С. Ф. Шымуковіч Эканамічная гісторыя Беларусі


Лекцыя 9. Эканамічнае развіццё Беларусі на пачатку XX ст. (1900 - 1913 гг.)



старонка9/18
Дата канвертавання15.05.2016
Памер2.57 Mb.
1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   ...   18

Лекцыя 9. Эканамічнае развіццё Беларусі на пачатку XX ст. (1900 - 1913 гг.)


Асноўныя паняцці, уключаныя ў сістэму трэнінг тэсцірвання:

агульныя прыкметы імперыялізму; асаблівасці расійскага імперыялізму; асноўныя галіны укладання замежнага капіталу; мерапрыемствы ў аграрнай сферы; мэты рэформы; роля чыгункі; галоўныя экспартныя тавары; што ўвозілі на Беларусь; мэты Часовага урада.

Спецыфіка развіцця прамысловасці Беларусі ў пачатку XX ст.
У пачатку XX ст. расійскі капіталізм уступіў у імперыялістычную стадыю.

Агульныя прыкметы імперыялізму:

  • Высокая ступень канцэнтрацыі вытворчасці і капіталу і ўзнікненне манапалістычных аб’яднанняў.

  • Зліццё прамысловага і банкаўскага капіталу і ўтварэнне фінансавага капіталу.

  • Вываз капіталу за мяжу.

  • Барацьба паміж буйнейшымі капіталістычнымі і асобнымі міжнароднымі манаполіямі за перадзел ужо падзеленага свету.

Асаблівасці расійскага імперыялізму:

  • Большая чым на Захадзе ступень манапалізацыі прамысловасці і банкаў.

  • Вываз тавараў пераважаў над вывазам капіталу.

  • У эканоміцы існавалі высокаразвітыя формы прамысловага і банкаўскага капіталу і адносна развіты аграрны капіталізм адначасова з сярэдневечным паўфеадальным землеўладаннем і адсталай сацыяльнай сістэмай.

Свае асаблівасці мела развіцце прамысловасці на Беларусі.
Крызіс 1900 – 1903 гг. і дэпрэсія 1904 – 1908 гг.
Беларускія прадпрыемствы пацярпелі менш, чым расійскія. Ужо з другой паловы 1902 г. пачалося часовае ажыўленне і ў 1903 г. агульны аб'ёмы радукцыі перавысіў узровень 1900 г. на 9,4%. У 1904 – 1907 гг. – дэпрэсія, у 1906 г. была перапынена часовым ажыўленнем. З 1908 па 1914 гг. – эканамічны ўздым (сярэднегадавы рост валавой прадукцыі фабрычна-заводскай прамысловасці склаў 13,9%). Вынікі крызісу – паскарэнне канцэнтрацыі вытворчасці, выцясненне дробных прадпрыемстваў буйнымі капіталістычнымі фабрыкамі і заводамі, будаўніцтва новых прадпрыемстваў, пераабсталяванне раней пабудаваных. Але ў дробнай прамысловасці вытворчасць складала 53,5% ад агульнай, а ў буйной – 46,5%. Дробная прамысловасць адыгрывала дапаможную ролю (бытавыя паслугі насельніцтву), буйная прамысловасць пераважала ў асноўных галінах вытворчасці).

У параўнанні з папярэднім перыядам зменаў у галіновай структуры не адбылося. На 1913 г вядучыя галіны вытворчасці на Беларусі:



  • Харчовая прамысловасць – 26%.

  • Лесанарыхтоўкі і сплаў – 16,8%.

  • Дрэваапрацоўчая — 16,1%.

  • Папяровая — 7%.

  • Чыгуначныя і рамонтныя майстэрні — 5,8%.

  • Шкляная — 5,7%.

  • Тэкстыльная — 4,8%.

  • Гарбарна-абутковая — 4,1%.

  • Металаапрацоўчая — 3,8%.

  • Запалкавая — 2,9%.

Хуткімі тэмпамі новыя тэхналогіі уводзілі на прадпрыемствах дрэваапрацоўчай, цагельнай, шкляной і металаапрацоўчых галін прамысловасці. Значна адставала харчовая прамысловасць. У тэкстыльнай прамысловасці скарацілася суконная вытворчасць, перавагу атрымала льнопрадзенне. У дрэваапрацоўчай прамысловасці з'явілася фанерная і мэблевая вытворчасці. У гарбарна-абутковай прамысловасці рамесную вытворчасць змяніла буйная прамысловасць. У лесахімічнай прамысловасці, дробныя прадпрыемствы саступілі месца буйным прадпрыемствам (Аршанскі павет, Вындрыцкі завод па сухой перагонцы дрэва – буйнейшы ў Расіі). У металаапрацоўцы спалучаліся невялікія прыватнакапіталістычныя прадпрыемствы з буйнымі чыгуначнымі рамонтнымі майстэрнямі.
Манапалістычныя аб'яднанні
Чэрвень 1905 г., Мінск – створаны Камітэт запалкавых фабрыкантаў Заходняга краю. Ён вызначаў манапольныя цэны на рынку, рэгуляваў вытворчасць і продаж запалак. Па прапанове Камітэта быў створаны Ўсерасійскі запалкавы сіндыкат з цэнтрам у Маскве.

Адначасова дзейнічалі ў Віцебску сіндыкат гаспадароў цагельных заводаў, у Оршы — сіндыкат піваварных заводчыкаў Паўночна-заходняга краю. У лясной і папяровай прамысловасці былі створаны Саюз лесапрамыслоўцаў Паўночна-заходняга краю і аб’яднанне “Прадакон”. У вогуле, ступень манапалізацыі была ніжэйшый, чым у Расіі.


Акцыяніраванне
На 1913 г. налічвалася 34 акцыянерныя прадпрыемствы з удзельнай вагай 14,8%. Акцыянерныя таварыствы карысталіся падтрымкай банкаў што дазваляла праводзіць пераўзбраенне і будаўніцтва новых прадпрыемстваў.

1912 г., Мінск – шпалерная фабрыка (вырабляла 14,5% усіх шпалераў Расіі). Акцыянернае таварыства “Шаўрохром” пабудавала буйную абутковую фабрыку “Скараход”. Ваўкавыскі павет – цэментны завод акцыянернага таварыства “Валынь”.


Замежныя інвестыцыі
На 1913 г. удзельная вага прадпрыемстваў з замежным капіталам – 6,7%. Аднак за 1900 – 1913 гг. гэта доля вырасла ў 11,6 разоў.

Асноўныя галіны укладання капіталу:

  • Лесаапрацоўка. Пераважна германскі капітал: фірма “Фрыц Шульц” у м. Вярхуціна Бабруйскага павету мела буйны лесапільна-фанерны завод (400 рабочых); на ст. Калодзішчы лесапільна-фанерны завод (нямецка-аўстрыйскае таварыства) перапрацоўваў драўніну з Мінскага і Ігуменскага паветаў.

  • Гарбарна-абутковая прамысловасць. Мінск – абутковая фабрыка “Арол” таварыства руска-амерыканскай вытворчасці абутку.

  • Тэкстыльная прамысловасць. Пераважаў бельгійскі капітал – буйнейшая льнопрадзільная фабрыка “Дзвіна” ў Віцебску (1,5 тыс. рабочых); аўстрыйскі капітал — Высачанская льнопрадзільная фабрыка; французскае “Акцыянернае таварыства Баньфуа, Жорж і К0” валодала 2-ма шоўкакруцільнымі фабрыкамі.

Выкарыстоўванне замежнага капіталу садзейнічала пераўзбраенню прадпрыемстваў, росту вытворчасці, росту збыту прадукцыі за мяжу. У 1913 г. на новых прадпрыемствах выраблялася 78,2% тэкстыльнай прадукцыі.

Але прамысловае развіцце адставала ад Расіі. На душу насельніцтва прадукцыі атрымлівалася ў 2 разы менш. Беларускія рабочыя складалі ў 1913 г. толькі 3,5% ад усерасійскага пралетарыяту.


Гарады, гарадское насельніцтва
У першыя дзесяць год стагоддзя вызначыліся галоўныя прамысловыя цэнтры Беларусі:

  • Мінск ў 1913 г. - 69 цэнзавых (буйная капіталістычная прамысловасць) прадпрыемстваў з 5097 рабочымі.

  • Віцебск – 45 буйных прадпрыемстваў з 3886 рабочымі.

  • Гродна – 19 цэнзавых прадпрыемстваў з 2342 рабочымі.

  • Пінск, Гомель, Магілёў, Брэст, Барысаў, Мазыр, Смаргонь, Копыль і Орша – прамысловыя цэнтры з некалькімі прадпрыемствамі цэнзавай прамысловасці.

Усяго на прадпрыемствах цэнзавай прамысловасці ў 1913 г. налічвалася 57 тыс. рабочых, рост з 1900 г. склаў 76,6%. Агульная колькасць наёмных работнікаў дасягнула 514 тыс. чалавек разам з сельскагаспадарчымі рабочымі (114 тыс.).

Укараненне складаных тэхналогій патрабавала кваліфікаваных рабочых. На 1910 г. у Беларусі дзейнічала 66 прафесійных навучальных устаноў (Горацкае рамеснае, Гомельскае тэхнічнае чыгуначнае вучылішча, рамесныя вучылішчы і школы ў Мінску, Гродне, Клімавічах, Ракаве, Мазыры, Рэчыцы, Дрысе, Негневічах (Навагрудскі павет), Баранавічах). Яны падрыхтавалі 4085 рабочых ніжэйшай і сярэдняй кваліфікацыі.

У нацыянальным складзе буржуазіі і пралетарыяту змен не адбылося. Доля беларускай буржуазіі складала каля 2% ад усёй колькасці беларусаў, ці каля 20 тыс. чалавек.
Дабрабыт насельніцтва Беларусі
Сярэднегадавы заробак фабрычна-заводскіх рабочых у 1901 г. склаў 157,9 руб., а ў 1904 г. – 1913 г. 210,4 руб. выдаткі на жыллё і харчаванне складалі 2/3 заработкаў. Сярэднегадавы заробак настаўніка гарадскіх ці павятовых вучылішчаў складаў 1200 рублёў.

Цэны на галоўныя прадукты: 1 кг жытняга хлеба – 2,5 кап.; 1 кг ялавічыны – 45 кап.; 1 літр малака – 6 кап.; мужчынскі касцюм з якаснай баваўнянай тканіны – 40 руб.; кватэра на акраіне Мінска каштавала каля 5 руб. на месяц, праезд на концы ў Мінску – 5 капеек.

У гэты перыяд урад прыняў рад законаў аб паляпшэнні ўмоў працы рабочых. 2 чэрвеня 1903 г. быў прыняты закон аб дапамозе рабочым, што пацярпелі ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці. У 1902 – 1903 гг. было прынята заканадаўства па рэгуляванні ўзаемаадносін гаспадароў і рабочых у рамеснай вытворчасці. У 1912 г. быў адобраны (пачынаў дзейнічаць з 1914 г.) закон аб страхаванні рабочах ад няшчаснага выпадкук ці хваробы. Але гэты закон распаўсюджваўся толькі на рабочых цэнзавай прамысловасці, і на Беларусі пад яго дзейнасць падпадала каля 20% працоўных.

У 1900 — 1913 гг. адбыўся далейшы рост прамысловай вытворчасці на Беларусі, у асноўным за кошт буйной прамысловасці. Уся прамысловасць давала ў 1913 г. ужо 20,4% нацыянальнага даходу, што на 5,4% болей, чым на пачатку стагоддзя.


Сельская гаспадарка Беларусі на пачатак XX ст. Сталыпінская аграрная рэформа на Беларусі
На пачатак XX ст. Расія ператварылася ў адну з галоўных краін-экспарцёраў хлеба ў Еўропу (25% сусветнага рынку). Акрамя таго, яна вывозіла 50% сусветнага экспарту яек, 80% нарыхтоўкі лёну. Але гэтыя поспехі адбываліся на фоне невырашанага аграрнага пытання (захоўваліся феадальныя парадкі на вёсцы) і перыядычнага голаду сярод сялян краіны. Абвастрыліся гэтыя супярэчнасці пад час рэвалюцыі 1905-1907 гг.

Мерапрыемствы ў аграрнай сферы:

  1. 3 лістапада 1905 г. – маніфест аб адмене выкупных плацяжоў з сялян з 1 студзеня 1906 г. — напалову, а з 1 студзеня 1907 г. — поўнасцю. Зямля стала ўласнасцю домагаспадара ці абшчыны (пры абшчынным землеўладанні).

  2. Указ 9 лістапада 1906 г. “Аб дапаўненні некаторых пастаноў дзеючага закона, які тычыцца сялянскага землеўладання і землекарыстання” (з 14 чэрвеня 1910 г. – дзяржаўны закон), які абвясціў асноўныя прынцыпы рэформы сельскай гаспадарцы.

Мэты рэформы: разбурэнне абшчыны, замацаванне прыватнай зямельнай уласнасці, стварэнне “сярэдняга” сялянскага класа – асноўнай сацыяльнай апоры рэжыму. Рэформу праводзіў “Асобны Камітэт па землеўпарадкавальных справах”, яму падпарадкоўваліся губернскія і павятовыя землеўпарадкавальныя камісіі. Сялянскі пазямельны банк аказваў фінансавую падтрымку рэформы (купля і продаж зямлі, атрыманне ссуд, крэдытаў). У сакавіку 1911 г. на Беларусі (у Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губернях) былі ўведзены земствы, што павінна было спрыяць правядзенню рэформы.

У сталыпінскай праграме перабудовы вёскі вылучаюць напрамкі:



  • разбурэнне сельскай абшчыны (па ўказе 9 лістапада 1906 г. селянін-абшчыннік мог патрабаваць замацавання часткі абшчыннай зямлі ў прыватную ўласнасць. Пасля выхаду з абшчыны ен меў права карыстацца выганамі, сенакосамі, ляснымі і іншымі абшчыннымі ўгоддзямі. З 1910 г. выхад з абшчыны стаў абавязковым.);

  • насаджэнне хутарскіх ці адрубных сялянскіх гаспадарак (прыватныя гаспадаркі меркаваліся ў форме хутароў, калі на дзялянку зямлі пераносілася сядзіба гаспадара альбо адруба). Дзеля прапаганды хутарской формы гаспадарання ствараліся паказальныя хутары, ішла прапаганда праз СМІ;

  • правядзенне комплексу агратэхнічных мерапрыемстваў (наладжванне сельскагаспадарчых складоў, пракатных зернеачышчальных і ветэрынарных пунктаў, племянных гадавальнікаў жывёлы, арганізацыю сельскагаспадарчых кааператыўных таварыстваў і суполак, стварэнне доследна-паказальных гаспадарак, наём на службу аграномаў і спецыялістаў сельскай гаспадаркі, размеркаванне грашовых дапамог і ссуд на агранамічныя і тэхнічныя мэты, прапаганда агранамічных ведаў, арганізацыя курсаў і лекцый для сялян па шматпольных севазваротах, прымяненню машын, угнаенняў, лепшых сартоў насення, жалезных плугоў, прапаганда вогнестойкага будаўніцтва, меліярацыі) і дапамога перш за ўсё заможным гаспадаркам;

  • добравольнае перасяленне малазямельных і беззямельных сялян у Сібір, на Паўночны Каўказ і ў Сярэднюю Азію.

  • рэформа прадугледжвала пашырэнне грамадзянскіх правоў сялян: адмену цялесных пакаранняў сялян, свабоду выбару месца пастаяннага жыхарства і некаторыя іншыя правы.


Асаблівасці рэформы на Беларусі


  1. Фарсіраваныя тэмпы землеўпарадкавання.

  2. 60% агульнай зямельнай плошчы да пачатку рэформы ўжо было ў прыватным землеўладанні, а 34% складалі сялянскія надзельныя землі.

  3. Па ўдзельнай вазе памешчыцкага непрацоўнага землеўладання Беларусь займала другое месца ў Еўрапейскай Расіі. Сутнасць эвалюцыі ў гаспадарчых адносінах выяўлялася ў тым, што на працягу ўсяго перыяду расло сялянскае землеўладанне за кошт скарачэння дваранскага.

  4. У Беларусі хутчэй разбураліся абшчыны. У Магілёўскай губерні – да 1915 г. выйшла 56,8% абшчыннікаў, у Віцебскай 28,9%.

  5. У Гродзенскай, Віленскай і Мінскай губернях абшчын ў 1905 г. практычна не было.

  6. Рассяленне на хутары ішло марудна. Прычыны – малазямелле і вялікасямейнасць. Да 1916 г. на надзельных, казённых і банкаўскіх землях створана каля 128 тыс. хутароў і адрубоў (12% ад колькасці сялянскіх двароў). Прыкладна такі паказчык быў па Расіі – 10%.

  7. Перасяленне сялян у іншыя рэгіёны імперыі было падрыхтавана дрэнна. Да 1914 г. выехала 356.378 чал., вярнулася 36.544 чал. (10,9%). Асноўная маса перасяленцаў была з усходніх рэгіёнаў Беларусі (дрэнныя глебы, вялікія сем’і).

  8. Другі напрамак міграцыі беларусаў (як сялян, так і гараджан) – краіны Захаду (ЗША, Канада, Германія, Аргенціна, Бразілія). Выязджалі як на пастаяннае жыхарства, так і на часовыя заробкі. Да 1913 г. выехала 1,5 млн. чалавек. Вярнулася 600 тыс.

  9. Урад на Беларусі праводзіў мерапрыемствы па пашырэнні рускага землеўладання. Быў створаны “асобны фонд для ўладкавання рускіх пасяленцаў у Паўднева-Заходнім краі”, які фарміраваўся за кошт казённых зямель. Адначасова Дзяржаўны банк не даваў крэдытаў землеўладальнікам каталіцкага веравызнання.


Дзейнасць Сялянскага пазямельнага банка

Аўтары рэформы прадугледжвалі павелічэнне сялянскіх надзелаў за кошт пакупкі імі зямлі. Гэтыя аперацыі праводзіў Сялянскі банк. Галоўнымі прадаўцамі былі памешчыкі. На 1900 г. у Дваранскім банку (супрацоўнічаў з Сялянскім у аперацыях куплі-продажу зямлі) было закладзена 52% памешчыцкай зямлі. На 1 студзеня 1914 г. у распараджэнні Сялянскага банка было 211.302 дзесяцін зямлі. Сярод прадаўцоў зямлі былі купцы, мяшчане, малазямельныя сяляне-абрубшчыкі.

Галоўнымі пакупнікамі зямлі былі заможныя сяляне, дробнае сельскае чыноўніцтва (сельскія пісары, ураднікі). За 10 гадоў у пяці беларускіх губернях Сялянскім банкам было прададзена з выдзяленнем ссуд і за наяўны разлік каля 250 тыс. дзесяцін зямлі на суму 20,5 млн. руб. (у прыватную ўласнасць 91%, таварыствам — 6,67%, сялянскім абшчынам 2,36%). Куплялі зямлю пад хутары (гэта 229 тыс. дзесяцін ці 98,3%). Для куплі зямлі ў адзіночку даваўся крэдыт да 500 руб., а пры закупцы абшчыннай адкрываўся крэдыт да 150 руб. на кожнага.

Сялянскі банк практыкаваў “запродаж” банкаўскай зямлі ў формах:



  • грашовая арэнда зямлі сялянамі;

  • продаж ў растэрміноўку;

  • продаж з атрыманнем задатку і г.д.

Плошча запраданай зямлі была даволі значнай. Так, у 1907 — 1909 гг. у беларускіх губернях было запрадана 38.736 дзесяцін. Пры гэтым цэны на зямлю банк завышаў.

Вынікі рэформы:

  1. Памешчыцкае землеўладанне захавалася, яго доля скарацілася да 47 % агульнай зямельнай плошчы.

  2. Яшчэ большая частка памешчыкаў перайшла на капіталістычныя формы гаспадарання (увядзенне шматполля, прымяненне жалезных плугоў, сельскагаспадарчых машын, мінеральных угнаенняў, наёмнай рабочай сілы).

  3. У капіталістычных памешчыцкіх гаспадарках павысілася ўдзельная вага малочнай і мясной жывёлагадоўлі, свінаводства, садаводства, льнаводства.

  4. Адбыўся істотны рост сялянскай гаспадаркі. Яна давала каля 90% збору збожжа і бульбы. Пад тэхнічныя культуры і бульбу сяляне адводзілі ў 5,7 і 12 разоў зямлі болей, чым памешчыкі. Сялянам належала 94,4% коней і буйной рагатай жывёлы.

  5. Адбылася канцэнтрацыя зямлі ў руках заможных сялян (неабходная ўмова буржуазнай перабудовы сельскай гаспадаркі). Сераднякі складалі 20% ад сялянскіх двароў, заможныя – 12%. Сельскагаспадарчая буржуазія пераважна была беларускай.

  6. Вырасла колькасць беззямельных і незаможных сялян (каля 68% двароў).

  7. Узрасла ўраджайнасць асноўных культур на 16,4%. Гродзенская губерня – першае месца па ўраджайнасці жыта, Мінская трэцяе, Віленская пятае, Магілёўская адзінаццатае сярод губерняў Еўрапейскай Расіі.

  8. У беларускіх губернях больш пашырана перапрацоўка жывёлагадоўчых прадуктаў, траванасенне, выкарыстоўванне с/г машын, чым у расійскіх губернях.

  9. Павялічыўся экспарт с/г прадукцыі. За 1900 – 1913 гг. малочных прадуктаў вывезлі на 20,8%, мяса на 193,6%, льновалакна на 18% больш. У 1913 г. вывезена 9.671 тыс. вёдраў спірту (68% ад вырабленага).

  10. Адбыўся рост капіталаў. У 1913 г. устаноў дробнага крэдыту было 2046. Сума ўкладаў вырасла з 22 млн. (1910 г.) да 53 млн. руб. На адну ашчадную кніжку “земляробца” ў 1915 г. прыходзілася 212 руб. С\г кааперацыя набыла розныя формы – спажывецкая, вытворчая, крэдытная, збытавая і інш.

Рэформа спрыяла распаду сялянскай абшчыны, надзелу сялян прыватнай зямлёй, паляпшэнню структуры сялянскай гаспадаркі і яе матэрыяльнага дабрабыту, пашырэнню праслойкі заможных гаспадароў і росту вясковага пралетарыяту. Але яна не змагла карэнным чынам змяніць паўфеадальны характар беларускай вёскі і паставіць яе на заходнееўрапейскі ўзровень.
Развіццё транспарту, унутранага і знешняга гандлю, фінансава-крэдытнай сістэмы
Развіцце інфраструктуры Беларусі залежала ад поспехаў у развіцці прамысловасці і стратэгічнага палажэння ў Расійскай імперыі.
Развіццё транспарту
Будаўніцтва чыгунак у пачатку стагоддзя ішло больш павольна. Была пабудавана Пецярбургска-Адэская дарога ад Віцебска да Жлобіна, чыгуначная лінія Балагое — Полацк — Маладзечна — Седлецк. Новых чыгунак амаль не праводзілі, але ўводзілі ў эксплуатацыю другія калеі раней пабудаваных дарог. На 1913 г. па насычанасці чыгункай на 1000 км2 тэрыторыі Беларусь у 1,8 раза перавышала паказчыкі еўрапейскай часткі імперыі.

Роля чыгункі:

  • Паскаралася распрацоўка і выкарыстанне прыродных багаццяў.

  • Спрыяльныя ўмовы для развіцця атрымлівала прамысловасць і сельская гаспадарка.

  • Пашыраўся прыток капіталу і сфера яго прымянення.

  • Вузлавыя станцыі хутка раслі і ператвараліся ў прамысловыя гарады.

Водны транспарт атрымаў другараднае значэнне з развіццём чыгунак, аднак меў спрыяльныя ўмовы для далейшага развіцця. На 1000 км2 прыходзілася 0,66 км. рачных шляхоў, гэта ў 3 разы больш, чым па Еўрапейскай Расіі.

Шасэйныя дарогі дзяржаўнага значэння злучалі прамысловыя і адміністрацыйныя цэнтры рэгіёну з іншымі рэгіенамі імперыі і замежнымі краінамі.

Дзякуючы развітай транспартнай сетцы і спрыяльнаму геаграфічнаму становішчу, Беларусь стала важным рэгіёнам, які злучаў прамысловыя цэнтры Расійскай імперыі (Пецярбургскі, Прыбалтыйскі і Украінскі) з прамысловаразвітай Еўропай. Такім чынам, Беларусь удзельнічала ў міжнародным гандлі.



Галоўныя экспартныя тавары:

  • Лён і прадукты перапрацоўкі. За першае дзесяцігоддзе экспарт лёну вырас на 1/3 (гэта 1/6 агульнарасійскага льнянога экспарту), льновалакна — на 18%.

  • Лес і прадукцыя лесаапрацоўкі. Толькі ў Германію вывозілі 54,1% ад агульнарасійскага аб’ему.

  • Прадукцыя с/г прамысловасці: масла, хлеб, яйкі, сыр, жывая і забітая птушка, садавіна. Пры гэтым значна павялічваецца вываз жывёлы ў перапрацаваным выглядзе. Вываз малочных прадуктаў за першыя 10 год вырас на 20,8%, мяса — на 193,6%.

  • Сельскагаспадарчыя машыны і прылады (галоўным чынам ва ўсходнім напрамку).

На Беларусь увозілі:

  • Загатоўкі і сталь для перапрацоўкі на мясцовых заводах.

  • С/г машыны (з Захаду).

  • Зярно.


Унутраны гандаль. Асноўныя прыкметы
Галоўнае месца заняў аптовы і рознічны гандаль, дапаможная роля – ярмаркі і базары. Актыўна адбывалася канцэнтрацыя і цэнтралізацыя гандлю. У 1913 г. налічвалася 220 буйных гандлёвых дамоў і акцыянерных таварыстваў, 55.300 сярэдніх і дробных гандлёвых прадпрыемстваў (ларкі, палаткі, тракціры, карчмы і г.д.). Па прыналежнасці: прыватнакапіталістычны сектар – 78,9%, дзяржаўна-капіталістычны сектар – 19,9%, спажывецкая кааперацыя – 1,2%.

Рост рознічнага тавараабароту з 1900 па 1913 г. склаў 72% (больш чым па Расіі). На душу насельніцтва гэта склала 23,6 руб. (у 1,8 раза меней, чым па Расіі). На душу гарадскога насельніцтва тавараабарот у 18 разоў большы, чым на душу сельскага насельніцтва. 1/3 тавараабароту – гэта продаж алкагольных напоеў.


Грашовая сістэма
Пасля рэформы 1895 – 1897 гг. Грашовая сістэма Расійскай імперыі стабілізавалася. У абарачэнні былі папяровыя крэдытныя білеты ад 1 да 50 руб., якія свабодна разменьваліся на золата, залатыя, срэбныя і медныя манеты (наміналы — ад чвэрці капейкі да 10 руб.). На 1 студзеня 1914 г. у агульнай грашовай масе золата складала 21,2%, срэбра - 5,4%, крэдытныя білеты - 73,4%.

Беларусь з’яўлялася рэгіёнам-донарам, тут збіралася на 1/3 дзяржаўных падаткаў больш, чым выдаткоўвалася на расходы (за 1900 – 1913 гг. было сабрана 879 млн. руб., выдаткавана 588 млн. руб.) Асноўныя крыніцы даходаў: чыгунка, акцызы, пошліны, віна-водачная манаполія. Прамысловасць, гандаль і грашовыя капіталы абкладаліся мізэрным падаткам.

Мясцовыя бюджэты папаўняліся за кошт абкладання нерухомай маёмасці (каля 50% паступленняў). Расходы: будаўніцтва і рамонт дарог, медыцына, ветэрынарныя мерапрыемствы, адукацыя, утрыманне мясцовых органаў улады.

Банкаўска-крэдытная сістэма.

Да 1914 г. склалася шматступенная сістэма крэдытных устаноў. На чале – губернскія аддзяленні Дзяржаўнага банка (абапіраўся на бюджэтныя і эмісійныя рэсурсы, абслугоўваў буйны гандлёвы абарот і больш дробныя крэдытныя ўстановы). На Беларусі дзейнічала каля 18 камерцыйных банкаў. Найбуйнейшыя: Руска-Азіяцкі, Азоўскі, Злучаны, Руска-Французскі, Віленскі камерцыйны і інш. Непасрэдна ў прамысловасць свае капіталы яны не ўкладвалі. Існавала катэгорыя пасрэднікаў – прыватныя банкірскія канторы, што ўкладвалі атрыманыя сродкі (кароткатэрміновыя пазыкі) ў прамысловасць і гандаль. Так адбывалася зрошчванне банкаўскага капіталу з прамысловым капіталам праз пасрэдніцтва агентаў фінансавага капіталу. Такая сістэма выклікала развіццё таварыстваў узаемнага крэдыту. Да канца 1913 г. іх колькасць дасягнула 74.

Банкі ўкладвалі пэўныя сродкі ў эканоміку Беларусі. На 1 студзеня 1914 г. было інвеставана 83,5 млн. руб. Пры гэтым тэмпы росту крэдытавання апераджалі рост фабрычна-заводскай прамысловасці і тавараабароту ў 2 — 3 разы. Але для банкаў гэтыя аперацыі былі вельмі выгаднымі. У 1913 г. чысты прыбытак акцыянерных камерцыйных банкаў на Беларусі склаў 1 млн. руб., Дзяржаўнага банка — каля 500 тыс. руб.

Дробнатаварная вытворчасць і дробны гандаль не крэдытаваўся банкамі. Іх абслугоўвалі дробныя крэдытныя установы на кааператыўнай аснове. Рэсурсы крэдытнай кааперацыі на 1914 г. склалі каля 29 млн. руб.

3 1900 па 1913 г.

На працягу 1900 – 1913 гг. эканоміка Беларусі зрабіла значныя поспехі. Нацыянальны даход вырас удвая, падняўшыся з 536 млн да 1 млрд руб. Капіталістычныя формы гаспадарання замацаваліся ў прамысловасці, аграрным сектары, будаўніцтве, гандлі, фінансавай і іншых сферах. Але Беларусь і ў 1913 г. працягвала заставацца ў гаспадарцы Расійскай імперыі аграрным раёнам.


Прамысловасць і сельская гаспадарка Беларусі ў гады першай сусветнай вайны
Расія ўступіла ў першую сусветную вайну 1 жніўня 1914 г. Летам 1915 г. тэрыторыя Беларусі стала арэнай ваенных дзеянняў.

Асаблівасці развіцця эканомікі ў ваенных абставінах:

  • Падзел тэрыторыі Беларусі на дзве часткі: заходняя апынулася пад нямецкай акупацыяй, а ўсходняя ператварылася ў прыфрантавую паласу, у бліжэйшы тыл рускай арміі.

  • Вялікая колькасць вайскоўцаў (на Заходнім фронце 1,5 млн. салдат і афіцэраў) і ваенных устаноў (Стаўка спачатку ў Баранавічах, потым у Магілёве.

  • Бежанства. Спалучалася прымусовае высяленне сялян з пакінутых тэрыторый (маёмасць знішчалася ваеннымі) і дабравольнае перасяленне. Гарады і мястэчкі былі перапоўнены, колькасць бежанцаў склала звыш 1,3 млн. чалавек. Улады не спраўляліся з патокам перасяленцаў. Гэта выклікала скучанасць, рост цэн на харчаванне,эпідэміі тыфу і халеры. У кастрычніку 1915 г. быў дадзены загад перасяліць бежанцаў у прымусовым парадку за Днепр.

  • Мабілізацыя насельніцтва. У армію была мабілізавана палова мужчын ва ўзросце 18—40 гадоў. 3 тых, хто застаўся, на патрэбы фронту працавала 80%.

  • Паменшылася смяротнасць насельніцтва, дзякуючы ўвядзенню "сухога" закону.

  • Крызіс цывільнай прамысловасці. Парушаны эканамічныя сувязі. Пачаліся перабоі ў забеспячэнні сыравінай, палівам, збыцці гатовай прадукцыі. Па гэтых прычынах адразу закрылася 20% прадпрыемстваў. Дрэнна працаваў транспарт. Колькасць прадпрыемстваў цэнзавай прамысловасці ў 1917 г. у параўнанні з 1913 г. ва ўсходняй частцы Беларусі скарацілася з 822 да 297, або у 2,7 раза. Грамадзянская вытворчасць прамысловасці складала ўсяго 15 —16% даваеннага ўзроўню. Але ішоў працэс канцэнтрацыі прамысловасці і рабочай сілы. У 2 разы павялічылася колькасць жанчын і падлеткаў сярод асоб, занятых у вытворчасці..

  • Эвакуацыя прамысловасці дрэнна арганізавана. З заходніх губерняў Беларусі вывезены асобныя заводы і фабрыкі, з Мінскай 24 прадпрыемствы. На Беларусь вывозіліся прадпрыемствы з Прыбалтыкі і Польшчы (з Варшаўскай губерні ў Мінск – аўтамабільныя майстэрні і школа шафёраў, у Барысаў — завод металічных вырабаў і алоўкавая фабрыка, у Магілёў — дзве фуфаечныя фабрыкі і гарбарны завод, у Гомель — чыгуначныя майстэрні. 3 Рыгі ў Віцебск – суперфасфатны, два гарбарныя, кансервавы заводы, шарсцяная і ватная фабрыкі).

  • Рост ваеннай вытворчасці за кошт цывільных галін прамысловасці. Металаапрацовачныя, лесаапрацовачныя, абутковыя, тэкстыльныя, швейная, харчовая прадпрыемствы выконвалі вайсковыя заказы, пашыралі вытворчасць і павялічвалі колькасць рабочых. На пачатак 1917 г. з 134 буйных прадпрыемстваў 79 працавалі па забеспячэнні арміі.

  • З’явіліся спецыялізаваныя ваенныя прадпрыемствы. У Полацку –авіяцыйна-аўтамабільная майстэрня, у якой праводзіўся капітальны рамонт рухавікоў. Бабруйску і Нова-Беліцы – аружэйныя майстэрні.

  • Будаўніцтва новых чыгунак: Жлобін — Оўруч (1915 г.), Уручча—Слуцк (1916 г.). Вялася рэканструкцыя старых чыгуначных ліній, пашыралася іх прапускная здольнасць.

  • Скараціліся пасяўныя плошчы на 15,6% (да 1916 г.). У 1917 г. 32,5% сялянскіх гаспадарак Віцебскай губерні аказаліся без работнікаў — мужчын. У сялян забіралі коней, кароў, фураж, хлеб і інш. Пагалоўе жывёлы скарацілася на 671 тыс. галоў, ці на 11,4%. Сяляне вярталіся да натуральнай гаспадаркі.

  • Цэны на прадукты харчавання і асноўныя прамысловыя тавары ўзраслі ў 2 — 7 разоў. Квартплата ўзрасла на 50 — 100 %.

  • Збядненне насельніцтва прывяло да люмпенізацыі і росту рэвалюцыйных настрояў. Лютаўская буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя ў Беларусі прайшла без асаблівах складанасцей, 2—8 сакавіка 1917 г. царская адміністрацыя была ліквідавана ва ўсіх значных цэнтрах Беларусі.

  • На акупаваных тэрыторыях устаноўлены рэжым канфіскацый (сістэма падаткаў і штрафаў). Натуральны падатак уключаў воўну, авёс, скуры, масла, метал, паперу і інш. Падаткамі абкладаліся бойні, рынкі, відовішчныя ўстановы, бальніцы і г.д.


Эканамічная палітыка Часовага ўраду
Пытанне аб уладзе ў сельскай мясцовасці было больш заблытаным, чым у сталіцы. На кіраванне ў рэгіене прэтэндавалі:

  • Саветы рабочых, сялянскіх, салдацкіх і батрацкіх дэпутатаў;

  • камісары Часовага ўраду і камітэты грамадскай бяспекі;

  • Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага;

- розныя палітычныя сілы, якія ставілі мэту – аднаўленне беларускай дзяржаўнасці.

Паступова рэальную ўладу атрымаў Часовы ўрад і яго прадстаўнікі на месцах – губернскія і павятовыя камісары.



Мэты урада: 1) працяг вайны; 2) скліканне ўстаноўчага сходу для вырашэння далейшага лёсу Расійскай дзяржавы, 3) вызначэнне палітыкі ў адносінах да рабочых, сялян і салдат.

Часоваму ўраду дасталася цяжкая эканамічная спадчына. Чыгуначны транспарт быў паралізаваны. Ваенныя выдаткі дасягнулі 30,5 млрд. руб. у год, што перавышала ў 10 разоў даваенны сярэднегадавы даход. Афіцыйны курс рубля склаў 55 кап. серабром, рэальна – каля 27 кап. Адначасова рабочыя патрабавалі: увядзенне 8-гадзіннага рабочага дня, павышэнне заработнай платы, устанаўленне свабоды прафесійных саюзаў і забастовак, дзяржаўнага сацыяльнага страхавання.



Галоўныя мерапрыемствы:

- Далейшая мабілізацыя прамысловасці на патрэбы абароны. Аднак мерапрыемствы поспеху не мелі і з лета 1917 г. пачаўся стыхійны працэс канверсіі фабрык і заводаў. Прамысловая буржуазія выступіла супраць умяшання дзяржавы ў сферу вытворчасці і размеркавання эканамічных рэсурсаў.

- Палітыка рэгулявання цэн, барацьба з дарагавізнай, спекуляцыяй і інфляцыяй. Мерапрыемствы не мелі поспеху. Агульны дэфіцыт бюджэту за 1917 г. склаў 23,4 млн. руб. Падаткі амаль не збіраліся. За час праўлення Часовага ўраду дзяржаўная пазыка склала 49 млрд. руб. (павялічылася на 14,4 млрд. руб.). З іх на ўнутраную пазыку прыходзілася 37,8 млрд. руб. і знешнюю 11,2 млрд. руб.

- 25 сакавіка 1917 г. была ўведзена дзяржаўная манаполія на хлебны гандаль пры адначасовым павышэнні цвёрдых цэн на ўсе віды хлебных вырабаў на 60 – 70%. Правал хлебнай манаполіі прывёў да адмены спажывецкага рэгулявання і наступлення голаду.

- Часовы ўрад адклаў вырашэнне аграрнага пытання (ліквідацыя памешчыцкага землеўладання) да склікання Устаноўчага сходу. Былі створаны галоўны, губернскія, павятовыя і валасныя камітэты для падрыхтоўкі матэрыялаў па рэформе. Адначасова сяляне прыцягваліся да крымінальнай адказнасці за недазволенае карыстанне памешчыцкімі зямлямі і беспарадкі. Падаўлялі сялянскія выступленні армейскія часці.

- Летам 1917 г. Часовы ўрад увёў земскія ўстановы ў Віленскай і Гродзенскай губернях, але абсалютная большасць тэрыторыі губерняў была захоплена нямецкай арміяй.

Мерапрыемствы Часовага ўраду не здолелі палепшыць сацыяльна-эканамічнага становішча ў краіне, больш таго, прывялі да рэвалюцыйнага выбуху восенню 1917 г.

Кантрольныя пытанні


  1. Асаблівасці прамысловага развіцця Беларусі пад час крызіса 1900-1903 гг. і дэпрэсіі 1904-1908 гг.

  2. Напрамкі аграрнай рэформа П.Сталыпіна.

  3. Гандль на Беларусі на пачатаку XX ст.

  4. Асаблівасці беларускай прамысловасці ў 1917 г.




: Docs
Docs -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт
Docs -> Установа адукацыі «Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны»
Docs -> “Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны”
Docs -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт
Docs -> Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт
Docs -> Установа адукацыі «Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны»
Docs -> Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны” зацвярджаю
Docs -> Іван Штэйнер Свет шчодры. Свет мяне паўторыць…
Docs -> Установа адукацыі «Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны»


Поделитесь с Вашими друзьями:
1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   ...   18




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал