Сцэнар правядзення занятку на тэму “Сапраўдная прыгажосць”
Сцэнар прадугледжвае выкарыстанне відэароліка “Несапраўдная прыгажосць”.
Мэта: разабрацца ў складніках паняцця “прыгажосць чалавека”, паказаць, як СМІ могуць маніпуляваць свядомасцю людзей.
Мэтавая група: старэйшыя школьнікі, моладзь, 15-20 чалавек.
Чаканыя вынікі:
-
фармаванне ўяўлення аб сапраўднай прыгажосці чалавечай асобы;
-
фармаванне разумення таго, што вобразы, якія перадаюцца СМІ, часам выступаюць у якасці сродкаў маніпуляцыі свядомасцю людзей.
Неабходны час: 150 - 180 хвілін.
Выкарыстаныя метады: Метад “Калаж”, метад “Валізка, Шуфлядка, Сметніца”.
Абсталяванне: камп’ютэры з праграмай Adobe Photoshop, прынтэр з каляровым друкам, фотакамеры, святло (ліхтар), фон для фотаздымкаў, фотапапера, мультымедыйны праектар, глянцавыя часопісы, папера, нажніцы, клей, набор касметыкі, стыкеры розных колераў, вялікія аркушы паперы з намаляванымі на іх валізкай, шуфлядай, сметніцай.
Папярэдняя падрыхтоўка: падзел удзельнікаў на групы для правядзення майстар-класа.
План занятку:
-
Мазгавы штурм на тэму “Ідэал прыгажосці” - 10 хв.
-
Ствараем калаж на тэму “Ідэал прыгажосці” – 30-40 хв.
-
Прагляд відэароліка “Несапраўдная прыгажосць” і яго абмеркаванне – 15 хв.
-
Майстар-клас “Стварэнне ідэальнага вобразу” - 60-70 хв.
-
Напісанне эсэ на тэму “У чым сутнасць сапраўднай прыгажосці чалавека?” і яго абмеркаванне - 25 хв.
-
Рэфлексія – 20 хв.
Хада занятку:
Вядоўца абвяшчае тэму і мэты сустрэчы, знаёміць з планам правядзення.
-
Вядоўца прапаноўвае правесці мазгавы штурм на тэму “Ідэал прыгажосці”. З прапанаваных варыянтаў фармуецца групавое паняцце: Ідэал прыгажосці – гэта...
-
Вядоўца дзеліць ўдзельнікаў на 2 групы пры дапамозе якога-небудзь інтэрактыўнага метаду і прапануе, выкарыстоўваючы глянцавыя часопісы, стварыць калаж на тэму : “Ідэал прыгажосці”, а затым прэзентаваць вынікі працы.
-
На трэцім этапе працы ўдзельнікі праглядаюць відэаролік “Несапраўдная прыгажосць” і абмяркоўваюць яго. Абмеркаванне можна пабудаваць паводле наступных пытанняў:
- Якая галоўная ідэя роліка?
- Якую ролю ў “трансляцыі вобраза” граюць СМІ?
- Прывядзіце прыклады маніпуляцый СМІ свядомасцю людзей.
-
Майстар-клас па стварэнні ідэальнага вобразу ўключае некалькі этапаў:
-
Стварэнне мадэлі
Папярэдне ўдзельнікі атрымалі хатняе заданне – падрыхтаваць вобраз мадэлі. Мяркуецца, што для канкрэтнай мадэлі будзе падрыхтавана прычоска і макіяж, якія будуць стварацца на майстар-класе.
Удзельнікі загаддзя ведаюць, у якіх групах яны будуць працаваць на дадзеным этапе і які вобраз яны павінны будуць атрымаць у выніку.
Пасля стварэння мадэлі ўдзельнікі пераходзяць да фотасесіі.
-
Фотасесія
У якасці фатографаў выступаюць самі ўдзельнікі, якія ўмеюць рабіць партрэтныя здымкі.
-
Апрацоўка фотаздымкаў
Для рэалізацыі дадзенага этапа ў кожнай групе павінен быць удзельнік, знаёмы з праграмай Adobe Photoshop. Група выбірае лепшы, на іх меркаванне, фотаздымак мадэлі і карэктуе яго на камп’ютэры, затым прэзентуе вынікі сваёй працы. Усім ахвотным можна раздрукаваць фотаздымкі.
5. На гэтым этапе разглядаецца важнае і складанае пытанне “У чым сутнасць сапраўднай прыгажосці чалавека?”. Вядоўца прапануе ўдзельнікам напісаць невялікае эсэ на дадзеную тэму памерам 4-5 сказаў, а пасля зачытаць яго. З прапанаваных адказаў фармуецца вобраз сапраўднай, на думку ўдзельнікаў, чалавечай прыгажосці.
6. Рэфлексію можна правесці ў любой інтэрактыўнай форме, напрыклад з дапамогай метаду “Валізка, Шуфляда, Сметніца”.
Поделитесь с Вашими друзьями: |