Сярэдняя школа №3 Г. Свіслачы



Дата канвертавання15.05.2016
Памер277.71 Kb.


АДДЗЕЛ АДУКАЦЫІ, СПОРТУ І ТУРЫЗМУ СВІСЛАЦКАГА РАЙВЫКАНКАМА

ДЗЯРЖАЎНАЯ УСТАНОВА АДУКАЦЫІ “СЯРЭДНЯЯ ШКОЛА № 3 Г. СВІСЛАЧЫ”




2014г.

ЗМЕСТ




  1. Уводзіны ................................................................................3



  1. Асоба В.Тышкевіча................................................................4-6



  1. Перабудова мястэчка і гаспадаркі..........................................7-11



  1. Культурнае развіцце Свіслаччыны пры В. Тышкевічу ....... 12-17



  1. Заключэнне............................................................................... 18



  1. Літаратура ................................................................................ 19



  1. Дадатак .....................................................................................20-29


УВОДЗІНЫ

Кожны чалавек, дзе б ён не нарадзіўся і якой нацыянальнасці ні быў, павінен ведаць сваё мінулае, свае гістарычныя карані, тое як жылі ў даўнія часы яго продкі. Ведаць, каб не паўтараць памылкі былых пакаленняў і браць ад іх толькі самае лепшае. Займацца гісторыяй свайго роднага краю, павінны не толькі даследчыкі гісторыі. Цікавіцца мінулым павінны усе хто лічаць сябе грамадзянамі сваёй Радзімы і проста цывілізаванымі людзьмі. Гістарычнае бяспамяцтва лічыцца цяпер , прыкладам непаўнацэннасці.

Вялікі ўплыў на гістарычны працэс заўсёды аказвалі неардынарныя і таленавітыя людзі.

На тэрыторыі Гродзеншчыны ў розныя перыяды яе гісторыі існавала шмат выдатных і славутых жыхароў, моцна ўплываўшых на развіццё культуры, гаспадаркі, палітыкі не толькі якой-небудзь невялікай мясцовасці, але і ўсей Беларусі. Адзін з іх – граф Вінцэнт Тышкевіч, прадстаўнік славутага роду Тышкевічаў, уладальнік невялікага мястэчка Свіслач.

За час жыцця ў Свіслачы з забітага мястэчка змог зрабіць прыгожы і чысты гарадок з квітнеючай гаспадаркай, цэнтрам культуры, адукацыі і навукі ў Гродзенскай губерніі, буйным гандлёвым цэнтрам Расійскай імперыі. Сама постаць графа Вінцэнта Тышкевіча цікавая, неадназначная, а нават супярэчлівая. Жыў граф у час вялікіх спусташэнняў, як то падзелы Рэчы Паспалітай, прыстасаванне да новых умоў жыцця ў складзе Расіі, вайна 1812 года, але нягледзячы на гэта, змог аставіць пасля сябе буйны след у гісторыі.

Мэта дадзенай працы ў тым, каб ахарактарызаваць асобу графа В. Тышкевіча, паказаць значэнне яго дзейнасці для сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця Свіслаччыны.

Зыходзячы з тэмы пастаўлены наступныя задачы:


  1. Даць характарыстыку асобы графа В. Тышкевіча.

  2. Паказаць якую ролю граф В. Тышкевіч адыграў у сацыяльна – эканамічным развіцці м. Свіслач.

  3. Ахарактарызаваць дзейнасць графа В. Тышкевіча ў сферы культуры і адукацыі.

Пры даследаванні дзейнасці В. Тышкевіча на Свіслаччыне выкарыстаны матэрыялы Дзяржаўнага гістарычнага архіва ў г. Гродна, публікацыі свіслацкага краязнаўцы А.С.Палубінскага, матэрыялы перыядычнага друку.
АСОБА ВІНЦЕНТА ТЫШКЕВІЧА
Вінцент Тышкевіч, сын графа Антона Казіміра Тышкевіча, генерала войск літоўскіх і Тэрэзы – з рода Тызенгаўзаў, кавалер Белага Арла і Святога Станіслава, рэферэндарый Вялікага Княства Літоўскага, нарадзіўся 20 чэрвеня 1757 года. Яшчэ ў маленстве, страціўшы бацькоў, атрымаў пасля іх значнае багацце. Адукацыю атрымаў, закончыўшы Сарбонскі універсітэт. Старажытнага роду, ён меў права на першыя пасады, мільённае багацце давала яму магчымасць заняць высокае становішча ў краі. Каралеўскі двор адчыняў перад ім свае дзверы, сенатарскае крэсла запрашала заняць у ім месца, яго чакалі староствы, ордэны. Багацце і ўплыў рода Тышкевічаў прывабілі караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага, які вырашыў парадніцца з гэтым родам. Адну з сваіх пляменніц, дачку князя Казіміра Панятоўскага выдаў за Людвіка Тышкевіча, якога зрабіў гетманам польным літоўскім. Для другой, Тэрэзы, дачкі аўстрыйскага фельдмаршала Андрэя Панятоўскага, выбраў Вінцэнта Тышкевіча. Але апошні выбраў сабе іншы жыццёвы шлях, якім ён і вядомы ў гісторыі.

Граф Вінцэнт Тышкевіч быў уладальнікам Свіслачы, Лагойска (Мінская губернія) і Белаполля (на Украіне). Але з трох сваіх уладанняў для пастаяннага жыцця выбраў Свіслач. Свіслач да Тышкевічаў належала багатаму нямецкаму роду, асеўшаму на Літве, а ўжо ў XVIII ст. выгасламу сямейству Крышпінаў-Кіршэнштэйнаў. У сярэдзіне XVIII стагоддзя мястэчка было куплена графам Антоніем Тышкевічам – генерал-лейтэнантам войскаў Вялікага Княства Літоўскага, і па яго смерці перайшло сыну Вінцэнту. Пераехаўшы ў Свіслач, малады граф вырашыў поўнасцю рэфармаваць гарадок і зрабіць яго цэнтрам гандлю і асветы.

Прыняўшы ў горадзе Вене шлюб, граф і яго жонка, пасля шыкоўных вясельных баляў выехалі на Літву. Маладую і прыгожую Тэрэзу Тышкевіч палюбіў. Яна ж яго не цярпела, бо выканала каралеўскую волю пад прымусам. Гэтая пара “не была для сябе”. Яна – дварцовая какетка, прыцягваючая да сябе ўвагу мужчын, ён – дамасед, рэдка выязджаючы са сваёй любімай Свіслачы. Яна – важная дама, а ён – таўсцяк і абжора. Яна – лёгкадумная і марнатраўная, а ён – беражлівы і гаспадарлівы. Пражыўшы адзін год у Свіслачы, пані Тышкевіч пакінула мужа назаўсёды і вярнулася ў Варшаву. Менавіта ў час жыцця маладой пары ў Свіслачы і пачынаюцца карэнныя змены ў мястэчку. Графу Тышкевічу прыпісваюць словы: “Я хачу зрабіць Свіслач такой для Падляшша, як Варшава для Мазовіі і Вільня для Літвы”.

Граф Тышкевіч штодзённа ў тую самую гадзіну ўставаў, снедаў, абедаў, вячэраў, рабіў прагулкі. У нядзелю, калі ўваходзіў у касцёл, у тую ж самую хвіліну ксёндз выходзіў з імшою. На набажэнства павінен быў хадзіць увесь двор, а хто без важнай прычыны гэтай павіннасці не выканаў, той пазней, кленчачы па паўгадзіны, мусіў гаварыць пакутныя пацеры. Але, як сцвярджалі сучаснікі, граф, нягледзячы на гэта не быў католікам, а хутчэй дэістам (чалавекам, выступаўшым за вальнадумства для выбраных і зберажэнне рэлігіі, як сродка ўтрымання народа ў паслушэнстве). Уладальнік Свіслачы быў набожны больш паводле перакананняў.

Пан рэферэндарый быў так прывязаны да сталага парадку, што хутчэй гатовы быў дараваць растрату, чым пакінуць без пакарання людзей, недасадзіўшых дрэўца, сапсаваўшых бар’ер, неадрамантаваўшых мосцік пры дарозе. Граф пільна сачыў за маральнасцю сваіх падданых. Хоць сам і любіў слухаць плёткі, але часта здаралася, што тыя, хто пляткарыў, паклёпнічаў былі сурова караны.

Тышкевіч, нягледзячы на фізічную грузнасць, быў чалавекам вельмі жывога тэмпераменту, лёгка гневаўся, яшчэ хутчэй супакойваўся; калі адчуваў сябе вінаватым, сам першы перапрошваў, калі абражалі яго – выбачаў, але памятаў. Пароднены з каралеўскаю сям’ёю, у сваёй прысутнасці не дазваляў нікому выказвацца супраць караля. Атрымаўшы такое выхаванне, як тагачасныя магнацкія дзеці, “з усімі ўяўленнямі пра тую колькасную роўнасць, што вылучала найперш родавую вышэйшасць, ён калі любіў шляхту, то не таму, што тая была яму роўная, але як бацька любіць дзяцей, як апякун даручаных яго клопатам, як дабрадзей яму абавязаных, любіў, бо меў у сэрцы глыбокую любоў да блізкага”.

Граф быў слепа прывязаны да жонкі, нягледзячы на тое, што на працягу ўсяго жыцця яна не аказала яму ніякай спагады. Пасля ад’езда графіні ў Варшаву, яна не мела з ім ніякіх кантактаў. Граф не любіў пра яе ўспамінаць. Колькі разоў не завітваў ён у Варшаву, у яе не бываў. Бываў у тэатры. Насупраць яе ложы ён меў сваю. Там, за кратамі, сам нябачны, мог без перашкоды глядзець на “прадмет свайго вельмі упартага кахання”. Аднойчы, пан рэферэндарый, як толькі даведаўся, што яго жонка, едучы ад пані Агінскай на Брэст, Гродна да пані гетманавай Тышкевічавай, будзе праязджаць праз Свіслач, накіраваўся за некалькі міляў на самую мяжу Свіслаччыны, каб яе сустрэць. Там чакаў некалькі дзён. Калі яна ехала, выйшаў на дарогу, затрымаў яе карэту, адчыніў, і, хоць яна не выйшла, прывітаў пры самых дзверцах, запрасіў да сябе. Атрымаўшы адказ і дазвол суправаджаць жонку праз свае ўладанні, міль пяць ехаў за ёю ў сваёй павозцы. Пасля, адбыўшы тую самую цырымонію, што і пры вітанні, кінуў ёй пад ногі кашалёк з 1000 чырвоных злотых.

Акрамя таго, што рэферэндарый быў багатым магнатам, ён меў імкненне да роскашы і скупасці. Звыш даходаў нічога не траціў, але таксама і не ашчаджаў. Хапала яму і для сябе і на добрыя ўчынкі, а не маючы дзяцей, не меў патрэбы збіраць. Нягледзячы на гэта, граф заставаўся вельмі багатым чалавекам. 20 снежня 1813 года склаў завяшчанне і пацвердзіў яго ў актах Ваўкавыскага павету. Ён хацеў дапамагчы многім сваякам. Лагойск адпісаў Пію Тышкевічу (бацька беларускіх вучоных Канстанціна і Яўстафія Тышкевічаў), Белаполле – украінскім Тышкевічам, Свіслач – Юзэфу Тышкевічу – вялятыцкаму старасце, загадаўшы выканаць усе ўмовы тастаменту. У выпадку калі б той адмовіўся, спадчыннасць пераходзіла на яго сына Міхаіла, а пасля на Тадэвуша, далей на Вінцэнта і Юзэфа, сыноў Дамініка – кашталяна караля Станіслава Аўгуста, і нарэшце – да ўрада з тымі самымі абавязкамі. Тастамент уключаў у сябе

наступнае. З самага пачатку трэба было аднаразова заплаціць 750000 польскіх злотых яго жонцы, якая, пакуль атрымала гэтую суму, мела права заняць маёнтак і праць з яго даход, не даючы нікому справаздачы. Апроч гэтага, ёй трэба было плаціць штогод па 2000 дукатаў пажыццёвай пенсіі. Другім абавязкам было на працягу трох гадоў пасля смерці завяшчальніка вымураваць новую гімназію, а на працягу дзесяці год пабудаваць будынкі касцёла, аптэкі, кафенгаўза, пяці корчмаў і ўсіх дамоў, што акружалі рынак. 300000 злотых адпісаў Тадэўшу Тышкевічу і другія 300000 злотых іншым членам сям’і, дамачадцам і даўнім слугам, з якіх ніводзін не быў забыты. У тастаменце была такая прыпіска “Для аблягчэння ўмоў і выплаты легатаў, уладальніку Свіслачы на ўласнасць даецца сума ў мільён злотых, змешчаная на працэнце ў князя Радзівіла, нясвіжскага арандатара”. Апрача гэтага ў Свіслацкай касе была пакладзена сума ў 200000 злотых, прызначаная на пабудову гімназіі. Выканаць тастамент згадзіўся толькі Тадэвуш Тышкевіч, генерал польскіх войск, дзейнічаўшых у вайну 1812 года на баку французаў. Ён і быў выбраны на спадчыніка Свіслачы.

У апошнія гады свайго жыцця граф многа хварэў, нягледзячы на гэта, вельмі многа еў, што і было адной з прычын частага заняпаду здароўя. Урачы забаранялі яму нават вячэраць.

Памёр Вінцэнт Тышкевіч у сваёй кроўнай Кажанёўскай, недалёка ад Пінска, якую наведаў у сакавіку 1816 года. Знайшлі яго ранкам у ложку ўжо нежывога. Жонка, якая яго даўно ўжо кінула, перажыла яго смерць і памерла ў Парыжы ў 1831 годзе і пахаронена была ва ўладаннях князя Тылейранда. Тышкевіча пахаранілі ў яго маёнтку ў Лагойску ў падножжа магілы сваіх бацькоў. На яго магіле быў змешчаны надпіс “Сын Вінцэнт. 1816 сакавіка дня 12”.

ПЕРАБУДОВА МЯСТЭЧКА І ГАСПАДАРКІ

Я хачу зрабіць Свіслач такой для Падляшша,

Як Варшава для Мазовіі і Вільня для Літвы.

В. Тышкевіч

Пасярэдзіне мястэчка была створана вялікая чатырохбаковая плошча. Яна прызначалася для правядзення кірмашоў. У цэнтры ўзвышаўся трыццаціметровы пірамідальны абеліск. Ён завяршаўся пазалочаным шарам і шпілем. У ясную пагоду яго было відаць далёка ад мястэчка. Ад рынку радыяльна разыходзіліся прамыя вуліцы, забудаваныя добраўпарадкаванымі дамамі, пакрытымі гонтай. Вуліца Гродзенская і рынак былі заселены яўрэямі, а Варшаўская – татарамі. Будынкі на гэтых вуліцах перарабляліся адпаведна тым тыпам дамоў, якія выпрацаваў уладальнік маёнтка. Частка жыхароў высялялася ў іншыя месцы. У пачатку кожнай вуліцы пры ўездзе былі ўведзены масіўныя брамы (аркі). Паміж Мсцібаўскай і Рудаўскай вуліцамі быў пабудаваны так званы гандлёвы двор – вялікі мураваны будынак у форме чатырохвугольніка на 48 лавак з памяшканнямі для жылля гандляроў і танцавальнай залай. За ім – маленькая грэка - уніяцкая царква. У адным рагу рынка – аптэка, у другім – салідны кафенгаўз з більярдам для забавы прыезджых. На супраць кафенгаўза – вялікі пляц, на левым яго баку – драўляны парафіяльны касцёл з гадзіннікавай вежаю. За касцёлам знаходзяцца гімназічныя карпусы, якія былі пабудаваны пасля смерці графа. На правым баку – тэатр з маскараднай залаю. Дарэчы, гэтым тэатрам кіраваў італьянскі кампазітар і скрыпач К. Чапрыяна. За тэатрам быў публічны парк з гушкалкамі, каруселлю і цірам. Разам з паркам быў створаны звярынец, які складаў некалькі дзесяткаў агароджаных дзесяцін зямлі з рознымі відамі жывёл, якіх прывозілі з пушчы, вядома, што ў звярынцу было больш за 100 ланяў і больш за дзесятак аленяў. Разам з публічным паркам размяшчаўся графскі парк з алеямі рознага віду дрэў і каналамі. Уздоўж алей графскага парку стаялі копіі грэчаскіх і рымскіх скульптур. Парк канчаўся драўляным будынкам, у якім размяшчалася аранжарэя і было некалькі пакояў для гасцей. Недалёка адсюль, над самым краем вады, узносілася мураваная альтанка. Бокам да парку стаяў палац, абсаджаны ліпамі. З тылу палацы – вялікія палі, удалечы перарываемыя невялікім ляском Вішнёўцам.

Пры ўездзе ў горад з кожнага боку ўзвышаліся каменная брама без варотаў. Дарогі па вуліцах былі абсаджаны алеямі дрэў. І гэта толькі асноўная частка новых забудоў, а колькі іх было невялікіх і непрыкметных!

Граф Тышкевіч дбаў, каб у мястэчку былі парадак і чысціня. Таму, забаранялася будаваць хлявы для жывёлы блізка дамоў. Сурова караў жыхароў мястэчка, якія вылівалі на вуліцу памыі і выкідалі смецце. Усім хатнім гаспадарам ставілася ў абавязак перад нядзелямі і святамі месці вуліцы.

За 10 кіламетраў ад Свіслачы, у фальварку Клепачы быў збудаваны цудоўны палац, які нагадваў часы Людовіка XV. Пачала будаўніцтва яшчэ жонка графа, але яму прыйшлося яго дабудоўваць. Кляпацкі асабнячок графіня назвала “Сынфаны”, што па-грэчаску значыць “новы дом”. Ён стаяў над вялікім ставам, перасечаным астравамі, абсаджанымі дрэвамі. На адным з іх была вежа з гадзіннікам, на другім – альтанка, а на трэцім – домік для зайцаў, чацверты ў сваю чаргу быў абведзены частаколам, там трымалі сарнаў. З супрацьлеглага боку ставу выглядала невялікая грэка-уніяцкая царква. Асабнячок унутры быў вельмі багата аздоблены і абстаўлены. Граф Тышкевіч імкнуўся не толькі ўпрыгожваць мястэчка – Свіслач, але і тэрыторыі вакол яго, асаблівую ўвагу звяртаў на парадак і акуратнасць ва ўтрыманні вёсак.

Як уладальнік мястэчка, граф Тышкевіч траціў на свае задумы вялікія сродкі, якія браў сваёй добраўпарадкаванай гаспадаркі.

Граф Тышкевіч, валодаючы трыма маёнткамі, меў з іх не малыя даходы. Свіслацкі маёнтак даваў 10000 чырвоных злотых гадавога даходу, маёнтак – 5000, і Белаполле - 10000 злотых гадавога даходу. Дадаўшы сюды мільён польскіх злотых , пакладзеных на працэнты ў князя Радзівіла, Нясвіжскага арандатара, ён мог называцца багатым.

На Свіслаччыне Вінцэнт Тышкевіч валодаў 16 фальваркамі. Апрача гэтых зямельных уладанняў яму належала Свіслацкая пушча плошчай 25тыс. дзесяцін. Тышкевіч атрымліваў прыбытак ад 10 корчмаў, убойнага пункта, лаўкі па продажу солі і селядцоў, пякарні, піваварнага завода, шынка, дзевяці дамоў у Свіслачы, мануфактура паперы ў Нязбодічах і іншых пунктаў, ветрака, двух валяшоў, вінакурнага завода і адкормачнага пункта на 60 валоў. Давалі прыбытак таксама 40 крам, лоўля рыбы ў сажалках і тэатр.

Тышкевіч дбаў аб промыслах і рамёствах славіліся свіслацкія гарбары, якія выраблялі хром і сафіян. Працавалі сталяры, токары, карэтнікі, у якіх заказвалі карэты нават Радзівілы. Дачка аднаго з іх Марыя Рыпішынская за вытачаны ёю набор да гарбаты, які мог змясціцца ў шкарлупіне грэцкага арэха, атрымала на Ніжагародскай выстаўцы срэбную медаль. Вядомы былі і свіслацкія кавалі. Свае немалыя даходы граф ніколі заранёў не расходаваў, калі яму прыносілі даходы цэлымі з мінулага года, толькі тады ў расход уваходзіў пазапрашлагодні даход. А калі з мінулага года ў касе заставалася якая рэштка гатоўкі, турбаваўся пакуль яе не аддаваў “першаму лепшаму”, хто трапіўся пад руку. З памяншэннем гаспадаркі і павялічэннем цэнаў на прадукты ён мог павялічыць свае даходы. Ніколі на гэта не згаджаўся, бо не хацеў запрыгоньваць работнікаў павялічэннем працы. Упраўляючы маёнтка павінен быў у канцы кожнага года аддаваць яму не менш, не больш даходу, як ён раз пастанавіў. Калі было больш нормы, мог браць сабе, калі менш – аплачваў з уласнай кішэні.

Сяляне ў графа адбывалі 4 дні паншчыны ў тыдзень: 3 дні з канём і 1 дзень пашы. Да гэтага прыбаўляліся гвалты, у час якіх усе, хто быў здольны працаваць, павінны былі выходзіць на сенажаць і жніво. Акрамя гэтага прызначыў шарваркі для рамонту дарог і мастоў. Калі здараўся не ўраджайны год, гаспадар праз спецыяльныя магазіны на першы заклад уносіў сялянам 500 бочак жыта і столькі ж яравога збожжа. Пры гэтым адкрываў камунальную касу, у якую ўносіў 3000 рублёў серабром і аплачваў у тую ж касу працэнт з іх. Селянін, які пазычаў з магазіна збожжа, калі аддаваў, павінен быў дасыпаць да пазычанай азіміны гарнец. Той хто пазычаў грошы, плаціў ад 5 да 10% гадавога. Гарантыя была пэўная, бо за таго, хто пазычаў паручалася цэлая воласць. А тым часам, магазіны папаўняліся штораз хутчэй, расла і каса. Калі колькасць збожжа падвойвалася, яго прадавалі, а сума, якую выручалі, пераходзіла ў камунальную касу. У яе таксама ўваходзілі ўсе грашовыя штрафы ад сялян, якія не маглі своечасова разлічыцца.

Граф Тышкевіч дамагаўся, каб сялян не бралі ў рэкруты, а плацілі за кожнага па тысячы асігнацыйных рублёў, але смерць памяшала яму гэта здзейсніць. Па фальварках былі створаны сялянскія суды, якія складаліся ў лепшых гаспадароў. Яны былі першай мясцовай інстанцыяй, якая распавядала ўсякія злачынствы і злоўжыванні, маглі прымаць пастановы, але ўладальнік пакідаў сабе права пацвердзіць іх, зменшыць ці зняць зусім.

Ва ўладаннях графа не зафіксавана сялянскіх выступленняў, бо граф і яго падданыя былі зацікаўлены адзін у другім. Магнат імкнуўся зрабіць жыццё людзей добрым, тады ж і сам атрымліваў ад іх добры прыбытак.

Перабудова мястэчка, даходная гаспадарка і парадак ва ўсіх уладаннях графа супалі з набыццём свіслацкім кірмашом вядомасці. Вядомы польскі граф Л.Патоцкі за іх шматлюднасць і вялікую панумернасць параўноўваў з курортным сезонам у чэшскім горадзе Карлавы Вары. Першы кірмаш у Свіслачы адбыўся ў 1791 годзе. Граф Тышкевіч атрымаў прывілеі на адкрыццё ў Свіслачы кірмашу ад караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Кірмаш праводзіўся штогод і працягваўся цэлы месяц з 25 жніўня па 25 верасня. Менавіта з гэтай мэтай і ішла будова Свіслачы. Стварэнне вялікай гандлёвай плошчы, пабудовы вялізнага будынку для крамаў і гасцінцы для купцоў, тэатр і звярынец – усё гэта рабілася дзеля таго, каб стварыць добрыя ўмовы для гандлю і прыцягнуць як мага больш народу. Тым больш, што праз Свіслач праходзіў возніцкі тракт: з Гродна да Брэста, з Масквы на Варшаву.

Першыя кірмашы былі шматлюднымі. Але яны паступова расшыраліся, асабліва пасля таго, калі Беларусь пасля Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай увайшла ў склад Расіі. Утварыўся велізарны гандлёвы рынак Расійскай імперыі. Па свайму грашоваму

абароту кірмаш займаў другое месца ў Беларусі (пасля Зельвенскага). Сюды прывозілі розную тканіну маскоўскіх і замежных фабрык, сукно і корт з Беластоку, жалезныя і медныя вырабы тульскіх заводаў, шкляны і фарфорава-фаянсавы посуд з Калужскай губерніі, сала і свечкі з Чарнігаўскай, коней і жывёлу з Украіны і Крыму, упрыгожванні і адзенне з Варшавы і Вільні. Вялікім попытам карысталіся вырабы свіслацкіх гарбароў, карэтнікаў, сталяроў, токараў, ганчароў. Тагачасныя цэны на некаторыя тавары: футра з лісіцы каштавала 30-80 рублёў, аўчынны паўкажушок – 6-10 руб., карова – 14-39 руб., конь – 40-100 руб. Гасцініца (пастаялы двор) каштавала ад 30 капеек да 2 рублёў. За правоз тавараў плацілі пошліну. Напрыклад, з Беластоку – 25 капеек за пуд, а тавары з Варшавы – ад 56-60 руб. за 30 пудоў.

Звычайна, у ранішні час рэферэндарый рабіў візіты дамам (запрашаў да сябе). Штодзён у хаце графа быў абед на 100 асоб. Пасля абеду рабілі выезды карэтамі або плавалі на каналах. Наступаў час тэатру, а пасля яго ў пэўны дзень публічны касцюмаваны баль у горадзе, у іншы ж час – баль у двары. Купцам, прыехаўшым з усяго краю і асабліва з далёкіх старон – Пецярбурга, Адэсы, Кішанёва, Астрахані бясплатна выдзяляліся магазіны. Купцам хрысціянскага веравызнання неаднаразова раздавалі білеты ў тэатр, а яўрэям на шабаш выдзялялі па некалькі фунтаў рыбы кожнаму. Кожную нядзелю збіраліся ў кафенгаўзе на вечарынкі пад музыку госці.

Тышкевіч надаваў нямала ўвагі не толькі развіццю промыслаў і гандлю, навукі і культуры, будаўніцтву і развіццю сельскай гаспадаркі (ён першы ў нашым краі ўвёў ўправу бульбы, развёў мерыносных авечак).

В. Тышкевіч пільна сачыў за маральнасцю сваіх падданых. Суровае пакаранне атрымлівалі тыя, хто пляткарыў, паклёпнічаў. Асабліва не любіў п’яніц.

Граф быў высока адукаваным чалавекам. У яго была багатая бібліятэка, частку якой ён падарыў гімназіі. В. Т.Тышкевіч таксама выдзеліў тысячу дукатаў на выданне 6-томнага “Слоўніка польскай мовы” С. Ліндэ. Уздоўж алей графскага парку стаялі копіі грэчаскіх і рымскіх скульптур.

Да ліку найбольш вядомых цэнтраў музычна-тэатральнай культуры Беларусі канцы XVIII – пачатку XIX ст. адносіцца сядзіба Вінцэнта Тышкевіча ў Свіслачы.

У Свіслач на кірмаш з’язджаліся жыхары навакольных мясцінаў, суседніх губерняў, гандляры і сяляне рускіх і ўкраінскіх гарадоў, купцы з Аўстрыі, Прусіі, Францыі, Італіі, Нідэрландаў, Турцыі і іншых краінаў. Пастаяннымі наведнікамі былі гандлёвыя людзі з Каралеўства Польскага.

Неад’адемеая частка гандлёвай дзейнасці мястэчка – базары ці таргі, якія праводзіліся 1-2 разы на тыдзень. На штотыднёвых таргах ажыццяўлялася асноўная частка гандлёвых аперацыяў мястэчка.

На рынкавай плошчы мястэчка знаходзілася 40 і болей казённых крамаў, якія здаваліся ў арэнду за 8 – 10 руб. Яны адчыняліся ў перыяд правядзення кірмаш, але 2-3 працягвалі дзейнічаць і надалей. Акрамя таго пастаянны гандаль ішоў і ў дробных крамах, што існавалі непасрэдна пры жылых памяшканнях пераважна мясцовых гебрэяў. Ніякім падаткамі гэтыя крамы і не абкладаліся . Домаўладальнікі–гандляры плацілі толькі чынш за сядзібны плац. Кожны гаспадар дома з гебрэйскай грамады заключыў з былым вотчыннікам маёнтка Свіслач референдарам Вінцэнтам Тышкевічам кантракт, які даваў ім права распараджацца і перабудоўваць дамы для ўласнай выгады з тым толькі, каб яны “не псавалі фронту”.

Акрамя крамаў у Свіслачы існавалі корчмы, шынкі. Згодна апісанню Леана Патоцкага, на рынкавай плошчы мястэчка месцілася 5 корчмаў, якія мелі назвы: “Пад Арлом” , “Пад Аленем”, “Пад Валам ”, “Пад Аднарожцам”, “Пад Лебядзем”. Тут жа знаходзіўся “кафенгаўз , або шынок, салідны, з більярдам, для забавы прыезжых”

У 1790 годзе ў фальварку Нязбодзічы. На горшы графа В. Тышкевіча адкрылася папяровая фабрыка. Трымальнікам фабрыкі з’яўляўся іншаземец Іосіф Ральф, які з’яўляўся адначасова і майстрам. На фабрыцы працавалі 1 – рабочы і 1 – памочнік. Папера выраблялася 3-ох гатункаў. Працэс вырабу паперы быў не вельмі складаны. Для яе вырабу лепшым матэрыялам таропкі хлопкава-папаровых і льняных тканяў.

Дакументы Гродзенскага дзяржаўнага гістарычнага архіву сведчаць, што ў 1811 годзе Нязбодзіская папяровая фабрыка вырабіла 318 трудоў розных гатункаў паперы. Тут выраблялася папера для друкарань г. Гродна. У п. 19 ст. у сувязі з развіццём друкарскай прамысловасці пашыраецца і вытворчасць на Нязбодзічскай папяровай фабрыцы павялічваецца ў 2 разы плошча завода, рабочых і вырабляемай прадукцыі. У 1815 годзе на фабрыцы знаходзілася: стул - 12, катлоў - 2, нож - 1, прес - 1. Выраблена 630 трудоў паперы . На фабрыцы працавала : 1-майстар, 2-памочніка, 3-рабочых. Лепшую паперу Нязбодзічскай папяровай фабрыцы куплялі не толькі беларусы, але і іншаземцы і галандцы, немцы і нават англічане. Па даным Гродзенскага архіву фабрыка ў Нязбодзічах існавала да 1854 года.

КУЛЬТУРНАЕ РАЗВІЦЦЁ СВІСЛАЧЧЫНЫ ПРЫ В. ТЫШКЕВІЧУ

Тэатр у Свіслачы быў заснаваны Вінцэнтам Тышкевічам у 1788 годзе. Польскі даследчык А.Мілер адзначае: “Былі ў Свіслачы здольныя артысты, музыканты, танцоры, ставіліся балеты і музыкальныя оперы.Склад акцёраў у тэатры быў змешаным: акцёры-аматары, прыгонныя музыканты, танцоры, а пасля адкрыцця гімназіі – і вучні”. Нягледзячы на тое, што наведванне тэатру было дармовым, прыгонныя сяляне яго не наведвалі. Яны не разумелі музыкі, якая іграла там, мовы (французскай) на якой шлі канцэрты. Наведвалі тэатр шматлікія госці Вінцэнта Тышкевіча.

Спецыяльны будынак для тэатра быў створаны ў пачатку 1800-х гадоў. Гэта быў аднапавярховы будынак дахам. У будынку знаходзіліся вялікія тэатральныя і танцавальныя залы, 4 артыстычныя прыбіральні, агульная прыхожая, кухня. Тэатр праіснаваў да 20-х гадоў XIX ст. Аснову рэпертуару тэатра складалі оперы, такіх французскіх кампазітараў, як А.М.Грэтры, Б.Блеза, Ж.Н. Меро, П.А. Монсіньі і іншых. Нотная бібліятэка складалася з твораў Піхла, Плаціла, Сакіні, Камеле. Сярод вядомых кампазітараў фігуравалі І. Гайдн, І.С. Бах, Дж. Памзіэла і шэраг менш вядомых кампазітараў: Абелі, Шусцер, Гофман, Шміт, Фіола, Чыпрыані і іншых. Як і ўсе музычныя тэатры Беларусі гэтага перыяду, тэатр у Свіслачы быў арыентаваны на заходнееўрапейскі рэпертуар. Вядома, што для оперных і балетных спектакляў у беларускія гарады па запрашэнню магнатаў прыязджалі вядомыя заходнееўрапейскія спевакі, інструменталісты, дырыжоры, кампазітары, балетмайстры, прадстаўнікі вядучых еўрапейскіх школ. У прыватнаўладальніцкіх тэатрах і аркестрах замежныя музыканты выконвалі абавязкі капельмайстраў і выканаўцаў – салістаў. У тэатры Тышкевіча працаваў дастаткова прафесійны оперны калектыў, у якім, магчыма, салістамі былі замежныя спевакі. Замежныя спевакі прысутнічалі ў тэатры таму, што выкананне опер вядомых еўрапейскіх кампазітараў патрабавала даволі высокага майстэрства і спецыяльнай падрыхтоўкі. Да таго ж у часы Грэтры камічная опера валодала вялікім выканаўчым складам – аркестр складаўся з 25 музыкантаў. Невядома ці быў такі выканаўчы склад у Свіслачы, але аналізуючы рэпертуар, які складаўся з твораў вядомых заходнееўрапейскіх кампазітараў, прадстаўнікоў аўстранямецкай, італьянскай, французскай школ, такіх, як І.Гайдн, І.С. Бах, Г. Пун’яні, Л. Бакерыні, Дж. Памзіэла можна прадказаць, што прафесійны ўзровень Свіслацкай капэлы быў даволі высокім.

Капельмайстрам капэлы ў 1788-1789г.г. быў італьянец Чыпрыяні – кампазітар, скрыпач, дырыжор, імя якога ў той час было дастаткова вядома ў Беларусі. У 1775 годзе ён быў запрошаны князем Сапегай у Ружаны на пасаду капельмайстра. Пад кіраўніцтвам Чыпрыяні ружанская капэла дасягнула высокага прафесійнага ўзроўню. У верасні 1776 года яго запрасіў да сябе ў Слонім у якасці скрыпача-саліста гетман Міхал-Казімір Агінскі. Верагодней усяго, што Чыпрыяні быў запрошаны В. Тышкевічам для камплектавання капэлы ў Свіслачы.

Часта ў Свіслачы выступалі прафесійныя выканаўцы. Прыезды тэатральных груп – драматычных, оперных, балетных – прыўрочваліся да адкрыцця Свіслацкіх кірмашоў. Усе прафесійныя трупы В. Тышкевіч браў на сваё ўтрыманне, плаціў акцёрам грошы,

лепшым рабіў каштоўныя падарункі. За гэта яны павінны былі штодзённа выступаць на мясцовай сцэне і не браць грошай з наведвальнікаў. На такіх умовах працавалі ў Свіслачы гродзенская трупа Яна Шыманскага, якая завітала ў мястэчка ў 1803 годзе, і трупа пад кіраўніцтвам Мацея Кажынскага. Гэта былі змешаныя оперна-драматычныя трупы, у якіх адны і тыя ж акцёры выступалі і ў оперы, і ў камедыі, і ў драме. Ян Шыманскі быў вядомым акцёрам і . З 1782 года ён выступаў у Вільна, у 1794 годзе стварыў трупу ў Любліне, з якой наведваў Гродна, Шклоў, Магілёў. З 1801 па 1808 гады Ян Шыманскі з перапынкамі кіраваў трупай у Гродна, дзе складаў канкурэнцыю акцёрам знакамітай Саламеі . У трупе Яна Шаманскага знаходзіўся знакаміты акцёр і спявак Казімеж Скібінскі. Разам з трупай ён неаднаразова наведваў Свіслач. З 1804 года К. Скібінскі граў у Мінску ў трупе Мацея Кашынскага, якая лічылася адной з найбольш вядомых у пачатку XIX ст. у Беларусі. Мацей Кажынскі быў знакамітым акцёрам, які выступаў у варшаўскім “Тэатры Нарадовым”, Любліне, Львове і Кракаве. У 1801 годзе Кажынскі стварыў свой оперна-драматычны тэатр, які працаваў у Гродна, а потым ў Мінску. Восенню 1805 года Кажынскі пераехаў у Вільню, дзе кіраваў мясцовым тэатрам, з якім наведваў не толькі гарады Беларусі, Літвы, а і Пецярбурга. У Пецярбургу было дадзена больш за 10 спектакляў. У 1817 годзе трупа віленскага тэатра наведала Свіслач. У 1819 годзе трупа Кажынскага зноў завітала ў Свіслач. Суадносіны опер, камедый, драм у рэпертуары змешаных оперна-драматычных калектываў залежалі не толькі ад густу кіраўніка, але і ад наяўнасці выканаўчых сіл у творчым складзе трупы.

Вітальд Малцужыньскі сведчыць, што ў Свіслач наведваліся і варшаўскія знакамітасці, напрыклад, Вероўскі або Кудміч. Банавентура Кудміч з 1801 года і да канца жыцця быў звязаны з варшаўскім “Тэатрам Нарадовым”.

Акрамя прафесійных акцёраў у тэатры Тышкевіча выступалі і аматары. Аўтар кнігі пра Свіслач часоў Вінцэнта Тышкевіча сведчыць “... самадзейныя артысты інсцэніравалі асобныя песні Асіяна, урыўкі з сервантэсаўскага “Дон Кіхота”, сюжэты са Старога Запавету, грэчаскай і рымскай міфалогіі, а таксама з айчыннай гісторыі. Пад расцягнутым багатым шатром спачываў на ложы Канстанцін Астрожскі. Ён быў накрыты буркаю, навокал быў развешаны вайсковы рыштунак: зброя, шчыт, меч, кол’і, булавы, і здабытая ў ворага.

У 1806 годзе свіслацкі кірмаш быў яшчэ цудоўнейшы, чым звычайна, бо звабіў да сябе найпершыя сямействы ў краі, найзнакамітнейшых славутасцей: княгіні Сапегі, Радзівілы, Чацвярцінская, Варанецкая, Патоцкія, Хойзелева, лоўчая Касакоўская, шматлікія сямейства Валовічаў, Ельскіх, Мікульскіх, Аскераў, Сегеняў, Булгарынаў, Палубінскіх, Біспінгаў, Алендзкіх, Радавіцкіх, кожнае з якіх заняло асобны дворык, узаемна звязвала адно другога, запрашала да сябе на падвячоркі ці снеданне.

Адначасова з гаспадарчым уздымам у Свіслачы назіраліся значныя змены ў галіне адукацыі. Выкарыстоўваючы свой уплыў сувязі і багацце, граф Вінцэнт Тышкевіч змог атрымаць прывілей на адкрыццё гімназіі ў сваім уладанні, што на той час было вельмі рэдкай з’явай.

18 верасня 1804 года на прапанову князя Адама Чартарыйскага імператар Аляксандр I выдае рэскрыпт аб адкрыцці ў Свіслачы гродзенскай губернскай гімназіі. Пачала яна дзейнічаць 15 лістапада 1805 года як акадэмічная школа, падначаленая Віленскаму універсітэту. Арганізатарам першым дырэктарам Свіслацкай гімназіі быў Юзеф Касакоўскі. Дамагаўся пасады дырэктара і Францішак Карпінскі – вядомы польскі паэт і педагог, які ў той час жыў недалёка ад Свіслачы ў фальварку Хараўшчына. Пасля Касакоўскага дырэктарам гімназіі стаў Яцэк Крусінскі, які прабыў на гэтай пасадзе амаль чвэрць веку.

Паступова набірала моц арганізацыя навучання. У першы год існавання гімназіі тут налічвалася ўсяго 46 вучняў. Аднак у наступныя гады іх колькасць прыкметна павялічвалася. З самага пачатку быў наладжаны падрыхтоўчы клас. У першыя гады ў гімназіі было шэсць класаў: два “нізшыя” і чатыры “высшыя”. Колькасць настаўнікаў вагалася ад 6 да 9. Акрамя асноўных прадметаў выкладалася таксама маляванне і чарчэнне. Ужо ў 1808 годзе ў гімназіі вучыліся 152 вучня. Цікавым быў сацыяльны склад вучняў: 118 сыноў шляхты, 10 дзяцей уніяцкіх святароў, 24-іншых санаў, акрамя сялян. З іх 129 католікаў, 14 уніятаў, 7 мусульман, 2 евангелісты. У наступныя гады колькасць вучняў перавышала 360.

Спачатку гімназія размяшчалася ў драўляным, прасторным будынку, але непрыстасаваным для навучальнай установы. Апякун гімназіі, Вінцэнт Тышкевіч, узяў на сябе абавязак зрабіць новыя мураваныя будынкі для гімназіі. Аднак ягоная мэта была выканана ўжо пры наступным уладальніку Свіслачы – Тадэушу Тышкевічу.

У гімназічных будынках размяшчаліся класы, кабінеты, бібліятэка (большую частку якой падараваў сам граф), экзаменацыйны зал, дырэктар, інспектар,капелан і некалькі настаўнікаў. Іншыя атрымлівалі ад графскага двара грошы на наём памяшканняў. Гэта цягнулася датуль, пакуль усе не атрымалі памяшканні ў новых гімназічных будынках. Паліва для ўсёй гімназіі дастаўлялі з графскага двара. Вучні жылі ў мястэчку на прыватных кватэрах. Прымалі іх і выкладчыкі, не выключаючы і дырэктара. Для бяднейшых гімназістаў граф знайшоў пакоі з уласнай кішэні, а многіх з іх утрымліваў за свой кошт поўнасцю. Апякун гімназіі імкнуўся падабраць самых лепшых выкладчыкаў. Прыватным

настаўнікам значна палягчаў пражыванне ў Свіслачы. У гімназіі працавалі знакамітыя навукоўцы таго часу. Кіраўніком навучальнай часткі быў Казімір Храмінскі – прафесар усеагульнай гісторыі, права і палітыкі, працавалі Ман і Ігнат Бароўскія, Максімільян Якубовіч, стаўшыя потым прафесарамі Кіеўскага і Маскоўскага універсітэтаў. Іншыя выкладчыкі былі аўтарамі значных навуковых прац. Як, напрыклад, крытык і рэдактар “Адбіткаў” і “Навуковых разглядаў” Ігнат Шыдлоўскі, аўтар падручніка па гісторыі Польшы Юзеф Міклашэўскі, аўтар прац у галіне фізікі і аўтар падручніка па заалогіі Ян Вольскі, прыродазнаўца Антон Жышкевіч, матэматык Антон Сухадольскі.

Укладваючы свае сродкі ў гімназію, граф пільна сачыў за навучэнцамі. З дапамогай заведзенай ім паліцыі яму былі вядомы паводзіны кожнага вучня, нават лепш, як школьнаму кіраўніку. Ад інспектара гімназіі граф неаднаразова дамагаўся, каб вінаватага пакаралі за найменшую павіннасць. Часта нават, прысутнічаў разам з настаўнікамі на школьных судах. Але, калі ён быў непахісны пры пакаранні вінаватых, што вучыліся добра і і мелі прыкладныя паводзіны, умеў вылучаць сярод іншых, рабіў ім прыемныя нечаканасці, малодшых абдорваў садавінаю альбо цукеркамі, старэйшых – часамі, добрай і карыснай кніжкаю. Кожны год, увесну, наладжваў для студэнтаў маёўку, завітваў на экзамены і падчас урачыстага акту сам раздаваў узнагароды. У летні час клапатлівы граф запрашаў гімназістаў у сваю летнюю рэзідэнцыю Сімфоны, дзе ў шыкоўным парку ўстройваліся лодачныя катанні, на астравах дазвалялася ганяцца за зайцамі і трусамі! Калі праз некалькі гадоў сустракаўся з былым вучням Свіслацкай гімназіі, вітаўся з ім як «са сваім» і ніколі не адмовіў таму, хто меў патрэбу ў дапамозе і пратэкцыі. У гімназіі вучыліся знакамітыя у будучым людзі. Юзеф Крашэўскі, Напалеон Орда, Восіп Кавалеўскі, мастак Януарый Сухадольскі, Станіслаў Горскі, палітыкі Рамуальд Траўгут, Віктар Гельтман і шмат іншых.

Дбаючы пра рост, развіццё і асвету, а таксама пра паляпшэнне матэрыяльнага побыту селяніна, граф закладваў вясковыя школы і аддаваў іх пад нагляд прызначаных ім настаўнікаў, а апеку даручыў мясцовым пробашчам.

З адкрыццём гімназіі Свіслач станавілася і буйным культурным цэнтрам Гродзенскай губерніі.

Пасля смерці Вінцента Тышкевіча яшчэ некаторы час працягваліся буйныя кірмашы, вялася гаспадарка, але ўжо не так удала, бо наступны ўладальнік – пляменнік Тадэўш Тышкевіч быў не такім багатым чалавекам. Вельмі важнай падзеяй пры ім было будаўніцтва новых, мураваных будынкаў гімназіі і іх адкрыццё 4 сакавіка 1821 года, дзе прысутнічаў і ўпаўнаважаны імператара Аляксандра I Адам Чартарыскі. Будаўніцтва было завершана ў 1827 годзе. Імпульс развіцця мястэчка, закладзены яшчэ Вінцэнтам Тышкевічам і пасля яго смерці даваў аб сябе знаць. Аднак доўга праіснаваць пачынанням графа не ўдалося. Тадэўш Тышкевіч прымаў удзел у паўстанні 1830-1831г.г., быў у выгнанні і скончыў свае дні ў Парыжы, амаль адразу пасля паўстання. Свіслач была канфіскавана і перайшла да казны.

Што сабой прадстаўляла Свіслач пасля можна ўявіць са слоў Леана Патоцкага, які пісаў: “У 1853 годзе… я паехаў у Свіслач. …Я прайшоў праз горад. Дарма я шукаў ранейшага парадку і ахайнасці. Убачыў толькі будынкі, якія валіліся, пустыя корчмы, аблупленыя сцены мураваных магазінаў. Калішнюю знесеную гімназію замяніла павятовая школа… апусцелыя пасля вучняў дворыкі заняло яўрэйства…Звярынец высечаны, стаў разбураны, каналы пазарасталі, сад здзічэў… Палац быў пакрыты саломаю, дзе жылі чужыя людзі…”

Былога росквіту Свіслач ужо не ведала. З асабістага жыцця графа Тышкевіча.

Граф Тышкевіч быў тыпічным прадстаўніком свайго саслоўя, але, нягледзячы на гэта, яго асабістае жыццё, характар і паводзіны выклікаюць вялікую цікавасць.

Што датычыць характару графа, то, па словах сучаснікаў “граф… быў характару мілага, нават слабага. Калі дадаць да гэтага прыроджаную нясмеласць, няведанне людзей, можа з патрэбы, пра якую даведаўся, выпрацаваў у сябе ўпартасць і ўзброіўся ёю супраць людзей, часам, нават, супраць уласнага сэрца. Хоць з часам ён набраўся вопыту, пазнаў людзей, але ні цалкам перамагчы сваю нясмеласць, ні зусім пазбыцца ўпартасці не здолеў, ні таксама паставіць сэрцу бар’ер не змог. Дабрачыннасць стала для яго патрэбаю жыцця, а добрыя ўчынкі – хлебам надзённым”.

Яшчэ ў маладым узросце ён вельмі распаўнеў, так, што не мог звесці рук. Апранаўся Тышкевіч вельмі дзівосна. Замест фрака або сюртука насіў капоту да костачак – каляровая доўгая сукенка, якую выдумаў сам. Яна была падобная на сярэдневяковы сюртук, які зашпіляўся маленькімі гузікамі. Каўнер быў шырокім, так як увогуле Вінцэнт не меў шыі, а падбародак знаходзіўся на грудзі. Ён не быў рухавым і меў вялікую блізарукасць. Вінцент Тышкевіч належаў да разумных, клапатлівых гаспадароў. Акрамя рэдкага розуму быў усебакова развітым, вопытным і меў добрую памяць. А ці меў хто-небудзь такое добрае сэрца, як Вінцэнт Тышкевіч? Ён быў заняты ўпарадкаваннем сваіх вялікіх уладанняў, забеспячэннем добрага быту падданым і паляпшэннем сваёй улюбёнай свіслацкай рэзідэнцыі. Не меў ніякіх дрэнных звычак, картаў не браў у рукі, віна не ўжываў і захаваў непарушную вернасць жонцы, хоць тая яе не заслугоўвала.

Але найлепшым яго захапленнем ці хутчэй слабінкай былі жаночыя плёткі. Іх ён ахвотна слухаў.

У яго двары было запланавана ўсё па гадзінам. На год уперад было вядома, калі будуць стрыгчы дрэвы і калі якія маёнткі будуць наведаны. Любую страту часу граф лічыў незваротнай, таму рэгулярнасць і акуратнасць сталі яго другою натураю і правілам паводзін. Ніколі не спазняўся ні на хвіліну, а ні з тэрмінам у справах, а ні з трыманнем слова, а ні з паабяцанымі суседзям адведкамі.

Пан рэферэндарый абедаў а другой гадзіне, вячэраў а дзевятай. Штодзённа абед складаўся з супу і шасці блюд, вячэра – з трох. Нічога больш не дадавалася, хоць з’ехаліся найпершыя ў краі саноўнікі. Яда была здаровая і багатая. Штомесяц на кухні забівалі аднаго лася, дзве сарны, дзве лані -даніэлі са звярынца і мноства разных птушак. У сувязі з тым, што сяляне мелі дараваныя ім участкі ці збожжавыя ссыпкі, грашовыя чыншы, а таксама розныя даніны грыбамі, арэхамі і мёдам, кожная хата абавязана была даваць у двор па два адкормленыя каплуны ў год. У посныя дні з шматлікіх і добра дагледжаных сажалак на кожнае жаданне дастаўлялі рыбу.

Да стала, апрача сваякоў гаспадара дому, якія гасцявалі часам па некалькі месяцаў, апроч суседзяў, што яго адведвалі, частымі, частымі гасцямі былі маршалковіч Булгарын і дробнамаянтковы камергер караля Станіслава Аўгуста Камаеўскі. Штодзень запрашалі на абед мясцовага пробашча, дырэктара гімназіі і па чарзе дваіх прафесараў, а ў час школьных экзаменаў і вучняў, якія вылучаліся стараннасцю ў навуках.

Тышкевіч быў сваяком Кажанеўскай, якая жыла ў Дубоі. Часта наведваў яе. Ён быў такім пунктуальным, што, калі паведаміў ёй аб сваім прыездзе а 12 гадзіне, хоць бы і прыехаў, напрыклад, а 10 гадзіне, заставаўся чакаць каля варот назначанага часу.

Пунктуальнасці граф патрабаваў таксама і ад сваіх гасцей, якіх заўсёды было шмат. Блізкім сябрам графа Тышкевіча быў Ян Снядэцкі – рэктар Віленскага універсітэта. Амаль кожнае лета, пад час вакацый, рэктар праводзіў у Свіслачы і з прыемнасцю аддаваўся паляванню.



ЗАКЛЮЧЭННЕ

Гісторыя Свіслаччыны цесна звязана з іменем магната, уладальніка Свіслачы Вінцэнта Тышкевіча, які з невялікага, забітага мястэчка змог стварыць вядомы гаспадарчы і культурны цэнтр на тэрыторыі Беларусі. З яго імем звязана перабудова мястэчка, заснаванне звярынца, што з’яўляецца рэдкай з’явай і ў наш час. Таксама вялікая заслуга графа праявілася ў адкрыцці кірмашоў, вядомых далёка па-за межамі сучаснай Беларусі, добрай і даходнай гаспадаркай. Пры графу Тышкевічу Свіслач набыла вядомасць як цэнтр навукі і асветы, і звязана гэта было з адкрыццём гімназіі, у якой працавалі знакамітыя людзі таго часу, а таксама вучыліся будучыя знакамітасці, якія ўнеслі свой уклад у сусветную навуку і культуру.

Нягледзячы на няўдалае каханне, граф змог пражыць сваё жыццё так, як патрабуецца знакамітаму чалавеку, пакінуўшаму пасля сябе добрую памяць. Яго паважалі за ягоныя асабістыя якасці і імкненні дапамагчы таму, хто меў у гэтым патрэбу. Ня маючы сваіх дзяцей, усю сваю маёмасць граф падзяліў паміж сваякамі і не забыў нават былых сваіх служачых.

Пасля смерці графа мястэчка паступова прыходзіла ў заняпад, хоць некаторы час развівалася даволі плённа. У 1831 годзе яно было канфіскавана ў Тышкевічаў і перайшло да дзяржавы. Але памяць аб Вінцэнце Тышкевічу жыве на Свіслаччыне і ў нашы дні. Бо менавіта яму тагачасная маленькая Свіслач павінна быць удзячна за гады росквіту і славы.



ЛІТАРАТУРА




  1. Асветнікі зямлі Беларускай: Х-п. ХХ ст. энцыклапедычны даведнік: Мінск “Беларуская энцыклапедыя” 2001.

  2. Літаратура і Мастацтва. 2004г. 6 жніўня.

  3. Л. Патоцкі: Успамін пра Тышкевічаву Свіслач, Дзярэчыні Ружану. Міск, Беларусь 1999г.

  4. Маладосць. – 1977 - № 4.

  5. Magazin PoLskі: №3, 2003.

  6. Magazin PoLskі: №1, 2001.

  7. Magazin PoLskі: № 2, 2004.

  8. Памяць: Свіслацкі раён. Мінск: Беларусь 2004г.

  9. Памяць: Ваўкавыскі раён. Мінск. Беларусь 2000г.

  10. Свіслацкая газета: 1998г. – 20 лютага.

  11. Свіслацкая газета – 2005г. – 22 студзеня.

  12. Свіслацкая газета. – 1997г. – 12 лютага.

  13. Свіслацкая газета, 1994г. – 19 кастрычніка.

  14. Літаратура: Мастацтва. 2004г. 6 жніўня.

  15. Старонкі гісторыі Свіслацкага краю: Матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі: Гродна 1999г.


Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў г. Гродна:



  1. ф. 1, оп. 1, с.1000, л. 10-13.

  2. ф. 1, оп.15, с.731, л.2.

  3. ф. 1, оп. 15, с. 965, л. 327.

  4. ф. 1, оп. 15, с.969, л. 328-329.

  5. ф. 1, оп. 27, с. 2346, л. 39.

  6. ф. 2, оп. 38, с. 609, л. 168.

  7. ф. 10, оп. 1, с. 2442, л. 2; 63.

  8. ф. 12, оп. 1, с.977, л. 5.

  9. ф. 30, оп. 1, с. 625, л. 40.

  10. ф. 38, оп. 1, с.38, л.20.

  11. ф. 38, оп.1, с. 50, л.2.

  12. ф. 38, оп. 1, с. 269, л. 41.

  13. ф. 38, оп.1, с.289, л. 1-3.

  14. ф. 370, оп. 1, с. 4, л. 62.

  15. ф. 100, оп. 20, с. 16, л. 27-28.

Дадатак 1.




Дадатак 2.



Тэрэза Тышкевіч


Дадатак 3.


Дадатак 4




Дадатак 5




Свіслацкі кірмаш


Дадатак 6



Гарадская брама ў Свіслачы

Дадатак 7


Свіслач. Вуліца Рудаўская


Дадатак 8



Свіслач. Старыя дворыкі на рунку


Дадатак 9


Будынак Свіслацкай гімназіі

Дадатак 10





Гельтман Віктар
(23.12.1796 – 16.07.1874) – рэвалюцыянер, публіцыст



Каліноўскі Кастусь
(02.02.1838 – 22.03.1864) – рэвалюцыянер-дэмакрат, мысліцель, публіцыст і паэт, кіраўнік паўстання 1863 – 1864 на Беларусі і ў Літве

Рамуальд Траўгут (16.01.1826 – 24.07.1864) – рэвалюцыянер, кіраўнік паўстання 1863-1864



Кавалеўскі Восіп Міхайлавіч (09.01.1801 – 21.10.1878) – філолаг, манголазнавец, гісторык





Дадатак 7.










Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал