Настаўніцкая газета, 23. 02. 2012, №24 Размеркаванне-2012: хто першы? куды? на які тэрмін?



Дата канвертавання15.05.2016
Памер112.97 Kb.


настаўніцкая газета, 23.02.2012, № 24
Размеркаванне-2012: хто першы? куды? на які тэрмін?

Сёлета размеркаванне выпускнікоў беларускіх навучальных устаноў будзе ажыццяўляцца ў адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, які ўступіў у сілу з 1 верасня 2011 года. Пытанням размеркавання, пераразмеркавання, накіравання выпускнікоў на работу, іх права на самастойнае працаўладкаванне, вяртання сродкаў у рэспубліканскі і (ці) мясцовыя бюджэты, што былі выдаткаваны дзяржавай на падрыхтоўку навуковага работніка вышэйшай кваліфікацыі (спецыяліста, рабочага, служачага), прысвечана глава 8 названага дакумента “Грамадскія адносіны, звязаныя з адукацыйнымі адносінамі” (артыкулы 83—88). Студэнтам таксама будзе карысна азнаёміцца з новым Палажэннем аб парадку размеркавання, пераразмеркавання, накіравання на работу, наступнага накіравання на работу выпускнікоў, якія атрымалі пасляўніверсітэцкую, вышэйшую, сярэднюю спецыяльную альбо прафесійна-тэхнічную адукацыю, што было зацверджана пастановай Савета Міністраў 22.06.2011 за № 821.
У сённяшнім нумары дадатку “Сацыяльны ракурс” мы спынімся на пэўных момантах, на якія выпускнікам неабходна звярнуць асаблівую ўвагу напярэдадні і падчас працэдуры размеркавання. Новаўвядзенні каменціруе намеснік старшыні Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Раман Дапіра.


Тэрміны размеркавання

Згодна з пунктам 9 Палажэння аб размеркаванні, размеркаванне выпускнікоў ажыццяўляецца не пазней чым за 2 месяцы да заканчэння імі ўстановы адукацыі. Такім чынам, гэты працэс  павінен  адбыцца  ў  навучальных  установах  да  пачатку мая. Фактычна ўжо ў лютым — сакавіку студэнтаў неабходна  знаёміць  з  усімі  адпаведнымі  дакументамі:  Палажэннем аб  размеркаванні,  парадкам  работы  камісіі  па  размеркаванні; планамі размеркавання, якія распрацаваны на аснове пададзе ных ва ўстанову адукацыі арганізацыямі — заказчыкамі кадраў заявак на падрыхтоўку спецыялістаў, рабочых, служачых  (калі  рыхтаваліся  пад  заказ  канкрэтных  арганізацый, то бок калі дзейнічалі дагаворы аб узаемадзеянні), а таксама пісьмовых запытаў іншых арганізацый аб размеркаванні да іх выпускнікоў.

Аднак пажадана, каб рыхтавацца да размеркавання студэнты пачыналі за год, а то і за два, паколькі гэтае пытанне цяпер цесна звязана з месцам праходжання практыкі і месцам частковай занятасці ў вольны ад вучобы час.

Таксама  трэба  ведаць,  што  калі  арганізацыя  —  заказчык кадраў не можа па нейкіх прычынах працаўладкаваць выпускніка, на якога падавала заяўку на размеркаванне, то яна павінна паведаміць пра гэта ва ўстанову адукацыі не пазней чым за 2 месяцы да пачатку размеркавання (пункт 13 Палажэння аб размеркаванні). Такім чынам, у лютым ужо будзе вядома, пацвердзіцца заяўка ці не.

Перш чым даваць згоду на работу ў той ці іншай арганізацыі, студэнтам варта самім звязацца з патэнцыяльнымі работадаўцамі, каб удакладніць рэальную неабходнасць у тых ці іншых  спецыялістах  і  магчымасць  працаўладкавання  па  сваёй спецыяльнасці  (спецыялізацыі).  Гэта  дапаможа  пазбегнуць пэўных складанасцей у будучыні — напрыклад, не займацца пытаннем  пераразмеркавання  ў  выпадку  адсутнасці  вакансіі пасля  прыбыцця  на  першае  працоўнае  месца  (у  населеным пункце, куды прыедзе выпускнік, можа не аказацца другой іншай арганізацыі такога ж рангу, як яму была прапанавана першапачаткова, дзе можна было б шукаць вакансію).

Чарговасць размеркавання

Чарговасць  задавальнення заявак не павінна накладвацца на чарговасць размеркавання выпускнікоў, паколькі ў  аснове  гэтых  працэдур  ляжаць зусім розныя прынцыпы. Чарговасць  задавальнення заявак грунтуецца на абавязковасці  іх  задавальнення  — заяўкі пэўных арганізацый, як ужо  гаварылася,  павінны  задавальняцца ў першую чаргу. Аднак  гэта  не  значыць,  што на працоўнае месца згодна з першай заяўкай павінен быць размеркаваны  выпускнік,  які стаіць першым у спісе. І вось чаму.

Упершыню  ў  новым  Палажэнні  аб  размеркаванні (пункт 14) дакладна прапісаны  прынцыпы  фарміравання чарговасці  размеркавання выпускнікоў. Раней гэта былі пэўныя  рэкамендацыі  Міністэрства адукацыі, галіновага прафсаюза.  Цяпер  пры  вызначэнні  чарговасці  размеркавання выпускнікоў пад увагу бярэцца наступнае:

››› вынікі паспяховасці студэнтаў;


››› удзел  у  навукова-даследчай і грамадскай рабоце;
››› месца праходжання вытворчай  і  пераддыпломнай практыкі;
››› стан здароўя, сямейнае становішча,  месца  жыхарства;
››› рэкамендацыі ўстановы адукацыі аб найбольш мэтазгодным накіраванні выпускніка на работу.

Аднак  і  тут  ёсць  нюанс, пра  які  неабходна  ведаць  як студэнтам,  так  і  выкладчыкам. Як вынікае з тэксту, рэкамендацыя  ўстановы  адукацыі  павінна  грунтавацца на ўсіх папярэдніх фактарах, па  якіх  фарміруецца  чарговасць  размеркавання.  Напрыклад,  выпускнік  хоча  застацца  працаваць  у  Мінску  і толькі таму, што ён так хоча. Альбо  ён  хоча  працаваць толькі ў Гродне ці Брэсце, іншыя  гарады  наогул  не  разглядае  ў  якасці  варыянтаў. Усё  гэта  суб’ектыўны  фактар.  Але  ёсць  і  аб’ектыўная рэальнасць:  наяўнасць  жылля, нейкія сямейныя абставіны  і  абавязацельствы  і  г.д. Установа павінна ўлічыць усе гэтыя моманты і прапанаваць свой  варыянт.  Магчыма,  ён супадзе з варыянтам выпускніка. Між тым асабістыя пажаданні студэнтаў разглядаюцца не ў апошнюю чаргу.

Для надання працэсу вызначэння чарговасці размеркавання  выпускнікоў  пэўнай сістэмнасці было б мэтазгодна скласці своеасаблівы рэйтынг  студэнтаў  і  кіравацца пры гэтым менавіта вынікамі паспяховасці і ўдзелам у навукова-даследчай  і  грамадскай  рабоце.  Усе  ж  астатнія фактары  можна  разглядаць потым, у больш індывідуальным парадку.

Гэты  рэйтынг  павінен быць  дакументальна  аформлены  (будавацца  ў  адпаведнасці  с  зацверджаным ва ўстанове адукацыі парадкам), каб не атрымалася так, што,  напрыклад,  студэн ты, якія  маюць  сярэдні  бал  8  і актыўна займаліся  навукова-даследчай  дзейнасцю, на адным факультэце стаяць у пачатку чаргі на размеркаванне, а на другім — недзе ў сярэдзіне.  Агульныя  прынцыпы  вызначэння  чарговасці размеркавання можна замацаваць  або  лакальным нарматыўным актам, або рашэннем камісіі па размеркаванні.

Трэба  дадаць,  што  выпускнікам,  якія  займаюць першыя  пазіцыі  ў  размеркавальных  спісах,  цяпер прадастаўляецца  большы выбар  сярод  заявак,  што прапаноўваюцца  (як  правіла,  гэта  студэнты,  занесеныя  ў  банк  даных  адоранай моладзі).

Кампенсацыя сродкаў у выпадку непрыбыцця на месца размеркавання

Гэтае пытанне рэгулюе Палажэнне аб вяртанні сродкаў у рэспубліканскі і (ці) мясцовы бюджэты,  што  былі  выдаткаваны  дзяржавай на  падрыхтоўку  рабочага  (служачага),  спецыяліста,  зацверджанае  пастановай  Савета Міністраў ад 22.09.2006 г. № 1255.

У выпадку непрыбыцця маладых спецыялістаў на месца працы, іх звальнення або пераводу да заканчэння тэрміну работы па размеркаванні  наймальнік  і  (або)  маладыя спецыялісты  ў  трохдзённы  тэрмін  павінны паведаміць аб гэтым ва ўстанову адукацыі, якая  выдала  маладым  спецыялістам  накіраванне на работу, з пазначэннем прычын і прыкладаннем засведчаных ва ўстаноўленым парадку копій неабходных дакументаў, у  тым  ліку  тых,  што  пацвярджаюць  іх  права  на  вызваленне  ад  пакрыцця  выдаткаваных  дзяржавай  сродкаў.  Такім  чынам,  заканадаўства  прадугледжвае  два  напрамкі паступлення  інфармацыі  ва  ўстановы  адукацыі: ад наймальніка і ад маладога спецыяліста.

У  месячны  тэрмін  з  дня  атрымання  названых  дакументаў  установы  адукацыі  арганізоўваюць  работу  па  зборы  неабходнай інфармацыі  для  прыняцця  рашэння  аб  вяртанні выдаткаваных сродкаў маладым спецыялістам або яго вызваленні ад кампенсацыі з выдачай  даведкі  аб  праве  свабоднага  працаўладкавання. Такое рашэнне афармляецца загадам кіраўніка ўстановы адукацыі.

Даплаты маладым спецыялістам

Штомесячныя  даплаты  ў  памеры  адной  тарыфнай  стаўкі  на  працягу  двух  першых  гадоў  работы  з  дня заключэння  працоўнага  дагавора (кантракта)  атрымліваюць  маладыя спецыялісты  з  ліку  педагагічных  работнікаў, якія працуюць у агульнаадукацыйных,  спецыяльных,  дашкольных,  прафесійна-тэхнічных,  сярэдніх спецыяльных  установах  адукацыі,  у Рэспубліканскім  цэнтры  рэабілітацыі дзяцей дашкольнага ўзросту з парушэннямі слыху (згодна з пастановай Савета Міністраў ад 29.01.2009 № 86). Гэтая  норма  распаўсюджваецца  таксама  на  маладых  людзей,  якія  вучыліся  на  платнай  аснове  і  былі  накіраваны на работу па размеркаванні. На жаль, для маладых спецыялістаў, якія працуюць  у  ВНУ  і  ўстановах  дадатковай  адукацыі,  штомесячныя  даплаты не ўстаноўлены.



Служба ў арміі залічваецца ў тэрмін адпрацоўкі па жаданні выпускніка

Перыяды  ваеннай  службы  і  водпуску  па  доглядзе  дзіцяці  да  дасягнення  ім  узросту  3  гадоў  залічваюцца ў тэрмін абавязковай адпрацоўкі па размеркаванні па жаданні выпускніка.

Справа ў тым, што да таго часу, пакуль  выпускнік  мае  статус  маладога спецыяліста, ён атрымлівае адпаведныя даплаты. Калі малады чалавек адслужыў у арміі і хоча прадоўжыць працаваць  на  сваім  першым  працоўным месцы,  то  яму,  безумоўна,  немэтазгодна залічваць гады службы ў тэрмін адпрацоўкі па размеркаванні.

Размеркаванне магістрантаў

Тым,  хто  паступіў  у  ВНУ  з  мэтай  атрымання адукацыі другой ступені (магістратура), неабходна звярнуць увагу на наступныя моманты.

З  1  верасня  2011  года  незалежна  ад  таго,  за кошт якіх сродкаў выпускнік праходзіць навучанне ў магістратуры пры нарматыўным тэрміне адпрацоўкі 2 гады па выніках праходжання навучання на першай ступені вышэйшай адукацыі, ён павінен будзе адпрацаваць гэты тэрмін па новым накіраванні.

Да ўступлення ў сілу Кодэкса аб адукацыі дзейнічала норма Закона “Аб вышэйшай адукацыі”, згодна з якой выпускнік магістратуры мог звярнуцца ў адпаведныя ўстановы адукацыі з просьбай вызваліць яго  ад  вяртання  сродкаў,  што  былі  выдаткаваны на  яго  падрыхтоўку  па  першай  ступені  адукацыі, калі ён паспяхова (усе формы выніковай атэстацыі здадзены на станоўчыя адзнакі) закончыў навучанне ў магістратуры. Такім чынам, гэтая норма дазваляла тым студэнтам, якія прайшлі навучанне на першай ступені за кошт сродкаў бюджэту, ухіляцца ад размеркавання і вяртання сродкаў, закончыўшы навучанне на другой ступені за кошт уласных сродкаў або сродкаў фізічных асоб. Акрамя таго, яна давала магчымасць ухіляцца ад размеркавання і вяртання  сродкаў  тым  маладым  людзям,  якія  вучыліся  ў магістратуры і за межамі краіны. На выпускніка магістратуры па 2011 год уключна распаўсюджвалася гарантыя, якая дазваляла ў выпадку паспяховага заканчэння навучання прэтэндаваць на вызваленне ад вяртання сродкаў, выдаткаваных на іх падрыхтоўку па першай ступені адукацыі. (Зразумела, калі ў магістратуру яны паступілі ў год заканчэння навучання па першай ступені.)

Калі ж выпускнік закончыў вучобу ў 2010 годзе, адпрацаваў  адзін  год  і  паступіў  у  магістратуру  ў 2011 годзе, то незалежна ад таго, прой дзе ён навучанне ў магістратуры за кошт уласных сродкаў (сродкаў фізічных асоб) або бюджэтных, ён будзе абавязаны адпрацаваць яшчэ адзін год.

Для  тых  маладых  людзей,  якія  атрымалі  вышэйшую  адукацыю  другой  ступені,  устанаўліваецца тэрмін адпрацоўкі 1 год, але гэта не тычыцца асоб, якія былі прыняты ва ўстанову адукацыі для  атрымання  пасляўніверсітэцкай  адукацыі  (у тым ліку навучэнцы аспірантуры) у год атрымання вышэйшай адукацыі другой ступені, і асоб, якія для  атрымання  вышэйшай  адукацыі  другой  ступені былі прыняты ва ўстанову адукацыі ў год атрымання вышэйшай адукацыі першай ступені за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.



Тэрміны адпрацоўкі

Цяпер  устаноўлены  дакладныя  тэрміны  абавязковай адпрацоўкі выпускнікоў па размеркаванні: 1 год (для асоб, якія атрымалі прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную адукацыю і адпрацавалі не менш як 1 год), 2 гады (для астатніх катэгорый) і 3 (тычыцца выпускнікоў аспірантуры).

Калі  малады  чалавек  адпрацаваў  не  менш  як  1  год пасля  атрымання  прафесійна-тэхнічнай  адукацыі  і паступіў у ССНУ, то па выніках навучання ў ССНУ ён будзе размеркаваны на работу на 1 год.

Незалежна ад таго, колькі чалавек адпрацаваў пасля заканчэння ПТВ ці ССНУ, паступіўшы ў ВНУ і скончыўшы яе, ён будзе адпрацоўваць 2 гады.

Тэрміны адпрацоўкі (1 і 2) не драбняцца, і калі чалавек паступіў на бюджэт, адвучыўся больш за 50% тэрміну навучання, а потым быў адлічаны і адноўлены на навучанні на платнай аснове, то ён будзе абавязаны адпрацаваць тыя ж самыя 2 гады незалежна ад формы навучання — дзённая ці завочная. І наадварот: выпускнік, які паступаў на ўмовах аплаты, а потым быў пераведзены на бюджэтнае аддзяленне і адвучыўся больш чым 50% нарматыўнага тэрміну навучання, таксама будзе размяркоўвацца на 2 гады.

Кантракт ці дагавор на няпэўны тэрмін

Згодна  з  галіновым  пагадненнем,  што заключана  паміж  Міністэрствам  адукацыі і  Беларускім  прафсаюзам  работнікаў  адукацыі  і  навукі  (падпункт  31.15)  на  2010-2012  гады,  канктракт  з  маладымі  спецыялістамі  падчас  прыёму  на  работу  можа быць заключаны толькі з іх пісьмовай згоды на тэрмін, не меншы за абавязковы тэрмін адпрацоўкі, які вызначаецца Кодэксам аб адукацыі (1 год — пасля атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі, 2 гады — пасля  атрымання  сярэдняй  спецыяльнай  або вышэйшай адукацыі). Аднак спачатку трэба  дамовіцца  з  наймальнікам  аб  умовах працы, якія затым будуць прапісаны ў дагаворы ці кантракце. Працоўная кніжка выпісваецца на працягу пяці дзён.



Важна ведаць

››› Згодна з заканадаўствам, малады спецыяліст мае права на першае працоўнае вакантнае месца. Гэта значыць, яму не можа быць прапанавана працаўладкаванне на час знаходжання іншага работніка ў водпуску па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў. Калі вам прапаноўваюць работу не на поўную стаўку ці не па спецыяльнасці, вы маеце поўнае права звярнуцца з адпаведнымі дакументамі ў ВНУ за пераразмеркаваннем.

››› Калі  ж  маладому  спецыялісту  пасля  прыбыцця  на месца размеркавання будзе адмоўлена ў працаўладкаванні, яму неабходна будзе атрымаць у наймальніка пісьмовае паведамленне,  дзе  будзе  пазначана  прычына  адмаўлення. З гэтым пісьмом малады спецыяліст вяртаецца ў ВНУ з просьбай аб пераразмеркаванні. Калі па адпаведнай спецыяльнасці ў навучальнай установе засталіся незадаволеныя заяўкі, то ўчарашняга выпускніка накіруюць на новае месца работы, калі такіх заявак няма — выдадуць даведку аб праве самастойнага працаўладкавання. Пераразмеркаванне магчыма і па персанальным запыце.

››› Калі  раней  пытанні  вяртання  сродкаў  вырашаліся пасля вырашэння пытання аб размеркаванні, то цяпер у выпадку,  калі  выпускніка  не  задавальняюць  прапанаваныя варыянты размеркавання, а заявак больш, чым выпускнікоў,  і  даведку  аб  самастойным  працаўладкаванні атрымаць не ўдаецца, ён можа адразу звярнуцца за разлікам  сумы  сродкаў,  якія  дзяржава  выдаткавала  на  яго навучанне. Парадак вызначэння гэтай сумы ўжо зацверджаны.

››› У  новым  Палажэнні  аб  размеркаванні  дакладна пазначана, якія дакументы студэнт павінен прадаставіць для таго, каб абазначыць сваю прыналежнасць да той ці іншай катэгорыі.

››› Не  размяркоўваюцца,  а  накіроўваюцца  на  работу на вакансіі, што застаюцца пасля размеркавання студэнтаў-бюджэтнікаў, выпускнікі, якія на дзённай форме навучання атрымлівалі вышэйшую адукацыю першай ступені, сярэднюю спецыяльную альбо прафесійна-тэхнічную адукацыю на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі за сродкі юрыдычных асоб, індывідуальных прадпрымальнікаў.


Згодна  з  пунктам  5  артыкула  84  Кодэкса  аб  адукацыі, на гэтую катэгорыю выпускнікоў распаўсюджваюцца толькі тыя гарантыі і кампенсацыі, што прадугледжаны ў артыкуле 48 (“Падтрымка выпускнікоў”): працаўладкаванне, водпуск, кампенсацыя ў сувязі з пераездам на работу. Аднак статус маладога спецыяліста яны не набываюць.

››› Калі  прымаецца  рашэнне  аб  самастойным  працаўладкаванні выпускніка ў выпадках, што прадугледжаны ў пункце 2 артыкула 87 Кодэкса аб адукацыі, выпускніку выдаецца даведка аб самастойным працаўладкаванні не пазней чым за адзін месяц пасля заканчэння ім установы адукацыі або ў пяці дзённы тэрмін пасля прыняцця такога рашэння пры пераразмеркаванні і наступным накіраванні на работу.


Пры атрыманні даведкі аб самастойным працаўладкаванні выпускнік страчвае статус маладога спецыяліста (маладога рабочага, служачага).

››› Калі студэнт больш за 50% тэрміну вучыся за кошт бюджэтных сродкаў, а потым перавёўся на платнае завочнае  аддзяленне,  то  ён  таксама  падпадае  пад  размеркаванне. За выключэннем выпадку, калі ён працуе па спецыяльнасці.



››› У  выпадках,  калі  студэнту  падчас  размеркавання  (асабліва  гэта  тычыцца  студэнтаў  ВНУ,  дзе  размеркаванне праходзіць за паўгода да заканчэння навучальнага года) прапаноўваецца месца работы, але ён ведае, што ў найбліжэйшы час у яго могуць змяніцца абставіны, рэкамендуецца падаць заяву ў камісію па размеркаванні з просьбай адкласці размеркаванне да пэўнага тэрміну. Гэты тэрмін агаворваецца або са старшынёй факультэцкай камісіі, або з прарэктарам, які курыруе работу камісій па размеркаванні.
Калі пытанне выдачы накіравання ў адрас іншай арганізацыі  вырашаецца  да  моманту  размеркавання,  то яго можна разглядаць як змяненне рашэння камісіі, а не як  пераразмеркаванне  ў  рамках  заканадаўства.  Навучальным установам у такіх сітуацыях таксама пажадана ісці насустрач сваім выпускнікам, паколькі у адваротным выпадку вырашыць гэтае пытанне будзе складаней.


Падрыхтавала Глафіра ЛЯТКОЎСКАЯ




Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал