Толькі тыя жыхары, якія ведаюць сваю гісторыю, могуць ганарыцца сучасным
Пад такой назвай прайшло свята аграгарадка Рагінь.
Адметна, што пачалося мерапрыемства з бяседы маці і дачушкі, у якой прадстаўніца старэйшага пакалення расказала малой пра паходжанне населенага пункта, яго гісторыю. Дарэчы, па адной з легенд, назвай паслужылі рэчы з рог жывёл, выраб якіх у ранейшыя часы быў распаўсюджаны ў той мясцовасці. Цікава было пачуць і пра тое, што да Кастрычніцкай рэвалюцыі сядзіба Рагіні належала памешчыкам Дзермаловічам, а сёння на тэрыторыі Рагіні пражывае 681 чалавек, у тым ліку і моладзь.
Дарэчы, на свяце была адзначана самая маладая сям’я Арцёма і Яўгеніі Чарняковых (у дзень свята ў іх нарадзілася дачка), а таксама самая старэйшая прадстаўніца аграгарадка Таццяна Маслакова, хутка ёй споўніцца 90 год. Віншавалі і народных умельцаў Таццяну Гаўрыленку і Пятра Папова, вышыўка і вырабы з лазы – сапраўдныя шэдэўры сучаснага мастацтва. Асабліва прыемным стаў момант, калі віншавалі сем’і, агульны жыццёвы шлях якіх налічвае 25 год – Здольнікавы, Вараб’ёвы, Габровы, а таксама 50 год – сям’я Галіны і Івана Шаўцовых. Не абышлі ўвагай і самага маленькага жыхара Вераніку Кірылаву. Падарунак атрымала і прадстаўніца моладзі – Ірына Шаўцова, якая засталася працаваць у Рагінскай школе, і зараз з’яўляецца прыкладам актыўнага жыхара і настаўніка.
Актыўны прадстаўнік Рагіні і Наталля Дзяцел, ёй падзячнае пісьмо за актыўную дэпутатскую дзейнасць у рэалізацыі творчых праектаў і мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні тэрыторыі ўручыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Алексіна.
– Заўважана, што толькі тыя жыхары, якія ведаюць сваю гісторыю, могуць ганарыцца сучасным і верыць у будучае. Шчырае вам дзякуй за любоў да роднай зямлі. Словы падзякі адрасую і ўсім арганізацыям, што размяшчаюцца на тэрыторыі Рагіні – толькі з вашай дапамогай мы маем многія дасягненні. Усім жыхарам аграгарадка жадаю бясконцага мірнага неба. Сёння, як ніколі, мы разумеем сутнасць нябёс без снарадаў і ўзрываў, – адзначыла Алена Алексіна.
Таксама на свяце былі адзначаны лепшыя арганізацыі і жыхары ў тэме добраўпарадкавання. Так, першае месца заняла Рагінская бальніца сястрынскага догляду, другое – дзіцячы садок, трэцяе – школа. Яркае ад колераў кветак домаўладанне Алены Шаблоўскай узяло першае месца, другое – за Тамарай Смяян, трэцяе – за Клаўдзіяй Крывашэевай. Дарэчы, у гэтай тэме былі вызначаны і іншыя жыхары аграгарадка, домаўладанні якіх – лепшыя прыклады любові і павагі да роднай зямлі. Самае прыгожае афармленне, кветкавае, мае балкон Валянціны Хрысцюк, што жыве па вуліцы Маладзёжнай. Сярод шматпавярховых будынкаў не аказалася роўных дому №3 па той жа вуліцы – жыхары ўсіх трох пад’ездаў сваімі сіламі і сродкамі зрабілі касметычны рамонт пад’ездаў.
Лепей за іншых свой гасціны двор прадставіў цэнтр народнай творчасці, дзе была і бульба з паджаркай, і бліны са шкваркай, і квашаная капуста, сала і нават медавуха, а яшчэ мноства вырабаў з ільну і іншага матэрыялу. Дзіцячы садок, самыя маленькія наведвальнікі якога жадалі, каб у кожным доме гаспадарка вялася, заняў другое месца. Гасціны двор участка камунальнай службы пад лозунгам «Чыста там, дзе не смецяць» стаў трэцім. Увогуле, свае прысмакі, вырабы і святочны настрой дэманстравалі шэсць агранізацый, акрамя пералічаных, яшчэ школа, амбулаторыя, ААТ «Рагінь».
Не менш прыемным падарункам, чым матэрыяльны ад спонсара ПТУП «Барысфен», сталі музычныя віншаванні ад жыхароў, што пражываюць у Рагіні, і арганізацый, размешчаных побач. Дарэчы, вядучыя свята – Таццяна Юркова і Віталь Клепікаў – ураджэнцы Рагіні. Таццяна працуе ў цэнтры народнай творчасці, а Віталь часта наведвае бацькоў. Песні ў яго выкананні, жыхароў аграгарадка, а таксама нумары ад самых маленькіх жыхароў пакінулі ў сэрцы ўдзельнікаў свята толькі цёплыя і шчырыя пачуцці. Вядома ж, і дзеці, і дарослыя чэрпаюць сілы з маці-зямлі.
Поделитесь с Вашими друзьями: |