С. Ф. Шымуковіч Эканамічная гісторыя Беларусі


Лекцыя 8. Гаспадарка Беларусі ў парэформенны перыяд (60-90-ыя гады ХІХ ст.)



старонка8/18
Дата канвертавання15.05.2016
Памер2.57 Mb.
1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   ...   18

Лекцыя 8. Гаспадарка Беларусі ў парэформенны перыяд (60-90-ыя гады ХІХ ст.)


Асноўныя паняцці, уключаныя ў сістэму трэнінг тэсцірвання:

адработачная сістема; сутнасть адработачнай сістэмы; сервітуты; прычыны адсталасці сялянскай гаспадаркі; прычына сусветнага аграрнага крызісу 80-90-х гг.XІX ст.; асноўныя галіны сельскай гаспадаркі ў 80-90-х гг.XІX ст.; дробнакапіталістычныя прадпрыемствы; прычыны перавагі дробнакапіталістычных прадпрыемстваў; капіталістычная мануфактура; два перыяда развіцця фабрычна-заводскай вытворчасці; галоўныя галіны вытворчасці; крызіс 1873 — 1875 гг.; крызіс 1881 — 1882 гг.; вынiкi чыгуначнага будаyнiцтва; першая на Беларусі чыгунка; асноўныя прыкметы гандалю; што стымулявала фарміраванне грамадскіх класаў буржуазіі і пралетарыяту; крыніцы фарміравання прамысловай буржуазіі; асноўныя крыніцы фарміравання пралетарыяту.

Развіццё капіталістычнага спосабу вытворчасці ў сельскай гаспадарцы
Памешчыцкая гаспадарка
У 60 – 70-я гг. усталявалася пераходная сістэма гаспадарання — адработачная сістэма, якая спалучала рысы феадальнай і капіталістычнай сістэм. Яе сутнасць – сяляне з прычыны эканамічнай неабходнасці арандавалі зямлю ў памешчыкаў, за што працавалі на зямлі памешчыка са сваім інвентаром і рабочай жывёлай. У гэтыя дзесяцігоддзі былі распаўсюджаны здольшчына, палавіншчына, адработкі за ўсялякія ўгоддзі.

Пры капіталістычнай сістэме гаспадарання памешчыцкая зямля апрацоўвалася інвентаром і рабочай жывёлай уладальніка. Дэфіцыт сродкаў у памешчыкаў не дазволіў ім адразу перайсці да капіталістычнага спосабу вытворчасці.

Ужо ў канцы 80-х гг. у Мінскай, Гродзенскай, Віленскай губернях пераважала капіталістычная сістэма гаспадарання, ва ўсходніх — Віцебскай і Магілёўскай — змешаная адработачна-капіталістычная.

Асаблівасці землеўладання на Беларусі.

Памешчыкам у другой палове 70-х гг. належала 8,7 млн. (50,5%) дзесяцін зямлі, казне — 1,6 млн. (9,9%), царквам і манастырам — 122,9 тыс. (0,7%) дзесяцін. Пераважала буйное землеўладанне (звыш 500 дзесяцін на ўладальніка).

Працэс пераходу саслоўнага землеўладання ў бессаслоўнае адбываўся больш замаруджана. Прычыны: эканамічная ўстойлівасць буйных памешчыцкіх гаспадарак, арганізаваных на капіталістычны лад; абмежаванні, уведзеныя урадам пасля 1863 г. (забарона памешчыкам-каталікам увогуле набываць зямлю, забарона сялянам-каталікам купляць больш за 60 дзесяцін на аднаго чалавека, забарона мець зямлю яўрэям); насаджэнне землеўладання рускіх памешчыкаў.

Сельскагаспадарчая вытворчасць.

Павелічэнне вытворчасці ішло экстэнсіўным шляхам – у выніку пашырэння пасяўных плошчаў, у сярэднім на 12%.



Вядучая галіна – вытворчасць збожжа. Чыстыя зборы павялічыліся — на 96%. Беларусь становіцца важным раёнам экспарту збожжа за мяжу. У 1878 г. з заходніх губерняў па чыгуначных шляхах і рэках было вывезена 20,5 млн пудоў збожжа – жыта, аўсу, ячменю. Увозілася пшаніца.

Агратэхніка. Пачалі распаўсюджвацца мнагапольныя севазвароты, выкарыстоўвацца сельскагаспадарчыя машыны (Мінская губерня – 20% абследаваных маёнткаў). Капіталізм ў памешчыцкай гаспадарцы рабіў толькі першыя крокі.
Сялянская гаспадарка
Сярэдні надзел былых памешчыцкіх сялян вагаўся ад 3,9 да 5,1 дзесяцін на рэвізскую душу, а былых дзяржаўных ад 5,5 да 6 дзесяцін. На Беларусі пражытачны мінімум забяспечваў надзел больш 8 дзесяцін зямлі. Па дэмаграфічных прычынах надзелы скарачаліся – да 1900 г. на душу прыходзілася ад 3,2 да 2,1 дзесяціны.

Галоўная галіна – земляробства. У 60 – 90-х гг. пасевы збожжавых узраслі на 23,9%, іх ураджайнасць — на 50%. Але хутчэй пашыраліся пасевы і раслі зборы кармавых і тэхнічных раслін. У гаспадарках заможных сялян выкарыстоўваліся палепшаныя прылады працы, штучныя ўгнаенні, сартавое насенне.

Жывёлагадоўля. За 60 – 90-х гг. пагалоўе буйной рагатай жывёлы павялічылася на 50%, галоўным чынам у гаспадарках заможных сялян.

У другой палове XIX ст. на Беларусі сялянства давала каля 25% таварнага збожжа, 75% таварнага льну, значную частку бульбы, прадуктаў мясной і малочнай жывёлагадоўлі. Тым не менш, сялянская гаспадарка заставалася адсталай, аб гэтым сведчыць: ручная праца, трохпольная сістэма, састарэлыя прылады працы – драўляная саха і барана.

Стрымліваючыя фактары:


  • Буйное памешчыцкае землеўладанне.

  • Шматлікія павіннасці.

  • Захаванне абшчыны (каля 24,7 тыс.). Абшчынная ўласнасць (зямля) не магла быць прададзена без згоды абшчыннікаў

  • Захаванне сервітутаў – уласнасці памешчыкаў, якой сяляне карысталіся на пэўных умовах.

  • Захаванне церазпалосіцы (на Беларусі пашырана больш, чым у Расіі).


Маёмаснае і класавае расслаенне сялянства
Пасля рэформы 60-х гг. зямля – аб'ект свабоднай куплі-продажу. Яе набываюць і сяляне праз Сялянскі банк (заснаваны у 1882 г.).

Мэты банка:



  1. Выдача доўгатэрміновых пазык сялянам з мэтай куплі зямлі.

  2. Дапамога памешчыкам у выгадным продажы зямлі сялянам па завышаных цэнах.

  3. Банкаўская ацэнка прадаваемай зямлі.

З павелічэннем попыту на зямельныя ўгоддзі цэны да 90-х гг. выраслі больш чым у 3 разы. У 1886 – 1890 гг. у параўнанні з 1883 – 1885 гг. колькасць пакупак павялічылася больш чым у 20 разоў. Да 1890 г. сяляне ў пяці заходніх губернях набылі праз Сялянскі банк 984,3 тыс. дзесяцін зямлі. Пераважала купля зямлі таварыствамі.
Сусветны аграрны крызіс 80—90-х гг. XIX ст.
Прычына: ўвоз у Еўропу таннага збожжа з Амерыкі, Канады, Аргенціны і Аўстраліі, рэзкае падзенне цаны на збожжа. На Беларусі з 1881 г. да 1887 г. цэны на жыта знізіліся ў сярэднім у 2 разы.

Вынікі крызісу для Беларусі:

  1. Адбылася пераарыентацыя памешчыцкай гаспадаркі на вытворчасць жывёлагадоўчай прадукцыі. Заводзілі жывёлу палепшаных парод. Пашырылася вытворчасць масла і сыру (200 маслабоняў і сыраварняў). Беларусь заняла трэцяе месца ў імперыі у гэтай галіне.

  2. Памешчыкі пачалі шырока ўкараняць машынную тэхніку - другое месца ў імперыі).

  3. Паскорыўся пераход да шматпольных севазваротаў, больш увагі несенняводству.

  4. Рост запазычанасці памешчыцкага землеўладання. У 1899 г. у банкі было закладзена 56,8% панскіх маёнткаў.

  5. Памяншэнне дваранскага землеўладання. З 1877 па 1905 г. ў Віленскай, Гродзенскай, Віцебскай і Магілёўскай губернях яно паменшылася на 1,3 млн. дзесяцін.

  6. Павелічэнне сялянскага землеўладання – з 1877 па 1905 г. куплена 1,6 млн. дзесяцін. Паскорылася дыферэнцыяцыя сялян (10% – заможныя, сераднякі – 32%, бедната – 60% на пачатак XX ст.).

  7. Пашырылася здача ў арэнду дваранскай зямлі, у 1887 г. – 2,5 млн. дзесяцін).


Спецыялізацыя сельскай гаспадаркі
Асноўныя галіны – малочная жывёлагадоўля, развіццё ільну, бульбаводства.

Ільнаводства было пашырана ў Віленскай, Віцебскай і Магілёўскай губернях. Прадавалася на ўнутраным рынку і за мяжой: у Германіі, Аўстра-Венгрыі.

Канапляводства пашырана ў Магілёўскай губерні. Рынак збыту пянькі – Англія (праз Рыгу) і Германія (праз Польшчу і Лібаву).

Бульбаводства пашыралася па ўсіх беларускіх губернях. Бульба ўжывалася ў ежу, была асноўнай сыравінай для вінакурнай прамысловасці. У 1882 г. Мінская губерня займала чацвёртае, Гродзенская — шостае, Віленская — дзевятае, Магілёўская — пятнаццатае месца у імперыі па перапрацоўцы бульбы на спірт.

Гандлёвае агародніцтва і садоўніцтва існавала ў асобных гаспадарках памешчыкаў і заможных сялян і адыгрывала прыкметную ролю на мясцовым узроўні.

Пасля рэформы 1861 г. поспехі у развіцці сельскай гаспадаркі стрымліваліся перажыткамі прыгонніцтва. Тым не менш, гаспадарка Беларусі здолела выйсці з ціскоў крызісу, знайсці сваё месца як ў расійскай, так і сусветнай гаспадарцы.


Рост капіталістычнай эканомікі і прамысловасці
Пасля 1861 г. прамысловасць Беларусі пачала ўваходзіць ў трэцюю стадыю развіцця – фабрычна-заводскай вытворчасці (буйная машынная індустрыя). Але важную ролю мелі іншыя формы вытворчасці.
Рамесная вытворчасць


  • Вырасла колькасць прадпрыемстваў (з 20,2 да 58,1 тыс.).

  • Вырасла колькасць рабочых (з 30,4 да 110 тыс.).

  • Вырасла сума вытворчасці (з 4,3 да 14,1 млн. руб.).

  • Адбывалася спецыялізацыя рамяства.

63% рамеснікаў знаходзіліся ў мястэчках, 37% у гарадах.

Побач з рамеснікам дзейнічаў пасрэднік — скупшчык.


Дробнакапіталістычныя прадпрыемствы
Гэта прадпрыемствы без паравых рухавікоў і з колькасцю наёмных рабочых ад 5 да 16 чалавек.

  • Пераважалі ў харчовай, гарбарнай і тэкстыльнай вытворчасці.

  • Вырасла колькасць з 7,8 да 17,1 тыс. (пераважалі па колькасці на працягу ўсяго перыяду).

  • Вырасла колькасць рабочых з 2,364 да 63,5 тыс.

  • Вырасла сума вытворчасці з 14 да 44 млн руб.

  • Да 90-х гг. выраблялі палову прамысловай прадукцыі Беларусі.

Прычыны перавагі дробнакапіталістычных прадпрыемстваў на Беларусі:

  1. Існаванне “мяжы аседласці яўрэйскага народа”. Яўрэі не мелі права валодаць зямлей і пражываць на вёсцы, асноўнае заняцце – рамяство і дробны гандаль.

  2. Адсутнасць буйных радовішчаў сыравіны для цяжкай прамысловасці.

  3. Большая мабільнасць дробных прадпрыемстваў, што працавалі па перапрацоўцы мясцовай сельскагаспадарчай сыравіны.

  4. Суседства Беларусі з буйнымі прамысловымі раёнамі царскай Расіі: Цэнтральным, Пецярбургскім, Прыбалтыйскім, у якіх буйная прамысловасць пераважала над сярэдняй і дробнай.


Капіталістычная мануфактура
Гэта прадпрыемствы з больш чым 16 рабочымі, дакладным падзелам працы, безх паравых рухавікоў.

  • На працягу разглядаемага перыяду вырасла іх колькасць – з 140 да 760.

  • Падзел па галінах: 193 – дрэваапрацоўка, 185 – сілікатная, 166 – харчовая прамысловасць. На канец стагоддзя мануфактуры пераважалі ў гарбарнай, цагельнай, ганчарнай вытворчасці.

  • Колькасць рабочых – 28,8 тыс.

Фабрычна-завадская прамысловасць.

Трэба выдзяліць два перыяды ў развіцці фабрычна-заводскай вытворчасці:



Першы перыяд – 60 – 70-я гг. – вызначаўся павольным ростам вытворчасці, панаваннем дробнатаварнай вытворчасці.

Другі перыяд – 80 – 90-я гг. – вызначыўся прамысловым пад’ёмам, ростам колькасці фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў.

Але прамысловы пераварот (шырокае выкарыстоўванне паравых рухавікоў) пачаўся на Беларусі ў дарэформенны час. Асаблівасць Беларусі – пачаўся не з баваўнянай, а з металаперапрацоўчай і вінакурнай прамысловасці.



  • Крычны спосаб атрымання жалеза быў заменены пудлінгавым у домнах. Прадпрыемствы з домнамі і паравымі рухавікамі – Старынкаўскі чыгуналіцейны завод, Барысаўшчынскі металургічны завод, Налібоцкі металургічны камбінат. На першых двух да 1861 г. вырабляліся паравыя машыны.

  • Прамысловая рэвалюцыя на Беларусі завяршылася на 10 гадоў пазней, чым у Расіі (канец 90-х гг.).

  • Аб'ём фабрычнай прадукцыі за гэты час ўзрос у 37 разоў.

  • Асноўная колькасць прадпрыемстваў была пабудавана ў 80—90-я гт., на расійскія сродкі (акцыянерныя кампаніі, банкі).

  • 1890 г. – фабрыкі і заводы Беларусі даюць 47,8% усёй прамысловай прадукцыі.

  • Нізкі ўзровень канцэнтрацыі, шмат малых і сярэдніх прадпрыемстваў (50 рабочых), прадпрыемстваў з больш чым 500 рабочымі – толькі 1% (па Расіі 3,5%).


Акцыянерныя кампаніі
З’явіліся ў выніку канцэнтрацыі вытворчасці. На Беларусі дзейнічала каля 10 акцыянерных таварыстваў, якія адкравалі буйныя прадпрыемствы, сярод іх "Гродзенскае таварыства водазабеспячэння і эксплуатацыі водаправодаў" (1877 г.), "Таварыства віцебскіх водаправодаў" (1895 г.), бельгійскае акцыянернае таварыства "Віцебскі трамвай" (1898 г.).

Банкі.

Банкі валодалі значнымі капіталамі. Галоўныя сферы ўкладання – гандаль, пярвічная апрацоўка лесу і льну. Найбольш уплывовыя банкі:



  1. Мінскі камерцыйны банк (1873 г) – вядучае месца ў рэгіёне.

  2. Азова-Данскі камерцыйны банк дзейнічаў у рэгіёне з 1871 г. (філіялы ў Мінску, Магілёве, Пінску).

  3. Пецярбургска-Азоўскі банк у 90-я гг. меў аддзяленне у Мінску.

  4. Дзяржаўны банк меў 5 аддзяленняў у губернскіх гарадах.

  5. Віленскі прыватна-камерцыйны банк меў філіялы ў Бабруйску, Гомелі, Гродне і Слоніме.

  6. Камерцыйны банк у Беластоку.


Галоўныя галіны вытворчасці
Фабрычна-заводская прамысловасць садзейнічала росту гарадоў. Але буйныя прамысловыя цэнтры на Беларусі не сфарміраваліся. Прычына: спецыялізацыя беларускай прамысловасці на перапрацоўцы сельскагаспадарчай, лясной і мінеральнай сыравіны (размяшчэнне прадпрыемстваў у сельскай мясцовасці).

Галоўныя галіны вытворчасці:

  1. Харчовая (вінакурная) прамысловасць (уся Беларусь).

  2. Дрэваапрацоўчая (запалкавая і папярова-друкарская) прамысловасць (Мінская і Магілёўская губерні).

  3. Тэкстыльная прамысловасць (Гродзенская, Магілёўская і Мінская губерні).

  4. Металаапрацоўчая прамысловасць разам з чыгуначнымі майстэрнямі (Мінская і Магілёўская губерні).

  5. Сілікатна-керамічная і будаўніча-рамонтная прамысловасць (Магілёўская, Мінская і Гродзенская губерні), выраб шкла (Магілёўская).

  6. Гарбарная прамысловасць (Віленская губерня).

  7. Хімічная прамысловасць (Мінская і Магілёўская губерні – невялікія прадпрыемствы).


Эканамічныя крызісы
Прамысловасць Беларусі залежала ад сусветных эканамічных крызісаў.

Крызіс 1873 — 1875 гг. – на Беларусі скараціўся прырост прадукцыі мануфактур, але фабрычна-заводская прамысловасць не закранута. Найбольшыя страты – ў дрэваапрацоўчай і харчовай галінах. Удзельная вага фабрычна-заводскай прамысловасці дасягнула 20%, мануфактур 9%.

Крызіс 1881 — 1882 гг. ахапіў харчовую, дрэваапрацоўчую, сілікатную, гарбарную, тэкстыльную прамысловасць, зацягнуўся у Беларусі да 1887 г. Найбольшыя страты – ў дробнай вытворчасці і мануфактуры. Фабрычная прамысловасць тэмпы развіцця не страціла.

Крызісы з'явіліся штуршком да замены дробнай і мануфактурнай прамысловасці фабрычнай. Бурны прамысловы ўздым прыйшоўся на 90-я гг.:



  • Сярэднегадавыя тэмпы прыросту ўсёй прадукцыі склалі 8,2%. Асабліва хутка развівалася буйная прамысловасць (на 13,3%).

  • З 1890 да 1900 г. узнікла 16 тыс. новых прадпрыемстваў.

  • Удзельная вага беларускай прамысловасці ў прамысловасці Расіі склала 5%, колькасць рабочых —10%.

У цэлым прамысловасць Беларусі ў параўнанні з іншымі раёнамі Расіі дасягнула сярэдняга ўзроўню развіцця.
Развіццё транспарту, сродкаў сувязі, гандлю. Фарміраванне буржуазіі і пралетарыяту
Транспартная сетка ў гэты перыяд складалася з:

  • водных шляхоў;

  • сухапутнай шашы;

  • чыгунак.


Чыгуначнае будаўніцтва
Чыгуначнае будаўніцтва пачалося ў 60—70-я гг. Мэты: ваенныя і гандлёвыя. Яго вынікі:

  • паскорылася развіццё прамысловасці;

  • пашырыўся гандаль;

  • вырасла таварнасць сельскай гаспадаркі;

  • пашырыўся тэхнічны прагрэс;

  • паскорылася спецыялізацыя эканомікі раёнаў;

  • сфарміраваліся ўсерасійскі і абласныя рынкі;

  • акрэсліўся грамадскі падзел працы;

  • больш актыўнай стала міграцыя насельніцтва.

Пецярбургска-Варшаўская чыгунка – першая на Беларусі (Гродна – 1862 г.). Мела другараднае эканамічнае значэнне.

Рыга-Арлоўская чыгунка. У 1866 г. адкрыты Дзвінска-Полацка-Віцебскі участак працягласцю 245 вёрстаў.

Маскоўска-Брэсцкая чыгунка (70-я гг.) важнейшая ў эканамічных і ваенных адносінах.

Лібава-Роменская чыгунка (1871 – 1874 гг.) прайшла праз Вільню, Маладзечна, Мінск, Асіповічы, Бабруйск, Жлобін.

Прывіслінская чыгунка (1873 г.) прайшла праз Брэст на Кіеў.

Палескія чыгункі (80-я гг.) складаліся з некалькіх ліній, звязалі Пінск, Жабінку, Лунінец, Гомель, Беласток, Баранавічы, Бранск, Асіповічы, Старыя Дарогі паміж сабой і раней пабудаванымі чыгункамі.

Пецярбургска-Адэская чыгунка (да 1902 г.) прайшла праз Віцебск, Оршу, Магілёў, Жлобін. Чыгункі будаваліся прыватнымі кампаніямі і таварыствамі, а потым выкупляліся ўрадам.

У пачатку XX ст. Беларусь была на адным з першых месцаў па насычанасці чыгункамі ў Расіі. Узніклі буйныя чыгуначныя вузлы: Мінск, Віцебск, Гомель, Жлобін, Лунінец, Брэст, Баранавічы.

Водныя шляхі зносін. Атрымалі другараднае значэнне. Тым не менш, грузапаток на іх таксама павялічваўся. Па Прыпяці, Бярэзіне, Сожы плавала ў 1900 г. 310 непаравых і 23 паравыя судны. Тое ж трэба сказаць пра Неман і Заходнюю Дзвіну.
Гандаль
Асноўныя прыкметы:


  • Памяншацца роля кірмашоў, расце роля крамнага і магазіннага гандлю (трываласць рыначных сувязей).

  • Канец XIX ст. – склаліся мясцовыя (абласныя) рынкі. Цэнтрамі абласных рынкаў становяцца найбольш буйныя гарады: Мінск, Віцебск, Магілёў, Гомель, Гродна, Брэст і Пінск. Характар сувязяў паміж рынкамі вызначаўся асаблівасцю эканамічнага развіцця кожнага з раёнаў.

Мінск становіцца галоўным гандлёва-прамысловым цэнтрам Беларусі. У якасці зборнага і размеркавальнага пункта ен абслугоўваў большую частку раёнаў Палесся, многія раёны поўначы і захаду Беларусі.

Вылучаюцца рэгіянальныя гандлёвыя цэнтры. Гомель з'яўляўся размеркавальным пунктам для лясных матэрыялаў і дроў, якія сплаўляліся ў сярэдняе і ніжняе Падняпроўе, галоўным чынам у Адэсу, Екацярынаслаўскую, Кіеўскую і іншыя губерні.



Магілёў знаходзіўся ў цеснай сувязі з сярэднім і ніжнім Падняпроўем, а таксама з Оршай. Напрамак гандлю – лясныя і земляробчыя прадукты.

Віцебскі эканамічны раён. Галоўнымі прадметамі вывазу адсюль былі лес і прадукты льнаводства (па Заходняй Дзвіне ў Рыгу).

Праз Гродна ажыццяўляўся гандаль з Польшчай, Літвой і іншымі замежнымі краінамі. Галоўнымі прадметамі збыту з Гродзенскага раёна былі лясныя грузы, аржаная мука, вотруб'е, спірт, малочныя прадукты, бульбяная мука.



Пінск служыў размеркавальным цэнтрам збыту прамысловых тавараў і лясных грузаў, якія перавозіліся з басейнаў Дняпра і Прыпяці ў сістэмы Нёмана і Віслы.

Да пачатка XX ст. Беларусь мела трывалыя гандлёвыя сувязі з рознымі рэгіёнамі Расіі, стала часткай усерасійскага рынку. Для гандлю Беларусі была характэрна перавага вывазу сельскагаспадарчай сыравіны і лясных матэрыялаў, увозіліся прамысловыя тавары і збожжа.

Развіццё капіталістычных адносін стымулявала сацыяльныя працэсы – фарміраванне грамадскіх класаў буржуазіі і пралетарыяту.

Крыніцы фарміравання прамысловай буржуазіі:



  1. Дваране (уладальнікі вінакурань, лесапільных, цукровых, крахмала-патачных, мукамольных, вінакурных, смола-шкіпінарных, суконных, металаапрацоўчых, цагельных, кафляных, шкляных і іншых прадпрыемстваў).

  2. Заможныя мяшчане (гандляры-скупшчыкі), што арандавалі і выкуплялі прадпрыемствы.

  3. Купцы.

  4. Заможныя рамеснікі.

  5. Сяляне (16 мануфактур і фабрык у харчовай, гарбарнай, тэкстыльнай, дрэваапрацоўчай і сілікатнай галінах).

Згодна з перапісам 1897 г. ў пяці заходніх губернях да дробнай буржуазіі адносіліся 103 тыс. чал., сярэдняй - 47 тыс., буйнай - 33 тыс. чал.

Па нацыянальным складзе яўрэі складалі 60%, беларусы 17%, рускія 10%, палякі 10%, іншыя нацыянальнасці да 3 %.

Асноўныя крыніцы фарміравання пралетарыяту:


  1. Збяднелыя сяляне.

  2. Члены сем’яў рабочых – жонкі (каля 16,4% і дзеці 6% на 1897г.).

  3. Рамеснікі.

  4. Дробныя гандляры.

  5. Рабочыя рамесных майстэрань і мануфактур.

У трох апошніх катэгорыях пераважалі прадстаўнікі яўрэйскага насельніцтва, гэта адбілася на нацыянальным складзе пралетарыяту. Увогуле, асаблівасць беларускага пралетарыяту – яго шматнацыянальны склад (беларусы, рускія, палякі, яўрэі, украінцы, літоўцы, латышы, татары). Сярод рабочых чыгуначных майстэрань і дэпо, паравозных машыністаў, тэлеграфістаў пераважалі рускія. На лесапавале, будаўніцтве і рамонце чыгуначных і шашэйных дарог, прамысловых прадпрыемствах у сельскай мясцовасці працавалі перважна беларусы. У запалкавай, тытунёвай, гарбарна-абутковай галінах вытворчасці, у друкарнях пераважалі яўрэйскія рабочыя. У дробнай і рамеснай вытворчасці, гандлі і іншых відах абслугоўвання большасць таксама належала асобам яўрэйскай нацыянальнасці.

На пачатак XX ст. на Беларусі было 178,8 тыс. рабочых, занятых у прамысловасці: у тым ліку 33,6 тыс. у фабрычна-заводскай і 116,3 тыс. у рамеснай і капіталістычнай вытворчасці. Акрамя таго, у памешчыцкіх і кулацкіх гаспадарках працавала 130 тыс. батракоў. Усяго на Беларусі налічвалася прыкладна 400 тыс. пастаянных наёмных работнікаў.

Пасля сялянскай рэформы да пачатку XX ст. капіталістычны спосаб вытворчасці паступова ўсталёўваўся ва ўсіх галінах гаспадаркі Беларусі.

Кантрольныя пытанні


  1. Сутнасць адработачнай сістэмы вядзення панскай с/г.

  2. Асноўныя мэты дзеяння Сялянскага банку.

  3. Сусветны аграрны крызіс 80-х гг. XIX ст.

  4. Развіццё чыгункі на Беларусі.




: Docs
Docs -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт
Docs -> Установа адукацыі «Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны»
Docs -> “Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны”
Docs -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт
Docs -> Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт
Docs -> Установа адукацыі «Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны»
Docs -> Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны” зацвярджаю
Docs -> Іван Штэйнер Свет шчодры. Свет мяне паўторыць…
Docs -> Установа адукацыі «Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны»


1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   ...   18


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка