Народная Воля №77 от 04. 05. 2004



Дата канвертавання04.06.2016
Памер46.8 Kb.

Народная Воля
№77 от 04.05.2004



<b>Калi мне патэлефанаваў загадчык спартыўнага аддзела маладзёжнага грамадскага аб'яднання "Гiсторыка" Андрусь ЛЯНЕВIЧ

i прапанаваў тур па гiстарычных месцах князёў Сапегаў - у мястэчкi Дзярэчын i Ружаны з заездам у Зэльву i Косава, што ў Гродзенскай i Брэсцкай абласцях, я доўга не вагаўся. Схапiў фотакамеру з дыктафонам i накiраваўся на сталiчную аўтастанцыю "Дружная". Там мяне чакаў камфартабельны аўтобус "DAF"... Дарэчы, вандроўку па сапегаўскiх мясцiнах, экскурсаводам у якой на гэты раз выступаў вядомы паэт Мiхась Скобла, хлопцы з "Гiсторыкi" наладзiлi сумесна з турыстычным агенцтвам "Альтус-плюс".


Андрусь ЛЯНЕВIЧ:


Любi сваё!

МГА "Гiсторыка"хоча абудзiць любоў беларусаў да ўласных каранёў

- Андрусь, скажы адразу - што такое "Гiсторыка"?


- "Гiсторыка" - гэта маладзёжна-грамадскае аб'яднанне, яно iснуе ўжо больш за чатыры гады. У нашу арганiзацыю ўваходзяць людзi розных iнтарэсаў i палiтычных перакананняў, якiх аб'ядноўвае цiкавасць да гiсторыi сваёй зямлi. Адзначу, што прадстаўнiцтвы "Гiсторыкi" ёсць не толькi ў сталiцы, але i ў некаторых абласных i раённых гарадах.


- Мiнулае - гэта тое, што вас аб'яднала ў "Гiсторыцы"?


- Канешне, нас аб'яднала цiкавасць да гiсторыi, жаданне ведаць свае каранi, сваiх продкаў. Некаторыя прыйшлi, каб даведацца аб гэтым, некаторыя - каб данесцi да iншых тое, што яны ўжо ведаюць, i каб самiм захоўваць нашу спадчыну i зацiкаўлiваць ёю iншых. Нас яднае пашана да нашага мiнулага, любоў да Бацькаўшчыны. Я сам са Случчыны, старадаўняй, знакамiтай на ўвесь свет не толькi сваiмi слуцкiмi паясамi, але i князямi Радзiвiламi, якiя валодалi гэтай зямлёй, мужнымi слуцкiмi паўстанцамi, якiя змагалiся за незалежнасць усёй Беларусi, а не толькi Случчыны. Для мяне гiсторыя - гэта жыццё.

- А чаму наогул вы вырашылi пусцiць у плаванне карабель пад назвай "Гiсторыка"?

- Гiстарычныя веды не маюць, на жаль, належнага распаўсюджвання ў нашай краiне, i на гэтым нярэдка спекулююць пэўнага кшталту палiтычныя сiлы. Але без змястоўнага ведання сваёй гiсторыi беларусы нiколi не будуць адчуваць сябе на сваiм месцы сярод iншых народаў. Таму найгалоўнейшай мэтай "Гiсторыкi" з'яўляецца папулярызацыя багатай гiстарычнай спадчыны сярод насельнiцтва. Адзiн з накiрункаў гэтай дзейнасцi - гэта арганiзацыя гiсторыка - турыстычных вандровак па Беларусi ў кожную нядзелю, а таксама ў замежжа - Польшчу, Украiну, Лiтву, краiны, з якiмi нас звязвае агульнае мiнулае...


- На Ваш погляд, якая самая цiкавая з такiх вандровак?


- Усе маршруты цiкавыя i адметныя! Нават нейкае не надта "гучнае" месца, дзе няма нiякiх помнiкаў, мае пад сабой вялiкае i легендарнае гiстарычнае мiнулае. Яго трэба толькi адшукаць пад пылам часу i няведання. Гэтая вандроўка, у якую мы зараз разам з вамi адправiлiся, мае назву "Рамантыка Заходняй Беларусi". Яна праходзiць па месцах, звязаных з iмёнамi нашых выдатных суайчыннiкаў - Сапегаў i Касцюшкаў. Гэта Сынкавiчы, Дзярэчын, Зэльва, Ружаны, Косава. Мiнулы раз мы ладзiлi вандроўку ў Жыровiчы, якiя знакамiты сваiм кляштаром не толькi на ўсю Беларусь, але i ў Заходняй Еўропе. Потым замкавае кола Беларусi - Лiда, Наваградак, Любча, Мiр, Нясвiж. Многiя з гэтых месцаў звязаны са старажытнымi легендамi i паданнямi. Асаблiва Нясвiж i Мiр, куды прыязджаюць з усяго свету. Наваградак, як вядома, знакамiты не толькi сваiм славутым мiнулым, але i цяперашнiмi рыцарскiмi фэстамi.


- Толькi Заходняя Беларусь з'яўляецца аб'ектам вашых вандровак?


- Не. Мы ладзiм паездкi на Вiцебшчыну, на "Браслаўскiя зарнiцы", у Гомель, Нарачанскi край... Ужо iснуе план вандровак на ўсё лета.


- Што гэта за праект "ВКЛ = Беларусь +...", якi, наколькi я ведаю, вы плануеце на блiжэйшы час?


- Гэта культурна-турыстычны праект, якi мае на мэце перагарнуць вядомыя i невядомыя старонкi гiсторыi тых земляў, якiя маюць супольную з беларускiмi землямi гiсторыю часоў Вялiкага княства Лiтоўскага. Мы не толькi вонкава знаёмiм удзельнiкаў праекта з унiкальнымi гiстарычнымi i культурнымi помнiкамi тае эпохi, мы ствараем беларускую куультурна-турыстычную выязную мадэль. У рэалiзацыi праекта ўдзельнiчаюць беларускiя музыкi, рыцары, спевакi, танцоры, якiх мы бяром з сабой у вандроўку.

- Калi я iшоў сёння на аўтобус, то чакаў убачыць пераважна студэнтаў. Але пазнаёмiўся i з вандроўнiкамi сталага веку...

- У нас самы розны "кантынгент": i моладзь i сталыя людзi. I не толькi тыя, хто пастаянна кантактуе з "Гiсторыкай", вандруюць па гiстарычных месцах Беларусi. У кожнай вандроўцы з'яўляюцца новыя людзi. Гэта добра! Гэта кажа пра тое, што iнтарэс да гiстарычнай спадчыны ў нашым грамадстве расце, а турыстычна-гiстарычны турызм - вартая справа.


- А чаму, на твой погляд, гэты iнтарэс расце?


- Людзi пачынаюць разумець, што гiсторыя - гэта не толькi тое, што напiсана ў падручнiках, а i тое, што вакол нас, с чым разам мы жывем, чым мы жывем, i хто даў нам гэтае жыццё.


- Цi не здаецца табе, што адной з прычын росту цiкавасцi да ўласнай гiсторыi з'яўляецца тое, што беларусы мiжволi параўноўваюць велiч былой дзяржавы - Вялiкага княства Лiтоўскага, якое, бадай, было заканадаўцам палiтычнай моды ў старажытнай Еўропе, з "нееўрапейскасцю" дзяржавы сённяшняй...


- Думаю, нельга параўноўваць ВКЛ i сённяшнюю Беларусь, якая ў цяперашнiх межах займае толькi частку былой тэрыторыi Вялiкага княства Лiтоўскага. Апошняе зараз успрымаецца як сiмвал нашай дзяржаўнасцi i займала i частку цяперашнiх украiнскiх, лiтоўскiх, латвiйскiх, расiйскiх i польскiх зямель. А сённяшняя беларуская дзяржава, я лiчу, такая, якую мы заслугоўваем.


- Сёння ў вандроўцы па Заходняй Беларусi ў якасцi экскурсавода выступае беларускi паэт Мiхась Скобла, якi родам з гэтых мясцiн. Цi часта вы запрашаеце распавядаць пра гiстарычныя месцы вядомых на Беларусi людзей?


- Безумоўна. Акрамя прафесiйных экскурсаводаў ёсць дасведчаныя людзi, якiя ахвотна пагаджаюцца распавесцi пра свае родныя мясцiны.


- Каго яшчэ плануеце запрасiць у якасцi гiдаў?


- У адну з наступных вандровак з намi паедзе Iгар Гатальскi - чалавек, апантаны гiсторыяй, мiнулым, якi сам прапаноўвае нам цiкавыя маршруты.


- Колькi каштуе адна вандроўка?


- 21.000 рублёў для дарослых i 18.000 для дзяцей. Гэта, на мой погляд, вельмi канкурэнтыя кошты. Амаль кожны можа сабе дазволiць такую вандроўку.


- Павандраваўшы з вашай фiрмай адзiн дзень па месцах князёў Сапегаў, я заўважыў, што шмат такiх месцаў, якiмi павiнны ганарыцца беларусы, знаходзяцца ў заняпадзе. Разбураную войнамi i часам сядзiбу Сапегаў у Ружанах нiхто не рэстаўрыруе, касцёл у Сынкавiчах зачынены на вялiкi замок, а побач з iм пабудавалi калгасную ферму. На месцы пахавання сям'i былога канцлера Вялiкага княства Лiтоўскага ў Дзярэчыне - грамадская прыбiральня. Чаму так?


- Безумоўна, гэта вельмi жахлiвая рэч, калi бачыш былыя велiчныя палацы, якiя раней збiралi гасцей з усёй Еўропы, а сёння напалову разбураны. Разумею сённяшняе цяжкае эканамiчнае становiшча ў краiне, разумею, што рэканструяваць усе помнiкi немагчыма. Але правесцi кансервацыю будынкаў для наступных пакаленняў, каб яны ўжо маглi заняцца рэканструкцыяй, мы павiнны, каб захаваць iх хаця б у такiм выглядзе, як зараз.




Алесь СIЛIЧ.





База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка