Прадмова да аблічбанавага выдання


*Дзесятуха (Зельная) — пятніца на дзесятым тыдні пасля Вялікадня. Пяценка



старонка8/12
Дата канвертавання15.05.2016
Памер2.1 Mb.
1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   12

*Дзесятуха (Зельная) — пятніца на дзесятым тыдні пасля Вялікадня.

Пяценка. Час, калі завязваецца зерне (“пятка”). Не мае паста­яннага дня ў календары.

Дзесятуха красу давала,

А Пяцінка красу здымала,

Красу здымала, пятку стаўляла;

А Дзесятуха ды, вой, наліваець,

А святы Іван і ён пятку спяліць...



10/27. Самсон (Сямён, Самсон Сенагной). Прысвятак звязва­юць з дажджамі. “На Самсона дождж — сем тыдняў то ж” (Б. с. к., 1937). “На Самсона дождж: да бабінага лета мокра будзе” (Ляснічы, 1990).

Сем братоў. “Сем братоў варожаць, колькі тыдняў пагоды” (Паўлюкоўскі, 1937).

12/29. Пятро (Пятроў дзень, Пятро і Павел, Пятрок, Пятра) — старадаўняе земляробчае свята, па сутнасці, завяршэнне Купал­ля. Селянін заўважаў: “Святы Пятро ў жыце ядро”, “Калі высыплецца ячмень, зязюля падавіцца зернем і больш не кукуе”. Вядома, што зязюля куе ад Магдалены да Пятра ці Купалы, калі і заканчваюцца гулянні моладзі. На Брэстчыне спяваюць:

Да Пятра зязюльцы кукаваці,

Да восені дзеваньцы пагуляці.

Пятро пройдзе — зязюлька ў вырай пойдзе,

Восень прыйдзе — дзеванька замуж выйдзе...

Дзяўчаты хадзілі ў лес “развіваць вянкі”, якія былі “завіты” імі на Сёмуху, “кумаваліся” (выбіралі сяброўку на год). Палілі кастры, елі абрадавыя стравы, гушкаліся на арэлях, спявалі пятроўскія песні:

Пятрова ночка маленька,

Не выспалася паненка

На новым ганку седзячы,

Міламу кашульку шыючы...



(Смаргонскі раён)

Лічылася, што пасля Пятра лета ідзе на спад. “Прыйшоў Пятрок, апаў лісток”. Заканчваўся Пятроў пост.

КУМАВАННЕ

Уласна кажучы, дзяўчаты кумяцца на Тройцу, а разам з хлоп­цамі — на Пятра. Кумаванне ўжо страціла свой абрадавы харак­тар. Толькі ў некаторых глухіх паселішчах працягваюць яшчэ хадзіць у лес і там звіваюць вянком дзве суседнія галінкі бярозы або галінкі двух суседніх бяроз. Загадванне (варажба.— А. Л.) заключаецца ў тым, ці завянуць гэтыя завітыя галінкі ці застануцца свежымі, калі праз тыдзень прыйдуць іх развіваць. Рэчы загадвання самыя звычайныя: ці буду жывая? ці выйду замуж?

Кумаванне наогул уяўляецца ў выглядзе вечарынкі, прычым жанчыны і дзяўчаты гуляюць там, дзе завіваліся вянкі, а сумес­ныя пагулянкі з хлопцамі праводзяцца ў адной хаце, дзе зімою адбываліся вячоркі з прадзеннем. У лесе распальваюць кастры, наладжваюць арэлі, танцы; гатуюць абавязкова яешню; прыно­сяць бліны, гарэлку. Калі на такую жаночую гулянку з’явяцца мужчыны, жанчыны зрываюць у іх шапкі і кідаюць у агонь. У некаторых мясцінах Магілёўскай губерні яшчэ бытуе барацьба дзяўчат з хлопцамі ў гэты дзень.

Кумаванне ў хаце праходзіць у такім парадку. Вечарам на Пятра дзяўчаты прыносяць гаспадыні сыр, масла, малако, яйкі, сала, муку на бліны. Гаспадыня з адной дзяўчынай гатуе, а астат­нія спяваюць песні і танцуюць пад прыпеўкі. Хлопцы прыходзяць з гарэлкаю, і танцы робяцца жывейшымі. Запрашаюцца і музыкі, і адбываецца, такім чынам, поўнае ігрышча. Танцы працягваюцца ўсю ноч, моладзь расходзіцца па хатах ужо раніцай на наступны дзень.

Існуе асобны цыкл кумаўскіх песень, якія называюцца такса­ма духаўскімі і пятроўскімі...

Куміліся дзве кумачкі,

А трэцяя не.

Прасілася, малілася:

Прыміце мяне!..

(Рагачоўскі павет;Раманаў, 1912)

13/30. Паўпятро (Паўлюк, Павел) — дзень талакі.

Пасля Пятровага дня не дазвалялася працаваць (“грэх”), мож­на было толькі дапамагаць іншым, але не за плату, а за частаван­не. Нават наймалі музыкаў. Паўпятроўская талака адлюстравана ў песнях: “А што ў полі шуміць, гудзе? Шуміць, гудзе. Там талака дамоў гудзе...”, “Святы Пётра талаку збіраў копы сена вазіць, стагі мятаць”.



Сіман і Юда. Сімон і Іуда, два з дванаццаці апосталаў дня, якіх выдзеліў народ і замацаваў у выслоўі: “На Сымана і Юды конь баіцца груды”.

14/1. Кузьма і Дзям’ян (Касьма і Даміан) — свята кавалёў. “У дзень святога Касьмы і Даміана кузні не куюць і бабы не п’юць”. Песню “Кузьма” спявалі тым, хто вянчаецца першы раз (не выконвалі ўдовам і ўдаўцам):

Скуй нам свадзебку,

Свадзебку крэпкую,

Даўгавечную,

На векі неразлушную...

(Дабравольскі, 1914)

Кузьма і Дзям’ян вядомы і як апекуны земляробства. “Кузьма сярпы зубіў, ідэя згубіў”, “На Кузьму і Дзям’яна касіць не рана”, “Святы Пятро жыта спеліць, святы Кузьма сярпы робіць, а святы Дзям’ян сена грабіць” (Паўлюкоўскі, 1934).



“Шыпілінка ў кузню ідзець, у кузню ідзець сярпы зубіць”

КУЗЬМА-ДЗЯМ’ЯН (Легенда)

Кузьма-Дзям’ян былі калісь кавалі. І была змяя калісь. Дак яна ўбірала людзей. І дабіраецца да іх ужо, знацца.

— Што, брат, іздзелаем мы зялезную саху.

Здзелалі яны цяперака саху і кажуць змяі:

Пралізнеш трое от этых дзвярэй, дык мы табе сядам на язык, ты нас і з’ясі.

Цяперака яна раз лізнула, другі лізнула і трэці — і пралізала трое дзвярэй. Яны тагды — цапель! Ды за язык яе кляшчамі. Да адзін гвоздзе па галаве, а другі запрагае ў саху. Як запраглі яе, да аралі яны луг, аралі яны поле, аралі ўсё і не давалі піць, пакуль не прыараліся к Няпру. Як пры­граліся к Няпру, яна як вырыла роў, як стала піць, як стала піць,— апрэглася. А яны тагды і прыстанавіліся (Гомельскі павет; Раманаў, 1891).



17/4. Андрэй (Андрэй Наліва) — адзін з апекуноў земляроб­ства, пра яго пяецца:

Трэці празнік — святы Андрэй,

Святы Андрэй, за ўсіх мудрэй,

Саху ладзіць, каня гладзіць...


Да Андрэя завяршаўся працэс выспявання жыта. Аб гэтым народная мудрасць сцвярджае: “На Андрэя азімыя наліліся, а татка-авёс да палавіны дарос”, “Авёс у світцы, а на грэчцы і кашу­лі няма”, “Зерне ў каласку, не валяйся ў халадку” (Ляснічы, 1990).

18/5. Свята месяца, лампады. У ім, як сцвярджаў А. Кіркор, ёсць рэшткі культу Велеса — “бога статка, апекуна пастухоў”.

21/8. Градавы дзень (Казанская). Засцерагаў ад нябесных стыхій, ад хвароб вачэй і галавы. У некаторых раёнах пачыналі касіць, праводзіць зажынкі (Дабравольскі, 1914).

Пракоп. Велікамучанік Пракопій звязаны ў народзе з цёплымі ліпеньскімі днямі. “Пракоп бок прыпёк”.

Данат. Пра святога Даната вядома толькі з песні: “Святы Данат коскі точыць, сянцо косіць...”

25/12. Прокл — прысвятак. У той дзень асцерагаліся вялікіх росаў, пасля якіх гніло сена.

Якуб. Прысвятак усебакова характарызуюць прыказкі і пры­маўкі: “На Якуба грэе люба”, “Які Якуб да паўдня, такая да снежня зіма” (Паўлюкоўскі, 1934); “На Якуба хлеба поўна губа” (Смаргонскі раён).

26/13. Гаўрылей — прысвятак. Баяліся, каб град не пабіў ка­ноплі.

Ганна. “Дождж на Якуба — для жалудоў згуба, а як Ганна з дажджом — дык гарэх з чарвяком” (Б. с. к., 1937), “Святая Ганна снапы кладзе” (Паўлюкоўскі, 1934).

Серпавіца (Серпавіна, Шыпілінка) — пятніца перад Іллёй. Дзень “зазубрывання” сярпоў, час падрыхтоўкі да жніва ў не­каторых мясцінах. “Шыпілінка ў кузню ідзець, у кузню ідзець сярпы зубіць”.

Жнівень

Кожная хата ў жніўні багата.

Прыдатны красавік цяплом, а жнівень дабром.

Жнівень сее, жне і косіць — на сталах багацця досыць.

У жніўні сярпы грэюць, ды вада халодзіць.

У жніўні панамі сярпы — маруды тады не цярпі.

Што поле ўродзіць, жнівень знаходзіць.

Хто ў жніўні гуляе, той узімку галадае.

У жніўні і верабей піва варыць.

Сучасная беларуская назва восьмага года месяца жнівень, таксама як і старабеларускія серпень, зарев, адлюстроўвае пры­родныя асаблівасці пары. Дарэчы, найменне серпень захава­лася ў украінцаў, чэхаў (srpen), палякаў (sierpień), іншых народаў.

Рымляне называлі гэты мясяц sehstylis, што значыць шосты (год пачынаўся тады вясною). Пазней рымскі сенат перайме­наваў яго ў гонар імператара Актавіяна Аўгуста. Секстыліс налічваў 29 дзён, а аўгустус стаў мець 31. Заканадаўчы орган, аднолькава паважаючы Юліяна Цэзара і Актавіяна Аўгуста, зра­біў і аднолькава доўгімі месяцы, якія стаяць побач у годзе. Кла­січная назва месяца захавалася ў многіх заходнееўрапейскіх мовах, у тым ліку і ў рускай.

Жнівень дае знаць, што заканчваецца лета і набліжаецца восень. Ночы становяцца халаднейшымі, даўжэйшымі і цямней­шымі. Раніцай з’яўляюцца туманы. Працягласць светлавога дня змяншаецца ў параўнанні, напрыклад, з ліпенем прыблізна на 50 хвілін.

Яшчэ ў пачатку месяца заканчваецца ўборка азімых, затым убіраюцца пшаніца, ячмень, авёс, грэчка, проса, лён-даўгунец, скараспелая бульба, іншая гародніна і садавіна. Людзі кары­стаюцца і багатымі дарамі лесу. Таксама вядзецца сяўба азімых, касавіца атавы. Вопытны хлебароб стараецца прытрымлівацца традыцый: глядзіць на сузор’і, становішча месяца, “расшыфроў­вае” розныя зямныя прыкметы.

1/19. Макрыны (Макрэня, Макрэні, Макрыдка) — прысвятак, з якім асацыіруецца макрэча, дажджлівае надвор’е, аб чым свед­чаць і прыказкі: “Глядзі восень па Макрыне” (Сахараў, 1927); “Як не будзе на Макрэні дажджу, то не будзе бульба гнісці ў зямлі” (Тураўскі слоўнік, 1984); “Як на Макрэню дождж, то будзе ўсю Спасаўку дождж” (Талстая, 1986).

2/20. Ілля (Аля, Галляш) — апякун земляробства і абаронца ад “нячыстай сілы”, які ўвабраў у сябе рысы язычніцкага бо­га Перуна. Свята дажджоў і навальніц. Успрымаецца як канец лета і пачатак восені. Ілля багаты на прыказкі: “Прыйшоў Пятрок — сарваў лісток, прыйшоў Ілля — сарваў два”; “Прый­шоў Ілля — укінуў у воду кавалак льда”; “Ілля нарабіў гніл­ля”; “На Іллю да абеду лета, а пасля абеду восень”; “Ілля ваюе з чартамі, іх б’е перунамі”; “Ілля жніво пачынае, а лета канчае”; “Калі на Іллю паспелі чарніцы, паспела і жыта”; “Ілля блізка: гніся, баба, нізка, уставай раненька, ды жні дапазненька”; “Ілля пытае, ці гатова ралля, а Успленне, ці гатова насенне”; “На святога Галляша з новых круп каша”; “Да Іллі на сене пуд мёду, а на Іллі пуд гною”.

Заканчвалі касавіцу, хадзілі талакою касіць удовам. У Лель­чыцкім раёне гавораць: “Іванове сено — панове, а Петрове ўжэ не такове, а Іллінэ — удовіна”. Праводзілі Зажынкі — свята па­чатку жніва.

Святы Ілля — стара жняя.

Гаспадынька ідзець у поле

З хлебам, соллю зажынаць,

Ды з маленькім сыночкам,

Ды з сярэбраным сярпочкам...

(Сахараў, 1940)

Часта ўпамінаецца Ілля ў песнях, якія спяваліся на Каляды:

Ілля па полю хадзіў,

Пашаньку радзіў.

Што ступлю стапою,

Стаяць снапкі капою.

Як перайду гоні,

Стаяць стогі...

Па бару хадзіў

Да пчолкі радзіў.

На адной хвоі

Па пчолак двоі.

Ой, на хвоінцы

Да па троінцы...



(Пінскі павет; Булгакаўскі, 1890)

ЗАЖЫНКІ І ДАЖЫНКІ

З першых каласкоў рабілі маленькі снапок і ў бабкі яго не ставілі, а неслі дадому, ставілі ў кут. Там ён быў да таго часу, пакуль не пачыналі малаціць усё жыта. Тады бралі і яго.

На Зажынках спявалі гаспадару, які стаяў на сваёй паласе:

Стаіць казёл на гарэ,

Дзівуецца ў барадзе.

Дзіва-дзіва!

Ён барадой патрасе

Ды нам гарэлку прынясе.

Дзіва-дзіва!

Гаспадар частаваў жнеек.

Калі дажыналі, то рабілі “бараду” з апошніх каласкоў на ніве. У “барадзе” рвалі траўку і клалі яе крыж-накрыж. Цяжар­ныя жанчыны варажылі, хто народзіцца: хлопчык ці дзяўчынка. Калі ў траве знаходзілі павучка, то павінен нарадзіцца хлоп­чык, а калі чорненькую казюльку, то — дзяўчынка.



“Барыс і глеб – паспеў хлеб”

На Дажынках спявалі:

А я жала, зажалася, (2 разы)

На козанькі засталася.

Ці вы мяне пасадзіце, (2 разы)

Ці козаньку падганіце.

Нечым шэльму падганяці, (2 разы)

Лепей казу падагнаць

(Вёска Крупчына Шумілінскага раёна; запісана ў 1989 годзе)

4/22. Мар’я (Магдалена). Жаночае імя хрысціянскай міра­носіцы Марыі Магдаліны, якое дало назву прысвятку, асацыіруецца ў народзе з клопатамі жанчын аб ураджаі і прадказан­нем надвор’я: “На Мар’ю росна — лён будзе шэры, неўмалотны”. У гэтую пару ўжо дні халодныя, асабліва на поўначы. Прык­мячалі: калі туман халодны, зіма чакаецца ранняя і марозная (Ляснічы, 1990). З надвор’ем звязана і наступная прыказка: “Магдалена — вады па калена”.

6/24. Барыс (Глеб, Барыем, Барыс Палікоп) — адзін з апекуноў земляробства. “Святы Барыс снапы возіць”, “На Глеба і Барыса хлеба напарыся і за раллю -бярыся”, “Барыс і Глеб — паспеў хлеб” (Паўлюкоўскі, 1934). На Смаленшчыне прызнаваўся “гроз­ным святам хлябоў”, называўся “Хлеб Барыс”. У полі не праца­валі, засцерагаліся вятроў, заканчвалі купацца (Дабравольскі, 1914).

У некаторых раёнах лічылі, што ад Барыса на працягу трох тыдняў павінна адбыцца “рабінавая ноч”, якая нібы спрыяла паспяванню рабіны і ў якую без перапынку лье дождж і шугае навальніца.



7/25. Ганны (Ганна) — прысвятак. У каляндарных песнях па­казваецца як дбайная жняя:

“…Святы Ганны бабкі стаўляюць”

Меншы святочкі носяць снапочкі,

Святы Ганны бабкі стаўляюць,

Святы Барыс бабкі злічае...

(Лепельскі павет; Шэйн, 1887)

Святы Барыс снапы зносіць,

Святыя Ганны дамоў возяць...

(Барысаўскі павет; Тышкевіч, 1847)

Прыказкі таксама малююць Ганну гаспадыняй-жняёй: “Святая Ганна снапы кладзе” (Паўлюкоўскі, 1934).



9/27. Палікоп (Палікапа, Палікапы) — дзень жніва, у які нібы маланка паліць копы, стагі, хаты. У некаторых раёнах Палікопам называюць дні ад Барыса да гэтага дня. Некалі стараліся ў полі не працаваць. У Столінскім раёне гавораць: “На Палікопу як ро­біш, выйдэ хмара і ўдарыць гром, і спаліць копу хлеба” (Талстая, 1986).

Панцеляймон (Панцялей). На Магілёўшчыне лічыўся лекарам ад хвароб галавы (Раманаў, 1912). У народзе казалі: “З Панцялея капуста пачынае ў качан завівацца. Хто на Панцялея працуе, таму надалей не пашанцуе” (Ляснічы, 1990).

10/28. Лаўрын. Прысвятак напамінаў селяніну, што ўжо мож­на малоць першае жыта на муку. “На Лаўрына спяшай да млы­на” (Б.с.к., 1937).

11 /29. Калі ў гэты дзень туман — рыхтуй свіран пад авёс і ячмень (Ляснічы, 1990).

12/30. Сіла (Іван). У праваслаўным календары гэты дзень пры­свечаны апосталам ад 70-ці: Сіле, Сілуану, Крыскенту, Епенету, Андроніку, а таксама пакутніку Іаану Воіну і іншым, Народны каляндар сярод іх выдзеліў дваіх. “Хто на Сілу жыта пасее, у та­го на хлеб надзея” (ПаўлЮкоўскі, 1934). Да гэтага часу ўжо вызва­лялася нямала палёў і неабходна было распачынаць новую сяўбу. За Іванам у народзе чамусьці замацавалася функцыя абароны ад зладзеяў (Раманаў, 1912).

13/31. Спасаўскія запускі — пярэдадзень Спасаўскага посту.

14/1. Макавей (Макава, Макаўе, Першы Спас, Спас Мядовік, Медзяны Спас) — свята маку. Праводзілі абрады з макам, ужыва­лі ў ежу, рабілі варэнікі з мёдам, а таксама елі тое, у што мож­на было макаць. Асвячалі ваду, зёлкі, садовыя кветкі, моркву, сланечнік. Елі пірагі з макам і моркваю. Ведалі: на Макавея трэба ўволю наесціся маку (Раманаў, 1912). На Тураўшчыне “глухі мак свецілі і осыпалі хлёў, хату от небожчыкаў. І ек на суд ішлі, то кругом себе осыпалі” (Тураўскі слоўнік, 1984). Варажылі: “Макавею, Макавею, я на цябе канапелькі сею. Скажы мне, Макавею, дзе мая пара, каб я з ім у гэтую ноч канапельку брала” (Брагінскі раён; Талстая, 1986). Пчалаводы правяралі пчол, “мэка­лі ў мёд нажы” (Дабравольскі, 1914). Для збору мёду ўсе апра­наліся па-святочнаму. Хаця і частаваліся перад асноўнай падзеяй, але без гарэлкі і закусак з рэзкім пахам. Дымар запаль­валі “жывым агнём”, выкарыстоўвалі свянцоную ваду (Сержпу­тоўскі, 1914).

Існавалі прыкметы: “Як на Юр’я дождж — будзе рыбы многа, а на Макава — будзе многа грыбоў” (Талстая, 1986); “Калі на Макаўе не бывае дажджу, то будзе шмат пажараў” (Дэмба­вецкі, 1882).

Свята ўсебакова адлюстравана ў народнай творчасці. У вала­чобных песнях зазначаецца: калі Ілля “жыта зажынаіць залатым сярпом”, то “Святы Макавей з поля сабіраіць”, “Святы Макавей бульбы накапаў ...рабят накарміў”. Прыказкі сцвярджаюць: “Першы Спас — провады лета”, “Ад Першага Спаса халодныя ро­сы” (Б.с.к., 1937).

Спасаўка (Спасаўка Ласаўка, Спажын пост) — пятнаццацідзённы асенні пост (да 28 жніўня). Спявалі:

Спасаўка, пералётная пташка,

Дзе лета летавала,

Дзе будзем зімаваці?

— Летавала ў пшаніцы,

Зімавала ў крыніцы,

У сцюдзёнай вадзіцы...

(Бялыніцкі раён)

“Базыль авечкам воўну дае”



Дужыкі. У Лельчыцкім раёне у першы панядзелак Спасаўкі пяклі пячэнне (“дужыкі”) па колькасці душ у сям’і, мэкалі яго ў мёд, затым у попел. Каб пазбегнуць сустрэчы са змеямі, трэба было сказаць: “Лучшэй буду дужыкі ў попел мочаць, чым на собе шохлю9 дзержаць”.

Папоў зык. Смаленскія беларусы называлі так канец ліпеня і пачатак жніўня па аналогіі з “кароўім і конскім зыкам” (гл. 26 чэрвеня). Раней у гэты час папы хадзілі па вёсках за “ніўю” — зборам жыта для пасеву (Дабравольскі, 1914).

15/2. Базыль. За хрысціянскім Васілём Спаса-Кубенскім за­мацавана прыказка: “Базыль авечкам воўну дае” (Паўлюкоўскі, 1934).

Прачыстая (Першая Прачыстая, Першы святок, Зельная). У каталіцкім календары — Унебаўзяцце Божай Маці. Існуе шмат прыказак і прыкмет на гэты дзень: “Прыйшла Прачыста — стала поле чыста”; “Зельная Божая Маці ўсяго можа нам даці” (Б.с.к., 1937), “Да святка араць — лішнюю капу нажаць”, “Прачыстая прынясе хлеба чыстага”, “Першы Святок і першы світок” (Паўлюкоўскі, 1934). Свенцяць зёлкі, збожжа і садавіну.

16/3. Антоны Віхравеі. У народным уяўленні розныя цуды асацыіруюцца з выключнымі з’явамі прыроды. Таму і дзень Анто­нія Рымляніна, Наўгародскага цудатворца, атрымаў у людзей назву Антоны Віхравеі (Б.с.к., 1937). Ён пазначаны маланкамі, вятрамі і дажджамі.

Рох — “маленькі святок”, “кірмаш на паненак”. Панічы і па­ненкі ездзілі на кірмаш, дзе з бацькамі рабілі змовіны, да­маўляліся пра пасаг. “Калі паненка гожая, та й пасагу не шмат трэе, калі ж яна няўдалая да яшчэ рабая, та пасагу трэба накі­нуць якую-небудзь кацярынку10 на рабацінне” (Сержпутоўскі, 1930).



19/6. Яблычны Спас (Спас, Другі Спас, Вялікі Спас, Сярэд­ні Спас, Іспас), свята садавіны. Царква прыстасавала да гэтага дня асвячэнне садавіны, пасля чаго дазвалялася ўжо есці яблыкі, грушы, слівы. Таму і гаварылі: “Добра яблычка к Іспасу” (Серж­путоўскі, 1930). Асвячалі таксама мёд, каласкі новага ўраджаю. Усё можна было ўжываць у ежу, аб чым і сцвярджала пры­казка: “Спас — усяму час”. Пачыналі сеяць азіміну.

Да ўсходу сонца праводзілі абрад выгнання клапоў. “Прый­шоў Спас, штоб ні было клапоў у вас!” (Раманаў, 1912). Па­колькі на тую пару з’яўляецца шмат аваднёў, таму ў Лельчыц­кім раёне кажуць: “Прыйшоў Спас, то пабярэ чорт і нас”.

Надвор’е становіцца халаднейшае і наогул лічыцца, што ўжо скончылася лета. “Прыйшоў Спас — і лета ад нас”; “Першы і Другі Спас — бяры рукавіцы ў запас” (Паўлюкоўскі, 1934).

У валачобных песнях пяецца:

Святы Стасік, пільны часік,

Жытцо возіць, Бога просіць:

— Перанясі, Божа, маё жытцо...

праз гумянцо.

А святы Іспас, старэнькі дзядок,

На восець11 садзіў, жыта малаціў.

Святы Іспас Яблыкі свенціць...

Ён гнаі возіць...

Жыта пасвяшчаіць.

23/10. Лаўрэн. Як вядома з папярэдняга адпаведнага пры­святка (гл. 10 жніўня), Ларын, ці Лаўрэн, з’яўляецца днём млы­нара. Паколькі работа млыноў у мінулым залежала ад ветру і вады, то таму і народныя прыкметы былі скіраваны да гэтых з’яў: калі хвалявалася вада, то восень абяцала быць ціхмянай, лагод­най, а зіма — мяккай, адліжнай (Ляснічы, 1990).

24/11. Баўтрамей. Прыказкі, звязаныя з прысвяткам, добра характарызуюць надыход восені: “Святы Баўтрамей душыць аваднёў і труціць мухі”; “Святы Баўтрамей высылае буслоў па дзяцей”; “Прыйшоў Баўтрамей — жыта на зіму сей” (Паўлюкоўскі, 1934).

Спасаўскія Дзяды — пятніца-субота перад Успленнем, абра­давая памінальная вячэра (на Століншчыне і ў іншых раёнах).





Яблычны спас у летніку “Грунвальд”

Чарвівая нядзеля. У некаторых мясцінах Віцебшчыны перад Успленнем пачынаецца так званая Чарвівая нядзеля, на якую не сеялі, бо ўраджай нібы даваў затым “чарвівую муку” з неадчэп­нымі кузуркамі (Васілевіч, 1991).

28/15. Прачыстая (Успленне, Багародзіца, Першая Прачыстая, Вялікая Прачыстая, Аспажа, Гаспажа, Спажа, Вялікая Спажа, Зялёная, Зельная) — свята ўраджаю.

Асвячалі “бараду” — апошні снапок, зернем якога пасля Прачыстай пачыналі засеўкі, а таксама зёлкі і гародніну. Наладж­валі свята свечкі: пераносілі яе з адной хаты ў другую, гасця­валі. На Палессі ўпраўляліся з просам і ў гэты дзень варылі з яго кашу. Наглядалі за бусламі, што на зжатых палетках збіраліся ў вырай.

Амаль паўсюдна вядомы прыказкі: “Прыйшла Прачыстая — стала поле чыстае”; “Прачыста — сяўба чыста, а касьба не чы­ста”. Менш распаўсюджаны наступныя: “Гаспажа — хлеба дзя­жа” (Брэсцкі павет; Крачкоўскі, 1874); “Прыйшла Прачыстая — перапечка чыстая” (Ігуменскі павет; Шэйн, 1883).

Прачыста маць ішла зажынаць

У чыстае поле з пшонным пірагом,

З пшонным пірагом, з залатым сярпом.

У левай руцэ пшонны піражок,

У правай руцэ залаты сярпок:

Я раз разну — я сноп нажну,

Я і два разну — я капу нажну!

Сноп ад снапа — на валовішча,

Капа ад капы — паўтараста шагоў!



(Раманаў, 1912)

Прачыста жытцо сеець,

А меншая ў помач стала,

Жытцо скора запахала.



(Міёрскі раён)

У некаторых раёнах лічылася, што ад Прачыстай пачынаецца “маладое бабскае лета” (да Галавасека, 11 верасня) (Раманаў, 1912).

ЖНІВО Ў РАДЗІЛАВІЧАХ

...Гаспадары засцерагаліся, каб ніхто ў жыце не зрабіў “за­вітку” — некалькі заплеценых каласкоў, якія прымхлівым чала­векам лічыліся падробкай, пракляццем знахара, чараўніка ці проста злога чалавека. Яе не зжыналі, а прасілі знахара “адрабіць завітку”.

Падчас жніва спявалі пра цяжкую паднявольную працу. У не­каторых песнях вырысоўваюцца вобразы паноў-прыгнятальнікаў. Народ даваў ім зняважлівыя клічкі:

Наша пані авечая

Дадзяржала нас да вечара...

Наш пане-баране,

Пускай нас дамоў заране...

Мы, жаньцы, маладзенькія.

У нас серпікі залаценькія.

Я не хачу да жыта жаці,







“А я ў бору да жыта жала…”

Лепш буду канапель браці.

Канапелькі да зялёненькія

— Лепш пайду ў халадок спаці...

Паказваецца сквапнасць і хітрасць тых, хто не хацеў ад­дзячыць за работу. “Рад бы вас дамоў пусціць — мая пані смут­ная сядзіць. Пагубіла ад каморы ключы на шырокай вуліцы, з па­намі танцуючы”.

“У нашай нівы да дажыначкі…”

Спявалі жнеі і пра нялёгкую долю жанчыны забітай палескай вёскі:

Пацяшалася маці мною,

Як вецер тою гарою.

Аддала ж мяне маці за нялюбага

Цяжкаю няволяй...

А я ў бору да жыта жала,

Мяне маці палуднаваць звала.

— Палуднуй, мая матухна,

Бо я ўжо папалуднавала.

Сухі хлебец ела,

Вадзіцаю палівала

(Да й слязамі палівала),

Сваю долю праклінала...

З апошніх каласкоў рабілі “бараду”, упрыгожвалі стужка­мі, кветкамі. На полі пакідалі хлеб і соль — ахвяру духу зямлі.

У нашай нівы да дажыначкі,

Бо ў нас дома да радзіначкі —

Нарадзіла панічына

Маладога чэлядзіна,—

Спявалі жнеі і кідалі назад цераз галаву па тры разы свае сяр­пы. Калі серп затыкаўся ў зямлю вастрыём, то лічылася, што доб­ра дажывецца да наступнага жніва. Затым святочна з песнямі, бразганнем сярпоў неслі снапок да гаспадара, ставілі ў хаце на кут (вёска Дзяржынск, раней Гадзілавічы, Лельчыцкага раёна; запіса­на ў 1988 г.).


: files -> blocks
blocks -> Паважаны Сяргей Мікалаевіч
blocks -> План дзейнасці Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" на 2014 год
blocks -> Усеагульная дэкларацыя лiнгвiстычных правоў уводныя палажэннi
blocks -> Каардынацыйны савет па развіцці І прасоўванні «Нацыянальнай платформы бізнесу Беларусі» нацыянальная платформа
blocks -> Нацыянальнай платформы бізнеса беларусі
blocks -> Польска-беларускі слоўнік: тэрміны, паняцці і назвы з гісторыі і грамадазнаўства
blocks -> Стратэгія развіцця мовы
blocks -> Закон рэспублiкi беларусь 26 студзеня 1990 г. N 3094-xi аб мовах у рэспублiцы беларусь
blocks -> ПараўНАЎчы аналіз палажэнняў канстытуцый краін усходняга партнёрства І казахстана
blocks -> Прыняты Устаноўчай Асамблеяй Таварыства беларускай школы 22 сакавіка 1996 года


1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   12


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка