Г.І.Басава
НАЦЫЯНАЛЬНАЕ ЎСПРЫМАННЕ ПАРАЎНАЛЬНЫХ КАНСТРУКЦЫЙ У МАСТАЦКІМ ТЭКСЦЕ
ЯКУБА КОЛАСА
Нацыянальна-мастацкая спецыфіка абагуленых вобразаў, замацаваных у
свядомасці носьбітаў мовы, з'яўляецца актуальнай у плане даследавання
як на ўзроўні беларускай культурнай спадчыны ў цэлым, так і ў
мастацкім тэксце пэўнага аўтара. Каштоўны матэрыял для падобнага
аналізу даюць раннія апавяданні Якуба Коласа, бо творчасць пісьменніка
адлюстроўвае ў гісторыі нашай літаратуры, культуры, духоўнасці той
стан мастацкай свядомасці, які з'яўляецца ў пэўнай ступені
першародным. Якубу Коласу ўласцівыя пэўны сінкрэтызм мыслення,
эпічнасць; трываласць народнай этыкі, эстэтыкі, маралі дапамагае яму
адкрываць гармонію свету чалавека, нараджае гуманістычныя думкі і
прагу духоўнасці.
Вядома, што этнадыферэнцыруючыя ўласцівасці абагуленых вобразаў
прадвызначаюцца гістарычнымі і этнаграфічнымі ўмовамі існавання нацыі,
яе псіхічным складам, веравызнаннем, традыцыямі і іншымі фактарамі,
якія аказваюць уплыў на фарміраванне нацыянальнай культуры. Так,
абагулены вобраз, абраны Коласам для параўнання, прадвызначаецца той
станоўчай ці адмоўнай адзнакай яго дэнатата, якая склалася ў
свядомасці носьбіта беларускай мовы і ўзмацняецца ці паслабляецца ў
залежнасці ад лексічных адзінак, якія акружаюць яго ў адпаведнасці з
інтэнцыянальнымі ўстаноўкамі аўтара. Пазітыўнай канатацыяй у
свядомасці беларусаў характарызуюцца такія лексемы, як пчолы, мурашкі,
птушкі, якія асацыіруюцца з працаздольнасцю, руплівасцю, трываласцю:
Божачка, ты даў пчале і мурашцы большы розум і душу, як чалавеку?;
мужыкі, як рой пчол; лёгкі, як птушка; закукуй, як зязюлька.
Значэнне надакучлівасці, марнасці актуалізуецца ў параўнальных
канструкцыях з кампанентам мухі: таўкліся, як мухі над гаршком; як
сонная муха; як мухі на мёд.
Лексема воўк звычайна адзначаецца ў кантэкстах, суб'ект якіх адчувае
ў адносінах да сябе варожасць, загнанасць: пазірае ваўком; зірнуў, як
воўк.
Шэраг параўнанняў у тэкстах Коласа як з пазітыўнай, так і негатыўнай
канатацыяй змяшчаюць у сваім складзе лексемы – назвы асоб па
сацыяльнаму, нацыянальнаму статусу: бравы, як генерал; праходзілі, як
евангельскія свяшчэннікі; сядзелі на санях, як губернатары; чорны, як
камінар; ураднік поўз угору, як цыган па драбінах; давалі дарогу, як
якому спраўніку.
Не выклікаюць станоўчай адзнакі і персанажы, якіх аўтар параўноўвае са
свойскімі жывёламі: паляцеў, як вол у гіз; вочы, як у свінні; знаешся
на сіцылістах, як мая свіння на пастáх.
Вобразнасцю, эмацыянальнасцю напоўнены кантэксты з параўнальнымі
канструкцыямі, у склад якіх уваходзяць лексемы – назвы з'яў, стыхій
прыроды, што напаўняе творы асаблівым гучаннем, дыханнем, прысутнасцю
самога Коласа, лучыць яго як з чытачом, так і з цэлым Сусветам: слёзы,
як раса перад заходам сонца; хмарка, як ціхая думка шчасця; ішлі, як
хвалі рачныя; хвалі, як жывыя; грамада шумела, як лес у вецер; думкі
заварушыліся, як снег; дрыжалі, як лісце асіны.
Часам Якуб Колас у адным кантэксце ўжывае адначасова некалькі
параўнальных канструкцый, што актывізуе ўяўленне, тэзаурус чытача,
абуджае дадатковыя асацыяцыі:
— Няўжо ж гэта той самы? Той быў роўны, а гэты – як абаранак. Той
хадзіў па воласці, як сам цар, крычаў, … а гэты сагнуўся, як жабрак, і
маўчыць, як немка – толькі вачыма лыпае ("Выбар старшыні");
Як толькі стараста змоўк, палешукі, як па камандзе, загаманілі на ўсе
лады. Тут былі ўсякія галасы: адзін трашчаў, як трашчотка, другі
вырываўся прарэзліва, як жалезны клін, трэці вёў тонка, чацвёрты
хрыпеў, як люлька стараставага бацькі, пяты сыпаўся гарохам, шосты гуў
чмялём, а ўсё гэта злівалася з басам якога-небудзь Данілы
("Кантракт").
Такім чынам, параўнальныя канструкцыі ў мастацкіх тэкстах Якуба
Коласа ўяўляюць сабой дакладныя, сціслыя і ёмістыя мадэлі згортвання
інфармацыі ў пэўным вобразе. Суб'ектыўна-аўтарскія асацыяцыі,
пакладзеныя ў іх аснову, адлюстроўваюць пэўныя стэрэатыпы,
зафіксаваныя ў культурнай памяці носьбітаў беларускай мовы.
1. Глазунова О.И. Стереотипы национального восприятия обобщенных
сравнительных конструкций в художественном тексте // Вестник СпбГУ.
Сер. 2, 1996, вып. 1.
2. Корань Л.Д. Коласаўскія традыцыі ў сучаснай беларускай прозе аб
вайне // Творчая спадчына Янкі Купалы і Якуба Коласа і развіццё
славянскіх моў і літаратур. Мн., 1982.
3. Янкоўскі Ф. Беларускія народныя параўнанні. Мн., 1973
Поделитесь с Вашими друзьями: |