Радзіма – гэта зямля, на якой ты нарадзіўся…
…Радзіма – гэта твой родны горад ці сяло…
Радзіма - адзіная ў нас як маці.
Г.Пачапцоў
аг. Нарач, вул. Піянерская, 43,
тэл. (01797) 46-2-18
E-mail: naroch1@myadel.edu.by
www.naroch1.by
Падрыхтавала Мена-Марын А.Ч.,
бібліятэкар ДУА "Нарацкая СШ №1"
Нарач, 2014
Вёска Нарач у XV стагоддзi насіла назву Medal Minor, ад XVI стагоддзя згадваецца пад назвай мястэчка Кабыльнік (Кабельнікі), Ашмянскага павета, Віленскага ваяводства.
У час Айчыннай вайны 1812 г. у Кабыльнік (20.06.1812г.) уступіў 6-ы пяхотны корпус пад камандаваннем генерала Дохтурава. Завяршылася канцэнтраванне 1-ай рускай арміі (Барклая дэ Толі) і на працягу 2-х пераходаў змаглі сабрацца пад Свянцянамі.
У 1847 г. у мястэчку было 25 двароў і 2 аднайменныя маёнткі. Першая частка мястэчка (8 двароў, 43 жыхары) знаходзілася ва ўладанні памешчыка Свентаржыцкага. Другая частка Кабыльніка (17 двароў і 105 жыхароў) належала братам Іосіфу і Сігізмунду Шышкам.
З 1885 г. мястэчка, цэнтр воласці Свянцянскага павета, 17 двароў, 172 жыхары і 311 мяшчан, меліся праваслаўная царква, касцёл, багадзельня, сінагога, 4 крамы, карчма, праводзіліся 5 кірмашоў на год, таржок па аўторках. З 1892 г. працавала народнае вучылішча.
У Першую сусветную вайну мястэчка акупіравалі войскі кайзераўскай Германіі. У сакавіку 1916 г. тут размяшчаўся штаб нямецкага 21-га ўзмоцненага корпуса.
У 1919 г. у Кабыльнік увайшлі белапалякі. 19 верасня 1939 года часці Чырвонай Арміі вызвалілі Кабыльнік.
З 10.10.1940 г. вёска – цэнтр сельсавета.
У кастрычніку 1942 г. партызаны атрада імя А.В.Суворава (камандзір Ф.Р.Маркаў) разграмілі ў вёсцы нямецкі гарнізон.
1947г. - у вёсцы абсталяваны радыёвузел, уведзены ў дзеянне спіртзавод, працавалі бальніца, лясгас, млын, рыбакамбінат.
Кабыльнік стаў Нараччу ў 1964 годзе.
У 2014 годзе ў вёсцы 942 двары, 2232 жыхары.
Адкуль пайшла назва Кабыльнік
Схільны лічыць, што назву Кабыльнік паселішчу далі таму, што тут быў бойкі гандаль коньмі, у першую чаргу, кабыламі, каб ад іх атрымаць прыплод.
Другія кажуць, што жыхары заснаванай вёскі не парывалі сувязі са сваімі родзічамі з-над берагоў Нарачы. Вырашалі ўсе справы разам, купай, на агульным сходзе. Правініўшагася земляка адводзілі ў вёску на поўнач, прывязвалі да спецыяльнай лаўкі – кабылы – і секлі розгамі.
Існуе версія, што многа тут вадзілася кабылак – насякомых і раслін пад такой назвай.
У энцыклапедычным слоўніку напісана, што безадмоўнага і працавітага работніка раней іранічна называлі “кабылка”. Можа быць , што назва Кабыльнік паходзіць ад прозвішча чалавека, які на зайздрасць іншым быў працавітым, цяглым, дужым.
Праваслаўная царква і касцёл захаваліся да нашага часу.
Касцёл святога Андрэя Апостала закладзены князямі Свірскімі ў 1463 годзе, ён быў драўляны, згарэў. Перабудаваны ў 1736 годзе. Пры ім узведзена без адзінага цвіка званіца, з’яўляецца помнікам архітэктуры. У 1897 г. закладваюцца падмуркі новай каменнай святыні ў неагатычным стылi, якая ў 1901 г. была асвечана.
Будаўніцтва Ільінскай царквы пачалося ў 1875 годзе,асвечана 25 кастрычніка 1881 года.
Пабудавана з бутавага каменя ў рэтраспектыўна - рускім стылі.
 
Поделитесь с Вашими друзьями: |