Стратэгіі аб’яднаных дэмакратычных сіл на перыяд да першых свабодных выбараў



Дата канвертавання21.06.2016
Памер155.34 Kb.
ПРАЕКТ

СТРАТЭГІІ АБ’ЯДНАНЫХ ДЭМАКРАТЫЧНЫХ СІЛ

на перыяд

ДА ПЕРШЫХ СВАБОДНЫХ ВЫБАРАЎ
У прапанаваным праекце Планава-аналітычная група фармулюе мэты, задачы і стратэгічныя прынцыпы для Аб’яднаных дэмакратычных сіл на перыяд, абмежаваны будучымі выбарамі. Гэта не абавязкова павінны быць парламенцкія выбары 2008 года. Гэта мусяць быць першыя выбары, у арганізацыі якіх будуць улічаны патрабаванні іншых грамадскіх і палітычных сіл, акрамя цяперашняй улады, а таксама патрабаванні міжнароднай супольнасці, сфармуляваныя ў вядомых «чатырох пунктах АБСЕ». Праект зыходзіць з таго, што ў Беларусі існуюць арганізаваныя грамадскія і палітычныя сілы, якія імкнуцца да дэмакратычных зменаў і падзяляюць агульныя мэты, незалежна ад сваіх палітычных платформаў і арганізацыйных прынцыпаў.

Праект выкладае агульныя прынцыпы стратэгіі і не змяшчае падрабязных планаў дзеянняў. Мы зыходзім з таго, што Стратэгія з’яўляецца адкрытым дакументам, пасланнем дэмакратычных сіл грамадству з прапановай мадэлі выхаду з тупіка, у які ўсё далей заводзіць Беларусь цяперашняя ўлада. Разам з прапановай эканамічных і канстытуцыйных рэформаў Стратэгія з’яўляецца той альтэрнатывай, якую мы сёння прапануем грамадству.

СТРАТЭГІЧНЫЯ МЭТЫ АДС


Мэтаю АДС з’яўляецца свабодная і квітнеючая Беларусь.
Неабходнымі ўмовамі свабоды і дабрабыту з’яўляюцца:

  • захаванне правоў і свабодаў грамадзян,

  • палітычная і эканамічная незалежнасць,

  • дэмакратычная сістэма кіравання,

  • сацыяльна арыентаваная рынкавая эканоміка,

  • міжнародная адкрытасць.

Перамены ў Беларусі непазбежныя. Яны могуць прайсці ў кірунку крызісу і пагаршэння сацыяльна-эканамічнага становішча ўсіх катэгорый насельніцтва Беларусі або прайсці эвалюцыйным шляхам у кірунку дэмакратызацыі на аснове ўзгодненых дзеянняў дэмакратычных сіл і ўлады. Мы прапануем грамадству і ўладзе менавіта другі варыянт. Яго рэалізацыя забяспечыць тыя неабходныя сацыяльныя гарантыі, што з’яўляюцца абавязковай умовай пры правядзенні любых палітычных і эканамічных рэформаў і створыць новыя магчымасці для ўсіх грамадзян. Гэты шлях забяспечыць сацыяльны мір, гарантуючы захаванне правоў і свабодаў, у тым ліку правоў на ўласнасць, на свабоду сумлення і адсутнасць пераследу па палітычных матывах.


Правядзенне свабодных выбараў — неабходны крок да рэалізацыі мэтаў АДС. Выбары адкрыюць шлях да наспелых пераўтварэнняў без сацыяльных катастроф. Сваёй стратэгічнай задачай на бліжэйшы перыяд АДС лічаць ініцыяванне свабодных (з выкананнем патрабаванняў АБСЕ) выбараў у Беларусі.
У якасці першага кроку да свабодных выбараў у краіне АДС прапануюць уладзе пачаць канструктыўны дыялог з вядучымі палітычнымі і грамадскімі сіламі Беларусі. АДС лічаць, што шляхам перамоваў можна дасягнуць кансалідацыі ўсіх здаровых сіл беларускага грамадства, неабходнай для захавання сацыяльнага спакою і вырашэння праблем, якія існуюць у краіне. Умовай, якая пацвердзіць гатоўнасць улады да ўзаемнага супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі, з’яўляецца вызваленне ўсіх палітзняволеных.

СТРАТЭГІЧНЫЯ ПРЫНЦЫПЫ АДС


I. Ацэнка развіцця сітуацыі

Пасля 13 гадоў існавання аўтарытарнага рэжыму Беларусь уваходзіць у перыяд нарастання крызісных з’яваў у палітыцы, эканоміцы і сацыяльнай сферы. Унутраныя і знешнія рэсурсы рэжыму вычэрпваюцца, змяншэнне эканамічнай і палітычнай падтрымкі з боку Расіі паказала слабасць сістэмы, створанай за гэтыя гады. Усе слаі беларускага грамадства ў той ці іншай ступені адчуваюць, што старая ўлада перастае выконваць галоўную ўзятую на сябе функцыю — функцыю гаранта стабільнасці. Абвастрэнне сітуацыі ў эканоміцы, ціск з боку Захаду і Усходу, узрастанне незадавальнення насельніцтва непазбежна будуць дэстабілізоўваць уладу і прымушаць яе адказваць на выклік. Адзіным адказам, здольным захаваць у Беларусі сацыяльны спакой і забяспечыць стабільнае развіццё краіны, на нашу думку, з’яўляецца пераход на шлях мадэрнізацыі, што азначае не толькі лібералізацыю эканомікі, але адмову ад камандных метадаў кіравання і вяртанне дэмакратычных норм і прынцыпаў. Сёння прапановы Еўрасаюза з’яўляюцца рэальным механізмам ажыццяўлення эканамічных і палітычных рэформаў у Беларусі без пагаршэння ўзроўню жыцця насельніцтва.

Адмова ад дэмакратычнай мадэрнізацыі непазбежна выкліча нарастанне як сацыяльна-эканамічнага крызісу, так і крызісу самой улады. Зноў паўстане пытанне аб яе легітымнасці. У такім выпадку магчымыя два варыянты развіцця падзей: наменклатурны пераварот ці масавыя некіраваныя пратэсты насельніцтва. Абодва варыянты азначаюць развал існай сістэмы і, як наступства, яшчэ большае пагаршэнне жыццёвага ўзроўню, а пасля перыяд узнаўлення эканомікі і дэмакратыі.

З улікам такіх абставінаў Аб’яднаныя Дэмакратычныя Сілы прапануюць беларускаму грамадству выбраць шлях мірнай эвалюцыі ад аўтарытарызму да дэмакратыі. Менавіта такі шлях адпавядае чаканням беларускага народа: гэты шлях дазволіць захаваць усё пазітыўнае, што было зроблена ў папярэдні перыяд, і гарантаваць усім паляпшэнне сітуацыі ў будучыні.



II. АДС прапануюць эвалюцыйны шлях як аснову сваёй стратэгіі

Гэта азначае, што пераход да дэмакратыі магчымы не толькі ў выпадку адначасовага адхілення існуючага рэжыму, але і ў выніку дыялога дэмакратычных сіл з грамадствам і існуючай уладай. Дыялог магчымы пры выкананні дэмакратычнымі сіламі наступных умоў:



  • дэманстрацыя грамадству і ўладам пазітыўнай альтэрнатывы ў выглядзе вобраза будучыні і пакета прапаноў па мадэрнізацыі дзяржаўнай сістэмы, эканомікі, міжнародных зносінаў;

  • наяўнасць агульных для большасці прыхільнікаў змен мэтаў і стратэгіі дзеянняў;

  • кансалідацыя большасці прыхільнікаў перамен;

  • падтрымка міжнароднай супольнасці (і Захаду, і Расіі);

  • актыўныя дзеянні дэмакратычных сіл па рэалізацыі стратэгічнага плана.

Вынікам гэтых дзеянняў будзе пачатак перамоўнага працэсу, свабодныя выбары і ўключэнне дэмакратычных сіл у працэс кіравання краінай, пачатак мадэрнізацыі грамадства і дзяржавы.



III. АДС дзейнічаюць па чатырох асноўных кірунках

Важна, што ўсе кірункі дзейнасці — гэта праца з грамадствам, з рознымі яго групамі, хаця некаторыя з іх і вылучаюцца ў межах прапанаванай стратэгіі як найбольш прыярытэтныя (гл. «Мэтавыя групы»). Дэмакратычныя сілы разглядаюць і незадаволеных сітуацыяй, і задаволеных сваім становішчам, і эліты, і прадстаўнікоў улады, і сябе саміх як неад’емныя часткі рэальнага беларускага грамадства. Толькі ва ўмовах, калі будуць улічаны інтарэсы розных груп, грамадскі дыялог будзе мець плён і прывядзе да нацыянальнага кансэнсусу.


1. Інфармацыйная кампанія, дыялог з грамадствам

Інфармацыйная кампанія аб’ядноўвае ўсе кірункі. Яна накіраваная не толькі на канкрэтныя мэтавыя групы. Яе галоўны адрасат — усё беларускае грамадства, а таксама міжнародная супольнасць. Інфармаванне ўсіх груп насельніцтва павінна быць інтэнсіўным і адпавядаць мэтам і задачам АДС, быць важным складнікам кампаніяў дыялога і ціску. Інфармацыйная кампанія павінна не толькі паказваць мінусы папярэдняга курсу, але найперш фарміраваць пазітыўнае стаўленне ў грамадстве да дэмакратычных змен і ўпэўненасць у іх неабходнасці і непазбежнасці.

Важную ролю ў інфармацыйнай кампаніі могуць адыграць арганізацыі, якія традыцыйна арыентуюцца на мэтавую працу з пэўнымі групамі і карыстаюцца ўплывам і аўтарытэтам сярод такіх груп (прафсаюзы, НДА). Мэтазгодна не толькі выкарыстаць наяўныя сродкі інфармацыі ці арыентавацца на знешнія крыніцы, але і развіваць новыя для Беларусі формы (інтэрнет, медыяактывізм).

2. Дыялог з элітамі
Як і іншыя групы грамадства, нацыянальныя эліты (кіраўнічыя кадры ўсіх узроўняў) усё больш занепакоеныя дэстабілізацыяй у краіне, пагрозай незалежнасці. Сёння інтарэсы эліт пачынаюць супадаць з інтарэсамі незадаволеных у іншых групах насельніцтва і з інтарэсамі АДС. Неабходна прапанаваць ім супрацоўніцтва і выкарыстаць іх уплыў для пачатку перамоў. АДС гарантуюць элітам захаванне іх статуса і маёмасці ў межах дэмакратычных нормаў. Удзел эліт у падрыхтоўцы і правядзенні рэформаў дазволіць ім умацаваць сваё становішча.

Кампанія дыялога з элітамі мае мэту інфармаваць грамадства наогул і нацыянальныя эліты пра пазіцыю АДС, усталяваць кантакты і супрацоўніцтва на розных узроўнях для вырашэння наспелых эканамічных і сацыяльных праблем. Гэтая кампанія шчыльна звязана з кампаніяй «Нацыянальны Круглы стол».


Магчымы варыянт, калі верхняя частка эліт зробіць спробу перамены курсу сваімі сіламі (наменклатурны пераварот). У такім выпадку новая ўлада будзе адчуваць вострую патрэбу ў падтрымцы ўплывовых сіл у грамадстве і ў легітымізацыі перамен унутры краіны і за яе межамі. Для гэтага ёй давядзецца сесці за стол перамоў з гэтымі ўплывовымі сіламі і абвесціць свабодныя выбары. АДС павінны быць гатовымі да такога варыянта і ўзмацняць сваю кансалідацыю і ўплыў на грамадства.
3. Дыялог з уладамі

АДС прапануюць уладам супрацоўніцтва ў пераадоленні эканамічнага, палітычнага і сацыяльнага крызісу. АДС валодаюць для гэтага пакетам прапаноў па рэфармаванні дзяржаўнай сістэмы і эканомікі, неабходнымі міжнароднымі кантактамі, уплывам у грамадстве. АДС пачынаюць кампанію «Нацыянальны Круглы стол» і ініцыююць перамоўны працэс на ўсіх узроўнях — ад лакальнага да міжнароднага. Мэта кампаніі — пераканаць уладу і грамадства ў эфектыўнасці дэмакратычнай мадэрнізацыі, неабходнасці дасягнення нацыянальнай згоды шляхам перамоў і правядзення свабодных выбараў. Істотным фактарам гэтай кампаніі павінен быць міжнародны ўплыў і ўдзел аўтарытэтных міжнародных структураў.

Пачатак перамоў на вышэйшым узроўні можа быць наступствам ціску на ўладу з боку грамадства і нацыянальных эліт, але пры гэтым — гарантыяй ад магчымага перавароту ці сацыяльнага выбуху. Вынік перамоў — правядзенне ў краіне свабодных выбараў, фарміраванне кааліцыйнага ўрада і пачатак комплекснай мадэрнізацыі.
4. Ціск на ўладу

Незадаволенасць сваім становішчам у розных групах насельніцтва непазбежна будзе вылівацца ў нарастанне сацыяльнай напружанасці і пратэстаў. Неабходна надаць гэтаму працэсу патрэбны кірунак, паказаўшы прычыны крызіснай сітуацыі і шляхі вырашэння праблем. АДС павінны зрабіць актыўную частку незадаволеных у розных сацыяльных групах сваімі хаўруснікамі ў рэалізацыі стратэгічнага плана і з іх дапамогай актывізаваць патэнцыйна актыўных, у тым ліку сярод тых, хто яшчэ не вызначыўся. Кампаніі актывізацыі, мабілізацыі і ціску мэтазгодна аб’яднаць пад лозунгам адзінай кампаніі «За свабоду». Яе мэтай будзе мірны ціск на ўладу з патрабаваннем рэформаў, а значыць — перамоўнага працэсу і правядзення свабодных выбараў. Ва ўмовах выціскання апазіцыі з палітычнага жыцця скаардынаваны ціск можа стаць магутным механізмам уплыву на сітуацыю і каналізаваць магчымыя стыхійныя акцыі пратэсту. Без кампаніі ціску ўладзе будзе цяжка прызнаць дэмакратычныя сілы за важкі фактар і суб’ект дыялога.


Пры імклівым пагаршэнні сацыяльна-эканамічнай сітуацыі магчыма нарастанне пратэстных настрояў і далучэнне да масавых акцый часткі насельніцтва, якая звычайна пасіўна рэагуе на сітуацыю. У такім выпадку магчымае хуткае адхіленне вярхоўнай улады. АДС не ініцыююць гэткую сітуацыю, але павінны быць гатовымі да такога развіцця падзей. Толькі сілы, якія маюць сур’ёзны ўплыў на грамадства, будуць запатрабаваныя ім для ўзнаўлення сацыяльнага міру.
Чатыры вышэйзгаданыя кампаніі АДС павінны быць узаемазвязанымі і скаардынаванымі. Аб’яднаўчую ролю будзе адыгрываць агульная інфармацыйная кампанія.

Кожная кампанія прапануе дэтальныя планы ў асобных дакументах. У межах прапанаванай стратэгіі магчымая таксама самастойная дзейнасць арганізацый і грамадзян, калі яна адпавядае стратэгічным мэтам і задачам. У залежнасці ад сітуацыі той ці іншы кірунак можа набываць большую важкасць і канцэнтраваць больш высілкаў.


Праца дэмакратычных сіл адначасова па ўсіх кірунках прадухіліць некантраляваны сацыяльны выбух, дасць магчымасць дзеючай уладзе зрабіць аптымальны выбар, дапаможа элітам захаваць сваё становішча. Галоўнае — актыўная частка грамадства атрымае магчымасці самарэалізацыі і ўдзелу ў палітычным жыцці, а ўсе слаі насельніцтва захаваюць і замацуюць дасягнуты ўзровень дабрабыту.


IV. Перамоўны працэс

Кампанія «Нацыянальны Круглы стол» — гэта працэс грамадскага дыялога, ініцыяваны АДС. Яго мэты — прыцягнуць увагу грамадства да надзённых праблем, прапанаваць эфектыўныя мадэлі іх пераадолення, уключыць у дыялог прадстаўнікоў грамадскіх структур, нацыянальных эліт, зацікаўленых грамадзян і міжнародную супольнасць. Такім чынам, працягваецца фарміраванне пазітыўнай альтэрнатывы, якая напаўняецца канкрэтным зместам. Дыялог можа адбывацца на розных узроўнях — ад міжнароднага да асобных захадаў у рэгіёнах. Тэмамі дыялога павінны быць і лакальныя праблемы, якія можна вырашыць з прыцягненнем еўрапейскай дапамогі, і агульнанацыянальныя праблемы, напрыклад, забеспячэнне энергарэсурсамі, пашырэнне знешнеэканамічных сувязяў і змест прапанаваных рэформаў — эканамічная платформа, малая канстытуцыя і г. д. У працэсе дыялога здабываюцца прыхільнікі сярод элітаў і насельніцтва.


Сам «Круглы стол» можа быць кульмінацыяй гэтага працэсу, калі вярхоўная ўлада пачне страчваць кантроль над краінай. Да таго часу ідэя перамоў павінна стаць папулярнай як сярод эліт, так і сярод насельніцтва. Перамовы стануць непазбежнымі. Суб’екты перамоў — гэта прадстаўнікі цэнтральнай заканадаўчай і выканаўчай улады, рэгіянальныя эліты, сілавыя структуры, лідэры і эксперты дэмакратычных сіл. Неабходная прысутнасць міжнародных структураў. Мэта Круглага стала — не дапусціць эскалацыі крызісу, захаваць грамадзянскі мір і забяспечыць легітымізацыю ўлады ў краіне. Умовай «сур’ёзнасці намераў» з боку ўлады будзе выкананне першасных умоваў, у першую чаргу, адмова ад пераследу па палітычных матывах і вызваленне палітычных зняволеных.

Сама згода ўлады на дыялог на вышэйшым узроўні будзе пацверджаннем абмежавання функцый дыктатара і пацверджаннем пачатку дэмакратычных пераўтварэнняў.

Адсутнасць кансалідаванай пазіцыі дэмакратычных сіл прывядзе ці да правядзення перамоў без іх удзелу — паміж структурамі ўладаў (імітацыя ўдзелу грамадства), ці да таго, што на перамовах інтарэсы дэмакратычнай часткі грамадства не будуць улічаны.

V. Мэтавыя групы АДС у беларускім грамадстве

Сёння ў беларускім грамадстве адсутнічаюць салідарныя сацыяльна-дэмаграфічныя групы, якія вызнаюць свае інтарэсы. Ніводная з такіх груп сама па сабе не стане рухавіком перамен. Але актыўныя людзі, якія незадаволены сваім становішчам і становішчам у краіне і ўсведамляюць неабходнасць перамен, прысутнічаюць ва ўсіх групах грамадства — сярод працоўных і студэнтаў, дактароў і настаўнікаў, пенсіянераў і хатніх гаспадынь. У гэтую групу актыўных незадаволеных сёння ўваходзяць, з аднаго боку, людзі з патрэбай рэалізаваць сябе ў грамадстве і набыць годны статус (сярод іх ёсць і студэнты, і інтэлігенцыя, і прадпрымальнікі і г. д.), з іншага боку — дзяржаўныя эліты, якія маюць патрэбу зберагчы ўжо набытую маёмасць і статус. І для тых, і для іншых неабходныя свабода і гарантыі абароны ад сваволі. Іх інтарэсы пакрысе пачынаюць збліжацца. Калі АДС здолеюць заваяваць іх давер, то ў іх атрымаецца аб’яднаць асноўныя рухальныя сілы ў грамадстве.

З пачатку свайго існавання аўтарытарны рэжым прапанаваў грамадству гарантыі «ўстойлівага развіцця». Карыстаючыся перавагамі танных энерганосьбітаў і ўмацаваўшы камандную сістэму кіравання, рэжым пэўны час выконваў абяцанкі. У цяперашняй сітуацыі рэжым усё менш здольны выконваць свае галоўныя функцыі ў вачах грамадства: гарантаваць стабільнасць і рост дабрабыту, забяспечваць магчымасць дамаўляцца са знешнімі партнёрамі. Гэта выклікае трывогу (пакуль яшчэ не ўсвядомленую да канца) усіх слаёў грамадства. Таму пытанне захавання гарантый, як і прапановы новых магчымасцей, становіцца ключавой тэмай паслання грамадству. Той, хто зможа прапанаваць гарантыі захавання стабільнасці і далейшага развіцця асноўным групам грамадства, будзе запатрабаваны імі для кіравання краінай.

У той жа час галоўным канцэптам АДС застаецца свабода. Таму панятак свабоды ў розных сэнсах найбольш альтэрнатыўны вобразу і ідэалогіі аўтарытарнага рэжыму. Свабода з’яўляецца базавай каштоўнасцю для актыўнай часткі беларускага грамадства.


Зыходзячы з сітуацыі, мэтаў і задач АДС, вызначым асноўныя групы, з якімі ўзаемадзейнічаюць дэмакратычныя сілы.
Актыўныя незадаволеныя

Прысутнічаюць ва ўсіх групах і з’яўляюцца асноўным рэзервам для папаўнення шэрагаў дэмакратычных арганізацый і ўдзелу ў пратэстных акцыях і кампаніях. Яны складаюць 10—15 працэнтаў грамадства, што азначае каля мільёна чалавек. Для іх галоўную матывацыйную ролю адыгрываюць такія каштоўнасці, як «свабода», «праўда», «незалежнасць», жаданне палепшыць сваё становішча і ўдзельнічаць у кіраванні грамадствам. Адначасова пераважная большасць з іх не ёсць членамі палітычных ці грамадскіх арганізацый. Гэта галоўная мэтавая група кампаніі «За свабоду». Менавіта яны з’яўляюцца асноўным фактарам інфармацыйнага ўплыву на так званых нявызначаных ва ўмовах адсутнасці свабодных СМІ. Яны складаюць большасць тых, хто зараз удзельнічае ў акцыях пратэсту. Першая задача кампаніі «За свабоду» — актывізацыя і мабілізацыя актыўных незадаволеных для інфармавання грамадства і ціску на ўладу. У кампаніі 2006 года яскрава выявілася праблема падзення даверу гэтай групы да структураваных дэмакратычных сіл. Ясная стратэгія, ініцыятыўнасць і кансалідацыя апошніх дапаможа вярнуць давер гэтай групы.


Нацыянальныя эліты

Кіраўнічыя кадры ўсіх узроўняў. Гэтая група доўгі час была падмуркам рэжыму, атрымліваючы ад яго значныя прэферэнцыі. Цяпер адбываецца паступовае ўсведамленне ёю сваіх інтарэсаў і ўзнікае незадавальненне сваёй залежнасцю ад дзяржаўнага валюнтарызму. Рост незадаволенасці ў элітах яскрава праявіўся ў выніку паліўнага крызісу, да яго эліты пераважна вызнавалі рэжым сваім гарантам. Сёння ўнутры эліт развіваецца раскол — арыентацыя на рэжым ці пошук новых гарантаў. Гэта дае магчымасць дэмакратычным сілам прапанаваць частцы эліт супрацоўніцтва ў абмен на ўзаемныя гарантыі.

Не выключаная магчымасць самаарганізацыі эліт для абароны сваіх інтарэсаў і ажыццяўлення перамен. У такім выпадку яны будуць зацікаўленыя ў супрацоўніцтве, а не ў канфрантацыі з АДС, калі дэмакраты змогуць прадэманстраваць сваю сілу і ўплыў.
Нявызначаныя

Вызначэнне палітычна пасіўнай часткі насельніцтва (так званыя нявызначаныя) як галоўнай мэтавай групы магчыма толькі ва ўмовах дэмакратыі, калі вынікі выбараў залежаць ад галасавання большасці. Ва ўмовах дыктатуры нявызначаныя будуць заставацца на баку таго, хто ўяўляецца ім моцным, валодае вялікімі інфармацыйнымі рэсурсамі і, галоўнае, зможа задаволіць іх інтарэсы. Паслабленне ўлады адкрывае новыя магчымасці працы з імі, але без актыўнага ўдзелу дзвюх папярэдніх груп уплыў АДС на пазіцыі нявызначаных будзе нязначным. Таму ў цэнтры нашай увагі — актыўная частка грамадства, бо актыўная меншасць уплывае на пасіўную большасць, а не наадварот.

Нявызначаных таксама хвалююць гарантыі: у першую чаргу, гарантыі захавання іх адноснага дабрабыту, стабільнасці, як і магчымасцей далейшага развіцця. Сярод іх рэжым таксама страчвае свае пазіцыі. Такім чынам, вылучаецца агульнае ў інтарэсах практычна ўсяго грамадства. Ва ўмовах, калі дыктатура не здольная забяспечыць ні гарантый, ні свабоды, ёй застаецца ці нарошчваць вайну з грамадствам, ці ісці на саступкі. Ціск на грамадства можа прывесці да абвастрэння канфрантацыі і сацыяльнага выбуху, саступкі азначаюць пачатак перамен.

Абвастрэнне сацыяльна-эканамічнай сітуацыі можа прывесці да росту колькасці незадаволеных у гэтай групе і іх актывізацыі. Масавае далучэнне гэтай групы да пратэстных акцый значна ўзмоцніць кампанію ціску і можа прывесці да рэалізацыі «варыянта 2» (гл. схему 1), што падкрэслівае важнасць групы для АДС. У той жа час неабходна ўлічваць, што іх каштоўнасная арыентацыя адрозніваецца ад групы актыўных незадаволеных (нявызначаных хвалююць у першую чаргу кошты і заробак), а іх удзел у пратэстах не можа мець сістэматычны характар (задавальненне некаторых патрабаванняў звычайна вядзе да хуткага паслаблення пратэстных настрояў). Тую частку нявызначаных, якая можа перайсці ў стан актыўнага пратэсту, можна ўмоўна назваць «патэнцыйна актыўна незадаволеныя». Праца з нявызначанымі павінна быць арыентавана на выяўленне патэнцыйна актыўных, прапанову ім абароны іх інтарэсаў і актывізацыю іх для ўдзелу ў кампаніі ціску.


Улада

Раней дэмакраты не вызначалі ўладу як сваю мэтавую групу. Улада і апазіцыя практычна ігнаравалі адна адну, выказваючы ўзаемныя абвінавачанні і праклёны ў паветра. Прапануючы дыялог, мы прызнаем існаванне ўлады як патэнцыйнага партнёра і прапануем ёй зрабіць тое самае. Узаемнае прызнанне асноўных суб’ектаў палітычнага канфлікту стане рэальным крокам да нацыянальнага прымірэння і рэфармавання грамадства. Да пачатку дыялога асноўныя метады ўздзеяння АДС на ўладу — гэта кампанія ціску, інфармавання і міжнародны ўплыў. Важным з’яўляецца тое, што, нагадваючы пра нелегітымнасць спосабаў фарміравання існай улады, дэмакратычныя сілы не патрабуюць яе імгненнай ліквідацыі, прапануючы шлях паступовай мадэрнізацыі.



VI. Адзінства дэмакратычных сіл

Раскладка сіл, якая існуе ў беларускім грамадстве, не дае магчымасці дэмакратам дабівацца поспехаў у канфрантацыі з уладай «рознымі калонамі» з рознымі мэтамі і стратэгіямі. Патрабаванні дыялога тым больш прадугледжваюць максімальна скансалідаваную «дэмакратычную сілу», якая можа быць успрынята ўладай, элітамі і іншымі групамі як адэкватны партнёр.

Таму кансалідацыя дэмакратычных палітычных і грамадскіх сіл — найважнейшая ўмова рэалізацыі стратэгіі і найбліжэйшая задача прыхільнікаў перамен.

У аснову супрацоўніцтва дэмакратычных сіл паміж сабою павінны легчы:



  • прызнанне агульных мэтаў, стратэгічных падыходаў і праграмы дзеянняў.

  • падзел функцый паміж палітычным і грамадскім сектарамі, паміж сіламі розных палітычных кірункаў з рознымі мэтавымі групамі, стварэнне магчымасцей удзелу ў рэалізацыі стратэгіі для ўсіх, хто вызнае агульныя мэты і стратэгічныя прынцыпы.

  • прынцып дамоўленасці. Мэтазгодна ініцыяваць падпісанне спецыяльнага дакумента — новай «Грамадскай дамовы», у якой зафіксаваць не толькі жаданне ўдзельнічаць у працэсе, але і ўзаемныя абавязкі з мерай адказнасці (адпаведны праект трэба падрыхтаваць і прапанаваць Кангрэсу).

Прызнанне адзінай стратэгіі і прынцып дамоўленасці прадугледжваюць не агульную вертыкальную структуру, а ўзаемадзеянне розных сектараў і структур. У той жа час наяўнасць кааліцыі палітычных сіл забяспечвае захаванне каардынацыі асноўных кампаній і аператыўнасць прыняцця рашэнняў ва ўмовах хутказменнай сітуацыі. Таму актуальным застаецца захаванне кааліцыі АДС як ядра ўзаемадзеяння ўсіх прыхільнікаў перамен.



VII. Варыятыўнасць стратэгіі

Стратэгія прапануе ўлічваць сітуацыю ў Беларусі і вакол яе як дынамічную. У залежнасці ад змены сітуацыі могуць быць рэалізаваныя розныя варыянты. У варыянце наменклатурнага перавароту (ці фізічнай недзеяздольнасці дыктатара) задача дэмакратычных сіл зводзіцца да даго, каб захаваць за сабою ролю ўплывовага суб’екта палітычнай гульні. Таму важна гэты ўплыў найперш здабыць, а для гэтага неабходна кансалідавацца і рэалізаваць пазначаныя вышэй кірункі стратэгіі. У выпадку абвастрэння крызісу важна мець у руках рычагі кампаніі ціску і ўплыву на нявызначаных. Генеральны ж кірунак — гэта мірны шлях папярэдніх перамоў і дамоўленасцяў аб супрацоўніцтве ў справе мадэрнізацыі краіны.


Час — вычарпальны рэсурс. Пачынаючы з падзей сакавіка 2006 года ход падзей у Беларусі паскараецца. Адбываюцца змены ў масавай свядомасці, змяняецца эканамічная і міжнародная сітуацыя. У рэшцэ рэшт пераможцам стане той, хто найбольш аператыўна і адэкватна адкажа на выклік часу. Як ніколі актуальны стары дэвіз: Periculum in mora (Прамаруджанне азначае смерць).
: files
files -> Конкурс журналісцкіх матэрыялаў "твой стыль"
files -> Кроніка грамадскага жыцця Гарадзеншчыны ад грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар”
files -> Праграма Artes liberales 2013 (12–28. 02)
files -> Культурная праграма Першага нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”
files -> Штомесячны агляд эканомікі беларусі
files -> Пазакласны занятак па музыцы. Калейдаскоп дзіцячых фальклорных гульняў
files -> Паводле лірычных твораў А. С. Пушкіна мы іграем пушкіна
files -> 18 кастрычніка 2012 г. 1522 Аб узнагароджанні Ганаровай
files -> Клубы і аматарскія аб’яднанні Назва бібліятэкі




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка