Сасна-помнік
У Бялыніцкім раёне ёсць дрэва, на якім захаваўся надпіс ваенных часоў.
Гэтыя мясціны, дзе на плошчы звыш 3,5 тысячы гектараў раскінуўся Заазерскі гідралагічны заказнік, і насамрэч таямнічыя. Турыстам тут ёсць што паглядзець. Тое ж этнічнае капішча з каменнымі крыжамі проста ў лесе. Рытуальнае месца «ля трох бяроз», дзе язычнікі пакланяліся багіні Маржане - жонцы Сварога. Унікальная сістэма рэк і азёраў з багатай флорай і фаўнай. Калі б дрэвы маглі гаварыць, яны, напэўна, паведалі б шмат цікавых гісторый аб гэтым краі.
Магілёўскай настаўніцы Наталлі Лісоўскай, якая прыехала ў вёску Заазер’е да сваякоў, пашчасціла пачуць адну з іх. Калі яна з роднымі збірала ў лесе грыбы, ім на вочы трапілася сасна, дзе роўнымі літарамі нечая рука вывела: «Вечная памяць партызану-чырвонаармейцу Балуеву М.П.» Калі верыць пазначанай на дрэве даце, то зроблена яна была больш за 70 гадоў таму…
- Мы не прайшлі міма яе толькі па нейкай шчаслівай выпадковасці, - кажа Наталля. - Сасна знаходзіцца ў баку ад дарогі, кара на ёй амаль уся абсыпалася. І гэты надпіс нас вельмі ўразіў.
Родны дзядзька, які добра ведае тутэйшы лес, нічога толкам патлумачыць не змог. Але ў Заазер’і знайшлася жанчына, якая прыадкрыла заслону таямніцы. Вользе Клапоцкай, калі пачалася вайна, споўнілася ўсяго 9 гадоў. Вёска была вялікая, але немцы амаль усю яе спалілі ў ліпені 1941-га. Перыядычна яны праводзілі аблавы: у мясцовых лясах быў партызанскі атрад. У карных аперацыях выкарыстоўвалі жыхароў, прымушаючы іх ісці жывым ланцугом. І партызаны павінны былі біць па сваіх, каб выратавацца. Пра сасну, дзе чырвонаармейцы пахавалі свайго таварыша, Вольга Данілаўна чула ад старэйшых жанчын. А пасля вайны нават прысутнічала на перапахаванні гэтага байца на могілках у Заазер’і. Вельмі яе ўразіла, калі ў зямлю апускалі маленькую чырвоную скрыню з астанкамі.
Падрабязнасці той ваеннай гісторыі Наталля Лісоўская знайшла ўжо праз сваіх знаёмых у Маскве. У адным з тамоў кнігі «Памяць» Маскоўскай вобласці ёсць кароткі запіс аб тым, што Мікалай Балуеў нарадзіўся ў 1922 годзе ў вёсцы Нова Шчолкаўскага раёна. У 1941-м у складзе асобнай баявой групы галоўнага разведвальнага ўпраўлення Генеральнага штаба быў адпраўлены на фронт. Загінуў у баі 20 кастрычніка 1942 года і пахаваны ў вёсцы Заазер’е Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці.
З прэзентацыі, якая знайшлася пра байца у інтэрнэце, Наталля даведалася, што Мікалай быў старэйшым сынам у сям’і Балуевых і пасля 7 класаў пайшоў працаваць токарам на завод «Радыёлямпа». У пачатку вайны ён быў мабілізаваны і па рэкамендацыі Маскоўскага Камітэта камсамола накіраваны ў разведшколу. Пасля вучобы ў складзе асобай баявой групы галоўнага разведупраўлення Генштаба яго адправілі ў тыл ворага. Пры садзейнічанні партызан група Балуева прасочвала месцы дыслакацыі немцаў і іх перамяшчэння па чыгуначных дарогах.
Аб тым, як загінуў Мікалай, родныя Балуева даведаліся ад школьнікаў Заазерскай школы. У 1984 годзе яго маці звярнулася ў фразінскую школу №1, дзе вучыўся сын, а адтуль яе запыт адправілі ў Беларусь. У лісце, які атрымала жанчына, паведамлялася, што падчас блакады, якую рабілі немцы ў 1942 годзе, Мікалай знаходзіўся ў дазоры. Ён залез на сасну, прывязаўся да яе рамянямі і вёў па ворагу агонь. Яго знайшла нямецкая аўчарка, і хлопца расстралялі на гэтым жа дрэве…
На жаль, Заазерскай школы ўжо даўно не існуе. І гісторыя аб разведчыку Балуеву, лічы, забылася. Не вядомы дакладна і нумар таго партызанскага атрада, дзе ён ваяваў. Настаўніца гісторыі Эсьмонскага комплексу дзіцячы сад - сярэдняя школа Таццяна Шэстак мяркуе, што гэта быў 121-ы ці 21-ы атрад. Інфармацыі пра Мікалая Балуева ў школьным музеі, на жаль, няма, але ў раёне існуе тапонім «Балуева сасна». Недалёка ад гэтага дрэва знаходзіцца балота, дзе растуць журавіны. Мясцовыя так і кажуць «пайсці ў ягады да Балуевай сасны».
Крыўдна, што пра разведчыка амаль ніхто не ведае. Магчыма, не выпадкова гэта сасна трапіла на вочы настаўніцы з Магілёва. Яна збіраецца разам са сваімі вучнямі правесці даследчую работу і выйсці на школу, дзе вучыўся Мікалай Балуеў.
Дарэчы, у інтэрнэце мне выпадкова трапілася на вочы паведамленне. «У 1941 годзе 10 выпускнікоў школы №1 (тады школы №9) г.Фразіна Маскоўскай вобласці пайшлі на фронт і не вярнуліся. Сярод іх быў Мікалай Пятровіч Балуеў. У школе ёсць музей баявой славы, дзе захоўваюцца матэрыялы аб выпускніках ваенных гадоў. У маі 2011 года ў школе адбылася сустрэча з унукамі Мікалая Балуева. Яны перадалі яго лісты да сваёй маці і асабістыя рэчы. І былі вельмі ўдзячны за тое, што іх гераічнага дзеда памятаюць.
“Звязда”
Поделитесь с Вашими друзьями: |