7. Пастаўшчына ў час 1-й сусветнай вайны. 1 жніўня 1914 года пачалася 1-я сусветная вайна У пачатку кастрычніка ў выніку жорсткіх кавалерыйскіх баёў рускія войскі занялі Паставы, але каля возера Задзеўскае сутыкнуліся з умацаванымі пазіцыямі германцаў. Раён быў падзелены на дзве часткі, разам з гэтым аказаліся падзелены і многія сем’і, родныя людзі не бачыліся на працягу амаль трох год.
Супрацьстаянне армій прывяло да таго, што многія вёскі і горад Паставы аказаліся моцна разбуранымі, большая частка жыхароў падалася ва ўцёкі. У час Нарацкай аперацыі людскія страты аказаліся вельмі вялікія: рускіх загінула каля 78 тысяч чалавек, германцаў – каля 34-40 тысяч.
Зараз на былой лініі фронта, асабліва паміж азёрамі Задзеўскае і Загачча, сустракаецца вялікая колькасць бетаніраваных бліндажоў часоў 1-й сусветнай вайны. Ёсць многа могільнікаў нямецкіх і рускіх салдат.
Цікавы факт: З успамінаў германскага генерала Э. фон Людэндорфа: “З 18 па 21 сакавіка становішча 10-й арміі было крытычным. Рускія валодалі вялікай колькаснай перавагай…Заходней Паставаў іх атака з цяжкасцю адбіта. Напружанне войскаў, якія прымалі ўдзел у гэтай аперацыі, на глыбока размытай зямлі, у халоднае і золкае надвор’е, было вельмі вялікім. Падмацаванні, якія спешна падводзіліся намі, правальваліся ў балоце, з цяжкасцю прасоўваючыся наперад ад чыгункі Вільня ─ Дзвінск. Але рускія, якім прыходзілася па яшчэ менш спрыяльнай мясцовасці, чым тая, якая знаходзілася ў тыле нашых пазіцый, самі выдыхнуліся.”
8. Пастаўшчына ў міжваенны час. З 1920 па 1939 год тэрыторыя Пастаўскага раёна ўваходзіла ў склад усходніх ускраін (“Крэсаў Усходніх”) Польшчы. Зямельныя рэформы 1920-30 гадоў садзейнічалі ўмацаванню сялянскіх гаспадарак, рассяленню сялян на хутары. Аднак, сем’і былі вялікія, зямлі не хапала і таму многія вымушаны былі ехаць на заработкі ў Латвію, ЗША, Аргентыну.
Прамысловасць развівалася слаба. Пераважалі невялічкія прадпрыемствы, якія перапрацоўвалі ў асноўным сельгаспадачую прадукцыю, драўніну, карысныя выкапні. Яны дзейнічалі ў Паставах і буйнейшых мястэчках і вёсках (Варапаева, Лынтупы, Гута, Алешына, Камаі, Круткі і інш.). Каб узмацніць далучанасць да Польшчы, у краі праводзілася палітыка паланізацыі: на адказныя пасады прызначаліся выхадцы з Польшчы, школы пераводзіліся на польскую мову навучання, актыўна распаўсюджваліся польскія кнігі, часопісы, газеты, а зямельныя надзелы раздаваліся асаднікам – былым польскім вайскоўцам.
Беларускае насельніцтва вяло актыўную барацьбу супраць нацыянальнага і сацыяльнага прыгнёту.
Цікавы факт: Да польскай акупацыі ў Заходняй Беларусі дзейнічала 400 беларускіх школ, у 1928 г. іх засталося 28, у 1934 г. – толькі 16, у 1939 не засталося ніводнай.
9. Пастаўшчына ў часы 2-й сусветнай вайны. Другая сусветная вайна пачалася 1 верасня 1939 года нападам Германіі на Польшчу. Праз 17 дзён па дамове Сталіна з Гітлерам Чырвоная Армія таксама пачала наступленне на гэту краіну, у выніку чаго Пастаўшчына ўвайшла ў склад СССР. У раёне пачаліся сацыялістычныя пераўтварэнні, аднак завершыць іх не ўдалося, бо 22 чэрвеня 1941 года Германія пачала вайну супраць Савецкага Саюза. Ужо ў пачатку ліпеня фашысцкія войскі захапілі тэрыторыю Пастаўскага раёна і ўсталявалі тут акупацыйны рэжым. Захопнікамі Пастаўшчына выкарыстоўвалася для перападрыхтоўкі, часовага прыпынку перад адпраўкай на фронт шматлікіх вайсковых падраздзяленняў. Найбольшыя фашысцкія гарнізоны знаходзіліся ў Паставах, Варапаеве, Камаях, Лынтупах. Карнікі праводзілі ваенныя аперацыі супраць партызан, зганялі і адпраўлялі людзей на прымусовыя работы ў Германію. Для яўрэяў фашысты стварылі гета. Увосень 1942 года ў Паставах, Дунілавічах і Лынтупах амаль усе вязні гета (каля 4000 чалавек) былі расстраляныя акупантамі. Падпольшчыкі і партызаны брыгады імя Варашылава, якая дзейнічала на тэрыторыі раёна, вялі актыўную барацьбу супраць ворага. Яны разграмілі гарнізоны ў Дунілавічах, Груздаве, Лынтупах, Ажунах, Залессі; зрывалі мабілізацыю на работы ў Германію; вялі рэйкавую вайну.
У першай палове ліпеня 1944 года Пастаўшчына была вызвалена войскамі 1-га Прыбалтыйскага фронту.
Цікавы факт: За тое, што партызанамі пад кіраўніцтвам Ф. Маркава былі забіты шэф жардармерыі Вілейскай акругі Крыль і гебітскамісар Бек, мясцовай паліцыяй былі расстраляны 200 схопленых жыхароў Лынтупаў і навакольных вёсак.
10. Пастаўшчына ў пасляваенны час. Пасля вайны пачалося паступовае аднаўленне гаспадаркі. Ужо ў 1945 годзе была выпушчана першая прадукцыя прадпрыемстваў мясцовай прамысловасці, а ў хуткім часе пачалі працаваць і іншыя асноўныя прадпрыемствы: ільнозавод, хлабазавод, кансервавы завод, малаказавод, мясакамбінат, спіртзавод, шклозавод. Усталяванне савецкай улады і калектывізацыя сялянскіх гаспадарак вяліся хутка і рашуча. Незадаволеныя рэпрэсіраваліся: арыштоўваліся і высылаліся ў Сібір, як тады казалі – “на белыя мядзведзі”.
Асаблівасцю Пастаўшчыны стала тое, што пасля вайны ў раёне размесцілася буйная вайсковая групоўка: авіяцыя, артылерыя, танкавыя войскі, войскі стратэгічнага прызначэння. У некаторых лясных масівах і зараз знаходзяцца былыя ракетныя шахты.
Эканамічнае развіццё раёна паскорылася, калі былі пабудаваны такія вялікія прадпрыемствы як завод “Беліт” і завод па вытворчасці камплектаў вучэбнага абсталявання па чарчэнню і маляванню у Паставах, завод жалезабетонных вырабаў і дрэваапрацоўчы камбінат у Варапаеве.
У канцы ХХ-пачатку ХХІ стагоддзя Паставы сталі адным з прыгажэйшых гарадоў Беларусі, значным турысцкім цэнтрам. На Пастаўшчыне штогод праходзіць міжнародны фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”, а ў верасні 2006 года тут адбылося рэспубліканскае Свята беларускага пісьменства.
Сярод творчых калектываў найбольшую вядомасць мае народны фальклорны ансамбль “Паазер’е”, які быў створаны ў 1991 годзе дырэктарам Пастаўскай музычнай школы А. Собалем. Калектыў – лаўрэат і дыпламант розных конкурсаў і фестываляў.
Цікавыя факты:1. Да лета 1947 года ў Пастаўскім педагагічным вучылішчы дзейнічала патрыятычная арганізацыя моладзі “Саюз беларускіх патрыётаў”, якая праводзіла работу па павышэнню нацыянальнай свядомасці насельніцтва. Большасць сяброў арганізацыі была арыштавана і асуджана на пазбаўленне волі ад 5 да 25 гадоў.
2.У сярэдзіне 90-х гадоў Паставы займалі 1 месца ў Віцебскай вобласці па ўзроўню беспрацоўя.
3. Прыватнае прадпрыемства А. М. Бабічава “Пастаўскі мэблевы цэнтр” з’яўляецца адным з буйнейшых у Беларусі. Яго прадукцыя паступае на продаж у многія краіны свету.
Пытанні і заданні:
1. На які час прыпадае росквіт Паставаў?
2. Чаму на заходнім беразе возера Задзўскага многа мураваных бліндажоў?
3. Прывядзі доказы існавання шырокага партызанскага руху ў час ІІ сусветнай вайны.
ТЭМА 14. ГІСТАРЫЧНЫЯ І КУЛЬТУРНЫЯ МЯСЦІНЫ
1. Што такое патрыятызм? Слова "патрыятызм" паходзіць ад лат. "pater" - "бацька". Адгэтуль і словы айчына, бацькаўшчына, зямля бацькоў. Фізічныя, зямныя бацькі ў нас усіх розныя, а Айчына - адна.
Тэрмін "Айчына" зыходзіць і з Евангелля: "Схіляю калені мае перад Богам Айцом, ад Якога называецца ўсякая айчына на нябёсах і на зямлі", - піша апостал Павел. Як і ўсё сваё жыццё веруючы чалавек будуе на падставе запаведзяў Божых, так і ўсю сваю зямную айчыну ён стварае па ўзоры сваёй Айчыны Нябеснай. Стагоддзямі скарб хрысціяніна быў не ў матэрыяльных дасягненнях, а ў духоўнай прыгажосці і святасці. Для чалавека, сэрца якога напоўнена любоўю да Бога, духоўныя арыенціры важней матэрыяльных. Радзіма яму даражэй часовых замежных матэрыяльных выгод і каштоўнасцяў.
Патрыятызм - гэта адданасць сваёй Айчыне, свайму народу, гонар за іх мінулае і сучаснае, гатоўнасць да іх абароны. Ён заснаваны на ведах мовы, гісторыі, культуры і традыцый сваёй радзімы, з'яўляецца часткай маральнага пачуцця. У аснове патрыятызму ляжаць прынцыпы не матэрыяльнага, а духоўнага парадку.
2. Заходняя Пастаўшчына. У заходняй частцы Пастаўскага раёна знаходзіцца шэраг цікавых гісторыка-культурных мясцін, якія з’яўляюцца аб’ектамі рэспубліканскага і міжнароднага турызму.
У в. Камаі дзейнічае касцёл св. Яна Хрысціцеля – масіўны храм абарончага тыпу. Магутныя сцены, вузкія байніцы, суровыя вежы надаюць касцёлу ўнушальны выгляд. Побач з храмам – вялікі каменны крыж, яшчэ адна памятка даўніх часоў.
На поўдзень ад Камаяў ляжыць в. Каралінова, у якой у канцы ХІХ стагоддзя быў маёнтак вядомага мастака Альфрэда Ромэра. Ад былой сядзібы застаўся драўляны дом і рэшткі паркавага ансамбля. На вясковых могілках ёсць адноўленыя помнікі паўстанцу Ф. Даноўскаму і ўладальніцы маёнтка Г. Ромэр.
На крайнім захадзе раёна, недалёка ад мяжы з Літвой, у г. п. Лынтупы захаваліся рэшткі шыкоўнага сядзібна-паркавага ансамбля Бішэўскага: палац, гаспадарчыя пабудовы, вежа, масток, ставы. Там жа, у пасёлку, узвышаецца стогадовы Андрэеўскі касцёл. У ваколіцах Лынтупаў знаходзіцца шэраг курганных могільнікаў і былых шляхецкіх сядзіб. Турыстаў прывабліваюць старажытныя курганы ў в. Саранчаны, гарадзішча каля в. Данеўцы, арыгінальная капліца ў в. Радута, маляўнічыя краявіды Блакітных азёр.
Цікавыя факты: 1. Паводле легендаў, з Камайскага касцёла ў розныя бакі разыходзілася некалькі падземных хадоў, адзін з якіх выходзіў на старых могілках каля Камайскага возера.
2. У Камайскім касцёле знаходзіцца цудоўная карціна-абраз “Хрыстос і сірата”, якую намаляваў мастак А. Ромэр.
3. Паводле легенды, Юзаф Бішэўскі, будучы ў Парыжы, закахаўся ў францужанку-акторку. Тая згадзілася выйсці за маладога пана замуж, калі ён пабудуе для каханай палац. І Ю. Бішэўскі, маючы прафесію архітэктара, стварыў такі сядзібна-паркавы ансамбль з палацам, якога не было ў ваколіцах. Запрасіў сваю каханку. Тая прыехала, агледзіла і зняважліва сказала: “У майго бацькі лепшыя стайні...”. Так і застаўся Юзаф халасцяком.
3. Усходняя Пастаўшчына. Усходняя частка раёна таксама багата на помнікі гісторыі і культуры. Са знакамітым родам Агінскіх звязана гісторыя прыгожага касцёла св. Тадэвуша ў в. Лучай. Вакол яго захаваліся рэшткі парка і гаспадарчых пабудоў былой шляхецкай сядзібы.
Яшчэ адзін адметны касцёл узвышаецца ў в. Дунілавічы. Насупраць яго – могілкі польскіх жаўнераў, якія загінулі ў часы 1-й сусветнай вайны, а на старых могілках – грабніца ўладальнікаў Дунілавіч – Длужнеўскіх.
У ваколіцах вёскі знаходзіцца таямнічы пейзажны парк з Чортавым каменем у Крыкалах і непаўторнае па прыгажосці лясное возера Баравое з былым панскім домам на ўзбярэжжы. Далей на ўсход, у в. Норыца, захаваўся выдатны сядзібна-паркавы ансамбль з сістэмай сажалак і курцін старых дрэў.
Запамінальны гісторыка-архітэктурны комплекс ёсць у в. Асінагарадок: на высокай гары-гарадзішчы стаіць прыгожая драўляная Свята-Пакроўская царква са званіцай, а побач – помнік вайне 1812 года і капліца.
У г. п. Варапаева ўздоўж р. Заражанка раскінуўся вялікі пейзажны парк на месцы былой сядзібы Пшаздзеціх, а ў цэнтры пасёлка – новыя будынкі царквы і касцёла.
Акрамя названых помнікаў цікавасці выклікаюць адметныя гарадзішчы на Гуце і ў Сароках, курганныя магільнікі каля Галбеі, Сарок і Міхаліны, капліца ў Сергах, царква ў Ласіцы. Вельмі вабіць аматараў падарожжаў агра-экатурыстычны комплекс “Салаўіны гай”, а таксама леснічоўка каля в. Пруднікі, дзе знаходзіцца сядзіба Зюзі – беларускага Дзеда Мароза.
Цікавыя факты: 1. З уладальнікаў маёнтка Лучай найбольш адметнай асобай была Эльжбета Агінская. Яна мела добрую адукацыю, цікавілася навукай. Па яе ініцыятыве у Лучайскім маёнтку праводзіліся астранамічныя назіранні. Агінская стала заснавальніцай астранамічнай абсерваторыі ў Вільні.
2. Паводле легенды, на Чортавым камені ў Крыкалах граф-чарнакніжнік, уладальнік маёнтка, гуляў у карты з чортам.
3. Паводле павер’яў, Зюзю ўяўлялі ў выглядзе лысага барадатага дзеда, які ў расхрыстаным кажусе, босым хадзеў па снезе. Ён узнімаў завіруху, мяцеліцу, выклікаў сцюжу.
4. Цэнтральная Пастаўшчына. У цэнтральнай частцы Пастаўскага раёна самыя вядомыя помнікі гісторыі і культуры знаходзяцца ў Паставах, аднак і ў ваколіцах горада можна знайсці шмат цікавых аб’ектаў.
У в. Манькавічы засталіся рэшткі сядзібна-паркавага ансамбля Друцкіх-Любецкіх: капліца, вадасховішча, вялікія дрэвы, падмуркі млына і гаспадарчых пабудоў. У цэнтры вёскі хаваецца ў засені дрэў невялікая Свята-Успенская царква. Падобная, Свята-Прадцечанская царква, ёсць і ў Груздаве. Яна стаіць на высокім узгорку, на якім яшчэ відаць уросшыя ў зямлю сівыя камяні з надпісамі.
Добра выдзяляюцца ў рэльефе гарадзішчы і селішчы каля азёр Задзеўскае, Загачча, Світа. З поўначы на поўдзень працягнулася паласа ўмацаванняў лініі фронта 1-й сусветнай вайны. Тут сустракаецца шмат бетонных дотаў, траншэй, акопаў, пахаванняў загінуўшых салдат.
На паўднёвы захад ад Пастаў размешчаны шэраг помнікаў прыроды рэспубліканскага значэння. Гэта ўнікальная Спорыцкая ледавіковая лагчына, якую ў далёкія часы ўтварыў ледавік, і Лысая гара – узгорак амаль правільнай формы, на якім раней знаходзілася старажытнае паселішча.
Праз паўднёвую частку раёна праходзіў знакаміты “шлях Баторыя-Напалеона”: па яму рухаліся ў час войнаў войскі гэтых вядомых гістарычных асоб.
Цікавыя факты: 1. У Манькаўскай школе ў пачатку ХХ стагоддзя вучыўся вядомы беларускі пісьменнік, паэт Уладзімір Дубоўка.
2. Па словах мясцовых жыхароў, у час пабудовы дарогі на гары каля Груздаўскай царквы былі знойдзены каскі французскіх салдат вайны 1812 года.
3. Паводле легенды, у купальскую ноч на Лысую гару злятаецца нячыстая сіла і там аж да першых пеўняў чуецца музыка, рогат і лямант.
Пытанні і заданні:
1. Якія пімнікі прыроды, гісторыі і культуры могуць быць цікавымі для замежных турыстаў?
2. Якія найбольш цікавыя аб’екты ёсць у розных частках Пастаўскага раёна?
Дадатковы матэрыял
7 цудаў (адметных мясцін) Пастаўшчыны
Назва
|
Від аб’екта
|
Месцазнаходжанне
|
Рэгіён
|
1. Ансамбль Рынкавай плошчы
|
Старажытная забудова горада
|
Паставы
|
Паставы
|
2. Касцёл Яна Хрысціцеля і каменны крыж
|
Касцёл, каменны крыж
|
Камаі
|
Камаі
|
3. Палац Тызенгаўзаў
|
Палац
|
Паставы
|
Паставы
|
4. Касцёл св. Тадэвуша
|
касцёл
|
Лучай
|
Лучай
|
5. Свята-Пакроўская царква, помнік 1812 г, капліца
|
Царква і помнік
|
Асінагарадок
|
Варапаеўшчына
|
6. Гара Лысая
|
Помнік прыроды і старажытнае паселішча
|
Шыркі
|
Пастаўшчына
|
7. ДОТы 1 сусветнай вайны
|
Абарончы комплекс
|
Дукі
|
Пастаўшчына
|
СЦЭНАРЫЙ
“Ганаруся тым, што на Пастаўшчыне жыву...”
№
|
Тэксты
|
Слайды
|
Музыка
|
1
|
Родны Край! Ты - Айчына святая!
Свет покуль гэты стаіць
Нібы дзяўчыну цябе я кахаю,
Ты у душы будзеш жыць
Подыхам вольным шырокім прастору,
Пахам смалістым сасновага бору,
Сном запаветным курганаў маўклівых,
Спевам-гульбой ручаёў гаманлівых,
Сенам духмяным стажкоў канюшыны,
Сінню валошак у полі жытнёвым,
Шчырай гаворкай–прадзедавым словам,
Полымем яркім калючай шыпшыны…
Але найперш, нібы з матчынай ласкі,
Ў сэрцы жывуць твае песні і казкі.
|
Па зместу верша
|
“Спадчына”
|
2
|
Народная песня
|
|
|
3.
|
На свеце шмат мясцін чароўных,
На небе шмат нязгасных зор.
Мае Паставы – паміж роўных
Сплятаюць песенны ўзор
|
|
|
4
|
Песня “Ноч у Паставах”
(вакальная група?)
|
Па зместу
|
Фанаграма
|
5
|
Паставы славяцца людзьмі
Што тут жывуць, што тут жылі.
І кожны горад свой любіў,
І так, як мог, яму служыў
Калісьці ў даўнія часы
Былі тут рэкі і лясы.
Зяновіч край упадабаў,
Пасаднік-вёску збудаваў.
Яго нашчадкі, як маглі.
Край шанавалі, бераглі.
На Мядзелцы зрабілі стаў –
Мястэчкам той Пасаднік стаў.
Але Паставы расцвілі,
Як Тызенгаўзы тут жылі.
Антоній – скарбнік караля
Адбудаваў амаль з нуля,
У камень плошчу апрануў
І веліч гораду вярнуў.
А Канстанцін – навукі брат, -
Прыгожы збудаваў палац.
Стварыў птушыны ён музей
Каля мастацкіх галерэй.
Ў Паставах жыў і працаваў,
І зорны шлях свой пачынаў
Знаўца ракет і іх арбіт,
Вядомы фізік Барыс Кіт.
Усіх ці зможам прыгадаць,
Бо доўга можна называць:
Рудкоўскі, Ромэр, Валадзько,
Казура, Малец і Шылько,
Бішэўскі, Собаль, Нафрановіч,
Сваяк, Стружэцкі і Катовіч –
Ўсе, жывуць і што жылі
Паставы славяць на Зямлі!
Бо, сапраўды, Пастаўскі край
Падобны на біблейскі рай.
У плыні Мядзелкі-ракі
Адлюстраваліся вякі.
Ці ты тутэйшы, ці ты госць,
Паўсюль, дзе глянеш, - прыгажосць.
А каля Манькавіч і Світа
Прастора песнямі наліта.
|
Гістарычныя слайды, карта Радзівіла, прэзентацыя “Паставы Тызенгаўзаў”
|
|
6
|
Песня “На ставе Манькаўскім”
(Л. Логінава)
|
Слайды Манькавіч
|
|
7
|
Песня “На гарадзішчы каля Світы”
(Л. Логінава, Т. Рогава)
|
Слайды Світы
|
|
8
|
Усе ўжо ведаюць пра гэта:
Пастаўшчына – зямля паэтаў.
Яскравы тут пакінуў след
Дубоўка – лепшы наш паэт.
|
|
|
9
|
Верш У. Дубоўкі “А колькі б дзе ні вандраваў”
|
Партрэт У. Дубоўкі
|
Фанаграма мелодыя
|
10
|
Песня “Партызанская зямлянка”
|
Партызанскія слайды
|
|
11
|
Раны вайны
загаіліся часам няўмольным.
Кожны жыхар
хоча мірна свой дом будаваць,
І адчуваць сябе
сыта, спакойна і вольна,
І весяліцца,
і святы свае святкаваць.
Зноў феерверкі
расквецяць пастаўскае неба,
Зорным дажджом
яны ў Мядзелцы зноў заблішчаць.
На ручніку –
свежы бохан духмянага хлеба,
Солі драбок –
час прыйшоў нам гасцей сустракаць.
Грымнуць цымбалы,
гармонік рване зухавата,
Звонкая песня
у вольны прастор паляціць,
Каб расказаць,
што ў Паставах вялікае свята
Зноўку гуляе
і добрых людзей весяліць!
|
Слайды са свята “Звіняць цымбалы і гармонік”
|
|
12
|
Песня (або танец) “Як зайграюць цымбалы”
|
|
Дыск “Паазер’я”
|
13
|
Мы ўсе сваёй гасціннасцю вядомы,
Мы – пастаўчане, мы – народ такі.
Калі і забываем, што мы, хто мы,
Згадаюць нашай памяці вякі!
Мы сціпласцю сваёй здаўна вядомы,
Саміх сябе хваліць нам не з рукі.
Ніколі мы не падаем ад стомы,
Таму пяюць над намі жаўрукі.
Мы ўсім сваёю музыкай вядомы,
Надзейныя сябры і дружбакі.
І госць, і падарожны ў нас, як дома,
Таму нам неба дорыць свой блакіт.
Гатовы ўсё аддаць – і тым багаты.
Мы – пастаўчане, мы – народ такі.
Усім даюць прытулак нашы хаты,
Пра гэта помняць нават чужакі!
|
Прыгожыя слайды сучасных Пастаў
|
|
14
|
Песня “Я жыву тут!”
|
|
|
У сцэнарыі выкарыстаны тэксты І. Пракаповіча, Л. Трубача, У Дубоўкі, а таксама песні Л. Логінавай і А. Собаля на словы І. Пракаповіча.
ТЭМА 15. ТВАЕ ВЯДОМЫЯ ЗЕМЛЯКІ
1. Героі паўстанняў ХІХ стагоддзя. Пастаўская зямля ўзгадавала многіх выдатных людзей, якіх любоў да волі і да радзімы падштурхнула на гераічныя ўчынкі. У паўстанні 1830-1831 годоў сваёй мужнасцю і самаахвярнасцю вызначыліся браты Адольф і Станіслаў Кубліцкія з Палесся, якія арганізавалі паўстанцкі атрад і пачалі ўзброеную барацьбу супраць расійскіх войск. Таксама з Палесся паходзіў і кіраўнік паўстанскіх узброеных сіл Свянцянскага павета Вікенцій Барткевіч, які яшчэ ў 1794 годзе быў паручнікам артылерыі ў паўстанцкай арміі Тадэвуша Касцюшкі. Актыўным ўдзельнікамі антырасійскіх выступленняў былі браты Аўгуст, Адольф і Густаў Хомскія з маёнтка Кубаркі, Юзаф Лапацінскі з маёнтка Норыца, Міхал Сямашка з маёнтка Ляхаўшчына.
У паўстанні К. Каліноўскага 1863-1864 гадоў самаахвярна змагаліся “за нашу і вашу волю” уладальнік маёнтка Камаі Апалінарый Танскі, які быў паўстанскім грамадзянскім начальнікам Свянцянскага павета, і ўладальнік маёнтка Сурвілішкі Густаў Чаховіч, які быў ваенным начальнікам гэтага ж павета. Усе актыўныя ўдзельнікі выступленняў былі сурова пакараныя расійскімі ўладамі.
За актыўную паўстанцкую дзейнасць двойчы высылаўся на катаргу ў Сібір Фларыян Даноўскі, помнік якому знаходзіцца на могілках у Каралінове.
Цікавы факт: Па рашэнню вайсковага суда ад 19 лістапада 1850 года, Ф. Даноўскага прысудзілі да пакарання шпіцрутэнамі (атрымаў 1000 удараў палкамі, калі праганялі праз вайсковы строй). Пасля збіцця-экзэкуцыі быў сасланы на 10 гадоў катаржнай работы ў капальнях Нерчынскіх руднікоў – самых жорсткіх і знясільваючых.
Поделитесь с Вашими друзьями: |