жывеш.
1971
Шыпшына
Праціналі яе навылёт халады,
Ледзяныя снягі замяталі на кручы,
То цяпла не ставала, то чыстай вады,
I з гадамі рабіўся шыпшыннік калючы.
Не хапала заўсёды чагосьці ў жыцці,
Толькі вечна жыла неадольная прага
Хоць у познюю восень яшчэ расцвісці
На крутым узбярэжжы крывінкамі ягад...
Калі сцюжа астудзіць жывую душу,
Можа, каліва я па сабе не пакіну,
I пакуль не замоўк, аднаго папрашу:
На грудку ў галавах пасадзіце шыпшыну.
1965
* * *
Зямля, я з табою ў сусвеце імчуся
Праз лета і восень у замець зімы,
Гляджу, як вяртаюцца з выраю гусі,
I толькі назад не вяртаемся мы.
Нам часу бракуе спыняцца ў дарозе,
Калі над Зямлёй — апраметнае цень.
Мы ў клопатах вечных, у вечнай трывозе
Пра светлае ранне і заўтрашні дзень.
Зямля, я з табою ў сусвеце імчуся,
Калі ж мяне спішуць з майго карабля,
З табою ніколі я не разлучуся:
Ты прымеш мяне назаўсёды, зямля.
1980
Спадчына
Памяці паэта-маладнякоўца
Янкі Бобрыка1
Забіла сыпкімі снягамі
Сцяжынкі ўсе і бальшакі,
Вятры сухімі трыснягамі
Шумяць, шумяць каля ракі.
У полі ветрана і гола,
Звіняць ільдзінкі на страсе,
А я чакаю балагола,
Што госця з Менска прывязе.
Пад вечар зарыпелі санкі,
Прысталі коні ля двара,
I вось ужо ў абдымках Янкі
Смяюцца маці і сястра.
I да мае шчакі прыпала
Яго калючая шчака.
Прывёз ён «Спадчыну» Купалы
I кніжачкі «Маладняка».
А ноччу доўгай і завейнай
Госць, не прыткнуўшы галавы,
Пры бляску лямпы трохлінейнай
Чытае байкі Крапівы.
I хата поўная рагоча
Ад «Бібліі» і ад «Асця»,
Бо ўсе суседзі да паўночы —
У Янкі Бобрыка ў гасцях.
А як разыдуцца, я зноўку,
Хоць класціся даўно пара,
Дапытваюся пра Дубоўку,
Пра Пушчу і пра Дудара.
Хацелася пра ўсё дазнацца
I ўласную адкрыць душу,
Але ніяк не мог прызнацца,
Што сам употайкі пішу.
Яму, празрыстаму ў блакадзе,
Прыходзіў родны дом у сны...
Застаўся ён у Ленінградзе,
Навек, без блізкіх, без труны.
I зразумеў я ў час вячэрні,
Што ён, бядзе сваёй назло,
Мне перадаў жывое зерне,
Каб хоць сцяблінкай прарасло.
1980
I першы, i апошні...
Надыдзе чорная, як сажа,
Ноч непазбежная мая,
I «Добры дзень» ніхто не скажа,
А скажа, — не пачую я.
I на званкі па тэлефоне
Нікому ўжо не адкажу,
Як нетутэйшы, як старонні,
Пераступлю цераз мяжу
I не паспею апраўдацца,
Пакаяцца ў сваіх грахах,
Шапну «даруй», а можа здацца,
Што адымае мову страх.
Не, ўсе трывогі адбалелі
За столькі летаў, столькі зім,
Што стала ад завеяў бела
I ў сэрцы холадна маім.
Жыццё прабегла нечакана,
У вечнасць канулі гады,
I шэрым інеем заткана
Мая заранка назаўжды.
Я колісь да яе цягнуўся,
Пакуль не змогся, не прыстаў,
Ламаўся часам, ды не гнуўся,
Хоць зорку так і не дастаў.
Сябры, даруйце. Недарэчы
Патурбаваць прыйдзецца вас,
Каб паднялі мяне на плечы
I першы, і апошні раз.
1980
Разуменне
Я ўпаду адразу, як ад кулі,
На паўкроку абарвецца след,
Моцна сцісну вусны, каб не чулі,
Як шкада пакінуць гэты свет.
Свет маіх пакут і спадзяванняў,
Радасцяў, якіх не прычакаў,
Свет ружовых і туманных ранняў,
Што і я калісьці сустракаў.
Упаду адразу, як ад кулі.
Вось і след снягамі замяло,
Год міне, а пра мяне не чулі,
Быццам і на свеце не было.
[1980—1981]
Слова
Я пакараны адзінотай
На схіле доўгага жыцця,
I плачу, і бядую ўпотай,
I цешуся да забыцця
Туманным золкам вераснёвым
I пералётам журавоў,
У сэрцы зберажоным словам,
Даўно пазбаўленым правоў,
Адроджаным і незабытым,
Закрэсленым і зноў жывым,
Прастрэленым, ды не забітым,
Адзіным родзічам маім.
Навекі слова застанецца,
Як жаўранак у сіняве,
I ў свеце рэхам азавецца,
Што Беларусь яшчэ жыве.
[1989—1990]
Мак
З усіх гарадоў зніклі макі.
А як цвілі! А як цвілі,
Нібыта сонечныя знакі
На шчодрай дзедаўскай зямлі.
Галоўкі сохлі ў кожнай хаце
Ад восені і да вясны,
Каб ноччу сніліся дзіцяці
Ружовыя святыя сны.
Напэўна, Богам пакараны
Знайшоў пякельны хмель дзівак,
I стаў пракляццем катаваны
Ружовы і чырвоны мак.
Сталочаны, стаптаны, змяты,
Пакінуты на звод і здзек,
Бо мак, ні ў чым не вінаваты,
Зрабіў злачынцам чалавек.
8 жніўня 1991 г.
Адзін радок лемантара
Расшыфраваць прыйшла пара
Адзін радок лемантара.
«Мы — не рабы. Рабы — не мы».
А я, нібыта вол рабы,
Агаладалы і нямы,
З маленства трапіў у абоз
I ад зімы і да зімы
Цягну чужы вялізны воз
Уранні, ўдзень і ўночы,
Бо пад’ярэмны вол рабочы.
Пот залівае твар і вочы,
Крумкач пагібель напрарочыў,
Бо помніць абавязак свой —
Кружыць над кожнай галавой.
Я воз цягну з апошняй сілы
Ад нараджэння да магілы
I плачу, хоць не маю слёз,
Бо выпаў самы горкі лёс —
Не ведаць радасці ніколі,
Радзіцца у здзічэлым полі,
Дзе людзі радыя скарынцы,
Бо правяць каты і злачынцы
I лічаць воляю няволю,
Дзе сочаць хіжыя сычы
I свішчуць хлёсткія бічы.
Як ні стагні, як ні крычы,
Ніхто не хоча памагчы.
Таму не плачу, а крычу я,
Бо ведаю, — ніхто не чуе.
«Мы — не рабы. Рабы — не мы».
Мы — вязні даўняе турмы.
Дай Бог, каб сынавы сыны
Забыліся пра кайданы,
Не стукаліся ў сцены лбамі
I не былі, як мы, рабамі.
[1993—1994]
* * *
Пакойчык у фіранках і вазонах
Нарэшце я прыдбаў і палюбіў,
Але юнацтва на харчах казённых
Не выкрасліў з душы і не забыў.
Я не забыў пад’ёмы па загаду,
Завеі і гарачы пыл дарог.
Відаць, таму звычайную спагаду
Да кожнага, каму цяжэй, збярог.
I ўсё ж, відаць, не дарам сілы трачу,
Калі слабейшым памагчы хачу.
А не змагу — з чужога гора плачу
I толькі пра сваю бяду маўчу.
[1993—1994]
* * *
Не абміні чужой бяды,
Сабой не надта ганарыся,
Няхай спяшаюцца гады,
А ты вазьмі і прыпыніся:
Слабому працягні руку,
Сляпому пакажы дарогу,
Падай акраец жабраку,
Суцеш малога і старога,
Тады і познюю зіму
Усмешкай стрэнеш маладою
I не прыйдзецца аднаму
Застацца са сваёй бядою.
[1993—1994]
Пачакай
Пачакай, маё сэрца, спыняцца.
Я ў дарогу яшчэ не гатоў:
Толькі часам трывожаць і сняцца
Мне завеі наступных гадоў.
Пачакай, маё сэрца, не трэба
Караціць укарочаны шлях.
Прыйдзе час, — перавернецца неба,
Згасне сонца ў асенніх палях,
Змрок на ўсё непражытае ляжа,
Змоўкнуць гром, галашэнне і спеў,
I ніхто за мяне не раскажа,
Чаго я расказаць не паспеў.
Пачакай, каб знянацку не ўпасці,
Пачакай, каб душу наталіць,
Каб убачыць сапраўднае шчасце
I з другімі яго падзяліць.
[1993—1994]
Самасуд
Калі б я ўсё прайшоў спачатку
I разабраўся сам з сабой,
Я кінуў бы сабе пальчатку,
Як выклік на апошні бой.
Адпомсціў бы за ўсе пралікі,
За ўсе памылкі і грахі,
Кароткім здаўся б дзень вялікі,
I вузкай сцежкаю — шляхі.
Стамлёная душа знямее
I ёй не ўдасца дагадзіць,
Бо хто судзіць сябе не ўмее,
Не можа іншага судзіць.
27 лістапада 1996 г.
Асабістае
Чаго я толькі не пабачыў,
Чаго, чаго не перажыў:
Часамі нават нешта значыў,
То злыдню нейкаму служыў.
Уставаў і клаўся па загаду,
На сцюжы лютаўскай пацеў,
I толькі быў таму і рады,
Што думаў так, як сам хацеў.
Я добра ведаў — жах не вечны,
Бяда не даканае нас,
Што ўсё ж надыдзе чалавечны,
Сумленнем блаславёны час.
Чакаў яго дзесяцігоддзі,
Хоць і не верыў у падман,
Жыла надзея у народзе,
А ён знікаў, нібы туман...
То траціў, то знаходзіў выйсце,
Прывычны да пакут і страт,
Ды горка, што, як і калісьці,
Часамі топча брата брат.
1997
Непазбежнасць
Ніколі не верыў увішным цыганкам,
Што шчасце прарочылі ў доўгім жыцці,
Бо кланяўся нейчым прыступкам і ганкам
I ведаў — назад мне да іх не дайсці.
Што больш не вярнуся на даўнія сцежкі
Ні спорнаю і ні маруднай хадой
Туды, дзе калісьці гулялі у снежкі,
Пад вокнамі пелі з каляднай звяздой,
Дзе зычылі шчасце іскрыстыя вочы,
Дзе зырка шугалі Купалля лаўжы...
За воблікам воблік знікае дзявочы,
I бачацца толькі крыжы і крыжы.
Як дым разышліся мае аднагодкі,
Я зноў адзінокі ў апошняй чарзе,
Мой дзень дагарае, а вечар кароткі
З іскрынкаю ў светлай салёнай слязе.
Чакайце, хвіліны, і так не бяжыце:
Я рукі яшчэ на грудзях не злажыў.
Ад страты да страты два матчыных жыцці
Па свеце бадзяўся — то жыў, то не жыў.
Нічога ні ў кога я не патрабую,
Бо ведаю, час да прычала прыстаць.
Шкада толькі — некага ўсё ж патурбую,
Каб жменькай забытага попелу стаць.
26 снежня 1997 г.
ЗДЗІЎЛЕННЕ
Як хочацца забыцца пра турботы,
Пра дробныя складанасці жыцця,
Адкласці неадкладныя работы
І ўбачыць свет наіўна, як дзіця,
Пачуць у росных вербах на світанні,
Пад плёскат затуманенай ракі,
Калі цяцёрак клічуць на спатканне
З вясны аглухлыя цецярукі,
Лавіць губамі горкі і салодкі
Пылок сунічніку, мядункаў, багуну,
І як гарлачык на зялёным сподку
Празрыстыя пялёсткі разгарнуў,
Глядзець і захапляцца ад здзіўлення,
Жывую моўчкі слухаць цішыню,
І сам сабе паверыць на імгненне,
Што бачу гэты свет упершыню.
Глядзець на ўсё наіўнымі вачыма,
Як у далёкі незабыўны год,
Але ніяк пазбыцца немагчыма
Будзённых клопатаў, трывогі і турбот.
Верасень 1998
НА САМОЦЕ
Я ў пакоі адзін. Ледзьве шыба дрыжыць,
За акном толькі бліскаюць фары.
Хоць пражыта нямала, а хочацца жыць,
Каб не згаслі надзеі і мары,
Каб нарэшце самога сябе зразумець,
Каб душы разгадаць таямніцы,
Каб, выносячы вырак, спагады не мець,
Не баяцца крыжа і вязніцы.
Горш няма, калі сам пашкадуеш сябе,
Калі вінны ці не вінаваты,
На калені не падай ніколі ў журбе,
Не прасі у шчаслівых спагады.
Я гляджу, як на здань, у замглёным акне:
Я? Не я? Незнаёмае бачу аблічча,
І вярзецца, што прывід рукою кране
І услед за сабою пакліча,
Аблыселы, сагнуты, змарнелы, сівы.
Я? Не я? — прачынаецца памяць:
Я — той самы, дагэтуль жывы,
Каб сумленне нічым не запляміць.
Я ў пакоі адзін, а здаецца — удвох,
Помню радасці ўсе і нягоды.
Я — сабе не суддзя. Вырак ванесе Бог,
Канчатковы, адзін, назаўсёды.
1998
ДВАІСТАСЦЬ
Рыфмую часам для сябе
З уласнай біяграфіі цытаты,
А люты боль душу дзяўбе
У змрочны дзень і ў дзень стракаты.
Пра што я сніў, пра што не сніў,
Пра што я мару і не мару,
Анёл, здаецца, пазваніў
І голас мне падаў з-за хмары.
Дапытваўся, як мы жывем,
Ці я шчаслівы і багаты,
Я ж застаюся глух і нем,
Маўчу, нібы Хрыстос распяты.
Ну, што яму я адкажу
Не па закрэмзанай паперцы,
Што горкі лёс праклаў мяжу,
Цераз маё і нашы сэрцы.
Усё змяшалася ў жыцці —
Салодкі хмель і горкі солад.
Ніхто не ведае, куды ісці,
Каб наталіць духоўны голад.
Дваістасць у трывогі на мяжы.
Ўзіраюцца у вочы вочы:
То блізкі я, то сам сабе чужы.
Што ж мне сказаць анёлу апаўночы?
Мая неўтаймаваная душа
То ў вышыні, а то ў падзенні,
Чаргуюцца з праклёнамі імша,
Як з новым старасвецкае адзенне.
Ўсё разгадаць спрабую да відна
У часе красавання і нягоды,
Каб сутнасць у мяне была адна
Сумленная і ясная заўсёды.
УТОПІЯ
Утопія не ўтопіцца,
Як цар за розум хопіцца.
Мудры цар не баіцца нічога:
Не пільнуюць яго, ні двара,
Бо і Бог, і прыслужнікі Бога
Берагуць і шануюць цара.
Ён дарэмна не стукае ў грудзі,
Не клянецца аддана служыць,
Бо сумленныя ведаюць людзі,
Як з ім лёгка і радасна жыць.
Цар засвоіў прарочыя словы,
Наймудрэйшыя з безлічы слоў,
Што няма трывалейшай аховы,
Чымся Згода, Давер і Любоў.
1997
КРУГАЗВАРОТ
Ад першай да апошняй зоркі
Дзень прамільгнуў і пакаціўся ў змрок.
Сунічны водар з малачаем горкім
Змяшаліся ў адно знарок.
Спакойнае азоранае неба,
Такое, як вякі назад,
А на Зямлі па волі Феба
Становіцца бязладдзем лад.
Прарокі кажуць, што знікаюць душы,
На адзіноце, перамогшы страх,
Дзе б лёс ні стрэў — на моры ці на сушы,
Узыйдуць і яны на Млечны шлях.
Прыходзіць і адходзіць род за родам —
Прарокі, геніі, вар’яты, дзівакі.
І так Зямля сваім кругазваротам
Адлічвае хвіліны і вякі.
На адзіноце пад бяздонным небам
Малюся або каюся ў цішы,
Каб стаць не зоркай — хоць скарынкай хлеба
Для адзінокай праведнай душы.
1999
ТРЫ ЦЕНІ
За мной ідуць мае тры цені:
Мінулае, Сучаснасць, Летуценні.
Пад ліхтаром на іх — відаць гарбы,
Якіх не разгадаць без варажбы.
Ліхтар гайдаецца — знікае першы цень,
Другі тырчыць, нібы зімовы пень,
Высока ў замець спілаваны,
Ці як даўно загоеныя раны.
Ніяк не вяжуцца канцы
Сівое старасці і маладосці,
Калі ў траве даспелыя званцы
З каханаю нас клікалі у госці.
Усё за ранняю паводкаю сплыло,
І ўжо не вернецца — было ці не было.
Трывожыць часам здань забытых сноў
І хісткасць нетрывалая асноў.
Хіснуўся ліхтара слабы прамень:
За першым ценем знік наступны цень.
Не можа знікнуць толькі утрапенне
Ад змрочных думак і няшчырых слоў.
Апошні цень — пустое летуценне
І страх, каб першы не вярнуўся зноў.
1997
ДВАЙНІК
Ноч і дождж. За сцяной — ні душы,
Толькі вецер шуміць ледзьве чутна.
Нехта ў поцемку шэпча : “Агонь патушы,
Бо ўставаць на світанні пакутна”.
Мне пакуты знаёмыя змалку ўсе
І да самай апошняй хвіліны…
Саслабеламу, можа, вады прынясе
Здань калісці знаёмай дзяўчыны.
Цішыня. Я ў пакоі, відаць, не адзін:
Нехта цяжка ўздыхне, то знікае.
Празваніла на вежы дванаццаць гадзін,
А трывожна, што поўнач такая,
Каб маю адзіноту парушыла здань,
Недзе тут, недзе побач са мною.
Можа, ўласны двайнік паспяшаўся зарань,
Каб з маёй расквітацца віною.
Ўспамінаю, а ўспомніць ніяк не магу
Ўсе памылкі у будні і ў святы,
Што заблытаўся, сам у сябе у даўгу,
Я адзін, толькі я вінаваты.
Прызнаюся, працягваю моўчкі руку,
Трачу слых, трачу зрок і тупею,
Абяцаю сабе і свайму двайніку,
Што пакаяцца, можа, паспею.
Цераз сілу ўзнімуся, усё замалю,
І пакуты, і куцае шчасце.
Павагаюся. Келіх апошні налью:
Гэта - споведзь мая і прычасце.
1997г
БОГ НА ЗЯМЛІ
(Фантазія)
“Бог жыве на Беларусі”, — некалі сказаў
Уладзімір Караткевіч
Ідуць дажджы, — няйнакш, анёлы плачуць
А іх ніхто суняць не дапамог,
Бо без зарплаты трэці год жабрачыць
У пераходзе непазнаны Бог.
Залева затапіла паў-Еўропы
І набірае сілу і разбег,
Хоць і не планаваліся патопы,
І нельга дапытацца: “Дзе каўчэг?”
Ніхто ні Ноя, ні каўчэг не бачыў,
Звычайнай шлюпкі нават не відно:
Усё “выратавальнік” пралайдачыў,
Пабоўтаўся і сам пайшоў на дно.
А Бог нікому не прамовіў гуку,
Хоць моляцца яму гаспадары,
Што колісь Яраслаўскага навуку
Засвоілі яшчэ па буквары.
Цяпер, як паслухмяныя авечкі,
У цэрквы жонак з дзецьмі павялі,
Мармычуць “Верую” і паляць свечкі,
А Бога не пазнаюць на Зямлі.
Ён пазірае на дзяцей Адама:
О, колькі ж ён бязглуздых напладзіў:
І гэта — не камедыя, а драма
Трымаць нахлебнікаў вясёлы калектыў,
Аматараў і віскі і мадэры,
Што хвошчуць на прыёмах каньякі.
Адны без мазаля — міліярдэры,
Другія з мазалямі — жабракі.
Бог зразумеў усё, што мог пабачыць,
Куды былую паству завялі.
Паспрабаваў з усімі пажабрачыць
І следу не пакінуць на зямлі.
1997
ПРЫСЯГА
“Кажуць у адным горадзе быў суддзя, які
Бога не баяўся і людзей не саромеўся
(“Новы запавед”, Ад Лукі, разд 19, в 2)
На “Бібліі” пакляўся лжэпрарок:
Служыць па ўсіх законах Богу,
Але, ступіўшы першы крок,
Ён завярнуў на іншую дарогу.
На “Біблію” і Бога напляваў,
Бо не такі прастак, як продкі,
Балюе ён, як баляваў
І слухае даносчыкавы плёткі.
Ён не хлусіць даваў зарок,
А хлусіць сам і верыць хлусам.
Ці не таму ілжэпрарок
Трымае “Біблію”, а паству — пад прымусам?
Яму трызняцца ворагі наўкол,
Сам ад сябе туляецца па норах,
Заўжды сухім трымае порах,
А некалі ж і ён пакоціцца на дол,
Бо сам сабе і пастве — вораг.
1997г.
ВЕТРАНА
Ветрана ў полі,
Ветрана ў долі,
Свішчуць ліхія вятры.
Лепшае, мабыць,
Ніколі, ніколі
Не дачакацца пары.
У будні і ў святы
Ў полі араты
Ледзьве ступае, як цень,
І пазірае, быццам праз краты,
На золкі і ветраны дзень.
Ветрана ў полі,
І, як ніколі,
Хмарна, дажджыць
І дажджыць,
Марыць пакутнік —
Да лепшае долі,
Хоць перад сконам
Дажыць.
1997
АСТЫЛЫ ПРЫСАК
За рыскаю сціраю рыску —
Дарэмна страчаныя дні,
Астылыя іскрынкі прыску
Ляцяць на скроні з вышыні,
У шыбы звоняць, хвошчуць твары,
Ледзь на рабінніку ліпяць,
На ўледзянелым тратуары
Крышталем трушчаным рыпяць.
Мароз хапае за калені,
Усыпаў срэбрам валасы,
А маладое пакаленне
Ў панчошках імпартнай красы
Бяжыць з сустрэчы на сустрэчу,
Сціраючы расінкі слёз.
І срэбрам каўняры і плечы
Аздобіў снежаньскі мароз.
Ён стаў таемным ювелірам, —
Сплятае тонкія лісты
На шыбах, а над цёмным вірам
Празрыстыя кладзе масты,
Начамі голасам басовым
Спакойныя трывожыць сны,
На золку сціхне. Ён часовы —
Да промняў ранняе вясны…
За рыскаю падводжу рыску,
Лічу пражытыя гады,
Бо ў колішнім начлежным прыску
Іскрынкі згаслі назаўжды,
Астылыя ляцяць, віюцца
І замятаюць даўні след.
А назаўсёды застаюцца
ЛЮБОЎ, СУМЛЕННЕ І СУСВЕТ.
1996
ВЕЧНЫЯ КРУГІ
І сонца — круг, і круглая Зямля,
І галава ідзе кругамі,
І круглая пячатка мазаля,
З крывавымі тугімі берагамі.
Праменьчык зрэнку бачыць навылёт, —
Усё, ад ласкі і да злосці —
Анёла след і каршуна палёт,
І прагнага няпрошанага госця.
Ён за кругамі замыкае круг,
Заблытвае зваротную дарогу,
Бо калі трэба, ён — адданы друг
І служка то Люцыферу, то Богу.
Ён круціць, як спірыт, то сподкі, то сталы,
І, як більярдныя шары галовы,
Ад таннае шалее пахвалы
І дэмагогам склёпанай прамовы.
У свеце ўсё ідзе за кругам круг,
Што некалі было, або калісьці будзе,
Ідуць кругамі здані валацуг,
І танны бляск заходзіцца у брудзе.
Зямля свае адлічвае кругі,
На віражах страсае смецце.
Усе рабаўнікі не сплочваюць даўгі,
Іх згіне след, і пасвятле ў свеце.
І Сонца — круг, і круглая Зямля.
Не разгадаўшы вечную загадку,
Павольна я сыходжу з карабля,
А нехта пачынае ўсё спачатку, —
Шлях жабрака і караля,
А вечныя — Сумленне, Зерне і Зямля.
1997
ЗМАН
Хлусяць толькі адны нягоднікі.
Ф. М. Дастаеўскі
Прывычны і ашукваць, і хлусіць,
Стараецца, каб верылі падману,
Каб пелі, калі трэба галасіць,
Каб дзякаваў да ніткі абабраны.
Так хлусяць, як хлусілі з веку ў век,
Сілком у “шчасце” гоняць зацугляных
Цярпець знявагу, ашуканства, здзек
Да скону з нараджэння пакараных.
Даверлівы агледзіцца пасля,
Што ён з маленства ашуканы,
Пакуль не атрымае кухталя
Замест паабяцанай манны.
Ашукваюць сумленных гандляры,
Хапугі, махляры і самазванцы.
Усё міне: балюйце да пары,
Пакуль не трапілі у пекла, ашуканцы.
1996г.
ПЕРАД СПОВЕДДЗЮ
Калі пастукаюць анёлы сярод ночы
І загадаюць: “Надышла пара
Перахрысціцца і заплюшчыць вочы
І выпраўляцца да варот Пятра.
Пажыў даволі, ну і годзе,
Скажы “Бывайце” блізкім і радні,
Бо на парозе — новае стагоддзе,
І дзень за днём твае знікаюць дні.
Хоць змрочна, на жыццё — вялікі попыт:
Амаль ніводнага “адказчыка” няма.
Табе мы зробім невялічкі допыт,
Як жыў? Дарма ці не дарма?
Каму прыслужваў і служыў калісьці,
Ці часам Юду не дапамагаў?
Ці сам сумленнае знаходзіў выйсце,
Ці верыў бліжнім, дальнім не ілгаў?
Раней, чым з гэтым светам развітацца,
З душы усе грахі свае здымі:
Прыйшла твая чарга паспавядацца
Перад Ісусам і людзьмі”.
Паспавядаўся і цяжар адкінуў.
Ужо архангелы з фанфарамі ідуць…
Мяне вадзілі д’яблы лепшым чынам.
Куды ж цяпер анёлы павядуць?
1997
ЗАБЫТАЯ ДАРОГА
Забыўся і ніяк не ўспомню
Куды дарога гэтая вядзе,
І ледзьве бачу, як згасаюць промні
У стылай затуманенай вадзе.
Павольна ледзь пераступаю стому,
Спрабую ўсё успомніць на хаду:
Куды іду, ці з дому, ці дадому,
Якога не губляў і не знайду.
Прыйшла пара не здабываць, а траціць,
Што зберагаў, без жалю раздаю,
Пакінуў назаўжды ў збуцьвелай хаце
Закрэсленую маладосць сваю.
Куды іду, ніяк не ўспомню:
Сляза туманіць саслабелы зрок:
Не бачу — узышла ці сходзіць поўня
І да яе раблю за крокам крок.
Куды ісці далей, — не дапытацца
І не пабачыць свой уласны цень,
І думаю, ці лепей — развітацца
Ці сустракаць наступны ясны дзень.
6/І/2000
х х х
Жыццё дагарае, як свечка,
Слязінкамі капае воск,
А ў сэрцы — то збой, то асечка
Патушаць пачуццяў усплёск.
Мільгаюць гады за гадамі,
Агеньчык дрыжыць і дрыжыць,
І вецер шапоча садамі,
Што варта на свеце пажыць,
Паставіць не кропку, а коску,
Адчуць і ў знямозе красу,
І кроплю гарачага воску
Змахнуць са шчакі, як слязу.
Даўно дагарэлі каліны,
Дарога здаецца даўжэй,
Бягуць за хвілінай хвіліны,
І кожная з іх даражэй.
Красавік 1999
ФАНТАЗІЯ
Я горкую праўду аднойчы сказаў:
Нячысцік язык мне вузлом завязаў,
А сам патрабуе: “Маё ўсё хвалі,
Каб ціха і мірна было на зямлі.
Аб кожнай нястачы і дробнай бядзе
Не заікайся ніколі, нідзе,
Трымайся заўсёды у межах і рамках,
Расказвай пра ўсё
у патрэбных напрамках:
Пра поспехі — шчыра,
пра ворагаў — гнеўна,
Усё абяцай, што чакаем напэўна.
Можаш успомніць і пра недахопы
У бліжніх і дальніх краінах Еўропы.
А ў нас недахопаў сур’ёзных не будзе,
Бо вераць заўсёды сумленныя людзі”.
“А што тады будзе, як так і скажу?”
Нячысцік запэўніў: “Язык развяжу”.
21.1.2000
БЕЗНАЗОЎНЫ
Усё змяшалася і ява, і кіно,
Заходы, поўначы, світанні,
Што сёння хвалявала, што даўно,
Што цешыць і што варта пакаяння.
Навобмацак іду за крокам крок,
Шукаю незачыненыя дзверы,
Нібыта ўсё заблытана знарок,
Як слых Бетховена і зрок Гамера.
Пакуты іх вядомыя спрадвек,
А слава засланіла гора:
Між геніяў не ведаюць калек,
Яны жывуць і сёння, як учора.
Я ж драбяза і кволы чалавек,
Чыё жыццё — кароткая хвілінка,
З маленства паспытаўшы здзек,
Як абламаная галінка.
Я не баюся, што ў нябыт лячу,
Хоць жыць люблю, а часам… не хачу.
Студзень—верасень 2000
НАДЗЕЯ
Хоць і нічога я не значу
Ні ў ранні час, ні ў позні час,
А светлы ранак, як удачу,
Я сустракаю кожны раз:
Дзіўлюся, як усходзіць сонца,
Буркоча голуб на страсе,
А у душы, як у скарбонцы, —
Ўсе радасці і беды ўсе.
Успомню дальнюю дарогу
І ўсё, што некалі было…
Устану. Памалюся Богу,
Каб Сонца заўтра узышло…
2001г
ПРЫЗНАННЕ
Калі надыдзе мой апошні час,
Я не слязьмі, а ўсмешкай стрэну вас,
Юнацтва ўспомню і маленства
І радасці з нядоляй падабенства.
Я перад споведдзю душу адкрыю,
Каб вы жылі шчасліва, як святыя,
Каб абміналі промахі і страты,
Каб кожны быў і дужы, і багаты,
А сам сыду у іншы свет павольна,
З надзеяю, што кожны будзе вольны.
Верасень 2000
Паэзія
I мой скрануўся лёд
У 88-ы год...
Я шукаю паэзію. Дзе ты, паэзія?
То ўголас гукаю, то шэптам прашу.
Здаецца, на мукі ў пекла палез бы я,
Каб толькі сагрэць і суцешыць душу.
Дзе ж ты, паэзія? Дзе ты няўлоўная?
Шукаю з маленства да крайняй мяжы.
Знаходзіў драбніцы, а траціў галоўнае,
Ад гора сябе распінаў на крыжы.
Прасіліся ў сэрца харэі і ямбы,
Спяшаўся паставіць радок на крыло
Здавалася, ў радасці ўзняўся і сам бы.
Ды толькі паэзіі ўсё ж не было.
Сапраўдных паэтаў лічыў я Багамі,
Паэзія іх у бяссмерце вяла.
Нарэшце і сам зразумеў: пад нагамі
Паэзія ў кожнай расінцы жыла,
Жыла і жыве і ў травінцы, і ў слове,
У светлым і ў самым пякельным жыцці,
У вечнай, нікім не закрэсленай мове,
З якою ад веку да веку ісці.
Паэзія — ў шолаху жыта і бору,
У мудрасці мудрых, у ззянні вачэй,
У золку, калі — непагасныя зоры,
У бляску маланак трывожных начэй.
Паэзія — ў ясным разважлівым зроку,
У сэрцы збалелым і чыстым заўжды,
У шчырай усмешцы, упэўненым кроку,
У горкай слязінцы ў хвіліну бяды.
Паэзія — шчасце, што цяжка прыкмеціць,
I часам відушчы, нібыта сляпы,
З калыскі да скону блукае па свеце,
На радасць, спагаду і ласку скупы.
Шукаю Паэзію змалку да скону,
А я ж паўмільёна дарог абышоў.
Гляджу на Паэзію, як на ікону.
Шукаю яе.
I наўрад ці знайшоў.
24 верасня 2001 г.
ПАЭТЫ
Чаму цары баяліся паэтаў
І распіналі кожны раз,
Адважных пазбаўлялі эпалетаў,
Пад кулі ўпартых гналі на Каўказ,
Непаслухмяных — у Іркуцк і Шылку,
Каб у капальнях моўчкі чэз,
На смелых і адпраўленых у ссылку
Знаходзіўся Мартынаў і Дантэз.
Пакутнікі паэзіі жывыя,
Каб вечна вечнае тварыць
І кайданы, і раны нажавыя
Адолеюць, каб праўду гаварыць.
Пара усім няўмольным і суровым
Царам не верыць шаптунам сваім,
А на дабро адказваць шчырым словам,
Каб верылі, як і паэтам, ім.
1997
х х х
Незавершаны верш — маладое віно
Без іскрыстага смаку і сілы,
А калі праз гады устаіцца яно, —
Ад глытка праразаюцца крылы.
Калі ў склепах само па сабе адшуміць,
Калі ў бутах і ў чанах астыне,
Не спяшайся яго, не каштуючы, піць,
Калі ўсё не сышло шумавінне.
Пах, і колер, і смак вінароб давядзе.
І аддзячаць яму пры нагодзе,
Калі келіх у радасці або ў бядзе
На беседу збярэ і ў наступным стагоддзі.
Так і верш: калі ён не даспеў
І няўдача здалася удачай,
Захлынецца натхненне і радасны спеў,
Як ад келіха горкае чачы.1
1997
МЕЛОДЫЯ
Заўжды гучыць мелодыя ў душы.
Я слухаю яе, яе люблю я.
Агеньчык гэты толькі не тушы,
Што свеціць, грэе і хвалюе.
Не заглушы ні крыкам і ні крокам
Мелодыю, што зоркаю гарыць,
Ні дзікім рыкам, ні чыгунным рокам,
Не здатнымі спяваць і гаварыць.
Мелодыя вышэйшага даверу
Мой акрыліла незайздросны лёс.
Азораная зоркаю Венерай
Мая душа імкнецца да нябёс,
І расцвітаюць лотаць і купена
Пад гукі Баха і Шапэна.
1997
Поделитесь с Вашими друзьями: |