Традыцыі і навацыі Што дазваляе маленькай краіне трымаць лідарства ў галіне адукацыі



Дата канвертавання15.05.2016
Памер89.66 Kb.
Традыцыі і навацыі
Што дазваляе маленькай краіне трымаць лідарства ў галіне адукацыі
Наведванне выставы-кірмашу DIDACTA, аб чым я пісаў у папярэднім артыкуле (гл. “НГ” ад 26.06.2014 г.), карыснае не толькі ўражаннямі ад азнаямлення з экспанатамі і ад асабістага ўдзелу ў семінарах. Цэнтр міжнародных сувязей Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь уключае ў праграму паездкі таксама наведванне ўстаноў адукацыі як у Германіі, так і ў іншых, памежных з ёю, краінах. Гэтая частка праграмы не менш цікавая і пазнавальная.

Паездка ў Швейцарыю рыхтавалася Цэнтрам сумесна з Пасольствам Рэспублікі Беларусь у гэтай краіне. Такі статус арганізатараў дазволіў забяспечыць высокі ўзровень сустрэч з прадстаўнікамі сістэмы адукацыі Швейцарыі, у тым ліку Міністэрства адукацыі, і цікавую праграму наведвання навучальных устаноў.

Прапаную нататкі па выніках гэтых сустрэч.
Сістэма адукацыі Швейцарыі мае багатыя традыцыі і даўнюю гісторыю. І сярэдняя, і вышэйшая школы ў аднолькавай ступені вядомы ў свеце сваімі дасягненнямі. Так, па выніках даследаванняў PISA, 16-гадовыя падлеткі са Швейцарыі дэманструюць адукацыйныя дасягненні больш высокія (гл. “НГ” ад 24.12.2013 г.), чым іх равеснікі з іншых краін Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (OECD). Хоць у адрозненне ад многіх краін Еўропы і Амерыкі ў Швейцарыі няма вялікіх (па колькасці студэнтаў) універсітэтаў, аднак вядомыя міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы аддаюць ім высокія месцы.

У Швейцарыі адсутнічае адзіная нацыянальная сістэма адукацыі, таму школы ў кожным з 26 кантонаў маюць адметныя вучэбныя праграмы і планы.

Пачатковая школа ў Швейцарыі шасцігадовая (ад 6 да 12 гадоў). Асобныя школы прымаюць дзяцей з 4 гадоў. У вучэбных праграмах на першай ступені навучання прыярытэт аддаецца замежным мовам і агульнаму развіццю дзяцей.

У залежнасці ад напрамку навучання ў агульнаадукацыйнай школе выкарыстоўваецца некалькі тыпаў вучэбных праграм. У прыватнасці, многія школы выбіраюць федэральную праграму Matura, якая падзяляецца на тыпы ад А да Е. Тып А — старажытная мова (латынь і грэчаская мова), В — сучасныя мовы і латынь, С — матэматыка і прыродазнаўчыя дысцыпліны, Д — толькі сучасныя мовы, Е — эканамічныя дысцыпліны.

Вучэбны план уключае 12 абавязковых вучэбных прадметаў. У іх ліку — тры базавыя (родная мова, другая дзяржаўная мова, матэматыка), сем абавязковых (“Гісторыя”, “Геаграфія”, “Фізіка”, “Хімія”, “Біялогія”, “Музыка (“Выяўленчае мастацтва”)”, “Фізічнае выхаванне”) і дзве спецыяльныя дысцыпліны (у залежнасці ад выбранага тыпу праграмы). Дарэчы, у Швейцарыі чатыры афіцыйныя мовы: італьянская, французская, нямецкая і рэтараманская.

Такім чынам, ужо 13-14-гадовыя падлеткі маюць магчымасць вызначыць сферу сваіх будучых прафесійных інтарэсаў. Школьнікі ў гэтым узросце пачынаюць рыхтавацца да экзаменаў на атэстат з улікам выбару будучай спецыяльнасці ці факультэта ўніверсітэта. Вось такая ранняя прафілізацыя школьнай адукацыі. Можа, у гэтым хаваецца адна з прычын трывалай агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі падлеткаў у Швейцарыі?

І яшчэ адно меркаванне з нагоды знаёмства са школамі Швейцарыі. Мы пры маніторынгу вучэбных праграм і планаў часта блытаем прычыны і вынікі, спасылаючыся на так званыя перагрузкі школьнікаў. Іншы раз наяўныя праблемы з боку асобных настаўнікаў у выкарыстанні метадаў і сродкаў навучання дзяцей успрымаюцца як праблемы празмернага аб’ёму вучэбнага матэрыялу, што, маўляў, вядзе да перагрузак вучняў. Мяркую, што гэта не так. Мне здаецца, у навучанні дзяцей трэба прытрымлівацца прынцыпу “важна не толькі чаму вучыць, важна і як вучыць”.

Амаль ва ўсіх школах, якія працуюць па праграме Matura, створаны адно-два замежныя аддзяленні. Адпаведна, дзеці могуць вучыцца па англійскай праграме A-level, амерыканскай — High School Diploma, французскай — BAC, нямецкай — Abitur альбо італьянскай — Maturite. Такая інтэрнацыяналізацыя моўнай адукацыі ў Швейцарыі абумоўлена высокім попытам на яе ў замежных школьнікаў. Арыентацыя ж на замежных абітурыентаў у Швейцарыі невыпадковая: краіна прапануе добрыя адукацыйныя паслугі. Акрамя гэтага, трэба ўлічваць і шматнацыянальны склад насельніцтва краіны, наяўнасць шматлікіх місій міжнародных арганізацый. Супрацоўнікі міжнародных арганізацый ахвотна накіроўваюць сваіх дзяцей у швейцарскую школу.

Дзяржаўныя агульнаадукацыйныя школы Швейцарыі знаходзяцца ў падпарадкаванні кантонаў і фінансуюцца мясцовымі органамі ўлады.

Прыватныя школы-пансіёны (а іх больш за 260) вылучаюцца высокай якасцю адукацыі і карыстаюцца высокім попытам у нябедных бацькоў са Швейцарыі і замежжа.

У свеце не так многа краін, дзе школы маюць такое сучаснае матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне, як у Швейцарыі. Камп’ютарныя класы (Macintosh), бесправадны інтэрнэт, уласныя фітнес-цэнтры і стайні, пяціразовае харчаванне. Усе вучні жывуць у асобных пакоях. Праўда, каштуе ўсё гэта нятанна — ад 40 да 70 тысяч швейцарскіх франкаў (долар і франк у намінале раўнацэнныя).

Сістэма вышэйшай адукацыі Швейцарыі ўніверсальная і прадстаўлена рознымі тыпамі ўстаноў адукацыі.

Каледжы, якіх у краіне каля 120, маюць вузкую спецыялізацыю і даюць добрую прафесійную падрыхтоўку. Поўны курс навучання разлічаны на 3-4 гады. Рэпутацыя выпускнікоў швейцарскіх каледжаў высокая. Яны запатрабаваны на еўрапейскім рынку працы ў банкаўскай сферы, гасцінічным сэрвісе і г.д.

Як вядома, Швейцарыя — канфедэратыўная дзяржава са значнай дэцэнтралізацыяй улады, у тым ліку і ў галіне адукацыі. Па словах генеральнага сакратара (міністра) сакратарыята адукацыі, федэральнае ведамства адказвае толькі за падрыхтоўку праектаў заканадаўчых актаў, аналітычныя даклады ўраду аб стане галіны і фінансаванне ўстаноў адукацыі ў межах сваёй кампетэнцыі. Усе астатнія пытанні вырашаюцца кантанальнымі ўладамі ці непасрэдна ва ўстановах адукацыі.

Установы вышэйшай адукацыі краіны маюць высокую аўтаномію.

У Швейцарыі вышэйшую адукацыю даюць 12 дзяржаўных, як у нас кажуць, класічных універсітэтаў: 10 з іх знаходзяцца ў распараджэнні кантонаў, 2 маюць федэральнае падпарадкаванне — Вышэйшая тэхнічная школа Цюрыха і Федэральная політэхнічная школа Лазаны. Падрыхтоўка педагагічных кадраў вядзецца ў 14 універсітэтах, інжынераў — у 9 інстытутах, 2 з якіх — прыватныя.

Адукацыйны працэс ва ўніверсітэтах адпавядае нормам Балонскага пагаднення — двухузроўневая падрыхтоўка спецыялістаў па праграмах бакалаўрыята і магістратуры. Ва ўсіх універсітэтах ёсць спецыялізаваныя саветы па падрыхтоўцы дактароў навук, як правіла, на высокім ўзроўні вядуцца фундаментальныя навуковыя даследаванні.

Швейцарыя займае першыя месцы ў свеце па навуковых даследаваннях у розных галінах. Так, нідзе ў свеце не друкуецца навуковых работ больш, чым у гэтай краіне (3,2 на тысячу жыхароў).

Як адзначыў генеральны сакратар сакратарыята адукацыі Швейцарыі, установы вышэйшай адукацыі самастойна вырашаюць пытанні аб уваходжанні ў Балонскі працэс.

Пытанні кантролю за якасцю падрыхтоўкі спецыялістаў, як і станам самога адукацыйнага працэсу, таксама замацаваны за ўніверсітэтамі. Так званая сістэма менеджменту якасці (ІСО), якая ўкаранёна ва ўсіх ўстановах вышэйшай адукацыі нашай краіны, у швейцарскіх універсітэтах не выкарыстоўваецца. Справа ў тым, што кожны ўніверсітэт Швейцарыі распрацоўвае свае крытэрыі ацэнкі якасці работы. Рынак працы ўвесь час падштурхоўвае іх да ўдасканальвання адукацыйнага працэсу і фарміравання станоўчага іміджу сваіх выпускнікоў. Паказчыкам высокага іміджу ўніверсітэтаў служыць таксама наяўнасць знакамітых прафесараў. Так, ва ўзгаданай Вышэйшай тэхнічнай школе Цюрыха працаваў альбо працуе зараз 21 лаўрэат Нобелеўскай прэміі.

Пры паступленні ва ўніверсітэт абітурыенту, які скончыў школу ў Швейцарыі, дастаткова прад’явіць атэстат аб сярэдняй адукацыі, пры тым што ў розных кантонах могуць быць адрозненні ў патрабаваннях. Сярэдні бал атэстата абітурыента не ўплывае на залічэнне. На найбольш запатрабаваныя факультэты медыцынскага і ветэрынарнага профіляў праводзяцца ўступныя іспыты. Такая ж практыка характэрна для ўказаных спецыяльнасцей і ва ўніверсітэтах іншых краін Еўропы.

Папярэджу здзіўленне нашага чытача. На самай справе за мяжой ветэрынарны ўрач — гэта даволі прэстыжная прафесія. Як вядома, там вялікі попыт на гэтых спецыялістаў з боку ўладальнікаў свойскіх жывёл.

Для замежных абітурыентаў патрабаванні ў Швейцарыі больш сур’ёзныя, чым у іншых краінах. Яны паступаюць ва ўстановы вышэйшай адукацыі па выніках уступных іспытаў і здаюць іх, як правіла, ва ўніверсітэце Фрыбурга ў верасні — кастрычніку. Будучаму студэнту неабходна здаць тры абавязковыя прадметы (замежную мову, матэматыку і гісторыю) і два — па выбары (фізіка, хімія, біялогія, геаграфія альбо другая замежная мова). Калі абітурыент не гатовы да экзамену, то ён можа прайсці ў гэтым жа ўніверсітэце курсавую падрыхтоўку.

Высокія конкурсы сярод іншаземцаў патрабуюць ад іх адпаведнага ўзроўню адукацыі. Ёсць і іншыя абмежаванні. Іншаземцы не могуць паступаць на такія спецыяльнасці, як “Фармакалогія” і “Фізіялогія”, бо яны запатрабаваны абітурыентамі — грамадзянамі Швейцарыі.

Акрамя гэтага, будучы студэнт павінен мець банкаўскі рахунак не менш, чым 20 тысяч долараў. У міграцыйных і памежных службах ёсць свае абмежаванні да іншаземцаў, якія едуць на часовае ці пастаяннае месца пражывання ў гэтую краіну. У апошні час міграцыйныя абмежаванні сталі нават больш жорсткімі, у тым ліку і да грамадзян Еўрасаюза. Швейцарыя, як вядома, не толькі не з’яўляецца членам Еўрасаюза, а нават не стаіць за яго парогам у чаканні запрашэння.

Разам з тым Швейцарыя займае адно з вядучых месцаў у свеце па долі замежных студэнтаў ва ўніверсітэтах. Так, бакалаўры складаюць 19%, магістры — 29%. Штогод 52% з тых, хто абараніў доктарскія дысертацыі, складаюць іншаземцы, 47% — атрымліваюць дыплом аб павышэнні кваліфікацыі.

Падчас наведвання нашай дэлегацыяй устаноў вышэйшай адукацыі кожны рэктар лічыў за гонар спачатку назваць колькасць замежных студэнтаў ва ўніверсітэце.

Значная доля выкладчыцкага складу ва ўніверсітэтах прадстаўлена замежнымі спецыялістамі — гэта палова прафесараў, 37% выкладчыкаў без вучоных званняў, 62% асістэнтаў і іншых навукоўцаў. У Швейцарыі няма абмежаванняў для замежных выкладчыкаў пры заняцці вакантных месцаў ва ўніверсітэтах. Заахвочванне адміністрацыяй універсітэтаў такой мабільнасці выкладчыкаў станоўча ўплывае на іх матывацыю ў асабістым прафесійным росце. Гэта ў аднолькавай меры тычыцца як саіскальнікаў вакантных пасад, так і выкладчыкаў, якія працуюць.

У гэтай міграцыйнай плыні назіраецца двухбаковая зацікаўленасць. Запрашаючы кваліфікаваных замежных выкладчыкаў, швейцарскія ўніверсітэты павышаюць свой імідж, а іншаземныя спецыялісты ў сваю чаргу не супраць працаваць ва ўніверсітэтах, якія вядомы за межамі сваёй краіны.

Што тычыцца фінансавання вышэйшай школы, то трэба канстатаваць: нават такая заможная краіна, як Швейцарыя, дзе валавы ўнутраны прадукт на аднаго чалавека складае 53 730 долараў у год, не цалкам задавальняе яе патрэбы. На поўным федэральным забеспячэнні знаходзяцца Вышэйшая тэхнічная школа Цюрыха і Федэральная політэхнічная школа Лазаны. У астатніх установах вышэйшай адукацыі бюджэт кансалідаваны. Кантоны, як правіла, фінансуюць “сваіх” у памеры 10 тысяч франкаў за навучанне аднаго студэнта па лінгвістычных спецыяльнасцях і 30 тысяч франкаў — па прыродазнаўчанавуковых.

Кожны студэнт штогод павінен унесці ў бюджэт універсітэта так званы ўступны ўнёсак — 1 тысячу франкаў. Акрамя гэтага, бюджэты ўніверсітэтаў нядрэнна фінансуюцца за кошт прыватнага сектара эканомікі, што складае каля 2/3 сродкаў ад агульнай сумы. Прычым фінансаванне не абмяжоўваецца аплатай адукацыі тых студэнтаў, якія заключылі кантракты з будучымі работадаўцамі. Прыватныя кампаніі Швейцарыі традыцыйна падтрымліваюць фінансава вышэйшую адукацыю ў краіне — добры прыклад нашаму айчыннаму бізнесу для пераймання вопыту.

Асобна трэба сказаць пра фінансаванне навуковых даследаванняў.

Прыкладны́я даследаванні сканцэнтраваны ў спецыялізаваных установах вышэйшай адукацыі як дзяржаўнай, так і прыватнай форм уласнасці і асобных інстытутах (нейкі аналаг нашых навукова-даследчых інстытутаў). Фундаментальныя даследаванні, як правіла, вядуцца ў класічных універсітэтах. Усе суб’екты навуковых даследаванняў атрымліваюць заданні на конкурснай аснове і фінансуюцца з розных крыніц як дзяржаўнага, так і прыватнага сектара эканомікі.

Швейцарыя займае першае месца па аб’ёме фінансавання навуковых даследаванняў сярод краін Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (OECD).

***

Каларыт любых сустрэч вызначаецца не толькі суразмоўцамі і атмасферай узаемаадносін. Падчас наведвання ўстаноў адукацыі міжволі параўноўваеш іх са сваімі ўстановамі. Трэба адзначыць, што ў Швейцарыі неабыякава адносяцца як да вонкавага выгляду будынкаў устаноў адукацыі, так і да ўкаранення розных энергазберагальных тэхналогій.



З задавальненнем выкарыстаў магчымасць залезці на дах аднаго з універсітэтаў Берна для знаёмства з сонечнай электрастанцыяй магутнасцю 50 кВт. Цікава было пераканацца, што ў РІКВ не горш: і магутнасць амаль такая ж, і эфектыўнасць высокая.

Вабіць вока сучасны дызайн універсітэцкіх пакояў. У вучэбных аўдыторыях, пры высокім узроўні іх тэхнічнай забяспечанасці, не адчуваецца звычайнай грувасткасці абсталявання. Усё гэта стварае спрыяльныя ўмовы для інтэлектуальнай работы студэнтаў.



Што да арганізацыі вучэбнага працэсу, то не зраблю адкрыцця, калі заўважу: нязвыкла ўспрымаць размытыя межы вучэбных заняткаў — урокаў у школах і лекцый ва ўніверсітэтах. Гэта, дарэчы, характэрна для ўстаноў адукацыі ўсіх еўрапейскіх краін.
Мікалай ФЯСЬКОЎ,

дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў.
: testing -> articles
articles -> Ці павінен настаўнік рыхтаваць сваіх вучняў да цт?
articles -> Мікалай фяськоў: "З матэматыкай "не сябруюць" не толькі беларускія школьнікі "
articles -> Усякі попыт заўсёды нараджае прапанаванне
articles -> Колькі працоўнага імпэту патрэбна настаўніку?
articles -> Ці правяраюць тэсты творчыя здольнасці ў абітурыентаў?
articles -> Хто ў шоку ад pisa?
articles -> Працаваць на тэстамі далей
articles -> Праграмнае забеспячэнне як сродак эфектыўнай падрыхтоўкі і правядзення цэнтралізаванага тэсціравання
articles -> Рэпліка Як правільна выбраць партытуру да эфектыўнага ўроку ?




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка