Падрыхтаваць да цэнтралізаванага тэсціравання можа толькі школа



Дата канвертавання26.06.2016
Памер89.87 Kb.


Падрыхтаваць да цэнтралізаванага тэсціравання можа толькі школа
У першым нумары спецвыпуска мы, зразумела, не маглі абыйсці тэму цэнтралізаванага тэсціравання. Кожны абітурыент 2010 года ўжо рыхтуецца да ЦТ, і яму будзе карыснай любая інфармацыя на гэты конт, тым больш інфармацыя з першых вуснаў. Такім чынам, сёння ў нас у гасцях дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Мікалай Сцяпанавіч ФЯСЬКОЎ.
Цэнтралізаванае тэсціраванне, як форма ўступных іспытаў, звыкла ўвайшло ў наша жыццё. Прыхільнікі і праціўнікі ЦТ ужо не ламаюць коп’і, даказваючы адно аднаму свае довады. Абітурыенты спакойна рыхтуюцца да здачы тэстаў. І ўжо падыходзіць да свайго завяршэння першы этап рэпетыцыйнага тэсціравання… Я думаю, адным з важнейшых дасягненняў такой формы ўступных іспытаў з’яўляецца адсутнасць ажыятажу на ўсіх этапах падрыхтоўкі і правядзення ЦТ.

— Сапраўды, мы звычайна імкнёмся адзначаць нейкія недахопы цэнтралізаванага тэсціравання, але станоўчых момантаў тут значна больш. Так, гэта форма матывуе выпускнікоў (найперш тых, хто мэтанакіравана, задоўга да заканчэння школы рыхтуецца да паступлення ў ВНУ) на адпаведную падрыхтоўку. Гэта не значыць, што ЦТ падштурхоўвае абітурыентаў да таго, каб выконваць заданні выключна ў тэставай форме. Проста яны ведаюць, у якой форме будуць здаваць уступныя іспыты і могуць дастаткова добра падрыхтавацца.

А “натрэніраваць” на тэсты, насуперак меркаванням, немагчыма. І субтэст А, і субтэст Б абітурыент можа паспяхова выканаць толькі ў тым выпадку, калі ён добра ведае ўсе раздзелы школьнай праграмы. ЦТ мае вялікую перавагу перад традыцыйным экзаменам, дзе прапануюцца ўсяго тры — пять заданняў, якія могуць паставіць абітурыента ў вельмі няёмкае становішча, калі ён па нейкіх прычынах “недавучыў” менавіта іх. Падчас цэнтралізаванага тэсціравання фактар латарэі праяўляецца ў найменшай ступені, бо нават калі абітурыент не выконвае штосьці з 40 ці 60 заданняў, аднак курс прадмета ў асноўным ведае, то тэст ён здасць даволі паспяхова.

Цэнтралізаванае тэсціраванне ўсялае абітурыентам упэўненасць у сабе. Сёння ўсе іншыя фактары, акрамя ўзроўню падрыхтоўкі абітурыентаў пры паступленні ў ВНУ, зведзены да нуля. Усе знаходзяцца ў роўных умовах. І тое, што зараз у Мінску не хапае інтэрнатаў для студэнтаў, звязана якраз з тым, што сталічныя ВНУ сталі больш даступнымі для іншагародніх.

І яшчэ адзін важны паказчык, на які варта звярнуць увагу. Вядома, што пры залічэнні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы існуе асобны конкурс для гарадскіх і сельскіх выпускнікоў. Дык вось у апошні час на большасці спецыяльнасцей такое раздзяленне не мае сэнсу, бо агульны бал сельскіх выпускнікоў не меншы, а часам нават большы, чым у гарадскіх. І па шэрагу прадметаў, такіх як геаграфія, гісторыя, беларуская і іспанская мовы, сельскія выпускнікі звычайна паказваюць лепшыя вынікі, чым гарадскія.

І гэта пры тым, што на сяле практычна няма рэпетытарства…


— Хачу падкрэсліць, што падрыхтаваць да цэнтралізаванага тэсціравання можа толькі школа, дзе захоўваецца храналогія падачы ведаў і выкарыстоўваецца пэўная методыка, але не рэпетытар. Рэпетытарства можа быць эфектыўным толькі на базе добрай школьнай падрыхтоўкі, і рэпетытар тады малайчына, калі ў школе добры настаўнік. Так, ён можа прывесці ў сістэму школьныя веды, але навучыць — не можа. І калі недзе надта распаўсюджана прыватнае рэпетытарства, гэта значыць, што дзяржаўныя ўстановы адукацыі не ў поўнай меры выкарыстоўваюць згаданы рэсурс у сваіх сценах.

У якаясці станоўчага прыкладу можна назваць Рэгіянальны цэнтр тэсціравання Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, які з’яўляецца сур’ёзным канкурэнтам для ўсякіх рэпетытараў. Больш за тое, многія рэпетытары ідуць кансультавацца ў цэнтр, каб атрымаць тэарэтычную базу для работы з абітурыентамі.

На жаль, многія ВНУ, якія праводзяць курсавую падрыхтоўку абітурыентаў, дзейнічаюць гэтак жа, як 10 — 15 гадоў назад. На іх курсах не заўсёды працуюць лепшыя выкладчыкі, таму адбываецца пэўная дыскрэдытацыя такой падрыхтоўкі. Нярэдка там фарміруюцца вельмі вялікія групы, а таксама не праводзіцца індывідуальная дыягностыка падрыхтаванасці абітурыентаў, каб улічваць узровень кожнага курсанта.

А ў Гродне з абітурыентамі працуюць або індывідуальна, або ў маленькіх групах. Больш за тое, праводзіцца дыягностыка ўзроўню падрыхтаванасці і псіхалагічных асаблівасцей кожнага абітурыента, і ў выніку кожнаму прапаноўваецца найбольш эфектыўная для яго форма работы. Такім чынам, усе абітурыенты ведаюць, па якіх раздзелах яны недастаткова добра вывучылі матэрыял, і з дапамогай вопытнага выкладчыка накіроўваюць на іх свае намаганні.

Выклікае ўвагу той факт, што па выніках цэнтралізаванага тэсціравання Гродзенская вобласць з году ў год займае першыя месцы. Я не схільны прыпісваць гэтую заслугу толькі Рэгіянальнаму цэнтру тэсціравання, бо ў Гродзенскай вобласці традыцыйна моцна працуе агульнаадукацыйная школа. І вялікі плён прыносяць сумесныя намаганні.

Скажыце, Мікалай Сцяпанавіч, вас часта папракаюць у тым, што вынікі ЦТ, як правіла, ніжэйшыя, чым вынікі ў школе?

— Але так і павінна быць, бо гэта закладзена ў самой сістэме падліку вынікаў. Тут дзейнічае так званы нарматыўна-арыентаваны падыход, які дазваляе вызначыць рэйтынгавае месца кожнага абітурыента ў агульным спісе. І па выніках ЦТ нельга выстаўляць ацэнкі сістэме тэсціравання ці школе.

Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў не вучыць, а размяркоўвае абітурыентаў адносна адзін аднаго. Вышэйшыя навучальныя ўстановы ў залежнасці ад прэстыжнасці сваіх спецыяльнасцей або здымаюць вяршкі, прымаючы на вучобу абітурыентаў з вельмі высокім агульным балам, або набіраюць сярэдніх абітурыентаў, або прымаюць тых, хто застаецца. І калі на факультэт прыходзяць студэнты з нізкім прахадным балам, то гэта не праблема ўстановы, якая праводзіць цэнтралізаванае тэсціраванне, а праблема ВНУ, якая не зацікавіла абітурыентаў з высокімі баламі.

Хоць ёсць тут і іншы аспект. Справа ў тым, што цэнтралізаванае тэсціраванне падштурхоўвае спрабаваць свае сілы многіх людзей, якія пры традыцыйнай форме ўступных іспытаў і не падумалі б здаваць экзамены ў ВНУ. Калі прааналізаваць кантынгент удзельнікаў ЦТ, то прыкладна палова з іх — выпускнікі бягучага года, сярод іх відавочна вылучаюцца выпускнікі ліцэяў і гімназій, другая палова — выпускнікі мінулых гадоў, у тым ліку тыя, хто скончыў сярэднія спецыяльныя і прафесійна-тэхнічныя навучальныя ўстановы. Зразумела, што кожны прапушчаны год моцна ўплывае на вынік ЦТ, а ёсць многа абітурыентаў, якія закончылі школу і пяць, і дзесяць гадоў таму. Мы таксама разумеем таксама, што ў ССНУ і ПТВ галоўнай справай з’яўляецца прафесійная падрыхтоўка, а агульнаадукацыйная падрыхтоўка займае там не больш за 60% вучэбнай праграмы. І нават калі навучэнцы займаюцца самастойна, школьнікі ўсё роўна мае магчымасць падрыхтавацца лепш. Таму выпускнікі мінулых гадоў, як правіла, маюць ніжэйшы вынік на ЦТ, чым выпускнікі бягучага года, і значна ўплываюць на статыстыку.

Вы глыбока аналізавалі вынікі цэнтралізаванага тэсціравання гэтага года. Скажыце, на што варта звярнуць увагу будучым удзельнікам ЦТ?

— Сёлета, як і ў папярэднія гады, не надта высокія вынікі ЦТ па прыродазнаўчых і матэматычных дысцыплінах — такая спецыфіка прадметаў. На жаль, у школах ёсць праблема з наяўнасцю прыбораў, рэактываў і тэхнічных сродкаў навучання. І мы заўважылі, што працэнт выканання заданняў па фізіцы, хіміі, біялогіі, якія разлічаны на школьны эксперымент і лабараторныя доследы, істотна скарачаецца.

Удзельнікі ЦТ маюць цяжкасці і з тымі заданнямі, дзе ёсць вялікі тэкставы змест (хоць у тэстах, у адрозненне ад іншых формаў іспытаў, ён мінімізаваны). Як толькі тэкст задання выходзіць за рамкі аднаго — двух сказаў, мы бачым, што абітурыентам складана зразумець яго сутнасць. Мы звязваем гэта з тым, што школьнікі вельмі многа часу праводзяць за камп’ютарам і мала чытаюць. Насамрэч, гэта трывожны сімптом. Калі чалавек не разумее тэкст, то з вялікай верагоднасцю ён не зможа напісаць так, каб яго разумелі іншыя.

Нізкую культуру мовы мы заўважылі якраз на тэсціраванні па фізіцы і матэматыцы, бо заданні там сфармуляваны максімальна лаканічна. Мы стараемся, каб і адказы на іх займалі не больш за трэць старонкі. Асаблівасць тэсціравання ў тым, каб выбраць рацыянальны шлях рашэння. Таму калі хтосьці сцвярджае, што рашэнне заняло некалькі старонак, гэта значыць, што ён выбраў не самы кароткі шлях.

І яшчэ адно назіранне: абітурыенты не ведаюць многіх звыклых для старэйшага пакалення слоў. Напрыклад, вялікія цяжкасці на мінулым ЦТ выклікалі словы “тэлеграма”, “бандероль” , “щёголь”. Мы не папракаем абітурыентаў, а ўспрымаем гэта як прымету нашага часу і ў будучыні будзем з асцярожнасцю падбіраць заданні, звязаныя са словамі, якія для моладзі могуць аказацца састарэлымі.

Між тым, мы разумеем, што так званыя фонавыя веды дэманструюць якасць вывучэння як мовы, так і літаратуры. Нашы спецыялісты лічаць, што праз тэставыя заданні можна ўплываць як на змест працы на ўроку, так і на педагагічную тэхналогію. Неабавязкова павялічваць спіс вывучаемых твораў па літаратуры ў школе, а вось пра методыку каменціраванага чытання на ўроку забываць не варта.

Звычайна, калі ў педагагічным асяроддзі абмяркоўваюцца праблемы ведаў па рускай і беларускай мовах, усё зводзіцца да патрабаванняў павелічэння колькасці гадзін у старэйшых класах. Мы ж лічым, што змяненне адносін да літаратуры можа даць значна лепшыя вынікі.

У ВНУ часта скардзяцца, што школьнікі рыхтуюцца да цэнтралізаванага тэсціравання і пры гэтым не ўмеюць даказваць тэарэмы, шукаць прыгожыя рашэнні…

— Дзіўна, бо ў школе, дзе ёсць вучэбныя праграмы, падручнікі і адпаведныя патрабаванні, якраз вучаць даказваць тэарэмы. Больш за тое, вельмі разумным і рацыянальным рашэннем з’яўляецца правядзенне школьнага экзамену па матэматыцы ў традыцыйнай форме. Немагчыма сумясціць выпускны і ўступны іспыты, і выпускнік павінен быць зацікаўлены не толькі ў добрых выніках ЦТ, але і ў паспяховай здачы экзаменаў за курс сярэдняй школы. Школа можа і павінна вучыць даказваць тэарэмы, а калі ЦТ па матэматыцы здаюць 117 тысяч чалавек, то праверыць прыгажосць іх разважанняў, на жаль, нерэальна. Інакш трэба вяртацца да старой сістэмы, дзе было некалькі патокаў, мноства груп, экзаменацыйных камісій… Але дзе гарантыя, што пры такой сістэме ўсе пачнуць даказваць тэарэмы? Зрэшты, усё гэта мы ўжо праходзілі.

Таксама нас абвінавачваюць у тым, што ўсіх абітурыентаў мы ставім у роўныя ўмовы і не ўлічваем тэмперамент кожнага чалавека, а ёсць, маўляў, халерыкі, ёсць флегматыкі, якім для выканання заданняў патрэбны розныя прамежкі часу. Хачу сказаць, што наша жыццё вельмі ўніфікаванае, і па-іншаму нельга. Безумоўна, добра, калі мы дапамагаем раскрыцца кожнай асобе, аднак і падрыхтоўка школьнікаў і студэнтаў вядзецца ў групе, і працуе чалавек у калектыве. Святлафор гарыць аднолькава для ўсіх, і ён не вызначае халерыкаў і флегматыкаў. Калі хтосьці не паспявае прайсці цераз дарогу на зялёнае святло, то гэта адразу стварае праблемы для ўсіх удзельнікаў руху.

Заканчваецца першы этап рэпетыцыйнага тэсціравання. Скажыце, Мікалай Сцяпанавіч, якія першыя вынікі?

— Хачу паведаміць цікавую інфармацыю. Справа ў тым, што некаторыя рэгіянальныя цэнтры тэсціравання правялі аналіз вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання 2009 года і ўсіх трох этапаў рэпетыцыйнага тэсціравання, якія папярэднічалі ЦТ. Высветлілася наступнае: тыя абітурыенты, якія ўдзельнічалі ва ўсіх трох этапах рэпетыцыйнага тэсціравання, падчас ЦТ паказалі ў два разы вышэйшы бал, чым сярэдні па прадмеце сярод усяго кантынгенту. Тыя, хто ўдзельнічаў у двух этапах, атрымалі бал у паўтара разы вышэйшы за сярэдні. Удзельнікі аднаго этапу рэпетыцыйнага тэсціравання паказалі сярэдні вынік.

Не трэба, аднак, думаць, што ўдзел у рэпетыцыйным тэсціраванні прама вядзе да поспеху на ЦТ (хоць без глыбокага аналізу сітуацыі напрошваецца менавіта такая выснова). Рэпетыцыйнае тэсціраванне не вучыць, яно перш за ўсё выступае сродкам самадыягностыкі і адпрацоўкі тэхналогій: запаўнення бланкаў, паводзін і размеркавання часу на працягу 90, 120 ці 180 мінут. Іншымі словамі, на рэпетыцыйным тэсціраванні абітурыент рыхтуецца да тых умоваў, што будуць прадстаўлены яму ў ходзе ЦТ.

Аналіз паказвае, што на рэпетыцыйнае тэсціраванне ідуць, як правіла, матываваныя дзеці з добрай падрыхтоўкай. І яны паказваюць лепшыя вынікі не таму, што тры разы прарэпеціравалі ЦТ. Наадварот, яны вельмі добра падрыхтаваны і стараюцца яшчэ больш палепшыць сваё становішча, таму і ўдзельнічаюць ва ўсіх трох этапах рэпетыцыйнага тэсціравання, каб праверыць сябе.

На рэпетыцыйным тэсціраванні прапаноўваюцца заданні з агульнага банка тэстаў Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў. Гэта значыць, на першых этапах, якія праходзяць восенню і зімой, выпускнікі школы могуць сутыкнуцца з тым, што некаторыя раздзелы прадмета яшчэ не вывучаны. На трэцім этапе выпускнікі ўжо ведаюць гэтыя раздзелы, што дазваляе ім звярнуць на іх асабліва пільную ўвагу, каб цалкам ліквідваць прабелы ў ведах.

Вядома, што падчас цэнтралізаванага тэсціравання вартасць кожнага задання залежыць ад таго, як многа ўдзельнікаў яго выканалі. А як правяраюцца тэсты рэпетыцыйнага тэсціравання? Вы ж не чакаеце, пакуль закончыцца першы этап, каб параўнаць усе работы?..

— Мы выкарыстоўваем распрацаваныя каэфіцыенты складанасці заданняў, што дазваляе ацэніць кожную работу максімальна набліжана да ЦТ. Нас радуе, што абітурыенты і іх бацькі вельмі сур’ёзна ставяцца да вынікаў рэпетыцыйнага тэсціравання. Аднак многія спрабуюць знайсці абсалютную заканамернасць паміж рэпетыцыйным і цэнтралізаваным тэсціраваннем, мяркуючы, што вынік ЦТ павінен быць такім жа, як на рэпетыцыі, ці нават большым. Гэта не заўсёды апраўдана, бо на рэпетыцыйным тэсціраванні зусім іншая псіхалагічныя абстаноўка, дзе абітурыентаў ніхто не кантралюе. Зразумела, што яны найперш правяраюць самі сябе, а таму не павінны прыносіць у аўдыторыю калькулятары і падручнікі. Але ж некаторыя прыносяць! На ЦТ гэта будзе немагчыма. Таму трэба ставіцца да рэпетыцыйнага тэсціравання, як да цэнтралізаванага, тады розніца паміж вынікамі будзе мінімальнай.



Трэба сказаць, што ў заданні цэнтралізаванага тэсціравання наступнага года будуць унесены некаторыя карэктывы. Так, па структуры, агульнай колькасці заданняў і ўзроўні складанасці тэсты застануцца нязменнымі, але можа мяняцца, напрыклад, колькасць заданняў на тую ці іншую тэму. Зразумела, тэсты будуць у рамках школьнай праграмы і праграмы для паступаючых у ВНУ, але ўсё ж яны могуць крыху адрознівацца ад тых, што прапаноўваюцца на рэпетыцыйным тэсціраванні.
Гутарыла Галіна СІДАРОВІЧ.

Фота Алега ІГНАТОВІЧА.
: testing -> nast gaz
testing -> Традыцыі і навацыі Што дазваляе маленькай краіне трымаць лідарства ў галіне адукацыі
testing -> Мікалай фяськоў: "З матэматыкай "не сябруюць" не толькі беларускія школьнікі "
testing -> Усякі попыт заўсёды нараджае прапанаванне
testing -> Колькі працоўнага імпэту патрэбна настаўніку?
testing -> Ці правяраюць тэсты творчыя здольнасці ў абітурыентаў?
testing -> Хто ў шоку ад pisa?
testing -> Працаваць на тэстамі далей
testing -> Праграмнае забеспячэнне як сродак эфектыўнай падрыхтоўкі і правядзення цэнтралізаванага тэсціравання
nast gaz -> Цэнтралізаванае тэсціраванне, акрамя асноўнай функцыі ранжыраванне абітурыентаў, выконвае не менш важную вызначае ўзровень падрыхтаванасці выпускнікоў: як кожнага, так і асобных груп




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка