С. Ф. Шымуковіч Эканамічная гісторыя Беларусі


Лекцыя 15. Развіццё эканомікі Беларусі ў пасляваенныя гады (1946 – 1950 гг.)



старонка15/18
Дата канвертавання15.05.2016
Памер2.57 Mb.
1   ...   10   11   12   13   14   15   16   17   18

Лекцыя 15. Развіццё эканомікі Беларусі ў пасляваенныя гады (1946 – 1950 гг.)


Асноўныя паняцці, уключаныя ў сістэму трэнінг тэсцірвання:

мэты развіцця эканомікі ў пасляваенны перыяд; умовы адраджэння эканомікі Беларусі; асаблівасці пачатку адраджэння пасля вайны; мэты чацьвёртай пяцiгодкi(1946-1950гг.); мерапрыемствы ў чацьвёртую пяцiгодку; вынікi ў чацьвёртую пяцiгодку; стан с/г на пачатак чацьвёртай пяцігодкі; мэты ў с/г на 1946-1950гг.; мерапрыемствы ў с/г на 1946-1950 гг.; вынікі ў с/г на 1946-1950 гг.; складанасці пяцiгадовага плана (1946-1950гг.); мерапрыемствы пяцiгадовага плана (1946-1950гг.); вынікi пяцiгадовага плана (1946-1950гг.).
Аднаўленне і далейшае развіццё прамысловасці і транспарту
Мэты развіцця эканомікі ў пасляваенны перыяд:

  • ліквідаваць вынікі вайны;

  • поўнасцю аднавіць народнагаспадарчы патэнцыял і эканамічныя сувязі;

  • забяспечыць далейшае развіццё народнай гаспадаркі;

  • правесці канверсію эканомікі;

  • знайсці рэсурсы для паляпшэння жыцця людзей.


Умовы адраджэння эканомікі
Умовы адраджэння эканомікі Беларусі:

  1. Вызваленне беларускіх прадпрыемстваў ад вытворчасці прадукцыі для патрэб фронту, перавод на выпуск тавараў народнага спажывання (пастановай Дзяржаўнага Камітэта Абароны СССР ад 26 мая 1945 г. “Аб мерапрыемствах па перабудове прамысловасці ў сувязі са скарачэннем вытворчасці ўзбраенняў”. Праходзіла пераразмеркаванне рабочай сілы, сыравіны, матэрыялаў і грашовых сродкаў, змяняліся прапорцыі паміж галінамі вытворчасці, аднаўляліся трэсты, глаўкі, наркаматы.

  2. Дапамога цэнта і рэпарацыі з Германіі.


Асаблівасці пачатку адраджэння


  1. У прамысловасці больш хуткімі тэмпамі адраджалася машынабудаванне. На студзень 1946 г. адноўлена 5.900 буйных, сярэдніх і дробных прадпрыемстваў (20% даваеннага аб'ёму валавай прадукцыі), з іх 196 машынабудаўнічых прадпрыемстваў (38% даваеннага аб'ёму валавай прадукцыі ўжо ў 1945 г.).

  2. Марудна адраджалася лёгкая прамысловасць. На пачатак чацьвертай пяцігодкі вытворчасць склала 12,8% (тэкстыльная 3%) да ўзроўню 1940 г.

  3. Асаблівая ўвага аднаўленню энергетыкі. Да пачатку 1946 г. дзейнічала 60% даваенных энергетычных магутнасцяў (вытворчасць электраэнергіі 16). Торфаздабыча была вызначана як аснова паліўнай базы Беларусі. На пачатак 1946 г. дзейнічала 270 торфапрадпрыемстваў, аб'ём прадукцыі дасягнуў даваеннага ўзроўню.

  4. Аднаўляўся транспарт, сувязь. На пачатак 1946 г. эксплуатацыйная даўжыня чыгунак складала 5 тыс. км, (87%) даваеннага часу. Аднаўляўся аўтамабільны, водны транспарт.

  5. Жыллёвае будаўніцтва адбывалася згодна з генеральнымі планамі аднаўлення і рэканструкцыі.


Чацьвёртая пяцігодка (1946-1950 гг.)
Мэты:

  • аднавіць народную гаспадарку ў межах даваеннага ўзроўню;

  • забяспечыць далейшае развіццё народнай гаспадаркі (перавысіць даваены ўзровень вытворчасці на 16%);

  • асвоіць 6,9 млрд. руб. капіталаўкладанняў (перавышала аб'ём капіталаўкладанняў за першыя тры пяцігодкі разам);

  • паскорана развіваць машынабудаванне, стварыць новыя галіны прамысловасці (трактара- і аўтамабілебудаванне, выпуск лакаматываў, гідратурбін, матацыклаў, веласіпедаў, швейных машын);

  • аднавіць і развіваць энергетычную гаспадарку, пашырыць паліўную базу рэспублікі;

  • доля заходніх рэгіёнаў па выпуску валавай прадукцыі ўсёй рэспублікі павінна была ўзрасці з 9,1% у 1940 г. да 22,6% у 1950 г.

Мерапрыемствы:

  1. Пашырэнне правоў рэспубліканскіх і мясцовых органаў кіравання гаспадарчай дзейнасцю. Уводзяцца элементы ўнутрызаводскага гаспадарчага разліку (лёгкая прамысловасць).

  2. Дапамога рэспубліцы ад цэнтра ў выглядзе: накіравання рабочых, інжынераў і служачых; грашовых бюджэтных датацый; пастаўкі тэхнікі і абсталявання; паставак сыравіны – метала, вугля, нафты. У 1946-1947 гг. для прамысловасці Мінска паступіла 10 тыс. адзінак абсталявання.

  3. Дапамога па лініі ААН: у 1945-1947 гг. Беларусь атрымала 142 тыс. т грузаў на суму 61 млн. дол. (прадукты харчавання, адзенне, абутак, лекі, абсталяванне).

  4. Хуткімі тэмпамі аднаўляліся і будаваліся новыя прадпрыемствы. У 1947 г. у рэспубліцы ўступілі ў строй 90 буйных прамысловых прадпрыемстваў (Мінскі інструментальны завод імя Чкалава, Бабруйскі дрэваапрацоўчы камбінат, Магілёўскі металакамбінат, аўтамабільны і веласіпедны заводы ў Мінску, завод «Рухавік рэвалюцыі» ў Гомелі).

  5. Хуткімі тэмпамі аднаўляліся і будаваліся новыя прадпрыемствы ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях. У 1948 г. валавая прадукцыя прамысловасці заходніх абласцей ў 1,5 раза перавысіла даваенны ўзровень, удзельная вага ў аб'ёме прамысловай прадукцыі рэспублікі ў 2,5 раза.

  6. Аднаўлялася паліўна-энергетычная гаспадарка. У 1948 г. здабыча торфу складала 116,6% ад узроўню 1940 г. Агульная магутнасць электрастанцый рэспублікі на 1949 г. дасягнула 116,3 % даваеннага ўзроўню.

  7. Вырашалася праблема кадраў. Шляхі: дагаворы гаспадарчых арганізацый з калгасамі; падрыхтоўка кваліфікаваных рабочых непасрэдна на вытворчасці; развіццё сістэмы прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў; выкарыстоўванне рабочых з іншых рэгіёнаў СССР; навучанне рабочых на прадпрыемствах СССР. Да верасня 1947 г. налічвалася 125 вучэбных устаноў працоўных рэзерваў (24,3 тыс. чалавек). За пяцігодку вышэйшыя і спецыяльныя сярэднія вучэбныя ўстановы рэспублікі падрыхтавалі 54,3 тыс. спецыялістаў, (14 тыс. з вышэйшай адукацыяй). Колькасць рабочых і служачых вырасла з 610 тыс. чалавек. Да 1.038 тыс. (на 1950 г. – 91% ад даваеннага).

  8. Лёгкая, харчовая прамысловасць атрымлівала дапамогу па рэшткаваму прынцыпу. У 1950 г. (у параўнанні з 1940 г.) выпушчана баваўняных тканін 17,7%, панчошна-шкарпэткавых вырабаў 33%, бялізнавага трыкатажу 31,6%; макаронных вырабаў 73%, хлебабулачных 57,3%, прадукцыі мясаапрацоўчай прамысловасці 65%.

Вынікі:

  • Змянілася структура прамысловай вытворчасці. Зніжалася ўдзельная вага лёгкай, харчовай, дрэваапрацоўчай вытворчасці, расла доля электраэнергетыкі, машынабудавання і металаапрацоўкі. Агульны рост аб'ёму вытворчасці прамысловасці склаў 115% (ад 1940 г.), аб'ём металаапрацоўкі вырас ў 2,4 раза, прадукцыі машынабудавання ў 3,4 раза. Узніклі дыспрапорцыі ў структуры народнай гаспадаркі.

  • Прамысловая вытворчасць да канца пяцігодкі павялічылася ў параўнанні з 1940 г. на 15% (рост з 1945 г. склаў 5,7 раз).

  • Тэхнічнае і тэхналагічнае аснашчэнне прадпрыемстваў было на высокім узроўні – дазволіла мець у будучым хуткія тэмпы развіцця.

Камандна-адміністрацыйныя метады кіравання гаспадаркай дазволілі вырашыць складаныя праблемы пасляваеннага адраджэння прамысловасці. Да канца чацьвёртай пяцігодкі яны ўжо сталі тормазам далейшага развіцця эканомікі Беларусі.
Адраджэнне сельскай гаспадаркі. Прымусовая калектывізацыя ў заходніх абласцях
Стан с/г на пачатак чацьвёртай пяцігодкі


  • Знішчана матэрыяльная база калектыўных гаспадарак і МТС. На канец 1945 г. у МТС – 4,1 тыс. трактараў (1/3 даваеннай колькасці), ў калгасах 50 аўтамашын. На аднаго каня прыходзілася 24,5 га раллі (у даваенны перыяд 8,2 га).

  • Разграбавана асабістая гаспадарка сялян-калгаснікаў і аднаасобнікаў. У Германію вывезена 2,8 млн. галоў буйной і 5,7 млн. галоў дробнай жывёлы.

  • Фармальна адноўлена 9.746 калгасаў з 10.165, 90 саўгасаў з 92. Яны мелі 14% усёй буйной рагатай жывёлы, 5% кароў, 2,5% свіней. Памеры пасяўных плошчаў калгасаў 59%, саўгасаў 70% ад 1940 г.

  • Меў месца недахоп рабочай сілы.

  • Засуха 1946 г. і неабходнасць аказваць харчовую дапамогу іншым рэгіёнам СССР паставіла беларусаў на мяжу голада.

Мэты ў с/г на 1946-1950 гг.:

  • поўнасцю аднавіць даваенныя пасяўныя плошчы і пагалоўе жывёлы;

  • забяспечыць далейшае развіццё земляробства і жывёлагадоўлі і перасягнуць даваенны ўзровень сельскагаспадарчай вытворчасці.

Мерапрыемствы:

  1. Верасень 1946 г. Савет Міністраў СССР і ЦК ВКП (б) прынялі пастанову “Аб мерах па ліквідацыі парушэнняў Статута сельскагаспадарчай арцелі ў калгасах”. Згодна з ёй: калгасам Беларусі вернута 100 тыс. га грамадскай зямлі; жывёла, якая знаходзілася ў карыстанні асобных людзей і ўстаноў; скарачаліся штаты адміністрацыі.

  2. Пераўтварэнне працаднёў у норму кантролю працоўнай павіннасці калгаснікаў. Адсутнічала матэрыяльнае заахвочванне. На 1 студзеня 1948 г. 94% калгаснікаў не атрымалі за работу грошай, 65% - бульбы, агародніны, толькі 41% калгаснікаў на працадзень выдалі па 200 г збожжа.

  3. Умацаванне працоўнай дысцыпліны каманднымі метадамі. Чэрвень 1948 г. – ВС СССР выдаў указ «Аб высяленні ў аддаленыя раёны асоб, якія злосна ўхіляюцца ад працоўнай дзейнасці ў сельскай гаспадарцы і вядуць антыграмадскі паразітычны лад жыцця».

  4. Электрыфікацыя сельскай гаспадаркі ў параўнанні з даваенным узроўнем ўзрасла ў 2 разы.

  5. Дапамога ад цэнтра. 1948 г. – урад СССР прыняў пастанову «Аб мерах дапамогі сельскай гаспадарцы Беларускай ССР у 1949 годзе». Было выдзелена 3 тыс. трактараў, 2 тыс. плугоў да іх, 1,1 тыс. сеялак, 600 складаных малатарняў і г.д.

  6. У 1949 г. прыняты трохгадовы план развіцця грамадскай жывёлагадоўлі. Рост пагалоўя ў гаспадарках Беларусі ажыццяўляўся ў выніку закупак калгасамі жывёлы, а потым яе дарошчвання. У 1950 г. пагалоўе жывёлы павялічылася на 1/3 (ад 1940 г.).

  7. Масавая калектывізацыя ў Заходняй Беларусі. На пачатак 1947 г. было адноўлена і арганізавана 133 калгасы (0,56% сялянскіх гаспадарак). У лютым 1949 г. на XIX з'ездзе КП(б)Б было запатрабавана завяршыць калектывізацыю ў заходніх абласцях. За 1949 г. 39,3% сялянскіх гаспадарак было калектывізавана. У студзені 1950 г. пры МТС створаны палітычныя аддзелы. Да канца 1950 г. было арганізавана 6.054 калгасаў (85% пасяўной плошчы). Адначасова ліквідаваны кулацкія гаспадаркі, сселены хутары, узмоцнены эканамічны націск на аднаасобнікаў. У 1952 г. у Казахстан, Сібір выслана 8.953 “кулацкіх гаспадарак”.

  8. У 1950 г. пачалося аб'яднанне дробных калгасаў у буйныя. За год узбуйнена 11.242 гаспадаркі ў 3.852 калгасы. Мэты: больш поўна забяспечыць калгасы ворнымі землямі, лугамі, пашамі, скараціць кіраўніцкі апарат. Праводзілася ссяленне вёсак у буйныя калгасныя пасёлкі.

Вынікі:

  • Пасяўныя плошчы ў с/г павялічыліся на 28%, але гэта толькі 94,3% ад 1940 г.

  • Пагалоўе буйной рагатай жывёлы склала 96,5%, коней 62%, свіней 64,4%, авечак 55% ад 1940 г.

  • у 3 разы пашырыліся пасевы тэхнічных культур.

  • Умацавалася матэрыяльна-тэхнічная база. Атрымана 8.612 трактараў, 1.555 камбайнаў. Дзейнічала 381 МТС (316 у 1940 г.).

  • Слабай была матэрыяльная зацікаўленасць калгаснікаў у выніках сваёй працы.

  • Метад гаспадарання на вёсцы – прымус – з'яўляўся галоўнай прычынай упадку аграрнай вытворчасці.


Матэрыяльнае становішча насельніцтва. Гандаль і грашовае абарачэнне
Пяцігадовы план прадугледжваў:

  • разгортванне тавараабароту;

  • павышэнні выдаткаў на жыллёвае і культурна-бытавое абслугоўванне насельніцтва;

  • павелічэнні заработнай платы;

  • планавалася перавысіць даваенны ўзровень дабрабыту грамадзян.

Складанасці:

  • Сродкі выдаткоўваліся на аднаўленне народнай гаспадаркі. Да канца 1947 г. у рэспубліцы захоўвалася сістэма нарміраванага размеркавання харчовых і прамысловых тавараў.

  • Абмежаваныя магчымасці калгасных рынкаў у забеспячэнні насельніцтва прадуктамі.

Мерапрыемствы:

  • Існаванне нарміраванага размеркавання харчовых і прамысловых тавараў. На калгаснікаў не распаўсюджваўся.

  • У 1945 г. на Беларусі быў уведзены камерцыйны дзяржаўны гандаль харчаваннем і прамысловымі таварамі. Цэны на цукар вышэй у 36 разоў за нарміраваныя, хлеб з пшанічнай мукі даражэй у 17,6 разоў.

  • Стварэнне падсобных гаспадарак пры прадпрыемствах і калектыўных і індывідуальных агародаў.

  • Палітыка збліжэння камерцыйных і нарміраваных цэн на тавары (з 1946 г.). Зніжаліся камерцыйныя цэны на мяса ў 2 разы, на цукар у 3 разы, на масла сметанковае на 34%, на рыбныя тавара на 64%, на нехарчовыя тавары ў сярэднім на 37%. Адпаведна павышалі пайкавыя цэны.

  • Адбывалася павелічэнне пенсій, стыпендый і заработнай платы, быў павышаны неабкладаемы падаткам мінімальны заробак. Гэта змягчала вынікі праведзеных цэнавых пераўтварэнняў.

  • Снежань 1947 г. – адмена карткавай сістэмы на харчовыя і прамысловыя тавары. Пераход свабоднага гандлю па адзіных дзяржаўных цэнах. Садзейнічала зніжэнню спекуляцыі.

  • Праведзена грашовая рэформа (дэнамінацыя). Замена старых грошай на новыя праводзілася 10:1. Пералічваліся накапленні ў ашчадных касах па асобнаму прагрэсіўнаму курсу. Гэта дазволіла ліквідаваць буйныя грашовыя накапленні спекулятыўных элементаў, стабілізаваць эканаміку.

Вынікі:

  • Павышэнне пакупніцкай здольнасці насельніцтва. За 1948 г. рознічны тавараабарот у рэспубліцы павялічыўся на 18,4%.

  • У 1950 г. фонд заработнай платы быў у 2,5 раза больш узроўню 1945 г. і ў 2 разы больш 1940 г. (але рэальная заработная платы дасягнула даваеннага ўзроўню).

  • Цэны на 1 сакавіка 1950 г. былі на 43% ніжэй цэн IV квартала 1947 г., але складалі 186% ад 1940 г.

  • Рост падаткаў. Уведзены падаткі на халасцякоў, адзінокіх і маласямейных грамадзян. Падаткі збіраліся непасрэдна з заработнай платы. Штогадовыя дзяржаўныя пазыкі мелі абавязковы характар і з’яўляліся скрытай формай павелічэння падаткаў.

  • Жыллёвае будаўніцтва мела шырокія памеры, асабліва ў буйных гарадах. Было ўведзена ў строй 4,2 млн м2 жыллёвай плошчы, у тым ліку 2,6 млн м2 дзяржаўнымі прадпрыемствамі і мясцовымі Саветамі. Адноўлены на 74,5%. На аднаго жыхара горада прыходзілася ў сярэднім 5 м2 плошчы.

  • Колькасць навучэнцаў у агульнаадукацыйных школах, спецыяльных і вышэйшых навучальных установах Беларусі ў 1950/51 навучальным годзе дасягнула 1628,8 тыс. чалавек. Колькась вышэйшых навучальных устаноў павялічылася з 25 (21,5 тыс. студэнтаў) у 1940/41 да 29 (31,8 тыс. студэнтаў) у 1950/51 навучальным годзе. Завяршалася будаўніцтва карпусоў палітэхнічнага і лесатэхнічнага інстытутаў, інстытута народнай гаспадаркі, Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі і іншых ВНУ.

У часы чацьвёртай пяцігодкі склалася сістэма, калі ў першую чаргу фінансаваліся вытворчыя задачы, а сацыяльныя патрэбы адсоўваліся на апошняе месца. Дапускаліся дыспрапорцыі пры размеркаванні паміж галінамі капітальных укладанняў. Усё гэта вяло да таго, што верх узяў астаткавы прынцып вылучэння сродкаў на сацыяльныя патрэбы.

Кантрольныя пытанні


  1. Асаблівасці развіцця народнай гаспадаркі на канец 40-х гг.

  2. Прадпрыемствы, пабудаваныя ў першыя пасляваенныя гады.

  3. Якія змены адбыліся ў галіновай структуры прамысловасці БССР?

  4. Масавая калектывізацыя ў Заходніх абласцях БССР.

  5. Грашовая рэформа.



: Docs
Docs -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт
Docs -> Установа адукацыі «Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны»
Docs -> “Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны”
Docs -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт
Docs -> Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт
Docs -> Установа адукацыі «Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны»
Docs -> Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны” зацвярджаю
Docs -> Іван Штэйнер Свет шчодры. Свет мяне паўторыць…
Docs -> Установа адукацыі «Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны»


1   ...   10   11   12   13   14   15   16   17   18


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка