Святочная лінейка, прысвечаная пачатку 2014-2015 навучальнага года
МУЗЫКА________________________________________________
1 вяд. Дзень добры, любімая родная школа!
Да цябе мы і зблізку прыйшлі, і здалёк.
Сёння здаецца нам песняй вясёлай
Твой першы прыгожы званок.
2 вяд. Добры дзень, мая родная школа!
Мы чакалі даўно гэты час.
Калі гоман дзіцячы вясёлы,
Сустракае ля школы ўсіх вас.
1 вяд. Сёння, у першы дзень верасня, мы сабраліся ўсе разам, каб адзначыць пачатак новага навучальнага года. Мы рады бачыць усіх вас здаровымі, больш дарослымі і поўнымі жадання авалодаць новымі ведамі. З асаблівай цеплынёй мы сустракаем сёння нашых першакласнікаў.
2 вяд. А павядзе іх у цудоўную краіну ведаў іх першая настаўніца – Палякова Таццяна Іванаўна. Давайце усе разам павітаем іх.
Гучыць музыка. Уваходзяць першакласнікі.
1 вяд. Плыве ў блакіце белы бусел
І луг квяцісты, як абрус.
А мы з табою беларусы
Радзіма наша – Беларусь!
2 вяд. Права падняць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь прадстаўляецца
выдатнікам вучобы: Алексіевіч Вользе, Мулярчык Ірыне, ХілевічуАляксею. Школа, смірна! Раўненне на сцяг!
Гучыць гімн
2 вяд. Святочная лінейка, прысвечаная Дню ведаў, аб’яўляецца адкрытай.
1 вяд. Сёння на нашай урачыстасці прысутнічае шмат гасцей:
2 вяд. Шайбак Віктар Леанідавіч – старшыня Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта
1 вяд. Атрашкевіч Любоў Фёдараўна – старшыня Цырынскага сельскага выканаўчага камітэта.
2 вяд. Кулініч Мікалай Мікалаевіч – старшыня СВК “Цырын-Агра”
1 вяд. Пратаіерэй Алег Сушко – настаяцель праваслаўнай царквы ў в.Цырын
2 вяд. У настаўнікаў мудрыя вочы
Пазіраюць з надзеяй на нас.
Па шляхах навукі і мары
Будзем з імі мы крочыць праз час.
1 вяд. Слова для прывітання мае дырэктар школы Карзан Іван Генадзьевіч.
2 вяд. Дарогай бацькоўскай з высокім натхненнем
Мы пойдзем у заўтра да новых здзяйсненняў.
Ты, школа, даеш нам і веды, і сілы.
Дык дзякуй вялікі за дужыя крылы!
1 вяд. Для нашых паважаных гасцей 1 верасня – гэта таксама свята. Слова
для віншавання прадстаўляецца Віктару Леанідавічу Шайбаку
2 вяд. Слова мае Любоў Фёдараўна Атрашкевіч.
1 вяд. Любяць нашы вучні не толькі вучыцца, але і добра працаваць на
палетках падшэфнай гаспадаркі – СВК “Цырын-Агра”, там, дзе працуюць
нашы бацькі. Толькі пад час летніх канікул у гаспадарцы працавалі 16вучняў.
І прыемна, што старшыня гаспадаркі падтрымлівае нашых вучняў у імкненні
самастойна зарабляць грошы.
2 вяд. Слова прадстаўляецца Кулінічу Мікалаю Мікалаевічу.
1 вяд. Ідзе малы, ідзе старэйшы,
Той у адзінаццаты, а той – у першы.
Ідуць, каб веды тут набыць
Каб з кнігамі ў сяброўстве жыць.
2 вяд. Хлопчыкі, дзяўчынкі
Весела спяшаюцца
Незвычайны сёння дзень –
Заняткі пачынаюцца.
1 вяд. Загад аб залічэнні вучняў у першы клас зачытвае намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Хілевіч Алена Анатольеўна.
2 вяд. А да мікрафона спяшаюцца першакласнікі, каб даказаць, што іх можна назваць першакласнікамі. Сустракайце іх!
Выступленне першакласнікаў.
1 вяд. А зараз, паважаныя першакласнікі, скажыце нам імя вашай першай настаўніцы!
2 вяд. Яна стаіць перад табой-
Прыгожая жанчына.
З ледзь-ледзь прыкметнай сівізной
І добрымі вачыма.
1 вяд. І любіш ты, як ён, як я,
Жанчыну ў строгім плацці
Яна – настаўніца твая,
Твая другая маці.
2 вяд. Слова для віншавання прадстаўляецца першай настаўніцы нашых першакласнікаў Паляковай Таццяне Іванаўне.
Выступленне Паляковай Т.І.
1 вяд. Са словамі благалаўлення ў добры школьны шлях звяртаецца да першакласнікаў настаяцель праваслаўнага храма – пратаіерэй Алег.
Выступленне бацюшкі.
2 вяд. За руку ўзяўшы першакласнікаў,
Прывялі ў школу іх бацькі.
Новенькія формы, ранцы, банцікі.
Памятны ў іх сёння дзень які!
1 вяд. І хаваюць мамы хваляванне
На парозе школьнага жыцця.
Ці не здасца цяжкім навучанне?
Як з нагрузкай справіцца дзіця?
І, гатовыя прыйсці на дапамогу,
Зразумець і ночы не даспаць,
Даць наказ на доўгую дарогу
І сардэчным словам падтрымаць.
1 вяд. Свой наказ першакласнікам ад імя бацькоў дае
Выступленне бацькоў.
2 вяд. У верасні, у верасні
Хапае ўсім турбот.
Дзятва да школы ў верасні
Спяшаецца штогод.
1 вяд. Ці свеціць сонца з раніцы,
Ці ў хмарках промень згас –
Хто ў першы клас спяшаецца,
А хто ў апошні клас.
2 вяд. Сапраўды, сярод нас сёння ёсць тыя, хто ў апошні раз прыйшоў на вераснёўскую школьную лінейку – адзінаццацікласнікі. Напэўна, маючы за плячыма 11 год школьнага жыцця, ім ёсць што сказаць нашым першакласнікам. Паслухаем? Да першакласнікаў звяртаецца вучаніца 11 класа_Казлова Сняжана.
11-класніца. Дарагія маленькія сябры! Дазвольце ўсіх павіншаваць з цудоўным святам – Днём ведаў. Мы ўжо дарослыя, сёння- мы самыя старэйшыя вучні, а здаецца, зусім нядаўна, мы вось гэтак жа як і сённяшнія першачкі гаманілі на першай лінейцы, хваляваліся: “А як жа там у школе?” А цяпер вітаем сваю змену. Усяго вам добрага, шчаслівага вандравання па цудоўнай краіне ведаў! А дапаможа вам у гэтым – самая галоўная кніга – Буквар. Прыміце ад шчырага сэрца яе ад адзінаццацікласнікаў!
(уручэнне падарункаў)
1 вяд. Свята без кветак – хіба гэта свята?
У вас у руках розных кветак багата!
Вучні! Настаўнікаў шчыра віншуйце,
Кветак для іх і любві не шкадуйце!
Вучні дараць кветкі настаўнікам. Гучыць музыка.
2 вяд. Празвініць званок – і без прынукі,
Весела па класах мы разыдземся.
І пачнецца зноў навука.
Ох, нялёгкая то штука!
Толькі без яе мы не абыдземся.
1 вяд. Па даўняй традыцыі навучальны год пачынаецца з рытуала
першага званка. Гонар даць яго прадстаўляецца вучням 1 класа Качкарыку
Мікіце і Шэман Алёне.
ЗВАНОК.
2 вяд. Вось і прагучаў першы школьны званок, ён абвясціў аб тым, што пачынаецца новы навучальны год.
1 вяд. І пачынаецца ён з першага ўрока “Дзякуй салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны”, які праходзіць у рамках святкавання 70-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Паважаныя госці, бацькі, мы Вас запрашаем на першы ўрок!
2 вяд. А права першымі пакінуць ганаровую лінейку прадстаўляецца першакласнікам!
МУЗЫКА
Словы першакласнікаў
-
Малюй, аловак, спраўна!
Пішы ты, ручка, роўна!
Бывай, садок наш любы,
нас кліча свет чароўны!
2. Нязведаных абшараў
раскрыем таямніцы.
Спяшаемся мы ў школу,
бо любім мы вучыцца!
3.Пачакайце нас, арэлі!
Нам сягоння не да вас!
Дружна складваем партфелі,
Мы ідзем у першы клас!
4. Не сумуйце, каруселі
І кулічыкі з пяску!
Мы цяпер за парты селі,
Дружна цягнем мы руку!
5. Да званка мы будзем рупна
Маляваць, чытаць, пісаць,
А пачнецца перапынак -
Пабяжым у двор гуляць!
6. Наш вясёлы звонкі мячык,
Лялькі, мішка, паравоз -
Паглядзі, вось-вось заплачуць…
Не, не трэба, цацкі, слёз!
7. Так вядзецца ўжо на свеце:
Хутка вырастаюць дзеці
І чародкаю вясёлай
Выпраўляюцца да школы!
8. Мама, я хачу чытацъ,
Мама, я хачу пiсаць.
Мама, свята сёння у нас,
Усе: Бо прыйшлi мы ў першы клас.
Поделитесь с Вашими друзьями: |