С. Ф. Шымуковіч Эканамічная гісторыя Беларусі


Лекцыя 14. Гаспадарка Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны (1941 – 1945 гг.)



старонка14/18
Дата канвертавання15.05.2016
Памер2.57 Mb.
1   ...   10   11   12   13   14   15   16   17   18

Лекцыя 14. Гаспадарка Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны (1941 – 1945 гг.)


Асноўныя паняцці, уключаныя ў сістэму трэнінг тэсцірвання:

перавод эканомікі на ваенныя рэйкі; мэты мабілізацыі эканомікі; умовы правядзення эвакуацыі на Беларусі; асноўныя мерапрыемствы па эвакуацii; цяжкасці беларускай прамысловасці ў тыле; асноўныя палажэнні мэт агрэсараў у адносінах да тэрыторыі СССР; мерапрыемствы акупацыйных улад; прынцыпы аграрнай палiтыкi(з лета 1941г.да пач. вясны 1942г.); прычыны аграрнай палiтыкi (з вясны 1942 г. па лета 1943 г.); мэты аграрнай палiтыкi (з вясны 1942 г. па лета 1943 г.); прынцыпы аграрнай палiтыкi(з вясны 1942 г. па лета 1943 г.); вынікi аграрнай палiтыкi; прычыны аграрнай палтыкi(з лета 1943 г. па лета 1944г.); асноўныя прынцыпы аграрнай палiтыкi(з лета 1943 г. па лета 1944 г.); партызанскія зоны; прамысловасць зон; тры крыніцы атрымання прадукцыі; страты ў БССР у вайну; першапачатковыя мэты аднаўлення гаспадаркі БССР; мерапрыемствы па аднаўленню; асаблівасці с/г палітыкі ў заходніх абласцях.
Эвакуацыя насельніцтва і сродкаў вытворчасці з тэрыторыі рэспублікі. Працоўны гераізм беларускага народа ў савецкім тыле
22 чэрвеня 1941 г. – пачатак вайны Германіі і Савецкага Саюза. Ён суправаджаўся масіраванымі налётамі на аэрадромы, вузлы чыгунак, прамысловыя гарады Беларусі. Краіна панесла вялікія людскія і матэрыяльныя страты ўжо ў першыя дні. У выніку паражэнняў Чырвонай Арміі вораг хутка прасоўваўся ў глыбіню краіны. Да ліпеня войскі вермахта выйшлі на лінію Дняпра, амаль усю БССР. У другой палове жніўня была акупіравана астатняя, паўднёва-ўсходняя частка Беларусі.

Яшчэ да поўнай акупацыі БССР прымаліся захады па пераводу эканомікі на ваенныя рэйкі. Галоўныя сярод іх:



  1. Мабілізацыя эканомікі, перабудова яе на выпуск ваеннай прадукцыі.

  2. Эвакуацыя прамысловасці на ўсход.

  3. Эвакуацыя вытворчых фондаў с/г на ўсход.

  4. Эвакуацыя матэрыяльных і культурных каштоўнасцяў, насельніцтва.

  5. Знішчэнне прамысловых прадпрыемстваў і іншых каштоўнасцяў, якія не паспявалі вывезці.


Мабілізацыя эканомікі
Мэты: забеспячэнне арміі зброяй, боепрыпасамі, харчаваннем, рамонт баявой тэхнікі.

23 чэрвеня быў уведзены мабілізацыйны план вытворчасці боепрыпасаў. Шэраг прадпрыемстваў адразу перайшлі на вытворчасць ваеннай прадукцыі. Працоўны дзень склаў 10-12 гадзін у суткі (дабравольна). Гомельскія заводы "Рухавік рэвалюцыі" і "Гомсельмаш" праводзілі рамонт баявой тэхнікі і выпускалі міны. Завод імя Кірава і Новабеліцкі лесакамбінат перайшлі на вытворчаць супрацьтанкавых мін. Прадпрыемствы мясцовай прамысловасці (арцель "Чырвоны металіст" (Бабруйск), "Молат" (Мазыр), "Металіст" (Віцебск) пачалі выраб ручных гранат. У Гомелі, Клімавічах і Мазыры былі створаны майстэрні па рамонце танкаў. Гомельскія чыгуначнікі абсталявалі 30 перасовачных аўтамайстэрань па рамонце ваеннай тэхнікі.

Прадукцыя прадпрыемстваў лёгкай і харчовай прамысловасцяў прызначалася выключна для арміі (абутак, бялізну, абмундыраванне, хлеб, сухары, мясныя кансервы). У с/г працоўныя паскорылі тэмпы ўборкі ўраджаю і здачы збожжа дзяржаве.
Эвакуацыя
23 чэрвеня 1941 г. – пачатак частковай эвакуацыі. 25 чэрвеня 1941 г. арганізавана Цэнтральная эвакуацыйная камісія пры СНК БССР (узначаліў старшыня СНК І.С.Былінскі).

Умовы правядзення эвакуацыі на Беларусі:


  • Хуткае наступленне вермахта.

  • Немагчымасць ажыццявіць эвакуацыю з заходніх абласцей БССР.

  • Бегства кіраўніцтва са сталіцы (24 чэрвеня), як вынік – паніка, грабяжы магазінаў.

  • Перагружанасць чыгункі.

Асноўныя мерапрыемствы:

  • Арганізацыя 24 эвакапункты, якія займаліся адпраўкай дзяцей і дарослых на ўсход. У чэрвені-жніўні 1941 г. на ўсход вывезлі 16.435 дзяцей з 191 дзіцячай установы. Усяго выехала каля 1,5 млн. грамадзян Беларусі (насельніцтва БССР каля 10 млн. чалавек).

  • Эвакуацыя 161 аддзялення Дзяржбанка, 116 ашчадных кас, больш за 568 млн. руб. грашовага фонду, матэрыяльныя і культурныя каштоўнасці.

  • Эвакуацыя навучальных і культурных устаноў: 60 навукова-даследчых інстытутаў, 20 вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў, 6 тэатраў.

  • Перабазіраванне прамысловых прадпрыемстваў, энергетычных установак. Вывозілі найбольш важныя часткі прадпрыемстваў, агрэгаты і вузлы. Прадпрыемствы з усходняй часткі Беларусі вывозіліся амаль цалкам (“Гомсельмаш” – 1100 вагонаў маёмасці).

Эвакуаваныя буйныя прадпрыемствы: Віцебскі, Гомельскі і Маплёўскі станкабудаўнічыя заводы, Віцебскія трыкатажная і швейная фабрыкі, Гомельскі паравоза-вагонарамонтны завод, абутковая і запалкавая фабрыкі, Магілёўская фабрыка штучнага шоўку, Аршанскі льнокамбінат, БелДРЭС. Як правіла, вывозіліся і рабочыя кадры.

Усяго вывезена 124 буйных прамысловых і 14 прамысловых арцеляў. Але агульная колькасць прадпрыемстваў БССР, уведзеных за 1929-1940 гг. – 1863. Частка гэтых прадпрыемстваў знішчалася (узарвана больш за 10 тыс. прамыслова-вытворчых будынкаў прадпрыемстваў), частка была захоплена.



  • Эвакуацыя матэрыяльных рэсурсаў сельскай гаспадаркі. Тэхніка эвакуіраваліся сваім ходам. Буйная рагатая жывёла – таксама. Частка жывёлы перадавалася часцям Чырвонай Арміі. Усяго ў тыл было адпраўлена 45 тыс. т збожжапрадуктаў, 5 тыс. трактароў, 223 камбайны, 136 малатарняў, іншая тэхніка і абсталяванне, перагнана 674 тыс. галоў жывёлы. Гэта 60% трактароў, 18% камбайнаў, 53% буйной рагатай жывёлы.

  • Стабілізацыя працы чыгункі, эвакуацыя рухомага саставу. Асноўная частка гаспадаркі і кадравы састаў трох магістраляў (Брэст-Літоўскай, Беларускай і Заходняй чыгункі) былі эвакуіраваны. Апошні эшалон з Мінска быў выведзены 28 чэрвеня (быў ужо захоплены).


Праца беларускай прамысловасці ў тыле
Асноўныя раёны размяшчэння беларускай прамысловасці: Паволжа (47 прадпрыемстваў), Урал (35), сярэдняя паласа РСФСР (28), Заходняя Сібір (8 прадпрыемстваў). Восеннь 1941 г. – пачатак выпуску прадукцыі.

Цяжкасці:

  1. Адсутнасць базы. Станкі часта ставіліся пад адкрытым небам або пад часовымі навесамі, выпуск прадукцыі адбываўся паралельна з будаўніцтвам карпусоў. "Гомсельмаш" быў размешчаны ва ўральскім горадзе Курган, ў верасні 1941 г. даў першую партыю прадукцыі. Гомельскі станкабудаўнічы завод імя Кірава ў Свярдлоўску ўваходзіў у лік галоўных прадпрыемстваў па выпуску ўзбраення. Яго прадукцыя вызначалася высокімі тэхнічнымі якасцямі.

  2. Недахоп рабочай сілы. Частка заводаў і фабрык не эвакуіравала кадры (фабрыка "КІМ" з 5176 чалавек толькі 400), частка эвакуіраваных рабочых пайшла на фронт.

Змянілася спецыялізацыя прадпрыемстваў: металаапрацоўчыя і машынабудаўнічыя заводы выпускалі боепрыпасы, зброю, баявую тэхніку; прадпрыемствы мясцовай прамысловасці і прамкааперацыі – рыштунак; прадпрыемствы лёгкай прамысловасці – прадукцыю для арміі (шынельнае сукно, тканіны для гімнасцёрак, бялізну, целагрэйкі, боты, кансервы і г.д.).

У выключных умовах барацьбы за выжыванне існуючая сістэма кіравання (адміністрацыйна-камандная) адыграла станоўчую ролю. Адначасова былі значна пашыраны правы народных камісараў краіны, якія адказвалі за канкрэтныя галіны прамысловасці, дырэктараў і начальнікаў будоўляў у рашэнні многіх пытанняў вытворчасці, скарачалася структура кіраўніцтва апарату.


Асаблівасці вытворчасці на акупіраванай тэрыторыі
Мэты агрэсараў у адносінах да тэрыторыі СССР былі абазначаны ў плане “Ост” і “Дырэктывах па кіраўніцтву эканомікай у зноў акупіраваных усходніх абласцях” (так званая “Зялёная папка”). Яго асноўныя палажэнні:

  • паэтапная каланізацыя і германізацыя захопленых тэрыторый з мэтай выкарыстоўвання рэсурсаў;

  • знішчэнне каля 75% беларусаў;

  • 25% беларусаў “агерманіць”, выкарыстоўваць як працоўную сілу.


Мерапрыемствы акупацыйных улад
Мерапрыемствы акупацыйных улад:

  1. Створаны апарат для эканамічнай эксплуатацыі Беларусі, падначалены штабу па кіраўніцтве эканомікай “Ост”, ці “Ольдэбург”. Яго склад – спецыяльныя гаспадарчыя каманды, інспекцыі, атрады для збору сродкаў вытворчасці і сыравіны.

  2. Вызначыны 17 кампаній, меўшых права на эксплуатацыю рэсурсаў Беларусі: Цэнтральнае гандлёвае таварыства “Усход”, “Герман Герынг”, прыватныя нямецкія фірмы, акцыянерныя таварыствы “Борман”, “Трэбец”, “Троль”, “Шляхт-гофт” і інш. Накірункі іх дзейнасці:

  • Вываз сельскагаспадарчых рэсурсаў (Цэнтральная гандлёвая кампанія).

  • Эксплуатацыяй прадпрыемстваў Беларусі (Цэнтральная гандлёвая кампанія). У гады вайны на тэрыторыі Беларусі дзейнічала каля 60 адносна буйных прадпрыемстваў (больш 30 рабочых) пераважна ў металаапрацоўчай, мясцовай, лёгкай і харчовай прамысловасці. Дзейнічала значная колькасць дробных, рамесных, саматужных гаспадарчых адзінак. Прадпрыемствы, якія ўдалося акупантам пусціць у ход, у асноўным займаліся рамонтам сапсаванай тэхнікі, зброі, рухомага чыгуначнага саставу. Уцалеўшыя прадпрыемствы лёгкай і харчовай прамысловасці абслугоўвалі армію вермахта. Увосень 1941 г. з 332 існуючых да вайны ў Мінску буйных прадпрыемстваў гітлераўцам удалося запусціць 39, напярэдадні вызвалення сталіцы іх працавала толькі 19. Падзенне вытворчасці было абумоўлена як недахопам сыравіны, так і сабатажам працуючых, дыверсійнымі актамі партызан і падпольшчыкаў.

  • Набор рабочых на прадпрыемствы (прымусовы), праз абавязковую рэгістрацыю на біржы працы. Працяглась рабочага дня дасягала 10-12 гадзін, адміністрацыя мела права эканамічнага і фізічнага пакарання. Толькі ў Мінску на пачатак 1943 г. не хапала 10 тыс. кваліфікаваных рабочых і каля 2-4 тыс. разнарабочых.

  • Вываз сыравіны і абсталявання для прамысловасці Германіі. Усяго з рэспублікі было вывезена ў Германію 83,9% металарэзных, 74,7% дрэваапрацоўчых станкоў, 96% абсталявання гарбарна-абутковай прамысловасці, 79,5% прамысловасці будаўнічых матэрыялаў. Галоўныя віды сыравіны: рэсурсы для тэкстыльнай прамысловасці (вывозіла кампанія “Усход валакно”); лясныя багацці (за 1941-1942 гг. 1,6 млн. м3 драўніны); тарфяныя рэсурсы (здабывалі ў год 790 — 800 тыс. т).

  1. Дазвол на: дробнае прыватнае прадпрымальніцтва; прыватную практыку медыцынскім і некаторым іншым работнікам; уладанне невялікімі саматужнымі прадпрыемствамі, майстэрнямі, крамамі. Тым, хто падтрымліваў "новы парадак", гарантавалася права на нерухомасць, маёмасць, зямлю. Аднак на практыцы ўсё гэта было рэалізавана ў даволі абмежаваных памерах.

  2. Развіццё камісійнага гандлю. У камісійных магазінах часта прадавалі нарабаваныя гітлераўскімі марадзёрамі рэчы. Дзейнічалі чорныя рынкі. Насельніцтву забараняўся продаж на рынку прадуктаў і тавараў. Дазвалялася гандляваць прадуктамі толькі пад кантролем акупацыйных улад. Рэалізацыю сельскагаспадарчай прадукцыі маглі ажыццяўляць толькі тыя сяляне, якія ўжо выканалі ўстаноўленыя гітлераўцамі абавязковыя пастаўкі.

  3. Стрымліванне інфляцыі шляхам прымусовага рэгулявання цэн на асноўныя прадукты спажывання. Прадаўцы, якія самавольна павышалі цэны, караліся вялікімі штрафамі, у іх адбіралі патэнты.

  4. Грашова-крэдытная палітыка. На акупіраванай тэрыторыі існавала сістэма абарачэння дзвюх валют: савецкай і акупацыйнай. Афіцыйны курс маркі быў завышаны: 10 руб. за 1 марку, што ў 5 разоў перавышала даваенны курс. Гаспадарчыя нямецкія банкі, створаныя замест аддзяленняў Дзяржбанка, скуплялі вялікія сумы савецкай валюты і выкарыстоўвалі яе для фінансавання сваіх выдаткаў, ажыццяўляючы "легальнае" рабаванне Беларусі. Асноўны даход імперскай крэдытнай касы ў Мінску, якая ажыццяўляла ўсе банкаўска-крэдытныя аперацыі ў генеральнай акрузе, складалі паступленні ад сродкаў, якія рэквізаваліся ў насельніцтва.

  5. Падатковая сістэма акупантаў. Існавалі дзве формы грашовага падатку: дзяржаўны і мясцовы. Дзяржаўны падатак, падатак з абароту, з прыбылі, падаходны спаганяўся з уласных і дзяржаўных прадпрыемстваў. Грамадзяне аблагаліся падушным, адміністрацыйным падаткамі, страхавым зборам, падаткам для аплаты старастаў вуліц. Для сялян існавалі нормы абавязковых паставак с/г прадукцыі.

  6. Вываз таннай рабочай сілы ў Германію. Каля 380 тыс. маладых беларусаў выкарыстоўваліся на катаржных работах у рэйху.

  7. Аграрная палітыка. Вылучаюць тры асноўныя этапы:

  • З лета 1941 г. да пачатку вясны 1942 г. Асноўныя прынцыпы:

  • захаванне калгаснай сістэмы пад відам “абшчынных гаспадарак” ці “агульных двароў”, “дзяржаўных маёнткаў” (былыя саўгасы). Пакінуты пасады старшынь, брыгадзіраў, афіцыйна не распускаліся праўленні, рэвізійныя камісіі і г.д.

  • інвентар і жывёла былі абвешчаны ўласнасцю германскай дзяржавы.

  • У Заходняй Беларусі зварот да індывідуальнай гаспадаркі. Зварот маёнткаў былым уладарам — панам, асаднікам, заможным сялянам. Яны лічыліся адміністратарамі, кіраўнікамі сваіх маёнткаў (права маёмасці не мелі). Выключэнне рабілася для фальваркаў, хутароў і маёнткаў з плошчай да 60 га.

  • Стварэнне дзяржаўных маёнткаў (для будучых нямецкіх каланістаў).

  • З вясны 1942 г. па лета 1943 г. – другі этап. Прычыны : правал аграрнай палітыкі, заснаванай на захоўванні калгасаў (рэзкае зніжэнне валавага збору с/г прадукцыі). Мэты: атрымаць падтрымку сялянства; інтэнсіфіцыраваць апрацоўку зямлі; узнавіць сельскую гаспадарку; забяспечыць патрэбы Германіі. Асноўныя прынцыпы:

  • Закон "Аб новым парадку землекарыстання" (люты 1942 г.) адмяняў калгасную сістэму і дэклараваў тры пераходныя формы землекарыстання: абшчынныя гаспадаркі (замест калгасаў), земляробчыя таварыствы (кааператывы) і індывідуальныя гаспадаркі.

  • МТС пераўтвараліся ў сельскагаспадарчыя пункты.

  • У заходніх абласцях рэспублікі ўзаконьваліся аднаасобныя гаспадаркі, ствараліся дзяржаўныя маёнткі (сродак каланізацыі тэрыторый).

  • Права маёмасці распаўсюджвалася толькі на прысядзібныя ўчасткі.

  • Абшчынныя гаспадаркі арганізоўваліся на калгасных землях. За вясну 1942 г. у генеральнай акрузе распушчана 1.400 калгасаў у 3500 вёсках і створана 122 тыс. гаспадаркі. Кіраўнікоў вызначалі акупацыйныя ўлады. Сельскагаспадарчыя работы вяліся супольна, ўборка ўраджаю – асобна кожным дваром на надзеле (6-7 га на двор). Устанаўлівалася калектыўная адказнасць за здачу натуральнага падатку, выкананне распараджэнняў акупантаў.

  • Срокі, калі пачнецца пераход да індывідуальнага землекарыстання, не ўдакладняліся.

Вынікі: абавязковыя пастаўкі складалі 3-4 ц зерня з гектара (палова ўраджаю), 300-400 л малака ад адной каровы, 100 кг свініны з двара, 35 яек з курыцы і інш. Дадаткова нямецкія войскі праводзілі аперацыі па канфіскацыі сельскагаспадарчай прадукцыі. Рэзка зніжалася колькасць жывёлы: на пачатак 1941 г. было 497 тыс. коней, 1.099 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы, 1.942 тыс. свіней, на 1943 г. – 166 тыс. коней, 275 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы, 260 тыс. свіней.

  • З лета 1943 г. па лета 1944 г. Прычыны: паражэнне пад Сталінградам; пагаршэнне становішча ў сельскай гаспадарцы; рост партызанскага руху. Асноўныя прынцыпы:

  • “Дэкларацыя аб сялянскім праве ўласнасці” (3 чэрвеня 1943 г.) устанаўлівала для сялян замест “права ўладання” – права ўласнасці. У першую чаргу зямлю павінны былі атрымліваць тыя вясковыя жыхары, якія супрацоўнічалі з акупацыйнымі ўладамі, былі лаяльнымі да гітлераўскага рэжыму. Тэрміны перадачы зямлі грамадскіх гаспадарак сялянам у дэкларацыі не ўдакладняліся. А з верасня 1943 г. пачалося вызваленне Беларусі.

Частка тэрыторыі Беларусі (партызанскія зоны) не кантралявалася акупацыйнымі ўладамі, там былі свае асаблівасці развіцця гаспадаркі. Партызанскія зоны з’яўляліся эканамічнымі базамі для баявых адзінак, кантраляваўшых тэрыторыі. Мэты іх існавання – забеспячэнне партызан зброяй, узрыўчаткай, абмундзіраваннем, харчаваннем, папаўненне людзьмі. Асобная мэта – не дазволіць праводзіць рабаванне гэтых тэрыторый на карысць акупантаў.
Прамысловасць зон
Прамысловасць зон – гэта невялікія майстэрні па рамонту стралковай зброі (брыгады "Мсцівец", "Смерць фашызму" Віцебскай, імя С.М.Кірава, "Разгром", "За Радзіму" Мінскай абласцей). Вытворчасць зброі ў адносна буйных маштабах: в. Рудабельца Акцябрскага раёна, брыгада імя І.В.Сталіна Баранавіцкай вобласці). Амаль трэцяя частка стралковай зброі ў той час была выраблена ў партызанскіх зонах.

Іншыя прадпрыемствы: лесапільні, маслазаводы, млыны, гарбарні, абутковыя, шавецкія, хлебапякарні, электрастанцыі, колава-абозныя арцелі і інш. мелі невялікія памеры, забяспечвалі ў першую чаргу патрэбы партызанскіх фарміраванняў, у другую – мясцовае насельніцтва.



Сельская гаспадарка ў зонах.

Існавала тры крыніцы атрымання прадукцыі: ад сялян, захоп нямецкіх абозаў, нарыхтоўкі харчавання на гаспадарчых базах партызан (ва ўмовах зон была галоўнай).



Галоўная прымета – ва ўмовах варожага тылу калгасы не адраджаліся. Нарыхтоўкі харчавання партызаны праводзілі на базе былых калгасных зямель як самастойна, так і пры дапамозе мясцовых сялян. Выкарыстоўвалася цяглая сіла сялянскіх гаспадарак, сяляне рамантавалі сельскагаспадарчы інвентар, вылучалі насенне. Для рашэння харчовай праблемы за партызанскімі атрадамі і брыгадамі замацоўваліся вёскі, у якіх ажыццяўлялася нарыхтоўка прадуктаў. Парадак нарыхтовак сельгаспрадуктаў вызначаўся ўпаўнаважанымі атрадаў сумесна з жыхарамі вёсак.

Гаспадарка Беларусі ў перыяд акупацыі была часткова вывезена на ўсход, у тыл Чырванай Арміі, часткова знішчына пры адступленні, часткова вывезена ў Германію, часткова знішчана партызанамі і падпольшчыкамі. Акупацыйныя ўлады праводзілі гаспадарчую палітыку рабавання як прамысловых, сельскагаспадарчых, так і прыродных рэсурсаў краю. Да пачатку вызвалення эканамічны ўзровень развіцця Беларусі значна знізіўся нават ў параўнанні з першымі гадамі індустрыялізацыі.


Першыя аднаўленчыя работы ў 1943 — 1945 гг.
Аднаўленне эканомікі Беларусі адбывалася адначасова з вызваленнем яе тэрыторыі. 23 верасня 1943 г. вызвалены першы раённы цэнтр БССР – Камарын, а 26 лістапада – абласны цэнтр і буйны прамысловы цэнтр - Гомель. Да лютага 1943 г. паўночна-ўсходнія раёны БССР былі занятыя Чырвонай арміяй. Другі этап вызвалення звязаны з аперацыяй “Багратыён”. На працягу чэрвеня-ліпеня 1944 г. уся тэрыторыя БССР была вызвалена ад захопнікаў.

Страты:

  • Людскія страты згодна з афіцыйнымі дадзенымі, склалі 2 млн. 220 тыс. грамадзян.

  • Жыллёвы фонд. 209 з 270 гарадоў і 9.200 вёсак спалена і разбурана. У вялікіх гарадах – Мінску, Віцебску, Оршы, Гомелі, Полацку разбурэнні складалі 70-90%. Трэцяя частка насельніцтва засталася без прытулку.

  • Агульныя прамыя страты па народнай гаспадарцы Беларусі склалі 75 млрд. руб. (у цэнах 1941 г.) – гэта звыш паловы нацыянальнага багацця рэспублікі, (страты па СССР складалі 30%). Па агульным узроўні развіцця Беларусь вярнулася да 1928 г.

  • Прамысловасць і транспарт. Разбурана каля 10 тыс. прадпрыемстваў (85% даваеннай колькасці). Поўнасцю разбураны электрастанцыі рэспублікі (засталося 2% даваенных энергегычных магутнасцяў). Чыгуначны транспарт быў разбураны партызанамі (рэйкавая вайна) і адступаючай нямецкай арміяй. Водны і аўтамабільны транспарт знішчаны ці вывезены ў Германію.

  • Сельская гаспадарка. Разрабаваны 10 тыс. калгасаў, 92 саўгасы, 316 МТС, маёмасць вывезена ў Германію. У параўнанні з 1940 г. на 40% скараціліся пасяўныя плошчы, на 49% пагалоўе буйной рагатай жывёлы, на 61% коней, на 89% свіней.

Першапачатковыя мэты аднаўлення гаспадаркі БССР:

  1. Наладжванне работы транспарту – для сваечасовых паставак тавараў і ўзбраенняў для арміі.

  2. Наладжванне работы прамысловасці для забеспячэння патрэб наступаючай арміі.

  3. Наладжванне работы сельскай гаспадаркі для забеспячэння патрэб наступаючай арміі.

Мерапрыемствы па аднаўленню :

  1. У першую чаргу аднаўлялася цяжкая прамысловасць і транспарт (для патрэб арміі). У маі-жніўні 1944 г. уступілі ў дзеянне гомельскія прадпрыемствы: паравозарамонтны, тры цагельныя заводы, “Гомсельмаш”, Гомельская ГЭС, сілікатны ў Клімавічах. У Мінску да жніўня далі прадукцыю 13 фабрык і заводаў. Асобны этап адраджэння народнай гаспадаркі пачаўся пасля поўнага вызвалення і закрануў усю тэрыторыю БССР. У Мінску пабудавалі і аднавілі завод імя Варашылава (рамантаваў танкі), авіяцыйны завод (рамантаваў і збіраў самалёты), аўтазборачны завод. За 7 месяцаў у сталіцы былі ўведзены ў дзеянне 36 (поўнасцю) і 14 (часткова) прамысловых прадпрыемстваў. Да мая 1945 г. было ўведзена ў строй 12.000 прамысловых аб'ектаў, у тым ліку 8.000 прадпрыемстваў і 4.000 арцеляў і майстэрань. Аб'ём іх прадукцыі складаў 20,4% даваеннага ўзроўню. Цяжкасці: недахоп сродкаў вытворчасці і кваліфікаванай рабочай сілы.

  2. Чыгуначны транспарт аднаўляўся асабліва хуткімі тэмпамі. Асноўныя лініі былі адноўлены за некалькі дзён. 10 ліпеня 1944 г. цягнікі прымаў Мінск, 11 ліпеня - Маладзечна, 19 ліпеня - Ліда. Да лютага 1945 г. у эксплуатацыю было здадзена звыш 10.000 км чыгуначных пуцей, каля 2.000 чыгуначных мастоў.

  3. Энергетычная гаспадарка рэспублікі ў 1945 г. адноўлена на 50% (ад даваеннага ўзроўню). Працаёмкія работы былі механізаваны, павысілася прадукцыйнасць працы. Наладжвалася работа сродкаў сувязі, гідратэхнічных збудаванняў.

  4. Пачалася падрыхтоўка будаўніцтва ў Мінску аўтамабільнага, трактарнага, веласіпеднага заводаў, у Гродзенскай вобласці першага ў Беларусі цукровага завода і інш.

  5. Дапамога ад цэнтра. У 1943 г. саюзны ўрад выдзеліў БССР 37 млн. руб., у 1944 г. 400,8 млн. руб., у 1945 1.200 млн. руб. У 1944 г. першай палове 1945 г. у рэспубліку было вернута і атрымала новых 37 металаапрацоўчых прадпрыемстваў (7 тыс. станкоў), некалькі турбагенератараў, энергапаяздоў і інш.

  6. Сельская гаспадарка аднаўлялася больш марудна, чым прамысловасць. Прычыны: адраджэнне калгасаў, невялікія аб’емы дапамогі, слабая механізацыя, адсутнасць працаўнікоў. Першыя сельскагаспадарчыя работы ў калгасах пачаліся ў Віцебскай, Магілёўскай і Палескай абласцях у 1945 г., пасля аказання дапамогі. Да вясны 1945 г. 95% даваенных калгасаў і саўгасаў былі адноўлены, працавала 3.000 МТС. Памеры пасяўных плошчаў вясной 1945 г. складалі 73,8% даваенных. Цяжкасці: у вытворчасці ўдзельнічала палова даваеннай колькасці калгаснікаў (жанчыны); налічвалася трэць трактароў ад 1941 г. У 1945 г. атрыманы нізкі ўраджай, валавы збор збожжа – менш паловы даваеннага.

Асаблівасці с/г палітыкі ў заходніх абласцях

  1. Пачынаецца ўпарадкаванне землекарыстання. Сутнасць: норма зямлі на адзін сялянскі двор – 10-15 га. Ствараецца дзяржаўны фонд з адрэзкаў ад прыватных гаспадарак. Зямлёй надзяляюцца малазямельныя і беззямельныя сяляне (асераднячванне сялянства), падарваны высокатаварныя гаспадаркі “кулакоў”.

  2. Аднаўленне і стварэнне калгасаў эканамічнымі метадамі паралельна з абмежаваннем землекарыстання, увядзеннем класавай прагрэсіўнай падатковай палітыкі і іншымі мерапрыемствамі. Але на 1945 г. “сацыялістычны сектар” у Заходняй Беларусі складаў 0,43% ад усіх гаспадарак. Заходнебеларуская вёска пакуль складалася з сялян-аднаасобнікаў (95-97% пасяўной плошчы).

  1. Аднаўленне жыллёвага фонду. Прыцягваліся грамадзяне, форма – масавыя надзельнікі. У Мінску кожны жыхар адпрацаваў на аднаўленні горада 30 гадзін у месяц. У 1944-1945 гг. толькі ў гарадах было пабудавана 1.406 м2 жылой плошчы.

У першыя гады пасля вызвалення толькі пачалося пераадоленне цяжкасцяў і нястач акупацыі. Наперадзе была вялікая работа па аднаўленні разбуранай эканомікі.

Кантрольныя пытанні


  1. Якія мерапрыемствамі па эвакуацыі вытворчых фондаў былі прыняты на тэрыторыі БССР?

  2. Дзейнасць цэнтральнай эвакуацыйнай камісіі пры СНК БССР.

  3. Гападарчая палітыка акупацыйных улад у адносінах да мясцовага гарадскога насельніцтва.

  4. Што адбылося з калгаснай сістэмай?

  5. Партызанскі рух.

  6. Вызваленне Беларусі.

  7. Аднаўленне прамысловасці і с/г.



: Docs
Docs -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт
Docs -> Установа адукацыі «Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны»
Docs -> “Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны”
Docs -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт
Docs -> Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт
Docs -> Установа адукацыі «Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны»
Docs -> Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны” зацвярджаю
Docs -> Іван Штэйнер Свет шчодры. Свет мяне паўторыць…
Docs -> Установа адукацыі «Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны»


1   ...   10   11   12   13   14   15   16   17   18


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка