Подзвіг савецкага народа: да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў



Дата канвертавання15.05.2016
Памер63.33 Kb.
Подзвіг савецкага народа: да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Дрэвы забылі пра буры і страты,

Раны свае загаіла зямля.

Толькі нічога забыць не змагла ты,

Памяць мая!
Набліжаецца святочны ліпень, калі ўся рэспубліка, у тым ліку і наш раён, будуць святкаваць 70-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 23 верасня 1943 года быў зроблены першы крок на гэтым вялікім шляху. У гэты дзень савецкія войскі прынеслі мір і глыток жыцця жыхарам горада Камарына — тады раённага цэнтра. Менавіта адсюль, з гэтага крайняга пункта Беларусі, пачала пракладвацца слаўная дарога вызвалення.

Доўгім і цяжкім быў шлях да Перамогі над ворагам. Савецкія людзі ішлі да яе амаль пяць гадоў. Ішлі, каб перамагчы. І перамаглі. Дзень за днём вызваляючы родную зямлю ад акупантаў.  Асенне-зімовае наступленне 1943-44 гадоў прынесла вызваленне 36 раёнам і двум абласным цэнтрам - Гомелю і Мазыру, быў фарсіраваны Днепр у раёне Лоева. У выніку наступальных аперацый Чырвонай Арміі з верасня 1943 года па красавік 1944 года была вызвалена прыкладна пятая частка тэрыторыі Беларусі. У 1944 г. пачаўся завяршальны этап Вялікай Айчыннай вайны - поўнае выгнанне акупантаў з савецкай зямлі. Значную ролю ў рашэнні задач на гэтым этапе адыграла Беларуская наступальная аперацыя, вядомая пад кодавай назвай "Баграціён". 4 ліпеня 1944 года быў вызвалены наш Мядзел. У яго вызваленні прымалі ўдзел воіны 850 стралковага палка (камандзір Д.К.Марозаў) 277 стралковай дывізі 5 Арміі пры садзейнічанні партызан брыгады ім. Варашылава.

Вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў стала магчымым дзякуючы мужнасці, стойкасці, самаахвярнасці ўсяго савецкага народа ў тыле і на фронце, байцоў, камандзіраў Чырвонай Арміі, партызан і падпольшчыкаў Беларусі.

Звыш 1500 савецкім воінам за вызваленне Беларусі было прысвоена высокае званне Героя Савецкага Саюза, 402 тысячы чалавек узнагароджаны ордэнамі і медалямі.



Беларусь унесла грамадны ўклад у агульную Перамогу, цана якой для нашага народа вельмі вялікая! У полымі вайны загінуў кожны трэці наш суайчыннік, больш 800 тысяч салдат і афіцэраў паляглі на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Гітлераўцы знішчылі амаль 2,5 міліёны мірных грамадзян. Сотні тысяч памерлі ад ран і знявечанняў.

Мядзельскі раён быў акупіраваны ў пачатку ліпеня 1941 года. У хуткім часе ён быў уключаны ў склад Вілейскага гебітскамісарыята. У снежні 1942 года заходняя частка Мядзельшчыны далучана да генеральнай акругі “Літва”. З першых дзён акупацыі пачаўся разгул фашысцкага тэрору. Знішчалі дзяржаўна-партыйны актыў, гінулі ваеннапалонныя, жудасны лёс напаткаў яўрэйскае насельніцтва. Моладзь вывозілі на катаржную працу ў Германію. Акупацыйная ўлада трымалася на вайсковай сіле. Па ўсім раёне былі створаны фашысцкія гарнізоны – у Мядзеле, Шэметаве, Княгініне, Крывічах, Будславе, Свіры, Нарачы, Канстанцінаве, Старлыгах.

У шэрагу вёсак гітлераўцы падверглі мірных жыхароў нечуваным здзекам. Толькі ў адной вёсцы Брусы быў зажыва спалены 41 чалавек, пераважна старыя і дзеці. 42 чалавекі згарэлі ў агні ў вёсцы Новікі. Людзі выбягалі з вогненнага хлява – а ім насустрач несліся кулямётныя чэргі: фашысты не пакідалі сведкаў. Ператварыліся ў папялішччы вёскі Лужы, Няверы, Нагаўкі, Крапіўна, Качаргі, Суднікі, Шкальнікова, Калодзіна, Новыя Габы, Стахоўцы, Чарэмшыцы, былыя хутары Гаць, Бароўка.

Спадзяванні акупантаў, што ўдасца масавымі растрэламі, карнымі аперацыямі запалохаць насельніцтва, не спраўдзілася. Ствараліся антыфашысцкія групы, якія пасля перарасталі ў партызанскія атрады і злучэнні. На тэрыторыі нашага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны дзейнічала 5 партызанскіх брыгад: 16-я Смаленская, імя Будзённага, імя Ракасоўскага, імя Даватара, імя Варашылава, 2 атрады спецыяльнага прызначэння: імя Дзяржынскага і “Баявы”. У партызанскіх атрадах змагаліся Героі Савецкага Саюза П.М.Машэраў, Фёдар Рыгоравіч Маркаў, Алег Сяргеевіч Бычок, Аляксандр Сямёнавіч Азончык, Ганна Іванаўна Маслоўская. На пэўны час нарачанскі лес стаў прытулкам і для літоўскіх партызан. З 1943 года на месцы дыслакацыі партызанскай брыгады імя Варашылава базіруецца і Вілейскі падпольны абкам КП (б)Б і Вілейскі падпольны абкам камсамола, рэдакцыя абласной “Сялянскай газеты”.

Незагойныя раны нанеслі нямецкія фашысты ў час свайго гаспадарання ў Мядзельскім раёне: за гады акупацыі - з 28 чэрвеня 1941 па 4 ліпеня 1944 года – фашысты разбурылі 68 населеных пунктаў, вывезлі на катаржныя работы ў Германію 3079 чалавек, знішчылі каля 4000 мірных жыхароў. На франтах загінула 1185 нашых землякоў, прапала без вестак – 468 чалавек. Ціхія хутары і вёскі ператварыліся ў папялішчы: 3800 сялянскіх дамоў з надворнымі пабудовамі спалілі немцы. Былі разбураны 62 школы і 14 хат-чытальняў, спалены 3 клубы, зруйнавана сетка аховы здароўя.

Hа беларускай зямлі няма такога месца, якое не было б сведчаннем народнага  подзвігу.  Помнікі, мемарыялы, абеліскі... 3 імёнамі тых, хто не вярнуўся з вайны, і без імёнаў. У нашай рэспубліцы іх каля 8,5 тысяч. Пад імі спяць вечным сном сыны Айчыны - воіны, партызаны, падпольшчыкі, мірныя жыхары, расстраляныя і закатаваныя гітлераўцамі.

Увекавечванне памяці загінуўшых у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі пачалося яшчэ ў ваенныя гады. Кожны загад Вярхоўнага Галоўнакамандуючага заканчваўся словамi: "Вечная слава героям, якія палі ў баях за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы”.

У 1966 г. урад рэспублікі прыняў рашэнне аб стварэнні Хатынскага мемарыялу – помніка дзевяці тысячам двумстам беларускім вёскам, якія поўнасцю ці часткова былі знішчаны фашыстамі. Мемарыял быў адчынены 5 ліпеня 1969 г. і стаў адразу вядомы ва ўсім свеце. Менавіта гэты мемарыял сімвалізуе ўсе тыя незвычайныя, невыносныя пакуты, якія зведаў беларускі народ.

Асобае месца ў гераічнай барацьбе савецкага народа займае Брэсцкая крэпасць-герой. Яе справядліва называюць універсітэтам мужнасці. Велічны мемарыял крэпасці-герою быў адкрыты 25 верасня 1971 года. Ён  адлюстраваў бяспрыкладны гераізм савецкіх людзей у першыя гадзіны і дні Вялікай Айчыннай вайны. Крэпасць абаранялі прадстаўнікі 33 нацыянальнасцей былога Савецкага Саюза. Кампазіцыйным цэнтрам ансамбля з'яўляюцца галоўны манумент "Мужнасць" - скульптура воіна і штык-абеліск. З манументам арганічна звязаны трох'ярусны некропаль, дзе пахаваны астанкі 850 абаронцаў крэпасці. Побач з руінамі былога інжынернага ўпраўлення гарыць Вечны агонь Славы. Перад ім - адлітыя з бронзы словы: "Стаялі насмерць, слава героям!"

Як даніна ўдзячнасці беларусаў Чырвонай Арміі вырас і 5 жніўня 1969 г. быў адкрыты велічны Курган Славы. Сотні тысяч людзей прыняло ўдзел яго насыпанні. У Беларусі насыпана больш за 100 курганоў Славы з мемарыяльнымі архітэктурнымі ці скульптурнымі надбудовамі, якія ўвекавечваюць подзвіг нашага народа.

Як сімвал неўміручай славы савецкіх воінаў і партызан, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, узвышаецца ў Мінску на плошчы Перамогі велічны помнік-абеліск. Перад ім гарыць Вечны агонь - жывы напамін аб незабыўных подзвігах патрыётаў, аддаўшых жыццё за Радзіму. Творчасцю саміх працоўных з'яўляецца помнік "Мінск - горад-герой".

Ушаноўваецца памяць аб загінуўшых у той страшнай вайне і ў нашым раёне. У 1963 годзе на месцы размяшчэння падпольных партыйных і камсамольскіх органаў, штаба партызанскай брыгады імя Варашылава ў нарачанскіх лясах адноўлены 3 зямлянкі, а ў 1980 – устаноўлены 2 мемарыяльныя знакі.

У 1952 годзе на месцы аднаго з баёў партызан з фашыстамі, непадалёку ад вёскі Пасынкі быў узведзены 15-метровы абеліск, а ў 1968 годзе замест яго ўстаноўлены помнік “Партызанам і партызанкам зямлі Нарачанскай” – сімвал вечнай славы народных мсціўцаў - велічна стаіць ён на крутым узгорку па-над возерам Нарач. У Мядзеле па вуліцы Юбілейнай у 1966 годзе пабудаваны помнік “Смуткуючай маці”, які ўзвышаецца над брацкай магілай 169-ці савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі ў нашай мясцовасці ў 1943-1944 гадах.

Імёны воінаў, партызан, падпольшчыкаў увекавечаны ў назвах паркаў, плошчаў, праспектаў, вуліц гарадоў і гарадскіх пасёлкаў. Праяўленнем глыбокай павагі і светлай памяці воінаў, партызан, падпольшчыкаў і мірных жыхароў, расстраляных і спаленых жывымі, уяўляецца 146-томнае выданне гісторыка-дакументальных хронік "Памяць", якое было завершана да 60-годдзя Вялікай Перамогі. У гэтых унікальных кнігах на ўзроўні кожнага горада і раёна нашай рэспублікі пададзены ўсе асноўныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны ў рэгіёнах, паймённа названы ўсе воіны Чырвонай Арміі, якія загінулі пры абароне і вызваленні Беларусі; воіны-землякі, партызаны, падпольшчыкі, загінуўшыя на вайне, а таксама мірныя жыхары кожнага горада, пасёлка, вёскі, расстраляныя і закатаваныя нямецка-фашысцкімі акупантамі.

Ніхто не забыты, нішто не забыта - гераічнае мінулае навекі ў памяці народнай. Яно адчувальна жыве ў сённяшнім дні. Славай ветэранаў, несуцешным болем страт жыве гэтае мінулае ў свядомасці і сэрцах не толькі людзей старэйшага пакалення, але і іх дзяцей, унукаў, праўнукаў, якія не ведалі жахаў вайны. Жыве і вучыць жыць па самых высокіх мерках патрыятызму і маралі. Вучыць ненавідзець вайну, цаніць і абараняць мір.

Часцей, часцей прыпамінай


Імёны паўшых смерцю храбрых
За родны край, наш мілы край, -
Каб над зямлёй, што млела ў ранах,
Плыў гэты сіні-сіні ранак,
Цвіў гэты белы-белы май,-
Часцей, мой друг, прыпамінай!
: uploads -> files
files -> 18 кастрычніка 2012 г. 1522 Аб узнагароджанні Ганаровай
files -> Клубы і аматарскія аб’яднанні Назва бібліятэкі
files -> Клубы і аматарскія аб’яднанні сеткі публічных бібліятэк Стаўбцоўскага раёна
files -> Праграма аховы гісторыка-культурнай спадчыны Пастаўскага раёна на 2012 – 2015 гады
files -> Хроніка вызвалення
files -> Расоншчына ў канцы 19 – пачатку 20 стагодзя
files -> Аб выніках выбараў дэпутатаў Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў 27 склікання
files -> 20 лютага 2012г. 247 Аб узнагароджанні
files -> Загінулі і пахаваны, месца пахавання вядома Прапалі без вестак
files -> 25 ліпеня 2012 г. 1074 Аб узнагароджанні




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка