Урывак з рамана «Подых навальніцы»



Дата канвертавання18.06.2016
Памер11.45 Kb.
ПЕРШЫ ІНЕЙ

(Урывак з рамана «Подых навальніцы»)

Былі пагодныя дні. 3 сонцам ад ранку да вечара, з сінім небам. Днём яшчэ было цёпла, а пад вечар, калі чырвонае сонца сцякала за лес, апусцелая, няласкавая зямля стыла на холадзе. Пад поўнач бяліў яе іней, у ледзяныя звонкія раніцы і трава каля платоў і на выганах, і палі з загонамі яшчэ не скопанай бульбы, і панурыя, учарнелыя стрэхі — усё было па-зімоваму белае. Калі ўздымалася над чэзлым1 балотным алешнікам сонца, светлае, прамяністае, ад інею аставаліся толькі цемнаватыя плямы вільгаці. Неўзабаве знікалі і яны. Іней трымаўся яшчэ ў цені дрэваў і хат, трымаўся ўпарта, пакуль сонечная цеплыня не дабіралася і сюды.

Неба гэтымі днямі сінела чыстае і глыбокае. Яно не было цяпер такое яркае, як раней, часта атульвала яго белаватая, нібы малочная, смуга, і яно здавалася бляклым, быццам выгаралым за ліпеньскую і жнівеньскую спёку. Сонца таксама было іншае. Аддаўшы амаль увесь свой пал лету, яно берагло рэшткі цяпла, грэла мала, але на дзі-ва лагодна і пяшчотна. Гэтай лагоднасцю і пяшчотай было напоўнена ўсё ў прыродзе, усе дні.

У лагодным сонечным святле гарэлі сумным адвечным полымем ліпы і бярозы каля хат, дрэвы ў недалёкім лесе. Як сівізна ад былога, ад пера-жытага, бялела ўсюды павуціна. Яна вісела ў паветры, абчэплівала павялы і пасохлы бульбоўнік, калы і жэрдкі вакол агародаў, пажоўклыя кусты. Усё агартаў спакойны, стары, як свет, смутак развітання з цяплом, з летам, набліжэння слаты2, халадоў.




1 Чэзлы — які слаба расце, хілы (пра расліны).

2 Слата (слота) вадкая гразь на зямлі, на дарогах.


Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал