Прадмова да аблічбанавага выдання



старонка2/12
Дата канвертавання15.05.2016
Памер2.1 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   12

1/19. Працяг Піліпаўкі (да 5 студзеня), апошні тыдзень.

3/21. Пракоп. “Пракоп па снегу ступае, дарогу капае” (Паўлюкоўскі, 1934).

У Віленскай губерні бытавала: калі да Каляд застаецца два тыдні, то кажуць, што Каляды яшчэ ў амбары; калі два ці тры дні, то гавораць, што яны ўжо на печцы (Альшаны; Крачкоўскі, 1874). Маецца на ўвазе збожжа, мука, цеста і каляднікі, якімі адорваюць калядоўшчыкаў.



5/23. Посная, або галодная, куцця, запіс Каляд у католікаў.

Гаспадар крапідлам (пучок з сухіх калоссяў) акрапляе свян­цонаю вадою хату і іншыя будынкі і ўсюды ставіць крыж (гэта называецца “запісаць Каляды”) (Сахараў, 1937; Раманаў, 1912).



6/24. Першая (посная, бедная, вялікая, марожаная) куцця — сямейная перадкалядная вячэра. Абрадавая страва — звычайна ячная каша з алеем або мёдам. Лічылася: якая куцця, такі будзе і ўраджай; які дзень, такі будзе і год. Не сварыліся, не пралі, хавалі кудзелі, грабяні, верацёны. У хату прыносілі сена, за сталом выклікалі “марозе”. А на Віцебшчыне гаспадар адчыняў акно і гаварыў: “Строк! А строк (авадзень)! Просім да куцці, толькі маіх коней (валоў) не кугуці” (Нікіфароўскі, 1897). Пад­мяталі падлогу, а ў наступныя дні — не, каб быў чысты лён. Існавала шмат іншых прыкмет і павер’яў.

Тры каралі.

7/25. Ражаство (Раство). “Святое Раство — людзям прыгаство” (Усходняя Магілёўшчына; Бялькевіч, 1970). Каляды. Пачатак язычніцкага святкавання ў гонар зімовага сонцастаяння. Калядны мясаед (можна есці мяса), які цягнецца да Вялікага посту (12 сакавіка). На поўначы Беларусі спявалі:

Нам Піліпаўка надакучыла,

Дзеўкам жываты перамучыла.

Мальцам жамеры зубы праелі.

А калядныя ж бліны ладныя,

А мікольскія — не такоўскія.

Забіўшы перад Калядамі свінню, глядзелі яе нутро: калі “каса” акажацца роўнаю, то зіма будзе памяркоўнай; калі ж “каса” з патаўшчэннем, то зіма прыйдзе з моцнымі маразамі; тоўсты канец азначаў працяглую халодную зіму (Раманаў, 1912).

На Каляды праводзілі ігрышчы, дзе танцавалі, гулялі, слухалі казкі, легенды, адгадвалі загадкі. У Стаўбцоўскім раёне такія вечарынкі называліся “Бай”. На Случчыне пасля вячэры дзяў­чаты бегалі ў хлеў “і мацалі гаўядо”. Каторай пападаўся бык, лічылася, што яна выйдзе замуж, а калі карова — то не (Серж­путоўскі, 1930).

Асаблівай папулярнасцю карысталася шлюбная карагодная гульня “Яшчур” (“Яшчар”), у якой праяўляюцца сляды ахвяра­прынашэння цнатлівых дзяўчат старажытнаму дракону-яшча­ру — гаспадару падводна-падземнага свету. На поўначы Беларусі была распаўсюджана таксама шлюбная гульня “Жаніцьба Ця­рэшка. Яшчэ насілі “звязду” — рухомую шматпрамянёвую зорку, асветленую знутры. У язычніцкі час, мусіць, абазначала свяціла, адраджэнне якога святкавалі. Спявалі спецыяльныя пес­ні. Наладжвалі “Батлейку” — пераносную двухпавярховую лялечную сцэну, дзе ставілі народныя п’есы.

КАЛЯДАВАННЕ

Да калядавання групуецца звычайна моладзь, што вечарам ходзіць па вёсцы з віншаваннем. Як “шчынальнік”, або запявала, лічыцца сярод каляднікаў патрэбным чалавекам, так не абы­ходзяцца яны і без дамарослага скрыпача, які без перастанку найграе, часта на двухструннай сваёй скрыпцы, дарогаю ад хаты да хаты і на двары гаспадароў. Падышоўшы пад акно або пад дзверы, адзін з каляднікаў просіць дазволу “спяваць Каляду”, гаворачы: “Чі дома пан гаспадар? Чі веліш, пане гаспадару, Коледу запеваты, чі так коледы даты?” Атрымаўшы дазвол калядаваць, пытае: “Якую заспеваты песню?” Гаспадар называе. Спяваюць звычайна пад вокнамі, некаторыя запрашаюць у хату; рэдка хто просіць спяваць болей адной песні, таму што ў такім выпадку патрэбна большае ўзнагароджанне. Звычайна за адну песню даюць пірог, за дзве — два, а ў заможных хатах акрамя пірага даюць каляднікам грошы, кілбасы і сала, частуюць і гарэлкаю. Ходзяць каляднікі з вечара да самай раніцы. Калі дзе застаюць гаспадароў спячымі, крыкам сваім падымаюць з ложкаў. Здараецца, хаця і вельмі рэдка, што ім адмаўляюць калядаваць, кажучы: “У нас була Коляда” або “Нэма дома господара”. Пявуны ці таму, што губляюць цераз гэта ўзнагароджанне, ці лічаць адмову крыўдаю для сябе, а можа, прымаючы пад увагу тре і другое разам, высмейваюць такія хаты прынамсі так:

У сій хаты

Нэма чого даты:

Соломку тоўкуць

— Пырогы пэкуць.

Калядкі – добрыя святкі”





А калі яшчэ грымне бубен…

ды заспявае скрыпка, зробленая Браніславам Круглым з вёскі Дубчаны Лідскага раёна!..

“ЯШЧАР”

“Яшчар” сядзіць на пяньку, ухутаны ў зелень. Дзяўчаты ў вянках на галовах, узяўшыся за рукі, то падыходзяць да яго, то адыходзяць і пяюць:



Сядзі, сядзі, Яшчар,

Гэй нам гэй1.

У залатым крэсле,

У лясковым кусце.

Гарэшкі трушча.

Бяры сабе жонку,

Каторую хочаш.

Ці што ў чаравічках,

Ці што ў панчошках.

Ці хораша ходзе,

Ці работку робе.

Калі дзяўчаты ў час гульні набліжаюцца да Яшчара, дык ён па чарзе ў кожнай з галавы знімае вянок. Спевы датуль прадаў­жаюцца, пакуль Яшчар не забярэ ўсе вянкі. Пасля дзяўчаты па адной выпрошваюць у яго свой вянок словамі:

Яшчар, панок

Аддай вянок.

Я ручкі й ножкі мазаліла,

Свайго вяночка не знасіла.

Пры гэтай просьбе Яшчар стараецца рассмяшыць дзяўчыну. Калі яна засмяецца, не аддасць вянка. А толькі тады аддасць, калі дзяўчына стрымаецца ад смеху (Дудар, 1970).

8/26. Каляды (працяг свята). Абходзілі з калядкамі хаты, у якіх праслаўлялі гаспадароў і іх дзяцей, жадалі дабрабыту. Царкоў­нікі ўшаноўвалі сабор Прасвятой Багародзіцы.

У некаторых раёнах Беларусі гэты дзень называлі Зімнім пакроўчыкам, Маладзёнамі або Бабінамі. Варылі кашу і пяклі аладкі, жанчыны наведвалі бабку, якая “прымала”, ці “бабіла”, дзіця, унукі вазілі яе на санках ад хаты да хаты, дзе бабу часта­валі, частавала і яна дзяцей, гуляла з імі (Бяссонаў, 1871; Цэб­рыкаў, 1862; Дэмбавецкі, 1882; Дабравольскі, 1914).

Пра Каляды існуе шмат прыказак і прымавак: “Прыйшлі Калядкі — бліны ды аладкі”; “Калядкі — добрыя святкі: наеўся, напіўся да й на палаткі”; “Насталі Калядкі, гаспадарам парадкі”. Вядомы і такія, што расказвалі аб цяжкай долі селяніна: “Наўрад штоб стала хлеба да Каляд” (Насовіч, 1870); “Ад Каляд не ідзець у лад” (Тышкевіч, 1847); “Прападай ты, пане, з Калядою, аддай мой мех” (Федароўскі, 1935); “Як прыдуць Каляды — мужыкі мякіне рады, а як прыдуць зажынкі — няма хлеба ні асьмінкі” (Жыткавіцкі раён).

“ЗВЯЗДА” І “ВІФЛЕЕМ”

На працягу Каляд у некаторых мясцінах адбываецца пера­важна два роды гульняў. Моладзь ходзіць або са “звяздою”, або з “Віфлеем”. “Звязду” майструюць так. На раму ад рэшата ці сіта наклейваюць прамочаную салам ці алеем паперу і за­мацоўваюць на падставачнай жэрдцы для зручнага пераносу з аднаго месца на другое. Каб гэты круг меў выгляд зоркі, пры­мацоўваюць да яго ў чатырох-шасці пунктах пірамідальныя “рагі” і дзеля прыгажосці абгортваюць іх рознакаляровымі папяровымі махрамі. Затым робяць новае невялікае кола, па акружнасці якога наклейваюць выразаных з паперы салдацікаў, конніцу або пяхоту. Колца замацоўваюць на палачцы. Калі ўставіць у раму “звязды” свечку (у пакоі не павінна быць святла) і паварочваць колца з наклеенымі салдацікамі, то для тых, хто стаіць з пярэдняга боку “звязды”, уяўляецца, што ідзе бяс­концая колькасць войска.

Наладжванне “Віфлеема” найбольш складанае і абыходзіцца даражэй. Таму за яго бяруцца заможныя хлопцы. Майструецца нешта накшталт скрынкі, верх якой раздзяляецца на такія ж, як у “звязды”, пірамідальныя “рогі”, толькі большага памеру. Бакі і верх скрынкі ўпрыгожваюцца рознымі карцінамі, што тычацца свята. Ніжні бок яе, або падлога, робіцца з разрэзамі і адтулінамі і бывае засцілаецца белымі мехавымі шкуркамі.





Батлейка



Вось яны, батлеечныя героі!

Рыхтуюцца з дрэва фігуркі людзей, якія ўяўляюць сабою розных асоб: Ірада, трох Каралёў, жонку Ірада, Смерць у вы­глядзе шкілета з касою, Іуду-срэбралюбца, Цыгана з мядзведзем і г.д. Выявы тыя прымацоўваюцца да дроту — ён павінен вольна рухацца ў шчылінах падлогі. Вопытная рука, кіруючы дротам (незаўважна, безумоўна), можа прымушаць нямыя лялькі рабіць рознага роду спектаклі. Тут паважаныя гледачы ўбачаць і пра­гную да крыві Смерць, якая не шкадуючы сячэ свае ахвяры тупою касой, і займальную барацьбу Цыгана з мядзведзем, і своеасаблівы танец Ірадыяды, і многае іншае.

Вясковы люд лічыць падобныя відовішчы вяршыняй зада­вальнення і асалоды. Майстры з гэтымі рэчамі ходзяць звычайна па вечарах да больш заможных гаспадароў, паказваючы ім сваё ўмельства, і атрымліваюць нейкае ўзнагароджанне (Крачкоўскі, 1874).

“ЖАНІЦЬБА ЦЯРЭШКІ”

Пад такой назвай вядома гульня хлопцаў і дзяўчат, якая ўяўляе вяселле некалькіх пар... Як найбольш выдатная, дакладна свяшчэнная, яна выконваецца даволі рэдка і толькі зімою, у дні гадавых свят, напрыклад на Ражаство Хрыстова, Новы год, Зага­віны перад Вялікім постам: абавязкова ў канцы гулянкі, пасля працяглых скокаў. Месцам жа гульні звычайна бывае карчма, таму што тут няма недахопу ў моладзі і яшчэ больш таму, што па несціпламу характару гэтай гульні ні адзін сямейны дом не згадзіўся б дапусціць яе да сябе, большасць сялян грэ­буюць ёю...

Калі ігрышча ў самым разгары, карчмар, які даўно ужо з нецярпеннем наглядаў надакучыўшыя яму скокі моладзі, неча­кана ўскрыквае: “Што гэта ўсё скокі да скокі! Валей бы Цярэшку жанілі” і тут жа іншы раз бярэцца прыпыняць ігру разышоўшагася музыкі. Калі пад уздзеяннем такіх напаўнасмешлівых, унушальных слоў ці па натуральнай сваёй хадзе ігрышча стане заканчвацца, карчмар, карыстаючыся добрай мінутай, пачынае прыспешваць жанатых мужчыну і жанчыну, раней намечаных ім, каб заняліся ўсталяваннем будучага “вяселля”. І адразу па карчме праносіцца шумны гул: “Будуць Цярэшку жаніць! Будуць Цярэшку жаніць!”. Пачуўшы такія словы, пажылыя людзі адразу знікаюць у асобных памяшканнях карчмы, прадстаўляючы пакой для моладзі, якою з таго моманту пачынаюць кіраваць выбраныя карчмаром “бацькэ з маткэй”. Снуючы паміж маладых людзей, яны падгаворваюць іх хутчэй выбіраць сабе “жонку” альбо “мужыка” па свайму густу, стараючыся ў гэтым выпадку ўздзейнічаць больш на хлопцаў, таму што дзяўчаты часта адмаў­ляюцца ўдзельнічаць у складанні пар, выказваючы жаданне застацца тут толькі ў якасці гледача...

Кожны з хлопцаў або захопвае сілаю намечаную ім дзяўчыну, або падыходзіць да яе і любоўна надзявае ёй на галаву сваю шапку. Калі дзяўчына згодна прыняць удзел у гульні і быць у пары іменна з ім, то яна застаецца ў шапцы і ў такім выглядзе пара падыходзіць да “бацькэ з маткэй”, атрымлівае ад іх бласлаў­ленне і ўладкоўваецца за стол па ўказцы бацькоў. У адваротным выпадку дзяўчына скідае надзетую шапку і ўцякае ад хлопца. Пры настойлівасці апошняга яе ў рэшце рэшт пасадзяць у пару сілаю, прычым справа не абыходзіцца без барацьбы, віскату і лаянкі...

Кожную пасаджаную за стол пару “бацькэ з маткэй” бла­слаўляюць прыблізна такімі словамі: “Дай Бог вам шчасця і нішчасця, харошую долю ў волю, уцечкі на печкі, дзеткі ў клеткі”. Але калі на “бацькэ з маткэй” надыдзе моцная жартаў­лівасць, то пасля звычайнага бласлаўлення яны дадаюць: “Ві­ражы, зяцёк, нашу дачушку, йна у нас адна,— ні бідна, ты ж цяпер узяў іе і спі з дачкою”. Пасля такога роду бласлаўлення... музыкі спяваюць адну з наступных песень:

...Цярошка, Цярошанька!

Цярошку бідэ стала.

З кім яго Жана спала

У полі пад ліпкаю?

З маладым Піліпкаю.

...Ні ўцікай, мой дзедзінька,

Ні ўцікай, лябедзінька!

Пысядзі ны пячы ў кутку,

Я ж табе штоніку ватку

З чырвоным каўнерыкам —

Назавуць жаўнерыкам...

У “Жаніцьбе Цярэшкі” звычайна ўдзельнічае да дзесяці пар і болей маладых людзей. І чым іх больш, тым большая ў гэтым заслуга “бацькэ з маткэй”... Іх абавязкам з’яўляецца: усімі магчымымі сродкамі весяліць за сталом моладзь і пабуджаць у хлопцаў спаборніцтва наконт частавання сваіх “жонак”. Хлопцы са свайго боку стараюцца выхваліцца адзін перад адным, і часта гульня завяршаецца шумным разгулам: абдымкам, пацалункам, жартам усякага роду няма канца. Разыходзяцца позна, далёка за поўнач. Калі якой-небудзь дзяўчыне выпадае вяртацца да хаты без знаёмых і суседак, то новы “муж” абавязаны правесці сваю “жонку”. Зразумела, што, дзякуючы “вясельнаму” ап’янен­ню, жартам, пастаноўцы ўсёй справы на вясельны лад і многім іншым спрыяльным умовам маладыя людзі часам і апускаюцца. І сапраўды, ні адна “Жаніцьба Цярэшкі” не абыходзіцца без такога роду ахвяр, якімі ў хуткім часе даводзіцца расквітвацца за сваю памылку,— горкіх слёз, пакут, позняга пакаяння. Су­мленны хлопец у такім выпадку спяшаецца выканаць свой маральны абавязак у адносінах да пакрыўджанай ім дзяўчыны, і ўсё заканчваецца сапраўднай жаніцьбай...

Хто тварэц гульні і чаму яна называецца жаніцьбаю менавіта Цярэшкі, а не асобы з іншым іменем? На гэта ніхто не можа даць адказу (Шэйн, 1887).

9/27. Каляды. Сцяпан. Дзень найму батракоў, слуг у мінулым, таму гаварылі: “На святога Сцяпана вышэй слуга за пана”. Гаспадар будзіў батрака: “Уставай! Табе сягоння каляда, а мне бяда”. Была і прымаўка: “Прыйшлі Калядкі — гаспадарам па­радкі” (Ашмянскі павет; Крачкоўскі, 1874).

13/31. Пачатак Шчодрага тыдня, або Багатая Каляда. У Заход­нім Палессі — шчодры вечар Куготы, Гаготы або Агатуха. Пахо­джанне такога наймення вынікае з абраду: кідалі ў калодзеж кашу — відаць, гэта ахвяраванне культу вады,— тады ж гадалі і крычалі ў калодзеж: “Ку-гу-гу!”. З іншых крыніц “Агатуха” паходзіць ад дзеяслова “гагатаць” (весяліцца, смяяцца). Са шчодрым вечарам звязана шмат забарон, павер’яў і варажбы пра будучае замужжа.

Шчодрая (шчадроўная, другая, мясная, нішчымная, скаром­ная, багатая, тоўстая) куцця (сярэдні шчадрэц, шчадруха) — абрадавая пераднавагодняя вячэра, якая вызначалася багаццем страў і іх скаромнасцю (тлустае, чаго нельга есці ў пост). Гаспа­дар запрашаў за стол: “Мароз, хадзі куццю есці. А летам не бувай, хвастом не віляй, бо будом пугою секці” (Лельчыцкі раён). Так­сама называлі “куццёй святога козліка”. На ўсе тры куцці (апошняя 18 студзеня) прыкмячалі, якое надвор’е вечарам: калі неба яснае і шмат зорак, то будзе ўраджай на грыбы; калі ідзе снег і мяцеліца, то будуць раі (Магілёўская губерня; Дэм­бавецкі, 1882).

Шчадравалі пад вокнамі і ў хатах, дзе славілі гаспадароў. Вадзілі “казу” (“кабылку”, “вала”, “тура”, “мядзведя”, “жорава”) і спявалі песні, галоўнай з якіх з’яўлялася “Го-го-го, каза”.

Шчадроўныя песні адрозніваліся ад калядных у асноўным рэфрэнам. Хадзілі па хатах і са Шчодрай — прыбранай дзяў­чынай.

ВАДЖЭННЕ “КАЗЫ”

Некалькі маладых хлопцаў збіраюцца ў якую-небудзь хату, пераважна маласямейную, і тут прыбіраюць “казу”: самага кемлі­вага з хлопцаў апранаюць у вывернуты кажух, на ногі яму насоўваюць другі, таксама вывернуты, і абодва кажухі замацоў­ваюць у поясе вяроўкай. Праўда, хутчэй атрымліваецца падоб­насць мядзведзя, чым казы. Твар вымазваюць сажаю або насоў­ваюць маску; на галаву адзяваюць шапку, да якой прымацаваны рогі, сплеценыя з лазы ці саломы. У завяршэнне ўбору хлопцу даецца ў рукі вупражная дуга — на яе ён сядае вярхом, і — “каза” гатова.

Неад’емнымі спадарожнікамі “казы” з’яўляюцца “дзед”, “важачы”, “цыганкі” і “музыкі” з “песельнікамі”.

“Дзедам” выбіраюць таксама маладога хлопца, здольнага выконваць гэтую ролю. Акрамя старой парванай вопраткі, што пакрывае яго, на твар надзяваюць маску з бярозавай кары, дзе выступаюць агромністы бурак замест носа і доўгі жмут ільну або пянькі на месцы барады; для дыхання прарэзваецца невялі­кая дзірачка насупраць рота і такія ж дзве дзірачкі для вачэй.

Го-го-го, козанька, о-го-го, шэра!”

“Дзед” павінен займаць гаспадара ў час паказу “казы” вясё­лай размовай, жартамі і частаваць яго “нюхальным тытунём”. Для гэтай мэты стары мае сваю табакерку, напоўненую попе­лам. Ад падобнага пачастунку гаспадар, зразумела, заўсёды ад­маўляецца, прычым у знак удзячнасці стараецца падпаліць бараду “дзеду”, што яму часта і ўдаецца. Дарэчы, за такі выбрык “дзед” не злуецца і, выходзячы з хаты, прывязвае сабе другі шматок пянькі замест згарэлай барады.

Маладыя хлопцы таксама прыбіраюцца “цыганкамі”, апра­наючыся ў жаночае паношанае плацце і вымазваючы сабе твар сажаю. Іх абавязкі — варажыць або ўгадваць будучае.

Следам ужо крочаць “важачы”, “музыкі”, “песельнікі” і хлопцы ў натуральным сваім выглядзе. Увесь гэты гурт пачынае “вандроўку” з канца ў канец вёскі, прычым без папярэдняга запытання: “Пазвольця нам, хазяін, пагуляць” ніхто не заходзіць у хату.

Атрымаўшы дазвол, усе заходзяць у хату, і “песельнікі” пад аднастайны танец “казы” пачынаюць весела спяваць наступную песню:



Ой, ну-ну, каза,

Ой, ну-ну, сера!

Паварочвайся,

Ні забывайся!

То на сей бачок,

То на той бачок,

То на рожачкі,

На капыцікі,

На залатыя,

На дарагія.

Дзе каза ходзіць,

Там жыта родзіць;

Дзе каза хвастом,

Там жыта кустом;

Дзе каза нагою,

Там жыта капою;

Дзе каза рогам,

Там жыта стогам.

Ой, пайшла каза

У цёмныя ляса,

У вішнёвыя сада.

Ой, у том саду

Хлопцы-малайцы

Хочуць казу біць,

Хочуць аблупіць,

Машы шубу шыць.

Тая козанька

Забаялася,

За ніцыя лозы

Захавалася.

Ой, прыбег ваўчок

Да за козаньку,

А ваўчанятка

За казенятка.

Ой, прыбег заяц,

Стаў казу лаяць:

— Ой ты, казіца,

Старая псіца!

Не хадзіць было

У цёмныя лясы.

У вішнёвыя сады

Не заведаць было

Ды й у вінаграду.

Узяла б сярпок,

Пайшла б ты ў сцялок,

Нажала бы снапок

Ды змалаціла,

Сваё казенятка

Ды й накарміла.


Прахаджваючыся да гэтага часу і паварочваючыся з боку на бок, “каза” тут падае на падлогу, астатнія спяваюць:

Пуць каза ўпала,

Здохла, прапала!

Гаспадар ідзе,

Каляду нясе,

А гаспадыня ідзе,

Каляду нясе.

Я на рожанькі —

Два пірожанькі,

Я на хвасточак

— Сала кусочак.

— Ой ты, казіца,

Ды й не ляніся,

Па ўсяму двару

Ды й расхадзіся!

Я на рожанькі —


Пры такіх словах “каза” падымаецца і пачынае кланяцца, як гаворыцца далей у песні:

Прыступіся блізка,

Уклаліся нізка:

Гаспадару так,

Так як пану;

Гаспадыні так,

Так як малінцы. ...

Тыя вуліцы 2

Разлягаюцца

Хазяін дочкай

Набіваецца:

— Вазьмі, казана,

Няхай не плача.

Дам пару сабак

(Паедзеш і так),

Вязку саломы.

Едзьце дадому.



(Шэйн, 1887)

А вось як гэтую гульню праводзяць ў вёсцы Дзяржынск Лельчыцкага раёна.

На Каляды вечарам збіраецца гурт моладзі. Разам робяць “казу”: апранаюць яе ў кажух, прымацоўваюць добра выраб­леную драўляную галаву, рогі, хвост. І з торбамі (кайстрамі) весела заходзяць у вясковыя хаты. Гаспадарам жадаюць дабра­быту, просяць дазволу спяваць. “Каза” смяшыць і палохае людзей, паказвае ўсё тое, пра што гаворыцца ў песні (танцуе, лягаецца, мекае, тупае нагамі).




Го-го-го, козанька,

О-го-го, шэра! (2 разы)

Дзе ж ты бывала?

— А я бывала

Да й у шчырам бору

Да й ягодкі брала.

Як прыбег ваўчок,

Да за козаньку хоп.

А ваўчанятка

— Да за казенятка.

Го-го-го, козанька,

Як ты крычала?

— А я крычала:

“Ме-ме-ме...” —

Так я крычала.

Го-го-го, козанька,

Як ты ўцякала?

— А я ўцякала:

Туп-туп-туп!

Так я ўцякала.

Дайце казе грэчкі

На перапечкі,

Рэшата аўса,

А наверх — каўбаса.

Ты, козанька,

Расхадзіся, развесяліся.

Старшаму хазяіну

У ногі пакланіся.


(Запісана ў 1987 годзе ад Паповіч П. М., 1924 г. н.)
ВАДЖЭННЕ “КАБЫЛЫ” І “МЯДЗВЕДЗЯ”

Дарослыя хлопцы з лучыны, льну і палатна робяць пудзіла, падобнае на каня. Пасярод спіны яго становіцца чалавек, які мае выгляд вершніка. І так ён ходзіць з хаты ў хату. “Каня” вядзе “цыган” у абарваным кафтане, з забруджаным сажаю тварам. Іх суправаджаюць “селянін” і “сялянка” ў звычайнай вопратцы і розныя аматары паглядзець і павесяліцца.

Увайшоўшы ў хату, “селянін” і “сялянка” танцуюць “Бары­ню”. “Цыган” пахвальвае сваю “кабылу”, прымушае яе хадзіць, але ад стомленасці і слабасці яна не здольна рухнуцца з месца. “Цыган” падбадзёрвае рознымі жартамі, камічнымі рухамі цела і нарэшце, пераканаўшыся ў яе хваробе, “пускае ёй кроў”. Але паколькі гэта не дапамагае, то ён просіць у гаспадароў “кабыле на авёс” — адзіны сродак падтрымаць яе. Гаспадары даюць, і на тым прадстаўленне заканчваецца.

Калядныя мроі. Мастак Аляксей Марачкін

“Мядзведзем” апранаецца адзін з хлопцаў, другі прадстаў­ляе “важака”, вялікарускага мужыка, які водзіць вучонага мядзведзя і прымушае яго вырабляць усе “штукі”, што і выконвае жывёла. Пры гэтым “важак” стараецца падрабіцца пад гаворку вялікарускага мужыка, паўтарае яго прымаўкі і гледачы смяюц­ца. Прадстаўленне заканчваецца так: “важак” просіць на гарэлку “мядзведзю” і той сваім рыканнем пацвярджае просьбу. Гаспа­дары даюць што Могуць.

Калі “водзюць кабылу і мядзведзя”, то песень не спяваюць (Дэмбавецкі, 1882).



14/1. Новы год па старому стылю, Васілле, Васіль (Васілей, Святы Козлік). З гэтым днём звязваюцца святочныя забароны, павер’і і варажба, а таксама розныя прыкметы. Напрыклад, пчаляры прыкмячалі: калі на першую Каляду “пульга” (мяце­ліца), то пчолы будуць раіцца пад Міколу, калі “пульга” пад Васільеўскую Каляду,— то каля Пятра, а калі пад хрышчэнскую Каляду,— то перад Іллёй (Дабравольскі, 1894). Свята прадказвала ўраджай на лета: туманы напярэдадні Васілля — на ўраджай; зорная Васілёва ноч — багатыя палеткі на лета; калі іней на Васілля, то будзе саломы болей, чым хлеба (Ляснічы, 1990).

У валачобных песнях зазначаецца: “Святая Васілля дзяжу мясіла, пірагі пякла і рагатыя, і багатыя” (Барысаўскі і Дзісен­скі паветы; Крачкоўскі, 1874). Раніцай Новага года дзеці сыпалі ў хаце жытам са словамі: “Сею, пасяваю, з Новым годам паздраўляю!” На Быхаўшчыне некалі спявалі:

Ходзя Ілля на Васілля,

Нося пугу

Жыцяную.

Дзе замахне —

Жыта расце,

Дзе не махая,

Там не бывая...

Вечарам дзяўчаты выстройваліся “цыганамі” (Раманаў, 1912).

Славячы вялікае свята, на Краснаполыпчыне зараз гавораць: “Святое Васілля — людзям красілля” (Бялькевіч, 1970).

Дарослыя дзяўчаты на Васілле варожаць: выходзяць на вулі­цу, падслухоўваюць ля вокнаў чужыя размовы і па іх стараюцца ўгадаць свой лёс; заплюшчваюць вочы, бяруць некалькі пален (бярэмак) дроў і калі лік іх акажацца цотным, то замужжа будзе шчаслівым; кідаюць чаравік за вароты — у які бок ён упадзе наском, адтуль патрэбна чакаць жаніха; кладуць у некалькіх кучках зерне і даюць кляваць пеўню — з чыёй кучкі ён пачне дзяўбці, тая дзяўчына хутка пойдзе замуж (Дэмбавецкі, 1882).

ВАДЖЭННЕ “КРАЛЬКІ”

Шляхта на Каляды водзіць “кральку”. Змест гэтай песні-гульні — аповяд аб нялюбай жонцы, што ўсім дагаджае: і свёкру, і свекрыві, і дзеверу, і залоўцы, толькі мужу нічым не можа дагадзіць:

Пасла дзеўка лебядзей на зеляной лабадзе.

Ой, доля ты мая, доля горкая мая!3

Ой, пасучы лебядзей, да і пагнала іх к вадзе.

Ці вы тчэ, лебедзі, не наплаваліся?

А я, малада, да й наплакалася.

А свякорцы ўгаджу і галоўку памажу,

А свякорку дагаджу, пасцель белу пасцялю.

Дзеверу дагаджу, каня да вады зваджу.

А залвіцы дагаджу, русу косу запляту.

Міламу-раўніваму нічым не ўгаджу.

Усе робяць вялікі круг, танцуюць і спяваюць. У сярэдзіне круга танцуе “кралька”, апранутая агіднай карліцай, з двума гарбамі і са збанам на патыліцы, перавязаным хусткай так, што ўяўляе галаву (Радчанка, 1888).

“КАТА ПЯЧЫ”

Збіраюцца хлопы і дзяўчаты ў якую-небудзь хату і там га­туюць розныя закускі, а галоўнае —робяць фігуру ката наступ­ным чынам: галаву і тулава — з цеста, вушы і ногі — з сала, а хвост — з каўбасы. Выпякаюць і вешаюць сярод пакоя пад стол­лю. Затым кожны па чарзе “пад’язджае” на вілках да “ката”, каб зубамі адкусіць у яго кавалачак, а калі атрымаецца, то і ўсяго адарваць. Пры гэтым трэба гаварыць: “Еду з кута на “ката”, цап за “ката”. Але мала каму ўдаецца выканаць такую ролю з поспехам, бо яго ўвесь час смешаць. Таму, хто засмяецца, абавяз­кова вымажуць твар анучай, спецыяльна забруджанай у сажы, і не пусцяць ужо да “ката”. Калі ўдзельнік не рассмяецца, яго да­пускаюць паласавацца кавалачкам або нават поўнасцю сарваць “ката”. Забава працягваецца да таго часу, пакуль хто-небудзь зусім не адарве “ката”. Тады “ката” кладуць на стол і дзеляць на ўсю кампанію. Па заканчэнні гульні гуртам сядаюць за стол, п’юць і закусваюць, затым танцуюць да ранку (Шэйн, 1902).

“У АРЭХІ”

Найбольш любімая гульня ў тыя вечары (Святыя вечары.— А. Л.). Бяруць жменю арэхаў і прапаноўваюць адзін аднаму ад­гадаць, цотная ці няцотная колькасць знаходзіцца ў прыгаршчах, гаворачы: “Ці цот, ці лішка?”. Той, хто адгадаў, атрымлівае арэхі, калі не — абавязаны столькі ж вярнуць сябру (Кіркор, 1858).

“ШКУТА”


Усе сядзяць радком, а адзін носіць пяць капеек у далонях, стараючыся незаўважна палажыць іх каму-небудзь, другі ідзе ззаду і павінен адгадаць, у каго тое “золата”. Першы гаворыць словы:

Шкута йдзе,

Золата нясе.

Хто адгадае,

Той вялікае шчасце мае.

Калі другі адгадае, у чые далоні пакладзены мядзяк, то сядае ў рад. А той, у каго аказалася “золата”, займае яго месца (вёска Астражанка Лельчыцкага раёна; запісана ў 1987 годзе ад Н. І. Го­лік, 1934 г. н.).



: files -> blocks
blocks -> Паважаны Сяргей Мікалаевіч
blocks -> План дзейнасці Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" на 2014 год
blocks -> Усеагульная дэкларацыя лiнгвiстычных правоў уводныя палажэннi
blocks -> Каардынацыйны савет па развіцці І прасоўванні «Нацыянальнай платформы бізнесу Беларусі» нацыянальная платформа
blocks -> Нацыянальнай платформы бізнеса беларусі
blocks -> Польска-беларускі слоўнік: тэрміны, паняцці і назвы з гісторыі і грамадазнаўства
blocks -> Стратэгія развіцця мовы
blocks -> Закон рэспублiкi беларусь 26 студзеня 1990 г. N 3094-xi аб мовах у рэспублiцы беларусь
blocks -> ПараўНАЎчы аналіз палажэнняў канстытуцый краін усходняга партнёрства І казахстана
blocks -> Прыняты Устаноўчай Асамблеяй Таварыства беларускай школы 22 сакавіка 1996 года


Поделитесь с Вашими друзьями:
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   12




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал