Правапіс агульнаўжывальных спрадвечных беларускіх слоў



старонка1/3
Дата канвертавання30.06.2016
Памер0.59 Mb.
  1   2   3
РАЗДЗЕЛ 3. АРФАГРАФІЯ

3.1. Правапіс агульнаўжывальных спрадвечных беларускіх слоў

3.1.1. ПРАВАПІСНЫЯ АСАБЛІВАСЦІ ВЫДАННЯЎ ХІХ СТАГОДДЗЯ

Беларускiя выданнi ХIХ ст. — першыя спробы аднаўлення лiтаратурнага ўжывання беларускай мовы пасля заняпаду i менавiта з iх пачынаецца лiтаратурная апрацоўка беларускай мовы i накапленне пэўных пiсьмовых, у тым лiку i правапiсных, традыцый. Таму навукова мэтазгодным бачыцца аналiз арфаграфiчнай спецыфiкi выданняў ХIХ ст., якi можа даць дакладнае ўяўленне аб пачатковых тэндэнцыях у працэсе правапiснай нармалiзацыi.

Найважнейшай арфаграфiчнай рысай выданняў ХIХ ст. з’яўляецца тое, што iх правапiс у сваёй аснове зарыентаваны на асаблiвасцi канкрэтнага дыялекту або нават вузей — канкрэтнай гаворкi. Так, у афармленнi першага выдання ананiмнай паэмы “Энеiда навыварат” (1845) выразна адзначаюцца характэрныя рысы паўночна-ўсходнiх гаворак1: дысiмiлятыўнае яканне (ина, насцибались,змикаимъ); адрозненне цвёрдага i мяккага [р] (лякруцина, раз i варюга, греки, до Рима); так званае цоканне — замена [ч] на [ц] (на пецкЬ, драцона, вЬцно, за цЬмъ). А, напрыклад, у творах В. Дунiна-Марцiнкевiча фiксуюцца рысы родных для аўтара барысаўскiх гаворак (мiнска-маладзечанскi арэал): недысiмiлятыўнае поўнае аканне (pahnau, sabracca, u waczach; dziwa, hromka, piwa, niczoha); недысiмiлятыўнае яканне, пераважна поўнае (wiankami, siarmiazka, wiasna; piarabje, wiasialila, winian); фанетычнае падаўжэнне зычных (wiasella, pa kryllach, halla, hadannia); памякчэнне [c] у суфiксе прыметнiкаў -ск (sielśkaja, Dnieprouśkaja, zamorśki).



______________________________

1 Iлюстрацыйны матэр ыял, якi прыводзiцца тут i далей, у асноўным выбраны непасрэдна з адпаведных тэкстаў ХIХ ст. Часткова прыклады цытуюцца паводле наступнага выдання: I.I. Крамко, А.К. Юрэвiч, А.I. Яновiч. Гiсторыя беларускай лiтаратурнай мовы. У 2-х т. Т. 2. Мн., 1968.

Такая арфаграфiчная асаблiвасць была выклiкана аб’ектыўнымi прычынамi i цалкам адпавядала моўнай сiтуацыi ХIХ ст. Кадыфiкаваных правiлаў пiсьмовай перадачы беларускай мовы на той перыяд не iснавала, а традыцыi старабеларускага пiсьма былi забытыя i не падлягалi ўзнаўленню ў новых моўна-гiстарычных абставiнах. Пры адсутнасцi ўзаконенага правапiснага кодэкса i аўтарытэтных пiсьмовых узораў арфаграфiчнага ўпарадкавання, арыенцiрам для беларускамоўных пiсьменнiкаў (або выдаўцоў) ХIХ ст. магла служыць толькi вусная мова i, натуральна, перш за ўсё родная гаворка, асаблiвасцi якой яны добра ведалi i наўмысна цi з-за недастатковага знаёмства з iншымi дыялектамi пераносiлi на ўсю беларускую мову.

Нягледзячы на цесную дыялектную прывязку выданняў указанага перыяду, нi ў адным з iх фанетычная сiстэма таго цi iншага дыялекту не прадстаўлена ў “чыстым выглядзе”. Па-першае, не ўсе фанетычныя асаблiвасцi базавага дыялекту знаходзiлi пiсьмовае адлюстраванне. Так, у выданнi “Энеiда навыварат”, на правапiсным афармленнi якога, як указвалася вышэй, выразна адбiўся ўплыў паўночна-ўсходнiх гаворак, не адзначана выпадкаў з перадачай такой характэрнай для гэтых гаворак асаблiвасцi як дысiмiлятыўнае аканне. Па-другое, нярэдка ў тэксце выяўляюцца рысы ўласцiвыя не базавай гаворцы, а якой-небудзь iншай. У якасцi прыкладу можна прывесцi выпадкi дысiмiлятыўнага якання ў творах В.Дунiна-Марцiнкевiча (pacirajesz, bolij, razhledziuŭ) або прыклады з адлюстраваннем поўнага недысiмiлятыўнага акання ў творах К.Калiноўскага (doŭha, nie dziwa, minuła), у асноўным аформленых з арыентацыяй на гродзенскiя гаворкi, для якiх нормай з’яўляецца няпоўнае аканне. Некаторыя ж правапiсныя рысы выданняў ХIХ ст. можна квалiфiкаваць як арфаграфiчныя запазычаннi з польскай або рускай моў. Польскiм уплывам у многiх тагачасных выданнях, вiдаць, выклiкана з’яўленне такiх арфаграм, як адсутнасць фанетычнага падаўжэння [н] у iнтэрвакальным становiшчы (nasienie, hałaszenie, zdziwienie), напiсанне з вялiкай лiтары назваў народнасцей (Palaki, Litwiny), раздзельнае напiсанне зваротнай часцiцы -ся ў дзеясловах (bjuć sia, sustreć sia, dawiedajeć sia). А, напрыклад, выданне “Разсказы на бЬлорусском наречiи”, дзе не перадаецца аканне i яканне (горько, господаръ, дзЬточекъ, въ бЬдной рясЬ), цвёрдасць шыпячых (жили, значиць, говорюць, верили) i iншыя спецыфiчныя беларускiя фанетычныя асаблiвасцi, паказальнае ў плане арыентацыi на рускую арфаграфiю.

Тлумачыцца такая сiтуацыя генетычнай неаднароднасцi правапiсных рыс выданняў ХIХ ст. тым, што аўтары, ведаючы, акрамя роднай, таксама i iншыя гаворкi, маглi свядома цi выпадкова пашыраць дыялектную базу сваiх твораў. Узорам таксама маглi служыць i больш сталыя, распрацаваныя арфаграфiчныя сiстэмы польскай або рускай моў, паколькi большасць тагачасных пiсьменнiкаў была добра знаёмая з адной або з другой, а то i з абедзвюма гэтымi сiстэмамi, i, натуральна, запазычвала з iх асобныя элементы.

Арфаграфiчныя асаблiвасцi выданняў гэтага перыяду ў вялiкай ступенi прадвызначалiся асаблiвасцямi тагачаснага беларускага кнiгадрукавання.

Перарывiстасць беларускага кнiгадрукавання ХIХ ст. i, як вынiк гэтага, адсутнасць прамой пераемнасцi ў лiтаратурна-моўным працэсе прадвызначыла асаблiвасцi фармiравання нормаў у гэты перыяд. У галiне правапiсу гэта праявiлася найперш у надзвычайнай арфаграфiчнай непаслядоўнасцi, якой характарызуюцца ўсе тагачасныя выданнi. Весцi гаворку аб адзiных агульнапрынятых правiлах пiсьма на той час яшчэ зарана. Арфаграфiя кожнага выдання своеасаблiвая, мае шмат iндывiдуальных адметных рыс. Для прыкладу разгледзiм два храналагiчна блiзкiя тагачасныя выданнi: “БясЬда стараго вольника з новыми, пра ихнае дзела” (1861) i “Прамова Старавойта” (1862), напiсаныя на аснове паўночна-ўсходнiх, гаворак. У “БясЬдзе” аканне перадаецца вельмi непаслядоўна (салдат, тарговыя, хазяинъ, зручна,дыликатна, лЬцичка, але хозяинъ, изъ козны, слово, дзЬло). Сустракаюцца ў гэтым выданнi i прыклады з дысiмiлятыўным аканнем (пташычка, дзетыкъ, пирыдъ ... Начальствамъ) i нават з перадачай лабiялiзацыi ненацiскных [о] i [е] перад [в] у [у] (намулювавъ, турбувацца). У “Прамове” ж стабiльна абазначаецца поўнае недысiмiлятыўнае аканне: барада, галава, работникавъ, добра, мала. У “БясЬдзе” непаслядоўна перадаецца цвёрдасць [р] i шыпячых (горька, вЬрьця, жиць, читаицца, ваше, у казенщини i скарэй, крычиць, нашэ, палажэнне, прачытаюць), нерэгулярна абазначаецца асiмiляцыйная мяккасць (iосьць, лезьци, але воласци, свЬтки, зъ слизами), а ў “Прамове” пасля зацвярдзелых даволi стабiльна ўжываюцца е, ы,а, а асiмiляцыя паводле мяккасцi ўвогуле не абазначаецца.

Адметнасцю ў арфаграфii вызначаюцца таксама i паасобныя творы аднаго i таго ж аўтара. Так, “Мужыцкая Праўда” i “Пiсьмо з-под шыбенiцы” напiсаны К. Калiноўскiм у асноўным з арыентацыяй на яго родныя гродзенскiя гаворкi. Аднак паводле правапiсу гэтыя выданнi ў многiм розняцца. Напрыклад, у “Мужыцкай Праўдзе” паслядоўна не перадаецца аканне ва ўсiх паслянацiскных складах (pa sprawiedliwości, chlebom, minuło, mało), а ў “Пiсьме” побач з оканнем (napisano, naczalstwo) даволi часта ў паслянацiскной пазiцыi адзначаецца аканне (doŭha, nie dziwa). Пасля шыпячых i [р] аканне ў “Мужыцкай Праўдзе” ўвогуле не перадаецца (naszeho, inačej, dapamoże), а ў “Пiсьме” мае месца, хаця i нерэгулярна (czaławiek, czaho, але pisze, nasze). Такая ж непаслядоўнасць характэрна i для перадачы якання. У “Мужыцкай Праўдзе” яно зусiм не адзначаецца (ciepier, sprawiedliwy, wielikije), а ў “Пiсьме” адзначаецца непаслядоўна (biada, niawola, але ciebie, jemu, niewoli).

Правапiснай стабiльнасцi няма i ў межах аднаго i таго ж выдання. Асаблiва паказальнае ў гэтым плане першае беларускае выданне — “Катэхiзiс” 1835 года (“Krotkie zebranie nauki chresciańskiej dla wieśniaków mowiąncych językiem polsko-ruskim wyznania rzymsko-katolickiego”). У iм, напрыклад, аканне перадавалася настолькi непаслядоўна, што сустракаюцца выпадкi розных напiсанняў не толькi ў аднолькавым становiшчы, але нават у адных i тых жа словах: byŭ bohom i byŭ boham, cieło i cieła, hrechom i za hrachi.

Разам з тым у беларускiх выданнях назiраюцца i элементы агульнага правапiснага падыходу. Але хутчэй за ўсё гэта тлумачыцца не наяўнасцю на той час нейкiх агульнапрынятых арфаграфiчных установак, а проста тым, што ўсе выданнi пiсалiся на адной мове, што натуральна вяло да некаторага адзiнства.

Малалiкасць выданняў, а таксама перарывiстасць у выдавецкай дзейнасцi абумовiлi i такую арфаграфiчную асаблiвасць ХIХ ст. як адсутнасць ва ўказаны перыяд выразнай правапiснай дынамiкi: выданнi 60-х i пачатку 90-х гадоў мала чым адрознiваюцца паводле ступенi арфаграфiчнай апрацаванасцi ад самых раннiх выданняў новай беларускай лiтаратуры. Так, вышэй ужо ўказвалася на арфаграфiчную стракатасць беларускамоўнага “Катэхiзiса” 1835 года, адсутнасць правапiснай аднастайнасцi ў выданнях 60-х гадоў (В.Дунiна-Марцiнкевiча, К.Калiноўскага). Калi ўзяць для параўнання, напрыклад, выданнi Ф.Багушэвiча, якiя выходзiлi значна пазней — на пачатку 90-х гадоў, то ў iх таксама заўважым прыкметную арфаграфiчную непаслядоўнасць. Напрыклад, пры перадачы акання (na kancy, kałodu, kasić, pajedzie, haładrancy i na poŭtary, odważyu sia, otkazuje, pa doctor), якання (piasoczek, zbiarutca, u kapialuchu, wiaciarok, piarastali, piaramianiŭsia, paciary, wyjachaŭ i jeszcze, nie scierpieŭ, niedaloka, pierakinuŭ, winien, jajek), асiмiляцыйнай мяккасцi (jość, czaćwiorkaj, litaściwy i zniaŭ, scierpieŭ, paspiaszyŭ) i iншых рыс.

У адзначаны перыяд ўзровень правапiснай унармаванасцi маглі ўплываць, хаця і не вельмі выразна, графічныя адрозненні у афармленні тэкстаў. Пры агульнай правапiснай стракатасцi выданняў i кiрылiцай, i лацiнкай апошнiя вызначаюцца большай паслядоўнасцю ў афармленнi i большай дакладнасцю ў перадачы асаблiвасцяў жывой гаворкi. А ў кiрылiцкiх выданнях гэтай пары прыкметнай адзнакай з’яўлецца правапiсны разнабой i шмат рознага роду штучных напiсанняў, якiя не адпавядалi фактам вуснага вымаўлення. Напрыклад, у выданнi У. Гаршына “Сыгналъ” 1891 года вельмi непаслядоўна перадаецца аканне (дабро, на вайнЬ, галодны, салдатски i голову, адъ сторожа, дрова, довялося), яканне (нядужи, пярвЬй, глядзиць, зялёны i на вЬку, цепло, узелок, пЬхотаю пойдземъ), зусiм не адзначаецца такая характэрная беларуская рыса як цвёрдасць шыпячых i [р] (треба, Кацярина, служиў, машина, гарачи). Згаданая сiтуацыя з кiрылiцкiмi выданнямi, вiдаць, была звязана з тым, што становiшча рускай мовы як дзяржаўнай на тэрыторыi тагачаснай Беларусi надавала ёй статус аўтарытэтнага правапiснага арыенцiра для беларускамоўных пiсьменнiкаў i выдаўцоў кiрылiцкiх выданняў. Iмкненне адлюстраваць беларускiя маўленчыя рысы, застаючыся па магчымасцi ў рамках рускай правапiснай традыцыi, i прыводзiла да неаднастайнасцi ў напiсаннях. Што да выданняў лацiнкай, то iх адносная правапiсная стабільнасць перш за ўсё забяспечвалася адназначнасцю зыходнай арфаграфiчнай устаноўкi на вуснае беларускае маўленне.

3.1.2. АРФАГРАФІЯ ВЫДАННЯЎ ПАЧАТКУ ХХ СТАГОДДЗЯ

3.1.2.1. Літарныя арфаграмы

Правапіс галосных



Перадача на пісьме галосных пад націскам і ненаціскных [а], [і], [ы], [у] не выклікала цяжкасцей – у пераважнай большасці выпадкаў яны перадаваліся паводле вымаўлення. Праўда, нераспрацаванасць арфаэпічных норм прыводзіла да таго, што ў некаторых выпадках адлюстроўваліся дыялектныя вымаўленчыя асаблівасці (тэй указ, трэйчы, закрычэла; у салодкум сне, жыкеткі, сыночык, на мерзлуй зямлі) або іншамоўныя ўплывы (рускія: усех, только, пры чугунцы, горэч; польскія: цвек, дзюра, сярота, кялбасы; украінскія: наймыт, світ, праклынае, скікалі).

Больш складана было адлюстраваць на пісьме ненаціскныя [е] і [о], паколькі яны неаднолькава вымаўляліся ў розных дыялектах. Вымаўленне іх залежыла ад пазіцыі ў адносінах да націскнога складу, а таксама ад таго, ужываліся яны пасля цвёрдых і зацвярдзелых або пасля мяккіх зычных.



Правапіс ненаціскнога [о] пасля цвёрдых і зацвярдзелых зычных у пераднаціскных і паслянаціскных складах у межах асновы слова за кароткі час фактычна нармалізаваўся. Пачынаючы прыкладна з 1906 года, тут стала амаль стабільна перадавацца аканне: дарога, галава, kasić, pasyłać; горад, салідарнасць, pawinnaść, woran.

Непаслядоўна (праз напісанне літар о або а) ненаціскны [о] на пачатку ХХ стагоддзя перадаваўся ў наступных пазіцыях:

  • у канцавых адкрытых складах: а) дзеясловаў прошлага часу ніякага роду (свяціло, балело, stało, pakazałosia, але захацелася, сэрца балела, hora pamienszała, soniejko hreła); б) назоўнікаў ніякага роду ў назоўным і вінавальным склонах (жыто, небо, dziwo, miaso, але лета, места, słowa, dzieła); в) некаторых прыслоўяў (цихо, мало, kiepsko, doŭho, але позна, многа, czasta, chutka);

  • у некаторых флексіях ускосных склонаў назоўнікаў і прыметнікаў: фінансоў, жандармоў, parachodoŭ, але лекаў, падаткаў, akopaŭ; добраго, беднаго, patrebnaho, але рабочага, вёсковага, tymczasowaha;

  • у складаных словах (параўн. у віленскіх выданнях конокрадамі, новамодные, новабранцэў і ў мінскіх і пецярбургскіх кастаед, даўгавязы, дабраноч);

  • у запазычаных словах, дзе ў большасці выпадкаў пісалася о : конфэтті, аўтор, popularnyje, profesarom, але зрэдку магло ўжывацца і а : паліція, працэнты, etnagraficzny (гл. падрабязней у адпаведным раздзеле).

У выданнях 1915-1917 гг. праяўляецца тэндэнцыя перадаваць аканне і ў гэтых пазіцыях.

На месцы ненаціскнога [е] пасля зацвярдзелых зычных аднолькава магчыма сустрэць э і а: чэкаюць, кавалочэкъ, рабочэму, ня дышэ і чалавекъ, кружочакъ, працующаго, перагоніць. У выданнях пасля 1906 года заўважальна пераважаюць напісанні з э. Але ў выданнях 1915-1917 гг. фарміруецца тэндэнцыя перадаваць [е] у гэтай пазіцыі праз а.

Ненаціскны [е] пасля мяккіх зычных больш ці менш стабільна перадаваўся праз я (іа) толькі ў першым пераднаціскным складзе (сярдзіта, лясьнік, piasok, ziamlu), за выключэннем пазіцыі перад націскным [а], у якой пераважна пісалася е: летаюць, слеза, abiecaŭ, dzieŭczata.

У астатніх пазіцыях выразныя правілы перадачы ненаціскнога [е] пасля мяккіх зычных не вызначаюцца.



У другім і наступных пераднаціскных і паслянаціскных складах у межах асновы слова дамінуе напісанне е (весялей, пераклікаліся, nieprydumnaj, wiekawy; камень, спакоен, wiecier, lepiej), але нярэдка сустракаюцца выпадкі напісання я (пятушок, каля бярэгоў, niażywaja, lapiastkoch; на хвілячку, каля возяра, is siniańkich, piesianki) і нават і (зьністажаць, нідалёка, nizdarawiaka, niznajomy; у восім снапоў, паверніцца, nizińka, saromiŭsia), якія асабліва характэрныя для мінскіх выданняў.

Ненаціскны [е] у прыназоўніку без і адмоўі не асабліва паслядоўна перадаваліся да 1909 года, калі практычна кожнае выданне адрозніваецца ў гэтых адносінах. Амаль ва ўсіх пазнейшых выданнях (1909 – 1917 гг.) ненаціскны [е] у не і без у асноўным перадаецца так, як калі б гэтыя службовыя словы складалі адно фанетычнае слова з наступным словам (г.зн. з я ў першым пераднаціскным складзе і з е ў пазіцыі другіх ненаціскных складоў і перад націскным [а]): ня бойся, бяз меры, nia chocze, biaz serca; не паверыш, без прыкрасы, nie hłyboki, biez żyćcia; не спаў, без працы, nie znali, biez żalu. Праўда, нярэдка сустракаюцца адступленні ад такога напісання тыпу не можна, ня чытаў, без слоў, ня ішла, бяз жалю. У мінскіх выданнях адмоўе не магло пісацца з і : ні бачыла, ні ўсталі, ні згубіў.

У канчатках розных часцін мовы пісалася е і я: у прыметніках (бедные і новыя, пустое поле і чужоя дзіцятка); у дзеясловах (лезе і прысьпея, чуеце і маіця); у назоўніках (с кузней і з гаспадыняй).

У складаных словах да 1908 года зафіксаваны разнабой у напісанні е і я: сенажаць, великодная і сяножаць, Вялікадня. У пазнейшых выданнях пераважае напісанне е : лесасек, хлебароб і г.д., але і вялікарусы, сямилетка.

У цэлым у сістэме галосных прыкметна дамінаваў прынцып напісання паводле вымаўлення. Разам з тым, некаторыя арфаграмы афармляліся ўмоўна (правапіс ненаціскных галосных пасля зацвярдзелых зычных, часціцы не і прыназоўніка без і інш.).

У працэсе выпрацоўкі правапісу галосных вылучаюцца два перыяды: першы – да 1906 года, які характарызуецца надзвычайнай правапіснай непаслядоўнасцю, наяўнасцю арфаграфічных запазычанняў, другі – пасля 1906 года, калі правапіс галосных прыкметна нармалізуецца і адзначаецца выразная тэндэнцыя стварыць уласна беларускія арфаграфічныя правілы. Паміж гэтымі двума перыядамі пераходнымі можна лічыць 1906-908 гады, калі арфаграфічны разнабой толькі пачынае свядома пераадольвацца; пісьмовая мова ў гэтыя гады лепш унармаваная, чым да 1906 года, але яшчэ не настолькі, як у пазнейшыя гады. Своеасаблівымі ў арфаграфічных адносінах з’яўляюцца 1915-1917 гады. Выяўляецца гэта ў наступным: з аднаго боку, на правапісным афармленні некаторых арфаграм больш адчувальна адбіваецца дыялектны ўплыў (напрыклад, даволі шырокае адлюстраванне дысімілятыўнага і моцнага якання ў выданнях гэтых гадоў), з другога боку, асобныя арфаграмы становяцца больш паслядоўнымі, пазбаўляючыся ад выключэнняў (напрыклад, перадача акання ў канцавых адкрытых складах, абазначэнне якання ў 1-ым пераднаціскным складзе перад націскным [а]).

Некалькі больш паслядоўна галосныя перадаваліся ў выданнях лацінкай да 1906 года, пазней узроўні правапіснай унармаванасці выданняў лацінкай і кірыліцай выраўноўваюцца.

Даволі адчувальны ўплыў на правапіс галосных аказвалі мясцовыя дыялекты. Нярэдка рознадыялектныя варыянты той ці іншай з’явы ўжываюцца паралельна, таму базавы дыялект вызначыць дастаткова цяжка.

Асаблівасці правапісу галосных у выданнях пачатку ХХ стагоддзя галоўным чынам залежалі, па-першае, ад часу выхаду выдання ў свет і, па-другое, ад месца выдання ў тым ці іншым выдавецкім цэнтры. Іншыя фактары (жанр выдання, спосаб яго графічнага афармлення, перядычнасць выхаду і г.д.) прыкметнага ўплыву на прыёмы адлюстравання галосных не аказвалі.

Правапіс зычных



У выданнях пачатку ХХ стагоддзя пры перадачы на пісьме важнейшых рыс беларускай кансанантнай сістэмы назіраюцца наступныя асаблівасці:

  • вельмі паслядоўна абазначалася памякчэнне [д] і [т] (так званае дзеканне і цеканне): одзін, дзержаць, sudździ, pawiadzie; закусіць, зляцеў, s pad ciaciwy, addać;

  • цвёрдасць шыпячых, [р] і [ц] спрадвечнага ў выданнях кірыліцай да 1908 года перадавалася непаслядоўна: стярегчи, жицьё, с кишени, і чэлавек, ляжыць, корэнь (параўн. з тэкстамі лацінкай, дзе паслядоўна żyŭ, z akcyznikam, z prypadku, hroszy). Ва ўсіх пазнейшых выданнях гэтая рыса перадавалася зусім паслядоўна;

  • прыстаўныя зычныя пісаліся ў асноўным у адпаведнасці з вымаўленнем: у восень, вутварь, у вострог, у ватказъ, wostryj, u wadnej kašuli. Пераважае прыстаўны [в], прыстаўны [г] сустракаецца вельмі рэдка: гастрэй, гарапнік, гарэх;

  • фанетычнае падаўжэнне зычных у інтэрвакальным становішчы да 1906 года перадавалася ў адзінкавых выпадках, у выданнях 1906-1908 гадоў – некалькі шырэй, але ўсё яшчэ бессістэмна (выданьня, на раллі, сьмяцьцйо, upraŭleńnie, atrodździe і прыказане, на гольях, жыце, kapanie, naczynie), а з 1908 года гэтая з’ява абазначаецца стабільна;

  • пераход [в], [л] у [ў] пасля галосных перад зычнымі адзначаўся рэгулярна (з прыгоркаў, доўг, praŭda, doŭho, dumaŭ), выключэнні сустракаюцца вельмі рэдка (кивнуўшы, лев, ŭkinuł). Зрэдку ў пішацца ў нетыповых умовах: ваўна, таўпу, aŭtar (алтар). Пераход у [ў] пачатковых [в] і [у], а таксама прыназоўніка у, этымалагічна звязанага з прыназоўнікам въ, у асноўным адлюстроўваўся наступным чынам: пасля галосных ужывалася літара ў (ŭ): вельмі ўпрашываць, nia ŭmieło, а пасля зычных – літара у (u): цяпер у яе вачах, swaich ułasnych synoŭ. Але гэтае ўмоўнае правіла не стала да канца паслядоўным. У кожным выданні сустракаюцца выпадкі тыпу нас ў вагоны, jak ŭschodzić słonce (пад уплывам вуснага вымаўлення) і толькі у другім выданні, pa świeci u rukapisach;

  • гук [j] паслядоўна абазначаўся пасля галосных адпаведна літарамі й і j: травой, закрый, paroj niščaśliwaj. Да 1906 года ў выданнях кірыліцай й ужываўся на канцы прыметнікаў тыпу багатый, новый. Пасля 1906 года замацаваліся напісанні тыпу цяжкі, радасны. У выданнях кірыліцай зрэдку перадаваўся [j] перад пачатковым [і] і [і] пасля галосных: йимъ, ц йихъ, праца йихняя, убивайицца.

Асіміляцыйныя працэсы ў сістэме зычных адлюстроўваліся наступным чынам:

  • пры напісанні спалучэнняў зычных адзіны прынцып не вызначаецца. Адны з іх перадаюцца паводле марфалагічнага прынцыпу (напрыклад, загадчык, хутчэй, сьлізчэй), другія – згодна з вымаўленнем (напрыклад, каталіцкую, паэтыцкія), а для перадачы некаторых увогуле выкарыстоўваюцца ўмоўныя напісанні (напрыклад, людзкае, суседзкае, финляндзки). Частка спалучэнняў перадаецца непаслядоўна (напрыклад, чэскіе, pa francusku, але каўказскіе, чэшскімі, paryżskije);

  • асіміляцыя па артыкуляцыйным адрозненням (шыпячасці-свісцячасці) не перадавалася: зжыўся, смяешся, заросшы, пры рэчцы;

  • асіміляцыя па гучнасці (глухасці-звонкасці) у большасці выпадкаў не перадавалася: дарожка, будка, вязку, узлезці; касьба, барацьба. Прыстаўкі і прыназоўнікі на [б] і [д] часцей за ўсё афармляліся паводле марфалагічнага прынцыпу: абсыхае, absypaŭ, падпіў, адказаў, padpalili, аб тым і сім, ab paczatku, пад стрэхай, ad prawicielstwа. Асабліва гэта адносіцца да мінскіх выданняў і выданняў пецярбургскага выдавецтва А. Грыневіча. У выданнях пецярбургскай суполкі “Загляне сонца і ў наша ваконца” шырэй адзначаюцца фанетычныя напісанні: апступілі, apšytuju, атцісьнецца, patpisywaŭsia, ат холаду, пат пахай, at kawala. У віленскіх выданнях сустракаюцца абодва тыпа напісанняў: абціраць, падпаясана, аб карэньне, pad tym і атсыпаў, апхопе, at kaho. Прыстаўкі і прыназоўнікі на [з] перадаюцца наступным чынам: без і праз ва ўсіх выданнях пішуцца аднастайна ў любых фанетычных умовах: бяздольны, a biazwolli, biazkonca, без вины, праз вакно, без стравы, праз сяло, praz cełaje żyćcio. Іншыя прыстаўкі на [з] да 1906 года, магчыма, пад уплывам тагачаснай рускай арфаграфіі, пісаліся нязменна незалежна ад якасці наступнага зычнага: зсунулася, зсыпку, разсеваци, разкрыжаванне, а пасля 1906 года – у асноўным паводле фанетычнага прынцыпу: ссеклі, сплывалі, расказаў, раскідае. Пры перадачы прыназоўніка з таксама пераважалі фанетычныя напісанні (с хаты, с прыпадку, s pola), але сустракаліся і адступленні ад іх (з сынульком, з той пары, z pamahatym);

  • пры абазначэнні асіміляцыі па палатальнасці (мяккасці) галоўным арыенцірам было жывое вымаўленне. Асабліва паслядоўна яна адлюстроўвалася ў наступных выпадках (графічна перадавалася ў асноўным з дапамогай мяккага знака – ь):

  1. калі [с] знаходзіўся перад [н’]: (сьнег, песьняр), [л’]: (сьляпы, сьлед), [м’] (сьмяюцца, сьмерць), [ц’] (сьцены, злосьць), [в’] (сьвежы, сьвеча), [п’] (сьпім, сьпякота);

  2. калі [з] знаходіўся перад [н’] (кузьня, баязьнь), [ л’] (баязьлівы, зьлез), [м’] (зьмірна, зьмея), [в’] (зьвер, прозьвішча), [б’] (хрэзьбіны, зьбялелі), [ц’] (лезьці, давезьці), [з’] (зьзяйце, разьзявіш);

  3. калі [дз’] знаходзіўся перад [в’] (дзьверы, за Дзьвіною), [м’] (людзьмі, дзьме);

  4. калі [ц] знаходзіўся перад [в’] (цьвіціць, цьвярозы), [м’] (касьцьмі).

Мяккасць перадавалася і ў іншых пазіцыях, але менш паслядоўна, напрыклад, перад [j], дзе зафіксавана прыблізна аднолькавая колькасць выпадкаў з абазначэннем і неабазначэннем мяккасці (зьявілася, зьясьцё, але з’ява, з’еў), паміж падоўжанымі зычнымі (насеньне, судзьдзя, вясельле, куцьця, брусься, мазьзю, але пазваленне, жыццё, галлё, разводдзя).

У некаторых пазіцыях мяккасць абазначалася толькі спарадычна, напрыклад, памякчэнне [з], [с] перад мяккімі заднеязычнымі (ськівіцы, зьгіньце, земській). Памякчэнне прыставачнага [д] перад пачатковым зычным кораня, губных і зацвярдзелых зычных увогуле не адзначана.

Калі перад памякчальным галосным аказвалася спалучэнне трох зычных, на пачатку стагоддзя найчасцей абазначалася мяккасць толькі таго зычнага, які знаходзіўся непасрэдна перад мяккім зычным (разсьцеле, расцьвілі, патсьцярог), напісанні ж тыпу расьцвіла, усьплясні больш рэдкія, а абазначэнне мяккасці абодзвух зычных ва ўказанай пазіцыі ўвогуле адзінкавыя (лісьцьця).

Асіміляцыйныя працэсы, якія назіраюцца ў спалучэннях зычных на стыку слоў, на пачатку ХХ ст., у адрозненне ад пазіцый унутры слова, дастаткова паслядоўна не перадаваліся (з цікавосцю, з Нёмана, з мінуту).

Асобна трэба сказаць пра адрозненні ў абазначэнні асіміляцыйнай мяккасці па храналогіі. У самым пачатку ХХ ст. мяккасць перадавалася толькі спарадычна – у 27 % выпадкаў з ліку тых, дзе былі фанетычныя ўмовы для памякчэння. З часам адлюстраванне гэтай з’явы прыкметна пашыралася і працэнт прыкладаў з абазначэннем мяккасці ўзрос ад 58 (у 1907 годзе) да 89 (у 1917 годзе). У выданнях лацінкай асіміляцыя па мяккасці адлюстроўвалася яшчэ больш рэгулярна, чым у кірылічных выданнях. Гэтыя дадзеныя з’яўляюцца паказчыкам таго, што ў выдавецкай практыцы абазначэнне асіміляцыйнай мяккасці паступова станавілася нормай.

Такім чынам, правапіс зычных на пачатку ХХ стагоддзя нельга назваць поўнасцю унармаваным. Так, не было паслядоўнасці пры адлюстраванні асіміляцыйных змен, пры напісанні [j] у асобных пазіцыях, пры пісьме некаторых спалучэнняў зычных. Тым не менш, вылучаецца пэўная група арфаграм, афармленне якіх было аднастайным ва ўсіх ці амаль ва ўсіх выданнях разглядаемага перыяду. Галоўным чынам гэта датычыць перадачы на пісьме асаблівасцей беларускага кансанантызму, якія з’яўляюцца агульнымі для ўсіх або большасці беларускіх гаворак: дзекання, цекання, фаетычнага падаўжэння, цвёрдасці шыпячых і інш. Адхіленні ад агульных правіл напісання ў гэтых выпадках з-за сваёй нешматлікасці не з’яўляюцца прынцыповымі.

Працэс выпрацоўкі правапісу зычных падзяляецца на такія ж перыяды, што і працэс нармалізацыі правапісу галосных: да 1906 года – перыяд асаблівай непаслядоўнасці, калі стабільнасці не было нават пры адлюстраванні агульнабеларускіх рыс (напрыклад, дзекання цекання); 1906-1908 гады – пераходны перыяд, калі пры ўсталяванасці многіх арфаграм тым не менш захоўваецца некаторая правапісная стракатасць; з 1908 года – перыяд адноснай аднастайнасці пры перадачы зычных.

Пры параўнанні асаблівасцей перадачы рыс беларускага кансанантызму ў выданнях з рознымі спосабамі графічнага афармлення заўважаецца, што некаторыя арфаграмы ў выданнях лацінкай афармляліся больш паслядоўна ці, ва ўсякім разе, хутчэй нармалізаваліся, чым у выданнях кірыліцай: напрыклад, перадача асіміляцыйнай мяккасці, дзекання і цекання, напісання прыстаўных зычных і інш.

Прыкметны ўплыў на правапіс зычных у выданнях кірыліцай аказвала руская арфаграфія, асабліва ў самыя першыя гады ХХ стагоддзя. Праяўлялася гэта ў наяўнасці на працягу доўгага часу некаторых запазычаных арфаграфічных прыёмаў: напісанне памякчальных галосных пасля беларускіх зацвярдзелых, адсутнасць прыстаўных зычных, неабазначэнне дзекання і цекання.

Аднастайнасць сістэмы кансанантызму ў большасці беларускіх гаворак прыводзіла, па меншай меры, да трох вынікаў: а) практычна не адзначана арфаграм, дзе варыянт нормы складалі б рознадыялектныя з’явы (выключэннем з’яўляецца хіба што абазначэнне фанетычнага падаўжэння, відаць, з-за прыкметных адрозненняў гэтай рысы ў двух вялікіх групах гаворак – паўночна-ўсходняй і паўднёва-заходняй); б) хістанні ў перадачы зычных на пісьме часцей за ўсё выклікаліся не столькі ўплывам вузкадыялектных асаблівасцяў, колькі спробамі выдаўцоў выпрацаваць больш прыймальныя арфаграмы; в) выдавецкіх адрозненняў у правапісе зычных амаль не зафіксавана. Назіраюцца яны толькі пры напісанні некаторых прыставак і прыназоўнікаў на зычны.

Вядучы прынцып у напісанні зычных адназначна вызначыць складана. У нейкай ступені больш уплывовым можна лічыць марфалагічны прынцып. Паводле яго афармлялася значная колькасць спалучэнняў зычных на стыку кораня і суфікса, пісаліся прыстаўкі і прыназоўнікі на б і д, згодна з ім амаль паслядоўна не абазначалася асіміляцыя па глухасці-звонкасці і шыпячасці-свісцячасці. Вымаўленчыя асаблівасці ў гэтых пазіцыях калі і перадаваліся на пісьме, то фанетычны прынцып не вытрымліваўся да канца (гл., напрыклад, правапіс прыставак і прыназоўнікаў на з, абазначэнне аіміляцыйнай мяккасці). Некаторыя арфаграмы з зычнымі афармляліся ўмоўна (правапіс [ў], правапіс спалучэнняў д+ск, д+ств і г.д.). У цэлым у дачыненні да разглядаемага перыяду, відаць, больш мэтазгодна было б гаварыць аб суадносінах фанетычных і нефанетычных напісанняў, апошнія з якіх усё ж пераважаюць.

3.1.2.2 Нялітарныя арфаграмы

Сімвалічныя арфаграмы (правапіс вялікай літары)

Правапiс вялiкай лiтары адносiцца да так званых нялiтарных арфаграм (гл. Мейеров: 5), не звязаных з перадачай на пiсьме гукаў жывой мовы. Арфаграмы з вялiкай лiтарай знаходзяцца на перыферыi арфагр афiчнай сiстэмы i пры распрацоўцы правапiсных пытанняў не з’яўляюцца першачарговым аб’ектам даследавання. Тым не менш супрацьстаўленне вялiкай i малой лiтар — гэта важны арганiзуючы элемент пiсьмовага тэксту, якi icтотна аблягчае ўспрыняцце i разуменне зместу напiсанага, а паслядоўнасць ва ўжываннi такога прыёма — адзiн з найбольш наглядных паказчыкаў пiсьмовай культуры. Таму правiлы выкарыстання вялiкай лiтары заслугоўваюць не меншай увагi, чым лiтарныя арфаграмы.

Ужыванне вялiкай лiтары ў той цi iншай форме (напрыклад, у выглядзе iнiцыяльных лiтар) у беларускiм пiсьменстве пачало практыкавацца яшчэ ў першых беларускiх рукапiсах i друкаваных выданнях. Паступова ў старабеларускiм правапiсе абазначыўся шэраг выпадкаў i сiтуацый, дзе напiсанне вялiкай лiтары было адносна рэгламентаваным. Умоўны, сiмвалiчны характар арфаграм з вялiкай лiтарай паспрыяў таму, што пад час адраджэння беларускага пiсьменства ў ХIХ – пачатку ХХ ст. пры кардынальнай змене вядучых арфаграфiчных прынцыпаў у новым беларускiм правапiсе блок правiлаў, якi датычыў вялiкай лiтары, у прынцыпе не змянiўся. Аднак на новым этапе развiцця мовы непазбежна ўзнiкалi моўныя сiтуацыi, для вырашэння якiх не ставала традыцыйных правапiсных прыёмаў. Найбольш выразна неабходнасць у распрацоўцы новых правiлаў праявiлася на пачатку ХХ стагоддзя ў сувязi са значным пашырэннем тэматычнай i жанравай дыферэнцыяцыi тагачаснай беларускай мовы. Рост патрэб пiсьмовай практыкi спрыяў актывiзацыi нармалiзатарскай дзейнасцi, у ходзе якой i закладвалiся асновы адпаведнага арфаграфiчнага падраздзелу: некаторыя ранейшыя прыёмы напiсання вялiкай лiтары набывалi статус нормы, а таксама фармiравалiся новыя арфаграмы.

Разгледзiм асаблiвасцi гэтага працэсу, больш падрабязна спыняючыся на самых цiкавых i характэрных выпадках.

Вялiкая лiтара, як вядома, з’яўляецца сiмвалам-паказчыкам пэўных сэнсавых адрэзкаў тэксту або “графiчным сродкам семантычнай дыферэнцыяцыi слоў“ (Мейкров: 5). Iншымi словамi, у тэксце яна выконвае дзве функцыi — сiнтаксiчную i cемантычную.

У сiнтаксiчнай функцыi (г.зн. у залежнасцi ад месца слова ў тэксце) на пачатку стагоддзя ўжыванне вялiкай лiтары было фактычна ўнармаваным i ў большасцi сваёй адпавядала сучасным правiлам. Так, абсалютна паслядоўна з вялiкай лiтары пiсалася першае слова ў тэксце i першае слова пасля кропкi, клiчнiка, пытальнiка, шматкроп’я i iншых знакаў прыпынку, калi яны абазначалi канец сказа. Вялiкай лiтарай таксама рэгулярна пачынаўся кожны з вершаваных радкоў.

У шэрагу пазiцый напiсанне вялiкай лiтары, хаця i не было абсалютна стабiльным, але накiрунак нармалiзацыi вызначыўся ўжо вельмi выразна. Гэта датычыць, напрыклад, ужывання вялiкай лiтары ў аўтарскiх рэмарках да мовы i паводзiн персанажаў драматычных твораў, калi гэтыя рэмаркi стаяць у дужках. У гэтым выпадку ўлiчвалi перш за ўсё месца знаходжання рэмаркi (што фактычна адпавядае сучаснаму правiлу) : калi яна падавалася адразу пасля iмя персанажа, то часцей пачыналася з малой лiтары: “Паўлiнка (заламаўшы рукi на каленях)”; “Агата (хочэ вырваць фляжку. Пранцiсь не дае)”, а ў пазiцыi пасля слоў персанажаў або ўнутры iх — з вялiкай: “Кабыла дзядзькава ўцекла, цi хто ўкраў (Iдзе, садзiцца на ложку i шые)”; “I чаму я такая нешчасная? (Са слязьмi) Бацька родны хочэ мяне адарваць ад таго, хто мне цяпер мiлей ад усяго чыста...”.

Для некаторых арфаграм выразна вызначыўся вядучы спосаб афармлення, якi аднак не супадаў з сучаснымi правiламi. Так, пасля выклiчнiка або зваротка, якiмi пачынаўся сказ i пасля якога стаяў клiчнiк, у адрозненне ад сучасных нормаў напiсанне вялiкай лiтары сустракалася толькi зрэдку: “Краю мой родны! Як выкляты Богам..”; “Чу! Чуваць шорах ног павукоў...”. У большасцi ж прыкладаў у гэтай пазiцыi пiсалася малая лiтара: “Мой ты Божэ! навучы ты дзе Мне сябе схавацi?” ; “Людцы мае дарагiе! думайце а Богу”; ”Ах! нехта iдзе”; “Ээ! нешта не пяецца сягоння” .

Варыянтнае афармленне арфаграм з вялiкай лiтарай у сiнтаксiчнай функцыi адзначаецца ў абмежаванай колькасцi пазiцый. Напрыклад, на роўных i малую, i вялiкую лiтару маглi ўжываць:

1) у пачатку простай мовы пасля двухкроп’я ў двухкоссi, прычым розныя варыянты можна сустрэць нават у адным i тым жа выданнi: Тады захiстаўся народ i зароў: “Глядзiце”. ... сказау: “гэта за зямлю” (“Наша доля”);

2) у пачатку сказа, якi з’яўляецца лагiчным працягам папярэдняга сказа: “А вамъ што за дзела? мне муси трэба тут строиць цэркву”; “Вот забава! Вот так слава! Ну вясельле! ну яно”.

Ужыванне вялiкай лiтары ў семантычнай функцыi на пачатку ХХ ст. было значна больш праблемным. У гэтай функцыi з дапамогай вялiкiх лiтар вылучаюць асобныя словы, галоўным чынам разнастайныя разрады ўласных iмёнаў. Акрамя таго, вялiкая лiтара магла прымяняцца для таго, каб падкрэслiць асаблiвае лексiка-семантычнае значэнне некаторых слоў. Але правiла выкарыстання вялiкай лiтары ў гэтай функцыi не такое простае, як уяўляецца на першы погляд. Па-першае, мяжа памiж уласнымi i агульнымi iмёнамi вельмi хiсткая, яе “нельга паказаць у выглядзе выразнай рысы. Яна ўяўляе сабой паласу ледзь улоўных пераходаў ад адной якасцi да другой”3. Па-другое, адчуванне своеасаблiвай семантыкi слова ў канкрэтным кантэксце часта вельмi суб’ектыўнае. З-за гэтага на практыцы ва ўжываннi вялiкай лiтары ў семантычнай функцыi нярэдка ўзнiкае разнабой. Ён назiраецца нават у сучасных выданнях, а тым больш гэта ўласцiва выданням пачатку ХХ стагодззя, калi напiсанне вялiкай лiтары ў немалой ступенi грунтавалася толькi на iнтуiцыi.

На пачатку стагоддзя стабiльныя правiлы выкарыстання вялiкай лiтары ў cемантычнай функцыi iснавалi толькi для тых слоў, аднесенасць якiх да ўласных iмёнаў не выклiкала нiякiх сумненняў. Як i ў сучасных тэкстах, вялiкая лiтара паслядоўна ўжывалася пры перадачы на пiсьме iмёнаў, прозвiшчаў i мянушак людзей, геаграфiчных i тэрытарыяльна-адмiнiстрацыйных назваў, у кожным слове састаўных мiкратапонiмаў, iмёнах грэчаскiх i язычаскiх багоў, у назвах газет, часопiсаў, кнiг.

Не iснавала таксама ваганняў пры пастаноўцы вялiкай лiтары ў словах, якiя абазначалi “святыя” iмёны i паняццi (Бог, Пан Бог, Панна Найсвентшая, Дух Сьвяты, Сьвятая Тройца), у тым лiку ў складзе ўстойлiвых словазлучэнняў (дзякаваць Богу, дай Бог), у прыналежных прыметнiках, утвораных ад гэтых iмёнаў (iмянём Хрыстовым, у цэркву Божу, матку Боску, у Божым страху) i нават у займеннiках або назоўнiках, якiя замяшчаюць такiя iмёны (Дзякуй Табе, Божухна; прося Духа Сьвятога, каб Ён дадаў мудрасьцi). Традыцыя ўжывання вялiкай лiтары ва ўказаным выпадку, вiдаць, магла прыйсцi з арфаграфii рускай мовы, дзе гэта было прыёмам графiчнага ўзвышэння адпаведных слоў. Адхiленнi ад такога правiла лiчылiся “кашчунствам” i каралicя цэнзурай4. Запазычным магло быць i правiла напiсання вялiкай лiтары ў тытулах карнаваных асоб i членаў iх сям’i: дзеля ахраны Высочайшых Асоб, Гасудар Iмператар, каранаваўся на Караля Лiтвы, фронт нямецкаго Наследнiка.

Вялiкая лiтара даволi стабiльна ўжывалася ў словах, якiя, вiдаць, асэнсоўвалiся як уласныя з прычыны сваёй незвычайнасцi: prybranyje u Talesy i Tefilimy (яўрэйскае адзенне); lasy, nazywanyja Tajgaj.

Аднак у вялiкай колькасцi пазiцый правiлы ўжывання вялiкай лiтары не былi такiмi паслядоўнымi. Адной з прычын варыянтнасцi з’яўлялася невызначанасць статуса адпаведных разрадаў слоў як уласных або агульных. Гэтым тлумачыцца неўнармаваны правапiс вялiкай лiтары ў наступных выпадках:

1) у назвах рэлiгiйных святаў: па Вялiкаднi, перад першай Прачыстай, перад Узьвiжаннем, у часе Вялiкадных Сьвят, ад Каляд да Маслянiцы, але перэд великоднем, kala usich swiatych, dacakauszy kalad;

2) у назвах месяцаў: у Грудню (Дзекабру) месяцы, Студзень (па лацинску Январ), Травень (Май), але у грудню (дзекабры), у чэрвенi месяцы;

3) у назвах мiфалагiчных iстот: I жыў Лясун у тым бары, Lasuna, Kazanicu, Upyry, Waukalaki, але чорт, русалкi, нiмфа, лясун;

4) у этнонiмах: з Вэнграў iдуць, народ гэты называецца Сарты, Krywiczy, Radzimiczy, але расейцы, лiтвiны, palaki, bielarusy i zydy. Розныя тыпы напiсанняў могуць спалучацца i ў рамках аднаго i таго ж выдання: з маскалямi i каб нi давялося Маскаля шукацi (Т.Шаўчэнка “Кацярына”). Ужыванне вялiкай лiтары у дадзеным выпадку, несумненна, можна звязваць з уплывам польскай арфаграфii;

5) у прыметнiках, утвораных ад уласных iмёнаў пры дапамозе суфiкса -ск: з Слуцкаго лiтаго паяса, народу Беларускаму, да дачкi Iтальянскаго караля, Вiленскiе рабочые, рынкi Лонданскiе, Думскi прыстаў, але чэрногорскаму народу, швейцарскаго народу, без царскаго подпiсу, выбары думскаго маршалка, выпадак вилянских локаутаў.

Выдаўцам беларускай кнiгi на пачатку ХХ ст. быў знаёмы i прыём вылучэння з дапамогай вялiкай лiтары слоў, якiм у сказе надаецца асобае лексiка-стылiстычнае значэнне быў: памiж сынамi Маткi Беларусi, Wos tabie praudu hetu, Bielarus, mily Bracia. Але адсутнасць адзiнага погляду на ступень семантычнай i стылiстычнай значнасцi асобных слоў таксама магла прыводзiць да непаслядоўнасцi пры ўжываннi вялiкай лiтары. Гэтым тлумачылася, напрыклад, паралельнае выкарыстанне вялiкай i малой лiтар у назвах арганiзацый i ўстаноў: тэлефон Рэдакции и Канторы i адрэс рэдакции и администрации. Асаблiвая непаслядоўнасць заўважаецца пры афармленнi назваў арганiзацый i ўстаноў вузкага, мясцовага значэння: землеустроицельная Камисия i у земельной камисии, у гарадзкую Управу i земская управа. А вось у афармленнi назваў ўрадавых i мiжнародных арганiзацый ужо прасочваецца пэўная правапiсная заканамернасць: яны часцей за ўсё пачыналiся з вялiкай лiтары: Сынод, у Дзяржаўнай Думi, Першы Турэцкi Парлямэнт, III-я Канферэнцыя Нацыяў, першэй чэрнагорскай Скупшчыне, da Litouskaho Uradu, pad Rassiejskim Uradam (але i сынод, парлямэнт, гасударственная дума, miznarodnaja mirnaja konferencija).



: documents -> %D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B3%D1%96%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%80%D1%8B%D1%96%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D0%BA%D0%B0%D0%B9%20%D0%BC%D0%BE%D0%B2%D1%8B -> %D0%9F%D0%B0%D0%BF%D0%BA%D1%96%20%D0%B2%D1%8B%D0%BA%D0%BB%D0%B0%D0%B4%D1%87%D1%8B%D0%BA%D0%B0%D1%9E -> %D0%93%D0%B0%D0%BF%D0%BE%D0%BD%D0%B5%D0%BD%D0%BA%D0%B0%20%D0%86.%D0%90
%D0%9F%D0%B0%D0%BF%D0%BA%D1%96%20%D0%B2%D1%8B%D0%BA%D0%BB%D0%B0%D0%B4%D1%87%D1%8B%D0%BA%D0%B0%D1%9E -> Мнагазначнасць і аманімія
%D0%9F%D0%B0%D0%BF%D0%BA%D1%96%20%D0%B2%D1%8B%D0%BA%D0%BB%D0%B0%D0%B4%D1%87%D1%8B%D0%BA%D0%B0%D1%9E -> Родам з нясвіжшчыны
%D0%9F%D0%B0%D0%BF%D0%BA%D1%96%20%D0%B2%D1%8B%D0%BA%D0%BB%D0%B0%D0%B4%D1%87%D1%8B%D0%BA%D0%B0%D1%9E -> Сяргей Запрудскі (Мінск) Назвы беларускай мовы ў працах даследчыкаў
%D0%9F%D0%B0%D0%BF%D0%BA%D1%96%20%D0%B2%D1%8B%D0%BA%D0%BB%D0%B0%D0%B4%D1%87%D1%8B%D0%BA%D0%B0%D1%9E -> Сяргей Запрудскі Беларусістычныя зацікаўленні Самуэля Багуміла Ліндэ1
%D0%93%D0%B0%D0%BF%D0%BE%D0%BD%D0%B5%D0%BD%D0%BA%D0%B0%20%D0%86.%D0%90 -> Устаноўленай практыкі геаграфічныя назвы
%D0%93%D0%B0%D0%BF%D0%BE%D0%BD%D0%B5%D0%BD%D0%BA%D0%B0%20%D0%86.%D0%90 -> Назоўнік катэгорыя адушаўлёнасці-неадушаўлёнасці
%D0%93%D0%B0%D0%BF%D0%BE%D0%BD%D0%B5%D0%BD%D0%BA%D0%B0%20%D0%86.%D0%90 -> Уводзіны І групоўка беларускіх гаворак варыянт 1
%D0%93%D0%B0%D0%BF%D0%BE%D0%BD%D0%B5%D0%BD%D0%BA%D0%B0%20%D0%86.%D0%90 -> Націскныя галосныя галосныя, агульныя з літаратурнай мовай


  1   2   3


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка