Сакрамэнт як дзейсны знак дыдактычная мэта



старонка5/8
Дата канвертавання15.05.2016
Памер1.16 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8

Бог адказвае


Хтосьці з вучняў чытае тэкст ККК 1356–1357:

Хрысціяне цэлебруюць Эўхарыстыю з самага пачатку, а яе форма па сутнасці не мянялася на працягу стагоддзяў у розных літургічных абрадах. Таму што мы адчуваем сябе звязанымі наказам Пана, які Ён даў напярэдадні сваёй Мукі: “ Гэта чыніце на маю памяць” ( 1 Кар 11, 24-25). Мы выконваем гэты наказ Пана, здзяйсняючы на ўспамін Яго ахвяру. Пры гэтым мы складаем у ахвяру Айцу тое, што Ён сам нам даў: плён Яго тварэння – хлеб і віно, якія сталі моцаю Духа Святога і праз слова Хрыста, Целам і Крывёю Хрыста: такім чынам, Хрыстус рэальна прысутнічае, хоць і містычна. Значыць, мы павінны лічыць Эўхарыстыю:



- падзякаю і праслаўленнем Айца;

- успамінам ахвяры Хрыста і Яго Цела;

- прысутнасцю Хрыста, дзякуючы сіле Яго Слова і Яго Духа”. ( пар ККК 1356–1357).
К. змяшчае на дошцы плакат:
ЭЎХАРЫСТЫЯ

АХВЯРА ПРЫСУТНАСЦЬ

ПАДЗЯКА
(вынікі працы вучні запісваюць у падручнік для вучня)

Касцёл вучыць, што Эўхарыстыя — гэта ахвяра падзякі і праслаўлення, прынесеная Богу Айцу ад імя ўсяго стварэння, праз Хрыста, Яго Сына. Эўхарыстыя з’яўляецца ўспамінам, таму што выяўляе і здзяйсняе ахвяру, якую Хрыстус прынёс Айцу за ўсіх на крыжы дзеля збаўлення чалавецтва. Ахвяра крыжа і ахвяра Эўхарыстыі з’яўляюцца адной ахвярай. Адным з’яўляюцца ахвяра і ахвярадаўца, рознымі з’яўляюцца спосабы ахвярапрынашэння: крывавы — на крыжы, і некрывавы —у Эўхарыстыі.


На падставе тэкстаў ККК мы паспрабуем адказаць на пытанні, якія датычаць прысутнасці Хрыста ў Эўхарыстыі:

К. дзеліць вучняў на 3 групы, якія працуюць з тэкстам ККК, адказваючы на пытанні, змешчаныя ў табліцы (падручнік вучня):
Група — пытанне — адказ

І

— Чым адметны спосаб прысутнасці Хрыста ў Эўхарыстыі?



ІІ

— Ад якога моманту распачынаецца прысутнасць Езуса ў Эўхарыстыі?

ІІІ

— Як мы аказваем хвалу Хрысту ў Эўхарыстыі?


І группа: «Спосаб прысутнасці Хрыста ў Найсвяцейшым Сакрамэнце выключны. Ён узвышае Эўхарыстыю над усімі іншымі сакрамэнтамі і робіць яе „як бы дасканаласцю духоўнага жыцця і мэтаю, да якой імкнуцца ўсе сакрамэнты“. У святым сакрамэнце Эўхарыстыі „праўдзіва, рэальна і субстанцыяльна існуюць разам Цела і Кроў з душою і Боскасцю Пана нашага Езуса Хрыста, а, значыць, увесь Хрыстус“. Гэту прысутнасць называюць „рэальнаю“ не з-за выключнасці – нават калі б іншыя прысутнасці не былі „рэальнымі“, - але перш за ўсё таму, што яна субстанцыяльная і што праз яе цалкам увасабляецца Хрыстус, Бог і чалавек» (пар. ККК 1374).

ІІ група: «Хрыстус становіцца прысутным у гэтым сакрамэнце праз пераўтварэнне хлеба і віна ў Цела і Кроў Хрыста. Айцы Касцёла рашуча пацвердзілі веру Касцёла ў дзейснасць Хрыстовага слова і дзеянне Духа Святога для здзяйснення гэтага пераўтварэння» (пар. ККК 1375).

ІІІ група: «Эўхарыстычная прысутнасць Хрыста пачынаеца ў хвіліну кансэкрацыі і працягваецца ўвесь час, пакуль існуюць эўхарыстычныя постаці. Хрыстус прысутнічае ва ўсёй паўнаце ў кожнай постаці і ў кожнай іх частцы, значыць ламанне хлеба не дзеліць Хрыста» (пар. ККК 1377).

«У Імшы мы паказваем нашу веру ў рэальную прысутнасць Хрыста ў постацях хлеба і віна, у прыватнасці, калі кленчым ці робім глыбокі паклон на знак адарацыі Пана. (...) Гэты культ пакланення, які належыць сакрамэнту Эўхарыстыі, Каталіцкі Касцёл практыкаваў заўсёды і практыкуе не толькі падчас Імшы, але і па-за ёю праз стараннае захаванне Найсвяцейшага Сакрамэнту, праз выстаўленне яго для публічнай адарацыі вернікаў і нясенне яго ў працэсіях» (пар. ККК 1378).

(Свае адказы вучні запісваюць спачатку ў табліцу, раней падрыхтаваную К., а затым у падручнік для вучня.)
Езус застаўся з намі назаўсёды. Не толькі з выбранымі, якія былі з Ім, слухалі Яго словы, былі сведкамі Яго цудаў. Езус застаўся з усімі сваімі вучнямі незалежна ад месца, незалежна ад часу, у якім яны жывуць. Гэта самы вялікі Ягоны дар для чалавека.


Чалавек адказвае Богу

Айцец Раньера Канталамэса, прапаведнік папскага дома, называе малітву пакланення Найсвяцейшаму Сакрамэнту «перакрыжаваннем двух позіркаў» — Хрыста і нашага. Вось, як ён кажа пра малітву адарацыі: «Можа здарацца, што наш позірк слабее, але Ягоны — ніколі. Часам пакланенне Найсвяцейшаму Сакрамэнту — гэта толькі звычайнае прабыванне з Езусам, калі мы проста застаёмся пад Яго позіркам, і тым самым даём Яму магчымасць радавацца, гледзячы на нас. Нашае цела, думкі і пачуцці не ў стане зразумець гэтую невыказную рэчаіснасць, якая ў гэты момант дзейнічае ў нашай душы».


Разважанне:

— Якое значэнне для мяне мае прысутнасць Езуса Хрыста ў Эўхарыстыі?

— Аб чым я размаўляю з Езусам, калі прымаю Яго ў Эўхарыстыі?

— Як я ўдзельнічаю ў святой Імшы?

— Якая мая малітва падзякі за гэты бясцэнны дар?

Пастанова.

Заключная малітва:

Малітва падзякі за дар Эўхарыстыі, а таксама перапрашэння за абыякавасць да святой Імшы.

Хатняе заданне

Напішы, што атрымлівае чалавек, прымаючы св. Камунію?

Тэма № 9, VIII кл.

ЕЗУС КОРМІЦЬ НАС СВАІМ СЛОВАМ
Дыдактычная мэта: указваем на моц Божага слова і яго дзеянне ў Касцёле ад самага пачатку і да сённяшняга дня.

Выхаваўчая мэта: заахвочваем вучняў услухоўвацца ў Божае слова і выконваць Яго.

Асноўныя і дапаможныя матэрыялы: Святое Пісанне: Мц 4, 4; 2 Кар 5, 18–19; Лк 8, 54–55; Лк 1, 38. Карткі з элементамі літургіі слова, а таксама карткі, на якіх напісана, хто і якія функцыі выконвае падчас літургіі слова.

Метады катэхезы: апавяданне, аналіз тэксту, праца ў групах.
Ход заняткаў
Малітва: папросім Пана Бога аб тым, каб мы ўмелі прыняць слова, якое Ён скіруе да нас падчас сённяшняй катэхезы: Пс 119 (118), 105-106.125.133
Чалавек пытае

К. распачынае з вучнямі размову з пытання:

— Якую ролю выконвае слова ў жыцці чалавека?

Словы дапамагаюць нам лепш разумець адзін аднаго, дзяліцца пачуццямі, пераказваць патрэбную інфармацыю. Пан Бог праз вякі прамаўляе да чалавека. Ягонае слова мае асаблівую моц. Паслухайце, калі ласка, гісторыю адной сям’і, якая адчула гэтую моц. (падручнік вучня)

Прафесар аднаго з універсітэтаў збіраў у сваю хатнюю бібліятэку рэдкія кнігі. Хоць ні сам прафессар, ні яго жонка не былі веруючымі людзьмі, яму вельмі хацелася, каб у час бязлітаснага атэізму 70-х гадоў паліцы ягонай бібліятэкі ўпрыгожвала яшчэ адна рэдкая кніга — Біблія. Ён не хацеў марнаваць час на пошукі гэтай кнігі і папрасіў сваіх сяброў знайсці яе, абяцаючы вялікія грошы. І сябры знайшлі, але, як высветлілася, гэта была Біблія для дзяцей. Прафесар з радасцю ўзяў яе, прынёс дадому, пахваліўся жонцы і … з гонарам размясціў кнігу побач з іншымі «рарытэтамі». Ішоў час,
і прафессар ужо забыўся пра свой набытак, але аднойчы перад сном ён зазірнуў у пакой свайго дзевяцігадовага сына і аслупянеў ад нечаканасці. Ягоны сын стаяў на каленях, а побач ляжала разгорнутая дзіцячая Біблія. «Што ты робіш? Хто цябе гэтаму навучыў?» — спытаў разгублены прафесар. «Ніхто, тата, я проста размаўляю з тым, хто і табе, і мне падараваў жыццё», — адказаў хлопчык і падышоў, каб пацалаваць тату перад сном. Праз некаторы час прафесар і ўся яго сям’я прынялі сакрамэнт хросту.

— Як Бог праз Сваё слова дзейнічаў у гэтай сям’і?
Бог адказвае

Вучні працуюць над тэкстамі са Святога Пісання адказваючы на пытанні:

І група:

«А ўсё ад Бога, які праз Езуса Хрыста паяднаў нас з сабою і даў нам служэнне паяднання, таму што Бог у Хрысце яднаў з сабою свет, не зважаючы на грахі людзей і даючы нам слова паяднання» (2 Кар 5, 18–19).

— Якія плады дае Божае слова?

ІІ група:

«Я не саромеюся Евангелля, бо гэта моц Божая, дадзеная для збаўлення кожнаму, хто верыць, спярша юдэю, а потым і грэку» (Рым 1, 16).

— Якія плады дае Божае слова?

ІІІ група:

«А Ён, выслаўшы ўсіх прэч і ўзяўшы яе за руку, усклікнуў: Дзяўчына! Устань! І вярнуўся дух яе; яна адразу ўстала; і Ён загадаў даць ёй есці» (Лк 8, 54–55).

— Якія плады дае Божае слова?

IV група:

«Тады Марыя сказала: Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова”» (Лк 1, 38).

— Як Марыя адказала на Божае слова?

V група:


«А Ён сказаў у адказ: Напісана: не хлебам адным будзе жыць чалавек, але кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых» (Мц 4, 4).

— Як Божае слова ўплывае на жыццё чалавека

Божае слова аб’яўляе самога Бога і Яго моц. Паўнатою аб’яўлення быў прыход Езуса Хрыста на зямлю, калі Спрадвечнае Слова стала Целам. Езус няспынна запрашае нас да стала свайго слова, прагне, каб гэтае слова, якое дае моц усім, Касцёл нёс свету. «Евангелле — гэта вусны Хрыста. Ён прабывае ў небе, але не перастае прамаўляць на зямлі», — кажа св. Аўгустын, падкрэсліваючы, што
у Божым слове прысутны Хрыстус. Св. Геранім параўноўвае Божае слова
з пасілкам, які неабходны для жыцця: «Хто не корміцца словам Божым, той не жыве».

— Якім чынам Касцёл пераказвае Божае слова?



Чалавек адказвае Богу
К. раздае вучням карткі з элементамі літургіі слова, а таксама карткі, на якіх напісана, хто і якія функцыі выконвае падчас літургіі слова. Заданне вучняў — адпаведна іх дастасаваць:
Элементы літургіі слова

• першае чытанне

• псальм

• другое чытанне

• спеў перад Евангеллем

• Евангелле

• гамілія

• вызнанне веры

• малітва вернікаў

Хто выконвае функцыі

• лектар


• псальміст (кантар)

• лектар


• псальміст

дыякан альбо святар

• святар

• удзельнікі літургіі

• лектар і вернікі ( вынікі працы вучні запісваюць у падручнік)
— Як адбываецца дыялог паміж Богам і ўдзельнікамі літургіі слова? (адказы вучняў).

Бог прамаўляе да нас словамі Святога Пісання. Уважліва слухаючы чытанне, Евангелле, гамілію, якую абвяшчае святар, мы чуем, што гэтымі словамі Пан Бог хоча сказаць нам. Мы адказваем Яму спевам, вызнаннем веры і малітвай верных. Перад усім адказам на Божае слова з’яўляецца нашае жыццё, згоднае з Божай Воляй.


Пан Бог скіроўвае да нас сваё слова, якое нясе праўду, жыццё і свабоду. Ён корміць нас сваім словам, якое ўмацоўвае ў нас веру, надзею і любоў.
Разважанне:

— Якое месца займае Божае слова ў святыні майго сэрца?

— Як я ўдзельнічаю ў літургіі слова?

— Як я спаўняў Божае слова ў штодзённым жыцці?

— Як часта я чытаю Святое Пісанне?

— Як часта я дзякую Пану Богу за словы Яго навукі?



Пастанова.

Хатняе заданне:

Напісаць, як ты разумееш словы св. Гераніма: «Хто не корміцца словам Божым, той не жыве».



Заключная малітва:

Просім Найсвяцейшую Маці, каб так, як Яна, мы разважалі над Божым словам у сваім сэрцы, прымалі Яго з даверам і жылі паводле Божай волі: Вітай, Марыя

Тэма № 10, VIII кл.

ЕЗУС КОРМІЦЬ НАС СВАІМ ЦЕЛАМ
Дыдактычная мэта: указваем на тое, якія плады прыносіць прыняцце святой Камуніі.

Выхаваўчая мэта: заахвочваем вучняў да поўнага ўдзелу ў святой Імшы, а таксама выхоўваем да падзякі за дар Эўхарыстыі.

Асноўныя і дапаможныя матэрыялы: Святое Пісанне: Ян 6, 35 а. 51а. ККК 1391–1400. Плакат з біблійным тэкстам, дзве рознакаляровыя карткі, тэкст малітвы для кожнага вучня (з малітоўніка Ойча наш, стар. 162).

Метады катэхезы: сонейка.
Ход заняткаў
Малітва: спеў Пане добры, як хлеб.
Чалавек пытае

Напэўна, кожны з вас адчуваў калісьці голад ці смагу. Прыгадайце, калі ласка, як гэта было, як на гэта рэагаваў ваш арганізм? Якою была ваша рэакцыя?

Для таго, каб жыць вечна, чалавек павінен умацоўвацца Хлебам Нябесным. Падчас кожнай святой Імшы ад стала слова Хрыстус запрашае нас да алтара - стала Эўхарыстыі. Алтар — гэта сімвал самога Хрыста, які сам прысутнічае як ахвяра і які дае сябе нам як нябесную ежу.

(Запіс тэмы: Езус корміць нас сваім Целам.)



К. раздае вучням карткі, на якіх яны пішуць, чым, на іх думку, з’яўляецца святая Камунія. Свае адказы вучні змяшчаюць на паперы ў выглядзе сонейка.
Бог адказвае

Хлеб — гэта плён працы рук чалавека. Віно — гэта сімвал радасці


і цярпення, а вада сімвалізуе чалавека. Падчас кансэкрацыі хлеб перамяняецца ў Цела Хрыста, віно — ў Кроў Хрыста, а вада, змешаная з віном, выражае нашую лучнасць і паяднанне з Хрыстом.

У Святым Пісанні мы чытаем, што Пан Езус няспынна запрашае нас да, каб мы спажывалі хлеб, які дае жыццё:

«Езус сказаў народу: Я ёсць хлеб жыцця; хто да Мяне прыходзіць, не будзе галодны (...). Я хлеб жывы, які сышоў з неба. Калі хто будзе есці гэты хлеб, будзе жыць вечна”» (пар. Ян 6, 35а. 51а). К. змяшчае на дошцы табліцу
з гэтым тэкстам.
Хлеб — гэта тая ежа, якую мы спажываем часцей за ўсё. Праз гэты сімвал кожны можа зразумець, як часта Езус хоча прыходзіць да чалавека і якія плады дае прыняцце эўхарыстычнага хлеба. Як без хлеба, без ежы паволі гасне фізічнае жыццё, так без Эўхарыстыі ў чалавеку гасне духоўнае жыццё.

Цяпер, працуючы над тэкстамі ККК, мы даведаемся, што яшчэ дае чалавеку прыняцце святой Камуніі.



Вучні запісваюць адказы, беручы карткі іншага колеру і «дабудоўваюць» сваімі адказамі сонейка, якое рабілі на пачатку занятка. Вынікі працы вучні запісваюць у падручнік.
ККК 1391–1400

• святая Камунія паглыбляе нашае з’яднанне з Хрыстом;

• святая Камунія выконвае ў нашым духоўным жыцці тую ж функцыю, што і ежа для арганізма;

• прыняцце Цела Хрыстова падтрымлівае, паглыбляе і аднаўляе ў нас жыццё ласкі, атрыманай падчас хросту;

• святая Камунія захоўвае нас ад граху;

• Эўхарыстыя стварае Касцёл — містычнае Цела Хрыста; аднаўляе, умацоўвае і паглыбляе нашую прыналежнасць да гэтай супольнасці;

• Эўхарыстыя абавязвае нас дапамагаць убогім. Ласка, якою Хрыстус адорвае нас, Яго міласэрнасць, абавязвае нас быць міласэрнымі, дзяліцца матэрыяльнымі дабротамі.

• прыняцце святой Камуніі заклікае да братэрскай зычлівасці да хрысціянаў —праваслаўных і пратэстантаў.


Чалавек адказвае Богу

Каб прыняць святую Камунію, неабходна быць цалкам далучаным да каталіцкага Касцёла і быць у стане ласкі, гэта значыць не мець на сумленні смяротнага граху. Хто ўсведамляе, што ўчыніў цяжкі грэх, павінен прыступіць да сакрамэнту пакаяння, перш чым будзе прымаць святую Камунію. Важнымі з’яўляюцца таксама дух засяроджанасці і малітвы, захаванне прадпісанага Касцёлам посту і пастаў цела (жэсты, адзенне), што з’яўляецца знакам павагі да Хрыста.


Напэўна, кожны з нас памятае дзень сваёй І-й святой Камуніі, калі першы раз поўнасцю ўдзельнічаў ў святой Імшы. Падзякуем Пану Богу за дар Эўхарыстыі, за дар І-й святой Камуніі, за ўсіх тых, хто дапамог нам рыхтавацца да Яе прыняцця.

На працягу некалькіх хвілінаў вучні складаюць уласную малітву, запісваюць яе ў сшытак і моляцца ёю на заканчэнне ўрока.

Разважанне:

Касцёл, выконваючы сваю місію і заданне, запрашае кожнага з нас да эўхарыстычнага стала.

— Як часта я дзякую Пану Езусу за дар Эўхарыстыі?

— Як часта я прымаю Езуса ў Эўхарыстыі?

— Кім з’яўляецца для мяне Езус, якога я прымаю ў Эўхарыстыі?

— Як часта я спавядаюся?

— Каго я магу заахвоціць прыйсці на наступную нядзельную св. Імшу?
Пастанова.

Хатняе заданне:

1. Напісаць, якое значэнне мае для вучня прыняцце святой Камуніі.



2. Падкрэсліць, да чаго заклікае вучня гэта малітва:

Дзякую Табе, Пане святы Ойча, усемагутны вечны Божа, які мяне, грэшніка, нягоднага слугу Твайго, без аніякаіх маіх заслугаў, але толькі моцаю Тваёй міласэрнасці палічыў годным наталіць найдаражэйшым Целам і Крывёю Твайго Сына, Пана нашага Езуса Хрыста. Малю, каб гэтая святая Камунія не стала мне прысудам на пакаранне, але збавенным заступніцтвам для прабачэння. Няхай яна будзе для мяне зброяй веры і шчытом добрай волі. Няхай стане вызваленнем ад заганаў, пазбаўленнем ад прагавітасці і нястрыманасці, узрастаннем у любові і цярплівасці, у прастаце і пакоры ды ва ўсіх цнотах; моцнаю абаронаю ад подступаў усіх маіх ворагаў, як бачных, так і нябачных; дасканалым задавальненнем маіх памкненняў, як цялесных, так і духоўных; трывалым прабываннем у Табе — адзіным і праўдзівым Богу, а таксама шчаслівым заканчэннем майго жыцця. Малю Цябе, каб Ты меў ласку прывесці мяне, грэшніка, да той невымоўнай гасціны, дзе Ты з Сынам Тваім і Духам Святым, і з усімі святымі Тваімі з’яўляешся святлом праўдзівым, радасцю вечнаю, хараством завершаным і шчасцем дасканалым. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.



ІІІ. САКРАМЭНТЫ АЗДАРАЎЛЕННЯ

Тэма № 11, VIII кл.



ПРЫЧЫНА ЗЛА Ў СВЕЦЕ
Дыдактычная мэта: указваем прычыну, з якой паходзіць усялякае зло, якое мы бачым ў свеце.

Выхаваўчая мэта: выхоўваем у вучнях імкненне да барацьбы са злом з дапамогай малітвы і святых сакрамэнтаў.

Асноўныя і дапаможныя матэрыялы: Святое Пісанне — Быц 3, 2–5; Лк 4, 13; Лк 13, 16; Ян 8, 44; Ян 13, 27; Ап 12, 18; Эф 6, 10–18. Нажніцы, клей, папера ці газеты для вырабу даспехаў рыцара.

Метады катэхезы: аналіз тэксту, праца ў групах, пластычнае адлюстраванне.
Ход заняткаў

Малітва: Звернемся да Маці Божай, якая ніколі не слухала д’ябла,
а заўсёды выконвала Божую волю. Тваёй абароне...
Чалавек пытае

Калі мы назіраем за падзеямі ў свеце і людзьмі, паўстае пытанне, як узнікла зло? Мы чытаем у Кнізе Быцця, што Пан Бог стварыў свет добрым! Параўноўваючы свет, створаны Богам, і сучасны свет, мы не можам не заўважыць розніцы. Адкуль ў сэрцы чалавека з’явілася зло? Якім чынам мы можам змагацца з ім?

Падчас сённяшніх заняткаў мы будзем шукаць адказы на гэтыя пытанні. (Запіс тэмы: Прычына зла ў свеце).

Бог адказвае

Бог не стварыў зло. Зло ўвайшло ў свет не таму, што свет быў недасканалы, але таму, што чалавек сам, маючы вольную волю, яго выбраў. Кніга Быцця так апісвае гэтае здарэнне:

«І сказаў змей жанчыне: Ці сапраўды сказаў Бог: не ешце ні з якога дрэва ў раі? І сказала жанчына яму: Мы можам есці плады з дрэў саду. Але пра плод дрэва, якое ў сярэдзіне раю, Бог сказаў: “ Не ешце яго і не дакранайцеся да яго, каб вам не памерці.” І сказаў змей жанчыне: “Не, не памрэце! Бо ведае Бог, што ў дзень, калі вы пакаштуеце з яго, адкрыюцца вочы вашыя, і будзеце, як Бог, які ведае дабро і зло”. І ўбачыла жанчына, што гэтае дрэва добрае для ежы, што яно прывабнае для вачэй і пажаданае дрэва для набыцця пазнання. Тады ўзяла яна плод яго і ела, і дала таксама мужу свайму, і ён еў» (Быц 3, 2–5).

— У чым заключаўся грэх першых людзей?

— Хто схіліў іх да гэтага?
Так быў учынены першы грэх у гісторыі свету, з якім нараджаецца кожны чалавек і які да сённяшняга дня мае знішчальны ўплыў на жыццё чалавека. Кожны чалавек нараджаецца з наступствамі першароднага граху: з’яўляецца слабым, падлягае ўплыву зла, хварэе, адчувае цярпенне, памірае. На працягу ўсёй гісторыі чалавецтва д’ябал стараецца знішчыць чалавека, створанага на Божае падабенства. Кім жа з’яўляецца злы дух? Святое Пісанне дае яму мноства азначэнняў, якія яго характарызуюць.

К. падае нумары раздзелаў і вершаў са Святога Пісання, вучні самастойна іх чытаюць і запісваюць ў падручнік азначэнні, якімі характарызуецца д’ябал. (падручнік вучня)
«Езус сказаў яму ў адказ: Сказана: не будзеш выпрабоўваць Пана Бога твайго. І скончыўшы ўсе выпрабаванні, д’ябал адступіў ад Яго да пары» (пар. Лк 4, 13). (Спакусіцель.)

«А гэтую дачку Абрагама, якую звязаў сатана ўжо васемнаццаць гадоў назад, ці не трэба было вызваліць ад гэтых путаў у дзень шабату?» (пар. Лк 13, 16). (Мае моц апанавання людзей.)

«Ваш бацька д’ябал, і вы хочаце выконваць прыхамаць бацькі вашага, а ён быў душагуб ад пачатку і не ўстаяў у ісціне, бо няма ў ім ісціны; калі кажа ён няпраўду, кажа сваё, бо ён ашуканец і бацька няпраўды» (пар. Ян 8, 44). (Забойца, айцец усялякага падману.)

«І пасля спажыцця кавалка ўвайшоў у яго д’ябал. І Езус сказаў яму: Што робіш, зрабі хутчэй» (пар. Ян 13, 27). (Мае ўплыў на чалавека, які яму аддаецца.)

«І раз’юшыўся цмок на жанчыну і пайшоў, каб уступіць у бойку
з апошнімі ад насення яе, якія захоўваюць запаведзі Божыя і маюць сведчанне Езуса Хрыста» (пар. Ап 12, 18). (Ненавідзіць Бога і ўсіх Яго слугаў.)
Сын Божы праз сваю смерць і ўваскрасенне вызваліў нас з моцы д’ябла. Падчас хросту, першага сакрамэнту, які мы атрымалі ў жыцці, Езус Хрыстус вызваліў нас ад першароднага граху і ўсіх асабістых грахоў Новае жыццё ў ласцы, атрыманае падчас хросту, не знішчае слабасці чалавечай натуры і яе схільнасці да зла. Воля чалавека параненая першародным грахом, таму чалавеку часта вельмі цяжка супрацьстаяць злу. Аднак, калі маеш свядомасць, што змагаешся не адзін, што разам з табой за тваё збаўленне змагаецца Езус — гэта дадае сілаў і адвагі. Найлепшая абарона супраць подступаў д’ябла — гэта малітва і жыццё ў лучнасці з Хрыстом. Святы Павел падказвае нам, з якою Божаю зброяю мы можам супрацьстаяць уплыву д’ябла і яго спакусам:
«Нарэшце, браты, мацуйцеся ў Пану магутнасцю сілы Ягонай. Апраніцеся ва ўсю зброю Божую, каб вы маглі супрацьстаяць ашуканствам д’ябла. Бо нашая барацьба не супраць крыві і цела, але супраць панаванняў, супраць уладаў, супраць гаспадароў цемры свету гэтага, супраць нябесных духаў злосці. Дзеля гэтага прыміце ўсю зброю Божую, каб вы маглі супрацьстаяць у дзень ліхі і, усё адолеўшы, выстаяць. Таму станьце, падперазаўшы сцёгны свае праўдаю, і апрануўшыся
ў панцыр справядлівасці, і абуўшы ногі ў гатовасць дабравесціць спакой.
А разам з усім вазьміце шчыт веры, якім зможаце пагасіць усе распаленыя стрэлы злога. І шлем збаўлення вазьміце, і меч духоўны, якім ёсць слова Божае. Ва ўсялякай малітве і просьбе маліцеся ў Духу пры кожнай нагодзе.
А дзеля гэтага дбайце з усёй стараннасцю і маліцеся за ўсіх святых» (Эф 6, 10–18).


Чалавек адказвае Богу
К. дзеліць вучняў на 6 груп. Кожная з іх, абапіраючыся на словы св. Паўла, павінна зрабіць адзін з элементаў Божай зброі. Кожны з элементаў вучні могуць дапоўніць малюнкамі, сімваламі і словамі:

І група — шлем

ІІ група — пояс

ІІІ група — панцыр

IV група — меч

V група — шчыт

VІ група — абутак

Прэзентацыя працы вучняў: кожная з груп прадстаўляе свой элемент зброі, паясняе з якога «матэрыялу» ён зроблены, тлумачыць сэнс малюнкаў і надпісаў на ім.

Той, хто хоча быць сапраўдным рыцарам Хрыста, павінен штодня перамагаць спакусы і разам з Хрыстом працаваць над сваёй дасканаласцю.



Разважанне:

— Як часта я дзякую Езусу Хрысту за дар збаўлення?

— Ці выракаюся я ў сваім штодзённым жыцці злога духа і ўсіх спраў ягоных?

— Што я раблю для таго, каб выправіць зло, якое ёсць у маім жыцці?

— Калі апошні раз я быў у споведзі?

Пастанова.

Хатняе заданне:

1. Падчас вячэрняга рахунку сумлення папрасі у Пана Бога прабачэння за зло, учыненае сёння.

2. Выберы з даспехаў рыцара і намалюй у сшытак тую зброю, якая патрэбна табе для барацьбы са злом.

Заключная малітва:

Памолімся да нашага нябеснага Айца, каб Ён бярог нас ад усялякага зла. Ойча наш.

Тэма № 12, VIII кл.

ГРЭХ ЗНІШЧАЕ ГОДНАСЦЬ ЧАЛАВЕКА
Дыдактычная мэта: растлумачваем вучням, што кожная залежнасць чалавека, кожны яго грэх — гэта адыход ад Бога.

Выхаваўчая мэта: дапамагаем усвядоміць, што сапраўдную свабоду дае нам Хрыстус. Заахвочваем да сістэматычнай працы над сабою, над фарміраваннем сваёй індывідуальнасці.

Асноўныя і дапаможныя матэрыялы: Святое Пісанне: Быц 1, 26–28. 31. Часопісы і газеты, нажніцы, клей, 2 намаляваныя чалавечыя контуры, каменьчыкі для кожнага вучня.

Метады катэхезы: праца ў групах.
Ход заняткаў
Малітва: папросім Св. Духа, каб асвяціў нашае сэрца і розум, паказваючы нам, што з’яўляецца дабром, а што нам пагражае. Пс 139 (138), 1-3, 14-15 (падручнік вучня)
Чалавек пытае

Кожнаму вучню К. дае каменьчык, кажа пакласці яго сабе ў абутак і зрабіць некалькі крокаў. Вучні вымаюць з ботаў каменьчыкі і дзеляцца тым, як яны сябе з імі адчувалі. К. параўноўвае грэх да такога камня.
Камень перашкаджае, абцяжарвае хадзьбу, брудзіць шкарпэткі, але да яго можна прызвычаіцца, асабліва калі ён размясціўся ў выгадным месцы, і забыцца пра яго. Падобным чынам можа адбывацца з грахом, да якога трапляеш у залежнасць: ён раніць, перашкаджае, прыводзіць да наступных грахоў, знішчае нашае жыццё. З цягам часу можна да яго прызвычаіцца, таму так важна яго ўсвядоміць, каб не трапіць у стан духоўнай смерці. Тэма нашых сённяшніх заняткаў: Грэх знішчае годнасць чалавека.

Бог адказвае

Святое Пісанне кажа, што Пан Бог стварыў чалавека на свой вобраз і падабенства.



Хтосьці з вучняў чытае тэкст Бібліі:

«І сказаў Бог: Учынім чалавека паводле Нашага вобразу і Нашага падабенства.» (пар. Быц 1, 26).

Чалавек — цудоўнае стварэнне Бога, але тады, калі чалавек успрымае свабоду як самаволю і робіць толькі тое, што сам хоча, не задумваючыся аб наступствах сваіх дзеянняў, незаўважна для сябе ён трапляе ў залежнасць.

Бог прагне, каб кожны чалавек заставаўся з Ім у блізкіх адносінах любові і даверу. Аднак, грэх супраціўляецца гэтаму, адварочваючы ад Бога нашыя сэрцы, раніць Яго любоў, прыводзіць да залежнасці, якая знішчае чалавечую годнасць.
…………………………………………..



Залежнасць, якой падаецца сучасны чалавек



Прычыны, па якіх чалавек трапляе ў залежнасць


Наступствы, якія прыносіць гэтая залежнасць у жыццё чалавека









Чалавек выйшаў цудоўным стварэннем з Божых рук! Ён прыгожы, радасны, гарманічны, вольны. Але ў момант, калі чалавек успрымае вольнасць як самаволю і робіць толькі тое, што сам хоча, не задумваючыся аб наступствах сваіх дзеянняў, незаўважна для сябе ён пачынае змяняцца.



К. дзеліць клас на 2 групы. Адна з іх прцуе над рысамі чалавека, які трапіў у залежнасць ад граху, другая – над рысамі свабоднага чалавека.
Праз грэх чалавек трапляе ў стан залежнасці, якая прыводзіць да духоўнай, а часам і фізічнай смерці. У святле веры залежнасць з’яўляецца найвялікшым няшчасцем чалавека, і таму, каб з ёю змагацца, неабходна яе распазнаць, распазнаўшы — вызнаць, а вызнаўшы — паяднацца з Богам у сакрамэнце пакаяння. Чалавеку не хапае ўласных сілаў, каб вырвацца з няволі залежнасці, таму Езус чакае кожнага з нас у сакрамэнце пакаяння, каб вярнуць нам свабоду, радасць і годнасць дзяцей Божых.
«Набліжаліся да Езуса ўсе мытнікі і грэшнікі, каб слухаць Яго. А фарысеі і кніжнікі наракалі, кажучы: Ён прымае грэшнікаў і есць з імі. Але Езус расказаў фарысеям і кніжнікам наступную прыпавесць, кажучы: Хто з вас, маючы сто авечак і згубіўшы адну з іх, не пакіне дзевяноста дзевяці ў пустыні і не пойдзе па згубленую, пакуль не знойдзе яе? А знайшоўшы, возьме яе на плечы свае з радасцю і прыйдзе дадому, пакліча сяброў і суседзяў, кажучы ім: Радуйцеся са мною, бо я знайшоў маю згубленую авечку. Кажу вам, што таксама на нябёсах больш радасці будзе з аднаго грэшніка, які пакаяўся, чым з дзевяноста дзевяці праведнікаў, якія не патрабуюць пакаяння » (Лк 15, 1-8).

Чалавек адказвае Богу

Каб не знішчыць у сабе прыгажосць і годнасць Божага дзіцяці, мы штодня павінны працаваць над сабою. Ян Павел ІІ так аднойчы звярнуўся да моладзі: «Вы павінны ад сябе патрабаваць, нават калі іншыя ад вас нічога не патрабуюць!» (Ян Павел ІІ, Ясная Гара 1983 г.).





Разважанне:

— Як я разумею гэты заклік?

— Што сёння пагражае маёй свабодзе?

— Якія патрабаванні я стаўлю самому сабе, каб не трапіць у залежнасць?

— Да чаго Бог заклікае мяне праз сённяшнюю катэхeзу?

Пастанова.

Хатняе заданне:

— Пастарайся выконваць свае пастановы ў штодзённым жыцці

— Складзі і занішы малітву за асоб, якія трываюць у залежнасці. Пастарайся як мага часцей маліцца словамі гэтай малітвы.

Заключная малітва:

Наш найлепшы Ойча, Ты заўсёды нас любіш, нават калі мы абражаем Цябе сваімі грахамі. Дай нам сілы штодня змагацца з нашымі слабасцямі. Цябе просім...

Пане Божа, асвяці нас сваім святлом, каб мы не блукалі. Цябе просім...

Ойча, навучы нас любіць Цябе так, як Ты нас любіш. Цябе просім...

Навучы нас, Пане Божа, прабачаць нашым вінаватым і аддалі ад нас усе спакусы. Цябе просім...

Дадай нам сілаў, каб мы штодня набліжаліся да Цябе і каб нашае жыццё падабалася Табе. Цябе просім...

Тэма № 13.



ЦЕЛЫ ВАШЫЯ — ГЭТА СВЯТЫНЯ ДУХА СВЯТОГА

Дыдактычная мэта: распавядаем вучням аб тым, якія разбуральныя наступствы прыносіць парнаграфія ў жыццё чалавека. Паказваем вучням, якую вялікую вартасць мае цела чалавека – бо яно з’яўляецца святыняй Духа Святога.

Выхаваўчая мэта: выхоўваем у вучнях жаданне берагчы сваё цела ў чысціні, ставячы сабе патрабаванні і шануючы годнасць іншай асобы.

Асноўныя і дапаможныя матэрыялы: Святое Пісанне: 1 Кар 6, 20; Мц 5, 27-28.

Метады катэхезы: апавяданне, незакончаны сказ, праца ў групах.




1   2   3   4   5   6   7   8


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка