ПРЭС-РЭЛІЗ
Запрашаем на 450-гадовы юбілей “Брэсцкай Бібліі”!
4 верасня 2013 г. а 15-й гадзіне ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа НАН Беларусі (вул. Сурганава, 15, чытальная зала рэдкіх кніг і рукапісаў, 6 паверх, пакой 601) адбудзецца прэзентацыя выстаўкі “450-годдзе Брэсцкай Бібліі“.
Найкаштоўнейшыя старадрукаваныя кнігі захоўвацца ў фондах Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі. Старэйшыя з іх “пражылі” больш за пяць стагоддзяў, іншыя яшчэ набліжаюцца да такога паважанага ўзросту. Сярод іх – “Брэсцкая Біблія”, якой 4 верасня спаўняецца 450 гадоў. Да нашага часу дайшло каля 40 экзэмпляраў гэтага знакамітага выдання, якія ў сілу гістарычных абставін захоўваюцца ў кнігасховішчах Расіі, Польшчы, Літвы, і толькі адзін – на радзіме, у Беларусі.
Выданне польскамоўнага перакладу Святога Пісання было ідэяй магната Вялікага Княства Літоўскага Мікалая Радзівіла Чорнага. На здзяйсненне сваёй мэты ён не пашкадаваў грошай – 10 тысяч дукатаў. Кніга выйшла ў свет у Брэсцкай друкарні ў 1563 г. тыражом больш за 500 экзэмпляраў. Пасля смерці Мікалая Радзівіла Чорнага частка кніг трапіла ў Бібліятэку Віленскага евангеліцка-рэфармацкага сінода. Сярод іх быў і асобнік, што сёння захоўваецца ў ЦНБ НАН Беларусі.
Наведвальнікі бібліятэкі змогуць пабачыць гэты рарытэтны экзэмпляр, адчуць прыгажосць яго мастацкага афармлення, даведацца пра асабісты лёс кнігі. Разам з асобнікам “Брэсцкай Бібліі” выстаўлены даследаванні айчынных і замежных навукоўцаў, прысвечаныя ўнікальнаму выданню. Сярод экспанатаў і падрыхтаванае бібліятэкай электроннае выданне (DVD-ROM), якое змяшчае поўную алічбаваную копію Брэсцкай Бібліі, навуковыя артыкулы пра гісторыю стварэння і асаблівасці прадстаўленага экзэмпляра.
Кантактныя асобы:
+ 375 17 284 10 13 Алена Цітавец, загадчык сектара кнігазнаўства аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі
+ 375 17 284 10 31 Алена Яцына, загадчык аддзела соцыякультурнай і інфармацыйнай дзейнасці Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі
Поделитесь с Вашими друзьями: |