Назоўнікі агульнага роду



Дата канвертавання06.07.2016
Памер36.04 Kb.
Назоўнікі агульнага роду

Назоўнікі агульнага роду носяць такую назву, бо ў роўнай ступені могуць адносіцца да асобаў як жаночага, так і мужчынскага полу. Яны спалучаюцца з усімі адпаведнымі формамі жаночага і мужчынскага роду: Яна стала такая ціхоня і Ён стаў такі ціхоня. У большасці выпадкаў яны маюць канчатак –а (-я), аднак існуе невялікая колькасць назоўнікаў з націскным канчаткам –о: хвалько, нямко, гняўко.

Часцей за ўсё назоўнікі агульнага роду экспрэсіўна афарбаваныя і з’яўляюцца размоўнымі або прастамоўнымі словамі. Звычайна яны маюць негатыўную канатацыю: валацуга, няўдаліна, злюка, манюка. Аднак у рэдкіх выпадках яны могуць мець і станоўчую канатацыю: малайчына, разумніца, чысцюля. Ёсць таксама назоўнікі агульнага роду, што не маюць экспрэсіўнай афарбоўкі і з’яўляюцца стылістычна нейтральнымі: сірата, ляўша, калега, выканаўца, пераможца. Некаторыя назоўнікі агульнага роду з суфіксам –ц- могуць канкураваць з назоўнікамі мужчынскага (і жаночага) роду: творца – тварэц, вынаходца – вынаходнік (вынаходніца), дарадца – дарадчык (дарадчыца), або ў перыяд русіфікацыі выцясняюцца гэтымі назоўнікамі: замест зборца – зборшчык, замест наступцаспадчынны ўладальнік (спадчынная ўладальніца).

Назоўнікі агульнага роду звычайна называюць асобаў па іх знешніх характарыстыках (здыхля, мурза, насупа); па манеры паводзінаў (праныра, папрашайка, балаболка, непаседа); па маральных яасцях (выскачка, курва, шэльма, святоша); па інтэлектуальных здольнасцях і якасцях (недавучка, усёзнайка, тупіца) і па родзе дзейнасці ці сацыяльным становішчы (пісака, механоша, сірата).

Назоўнікі з канчаткам –а/-я, калі адносяцца да асобаў жаночага полу, скланяюцца як назоўнікі жаночага роду кшталту мама: малая мурза, няма малой мурзы, сказаць малой мурзе, бачыць малую мурзу, сябраваць з малой мурзай і пры малой мурзе. Калі ж аснова назоўніка заканчваецца на г, к, х, то ў давальным і месным склонах адбываецца чаргаванне: недарэка – недарэцы, бядзяга – бядзязе, няўмёха – няўмёсе, небарака - небарацы.

Назоўнікі з націскным канчаткам –а/-я, якія адносяцца да асобаў мужчынскага полу, скланяюцца на ўзор назоўнікаў жаночага роду: з сіратой Міколам (параўн. з сіратой Аленай); пры сіраце Міколу (параўн. пры сіраце Алене). А вось назоўнікі агульнага роду з націскам на аснове скланяюцца на ўзор асабовых назоўнікаў мужчынскага роду кшталту настаўнік: з малым ціхонем Янкам (параўн. з малой ціхоней Галяй) і пры малым ціхоню Янку (параўн. пры малой ціхоні Галі).

Калі ж назоўнік агульнага роду заканчваецца на націскны –о, тады пры абазначэнні асобаў мужчынскага полу ён скланяецца па мужчынскім тыпе: з хвальком Адасем, пры хвальку Адасю. А ў выпадку, калі гэтыя назоўнікі адносяцца да асобаў жаночага полу, яны зусім не скланяюцца: з такой хвалько, пры такой хвалько.

Да назоўнікаў агульнага роду часта адносяць таксама памяншальна-ласкальныя формы ўласных імёнаў кшталту Саша, Валя, Жэня, а таксама прозвішчы на –а/-я кшталту Зарэмба, Лапата і прозвішчы на –о – Лапато (дарэчы, прозвішча ўтворана не ад слова лапата ў значэнні ‘рыдлёўка’, а ад слова лапатаць у значэнні ‘невыразна, хутка гаварыць’ па тыпу хвалько).



Заданне

Назавіце адным словам, выкарыстоўваючы назоўнік агульнага роду:

Сквапны чалавек – скупянда, скнара, жмінда

Той, хто часта плача – плакса, румза

Той, хто швэндаецца, гуляе – бадзяга, валацуга, брыда, туляга, туляка, гуляка

Надакучлівы чалавек – надаеда, назола

Той, хто шмат есць – абжора, аб’ядала, аб’ядайла

Няўклюдны чалавек – недалуга, недарэка, недалэнга, няўклюда, неўдалота, няўдаліна, нязгрэба, няўмека, няздара

Несканцэнтраваны чалавек – разява, разявака, расцяпа, салапяка

Неразумны чалавек – дурыла, дурніца, дурніла, дурнішча, дурында, боўдзіла, тупіца, доўбня

Той, хто любіць выхваляцца – выхваляка, хвалько

Чалавек з мухамі ў носе – зазнайка, задавака, крыўляка

Высачэзны чалавек – дылда, бамбіза

Той, хто не выносіць вольнасці ў адносінах да сябе – недатыка, недачэпа, незачэпа, нечапайка, нядократка

Пітушчы чалавек - п’яніца, выпівоха, прапойца



Ужывіце назоўнікі ў патрэбнай форме:

  1. Андрусь быў сапраўдным (хвалько). – хвальком

  2. Гануля, нельга быць такой (разявака)! – разявакай

  3. Перадайце гэтаму (скнара), што мне нічога ад яго не трэба. – скнару

  4. На (чысцёха) Святланцы быў беленькі фартушок. – чысцёсе

  5. Вольга, чаго ты маўыш, (нямко) прыкідаешся? – нямко

  6. З (суддзя) мы сустрэліся каля ўваходу ў Суд Цэнтральнага раёна. – суддзёй

  7. Не хачу сябраваць з гэтым (тупіца)! – тупіцам

  8. Нельга быць (манюка), сынок! – манюкам

  9. Так ёй і трэба, гэтай (задавака)! – задавацы

  10. Глядзі, які пінжак на гэтым (задавака). – задаваку

  11. Ігнась быў перавучаным (ляўша), і праз тое ўвесь час пакутаваў. – ляўшой

  12. Не тэлефануй ёй, гэтай (крыўляка)! – крыўляцы

  13. Цяжка было жыць (сірата) Лявону пры чужых людзях. - сіраце

  14. Алену Сцяпанаўну прызначылі (выканаўца) абавязкаў намесніка кафедры. – выканаўцай

  15. Усе пазбягалі (хвалько) Ганну, якая пры сустрэчы ўсім расказвала пра свае неверагодныя поспехі. – хвалько

  16. Нешта гэтай вашай (валацуга) Наталцы ізноў на месцы не сядзіцца! - валацузе

  17. Хлопчыкі, хто з вас сёння будзе (малайчынка), увечары атрымае дзве порцыі салодкага! – малайчынкам

  18. (Забойца) суседа нечакана аказалася ягоная жонка. – забойцай

: wp-content -> uploads -> 2015
2015 -> Вучэбны матэрыял да ўрока №9 М. М. Брылеўскі
2015 -> Правядзення агульнагімназічнай дэкады Я. Ф. Карскага (да 20 годдзя музея ў гімназіі) 21 студзеня – 31 студзеня 2015 года
2015 -> Метадычныя рэкамендацыі па правядзенні 1 верасня першага ўрока І мерапрыемстваў, прысвечаных Дню ведаў
2015 -> Расклад работы аб’яднанняў па інтарэсах І спартыўных секцый дуа “Шаняўская сярэдняя школа імя Міколы Засіма” на канікулы з 25. 10 па 01. 11. 2015 года
2015 -> Тема недели: цик беларуси утвердил итоги выборов Президента 3
2015 -> Программа деятельности правительства Беларуси на 2015 год 4
2015 -> Тема недели. Выборы-2015: цик беларуси зарегистрировал четырех кандидатов на пост Президента 3
2015 -> Час правядзення Мерапрыемствы


Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал