Умоўнае паліва і рэальная эканомія
Вось ужо на працягу пяці апошніх гадоў працоўны калектыў філіяла “Аўтапарк № 7” ААТ “Магілёўаблаўтатранс” забяспечвае безумоўнае выкананне запланаваных мэтавых паказчыкаў па энергазберажэнні. Не з’явіўся выключэннем і мінулы год: пры плане -10 фактычны мэтавы паказчык па энергазберажэнні склаў -12,5. Хоць энергарэсурсы і абагульненыя энергетычныя затраты вымяраюцца ў тонах умоўнага паліва, эканомяцца канкрэтныя тоны нафтапрадуктаў і кілават-гадзіны электраэнергіі, якія маюць рэальны грашовы эквівалент. Штоквартальныя сумарныя прэміяльныя выплаты, такім чынам, склалі летась 32,5 мільёна рублёў.
— Атрыманы паказчык энергазберажэння дасягнуты дзякуючы дакладнаму выкананню арганізацыйна-тэхнічных мерапрыемстваў, — зазначыў у гутарцы галоўны інжынер філіяла Леанід Кісялёў. – Асаблівы клопат скіраваны на эканомію светлых нафтапрадуктаў.
Дагледжаныя, уцепленыя вытворчыя памяшканні — адна з першачарговых умоў энергазберажэння. Таму на іх своечасовы рамонт і рэнавацыю сродкаў не шкадуюць. Замянілі таксама і лямпы асвятлення на менш энергаёмістыя.
— Дынаміка работ вельмі напружаная, — каменціруе дырэктар аўтапрадпрыемства Сяргей Гапееў. – Калі яшчэ ўсяго якіх-небудзь чатыры-пяць гадоў таму аб’ём выкананых за дванаццаць месяцаў транспартных паслуг ледзве дасягаў паўтара мільярда рублёў, то цяпер гэта лічба фарміруецца на працягу аднаго месяца. Тэмп росту грузаабароту дасягнуў 160 працэнтаў.
У мінулым годзе на аснове ўзаемаразлікаў правялі работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі філіяла, узнаўленні вытворчых памяшканняў. І гэта – паралельна тэхнічнаму пераўзбраенню прадпрыемства. Як зазначыла ў гутарцы галоўны эканаміст філіяла Ала Гальцова, прагрэс у развіцці дасягнуты выключна дзякуючы нарошчванню вытворчых магутнасцей. Калі аўтобусны парк павялічыўся з 13 да 16 адзінак, то колькасць грузавікоў падвоена, і цяпер у распараджэнні вадзіцеляў ёсць 15 аўтасамазвалаў і 17 цягачоў. Якраз узнаўленне парка механічных транспартных сродкаў, машын, механізмаў і абсталявання дазволіла сэканоміць 62 тоны ўмоўнага паліва. Яшчэ восем тон яго “знойдзена” за кошт спажывання біядызельнага замяняльніка.
— Дробязей у гэтай справе няма, — акцэнтуе ўвагу Ала Іосіфаўна. – Укараненне дыферэнцыраванага нармавання расходу паліва, распрацоўка маршрутных нормаў яго расходавання, аптымізацыя маршрутаў руху, выкарыстанне аўтаматызаваных сістэм дыспетчарскага кантролю і кіравання перавозкамі грузаў і пасажыраў дазволіла, напрыклад, на рахунак эканоміі запісаць 15 тон умоўнага паліва.
Дзве-тры тысячы кіламетраў – такое плячо перавозкі грузаў у рэйсах Сяргея Кайнары, Мікалая Лапцёнка, Канстанціна Шакурава і іншых вадзіцеляў філіяла. Водзяць яны цягачы МАЗ-5440 у счэпе з “фурамі”. Камандзіроўкі “дальнабойшчыкаў” заўсёды маюць павышаную складанасць.
— Шафёрам працую 35 гадоў, — расказвае Сяргей Уладзіміравіч. – Ёсць у прафесіі вадзіцеля-“дальнабойшчыка” асаблівая рамантыка, якая проста ад сябе не адпускае. А для эканоміі дызельнага паліва выкарыстоўваем прысадкі FP-4000.
Дарэчы, вывад з эксплуатацыі механічных транспартных сродкаў, машын, механізмаў і абсталявання з бензінавымі рухавікамі і замена іх на дызелі, а таксама пераабсталяванне карбюратарных рухавікоў для работы на газападобным паліве, хоць і запатрабавала значных фінансавых укладанняў, але дало свой станоўчы эфект. Асабліва, як зазначыў галоўны інжынер Леанід Кісялёў, гэта важна ў спалучэнні з паніжэннем расходу паліва на ўнутрыгаражныя раз’езды і тэхнічныя патрэбы – агляды, рэгуліроўкі, абкатку пасля рамонту.
— Непрафесіяналаў у справе эканоміі ў нас проста няма, — гаворыць Леанід Уладзіміравіч. — Тыя людзі, якія сёння працуюць у філіяле “Аўтапарк № 7” ААТ “Магілёўаблаўтатранс”, заслугоўваюць найвышэйшай пашаны і павагі.
Згодна плана мерапрыемстваў, сёлета мэтавы паказчык па энергазберажэнні на прадпрыемстве павінен скласці не больш за -6 працэнтаў, а эканомія светлых нафтапрадуктаў – 85,5 тоны ўмоўнага паліва. Не будзе, мусіць, сенсацыяй традыцыйны дадатак да гэтых паказчыкаў.
(Васіль ДЗЕРАВЯШКА, «Зара над Друццю).
Поделитесь с Вашими друзьями: |