Прадмова да аблічбанавага выдання



старонка10/12
Дата канвертавання15.05.2016
Памер2.1 Mb.
1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   12

10/27. Саўкі (Савасцей). У цёплую восень хавалі вуллі ў амшанік, хаця звычайна гэта рабілі ў Засімаў дзень.

11 /28. Пакроўны бацька — прысвятак за тры дні перад Пакро­вамі (Талстая, 1986).

ПакроўцыДзяды перад Пакроваю, адзначаліся на Магілёў­шчыне. У Вілейскім павеце асеннія Дзяды праводзіліся пры­блізна каля І кастрычніка. “Сяляне адной вёскі кожны год ро­бяць памінкі ў адзін і той жа тыдзень, сяляне другой вёскі — у другі. Адны з іх звычайна ўдзельнічаюць у святах іншых” (Крачкоўскі, 1874).

“А я й з табою на ручнічок стану…”



Выпрабаванне на працавітасць



Весялей іграй, музыка!



Добры памол з першага ўраджаю



14/1. Пакровы (Пакроў, Трэцяя Прачыстая) — народнае свята глыбокай восені, пасля яго пачынаецца зіма. Сяляне стараліся закончыць палявыя работы, усебакова падрыхтавацца да зімы. Пра гэты дзень вядома шмат прымавак: “Прыйшла Пакрова, пытае, ці ты да зімы гатова”, “Калі да Пакроў не было снегу, не будзе яго яшчэ два тыдні”, “На Пакроў мароз — сей пад кустом авёс” і інш.

Адбываюцца змены ў прыродзе: “Прыйшла Пакрова — усох­ла дуброва” (Радчанка, 1888), “Свята Пакрова, пакрый зямельку лісточкам, а галоўку вяночкам”. Становіцца менш корму жывё­ле на лугах. “Пакровы — зарыкалі каровы” (Слонімскі раён), “На Пакрова дай сена карове” (Дубровенскі раён), “Пакрова — кіі на дрова” (г. зн. пастухам ужо не патрэбны) (Іванаўскі раён). Па надвор’і гадалі пра будучае. “Як на Пакрова дождж ідзе, то бортнік скача, а пахар плача”, “Як на Пакроў маладзік стане — лёгка будзе, як “у старом” — сільна зіма” (Лельчыцкі раён).

Пакроў заўсёды чакалі, бо тады было менш работы. На Тураўшчыне кажуць: “Як прыйдзе Пакрова, то жыва-здарова, як прыйшлі жніва, то ляжу нежыва”. Наступала пара асенніх вяселляў. “Прыходзіць Пакрова — раве дзеўка бы карова” (Серж­путоўскі, 1930), “Пакрова — дзеўка гатова, Пакрова прайшла — дзеўка замуж не пайшла” (Свіслацкі раён).

Стары вятрак ужо на спачынку

Добра ахарактарызавана свята ў валачобнай песні, якая бытуе ў Міёрскім раёне:

Святы Пакроў

Пытаецца

Да ў вазвышанькі,

Ці ўпахала

У полі жыта.

Аяй буду

Да й хадзіць

Аглядаці,

Ці ўруніла

У полі жыта,

Зямлю лістом

Засыпаці,

Снегам чыстым

Пакрываці,

Ваду лёдам,

Пчолку мёдам

Надзяляці.

Старых бабак

Кіёчкамі,

Сярэдніх жонак

А дзяўчатак

Вяночкамі

Награждаці.



Дзявоцкае лета (па 21 кастрычніка) на Мядзельшчыне, ты­дзень пасля Пакроваў. У адрозненне ад Бабінага лета ўсе дні раз­мяркоўваліся паміж дзяўчынкамі, якіх ужо прынялі “ў дзеўкі”, і варажылі пра добры характар будучых маладух. Калі дні стаялі сонечныя, значыць, і характар у дзяўчат павінен быць люд­скі, ласкавы (Васілевіч, 1991).

20/7. Палагея, Сяргей. У некаторых раёнах лічаць гэты дзень пачаткам зімы.

21/8. Трыфан, Пелагея. Прыказкі прысвятка адлюстроўваюць халодную пару. “Трыфан, Пелагея золкім ветрам вее”, “Трыфан кажух латае, Палагея рукавічкі вяжа” (Ляснічы, 1990).

23/10. Аўлампій. У народзе прыкмячалі: калі на Аўлампія рогі месяца паказваюць на поўдзень — будзе позняя зіма, на поўнач — суровая (Ляснічы, 1990).

24/11. Зміцер — прысвятак. “Зміцер зямлю выцер, на груды пабіў, каб ніхто не хадзіў”, “Да Змітра баба хітра” (Сахараў, 1937).

25/12. Марцін — свята млынароў. Адзначалі яго на млынавым каменным крузе (Ашмянскі павет; Берман, 1874). У Барысаўскім павеце елі гусей і гаварылі: “Марцін святы — губіцель гагаты” (Ляцкі, 1898). Гагатой называлі гусей, якіх ужывалі на свяце.

28/15. Сымон і Юда. “Сымон з Юдаю працу ў полі канчаюць, хаты аглядаюць” (Паўлюкоўскі, 1934).

Параскева Пятніцкая. Дзень забароны прадзення ў католікаў. “Ня можна прасці, араць, выносіць попел і рабіць шчалок для мыцця бялізны” (Сахараў, 1937).

29/16. Логін — прысвятак, збавіцель хвароб вачэй (Раманаў, 1912).

30/17. Паклоны — дзень адбівання паклонаў пакутніку Анд­рэю Крыцкаму (Крачкоўскі, 1874).

31/18. Лука (Лукаш) — прысвятак, па якім арыентаваліся на Палессі пра неспрыяльную пару для сяўбы азімых. “Хто сіе до Лукы, то нэ будэ маты хлыба, ны мукы” (Маларыцкі раён; Талстая, 1986). Адзін з дзён асенніх вяселляў. “На Лукаша — дзеўка наша”.



Юльян — прысвятак; ахоўнік дзяцей.

ЛІСТАПАД

Лістапад — вераснёўскі ўнук, кастрычнікаў сын, зіме бацюхна родны.

Калі ў лістападзе грыміць — ратай вясну сніць.

У лістападзе гола ў садзе.

Прыйшоў лістапад — кармі скацінку, брат.

У лістападзе кладзі капусту ў кадзі.

Лістапад сцюжаю багах: з кожным падзеліцца, яшчэ і на старцаў пакіне.

Лістапад зіме сцежку пракладае.

Лістапад снегу навее — хлеба прыбудзе, а вада разальецца — сена набярэцца.

Лістапад-паўзімнік: мужык з калёсамі развітваецца, у сані перабіраецца.

Лістапад на рабой кабыле ездзіць: то снег, то слата.

Апошні месяц восені, адзінаццаты — года меў старабеларус­кую назву грудзень (ад слова “груды” ў значэнні “замёрзлая зямля”). Сучаснае беларускае найменне лістапад тлумачыцца проста: канец ападання лісця з дрэў (таксама ва ўкраінцаў листопад, палякаў і чэхаў listopad). Рускі ноябрь, балгарскі ноември, нямецкі den november, вянгерскі і славацкі novembra, утрымліваюць агульную лацінскую аснову novem (дзевяць). Французскія рэва­люцыянеры называлі месяц брумерам, што азначала “туманны”.

У пачатку лістапада адлятаюць апошнія чароды качак, дрэ­вы стаяць ужо амаль без лісця, тэмпература паветра ніжэй нуля, з’яўляюцца туманы. Імжыстыя дажджы ў другой палове месяца змяняюцца на мокры снег.

Вёска на нейкі час вызваляецца ад сельскагаспадарчых ра­бот. Дары асенняга поля і лесу ўжо добра ўладкаваны ў склепах і кладоўках. Самы час успомніць тых апекуноў, якія спрыялі зем­ляробу, і, у першую чаргу, продкаў, “дзядоў”. Багаты стол запра­шае сватоў парадніць сваіх дзяцей. А вечары, што сталі даўжэй­шымі, нагадваюць жанчынам аб кудзелях і піліпаўскіх вячорках.

Як звычайна, назіранні селяніна накіраваны на стан прыро­ды, паводзіны жывёлы, птушак па якіх ён вызначае будучае надвор’е. Неба пад ноч чыстае, але вакол месяца з’явіліся вялікія кругі — будзе мароз, калі ж кругі гэтыя злёгку пачырванеюць — магчымы нават снегапад з ветрам. Куры рана садзяцца на се­дала — маразы наступаюць, і чым вышэй узбіраюцца хахлаткі, тым мацнейшы мароз ударыць. Месяц у бляклую дымку захут­ваецца — на працяглую непагадзь. Калі дым з коміна падымаец­ца вертыкальна ўверх, няхай сабе і ў непагадзь, хутка надвор’е наладзіцца.

1/19. Усе Святыя. Памінальны дзень у беларусаў-католікаў. “Па Усіх Святых холад уйме ўсіх” (Паўлюкоўскі, 1934), “Усе Свя­тыя як засваволяць — дрэвы да рэшты аголяць” (Сахараў, 1937). Варылі кашу, ставілі на стол стакан вады, клалі хлеб і столькі лы­жак, колькі ў хаце “дзядоў” (памерлых продкаў).

2/20. Задушны дзень. Працяг памінальных дзён у католікаў.

Асяніны (Змітраўка, Змітравы Дзяды, Казанскія Дзяды) — памінальны дзень перад Змітрам (пятніца). Гаспадар заклікаў “дзядоў” за стол такімі словамі:

Святыя дзяды, завём вас,

Хадзіце да нас!

Ёсць тут усё, што Бог даў,

Што я для вас ахвяраваў,

Чым толькі хата багата.

Святыя дзяды! Просім вас,

Хадзіце, ляціце да нас.

А выпраўляючы душы памерлых продкаў, гаварыў:

Святы дзяды

Зляталі” сюды,

Есці — пад’елі,

Піць — напіліся,

Чэсць і слава вам!

Цяпер скажыце нам,

Чаго вам трэба?

А лепей:

Ляціце ў неба!



(Дзмітрыеў, 1869)

Пра гэтыя дні таксама казалі: “Жылі дзяды — не бачылі бяды, а ўнукі набраліся мукі” (Дзісенскі павет; Крачкоўскі, 1874).



Дзмітрава (Памінальная, Радзіцельская) субота — працяг Ася­нім. У Смаленскай губерні хадзілі на могілкі. Заўважалі: калі выпадзе снег, то будзе ён і на Вялікдзень.

4/22 Казанская. “Хто на Казанскую жаніхаецца, тон не па­каецца” (Паўлюкоўскі, 1934). У праваслаўным царкоўным кален­дары — святкаванне Казанскага абраза Божай Маці (у памяць вы­ратавання Масквы і Расіі ад палякаў у 1612 годзе).

За прысвяткам замацаваліся цікавыя прыродныя назіранні. Да Казанскай —не зіма, а пасля — не восень; зранку дождж, з вечара — снег. На Казанскую дождж пойдзе — зіму прывядзе. Выязджай на Казанскую на калёсах, але палазы з сабой пры­хапі (Ляснічы, 1990). .



8/26. Зміцер (Змітрок, Дзмітры) — “хітры” дзень, канец надзеі выйсці замуж у гэтым годзе. Адлюстраваны ў прымаўках: “Змі­цер зямлю выцер, на груды пабіў, каб ніхто не хадзіў”, “Да Змітра пасуць, а па Змітру пільнуюць” (Паулюкоускі, 1934), а таксама ў народных песнях:

Святы Зміцер — ён на ўсіх хіцер:

Салады салодзіць, піва робіць,

Сыноў жэніць, дачок выдаець...



(Дзісенскі павет)

Святы Змітра —

Ён багаты:

Сыноў жэніць,

Дачок аддаець,

Па сто рублей

Пасаг даець,

А сынам па канёчку...



(Міёрскі раён)

На Змітра не пралі, не ткалі і ў полі не працавалі. У Гомельскім раёне гавораць: “Проціў Дзмітрыя ў вечэрам не прадуць, не матаюць — Дзмітры хітры. А назаўтра вышываюць” (Талстая, 1986). Змітраў дзень параўноўваюць у прыродных прык­метах з Вялікаднём. “Змітрок па снегу — і Вялікдзень па снегу, Змітрок па голу — і Вялікдзень таксама” (Ляснічы, 1990).



9/27. Тадор. Прысвятак напамінаў, што ўраджай сабраны і ўпарадкаваны. “На Тадора поўна камора” (Сахараў, 1937).

Дзяды. Дарэвалюцыйныя этнографы адзначалі, што ў Ашмянс­кім павеце першыя Дзяды ў чацвер, другія — у суботу, трэція — у нядзелю, чацвёртыя — у суботу перад Загавінамі (Берман, 1874; Паўлюкоўскі, 1934); у Гомельскім павеце спраўлялі Змітраўкі, Дзяды 26 кастрычніка, а Бабы — 27-га (Радчанка, 1888).

10/28. Параскі (Параскева Пяценка, Параскеўя Пятніца, Параскімка, Параскіммя, Параскоўя, Параскі Асеннія) — дзень за­бароны прадзення і ткання. Існавалі павер’і: хто будзе прасці, то з-пад печкі вылезе Пятніца і пакарае (Дабравольскі, 1914); яна ў выглядзе старой бабы ходзіць па вёсках і строга глядзіць, каб ніхто не праў кудзелю ў пятніцу (Радчанка, 1888). Царква да гэтага дня прыстасавала святкаванне святой Параскевы Пятні­цы — велікапакутніцы. На Драгічыншчыне дзяўчаты яшчэ не губ­лялі надзеі на замужжа, таму гаварылі: “Пяцёнка, мая мацёнка, памажы хоч ты, каб мне замуж пайты” (Талстая, 1986).

Адраджэнне дзядоў



11/29. Насіўся (Настасей, Анастасій). Даглядалі і стрыглі авечак. Іх нябачнага апекуна прасілі: “Святы Настасей-прэкрасны, саблюдзі авец нашых” (Дабравольскі, 1914).

Марцін. Свята млынароў. Заканчвалася работа на вадзяных млынах, бо замярзалі рэкі. “З Марцінавага дня пачынаецца зіма” (Б. к., 1957).

12/30. Артошка — дзень пачатку прадзення. “Святы Артошка, напрадзі пачатак з лукошка, а клубок з карабок, а мальчык з пальчык, напрадзі пачатык з пальчык” (Дабравольскі, 1894).

14/1. Кузьма-Дзям’ян (Кузьма-Земян, Касьма-Даміян, Кузь­мінкі) — свята шаўцоў, кавалёў; апякун земляробства і вяселля.

Існуюць паданні пра кавалёў Кузьму і Дзям’яна, якія змага­ліся са змеем. У старой прыказцы зазначаецца: “Кузьма да Дамян — два ліцвіны, прынеслі гаршочак бацвінні” (Насовіч, 1870). У Лельчыцкім раёне гавораць: “На Кузьму-Дзям’яна пры­нялі першага салдата на службу”. У валачобнай песні пяецца:

Святы Пакроў ў гумно звозіць,

Кузьма з Дзям’янам на васець садзіць,

На васець садзіць ды Бога просіць: —

Дай, Божа, ды слаўнаму мужу

На васець пасадзіці, на таку намалаціце

А ў свірні ўсё насыпіста,

А ў млыне ўсё намеліста,

А ў дзяжы ўсё падходзіста,

А ў пячы ўсё падросціста...

(Барысаўскі павет; Шэйн, 1887)

У некаторых раёнах на Кузьмінкі святкавалі першую суст­рэчу зімы, што адлюстравана ў прыкметах: не закаваць зіме ра­ку да Кузьмы; калі Кузьма закуе, дык Міхайла раскуе; на Кузьму лісты на дрэвах трымаюцца — недарод наперадзе чакае (Ляснічы, 1990).



Піліпаўскія Запускі (па 27 снежня) — апошнія дні перад Пі­ліпаўкай. У Калінкавіцкім раёне гавораць; “У Запускі не прэдуць, на Крэшчэнне, Міхайла, Кузьму-Земяна. Рукі позаверняе, або рот набок скрывіць...” (Талстая, 1986).

Міхайлаўскія (Міхальскія, Міхайліны, Асеннія) Дзяды — пят­ніца перад Міхайлам. У Столінскім раёне сцвярджаюць, што хату беляць два разы ў год: вясною і перад Міхайлам, Асеннімі Дзядамі.

Бабы (Міхайлаўскія Бабы). Працяг памінальных дзён у су­боту перад Міхайлам.

21/8. Міхайла (Міхаіл, Міхайла Архайла, Міхайла Рахайла, Міхайлаў дзень) — апошняе свята года; абаронца ад грому. “Міхайло — усім сятком запіхайло, посьлі Міхайла ўжэ нема сяткоў до Рожэства”,— гавораць на Століншчыне. У Калінкавіцкім раё­не кажуць: “Міхайла мы празднуем, коб гром не біў нас. Не рубаем ні тапаром, ні нажом, ні красён не тком, штоб не абідзіўся Міхал” (Талстая, 1986). На Старадарожчьіне заўважаюць: “Не трэба рабіць у гэты дзень, бо Міхайла злы — крышы рве”. Лічылася, што на Міхайла Архайла мядзведзі ідуць у спячку (Свіслацкі раён). Раней пастухі выганялі кароў толькі да Міхайла, пасля — самі гаспадары. У Шумілінскім раёне на Міхайла Рахайла наглядаюць за надвор’ем і прыкмячаюць: калі на сцёках лёд, то будзе ў пчалавода мёд. “Святы Міхайла з халодным ветрам”,— спяваецца ў валачобнай песні.

Унукі ў гэты дзень некалі наведвалі сваіх бабуль. У народзе бытуе: да Міхайла трэба выткаць адны кросны, другія — у Пілі­паўку, трэція — у Мясаед, а чацвёртыя — у пост. Са святам звя­зана і пацяпленне, так званыя міхайлавы адлігі. “З Міхайлы зіма не стаіць, зямля не мерзне”, “На Міхайлу раздарожжа — да зімовага Міколы шляху не будзе”, “Міхайла ў інею прыйдзе — снежная зіма наступае, а калі туманам Міхайла спавіты — быць адлізе” (Ляснічы, 1990).



22/9. Матрона. З прысвяткам звязаны прыказкі і прыкметы пра набліжэнне зімы. “З Матроны становіцца зіма” (Б. с. к., 1937), “Калі на Матрону іней на дрэвах увесь дзень — блізка маразы, з’явіўся туман — блізка адліга” (Санько, 1990).

Піліпаўскія (Раздзвяныя) Дзяды — памінальны дзень перад Піліпаўкай у пятніцу і суботу (Заходняе Палессе). На Глушчыне вядома прыказка: “Піліпаўскі дзед кажа: хоць трашчу, але не пушчу”.

24/11. Хведар Студзянец. Хрысціянскі Феадор Студзіт у сувязі з адпаведным надвор’ем і сугучным прозвішчам у народзе праз­ваны Студзянцом. “Хвёдаравы вятры галоднымі ваўкамі скутоляць” (Ляснічы, 1990).

Вадзяны млын



25/12. Кацярыны,— Прысвятак, які арыентуе ў надыходзе сня­гоў і кароткіх зімовых дзён. “Прыйшла Кацярына — прыйдзе і пярына” (Сахараў, 1937), “Кацярына забрала лета” (Берман, 1874). У некаторых мясцінах лічылася: калі ў гэты дзень будзе дождж або снег, то аж да Грамніц зацягнуцца адлігі (Б.с.к., 1937).

Іван Міласцівы. На Палессі стараліся з кім-небудзь хоць чым­сьці падзяліцца, нешта пазычыць, падараваць. Калі на Івана Міласцівага ішоў дождж або снег, то меркавалі, што аж да Грамніц трэба чакаць адлігі (Васілевіч, 1991).

27/14. Юсцініян. Прызнаны апекуном плоднасці, дзяцінства. Відаць таму, што царкоўны прававерны Юсцініян паказаны на абразе з дзіцём на руках.

Запусты (Загавіны на Піліпаўку) — дзень перад Піліпаўкай. Клікалі ў госці бабу, “што пупы вяжа”. Жанчыны заканчва­лі апрацоўку льну і канапель, рыхтаваліся да піліпаўскіх вя­чорак. У Вілейскім павеце гаварылі: “Пуста места Запусты, пусці, Божа, куцейку” (Шэйн, 1893).

Піліп (Піліпей). Пярэдадзень Піліпаўкі. Апошні дзень падрых­тоўкі ткацкага начыння. Пачынаюцца халады, усе апранаюцца цяплей, таму на Тураўшчыне вядома прымаўка: “Ек залезе Піліп, то і Петро не вужэне” (Тураўскі слоўнік, 1982). У Лель­чыцкім раёне кажуць: “Піліп дзяцей адзявае”. Перад Піліпаў­кай заканчваліся вяселлі, таму спявалі:

Была восень, цяпер зіма,

Былі хлопцы, цяпер няма.

(Бярозаўскі раён)

28/15. Піліпаўка (Калядны, Піліпаўскі пост). Шасцітыднёвы перадкалядны пост (да 6 студзеня). Гаварылі: “У Піліпаўку дзень да палудня” (Федароўскі, 1935). Не елі скаромнага. Не рабілі вяселляў. Дзяўчаты хадзілі на вячоркі, пачыналі ткаць “другія” кросны. У песнях яны расказвалі аб сваіх занятках:

Пойдзем, дзевачкі, у начлежачкі.

Возьмем, дзевачкі, паўтары мычачкі,

Напрадзём, дзевачкі, паўтары цэвачкі,

Аснуём, дзевачкі, паўтары губачкі.

Пойдзем, дзевачкі, на сяло бёрда шукаць.

Усё сяло абышлі, бёрда не найшлі.

Будзем, дзевачкі, ў прасла кросны снаваць,

Будзем, дзевачкі, у тын кросны ткаць.

(Мсціслаўскі раён)

Лічылася, што ў Піліпаўку збіралася “воўчае вяселле”, хадзілі ваўкі зграямі. “Ек Піліпаўка настала, то ваўкі ідуць гайною” (Ту­раўскі слоўнік, 1984). Заўважалі: калі на Піліпаўку надвор’е хмарнае або снежнае, то травень будзе мокры (Б. с. к., 1937). У Столінскім раёне сцвярджаюць: “Як у Піліпаўку навісь на дзерэве, то будзе ўраджай на хлеб”.

Піліпаўскі пост упамінаецца ў асенняй песні:

Пасціла ўдоўка сем панядзелкаў,

Васьмую нядзелечку.

Прынясі, Божа, нежанатага

На маю пасцелечку...

(Вілейскі раён)

30/17. Андрэй. Дзяўчаты вечарам напярэдадні варажылі, сы­палі пад падушку ячмень са словамі: “Святы Андрэю, я ячмень сею, дай жа ты мне знаць, з кім я буду жаць” (Беларуская крыніца, 1928).

ВЯЧОРКІ


Дзяўчаты наймаюць сабе хату на ўсю восень і зіму, да вясны, у якой-небудзь удавы або наогул у беднай сям’і і плацяць у складчыну: льном па вазе, мераю канаплянага семя або круп, а таксама бульбаю. “Вячэраць” прыносяць усё сваё, асвятленне таксама (цяпер усюды керасінавыя “ланпы”).

Збіраецца ў адной хаце дзяўчат пятнаццаць, не больш. Усе прадуць і шчыра спяваюць. Прыходзяць і хлопцы паглядзець на дзяўчат, паслухаць іх спевы. Варта ўвагі тое, што на вячор­кі трапляюць хлопцы з суседніх вёсак, а свае таксама боль­шасць ідзе ў іншыя вёскі, часам і за дзесяць вёрст. Усе дзяўчаты начуюць на вячорках, а не дома. Так і кажуць “Мы ніколі не стыкаемся дома” (не сядзім).



“Вячоркі”. Выступае фальклорны ансамбль “Неруш”



Льецца мелодыя звонкая. Музычны майстар Уладзімір Пузыня

Падлеткі сходзяцца асобна. Нават самыя малыя дзяўчаткі выбіраюць якую-небудзь хату, канечне, бліжэй, дзе яны будуць прасці. Вячоркі называюцца яшчэ “попрадкі”. З надыходам вясны яны спыняюцца, але сяброўкі ўсё-такі ідуць начаваць “у свае вячоркі”... Гэтыя летнія вячоркі называюцца ўжо “наначкі” — “хадзіць у наначкі”.

На працягу зімы дзяўчаты робяць тры, чатыры “вечарынкі”. Наймаюць музыкаў са скрыпкаю і бубнам. Плацяць ім рублі два, у складчыну безумоўна. Прыносяць сваю правізію, гарэлку, а хлопцы — толькі частаванне: семечкі, пернікі. Вечарынкі па­чынаюцца звычайна з раніцы і працягваюцца да позняй ночы. Адны заходзяць, “паскачуць” (патанцуюць) і выходзяць, потым заходзяць іншыя (Радчанка, 1888).



СНЕЖАНЬ

Снежань зіму пачынае, а год канчае.

Мароз у снежні і снег вышэй хаты — будзе год тады багаты.

Снежань замосціць і загвоздзіць.

Снежань зямлю грудзіць, хаты студзіць.

Снежань сцюжны з зімою дружны.

Снежань вока снегам цешыць, ды марозам вуха рве.

У снежні адкрытае вуха — летам горача і суха.

Сухі снежань — сухая вясна, сухое лета.

Першы месяц зімы і апошні каляндарнага года атрымаў назву снежань ад слова “снег”. Старабеларускае найменне яго — прасінець (у значэнні “прасвет у воблаках”), старарускае — студеный, французскае перыяду рэвалюцыі — фрымер (“нама­разь”). Рускі декабрь, французскі décembre, англійскі december, нямецкі Dezember паходзяць ад лацінскага december (дзесяты — у старажытнарымскім календары).

Снежань — найбольш пахмурны месяц у годзе. У ім ёсць і самы кароткі дзень года — 21-га або 22-га (7—8 гадзін).

Сярэднемесячная тэмпература складае ад 5...6 градусаў марозу на паўночным усходзе рэспублікі да 2...3 градусаў на крайнім паўднёвым захадзе.

Фенолагі лічаць прадзім’ем час ад першага з’яўлення снегу да ўстанаўлення сталага зімовага пакрову. Каб атрымаць па­трэбную колькасць вільгаці вясною, сяляне выконваюць снегаза­трыманне, або наадварот, мерапрыемствы па абароне ад лішніх ападкаў. Калі снег ляжа на незамёрзлую глебу і ў паніжаных месцах, то адбываецца выпарэнне і вымаканне азіміны. У снеж­ні здараюцца адлігі.

Здавён у гэтым месяцы асноўная праца сялян пераходзіла ў хату. Доўгімі зімовымі вечарамі гарэла лучына ў пасвеце ці на лучніку. Мужчыны знаходзілі занятак, які быў звязаны з дроб­ным рамяством, рамонтам. Жанчыны ж пасля сядзення за грэбенем ці прасніцаю браліся ткаць кросны. Раней яны стаялі амаль у кожнай хаце.

Добра быў развіты прагноз надвор’я, стан будучай вясны па зі­мовых прыкметах. Народныя веды замацоўваліся ў трапных прыказках і прымаўках. Снежань жыў чаканнем калядных свят.

1/18. Некалі наглядалі за надвор’ем і прыродай. Лічылася: калі ў гэты дзень лагодна — пагодлівая і ранняя будзе вясна (Ляснічы, 1990).

2/19. Якое надвор’е 2 снежня — такое чакаецца і ў сена­кос (Васілевіч, 1991).

3/20. Па гэтаму дню вызначалі надвор’е ў жніво (Васіле­віч, 1991).

4/21. Увядзенне (Вадзенне) — прысвятак. У народзе назву яго звязваюць са словам “вядзенне” (“водзяцца ваўкі”, “вадзілі Варвару”). Кажуць: “Увядзенне, што свят навядзе”, “На Увядзен­не бывала лядзенне”, “Увядзенне прыйшло — зіму прывяло”.

Барбара (Варвара). Частуюцца варанымі або печанымі варэ­нікамі з макам, мёдам ці каноплямі (Берман, 1874). Звязаныя з Варварай прыказкі напамінаюць аб дні зімовага сонцастаяння: “Барбара ноч урвала, а дзень надтачыла” (Сахараў, 1937), аб надыходзе зімы: “Барбара масціць, а Мікола гваздзіць” (Б.г.к., 1926), “На Барбару мароз — рыхтуй ужо воз” (Б.с.к., 1937).

5/22. Савы. У кожнага прысвятка, згодна ўяўленню народа, свая функцыя: “Барбара мосціць, Сава цвікі вострыць, а Міко­ла прыбівае” (Б.к., 1957).

Пракоп. У Паазер’і сяляне талакой расстаўлялі вешкі ля дарог, каб не збіліся са шляху падарожнікі, ачышчалі сцежкі. “Прыйдзе Пракоп хмуры — раскапае гуры” (Ляснічы, 1990).

Залатыя рукі ў ткаллі з Веткаўшчыны Марыі Каўтуновай



Неглюбкія ўзоры



: files -> blocks
blocks -> Паважаны Сяргей Мікалаевіч
blocks -> План дзейнасці Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" на 2014 год
blocks -> Усеагульная дэкларацыя лiнгвiстычных правоў уводныя палажэннi
blocks -> Каардынацыйны савет па развіцці І прасоўванні «Нацыянальнай платформы бізнесу Беларусі» нацыянальная платформа
blocks -> Нацыянальнай платформы бізнеса беларусі
blocks -> Польска-беларускі слоўнік: тэрміны, паняцці і назвы з гісторыі і грамадазнаўства
blocks -> Стратэгія развіцця мовы
blocks -> Закон рэспублiкi беларусь 26 студзеня 1990 г. N 3094-xi аб мовах у рэспублiцы беларусь
blocks -> ПараўНАЎчы аналіз палажэнняў канстытуцый краін усходняга партнёрства І казахстана
blocks -> Прыняты Устаноўчай Асамблеяй Таварыства беларускай школы 22 сакавіка 1996 года


1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   12


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка