Прадмова да аблічбанавага выдання



старонка6/12
Дата канвертавання15.05.2016
Памер2.1 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   12

7/24. Алісей, Аўсей. “Прыйшоў Алісей — авёс пасей” (Паўлюкоўскі, 1934). Больш дакладныя тэрміны сяўбы давала народная мудрасць (гл. таксама 20 мая, 7 чэрвеня): “Сей авёс, як камары з’явяцца”. “Калі цвіце каліна — без ваганняў сей ячмень: не за­станешся пакрыўджаным” (Ляснічы, 1990).

*Праводная (Прабудная) нядзеля (Провады). Нядзеля пасля Велікоднага тыдня, на якой праводзілі Вялікдзень і зіму ў не­каторых раёнах Палесся. На Піншчыне гаварылі: “А ну, зіма, до Бучына, ужэ ты нам надокучыла. А ну, зіма, до Пэтрава, ты нам допэкла”. Кідалі пасталы ў агонь і скакалі праз яго. На Століншчыне вечарам або на наступны дзень качалі яйцо качаргою, прыказваючы: “Ідзі, зіма, до Кучэва, ужэ ты нам надокучыла. Ідзі, зіма, до Кракова, прыйдзеш до нас одзінакова” (Талстая, 1986). У Лельчыцкім раёне “рэзалі хвасты” каровам, замыкалі ад­рыну, каб “змей не зайшоў”. Хадзілі на могілкі памінаць родзі­чаў. У Ельскім раёне лічаць нядзелю Радаўніцай, а аўторак — Провадамі Радаўніцы. Провады Вялікадня могуць быць і ў паня­дзелак.

“Радаўніца” – сталы засцілаць, дзядоў памінаць”



8/25. Станіслаў. “Сей лён на Станіслава, вырасце як лава” (Паўлюкоўскі, 1934).

*Радаўнічныя (Радунічныя, Радасныя) Дзяды. Звычайна адз­началіся ў панядзелак перад Радаўніцай. Называліся яшчэ Жывой радаўніцай у адрозненне ад Мёртвай у аўторак (Крачкоўскі, 1873).

Радаўніца (Радуніца, Провады, Праводная ці Мёртвая радаў­ніца, Мёртвы дзень, Праводны дзень) — аўторак другога (Фамінога) тыдня пасля Вялікадня, дзень памінання памёршых на могілках. Вядомы ва ўсіх славян. У народзе гавораць: “На Радаўніцу да абеду пашуць, па абеду плачуць, а к вечару скачуць”. У вала­чобных песнях пяецца:

Радаўніца —

Сталы засцілаць,

Дзядоў памінаць...

Радаўніца

Бараніць

Чыста поле

Яравое


Да й раўнуіць..,

Каб зберагалася збожжа ў гумне, у Свіслацкім раёне цераз яго кідалі тры разы яйка, якое прытым не разбівалася.



* Дзяды. Аўторак на другім тыдні пасля Вялікадня. У Хойніц­кім раёне праводзілі “чытвёртые дзіды” на годзе (Талстая, 1986).

Бабскія розбрыкі. Аўторак або чацвер пасля Юр’ева дня. Рытуальны дзень скокаў жанчын, якія нібы садзейнічалі ўрадлі­васці зямлі і плоднасці жывёлы. Качаліся і куляліся па ніве, падскоквалі, імітуючы рухі жывёл (Талстая, 1984).

10/27. Праводзіўся абрад выезду ў поле Ярылы. У поле выпраў­ляўся на белым кані малады прыгожы хлопец у белай вопратцы, такім жа плашчы-накідцы, на галаве — вянок, у руцэ — пук жыт­нёвых каласоў. Дзяўчаты вадзілі вакол яго карагоды, спявалі:

Валачыўся Ярыла

Па ўсяму свету.

Полю жыта радзіў,

Людзям дзеці пладзіў.

А дзе ж ён нагою,

Там жыта капою.

А дзе ж ён ні зірне,

Там колас зацвіце.

Ярылавіца (Красная Горка). Язычніцкае свята ў гонар вяснова­га культу. “На Красную Горку,— як заўважыў І. Сербаў,— “сакуны” (беларусы, што ў дзеясловах ужываюць часціцу -са замест -ся.— А. Л.) гушкаюцца на арэлях і спяваюць “Ярыловіцу і валялём”:

Валялём!

Ды на вуліцы

Ярыловіца, валялём!

Ой, цяжка хлопцам —

Пятровіца.

Да судзі ж, Божа,

Пятра даждаць,

Хлеба нажаць...

Мусіць, святкаванне Ярылавіцы было на Праводным тыдні і яшчэ некалькі дзён пасля, як і Красная Горка, але да Пятроўкі (з 26 чэрвеня).



11/28. Дзень Пранціша. У Заходняй Беларусі існавала прык­мета: 11-га мокра — усё лета мокрае, а суха — усё лета сухое (Б. с. к., 1937).

13/30. Якуб. “На Якуба грэе люба” (Паўлюкоўскі, 1934). Прад­казвалі, якое будзе лета. Карысталіся дзедаўскімі прыкметамі: калі сонца ўзыйдзе ясна — чакаецца сухое лета, а праз хмары — дажджлівае; як ноч пад 1 траўня зорная і цёплы паўднёвы ве­цер — лета будзе з бурамі, але цёплае і ўраджайнае (Б. с. к., 1937).

14/1. Макарэй. У некаторых мясцінах заходзілі ў раку і мачылі вочы, каб не балелі; свянцілі ваду (Талстая, 1986).

Ярома. У народзе прыкмячалі: калі на Ярому непагадзь, то суровая і галодная надарыцца зіма (Ляснічы, 1990).

* Міраносцы. На Смаленшчыне гаварылі: “На Міраносця п’яныі бабы цігаюць адна адную за валосця” (Дабравольскі, 1894). Жанчыны святкавалі таму, што, згодна царкоўнаму праваслаўна­му календару, трэцяя нядзеля ад Вялікадня — дзень святых жонаў Міраносіц. Такую назву мае і сталая дата ў царкоўным кален­дары (22 ліпеня па старым стылі).

15/2. Барыс (Барыс Кажалуп). Лічыцца апекуном палявых работ. На Палессі праводзіліся абрады каля крыніц, вада якіх прызнавалася гаючай пры хваробах вачэй. У валачобных песнях Барыс

...ляды паліць,

Зямлю грэець, ячмень сеець

З поўнай сявенькі, з правай жменькі.

Кінеш рэдка — дасць Бог густа.

Дай жа, Божа, зарадзі, Божа,

Каласіста, ядраніста,

а таксама “па межах ходзіць, поле дзеліць”, “бабы сеець”, “збожжа высіць”, “бульбу засяець”, “коні пасець у зялёных ду­гах”. Раней казалі: “Як запяе ўдод, тады сей боб”. На гэты дзень прымяркоўвалася “паленне грудаў”, правядзенне падсеянага зем­ляробства, падрыхтоўка так званых лядаў, для будучага поля раскарчоўвалі дзялянку і палілі груды (Нікіфароўскі, 1898).



16/3. Маўра. Прысвятак папярэджвае земляроба, што не ўсе дні ў маі бываюць па-веснавому цёплымі. “Маўра холад прыно­сіць” (Васілевіч, 1991).

18/5. Арына Расадніца. Дзень высаджвання расады ў Паазер’і. Калі шмат вады ішло на яе паліўку, то меркавалі, што чакаецца сухі сенакос, слаба вада ўбіралася — на мокрую касавіцу (Ляс­нічы, 1990).

19/6. На Паазер’і лічылі: з раніцы вялікая раса і ясны дзень — на ўраджай гуркоў (Ляснічы, 1990).

20/7. Антоній. Прысвятак служыць арыенцірам у некаторых мясцінах для сяўбы аўса. “На Святы Антоній сей авёс для коней, а як удасца, дык і прадасца” (Гілевіч, 1983).

21/8. Іван Веснавы (Іван Мікольны, Іван Доўгі, Бацька Міколы, Мікольнік). Адзін з апекуноў земляробства. У полі з’яўляліся каласкі жыта, таму ў некаторых мясцінах гаварылі: “На Івана каласок, а на Пятра піражок” (Крачкоўскі, 1874). Спрыяльны дзень для пасеву агуркоў, морквы, рэдзькі, гарбузоў і інш. “Гур­кі сеём, гарбузы, шчоб доўгіе булі, бо то ж Доўгі Іван, Іван Мікульны, перад Мікулай ходзіт” (Лельчыцкі раён; Талстая, 1986).

“Прыпасайся сенам да Міколы, не бойся вясны ніколі”

На Віцебшчыне сажалі цыбулю (Нікіфароўскі, 1897). На Лельчыччыне сеялі агуркі, пакуль каровы ляжаць у хляве, каб былі та­кімі тоўстымі, як жывёла, і трымалі ў руках качалку, каб раслі такімі ж вялікімі. У Пінскім павеце жанчыны ў час пасадкі вышэй падбіралі спадніцы, каб усё вырасла высокае, і хапаліся за сваё калена, каб агародніна была тоўстая і круглая (Булгакоўскі, 1890). На Мазыршчыне на беразе ракі раскладвалі вогнішча (“купайла”), спявалі каля яго песні. Падпальвалі пукі саломы і кідалі ў плынь, каб лён добра радзіў. Там жа лічылася, што на Мікольнага Івана “орахі цьветуць і папараць”. У Ельскім раёне “купайла” рабілі з дзеркачоў і палілі, павесіўшы на хвою. Засцерагаліся ведзьмы (Талстая, 1986). Міколін Бацька адлюстраваны ў каляд­ных і валачобных песнях:

А потым таго Міколін Бацька

Із сявалачкі яр засяваець.

Первая сяўба — белы й гарошак,

Втарая сяўба — яра пшаніца,

Яра пшаніца, усякая пашніца,

Авёс вяцісты, ячмень пляцісты,

Ячмень пляцісты й, а гарох стручысты й,

Пшаніца бела ўдала была.

(Лепельскі раён)

“Юр’е пасе кароў, а Мікола коней”



Мікольскі тыдзеньтыдзень перад Міколага, час пасеву агуркоў (Дэмбавецкі, 1882).

22/9. Мікола. Свята пастухоў; апякун земляробства. Аглядалі ўсходы жыта. Калі поле было плямістым, то вінаваціўся ў недаро­дзе папярэдні апякун. “Мікола біў Барыса, што парабіў жыта лыса” (Шумілінскі раён). Як лічылі, у жыце ўжо павінна схавацца варона. Да гэтага дня паспявалі многае пасеяць і пасадзіць — яра­выя, авёс, бульбу, затым ячмень, лён, гарох, проса, каноплі. “Да Міколы не сей грэчкі, ды не стрыжы авечкі”. Пачыналі стрыгчы авечак, выганяць на пашу. “Юр’я пасе кароў, а Мікола коней”; “Прыпасайся сенам да Міколы, не бойся вясны ніколі”. Пастухі абходзілі хаты — там іх частавалі, у полі смажылі яешню. У ноч на Міколу абкурвалі коней і валоў зёлкамі і абходзілі іх з яйцом, якое потым аддавалі сляпому старцу. Пасля такога абраду быў рытуальны абед з яешняй і гарэлкай. З гэтым святам звязваюць і з’яўленне камароў. У Старадарожскім раёне гавораць: “Прыйдзе Мікола — высыпле камароў з прыполе”.

У валачобных песнях Мікола крыху падобны да іншых апеку­ноў земляробства (“стары сявец ячмень сеець, засяваець”, “пай­шоў у поле яравое гарох сеіць”, “па межах ходзя і ўсё родзя, і траву расціць, і Скот пасціць”, “па бару хадзіў да раі садзіў”, “коней пасціў да запасаў”).

Святы, Мікола,

Стары сявец,

Узяў сявеньку

Да й паехаў

На пашаньку.

Яр засяваіць,

Кініць рэдка —

Усходзіць густа...



(Дзісенскі павет; Архіў РГТ, канец XIX ст.)

Алёна, Галена. Прысвятак звязвалі з ільном. “Сей лён на Але­ну, будзе кашуля па калена” (Паўлюкоўскі, 1934).

Пачатак * Пераплаўнага (Перахроснага, Чарвівага) тыдня,

чацвёртага тыдня ад Вялікадня. На Шуміліншчыне лічаць, што нічога не трэба садзіць, бо завядуцца чэрві.

23/10. Зілот. У некаторых раёнах сеялі пшаніцу, стараліся па­сеяць каноплі. “Сей пшаніцу, і яна будзе як Злата” (Цэбрыкаў, 1862; Раманаў, 1912).

* Пераплаўная (Градавая, Грамавая, Палавенская) серада (Перапалавенне, Серадапосніца). Чацвёртая серада пасля Вялікадня. (Назву дала, відаць, царкоўная легенда, згодна якой у гэты дзень Божая Маці пераплывала раку.) Дзеці ўжо маглі купацца — аж да Спаса ці Іллі. У Лельчыцкім раёне не палолі, каб градам поле не пабіла; у Столінскім — баяліся, каб не заліў поле дождж; у Мазырскім — каб не застала бура на рацэ. Дазвалялася толькі садзіць цыбулю, каб была горкай (Паўлюкоўскі, 1934).

24/11. Макей. Прадказвалі надвор’е на лета: “Мокра на Макея — і лета не прасушыць, а сухім Макей прыйшоў — і лета не намочыць” (Ляснічы, 1990).

Кірыла і Мяфод. Калі дзень мокры — і лета будзе мокрае, а як сухі — то і лета выпадзе сухое (Васілевіч, 1991).

25/12. Епіфан. “На Епіфана раніца ў чырвоным каптане, не­ба з барваю — гарачае, пажаранебяспечнае лета” (Санько, 1990).

27/14. Сідар (Сідары). “Прыйшлі Сідары, прыйшлі і сіверы” (Паўлюкоўскі, 1934). У народзе прыкмячалі: калі на Сідара дзьмуць паўночныя вятры, то лета чакаецца дажджлівае; калі да гэтага дня або на яго прыляцяць стрыжы і ластаўкі (касаткі) — лета надарыцца цёплае (Санько, 1990).

28/15. Пахом. “Святы Пахом павее цяплом” (Паўлюкоўскі, 1934); “На Пахома цёпла — усё лета будзе цёпла” (Санько, 1990).

На Шуміліншчыне кажуць: “Сей агуркі на Пахом — будзеш на­сіць мяхом”.



29/16. Магдалена. “Магдалена зязюльку прысылае” (Паўлюкоўскі, 1934), “Магдалена — вады па калена” (Сахараў, 1944).

31/18. Шэсць дзеў. На Смаленшчыне гаварылі: “Лён сей поз­ні на Шэсць дзеў” (Дабравольскі, 1897). Адну з сямі, як на самай справе ў царкоўным календары, звалі Матрунай, таму дзень вядомы як Канапелька Матруна. “Канапелька Матруна ў зямлю махнула” (Дабравольскі, 1914).

Фядот. Да гэтага часу звычайна дубы пакрываліся зялёным маладым лісцем. Селянін прыкмячаў: “Як на дубе апушка — у Фядота поўная аўса кадушка” (Свіслацкі раён), “Прыйшоў Фя­дот— прынялася зямля за свой род” (Ляснічы, 1990).

Чэрвень

Лета на зіму працуе.

Летні дзень за зімовы тыдзень.

Летні дзень — рок.

Не поле родзіць, а лета.

Што летам нагой коп, то зімой зубамі хоп.

Лета прыгатуе, а зіма з’есць.

Лецічка не ўлежна, дак уежна.

Хто ўлетку спіць, той узімку не есць.

Лета праляжыш, то ўзімку ў пазыкі пабяжыш.

Людзі рады лету, а пчолы — квету.

Благое лета, калі сонца нету.

Не прасі лета доўгага, а малі цёплага.

Летам і качка — прачка.

Чэрвень — пачатак лета.

У чэрвені ўбача спадар, што Бог дасць у дар.

Чэрвень — пралецця скон, а лета — у гон.

Чэрвень не гуляе — ураджай люляе.

Чэрвень сухі — плюнь на баравікі.

Чэрвень — пачатак лета, сярэдні месяц года, мае 30 дзён. Назва яго тлумачыцца з’яўленнем чарвякоў, а таксама чырвоным колерам, які набываюць некаторыя ягады менавіта ў гэтую пару.

Старажытнабеларускае найменне месяца — чирвець (червец), украінскае — червень, польскае — czerwiec, старажытна­рускае — изокѣ, рускае — июль, лацінскае — junius, нямецкае — Juni, англійскае — June.

Назва “юніус” паходзіць ад імя старажытнарымскай багіні Юноны. Згодна іншым звесткам, месяц названы ў гонар першага рымскага консула Юнія Брута. У рэспубліканскім календары французскай рэвалюцыі ён згадваецца як прэрыаль, што азначае “пара паплавоў”.

У месяцы самы доўгі дзень года — 22 чэрвеня (працягваецца болей 17 гадзін) і самая кароткая ноч. Сонечныя праменні ў гэты час утвараюць з паверхняй зямлі найбольшы вугал — у Мінску амаль 60 градусаў. Дзень летняга сонцастаяння беларусы здаўна адзначаюць святам Купалля.

У чэрвені асноўны занятак селяніна — нарыхтоўка сена. Вось якія парады давалі на гэты конт нашаніўскія календары: касі траву, пакуль луг не адкрасуе, бо пазней трава зацвярдзее і не будзе з яе карысці для жывёлы; да Пятра высушыш траву і пад кустом, а на Пятра не сохне і на кусце. І яшчэ: не ганяйся за пашай на канюшынішчы, а спяшай заараць, пакуль зямля не перасохла, бо завядзеш многа пырніку, і жыта не зародзіць. Барануй часцей папар, каб травой не зарос. А каб звесці ў хлявах мух, якіх у чэрвені надта многа, рэкамендавалася, напрыклад, прыручаць ластавак, а таксама вешаць на сценах, пад стропам невялікія пучкі папаратніку: мухі садзіліся на зелень, а вечарам іх струшвалі ў мяхі.



1/19. Людзі прыкмячалі: калі ў першы і другі дзень чэрвеня лье дождж — увесь месяц будзе сухі (Санько, 1990).

3/21. Алёна (Алёны, Ульяна) — дзень ільну. Лічылася: як пасеяць лён на Алёну (Ульяніцу), то добры “ўдасца” (Пяткевіч, 1938; Дэмбавецкі, 1882). У Бельскім павеце Смаленскай губерні зафіксавана: “Лён хто пасвіць на дзісятый ад Іллі нядзелі — са льном; а на восьмый — у васьму (атрымае восьмую частку.— А. Л.)\ на сёмый — із поля вон” (Дабравольскі, 1894).

“Ваджэнне стралы” на Веткаўшчыне



“Ой, пашла страла, да й у канец сяла”



“Да забіла страла добра молайца”



4/22. Васіліска. “Ад Васіліска і салавей блізка” (Паўлюкоўскі, 1934).

5/23. Дзень памяці Ефрасінні Полацкай (Прадславы) — кня­зёўны, манашкі-асветніцы XII стагоддзя. З блізкіх і далёкіх ваколіц людзі пешшу хадзілі ў Полацк пакланіцца “сваёй Ефра­сінні” і “абракацца”, каб дапамагала ў зямных нягодах (Шумілін­скі раён).

7/25. Ян. “Калі рой выйдзе перад Янам, будзе пчаляр панам” (Паўлюкоўскі, 1934). У іншых мясцінах Беларусі гэтую прыкмету адносілі да Яна Купалы.

Восьмы тыдзень перад Іллёю. На Смаленшчыне заканчвалі сеяць авёс. Там гаварылі: “Сей авёс, як паявіцца іўсяный камар. Сей авёс, як расцвяцецца казелец. Када суніца красна, ня сей іўса напрасна. Када Фаміна нядзеля будзіць хараша, то і авёс, і ўсякый хлеб будзіць харош. Када на Уся ёднай нядзелі ідзець бальшая мяцель, сей авёс ранышы, а мяцелі нет — сей авёс пазней” (Дабравольскі, 1894).

*Ушэсце (Ушэснік, Шоснік) — дзень агляду жыта; чацвер на шостым тыдні пасля Пасхі, саракавы дзень. Як не будзе, кажуць у Лельчыцкім раёне, дажджу на Ушэсце, так не будзе шэсць ня­дзель (Талстая, 1984). У валачобных песнях Ушэсце (Шоснік) “колас выносіць”, “у полі ходзіць, з Богам рондзіць”, “пшонку сее”; у гэты дзень, як пяецца, “жыта выплываець”, “жытцо пучком, каленцам”, “колас точыць”, “аўсы шасцяць”...

Згодна беларускім павер’ям, на Ушэсця з зямлі выходзяць прасушыцца скарбы, але іх ніхто не бачыць. З пшанічнай мукі на малацэ з яйкамі сяляне пяклі тонкія бліны, якія называлі “богавы анучы” (Цэбрыкаў, 1862).

У многіх раёнах святкаваўся як апошні дзень вясны. А на Усходнім Палессі выконвалі абрад “ваджэння і пахавання стра­лы”. Удзельнікі збіраліся ў традыцыйным месцы пад спевы асноўнай песні:

Ой, пушчу стралу да й па ўсяму сялу.

Ой, пайшла страла, да й у канец сяла.

Да забіла страла добра молайца...

Вадзілі веснавыя карагоды, “танок” у полі або абходзілі вакол вёскі. Гулялі на жыце, закопвалі ў глебу “стралу” (пярсцёнкі, грошы і інш.), каб задобрыць палявога духа на добры ўраджай.

14/1. Усцін (Юстын і Харытон). З прысвяткам звязаны прыкме­ты пра рост зерневых раслін. “Юстын цягне ўверх каноплі, Харытон — лён” (Паўлюкоўскі, 1934). “На Усціна лета ўдаецца — жыта добрым коласам нальецца” (Ляснічы, 1990).

Сёмы тыдзень перад Іллёю. Пасля аўса браліся сеяць ячмень. Дакладны дзень сяўбы вызначалі па прыкметах. “Сей ячмень, як загудзець сляпень”. “Сей ячмень, як каліна ў крузе”. “Сей ячмень з зімы, калі рож ня высыпала і яшчэ ячмень у пучках”. “Ячмень сей на сядзьмой нядзелі ад святога Іллі, у тэй дзень, када на Усяеднай нядзелі (тыдзень перад Вялікім постам.— А. Л.) была вея (“сплашніцы”)” (Дабравольскі, 1894).

16/3. Лук’ян. Паўднёвы вецер на Лук’яна — на добры ўра­джай яравых, а калі падзьме паўночна-заходні — сырое лета прынясе (Ляснічы, 1990).

*Градавая (Пераплаўная, Крывая) серада — дзень перад Трой­цай (тое самае, што і чацвёртая серада пасля Вялікадня), лічыцца небяспечным для палявых работ. Нічога не садзілі, не палолі, каб не вырасла крывым.

Ручнікі Марыі Каўтуновай з Веткаўшчыны



*Сёмушныя (Траецкія, Сярэднія) Дзяды — пятніца перад Сё­мухай. “У пятніцу вараць постнэ, а ў суботу скоромнэ. На стале астаўляюць “дзядам”,— гавораць у Лельчыцкім раёне.

*Духавая субота (Святы дух, Стаўрускія Дзяды, Стаўроўскія Дзяды, Сёмка) — Дзяды ў суботу перад Сёмухай, Тройцай. На Вілейшчыне сяляне рыхтавалі 5 або 7 страў. Пілі з адной чаркі, пускаючы яе па крузе. Пакідалі крыху стравы і гарэлкі для “душ”. У валачобных песнях зазначаецца: “Свята Тройца май стаўляіць, старых памінаіць” (Верхнядзвінскі раён). Вядомы прымаўкі: “Да Святога духа не скідай кажуха”, “На Духа будзець цёпла і суха”. У гэты дзень садзілі капусту (Дэмбавецкі, 1882).

*Зялёная (Кляновая) субота (Зелянец, Май, Зялёныя святкі) — свята маладой зеляніны перад Сёмухай. Варажылі пра надвор’е. Асвячалі травы, абкурвалі хаты, жывёлу, каб не баяліся перуноў.

У Магілёўскай губерні сеялі каноплі, дзяўчаты хадзілі ў лес “завіваць вянкі”. Гаварылі: “На Зелянец вясны канец” (Федароў­скі, 1935).

ДУХАЎ ДЗЕНЬ

Напярэдадні Духава дня, у Духаўскую суботу, сеюць каноп­лі. Гэта робяць звычайна пад вечар, таму што пасля сяўбы ўжо нічога нельга рабіць, інакш каноплі не будуць удачлівымі. Затым ставяць зялёныя бярозкі і галіны іншых дрэў перад вокнамі — вось чаму і называюцца Духаўскія святы Зялёнымі святкамі. У сялян ёсць звычай прыносіць у царкву кветкі і зёлкі, акрапляць іх вадою і захоўваць на працягу года. Імі абкурваюць хаты, жывёлу і пры наступленні навальнічных хмар паляць на паволь­ным агні для перасцярогі ад маланкі.

Пасля абеду (полудня) дзяўчаты адпраўляюцца ў лес. Яны бяруць з сабою яйкі, сала, кілбасы, а іншы раз і гарэлку і, прыга­таваўшы яечню і закусіўшы, пачынаюць завіваць вянкі. Кожная выбірае дзве невялікія бярозкі, верхавіны якіх звязвае ў выгля­дзе вянка. Дзяўчаты праходзяць пад імі, спяваючы:

Пойдзем, дзевачкі, у луг гуляць,

Зялёных вянкоў завіваць.

Заўём вянкі на ўсі святкі,—

На ўсі святкі, на ўсі празнічкі.

Потым варожаць: калі вянок не засохне дачасна і патрэбна развіваць яго, то гэта добрая прыкмета, а як рана засохне, то “дур­ная прымета”. Затым рвуць са сваіх бярозак зялёныя галінкі, ро­бяць з іх вянкі і спяваюць:

А мы вяночкі завілі,

Гарэлачку папілі

І яешыньку паелі.

Вянкі кладуць сабе на галаву і, несучы іх такім чынам да ракі, заводзяць песню:

Выхвалялася бяроза,

Што ў яе лісточак зялёненькі,

Што ў яе ветвікі да долу.

Як зачуў, пачуў шэры дуб,—

Ня хваліся, кажыць, бярозе,

Ня сама бяроза расцілась...

За рэчкаю, за быстраю,

Чатырэ дваркі;

А ў тых дварках —

Чатырэ кумы.

Вы, кумочкі галубочкі,

Куміцеся, любіцеся,

Любіцеся, куміцеся,

Любіце й мяне.

Сашчыпніце па цвеціку,

Сашчыпніце і мне.

Саўеце вы па венчыку,

Саўіце вы й мне.

Панясіце на ціхі Дунай,

Вазьміце і мой.

Кіньце сваі вяночкі,

Кіньце вы й мой.

А ўсі вянкі паверх плывуць,

А мой патануў;

А ўсі дружкі з пахода йдуць,

А майго нямаш.

Падышоўшы да ракі, усе кідаюць свае вянкі і па іх варожаць пра будучае. Калі вянок плавае па вадзе — добрая прыкмета, калі патанае — благая (Клімавіцкі, Магілёўскі паветы; Дэмбавецкі, 1882).

СТАЎРОЎСКІЯ ДЗЯДЫ, АБО СЁМКА

...Да гэтага дня вядзецца ў доме такая ж падрыхтоўка, як і да Асянін (гл. лістапад, — А. Л.); але ён не суправаджаецца тою ўрачыстасцю і шчодрасцю страў, што ў сялян узносяць свята. Вясновы недахоп у хлебе і наогул у харчаванні бывае ці не штогод і амаль для кожнага вельмі значны, а таму і Сёмка адзначаецца не так багата. Некаторыя прасталюдзіны на пытанйе, чаму яны на Сёмку не запрашаюць сваіх “дзядоў”, адказваюць: “Наштош іх зваці, калі нечага даці”.

Назва Дзядоў “Стаўрускія” або “Стаўроўскія” узята з урачыс­тага звароту перад пачаткам вячэры, які несвядома захаваўся ў некаторых мясцінах Дзісенскага павета. Дзед або бацька, нахі­ліўшыся так, каб твар яго быў на ўзроўні са стравамі, гаворыць: “Стаўры, Гаўры, прыходзьце к нам!” ...Недалёка ад горада Дрысы ў язычніцкія часы, кажуць, жыў і валодаў значнай прасторай на Дзвінскіх берагах нейкі славуты асілак, князь Бай, ці Буй. Ён меў двух сабак добрай пароды: адзін называўся Стаўры, а другі — Гаўры. Сабакі былі вельмі дужымі і разумнымі, ніякі звер не мог змагацца з імі; яны неаднаразова ратавалі свайго гаспадара і выводзілі з лесу, калі ён блудзіў на паляванні. Князь загадаў падуладнаму люду аказваць сабакам гонар як першым і самым давераным сваім абаронцам. А калі яны здохлі, кожны год на­ладжваў для людзей Пір на тым месцы, дзе былі пахаваны яго сяб­ры — сабакі. Гулянне працягвалася за поўнач, і калі ўсе разыхо­дзіліся, то пакідалі рэшткі страў, косці кідалі ў агонь, заклікаючы і ўяўныя душы здохлых сабак: Стаўры, Гаўры.

На самой справе, ці адсюль бяруць пачатак Стаўрускія Дзя­ды — цяжка вырашыць. Можа, гэта легенда выдумана адукава­нымі людзьмі, што высільваюцца знішчыць рэшткі язычніцтва і паказаць недарэчнасць абраду.

Сёмкі ж атрымалі назву ад часу свайго святкавання — у сёмы тыдзень ад Пасхі (Дзмітрыеў, 1869).



: files -> blocks
blocks -> Паважаны Сяргей Мікалаевіч
blocks -> План дзейнасці Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" на 2014 год
blocks -> Усеагульная дэкларацыя лiнгвiстычных правоў уводныя палажэннi
blocks -> Каардынацыйны савет па развіцці І прасоўванні «Нацыянальнай платформы бізнесу Беларусі» нацыянальная платформа
blocks -> Нацыянальнай платформы бізнеса беларусі
blocks -> Польска-беларускі слоўнік: тэрміны, паняцці і назвы з гісторыі і грамадазнаўства
blocks -> Стратэгія развіцця мовы
blocks -> Закон рэспублiкi беларусь 26 студзеня 1990 г. N 3094-xi аб мовах у рэспублiцы беларусь
blocks -> ПараўНАЎчы аналіз палажэнняў канстытуцый краін усходняга партнёрства І казахстана
blocks -> Прыняты Устаноўчай Асамблеяй Таварыства беларускай школы 22 сакавіка 1996 года


1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   12


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка