Прадмова да аблічбанавага выдання



старонка3/12
Дата канвертавання15.05.2016
Памер2.1 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   12

15/2. Шчодры. Першы раз запрагалі ў сані бычка “па другой пашы”. Весела каталіся і гаварылі: “Кідай быкове да бяры валове” (Лельчыцкі раён).

17/4. Марк. У Віцебскай губерні існавала павер’е: калі ў дзень Марка пакласці ў зямлю на кароткі час насенне морквы, то летам яно хутчэй прарасце (Нікіфароўскі, 1897).

18/5. Пісаная (Вадзяная) Каляда (Піскуха, Пабед-Каляда) — завяршальны дзень Каляд, Шчодрага тыдня. На сценах будынкаў “пісалі хрэст”, што азначала канец Каляд, “Каляда ад’язджае”. Абедалі і ішлі на работу (Стаўбцоўскі раён).

Трэцяя (апошняя, ваданосная, хрышчэнская, галодная, вадзя­ная, посная) куцця (вадзянка, вадзянуха, вадапосце). Акраплялі вадою будынкі. У Магілёўскай губерні гаспадар “зваў марозе” з лыжкаю куцці:

Мароз, мароз, хадзі куццю есць!

І іржа і бель, хадзіце цяпер!

А ўлетку к нам не бывайце,

Хлеба нашага ня ўбівайце...

(Дэмбавецкі, 1882)

У Віцебскай губерні “прасілі мароза, каб не марозіў грэчку, ячмень, квасулю” (Раманаў, 1912).

У Гомельскім павеце, калі вымалі звараную куццю з печы, усе “кохалі”, як курыца-квактуха. Дзеці залазілі пад стол і там “кохалі” і “кукарэкалі”, маці сыпала ім семкі. Гэта рабілася для таго, каб выводзілася многа куранят, часцей куры нясліся і найболей было іх у гаспадарцы (Раманаў, 1912).

19/6. Вадохрышча (Хрышчэнне, Кшчэнне). Існавалі павер’і аб клопаце пра будучы ўраджай. Лічылася, што зіма павярнула на вясну. “Трашчы не трашчы — ужо прайшлі Вадахрышчы”. Запасаліся свянцонай (“гаючай”) вадою на ўвесь год. У валачоб­ных песнях гаворыцца: “Святое Кшчэнне ваду ксціла, ваду ксціла, свет ачысціла і ваду наверх пусціла”. Высцілалі дарогі елкамі, рабілі крыж з лёду і фарбавалі бурачным сокам.

Народныя прыкметы: снег на Вадохрышча — добра будуць раіцца пчолы і бульбы вырасце многа; зорная ноч напярэдадні — уродзіць гарох і ягады высыплюць густа і буйна; пахмурна ў гэты дзень — чакай ураджаю зерневых, а наадварот — недарод; калі выдасца цёплы дзень, насыпле снегу — хлебная ніва густою будзе, але на капусце шмат вусеняў паселіцца; на Вадохрышча завіруха — на Вялікдзень таксама (Ляснічы, 1990).

На апошнім калядным ігрышчы ў Магілёўскай губерні спя­валі:

Вы Калядачкі, вы вярніцеся,

На нас, дзевачак, агляніцеся.

Мы Калядачкам нарадзіць будзем.

Да на йгрышчыкі мы хадзіць будзем.

(Дэмбавецкі, 1882)

20/7. Прывадахрышча (Лянівы дзень). Заканчэнне святкавання Каляд. Прыцёк (Прысеча, Іван Прысеча, Іван Хрысціцель) —

царкоўны сабор Іаана Прадцечы. Гавораць: “Іван Прыцік узяў куццю да й уцік”; “Вось сёння Хрышчэнне, заўтра Іван Прычэча і Каляда ўчэча” (уцячэ) (Талстая, 1986). “Святы Іван храсты змываў ... кашу варыў”,— спяваецца ў валачобных песнях. Лічыцца, што можна ўжо прасці (“Тык-прытык кудзелю прывалык”) і выконваць іншыя работы, якія забараняліся на Каля­ды. У многіх мясцінах Беларусі не працуюць, святкуюць.

З таго дня царква раней дазваляла вянчанне, таму да Маслёнкі спраўлялася найбольшая колькасць вяселляў. Пара тая называец­ца Малой вясельніцай.

Малая вясельніца – пара вяселляў. Фальклорны калектыў “Мотальскія суседзі”




Рыхтуецца вясельны каравай



21/8. У некаторых раёнах лічаць гэты дзень, а не мінулы Прысечай і Провадамі Каляд (Провад-Каляда, Адпусціцель). На Віцебшчыне канец святаў называецца Расцвендзень.

24/11. Аксіння. “Аксіння дарогу перамяце, а корм падмяце” (Паўлюкоўскі, 1934).

25/12. Таццяна. Лічыцца заступніцай студэнцтва. Пазначана прыкметай: сонца зіхаціць — на ранні прылёт птушак, а снег — на дажджлівае лета (Ляснічы, 1990).

31/18. Лпанасся (Апанас, Апанасій, Гусінае свята, Гусеўнік). Дзе-нідзе на Беларусі Апанасій лічыўся абаронцам жывёлы ад марозу, а таксама гусіным святам. Гаварылі, нібы апанасаўскія маразы здараліся такія моцныя што ў “быка-траццяка” (трохгод­ка) зрывалі рогі (Раманаў, 1912). І папярэджвалі: “Хавай нос у апанасаўскі мароз”. У Смаленскай губерні існавала прыкмета: калі на Апанаса бывае мяцеліца — чакаецца працяглая вясна і прыйдзецца нават “пунькі памясці” (Цэбрыкаў, 1862). У Магілёў­скай губерні гэты дзень азначаў палову зімы. Калі засталася палавіна корму для жывёлы, то казалі, што яна выжыве да вясны (Дэмбавецкі, 1882).

“С етыва дня гусей кормюць зірнятымі ў абручыку”, — такі звычай быў у беларусаў Смаленшчыны. Яны прасілі аб здароўі жывёлы: “Святы Уласій, Ахванасій, саблюдзі, Божа, красуль нашых” (Дабравольскі, 1894, 1914). Там жа даводзілі: на Апанасся мяцеліца — многа выведзецца гусянят.



Люты

Прыйдзе люты — спытае, як ты абуты.

У лютым востры мароз, кароткая зіма.

Люты наробіць плюты.

Ад лютага зіма збягае цёмнымі начамі.

Як у лютым адгукнецца, так у жніўні адзавецца.

Люты раніцай таргуе, а вечарам гаруе.

Віхры і мяцелі ў лютым наляцелі.

Завірухі і мяцелі ў лютым адгудзелі.

Люты — другі месяц года, мае 28 дзён, а кожны чацвёрты год (1992, 1996, 2000 і г. д.) — 29. У старажытнарымскім календары называўся Februarius і быў апошнім, 12-ым, месяцам. Такая назва засталася ў многіх мовах: англійскай — February, нямецкай — Februar, французскай — février, рускай — февраль. У старабе­ларускай мове люты яшчэ меў найменне сьнежын. Сучасная назва яго адлюстроўвае характэрную асаблівасць пары года — месяц моцных і злосных маразоў. Таксама ва ўкраінскай мове — лютий, польскай — luty. Іншыя найменні яго ў чэхаў — únor, у літоўцаў — vasaris.

У старажытнарымскі каляндар фебруарыус быў уведзены ца­ром Нумаю Пампіліем і называўся так таму, што прыпадаў на час правядзення народных абрадаў ачышчэння (фебруары), якія сімвалізавалі абуджэнне прыроды ад зімы. Яны выконваліся і на свята Люперкаліяў (15 лютага), устаноўленае заснавальнікамі Ры­ма братамі Ромулам і Рэмам у гонар бога сялян Люперкуса, апекуна палёў, лясоў і пашаў, заступніка жывёлы (бараніў ад ваў­коў). Святы прызначаліся і той ваўчыцы, што, згодна легендзе, у дні Люперкаліяў карміла малаком Ромула і Рэма, калі дзяцей выкінула на бераг рака Тыбр.

Уводзячы новы месяц на пару дажджоў, Пампілій прысвяціў яго Нептуну — богу і валадару мора і ўсіх падземных і над­земных вод. У старажытных грэкаў гэты месяц адзначаўся так­сама ў гонар бога мора і вады Пасейдона.

Люты — апошні, развітальны месяц зімы, багаты на мяцеліцы, але ўжо больш лагаднейшы за іншыя. Тэмпература паветра ў Бе­ларусі дасягае — 3,6 ... 8 градусаў, днём бываюць адлігі. Таўшчы­ня снегу павялічваецца і складае прыблізна 40 сантыметраў. За 28 сутак дзень прыбывае на І гадзіну і 54 мінуты.

Першыя нашаніўскія беларускія календары давалі сваім чы­тачам цікавыя і карысныя гаспадарчыя парады на люты, накшталт наступных. Аглядайце вашы палеткі, каб на жыце вада не збі­ралася. Можа, дзе каля плоту або каля кустоў намяло шмат снегу, дык вазьміце пару коней і праедзьце разоў са два, каб у тоўстым пласце нарабіць дзірак — тады хутчэй растане. У садку заўважай­це, каб каля дрэўцаў не збіралася вада, бо патрэскаецца кара. Пільнуйце пчолак. Можа, каторым трэба мёду даць, а можа, у якім вуллі мыш завялася, дык пастаўце пастку. Няхай бабы мяняюцца з суседнімі вёскамі пеўнямі і гусакамі. Калі самец з іншага гнязда, дык прыплод будзе лепшы. Аглядайце гаспа­дарчыя прылады — плугі, бароны, калёсы, каб не давялося гэ­тага рабіць, як прыйдзе пара ў поле ісці.



1/19. Ігнат. Беларусы-католікі некалі казалі: “На святога Ігна­та зіма багата, а Ігнат Грамніцам рад” (Паўлюкоўскі, 1934).

2/20. Грамніцы, Стрэчанне — дзень сустрэчы зімы з летам у католікаў і Грамаўніка (язычніцкага бога Перуна). Лічыцца, што ўжо могуць быць грымоты, навальніцы і прайшла палова зімы. Аб гэтым сведчаць прыказкі: “На Грамніцы — палавіна зіміцы”, “Грамніца — хлебу палавіца, а корму траціна”.

На Стрэчанне наглядалі за надвор’ем. Існавалі прыкметы: якое надвор’е на Грамніцы, такая й вясна; як на Грамніцы адлі­га — з ураджаю будзе фіга, і інш.

У прыродзе адчуваецца пацяпленне, са стрэх бягуць першыя капяжы. “На Грамніцы певень нап’ецца, на Дабравешчанне (Звеставанне) — вол” (Паўлюкоўскі, 1934).

У Свіслацкім раёне Гродзенскай вобласці, дзе жывуць пра­васлаўныя і католікі, было пачута, што “паміж польскімі і на­шымі Грамніцамі не трэба снаваць кросны, бо ваўкі будуць сна­ваць каля будынкаў”.



“Люты на парог – зіме збівае рог”


5/23. Агата. У гэты дзень свянцілі соль і хлеб. Паводле на родных вераванняў, хлеб мог бараніць ад пажару, перуна і рап­тоўных хвароб, таму і вядома: “Хлеб святой Агаты не пусціць бяды да хаты” (Беластоцкае ваяводства; Ніва, 1989), а таксама: “Соль святой Агаты бароніць ад агня хаты” (Паўлюкоўскі, 1934; Сахараў, 1937).

6/24. Аксіння (Ксеня, Аксені). Называлі яшчэ Аксінняй Паўзіміцай, бо дзяліла зіму папалам. У Заходнім Палессі гавораць: “Белі на Оксэні Мэтэ, то весь корм падмэтэ — зыма шчэ будэ” (Талстая, 1986).

Дарота. “Па Дароце высахнуць хусты на плоце” (Б. с. к., 1937).

7/25. Лічылася, калі нечакана пасля Стрэчання, 7 лютага, загрыміць гром, дык прападуць пожні (Паўлюкоўскі, 1934).

9/27. Іван Залатавус. У народным календары гэты дзень за­мацаваны за Іванам Залатавусам, а не за Іаанам Залатавустам, як у царкоўным. Згодна легендзе, Касьян падпаліў Івану Хрысці­целю вусы. Бог пакараў Касьяна тым, што яго прысвятак адзна­чалі толькі адзін раз у чатыры гады — 29 лютага па старым стылі. А Івану Бог падараваў залатыя вусы (Раманаў, 1891). Івана Залатавуса святкуюць і ў іншыя дні года.

11/29. Ігнат. Праз некалькі дзён наступяць Грамніцы, а Ігнат іх сустракае, таму і кажуць у народзе: “Ігнат Грамніцам рад”.

12/30. Тры свяціцелі. У народзе яшчэ называюць Васілля да Рыгора. У царкоўным праваслаўным календары — дзень Трох святых: Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова і Іаана Залатавуста. У гэты прысвятак не пралі (Раманаў, 1912).

13/31. У некаторых раёнах перад Грамніцамі адзначалі Стрэчаньскія Дзяды (Талстая, 1986).

14/1. Трыфан. Назіралі за прыродай, зоркамі. “На Трыфана зорна — вясна позняя” (Паўлюкоўскі, 1934). Гэты ж дзень — і Грамнічны бацька, бо заўтра ўжо Грамніцы. Да іх рабілі свечкі з асенняга воску. У Віцебскім і Полацкім паветах у апош­нюю суботу перад Грамніцамі рыхтавалі “ахвярныя” грамніч­ныя свечкі са свайго воску (Нікіфароўскі, 1897).

15/2. Грамніцы (Грамнічнік, Стрэчанне, Устрэчанне) — дзень сустрэчы зімы з летам, свята свечкі і “жывога агню”, што, па­водле язычніцкіх вераванняў, абараняе чалавека ад злых духаў. У хрысціянскі перыяд васковыя свечкі пачалі асвячацца ў царк­ве. Яны захоўваліся ўвесь год. На Грамніцы беларусы выпальва­лі “крыжы” (дзве палачкі, пакладзеныя адна на адну, пры да­памозе якіх раней здабывалі “жывы агонь”) на будынках, каб зберагчы жытло ад нябесных стыхій (дажджу, маланкі); крыжа­падобна засмальвалі валасы на галовах дзяцей і на жывёле, каб адагнаць злых чарадзеяў, ведзьмакоў. Для гэтых мэт грамнічныя свечкі пакідалі ў хлявах. Іх запальвалі пры грымотах, калі выганялі кароў вясною, на засеўках, сустракаючы нованароджа­нага, у вясельных абрадах; клалі ў рукі нябожчыку (Крачкоў­скі, 1874; Шэйн, 1887). Па стану надвор’я ў той дзень вызначалі будучае. Казалі: калі на Грамніцы нап’ецца певень вадзіцы, то на Юр’я наесца вол травіцы; як на Стрэчанне рана ўзыходзіць сонца, то будзе ранні лён; калі снег перамятае цераз дарогу, то чакаецца позняя вясна (Дабравольскі, 1914).

Прыгадалася былое… За кроснамі – ткалля з вёскі Слабодка Браслаўскага раёна Мальвіна Чарнамордая

У народных песнях гаворыцца:

Святыя Грамніцы свечкі сукаюць,

Свечкі сукаюць, на прыстаў стаўляюць.

У гэты дзень спявалі першую вяснянку:

Зіма з летам сустракалася,

Пра здароўейка пыталася.



(Гомельскі раён)

А ў нас сёння Стрэчанне,

Стрэчанне, Зіма з летам стрэлася, стрэлася,

І ножачку звіхнула, звіхнула.

Зіма пайшла плачучы, плачучы,

Лета пайшло скачучы, скачучы.



(Талачынскі раён)

Е. Раманаў лічыў, што назва Грамніцы ўзята ад католікаў, ці, што найбольш верагодна, ад уніятаў. У царкоўным пра­васлаўным календары — свята Срацення.

Са Стрэчання падумваюць ужо пра вясну. Кажуць: “Да Грамніц не скідай з рук рукавіц, а як прайшлі Грамніцы, то ўжо не патрэбны рукавіцы”. Іншы раз, праўда, даводзіцца пераконвац­ца ў справядлівасці і такой прымаўкі: “Грамніцы — зімы палаві­ць!”. Ва ўсякім выпадку ў некаторых мясцінах усе, хто хадзіў на заробкі, да Стрэчання спяшаліся вярнуцца назад, і гаспадары па­чыналі рабіць, аглядаць, рамантаваць, прылады, патрэбныя для вясновых заняткаў (Ашмянскі павет; Крачкоўскі, 1874).

18/5. Агата — прысвятак. Асвячалі хлеб з соллю, які затым на­тыкалі карове на рогі, каб не баялася ўрокаў. Хлеб той нібы дапамагаў таксама адводзіць пажар (Берман, 1874).

19/6. Бакулы. На Палессі лічылася, што Вакула ахоўваў ад ператварэння ў ваўкалакаў (Зяленін, 1915). Аб існаванні легенд пра гэтых пярэваратняў пісаў старажытнагрэчаскі гісторык Герадот. Магчыма, царква прыстасавала да язычніцкага свята ўшанаванне памяці Вуколы, епіскапа Смірнскага.

22/9 Пятро. З прысвяткам звязана прыкмета: калі на Пятра цёпла — зіма працягнецца да Вялікадня (Васілевіч, 1991).

23/10. Прохар. Заўважалі, што ў гэты дзень ласі скідаюць рогі, бліжэй становіцца да вясны. “Прыйшоў Прохар ды Улас — скора вясна ў нас” (Васілевіч, 1991).

24/11. Аўлас (Улассе, Уласце, Улас). Лічыўся святам жывёлы, “каровіным і конскім”. У адрозненне ад Валосага, Крывога чац­вярга, які бывае на Масленічным тыдні, Аўлас мае сталае месца ў календары. Магчыма, царкоўнікі, каб адцягнуць увагу ад язычніцкага культу Воласа-Велеса, увялі па сугуччы на гэты дзень адзначэнне святога Уласія Севасційскага.

На Аўласа таксама наглядалі за надвор’ем. Верылі, што каля свята сем маразоў: тры напярэдадні, адзін на Уласа і тры пасля яго (Паўлюкоўскі, 1934).

Каб адпудзіць ласку, якая нібы псавала жывёлу ў адрыне, сяляне вешалі пад столлю забітую варону. На Смаленшчыне спявалі:

Ты, Улас, Улас,

Ты найміся ў нас

Скату пасцівіць!

Нашы каровачкі

Каля дубровачкі,

Нашы авечкі

Каля рэчкі,

Нашы свіначкі

Каля асіначкі,

Нашы козачкі

Каля лозачкі.



(Дабравольскі,1903)

У каталіцкіх раёнах Беларусі на гэты дзень прыходзіцца пры­святак Мацей. Прыказкі гавораць: “На Мацея дарога пацее” (Берман, 1873; Паўлюкоўскі, 1934), “Калі на Мацея длонь спацее, то прадбачыцца добры год” (Свіслацкі раён). Нездарма яго назы­валі яшчэ Сухім днём.



26/13. Фаціння. Лічылася заступніцай ад ліхаманак, трасцы (Раманаў, 1912; Паўлюкоўскі, 1934).

  • Дзедаў (Памінальны, Усяедны) тыдзень (Памінальніца) — перадапошні тыдзень Мясаеда (трэці ад канца) перад Вялікім по­стам, прысвечаны памяці памёршых продкаў, “дзядоў”. Асаблі­ва ўрачыста адзначалі ў пятніцу і суботу. Не працавалі, каб не шкодзіць “мёртвым душам”. У царкоўнікаў гэта быў тыдзень Мытара і Фарысея (за 10 тыдняў перад Вялікаднём).

Пра снежныя завеі ў пачатку тыдня на Гомельшчыне га­варылі: “Ета Усяедная ў госці едзя!”, а ў канцы тыдня: “Ета із гасцей Усяедная едзя!” (Раманаў, 1912).

Вельмі шмат прыкмет і прымеркаванняў звязвалі з Усяедным тыднем смаленскія беларусы. Лічылася, калі “вея” (мяцеліца) была ў нядзелю, то авёс неабходна сеяць на дзевятым тыдні; калі ж у панядзелак, то — на восьмым; а калі ў сераду і чац­вер, то пакідалі “дзісяцінкі дзве”. І наогул, калі надарылася вялікая мяцеліца на тыдні, то авёс трэба сеяць раней (Дабра­вольскі, 1894).



  • Папелецсерада сёмага тыдня перад Вялікаднём (46-ы дзень), пачатак Вялікага посту ў католікаў. Свенціцца попел вяр­бы, якая была пасвенчана ў мінулым годзе на Вербнай нядзе­лі, і пасыпаецца на галаву ў знак божых пакут.

Сакавік

Сакавік часамі снегам сее, а часамі сонцам грэе.

Сакавік зялёны — ураджай благі.

Як у сакавіку туман, дык у жніво дождж — пан!

У сакавіку зіма не гніе — у красавіку трава не расце.

Няма ў сакавіку вады — няма ў красавіку травы.

Сакавік дрэвам сок пускае.

Сакавік мокры — хлеб горкі.

Хто сее гарох у марцы, той гатуе ў гарцы, а хто ў маі, той у яі.

Жыта ў сакавіку глядзіць у неба — не пакаштуеш зімой хлеба.

Сакавік дажджом імжыцца — хлеба будзе ў рукавіцу.

Сучасная беларуская назва трэцяга месяца года і першага месяца вясны паходзіць ад слова “сок”. У гэтую пару сок пачы­нае цячы з дрэў. У адным з тэкстаў XIV стагоддзя, які пісаўся ў полацкім манастыры, зафіксавана найменне сухий. Францыск Скарына ў “Малой падарожнай кніжцы” (1522) згадвае месяц марець, а ў астрожскім “Псалтыры” (1597) — березозол. Апош­няя назва, дакладней яе варыянты, захаваліся ў чэшскай мове — březen, украінскай — березень. Лацінскую форму ўтрымліваюць французская — mars, англійская — march, нямецкая — März, польская — marzec, руская — март, італьянская і іспанская — marzo і інш.

Рымскі martius, згодна легендзе, “абвясцілі” Ромул і Рэм у гонар бога сонца і вайны Марса, апекуна земляробстава і жывёла­гадоўлі, які ўвасабляў творчыя сілы прыроды. Як ужо зазнача­лася, у рымлян гэта быў першы месяц года аж да 153 года да нашай эры (таксама і ў многіх іншых народаў, у тым ліку беларусаў).

Рымлянамі, асабліва жанчынамі, 1 сакавіка святкавалася яшчэ ў гонар Юноны, апякункі жаночага жыцця, найвышэйшай ба­гіні, царыцы неба і зямлі, жонкі Юпітэра. Да таго ж яна лічылася багіняй ранняга святла, таму ёй і прысвячаўся першы дзень новага года. З 19 па 23 сакавіка адзначалася свята Квінква-трус, якое супадала з днём вясенняга раўнадзенства. Яго “гера­іняй” была Мінерва, дзявочая багіня мудрасці і вынаходстваў, што абараняла розныя промыслы, рамёствы, хатнія работы жан­чын.

Якія ж змены ў сакавіку адбываюцца ў прыродзе? Снег пачынае чарнець і раставаць. На высокіх месцах з’яўляюцца пра­таліны, бягуць ручайкі. Сярэднемесячная тэмпература паветра вагаецца ад +1 на паўднёвым захадзе да -4 градусаў на паў­ночным усходзе. Дзённая павышаецца да +15 ... 22 градусаў, аднак часам мароз захоўваецца аж да канца месяца.

На поўначы Беларусі клён дае сок у сярэдзіне сакавіка, бяроза — у канцы. З’яўляюцца “коцікі” на ранніх раслінах. Ра­кіты ў другой палове месяца ці ў пачатку наступнага ўжо пачынаюць цвісці, Гэта першыя меданосы. З-пад сухой травы выглядаюць пралескі, зелянее трава. Прылятаюць гракі, за імі — шпакі, жаваранкі, канаплянкі, зяблікі. Такуюць глухары, потым цяцеры. Выводзяцца вавёркі, зайчыкі, ваўчаняты і іншыя звяркі. Пачынаецца нераст у рыб.

Народная мудрасць перасцерагае: не бярыся за плуг, па­куль баразна блішчыць, гэта значыць мокрая. І нашаніўскія календары, абапіраючыся на багаты сялянскі вопыт, раілі піль­наваць капцы і ямы, у якіх схавана гародніна. Калі што-небудзь пачало псавацца, дык у цяплейшае надвор’е неабходна перабраць. Каб садовыя дрэвы зацвілі пазней, варта накідаць каля ствала найболей снегу, утаптаць яго і прыкрыць гноем. Абавязкова аб­рэзаць сухія і лішнія галінкі, абабраць насякомых і іх яйкі, пабяліць ствалы дрэў. Трэба баранаваць сенажаці, высаджваць расаду, а калі абсохне зямля, то можна прыступаць і да га­роху, насеннага лубіну. Ранняя сяўба калі і не паспрыяе ўрад­жаю, але насенне не звядзе.

*Лысая серада — серада перад Масленіцаю. “Лыса, лыса се­рада, галубы чацвер” (Дабравольскі, 1914).

2/17. Дзень Фёдара Цірана. У ім бачыўся заступнік ад зладзе­яў.

*Масляныя Дзяды (Мясаедныя, Паставыя, Зімовыя, Стрэчаньскія) — пятніца і субота, а ў некаторых раёнах Беларусі яшчэ і чацвер, перад Масленіцай; называлі таксама Дзедавай пят­ніцай. Раніцай палілі печку, бялілі ў хаце, засцілалі стол чыстым абрусам, вешалі новы ручнік — чакалі гасцей, “дзядоў”. Пасля рытуальнага абеду ўсё пакідалі на стале “дзядам”, у сувязі з чым гаварылі: “Дзяды не зналі бяды, а нашы ўнукі зазналі мукі” (Свіслацкі раён).

*Дзедавая субота, на Палессі яшчэ называлі Бабы.



4/19. Казімір (Казімер). У некаторых валачобных песнях, зарыентаваных на каталіцкі каляндар, упамінаецца як “пер­шае святца”.

Святы Казімір

Дровы сякець

І ў клад кладзець.

У заходніх раёнах Беларусі вядома прымаўка: “На Казімера зіма памірае” (Паўлюкоўскі, 1934). У Свіслацкім раёне кажуць: “Казімера — зіма ўмера”, “Казімера дзень і ноч умера”. Відаць, не толькі памірае, а і “ў меру”, калі маецца на ўвазе, што 20 ці 21 сакавіка бывае дзень вясенняга раўнадзенства.

*Мясапусная нядзеля — 8-ы тыдзень перад Вялікаднём.

*Масленіца (Маслёнка, Масніца) — пачатак (з панядзелка) Масленага (Сырнага, Крывога, Пустога, Развітальнага) тыдня, даўняга свята заканчэння зімы. Прыстасавана царквою да апош­няга тыдня перад постам. Мясное не елі, а толькі малочнае. Гаварылі, што Масленіца бывае “на маладзіку” (“рог месяца ўмачыў у масла”). Наладжвалі гульні. Ездзілі на конях, каталіся на санках. Дзяўчаты насілі хусткі з доўгімі махрамі, каб вырас доўгі лён. Сяляне гаварылі: “Масленіца ў вятху (пасля поўні.— А. Л.), дзяржы пшаніцу ў мяху; сей пшаніцу ва ўсю руку, калі Масленіца ў маладзіку” (Дабравольскі, 1914; Нікіфароўскі, 1897). Дзяўчаты хлопцам вешалі калодкі за тое, што яны не паспелі да Масленіцы ажаніцца, і тыя адкупляліся гарэлкаю, салодкім. Моладзь выстройвалася і вадзіла па вёсцы “масленіцу”, “каб лён добры вырас”. У Сенненскім павеце на першы дзень свята жан­чыны на санях “вазілі маладую”, якая ў апошні Мясаед выйшла замуж. Спявалі ёй:

Маладая ты Марутка,

Выйдзі, выйдзі к нам на вулку!..

Вазьмі сыра — родзіш сына,

Вынісь маяку — родзіш дачку,

Вынісь рэпку — родзіш слепку...



“У нас сягоння Масленіца!”

Муж “маладой” частаваў усіх (Шэйн, 1887). Спявалі яшчэ і так:

У нас сягоння Масленіца!

Прыляцела к нам ластавіца,

Села на калу,

Скінула масла па каму...

Вясна. У некаторых паўднёвых раёнах пачыналі ўжо гукаць вясну, што працягвалася цэлы тыдзень.

МАСЛЕНІЦА

Маслены тыдзень, ад панядзелка да нядзелі, праводзіцца шумна. Па вечарах таксама не працуюць. Ходзяць адзін да аднаго ў госці, а моладзь паўтарае каляднае гулянне. Днём усе лічаць сваім абавязкам пракаціцца: адны на санках, другія на ледзяшах, высечаных на рацэ або замарожаных у кадцы (у іх вы­чэсваецца вогнутае сядзенне, а з боку прасвідроўваецца распа­леным цвіком дзірка для вяровачкі). Трэція ездзяць на перавер­нутых, трохі падмарожаных лаўках або простых дошках. Добрыя гаспадары ў масленічныя дні абнаўляюць сані: усцягваюць іх на горку, там садзіцца чалавек 20—25 і стрымгалоў ляцяць з гары. Толькі такія сані і будуць затым лёгкімі на хаду. На Масленіцу ж аб’язджаюць упершыню і жарэбчыкаў, што дасягнулі трох­гадовага ўзросту.

У чацвер на Масленіцу мір-грамада наймае пастуха. У апош­нія дні свята, у суботу і нядзелю, катаюцца на конях, абвеша­ных стужкамі, са званочкамі і шамкамі. Пры гэтым радасна крычаць, гігікаюць, спяваюць песні.


“Масьліная, шчаслівая, працягніся да Вялікадня”

Масьліная, шчасьлівая,

Працягніся да Вялікадня!

Масьліная, шчасьлівая, бела вутка,

Нясі сыру, масла да ня хутка!

А хто сыру ня дае, няхай яму пагніе.

(Гомельскі павет: Раманаў, 1912).

Мы на горушкі пубувалі,

Пубувалі, ай-люлі, пубувалі!4

Масьлінку сустракалі,

Сырым гару набівалі,

Маслым гару палівалі,

Наша горушка катліва,

Свякровушка вуркатліва,

Іна на нас вурцала,

На горушку ні пускала.

А нам дамой ні хаціцца,

А хаціцца прыкаціцца.

Мы думалі: Масьлінка сем нядзелік,

Ажна Масьлінкі сем дзянёцкыў!

Нас Масьлінка абманіла,

На сем нядзель пыста пысыдзіла,

На белую капусту,

На горкую рэдзьку.



(Веліжскі павет; Раманаў, 1912)

ЗАБАВЫ НА МАСЛЕНІЦУ

Выдумак і штукарства на Масленіцу хапала. Весяліліся і так: на кол у зямлі прымацоўвалі кола з воза, прывязвалі да яго жэрдкі, на якія чаплялі санкі. Адны круцілі кола, другія каталіся. Мужчыны качалі па вуліцы калоду, каб летам рос добры лён. (Вёска Лескавічы Шумілінскага раёна Віцебскай вобласці; запісана ў 1989 годзе.)

ВЕШАННЕ КАЛОДКІ

З палена адразалі цурбанчык і чаплялі яго на пояс. Сабраў­шыся разам на Масленіцу, заходзілі да каго-небудзь у хату. Гаварылі: “Гаспадар, прымай гасцей” і накідалі яму на шыю той “паясок”. Гаспадар за гэта павінен быў расплаціцца, пачаставаць. Ішлі далей па вёсцы. Калі ў гурта збіралася шмат пачастункаў, гулялі ў чыёй-небудзь адной хаце, выпівалі. На вечары рознае выдумлялі, смяяліся. Іншы раз жартам вешалі калодку і на са­баку.

Была і песня, якую выконвалі падчас таго дзейства:

Давіду бяда стала.

З кім яго Жана спала

Пад дубам зеляненькім?

З казаком маладзенькім.

Я пайду кароў даіць.

А за мной Давід бяжыць.

Ой, Давід-Давідзіла,

Я цябе не відзела.

Сяду пад каровачку,

Абярну даёначку,

Ой, Давід-Давідзіла,

Я цябе не відзела.

Абярну даёначку

К міламу ў галёначку.

Ох, мілы Давадзіла,

Я цябе ўвідзела.



(Вёска Крупчына Шумілінскага раёна Віцебскай вобласці; запісана ў 1989 г.)

У іншых раёнах Віцебшчыны гэта песня выконвалася і пры “Жаніцьбе Цярэшкі”.



: files -> blocks
blocks -> Паважаны Сяргей Мікалаевіч
blocks -> План дзейнасці Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" на 2014 год
blocks -> Усеагульная дэкларацыя лiнгвiстычных правоў уводныя палажэннi
blocks -> Каардынацыйны савет па развіцці І прасоўванні «Нацыянальнай платформы бізнесу Беларусі» нацыянальная платформа
blocks -> Нацыянальнай платформы бізнеса беларусі
blocks -> Польска-беларускі слоўнік: тэрміны, паняцці і назвы з гісторыі і грамадазнаўства
blocks -> Стратэгія развіцця мовы
blocks -> Закон рэспублiкi беларусь 26 студзеня 1990 г. N 3094-xi аб мовах у рэспублiцы беларусь
blocks -> ПараўНАЎчы аналіз палажэнняў канстытуцый краін усходняга партнёрства І казахстана
blocks -> Прыняты Устаноўчай Асамблеяй Таварыства беларускай школы 22 сакавіка 1996 года


1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   12


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка