Прадмова да аблічбанавага выдання


* Сёмуха (Сямік, Тройца, Клечанне)



старонка7/12
Дата канвертавання15.05.2016
Памер2.1 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   12

* Сёмуха (Сямік, Тройца, Клечанне)язычніцкае свята, у якім праглядаецца культ продкаў і расліннасці, прымеркаванае пазней царквою да хрысціянскай Пяцідзесятніцы (50-ы дзень пас­ля Пасхі).

Упрыгожвалі “маем” будынкі. У Лельчыцкім раёне рвалі рагоз (“лепеху”) і клалі на падлогу, каб не было блох. Дзяўчаты хадзілі ў лес “завіваць” бярозкі, плясці вянкі, есці абрадавую страву (яйкі). На Міёршчыне спявалі:

Хадзіла Тройца каля аконца.

Я ж, маладзенькая, не выспалася...

У некаторых раёнах Палесся называлі гэтае свята Клечаннем, відаць, таму, што галінкамі клёна ўпрыгожвалі хаты.

“Хадзіла Тройца каля аконца”

Пачатак * Русальнага (Граннага, Праводнага, Духавага) тыдня (Русальніца, Брэзжыны, Іван-ды-Мар’я) — наступны тыдзень пас­ля Сёмухі; дні праводзін вясны. Ушаноўваўся культ расліннасці і продкаў. Іван-ды-Мар’я называюць у Рэчыцкім раёне панядзе­лак Русальнага тыдня.

Звычайна на другі дзень Сёмухі на Піншчыне некалі наладж­валі свята Куста, або вадзілі “куста”. “Апраналі” дзяўчыну ў зялёныя галінкі дрэў і вялі па вёсцы з песнямі:

Павядзём куста пад гай зеляненькі,

Сустрэне нас да казак маладзенькі...



(Быкоўскі, 1878)

Прывялі куста

Да й із зялёнага клёну:

Дай нам, пану,

Хоч па залатому...

(Булгакаўскі, 1890)

Абрад і песні былі накіраваны на садзейнічанне ўрадлівасці зямлі і лепшай долі чалавека.

Ва Усходнім Палессі выконваліся праводзіны русалкі ў жыта. Найбольш вядомы з абраду песні ў Чачэрскім і Буда-Кашалёўскім раёнах:

На Граннай нядзелі

Русалкі сядзелі...

У Хойніцкім і іншых раёнах спявалі:

Правяду я русалачку да броду,

А сама вярнуся дадому...

На Веткаўшчыне ў гэтыя дні не садзілі квахтух на яйкі, каб не выводзіліся кураняты з крывымі нагамі (Раманаў, 1912). На Смаленшчыне на Брэзжыны не сеялі яравыя (Дабравольскі, 1914).

СВЯТА КУСТА

...На выгане, дзе збіраецца люд на гульні, укопвалі зялёнае дрэва з рознакаляровымі стужкамі. Сюды прыходзілі дзяўчаты, замужнія жанчыны, хлопцы на чале з прыгожай дзяўчынай — яна для ўсіх была багіняй. Зялёны вянок аздабляў яе скроні, бярозавыя галінкі ўпрыгожвалі аж да ступняў. Усе танцавалі вакол дрэва і спявалі песні, у якіх часта паўтаралася: “О, Мая! Мая!” Звычайна такую ўрачыстасць святкуюць на Зялёныя святы. На прыстойную дзяўчыну апранаюць сукенку накшталт плашча, сплеценага з бярозавых галінак. Іншыя дзяўчаты абкру­жаюць яе і ходзяць па вёсцы, скачуць і спяваюць:

Каля таго ды зялёнага куста

Пасеяна чачавіцы густа.

Хто тую чачавіцу сарве,

Той тую дзяўчыну замуж вазьме.

(Пінскі павет; Галямбоўскі, 1831)

*Конскі Вялікдзень — першы аўторак пасля Тройцы, свята коней. У гэты дзень не выкарыстоўвалі іх для работы, у канюшні ставілі свечку за здароўе жывёлы (Булгакоўскі, 1890).

*Градабой (Градавая серада, серада Русаль) — серада на Гранным тыдні; засцерагаліся ад граду. У Мазырскім раёне гава­рылі: “Эта ж яе трэба сільна сьвяткаваць, каб град не йшоў. Як яе не сьвяткуюць, дак град рабіцьме ў сялі ўрэда, збівае дабро. У полі не работалі, каб град не збіваў” (Талстая, 1984). “У сераду Русаль на балоце Вялікая Гала палешукі звычайна цэлай грамадой выходзяць за сяло і са спевамі здабываюць з ясеня свяш­чэнны агонь” (Пінскі павет; Сербаў, 1915).

У характары правядзення Градавай серады, асабліва серады Русаль, праяўляюцца сляды шанавання даўняга культу Перуна.



20—21. Дзень астранамічнага сонцастаяння.

21/8. Тодар (Хвёдар). Па стану надвор’я ў гэты дзень стараліся прадказаць надвор’е і ўраджай на лета: “На Тодара раса — кана­пель паласа” (Паўлюкоўскі, 1934); “На Тодара раса — лета сухое і ўраджайнае” (Сахараў, 1937); “Навальніца на Хвёдара — падвядзе надвор’е ў час жніва”; “Хвёдар з навальні­цай— сенакос спартачаць”; “Росы з Хвёдара — лён уродзіць” (Ляснічы, 1990).

“Калодзеж, калодзеж, дай вады напіцца”



*Неўскі (Намскі) чацвер (Неўская Тройца) — чацвер пасля Тройцы, памінальны дзень продкаў на могілках. Нічога не рабілі, бо лічыўся “сухім” днём. На Століншчыне і цяпер нясуць “на могліцы аір, по-нашэму, панны, і ліпу затыкаюць на крэсты”; у Бярозаўскім раёне “ідуць гуляты воны по жытовы. А потым ужэ ідуць воны на кладбішча і із сэбэ одэжу пэрэтрушваюць”. (Талстая, 1986).

* Абліваха — чацвер на Гранным тыдні. У Добрушскім раёне абліваліся вадою, каб ішоў дождж.

22/9. Кірыла. У некаторых мясцінах адзначаўся як дзень летняга сонцастаяння. Лічылі, што на Кірылу з усяе моцы зямля імкнецца да сонца. На Паазер’і да таго дня пачыналі касавіцу (Ляснічы, 1990).

23/10. Купала. “На Купала раса — будуць агуркі”; “У каго Купала пракосы ўбача — таго баба жнівом не заплача” (Б. с. к., 1937).

24/11. Ян (Ян Купальны, Янаў дзень) — працяг Купалы ў некаторых каталіцкіх раёнах Беларусі (гл. 7 ліпеня). Добра ахарактарызаваны ў фальклоры. Беларусы ў Латвіі спява­лі:

Ходзіць Ян па вуліцы,

Завець дзяўчат у купаллю: —

Пойдзем, дзеўкі, у купаллю,

Пойдзем у зялёну!

(Сахараў, 1940)

Пра свята гаварылі: “Калі выйдзець рой перад Янам, будзець зямец панам”, “Калі не выліняў конь да святога Яна, няхай ідзець да другога пана” (Барысаўскі павет; Тышкевіч, 1847); “На Яна нажала, на Пятра напякла” (Ашмянскі павет; Шэйн, 1893); “Яны правяць ільны” (Шырма, 1947); “Святы Ян пчолы садзіць”, “Ча­самі Ян дасць ягад збан”, “На Яна сонца гуляе” (Б. с. к., 1937).



25/12. Анапрэй (Нупрэй) — прысвятак. Спрыяльны дзень для сяўбы грэчкі. “Хто на Нупрэя пасее грэч, той будзе бліны печ” (Паўлюкоўскі, 1934). У Магілёўскай губерні да абеду яшчэ сеялі “белае зерне” (авёс), а пасля абеду — “чорнае” (грэчку). Лічыла­ся, што ўжо паспелі суніцы. “Калі суніца красна, не сей аўсу напрасна”, гэта значыць авёс не паспее да марозу (Дэмбавецкі, 1882). На Смаленшчыне даўней гаварылі: “Святэй Анопры, радзі каноплі” (Дабравольскі, 1894), а ў Свіслацкім раёне зараз кажуць: “Анопрэй, сей канапель”.

*Пятроўскія запускі — наступная нядзеля пасля Тройцы, пя­рэдадзень Пятроўскага посту. Хадзілі “развіваць вянкі”, якія завівалі ў Зялёную суботу. Спявалі песні (Дэмбавецкі, 1882).

*Розыгры (Русалчыны розыгры) — апошні дзень Русальнага тыдня. Засцерагаліся, каб русалка не “зашчыкатала” чалавека. “Русалкі тыждзень гуляюць, по жыту бегаюць, да косы распуш­чаны, а ў понедзелок розойдуцца, то кажуць: розыгры” (Тураў­скі слоўнік, 1985). У Лельчыцкім раёне зазначаюць: “На Розыгры палолі лён, коб вон іграў. У лён не ўлезе русалка, бо свечоны. А просо не трэба палоць”.

26/13. Акуліна (Акуліна Грэчышніца, Акуліна-задзярыхвост) — прысвятак. У некаторых раёнах сеялі грэчку, падрыхтаваўшы глебу на Нупрэя. На Смаленшчыне гэты дзень быў вядомы як “Акуліна-задзярыхвост” ці “Кароўі зык”. Тлумачыліся назвы так: на тую пару з’яўляецца шмат аваднёў і каровы на пашы “зыкуюць” — бегаюць, задраўшы хвост (Дабравольскі, 1914).

Пятроўка (Петравіца) — Пятроўскі пост (да 11 ліпеня).

“У каго Купала пракосы ўбача, у таго баба жнівом не заплача”



“Хто ў Пятроўку сена не косіць, той зімою ў сабак просіць”



У Ельскім раёне гавораць: “Летом у Петроўку весілля не робяць... Петроўка-голодоўка, потому што старый хліб поелі, а нового не нажалі”, у Лельчыцкім: “Петроўка сушыць болота, а Спасоўка — рэкі” (Талстая, 1986). На Смаленшчыне некалі каза­лі: “У Пятроўку Бог блюдзе рагожкі, а ў шубе вошкі” (Дабраволь­скі, 1914). Усюды — пара сенакосу. “Хто ў Пятроўку сена не ко­сіць, той зімою ў сабак просіць” (Рэчыцкі павет; Пяткевіч, 1938).

28/15. Амос. За прысвяткам замацавалася прыкмета: прыйшоў Амос — цягне ўгору авёс (Паўлюкоўскі, 1934).

* Дзевятнік — чацвер на дзевятым тыдні пасля Вялікадня. Не працавалі ў полі, засцерагаліся грому. Ва Усходнім Палессі прыкмячаюць: “Трэ коб на Дзеўятнік було дзеўяць ягадзін на ветцы” (Тураўскі слоўнік, 1982). Збіраючы ягады, грыбы і арэхі, спявалі песні. З гэтым днём звязваюць рост жыта ў валачобных песнях: Дзевятнік “красу здымаець”, “краску кладзець”, “красуець”, “наліваець”, “у пукі бярэць”.

29/16. Ціхан — дзень заканчэння севу жыта і пачатак выва­зу гною. На Смаленшчыне гаварылі: “Не поле корміць, а ніва” (Цэбрыкаў, 1862). Зямля прыпавольвае свой рух на арбіце, і ў на­родзе Ціхан наводзіць асацыяцыі на ціхі дзень. “На Ціхана, і пеўчыя птушкі заціхаюць”. “На святога Ціхана сонца ледзьве ды­хае” (Ляснічы, 1990).

“ЦЯЛЁПА”


Гной часта вывозіцца талакою. Апошні воз называецца “падскрэбышам”, а вазніца— “цялёпаю”. Над цялёпай усе смяюцца і скіроўваюць у яго адрас жарты цынічнага характару. Абавязак цялёпы: украсці кашу ў час абеду, якая варыцца для гэтай мэты асобна на кожнай талацэ.

Да агульнага задавальнення цялёпа выкрадае кашу, а гурт дзяцей звычайна кідаецца лавіць злодзея. Ён жа стараецца па­пасці ў той хлеў, дзе бралі гной. Там пад агульны смех усе на­перахват хапаюць кашу, а гаршчок разбіваюць (Смаленская гу­берня; Дабравольскі, 1903).



Пятро і Паўла (Пятрок). Земляробчае свята. Характэрныя прыказкі і прыкметы: “Святы Пётра ў косы звоніць, а святы Паўла граблі робіць”; “Калі на Пятра пойдзе дождж — жыта, як хвошч; уродзіць мятліца — хлеба палавіца; зарадзіў званец — жыту ка­нец”; “Калі зязюлька будзе кукаваць да Пятра — восень харошая, а калі на Пятра — лета доўгае і харошае, снег ня хутка выпадзе”; “Прыйшоў Пятрок — апаў лісток, прыйдзе Ілля — ападуць два, а па Усіх Святых — ня будзе іх” (Б. с. к., 1937).

Святкаванне Пятра ў беларусаў-католікаў амаль нічым не вы­лучаецца: праводзяцца такія ж масавыя гулянні з танцамі і пес­нямі, наладжваннем арэляў, як у праваслаўных (гл. 12 ліпеня).

АРЭЛІ

У гэты дзень (а таксама на Іллю.— А. Л.) ладзяцца пры корч­мах ігрышчы з арэлямі, на якіх бавіцца моладзь абодвух полаў папарна.



Арэлі майструюць наступным чынам. Закопваюць у зямлю два моцныя слупы вышынёй да двух сажняў у сажаннай ад­легласці адзін ад аднаго. Паміж слупамі ўстаўляюць вал, канцы якога выпускаюць за слупы на палову аршына. Да гэтых канцоў прымацоўваюць крыжападобна чатыры ручкі. У сярэднюю частку вала, што знаходзіцца паміж слупоў, умацоўваюць два крыжы на паўтара аршына адзін ад аднаго. Паміж кожным з крыжоў ладзяць на слізкіх валіках сядзен­ні са спінкамі. За ручкі звонку слупоў паварочваюць вал, а з ім разам — і сядзенні, якія робяць круг у паветры паміж слупамі.

Пры пад’ёме ўверх і апусканні ўніз жанчыны павінны старац­ца, каб не раздуваліся спадніцы. Сядаюць звычайна папарна, мужчына з жанчынаю. За 15—20 абаротаў вала плаціцца ад кож­нага сядзення пара яек або адна капейка.

Тут жа пры арэлях на пляцоўцы размяшчаюцца музыкі са скрыпкамі і гармонікамі. Каля іх збіраецца кола аматараў патан­цаваць і пагушкацца. Беларусы танцуюць “Казачка”, “Кругавую плясуху” і “Лявоніху”. Музыкі атрымліваюць плату ад кожнага танца, працягласць якога да 20 хвілін. Плата ад кожнай танцую­чай пары за адзін танец — пара яек або адна капейка. Ад скокаў беларусы знаходзяцца ў прыўзнятым стане і таму ў такт музыкі амаль без перастанку то падпяваюць, то прыгаворваюць розныя прыказкі і прыпеўкі (Віцебская губерня; Архіў РГТ, 1882—1890).

* Дзевятуха — пятніца на дзевятым тыдні пасля Вялікадня. У Добрушскім раёне лічаць, што Дзевятуха, як і Дзесятуха (гл. ліпень),— гэта свята ад навальніцы, а ў Лельчыцкім кажуць: “Дзевятуха — то польскае сьвято, а Дзесятуха — нашое” (Талстая, 1986). У валачобных песнях побач з Дзевятнікам яна з’яўля­ецца адным з этапаў росту жыта:

Дзевятушка-памяжаначка

Па межах хадзіла, жытцо абзірала,

Жытцо абзірала да й раўнавала...

Іншы раз святы не размяжоўваліся.

Ліпень

Ліпень пякучы, але даручы. Ліпень косіць і жне, доўга спаць не дае.

Хто ў ліпені на полі пацее, таго ўзімку печка грэе.

У ліпені з касою мужык, а баба з сярпом, але ў хаце ладком.

Ліпень што спаліць агнямі, тое салье дажджамі.

Сучасная беларуская назва сярэдняга, самага спякотнага меся­ца лета паходзіць ад слова “ліпа”. (Дрэва цвіце менавіта ў гэтую пару). Найменне мае падабенства з польскім lipiec і ўкраінскім липень. У старабеларускіх крыніцах акрамя назвы липець сустра­каецца яшчэ чирвець, што захавалася дагэтуль, напрыклад, у чэш­скай, славацкай і беларускай мовах (чэрвень) у папярэднім месяцы.

Рымляне да 44 года называлі месяц проста пятым (quintilis), паколькі год пачынаўся з сакавіка. Затым з прычыны трагічнай смерці Юлія Цэзара перайменавалі квінтыліс у Юліус (julius), таму і захаваліся juillet — у французаў, Juli — у немцаў, Julyу англічан, июль — у рускіх.

У гэтым месяцы старажытныя грэкі адзначалі чатырохдзённае свята Панафінеяў у гонар багіні мудрасці Афіны (рымляне называлі яе Мінервай). Падчас вялікага святкавання адбываліся ўрачыстыя працэсіі, розныя народныя гульні (барацьба атлетаў, гімнастычныя практыкаванні), спевы, танцы.

Ліпень — самы дажджлівы месяц года, палова дзён яго бывае з ападкамі, вызначаецца недабранадзейнасцю надвор’я, і асабліва ліўнямі. Здараецца і сухая пара.

Па назіраннях фенолагаў, дробналісцевая ліпа на поўдні Беларусі зацвітае 21—25 чэрвеня, а на поўначы — 5—8 ліпеня. Тэрміны зацвітання яе прыблізна на 10 дзён апярэджваюць час наступлення васковай спеласці і на тры тыдні пачатак масавай уборкі азімага жыта. У народзе прыкмячалі: калі паспелі чарніцы, то паспела і жыта. Ліпень дорыць чалавеку спелыя лясныя і садовыя ягады, першыя грыбы.







Купалле ў Вязанцы

Сягоння Купала, заўтра Іван…”





Хутка запалае Купальскі касцёр




“А на гарэ калясо, гарыць яно харашо”



“Купалінка, купалінка, цёмная ночка…”




3/20. Свята перапялятнікаў і навальніц. Лічылася, нібы ў гэты дзень ці ў наступны грымне гром, блісне маланка (Ляснічы, 1990).

5/22. За тыдзень да Пятра садзілі рэпу на Смаленшчыне (Даб­равольскі, 1894).

*Дзесятка — чацвер на дзесятым тыдні пасля Вялікадня; адзін з этапаў даспявання жыта. “Дзесятнік гнаі возіць, Дзесятуха косы точыць”.

6/23. Купала (Купалле) — старажытнае абрадавае свята сонца і агню, божышчаў урадлівасці і росквіту зямлі. Прымяркоўвалася да летняга сонцастаяння. “Сёння Купала, заўтра Іван...”,— гаворыцца ў песнях. Гэта дае падставу сцвярджаць, што Купала — язычніцкае свята, да якога прыстасавана пазней святкаванне царквою (у другі дзень, 24 чэрвеня) “Рождества честного славного Пророка, Предтечи н Крестителя Господня Иоанна”. Язычніцкае Купала ўпамінаецца ў летапісах 1175 года.

Дзяўчаты збіралі лекавыя зёлкі, кветкі для вянкоў, хлопцы пад вечар сцягвалі старыя рэчы, галлё для вогнішча. Месца для яго выбіралася часцей на высокім беразе ракі ці возера, на паляне, каля жыта. Праводзілі абрад здабывання “жывога” агню — цер­лі асінавыя палкі. “Сягоння ў нас Купала, сам Бог агонь расклаў” (Тышкевіч, 1847). Палівам для кастра служылі таксама дровы з дуба — сімвалічнага дрэва Перуна, што бачна з купальскіх пе­сень: “Пажарам дуб’ё гарэла...”, “Гарэла дуброва, гарэла...” і інш.

Песнямі суправаджаліся абрады на свяце, карагоды і гульні, завадатарамі якіх з’яўляліся Купалінка і Купаліш. Ля вогнішча ўсе частаваліся абрадавай стравай, моладзь пераскоквала цераз агонь — ён лічыўся ачышчальным ад злых духаў. Спальванне прасмаленых колаў на шчасце ці спусканне іх, палаючых, з гары — адгалоскі пакланення свяцілу. “А на гарэ калясо, гарыць яно харашо...”

Дзяўчаты на Купалле варажылі аб будучым замужжы. Наогул, гэта свята маладосці і кахання. У далёкім мінулым яго назы­валі “бясоўскім ігрышчам”, “ігрышчамі межу сёламі”, пра якія Несцераў летапіс сведчыў: “Схожахуся на игрышща, и ту умыкаху (выкрадалі — А. Л.) жены собе, с нею же кто совещашеся; имяху же по две и по три жены”.

гул, гэта свята маладосці і кахання. У далёкім мінулым яго назы­валі “бясоўскім ігрышчам”, “ігрышчамі межу сёламі”, пра якія Несцераў летапіс сведчыў: “Схожахуся на игрышща, и ту умыкаху (выкрадалі — А. Л.) жены собе, с нею же кто совещашеся; имяху же по две и по три жены”.

КУПАЛЬСКАЯ НОЧ

Вечарам 23 чэрвеня збіраецца супольнасць па магчымасці ўсіх жыхароў вёсак, якія ў сувязі з гэтым амаль пустыя, у полі, на пагорку, каля рэчкі ці вялікай ракі...

Галоўны разгар свята, гулянні, песні — ноччу, на Івана. Ро­бяць і прыбіраюць ляльку — жаночае пудзіла. Носяць яе, скачуць вакол, запальваюць, пазней — топяць у вадзе...

Часцей агульнаўжывальны і абавязкова паўсюдна, як выключ­ная асаблівасць, без якой няма Купалы,— касцёр, што запальва­ецца, згарае, іншы раз заліваецца вадою... Агонь у некаторых мясцінах распальваюць пры дапамозе трэння дошак. Яны і гараць у кастры (з разбітых бочак, чанаў, кублаў, вёдзер, хатняга драў­лянага посуду, у дадатак — старых ануч, лыка).

Цераз касцёр скачуць, але меней, чым у Маларасіі і іншых краях. Больш вакол танцуюць, гуляюць, піруюць. Замест кастра ці пры ім іншы раз гарыць бочка, калі ёсць — смаляная, дзе дазваляе мясцовасць — на ўзвышэнні або крутой гары.

Заліваюць вогнішча кубламі (чанамі, дзежкамі) і вёдрамі. Ра­дзей “пускаюць” агонь па плоце... Яшчэ радзей цяпер купаюцца пад раніцу ў сувязі з забыццём старыцы, ачышчэннем паняццяў і ўмацаваннем хрысціянства. Разам з тым ноччу бывае і менш грахоў. У некаторых мясцінах замест купання ўжываецца лазня, і то ўжо як падрыхтоўка да свята або ачышчэнне пасля Купалы...

Самое месца, дзе збіраюцца, абгароджваецца, абсаджваецца зялёнымі дрэўцамі, часцей бярозкамі, калкамі, накшталт зялё­нага тыну, плятня...

Абрады суправаджаюцца песнямі, моцным прытопваннем, стукам. Калі маецца, у што-небудзь б’юць: ці ў кубел, ці ў вядро. Гэта і адчуваецца ў прыпеве саміх песень. Дзе толькі захавалася валынка і можна яе дастаць, то яна абавязкова прысутнічае. Пры ёй і дудар, скамарох з прытанцоўваннем. Калі ж няма, то добра і скрыпка...

Пачастункі, якія прыносяцца з усіх заможных дамоў і ўжыва­юцца раздзельна, гуртам і ў складчыну, уключаюць сыр, тварог, праснакі-бабкі з тоўчаным канапляным семем, цыбулю, часнок, пахучае зелле, халаднік-квас, яешню, верашчаку, дзе маецца сала і мяса (адзінае выключэнне з астатніх больш раслінных страў у гэтае свята) і г. д...

Зёлкі, былінкі, травы ў купальскую ноч збіраюцца наогул усе, што патрэбныя для выкарыстання — для вянкоў, лекаў і ежы. Гэта лепшая іх пара. Але, як і ўсюды ў славян і на ўсёй Русі, у Русі Белай ёсць травы і кветкі выбраныя, якія выключна належаць

Не забыты купальскія песні на радзіме Янкі Купалы

Зёлкі, былінкі, травы ў купальскую ноч збіраюцца наогул усе, што патрэбныя для выкарыстання — для вянкоў, лекаў і ежы. Гэта лепшая іх пара. Але, як і ўсюды ў славян і на ўсёй Русі, у Русі Белай ёсць травы і кветкі выбраныя, якія выключна належаць купальскаму дню: рута; васіль, васілёк, дзягель, дзягіль, дзягель; багаткі; салодка, саладушка; буйрак, бурашнік; ластавіца, ластавень, кураслеп, курыная слепата; пералёт; лопань, лопух; быліца; расходнік, брацішкі, брат з сястрою, іван-ды-мар’я; найбольш папараць, папыратка, папаратнік8. Ён цвіце толькі адзін раз у год незвычайнай, цудоўнай, асляпляльна белай кветкаю, іменна ў гэтую поўнач.

Скарбы або гаршкі з золатам і серабром даюць пра сябе знаць у купальскую ноч. Над імі выскоквае воўк, гарыць агонь, а часцей за ўсё цвіце папаратнік. Але хто сарве кветку, атрымлівае не адны скарбы. Яго сіла ўсіх здолее, ён адмыкае ўсе замкі і запоры, разбурае перашкоды, здабывае ўсё пажаданае, усё ведае, разумее мову птушак і дрэў, знішчае нагаворы чараўніц. Цяжка кветку падгледзець, яшчэ цяжэй вырваць...

На дзянніцу павінна ўсё скончыцца, г. зн. дзе ёсць звычай, купаннем. Пасля ўсе адпраўляюцца глядзець узыход сонца. Яно “гуляе”, пераліваецца, дзеліцца на некалькі частак, “зайчыкаў”, якія разбягаюцца, скачуць і зноў зліваюцца ў адзін круг. Па-ін­шаму, раніцай сонца едзе “да мужа на тройцы”, золатам, срэбрам скача на калясніцы, сыпле з яе промні і іскры. Ранкам 24 чэр­веня — пералом, пасля чаго наступае ўжо Іван, Ян... (Бяссонаў, 1871).

7/24. Іван Купала (Іван Купальны, Іван, Пятроўскі Іван, Іван Летні, Іван Вялікі, Іван Посны, Іван Злосны, Іван Ведзьмін,

Ян) — працяг купальскага свята, якое доўжылася ўсю папярэд­нюю ноч. “Учора была Купала, а сёння Іван...”,— спяваецца ў народнай песні.

ЗАВЯРШАЛЬНАЯ КУПАЛЬСКАЯ ПЕСНЯ

Мужчынскі хор:

Іване, Іване!

Устань на заране,

Глянь на дзевак:

Спаць захацелі,

Гуляць перасталі,

Зары не даждалі.

Будзіць дзеўкам ліха,

Бо яшчэ ня ціха:

Ноч не прайшла,

Ліха ня ўнясла.

Лешы паймаіць,

Цалаваць заставіць,

Ведзьма згробніць,

З касьцямі злопніць!

Жаль нам будзіць,

Калі дзевак убудзіціць:

Будзім плакыць,

Бо некаго сватыць!

Пыжалейці нас,

Расцалуім вас!

Дзявочы хор:

Сядзіць лешы на загрыўкі

Парням няўважным,

Завядзець чорт у лядзінкі

К ведзьмам несуразным.

Ён высватаць, ажэніць:

Не паспеіцца маргнуць,

Як пятлю надзеніць

І ў пекла сыталкнець!

Ах, нам жалка мальцаў дужа,

Бо рыбяты — маладцы!

Ды варожацца не дасужа,

Нам пара ў сваі двары.

Хадзі, мальцы, луччы з намі,

Усім будзя вісялей,

А катораму, часамі,

Можа будзя дагадней.

Мужчынскі хор:

Няхай, дзеўкі, так,

Няхай будзя мір!

Няхай з нас усяк

Вазьмець на выбор

Любую ад вас!

Няхай прыгалубіць,

Няхай абаймець,

Няхай шчыра любіць,

Сярдзечна цалуіць,

Дамоў адвядзець,

І спаць пакладзець!

Дзявочы хор:

Няхай, мальцы, так,

Няхай будзя мір!

Няхай з вас усяк

Вазьмець на выбор

Любую ад нас!

У-а! у-а! У-а, а-ту!

Песняю заканчваецца ноч напярэдадні Ражаства Іаана Хрысці­целя. Яе спяваюць перад зарніцаю. Хлопцы і дзяўчаты становяцца ў круг і, узяўшыся за рукі, ціха ходзяць, спяваючы ў два хоры. З апошнімі словамі песні дзяўчаты разбягаюцца ў розныя бакі з крыкам: “У-а! У-а!”, хлопцы іх ловяць, абдымаюць, цалуюць. Вяртаюцца дахаты парамі і не разам, а як прыйдзецца. Дзяўчаты крычаць: “У-а!” таму, каб кожны з хлопцаў па голасе мог паз­наць сваю абранніцу. Горка той дзяўчыне, у каторай не акажац­ца пары. Яна вяртаецца дахаты адна, калі не знойдзецца сяброўкі па няшчасцю. У спяванні іншы раз прымаюць удзел маладзіцы і жанатыя мужчыны (Віцебская губерня; Архіў РГТ, 1891).

ПРОВАДЫ РУСАЛКІ

Калі схаваецца сонца, усе дзяўчаты збіраюцца за вёскай і ўюць вялікія вянкі, асабліва пышны для дзяўчыны, якая будзе русал­кай. Русалкай выбіраюць тую, што мае самыя доўгія валасы. Яна здымае свой андарак і застаецца ў адной кашулі з расшпіле­ным каўнерыкам (смялейшая скідае нават і кашулю); доўгія рас­пушчаныя валасы вісяць па плячах, агромністы вянок, як кола, пакрывае галаву. Тут жа яшчэ выбіраюць і маленькую дзяўчынку для ролі дачкі русалкі. Адначасова робяць з саломы пудзіла, падобнае на чалавека. Калі ўсе вянкі адзеты і саламянае пудзіла падрыхтавана, бягуць на поле з русалкаю, спяваючы:

Правяду я русалачку да бору,

А сама вярнуся дадому.

Правяду я русалачку і ў цёмны бор,

А сама пайду і ў таткаў двор.

Да й затаплю печ, да й налячу бліноў,

Да й пазаву кумоў.

У полі ідуць па мяжы і, аблюбаваўшы месца як мага далей ад вёскі і засеянай нівы, раскладваюць вялікае вогнішча. Кідаюць у яго пудзіла, пяюць пра Івана Купалу:

Купала на Івана, Купала!

Дзе ўпала, начавала?

Купала на Івана, Купала!

Упала ў Пятра, у Паўла.

Як, Купала, ужывала?

Ужывала кашку з перцам,

Рыбку з перцам...

Калі пудзіла згарыць, дзяўчаты і хлопцы пераскокваюць цераз вогнішча і доўга яшчэ працягваюцца іх песні і скокі... (Го­мельскі павет; Радчанка, 1888).


Каталог: files -> blocks
blocks -> Паважаны Сяргей Мікалаевіч
blocks -> План дзейнасці Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" на 2014 год
blocks -> Усеагульная дэкларацыя лiнгвiстычных правоў уводныя палажэннi
blocks -> Каардынацыйны савет па развіцці І прасоўванні «Нацыянальнай платформы бізнесу Беларусі» нацыянальная платформа
blocks -> Нацыянальнай платформы бізнеса беларусі
blocks -> Польска-беларускі слоўнік: тэрміны, паняцці і назвы з гісторыі і грамадазнаўства
blocks -> Стратэгія развіцця мовы
blocks -> Закон рэспублiкi беларусь 26 студзеня 1990 г. N 3094-xi аб мовах у рэспублiцы беларусь
blocks -> ПараўНАЎчы аналіз палажэнняў канстытуцый краін усходняга партнёрства І казахстана
blocks -> Прыняты Устаноўчай Асамблеяй Таварыства беларускай школы 22 сакавіка 1996 года


Поделитесь с Вашими друзьями:
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   12




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал