Урок мужнасці: гарант міру і спакою
Падрыхтавала:
Цалко Н.А.
Отар 2007
Мэты ўрока:
▪ пашырыць веды вучняў пра ваенныя падзеі, што адбываліся на тэрыторыі нашай краіны;
▪ выхоўваць у школьнікаў цікавасць да гераічнага мінулага Рэспублікі Беларусь, любоў да Радзімы, пачуццё гонару за суайчыннікаў;
▪ развіваць пачуццё мужнасці і адказнасці.
Эпіграф урока:
На свеце існуе слоў вельмі багата.
Але найжахлівей з іх слова “вайна”.
Абсталяванне:
▪ Выстава рэпрадукцый, прысвечаных Дню абаронцаў Айчыны.
▪ Кніга “Памяць” Чачэрскага раёна.
Ход урока
Уступнае слова:
Дзеці, сёння ў нас незвычайны ўрок.
У пачатковай школе вы ўпершыню сустракаецесь з такімі паняццямі, як дзяржава, подзвіг, герой. У гістарычным ракурсе гэтыя словы заўсёды суседнічаюць: кожная дзяржава абараняла сваю незалежнасць і была моцнай праз сваё войска; кожная мела сыноў-герояў і ўшаноўвала пэўным чынам іх подзвігі, як грамадзянскія, так і ваенныя.
У даўнія часы нашы продкі крывічы мелі такі звычай. Калі юнак дасягаў паўналецця, то, каб звацца сапраўдным мужчынам, ён павінен быў вытрымаць складаныя выпрабаванні: пераплысці паўнаводную раку, раскласці ў дождж вогнішча, упаляваць звера...
Ва ўсе часы былі запатрабаваны мужчынская сіла, мужнасць, гатоўнасць абараніць сям’ю, род. Нашы продкі, калі гэта было неабходна, са зброяй у руках абаранялі свой дом. Кожны князь меў асабістую дружыну, найбольшага росквіту дасягала тая дзяржава, якая мела моцнае войска.
Наша мірнае жыццё сёння абараняюць Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь. Іх стварэнне пачалося ў 1991 годзе пасля распаду СССР і ўзнікнення самастойнай і незалежнай дзяржавы – Рэспублікі Беларусь. Наша армія захавала і памножыла лепшыя традыцыі Савецкай Арміі.
Зараз колькасць ваеннаслужачых, абгрунтаваная аператыўна-стратэгічнымі разлікамі, складае 50 000 чалавек, акрамя гэтага ў арміі працуюць 15 000 грамадзянскіх асоб. Уведзены новы від службы – служба ў рэзерве. Яе нясуць тыя, чыю працу на мірным фронце дзяржава лічыць больш важнай. У 2006 годзе службу ў рэзерве прайшлі больш за 3000 чалавек.
Зброя XXI стагоддзя з’яўляецца высокаінтэлектуальнай. Каб ёю карыстацца і яе ўдасканальваць, патрэбны веды. У краіне створаны моцны ваенна-навуковы і ваенна-адукацыйны комплекс. Моладзь мае магчымасць атрымаць першапачатковыя веды па ваеннай падрыхтоўцы на ваенных факультэтах пры грамадзянскіх ВНУ.
Важнейшы фактар забеспячэння нацыянальных інтарэсаў і дзяржаўнай бяспекі – гэта ваша патрыятычная свядомасць. Служба ва Узброеных сілах – свяшчэнны доўг, пачэсны абавязак кожнага юнака. Варта, каб вы ўсвядомілі гэта; ведалі, што менавіта армія забяспечвае ў краіне мір, стабільнасць і бяспеку; ганарыліся ёю і паважалі людзей у ваеннай форме.
Гутарка з класам:
-
Скажыце, калі ласка, свае меркаванні наконт службы ва Узброеных сілах?
-
Ці патрэбна, наогул, такая служба? Яе мэты, задачы?
-
Хто з вас, магчыма, задумваўся над сувяззю далейшага жыцця з Узброенымі сіламі?
(Адказы вучняў)
А цяпер разгледзім выставу рэпрадукцый, якая дазволіць нам “дакрануцца да вялікай гісторыі”. Спачатку разгледзім узнагароды Рэспублікі Беларусь.
(Выказванні вучняў наконт узнагарод)
-
Можа, вам прыходзілася ў жыцці сутыкацца з такімі ўзнагародамі? Раскажыце пра гэта.
(Выказванні вучняў)
-
Як вы лічыце, што дало пачатак такому святу?
(ВАВ,барацьба за незалежнасцьРБ.)
(Гімн РБ, вершы на ваенную тэматыку.)
Аляксей Пысін:
Замрыце перад цішынёй
І не трывожце тых, хто сну не мелі.
У мурах, што сталі грудаю адной,
Магчыма, ўжо грымоты анямелі.
-
Які сэнс нясуць гэтыя радкі?
А вось верш Л.Рашкоўскага “Я хачу салдатам стаць”
Як і мой калісьці тата,
Стаць і я хачу салдатам
І айчыне даць прысягу
На адданасць і адвагу.
Я хачу салдатам стаць,
Каб спакойна будаваць
Тата мог дамы, заводы
І каб мірна жыць заўсёды.
- Пра што сведчыць гэты верш?
Чытанне верша Р.Барадуліна “Бацьку”
-
А ці ведаеце вы вашых аднавяскоўцаў, якія вызначыліся на франтах ВАВ?
(Вывучэнне кнігі “Памяць” Чачэрскага раёна. Ст.278-298, 307)
Вынікі ўроку:
-
Што засвоілі для сябе з сённяшняга ўроку?
-
Што з’яўляецца адным з галоўнага ў нашым жыцці?
-
На што трэба заўсёды звяртаць увагу?
Давайце паабяцаем адзін аднаму і кожны сам сабе, што зробім усё для міру на зямлі.
Мы з вамі заўсёды павінны памятаць пра тых людзей, якія змагаліся з фашысцкай Германіяй, быць ім удзячнымі за тое, што яны вызвалілі чалавецтва ад фашызму і падарылі нам мір!
А закончыць сённяшні ўрок я б хацела такімі словамі:
Мір – гэта галоўнае слова ў сусвеце.
Мір вельмі патрэбны нашай планеце!
Мір патрэбен дзецям!
Мір патрэбен дарослым!
Мір! Мір! Мір!
Поделитесь с Вашими друзьями: |