Прэс-рэліз мы свет нанова адкрывалі…



Дата канвертавання15.05.2016
Памер26.57 Kb.




ПРЭС-РЭЛІЗ
«Мы свет нанова адкрывалі…»

да 95-годдзя з дня нараджэння

Аляксея Пысіна


Бывай журба! Хоць многа страчана,

Хоць многіх блізкіх не стае,

Са мной душа і мова матчына

І песня вечная яе.

20 сакавіка 2015 года а 16.00 гадзіне ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбылося сумеснае мерапрыемства Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і бібліятэкі «Мы свет нанова адкрывалі…», прымеркаванае да 95-годдзя з дня нараджэння паэта, лаўрэата Дяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы, заслужанага работніка культуры Беларусі Аляксея Васільевіча Пысіна.

Аляксей Пысін належыць да франтавога пакалення пісьменнікаў, такіх як, М. Аўрамчык, А. Вялюгін, К. Кірэенка, В.Быкаў і інш. Вайна пакінула незабыўны след у памяці паэта, стала цэнтрам яго творчасці. Матыў памяці, «пабрацімства мёртвых і жывых» праходзіць праз лепшыя паэтычныя творы мастака слова. У адлюстраванні вайны А. Пысін чымсьці блізкі да В. Быкава. Як для паэта, так і для празаіка, характэрнае ўзнаўленне падзей і абставін ваеннага часу, асвятленне іх маральнага і духоўнага сэнсу. «Кожны мой верш, — сведчыў А. Пысін — мае біяграфію, нічога няма выдуманага».

Нарадзіўся будучы творца 22 сакавіка 1920 года ў вёсцы Высокі Барок Краснапольскага раёна ў сялянскай сям’і. Першыя спробы пяра зрабіў яшчэ вучнем Высокаборскай сямігодкі. Свае вершы прынёс на суд земляку-паэту Петрусю Бядуліну, які працаваў тады ў рэдакцыі Краснапольскай раённай газеты «Чырвоны сцяг». У 1937 годзе, пасля заканчэння Палужскай сярэдняй школы актыўнага селькора накіравалі на вучобу ў Мінскі камуністычны інстытут журналістыкі імя С. М. Кірава. У верасні 1939 года студэнт другога курса Аляксей Пысін паехаў на працу ў горад Бельск на Беласточчыне. Там 22 чэрвеня 1941 года сустрэў вайну.

Гвардыі радавы Пысін прайшоў усю вайну сувязістам, удзельнічаў у баях на пяці франтах. Двойчы быў цяжка паранены. Узнагароджаны медалямі, у тым ліку медалём «За адвагу». Дзень Перамогі сустрэў у Латвіі.

Пасля вайны Аляксей Васільевіч працаваў журналістам Краснапольскай раённай газеты «Чырвоны сцяг», рэдактарам Чэрыкаўскай раённай газеты «Сацыялістычная перамога», з 1973 — супрацоўнік абласной газеты «Магілёўская праўда».

27 жніўня 1981 года Аляксея Васільевіча Пысіна не стала.



Імя Аляксея Пысіна прысвоена Палужскай сярэдняй школе Краснапольскага раёна, дзе вучыўся будучы паэт. Пры школе працуе літаратурны музей. У гарадскім пасёлку Краснаполле ёсць вуліца імя Аляксея Васільевіча Пысіна. У горадзе Магілёве на доме, дзе жыў паэт, устаноўлена мемарыяльная дошка.

Да мерапрыемства супрацоўнікамі навуковай бібліятэкі падрыхтавана выстава «Мне ў жыта хочацца ўвайсці, мне вечнасцю здаецца жыта... », на якой былі прадстаўлены асноўныя творы А. Пысіна. Пяру паэта належыць больш за дваццаць кніг паэзіі. Першы зборнік «Наш дзень» выйшаў у 1951 г., у 1959 з’явіўся зборнік «Сіні ранак», затым былі зборнікі «Сонечная паводка» (1962), «Мае мерыдыяны» (1965), «Твае далоні» (1967), «Пойма» (выбранае, 1968), «Да людзей ідучы» (1972), «Вярбовы мост» (1974), «Ёсць на свеце мой алень» (1978), «Палёт» (1982), «Яшчэ не скончана дарога» (1983). Яго творы перакладзены на рускую, украінскую і іншыя мовы, і гэтыя пераклады таксама дэманстраваліся на выставе. А. Пысін быў і сам цікавым перакладчыкам. У асобным раздзеле выставы былі прадстаўлены літаратурна-крытычныя працы, а таксама літаратура аб жыцці і творчасці паэта.




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка