Школа “Юны гісторык” Заданне 1 2013/2014 навуч г



Дата канвертавання15.05.2016
Памер42.39 Kb.
Школа “Юны гісторык”

Заданне 1 2013/2014 навуч.г.
Будзьце ўважлівыя пры чытанні ўмоваў заданняў і прапанаваных для аналізу дакументаў. Толькі пры дакладным выкананні магчыма разлічваць на максімальны бал. Старайцеся, каб адказы былі сціслыя і па сутнасці пытання, але поўныя і забяспечаныя аргументамі.

Адказы няпоўныя або недакладныя атрымаюць ніжэйшыя адзнакі.
Адказы дасылайце на электронны адрас школы ”Юны гісторык” :
shkola_hist@gsu.by
да 1 снежня 2012 г.

Не забывайцеся на бланку адказаў пазначаць свае поўныя дадзеныя –

прозвішча, імя, клас, школа, населены пункт.
Сума балаў усіх заданняў – 100.
Жадаем поспехаў!

Заданне 1

1) Патлумачце, чаму найбольш старажытныя рэчавыя сведчанні з’яўлення і жыццядзейнасці чалавека на тэрыторыі нашай краіны засяроджаны у яе паўднёвай частцы?



2 бала
2)Першыя земляробы на тэрыторыі Беларусі сяліліся выключна па берагах рэк. Што вызначала такі выбар месца паселішча?

3 бала
3) У эпоху неаліта ў даліне Ніла ўжо сфарміраваліся дзяржавы. У гэтыя ж часы і доўга пасля на тэрыторыі нашага краю людзі яшчэ жылі родавым ладам. Назавіце асноўныя прычыны такога “адставання”.

4 бала
4) Прывядзіце прыклады першабытных вераванняў, якія захаваліся да сёння ў традыцыях беларусаў.

4 бала
5) З якімі падзеямі быў звязаны на тэрыторыі Беларусі пераход у сацыяльнай арганізацыі ад “мацярынскага” роду да роду “бацькоўскага”?

3 бала

Заданне 2

1) Некаторыя даследчыкі лічаць, што некалькі з сыноў Усяслава Полацкага прымалі ўдел у крыжовых паходах у Палестыне. Ці існуюць фактычныя падставы для гэтай думкі?



3 бала
2) Патлумачце, чаму Полацкая дзяржава у ХІІІ ст. у выніку адмовілася ад ваеннага супрацьстаяння з крыжакамі. Падмацуйце сваю думку дакументальнымі сведчанннямі.

5 балаў
3) Кіеўскі летапісец ХІІ ст. лічыў, што радзімічы разам з іншымі “ляснымі” народамі – драўлянамі і вяцічамі, крывічамі і іншымі “паганымі” - жывуць “быццам звяры”. Якія падставы былі у яго для такой характарыстыкі? Насколькі ёй магчыма давяраць? Аргументуйце сваю думку.

5 балаў
4) На прыкладзе Ефрасінні Полацкай пакажыце, што у ХІІ ст. на нашых землях суіснавалі язычніцкія і хрысціянскія нормы жыцця.

3 бала
5) Вядома, што кіеўскі князь Алег прымусіў радзімічаў плаціць яму даніну, якую тыя раней плацілі хазарам. Што гэта была за даніна? Чаму радзімічы пагадзіліся яе плаціць? Адкуль у іх з’явіліся магчымсці для яе выплаты?

5 балаў

Заданне 3
1) Патлумачце падставы, чаму Леў Сапега насуперак прапановам правазнаўцаў ствараць Статут на лацінскай мове, дамогся захавання у ім “рускай” – старабеларускай мовы? У чым была слушнасць прапаноў правазнаўцаў?

4 бала
2)


Вядома, што апошнія ў гісторыі ВКЛ адбітыя ў Гродна манеты атрымалі ў насельніцтва дзяржавы сумную мянушку “люду плач”. Да якога часу належаць тыя падзеі? Якія падставы былі для такой адзнакі грошай ВКЛ? Што з’явілася непасрэднай зачэпкай для з’яўлення такой мянушкі?

5 балаў

3) Прыняцце ў Рэчы Паспалітай Канстытуцыі 3 мая 1791 г. выклікала незадавальненне значнай часткі дробнай шляхты, перад усім беззямельнай. Назавіце прычыны да гэтага.



3 бала
4) Кіраўніка паўстання 1794 г. на тэрыторыі Літвы і Беларусі яго апаненты называлі “якабінцам”. Назавіце яго. Пералічыце, якія падставы былі для такога вызначэння.

5 балаў
5) Пасля І-га падзела ў Рэчы Паспалітай быў створаны орган дзяржаўнай ўлады, з’яўленне якога было ажыццяўленнем ідэй неабходнасці падзелу ўлады, што прагалошваліся у эпоху Асветніцтва. Аднак у сучаснікаў ён атрымаў пагардлівую мянушку “пастаяннай здрады”. Назавіце гэты орган, якія яго былі склад і функцыі. Што сталася нагодай для з’яўлення такой мянушкі?

6 балаў

Заданне 4
1) Патлумачце, чаму пасля падзелаў Рэчы Паспалітай з сялян не патрабавалі прыносіць прысягу на вернасць расійскаму імператарскаму дому?

3 бала
2) Чым магчыма патлумачыць той факт, што пасля далучэння да Расійскай імперыі ступень прыгнёту беларускіх сялян памешчыкамі значна павялічылася?

3 бала
3) Вядома, што некаторыя дзеянні М.Мураўёва-“вешальніка” па здушэнні паўстання 1863-1864 гг. негатыўна ўспрымалі сярод вышэйшых кіруючых колаў Санкт-Пецярбурга і вельмі станоўча у асяроддзі расійскага чыноўніцтва ў Беларусі. На вашу думку, якія дзеянні выклікалі такую розную рэакцыю і чаму?

5 балаў
4) З 80-х гадоў ХІХ ст. у Беларусі значна пашыраюцца пасевы бульбы за кошт змяншэння збожжавых культур. Чым былі выкліканы гэты перамены?

4 бала
5) Патлумачце, чаму на тэрыторыі Беларусі да вясны 1917 г. адсутнічалі асобныя арганізацыі бальшавікоў (РСДРП(б)). Чым было абумоўлена іх з’яўленне і хуткае павялічэнне колькасці вясной-летам 1917 г.?

5 балаў
Заданне 5
1) У 60-80-я гг. ХХ ст. у Беларусі з’явіліся т.зв. “неперспектыўныя” вёскі. Што разумелася пад гэтым вызначэннем? Што прапаноўвалася зрабіць з імі? Якія вынікі гэтыя мерапрыемствы прынеслі Беларусі?

4 бала
2) Патлумачце, чаму міністр замежных спраў СССР А.А.Грамыка атрымаў у заходняй прэсе мянушку “Містэр No”

3 бала

3) У 60-я – пачатку 70-х гг. ХХ ст. прамысловасць БССР вырабляла прадукцыю, частка якой накіроўвалася у іншыя сацыялістычныя краіны. Назавіце віды гэтай прадукцыі.



6 балаў
4) Назавіце дакумент, які стаўся пачаткам шляху да дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі. Што сталася нагодай для яго прыняцця?

3 бала
5) Назавіце буйное гідратэхнічнае збудаванне першай трэці ХІХ ст., якое адноўлена у сучаснай Беларусі як аб’ект турызму і адпачынку.

4 бала
Не забывайцеся на бланку адказаў пазначыць звесткі пра сябе –

прозвішча, імя, клас, школа, населены пункт.




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка