С. Ф. Шымуковіч Эканамічная гісторыя Беларусі


Лекцыя 10. Эканамічнае развіццё Беларусі пасля кастрычніцкай рэвалюцыі і ў гады грамадзянскай вайны (1917 – 1920 гг)



старонка10/18
Дата канвертавання15.05.2016
Памер2.57 Mb.
1   ...   6   7   8   9   10   11   12   13   ...   18

Лекцыя 10. Эканамічнае развіццё Беларусі пасля кастрычніцкай рэвалюцыі і ў гады грамадзянскай вайны (1917 – 1920 гг)


Асноўныя паняцці, уключаныя ў сістэму трэнінг тэсцірвання:

структура палітычнай ўлады; СНК; што замацавала новую сістэму кіравання дзяржавай; эканомiка Беларусi у 1917 г.; мерапрыемствы новай улады; сацыяльная палітыка; спробы вырашыць жыллёвае пытанне; ліквідацыя беспрацоўя; вырашэнне харчовага пытання; ліквідацыя непісьменнасці; камуны; асноўныя задачы ваеннага камунізму; харчовая разверстка; мэта стварэння саугасау; накiрункi рэарганiзацii прамысловасцi; напрамкi аднаўлення прамысловасцi.

Сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г.
Савецкая ўлада на тэрыторыі Беларусі была ўстаноўлена ў кастрычніку — лістападзе 1917 г. (на неакупіраванай тэрыторыі). Гэта ўлада мела свае погляды на ролю эканомікі ў дзяржаве. Галоўны прынцып існавання савецкай эканомікі – гэта грамадская ўласнасць на сродкі вытворчасці. Але дакладнай праграмы эканамічнага развіцця ў новай улады не было. 25 дэкрэтаў, прынятых за першыя 2,5 месяца з’яўляліся дэкларацыямі аб намерах, яны не мелі практычных механізмаў рэалізацыі таго, што абвяшчалі.

Перш за ўсё, атрымаўшыя перамогу бальшавікі складвалі сваю структуру палітычнай ўлады. Усе органы ўлады Часовага ўраду былі ліквідаваны. У Мінску адбыліся з'езды Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці, Саветаў сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губерняў і Саветаў салдацкіх дэпутатаў арміі Заходняга фронту (другая палова лістапада 1917 г.). Па выніках з’ездаў быў створаны абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыканкамзах) – вышэйшы орган улады края. Аблвыканкамзах меў свой рабочы апарат. Было створана 13 аддзелаў (камісарыятаў): ваенны, унутраных спраў, харчовы, фінансавы, працы, прамысловасці і гандлю, нацыянальны і інш. Пры выканкаме функцыяніравалі тры камісіі: рэдакцыйная, інфармацыі і гаспадарчая. Для кіраўніцтва аддзеламі выбіраліся камісары. У снежні 1917 г. дадаткова створаны аддзел грамадскіх работ, рэарганізаваны пазней у Камісарыят народнай гаспадаркі, Камісарыят па польскіх справах, Камісарыят народнага здароўя. У студзені 1918 г. былі аб'яднаны Камісарыят працы і Камісарыят прамысловасці і гандлю ў адзіны камісарыят.

26 лістапада 1917 г. быў створаны Савет Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту. СНК быў адказны перад абласным выканаўчым камітэтам і абавязаны даваць справаздачу як перад сходам выканкама, так і перад насельніцтвам вобласці на публічных сходах. Напрамкі дзейнасці СНК:


  • накіроўваў дзейнасць камісараў;

  • кіраваў усім гаспадарчым і культурным жыццём вобласці;

  • кіраваў дэмабілізацыяй з фронту;

  • кіраваў барацьбой супраць контррэвалюцьйных выступленняў;

  • прымаў меры па ліквідацыі старых устаноў.

22 лістапада 1917 г. адной з першых была ліквідавана старая судовая сістэма. У Беларусі шырокае распаўсюджанне атрымалі рэвалюцыйныя трыбуналы, у задачу якіх уваходзіла барацьба з контррэвалюцыйнымі злачынствамі, сабатажам, спекуляцыяй і г.д.

10 чэрвеня 1918 г. на Усерасійскім з'ездзе Саветаў была прынята Савецкая Канстытуцыя – гэта замацавала новую сістэму кіравання дзяржавай.


Стан эканомікі Беларусі
Аб’ем прамысловай прадукцыі склаў 30% ад даваеннай. Колькасць цэнзавых прамысловых прадпрыемстваў знізілася на 76,8% (у параўнанні з 1913 г.). 3 715 прамысловых прадпрыемстваў было ліквідавана 480. Галоўная маса іх прыходзілася на долю харчовай (312), вінакурнай (266), дрэваапрацоўчай (48), сілікатнай (32), цагельнай і паліграфічнай (26), гарбарнай (11) , папяровай (122), металаапрацоўчай (11) і хімічнай (8) галін вытворчасці. Яшчэ больш знізілася дробная вытворчасць – на 70% (па Расіі на 22%). Чыгуначны транспарт пастаянна не спраўляўся з перавозкай грузаў.

Заработная плата рабочых у 1917 г. склала каля 50% ад даваеннай. У сельскай мясцовасці амаль усё працаздольнае насельніцтва было мабілізавана на фронт, увесь час у сялян забіралі жывёлу, зніжалася ўраджайнасць усіх сельскагаспадарчых культур, скараціўся аб'ём сельскагаспадарчай вытворчасці. У 1917 г. у Беларусі нехапала хлеба ў памеры каля 1 млн пудоў. У той жа час не была вырашана праблема з уладкаваннем бежанцаў з раёнаў ваенных дзеянняў.


Мерапрыемствы новай улады
1) Кантроль над фінансамі. Дэкрэтам Усерасійскага ЦВК ад 14 снежня 1917 г. былі нацыяналізаваны ўсе прыватныя банкі і створаны адзіны Дзяржаўны банк з аддзяленнямі-канторамі на месцах. На Беларусі грашовае абарачэнне было больш стракатым, чым па Расіі – акрамя папяровых грошай царскага ўраду, Часовага ўраду хадзілі нямецкія маркі, а з 1919 г. – польскія грошы.

2) Увядзенне рабочага кантролю на прадпрыемствах з мэтай барацьбы з сабатажам былых царскіх чыноўнікаў, прадпрымальнікаў і банкіраў. Удалося прадухіліць спыненне многіх заводаў і фабрык, прыватных чыгунак, банкаў. Увядзенне рабочага кантролю спрыяла атрыманню малапісьменнымі рабочымі і сялянамі ведаў аб кіраванні гаспадаркай.

3) Нацыяналізацыя прамысловасці. На Беларусі яна зацягнулася з прычыны нямецкай, а потым польскай акупацыі. На першым этапе былі нацыяналізаваны чыгуначныя майстэрні па рамонце паравозаў і вагонаў, усе чыгуначныя дарогі. На другім этапе – лесапільныя заводы, млыны, торфапрадпрыемствы і іншыя аб'екты, што цікавілі ваеннае ведамства. На трэцім этапе – (з сярэдзіны лютага 1918 г.) нацыяналізаваны кніжныя, газетныя кіёскі, рэстараны, кафейні, аптэкі.

  1. Стварэнне структуры кіравання эканомікай. 2 лютага 1918 г. быў створаны Вышэйшы савет народнай гаспарадкі (ВСНГ). Яго мэты – аднаўленне народнай гаспадаркі, дзяржаўных фінансаў, аб’яднанне дзейнасці цэнтральных і мясцовых устаноў, фабрычна-заводскіх камітэтаў і прафсаюзаў у галінах эканомікі. Ён павінен быў фарміравацца з прадстаўнікоў народных камісарыятаў і Усерасійскага савета рабочага кантролю. ВСНГ падпарадкоўваўся Саўнаркаму і Усерасійскаму з'езду Саветаў. Наступны этап – стварэнне саўнаргасаў на месцах. Першы з'езд Саветаў народнай гаспадаркі Заходняй вобласці (кастрычнік 1918 г.) зацвердзіў Палажэнне аб арганізацыі губернскіх Саветаў народнай гаспадаркі (саўнаргасаў). Губсаўнаргас быў выканаўчым органам ВСНГ на тэрыторыі сваёй губерні.

Правы губсаўнаргасаў:

  • Права канфіскоўваць капіталы, рухомую і нерухомую маёмасць прыватнікаў на прадпрыемствах губернскага маштабу.

  • Фінансаванне дзяржаўных прадпрыемстваў.

  • Выдача пазык прадпрыемствам.

  • Забеспячэнне сыравінай прадпрыемстваў.

  • Арганізацыя збыта гатовай прадукцыі.

  • Вырашэнне шэрагу арганізацыйных пытанняў.

Першы ў Беларусі саўнаргас быў створаны ў Віцебскай губерні 28 мая 1918 г. на базе аддзела прамысловасці і гандлю губвыканкама, губернскіх нарыхтоўчых арганізацый, упраўленняў водных і шасэйных шляхоў зносін і іншых гаспадарчых арганізацый. Гаспадарчыя арганізацыі ваеннага ведамства ў склад саўнаргаса не ўваходзілі.

У студзені 1919 г. была абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспублікі. Адначасова быў сфарміраваны Савет народнай гаспадаркі рэспублікі, які стварыў цэнтралізаванае ўпраўленне прамысловасцю па галінах, якія адпавядалі глаўкам ВСНГ.



5) Сацыяльная палітыка. Неадкладныя мерапрыемствы: а) уведзены 8-гадзінны рабочы дзень, б) забаранялася праца малалетніх, в) для падлеткаў працоўны дзень скарачаўся да 4 — 6 гадзін.

17 мая 1918 г. створана інспекцыя працы. Яна рэгулявала звышурочныя работы. З 2 снежня 1918 г. уведзены штотыднёвы адпачынак, святочныя дні, аплачваемы адпачынак. Былі створаны інспекцыі аховы працы, органы нагляду за тэхнікай бяспекі.



6) Спробы вырашыць жыллёвае пытанне, палепшыць медыцынскае абслугоўванне. Мерапрыемствы: а) адмена права ўласнасці на гарадскую нерухомасць, перадача яе да мясцовых Саветаў, б) перасяленне рабочых у кватэры буржуазіі (з’явіліся камунальныя кватэры), в) санітарныя інспекцыі на фабрыках і заводах, г) нацыяналізацыя прыватных медыцынскіх устаноў, адмена платы за лячэнне, д) адкрыты акушэрска-гінекалагічныя бальніцы,

7) Ліквідацыя беспрацоўя. Мерапрыемствы: а) пры губернскіх і павятовых Саветах ствараліся біржы працы (Віцебск, Мінск, Магілёў, Орша), б) асігнаванне з боку СНГ 35 тыс. руб., в) дэкрэт аб аднаразовым падатку на буржуазію ў фонд дапамогі беспрацоўным г) уводзілася сацыяльнае страхаванне за кошт дзяржавы на выпадак беспрацоўя д) падтрымка прадпрымальнікаў пры стварэнні імі новых працоўных месцаў.

8) Вырашэнне харчовага пытання. Мерапрыемствы: а) арганізаваны спецыяльныя харчовыя органы, што кантралявалі прыватны гандаль (харчовы аддзел прамысловасці і гандлю пры Аблвыканкамзахе), б) уводзілася хлебная манаполія і цвёрдыя цэны на хлеб, в) перавод рабочых шэрагу прамысловых прадпрыемстваў на ўзмоцненае забеспячэнне, г) адкрыцце на прадпрыемствах сталовых, д) дапамога з Украіны і Расіі (ў жніўні 1919 г. – 15 670 пудоў мяса, 18 вагонаў цукру).

9) Культурная палітыка. Ліквідацыя непісьменнасці. Мерапрыемствы: а) асігнаванне грашовых сродкаў на ўстановы адукацыі, б) адкрыццё кароткатэрміновых педагагічных курсаў, в) адкрыццё новых устаноў адукацыі (пачатковыя школы, народны ўніверсітэт), г) адкрыццё бібліятэк, хат-чытален, наладжванне выпуску газет: "Звязда", "Савецкая праўда", "Бядняк" і інш

10) Пераадоленне “голаду ў спецыялістах”. Мерапрыемствы: а) пераманьванне на бок Савецкай улады буржуазных спецыялістаў, б) кароткатэрміновыя курсы па падрыхтоўцы кіраўніцкага саставу для савецкіх і гаспадарчых устаноў з рабочых і сялян, в) тое ж для падрыхтоўкі работнікаў і служачых для банкаў і іншых гаспадарчых устаноў. Адбор ажыццяўляўся па класавым прынцыпе, таму кіравалі гаспадаркай не заўсёды кампетэнтныя, але палітычна надзейныя асобы.

11) Аграрнае пытанне. Вырашалася згодна з прынцапамі Дэкрэта аб зямлі: гэта нацыяналізацыя зямлі, канфіскацыя панскіх зямель, ураўняльнае землекарыстанне. Размеркаванне зямлі на Беларусі праходзіла на падставе “Асноўнага закону аб сацыялізацыі” (студзень 1918 г.). II-гі з'езд Саветаў Заходняй вобласці (красавік 1918 г.) прыняў “Інструкцыі па размеркаванні зямель у Заходняй вобласці ў 1918 г.”. Згодна з ім устанаўліваўся ўраўняльны прынцып, землі падзяляліся на тры катэгорыі: першая –землі і спецыялізаваныя гаспадаркі – сады, гадавальнікі, насенныя гаспадаркі і г.д. (выключаліся з ураўняльнага размеркавання); другая – былыя памешчыцкія, казённыя, удзельныя, кабінецкія, царкоўныя, манастырскія землі (падлягалі размеркаванню); трэцяя – нетры зямлі, лясы і воды, горы (распараджаліся мясцовыя ўлады розных узроўняў). Размеркаванне зямель завяршылася толькі ў 1921 г. з-за ваенных дзеянняў на Беларусі. Вынік размеркавання – на вЁСЦЫ асноўную масу сялян сталі складаць сераднякі.

Улады падтрымлівалі стварэнне калектыўных гаспадарак (камуны, сельгасарцелі, таварыствы па сумеснай апрацоўцы зямлі). Камуны – аб’яднанні, у якіх абагульняліся пабудовы, жыллё, дробная жывёла, птушкі, інвентар (найвышэйшая ступень абагульнення сродкаў вытворчасці). Іншыя аб’яднанні адрозніваліся паміж сабой па ступені абагульнення сродкаў вытворчасці.

Першая камуна была арганізавана ў вёсцы Дубакрай Гарадоцкага паветУ. Як правіла, пад камуны адводзіліся сярэднія па памеры маёнткі, гэта маламоцнЫя гаспадаркі. Кожная камуна прымала свой статут, у аснову якога быў пакладзены "Прыкладны статут працоўнай земляробчай камуны", распрацаваны Наркамземам. Рэгламентаваліся ўсе бакі жыцця. Паступова камуны распадаліся, саступаючы месца калгасам і саўгасам. Першым калгасам на Беларусі было савецкае памесце Няўляны ў Віцебскай губерні ў складзе 42 батракоў. Папулярнасцю сярод сялян не карысталіся. Да студзеня 1919 г. па 13 паветах Беларусі налічвалася 175 камун, 36 арцеляў і 75 таварыстваў па сумеснай апрацоўцы зямлі.

Летам 1918 г. былі створаны камітэты беднаты для барацьбы з голадам. Камбедам прадастаўляліся неабмежаваныя правы, у тым ліку права расстрэльваць тых, хто хаваў хлеб, размяркоўваць прадукты харчавання і насенне беднаце. Камбеды былі зацікаўлены ў раскулачванні больш заможных сялян – частка атрыманых сродкаў ішла на ўтрыманне членаў камбедаў. Па іх колькасці Беларусь займала адно з вядучых месцаў (125 валасных і каля 3250 вясковых камітэтаў).

Сацыялістычныя пераўтварэнні ў народнай гаспадаркі Беларусі мелі кардынальны характар. Аднак ажыццяўленне гэтай праграмы ішло вельмі складана.
Гаспадарка Беларусі ў час грамадзянскай вайны. “Ваенны камунізм”
Вясной 1918 г. савецкі ўрад прыняў шэраг надзвычайных мер у галіне эканомікі, што атрымалі назву “ваенны камунізм”. Асноўныя задачы:


  • правядзенне харчовай развёрсткі;

  • увядзенне манаполіі хлебнага гандлю;

  • нацыяналізацыя ўсёй прамысловасці;

  • жорсткае размеркаванне харчовых і прамысловых тавараў;

  • усеагульная працоўная павіннасць.

Мерапрыемствы: а) ліквідацыя прыватнага гандлю, б) адзяржаўленне кааперацыі, в) арганізацыя прамога прадуктаабмену паміж горадам і вёскай.

Харчовая развёрстка – заключалася ў фактычнай канфіскацыі лішкаў хлеба для пакрыцця выдаткаў на армію і ўтрыманне рабочых. Хлеб браўся за папяровыя грошы ці даўгавыя распіскі. Праводзілася сіламі рабочых атрадаў і камітэтаў беднаты, што мелі неабмежаваныя паўнамоцтвы. Вынік – ўтойванне запасаў, адмова засяваць больш зямлі, чым неабходна для пражытку сваёй сям'і (скарачэнне пасяўных плошчаў), узброенае супраціўленне.
Саўгасы
Мэта стварэння – спрасціць працэдуру рэквізіцыі хлеба. Ствараліся на падставе "Палажэння аб сацыяльным землеўладкаванні і мерах пераходу да сацыялістычнага земляробства" (люты 1919 г.). Нацыяналізаваныя панскія маёнткі падзяляліся на тры катэгорыі:

  1. Спецыялізаваныя маёнткі з высокай культурай гаспадарання, размешчаныя блізка да буйных цэнтраў – у іх ствараліся саўгасы.

  2. Астатнія – да другой і трэцяй катэгорыі – прызначаліся для стварэння калектыўных гаспадарак іншых тыпаў.

На чэрвень 1919 г. у Мінскай губерні з 3000 былых памесцяў у 604 былі створаны саўгасы. У асноўнай масе саўгасы аказваліся нерэнтабельнымі, стратнымі – не хапала сельскагаспадарчай тэхнікі, цяглавай сілы і кадраў спецыялістаў.

На 1920 г. пасяўныя плошчы складалі 2/3 даваенных, больш таго, рэзка знізілася ўраджайнасць асноўных культур, панесла страты жывёлагадоўля: колькасць коней скарацілася да 80 %, буйной рагатай жывёлы да 65,8%, свіней да 44% ад даваеннага ўзроўню.

Сельская гаспадарка к 1921 г. была ў цяжкім становішчы: калектыўныя гаспадаркі былі стратнымі гаспадаркамі і не карысталіся папулярнасцю ў сялян. Асноўны цяжар харчразвёрсткі клаўся на плечы серадняцкіх гаспадарак, якія, як і па ўсёй краіне, складалі асноўную масу.
Прамысловасць
Сітуацыя характаразавалася наступнымі прыкметамі:


  • Абсалютная цэнтралізацыя кіравання прадпрыемствамі і другімі звеннямі гаспадаркі. Кіраванне ажыццяўлялася глаўкамі.

  • Рэарганізацыя прамысловасці, якая мела тры накірункі:

    • аб’яднанце дробных нацыяналізаваных прадпрыемстваў (аблягчала кіраванне і забеспячэнне);

    • адкрыццё новых дзяржаўных прадпрыемстваў;

    • арганізацыя кааператыўных прадпрыемстваў.

Савецкая ўлада ўжо ў першыя гады існавання заклала асноўныя элементы камандна-адміністрацыйнай сістэмы.

Пасля вызвалення тэрыторыі пачалося аднаўленне прамысловасці.



Першы напрамак – аднаўленне раней пабудаваных прадпрыемстваў. Да канца 1920 г. аднавілі дзейнасць тры чыгуналіцейныя заводы, сталярная і дзве абозарамонтныя майстэрні ў Мінску, Добрушская і Шклоўская папяровыя фабрыкі, Наспенскі, Ветранскі і Серкавіцкі шклозаводы, запалкавыя і тры канатныя фабрыкі, 37 лесапільных і 7 фанерных заводаў, некалькі смалакурных і дрожджавінакурных заводаў у Мінскай губерні. Пашырылася здабыча торфу, што садзейнічала паляпшэнню работы прадпрыемстваў. Сталі працаваць шэраг электрастанцый — Мінская, Магілёўская, Гомельская. .

Другі напрамак – будаўніцтва новых прадпрыемстваў. У Гомелі пачалося будаванне лесапільнага завода, у Віцебску — панчошна-трыкатажнай фабрыкі.

Аднаўленню садзейнічала дапамога ад Савецкай Расіі: Беларусі былі выдзелены грашовыя сродкі, пастаўлена абсталяванне для паліграфічнай, швейнай, металаапрацоўчай прамысловасці.

Хутчэй аднаўлялася лёгкая прамысловасць. Да 1920 г. яна выйшла на першае месца (ўдзельная вага 42,3%, у Расіі — 22,2%). Асабліва ўзрасла доля швейнай і гарбарна-абутковай вытворчасці, некалькі знізілася доля тэкстыльнай. За перыяд 1914-1920 гг. пашырыліся металаапрацоўчая вытворчасць і рамонтная база чыгункі.

Чыгуначная сетка скарацілася к 1920 г. амаль на 2/3, моцна знасіўся машынны парк, не хапала паліва. Былі разбураны некаторыя чыгуначныя майстэрні і дэпо. Значна пацярпеў водны паравы транспарт. Агульны аб'ём рачных перавозак к 1920 г. упаў да 10% ад узроўню 1913 г. Судны хадзілі толькі па Заходняй Дзвіне да Віцебска, па Дняпры вышэй Оршы.

На канец грамадзянскай вайны ў Беларусі працавала з перабоямі толькі 40% буйных прамысловых прадпрыемстваў, (гэта 70% рабочых даваеннага часу). Агульны аб'ём валавай прадукцыі прамысловасці склаў 15 — 20% да ўзроўню 1913 г.

Адбыліся змены ў складзе рабочага класа Беларусі. На 1921 г. у БССР налічвалася 11.723 кваліфікаваных і 18.209 некваліфікаваных рабочых. Для забеспячэння рабочай сілай прадпрыемстваў, якія маглі працаваць, не хапала 28.954 кваліфікаваных рабочых. Адначасова ў дзяржаўную прамысловасць улілася значная колькасць рамеснікаў. Толькі 1/3 усёй колькасці рабочых складалі патомныя пралетарыі. Гэта адмоўна адбілася на развіцці прамысловасці ў наступныя гады.

Фінансы. На 1919 г. пакупная здольнасць рубля знізілася ў параўнанні з 1913 г. у 16 разоў, на 1920 г. у 2.420 разоў. Заробак рабочых у 1920 г. склаў 10 — 20% ад даваеннага ўзроўню.

За гады грамадзянскай вайны і палітыкі "ваеннага камунізму" эканоміка рэспублікі была даведзена да катастрафічнага стану. "Ваенны камунізм" уяўляў сабой тып гаспадарчай сістэмы без эканамічнага механізма. Кіраванне абапіралася на адміністрацыйныя метады і жорсткую цэнтралізаваную адміністрацыйную структуру. Нацыяналізацыя ўсёй эканомікі, банкаў, злом старога дзяржаўнага апарату не прывялі да самакіравання народа, да пад'ёму эканомікі. Сістэма рабочага самакіравання на нацыяналізаваных прадпрыемствах не апраўдала сябе.



Кантрольныя пытанні


  1. Галоўны прынцып існавання савецкай эканомікі.

  2. Мэты стварэння аблвыканкамзахаў.

  3. Мэты дзейнасці Вышэйшага Савета Народнай Гаспадаркі.

  4. Якімі пытаннямі займалась інспекцыя працы?

  5. Метады вырашэння жыллевага пытання.

  6. Дэкрэт аб зямлі, прыняты ў 1917 г.

  7. Якія асноўныя задачы “ваенага камунізма”?

  8. У чым сутнасць харчовай развёрсткі і яе вынікі?




: Docs
Docs -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт
Docs -> Установа адукацыі «Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны»
Docs -> “Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны”
Docs -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт
Docs -> Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт
Docs -> Установа адукацыі «Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны»
Docs -> Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны” зацвярджаю
Docs -> Іван Штэйнер Свет шчодры. Свет мяне паўторыць…
Docs -> Установа адукацыі «Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны»


1   ...   6   7   8   9   10   11   12   13   ...   18


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка