Установа адукацыі «Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны»



старонка1/23
Дата канвертавання15.05.2016
Памер2.93 Mb.
  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   23


Установа адукацыі

«Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны»

Філалагічна факультэт

Кафедра беларускай культуры і фалькларыстыкі

УЗГОДНЕНА УЗГОДНЕНА

Загадчык кафедры Дэкан

беларускай культуры і фалькларыстыкі філалагічнага факультэта

______________ В.С. Новак ______________ У.А. Бобрык

__ ___________ 2015 г. __ ___________ 2015 г.



ВУЧЭБНА-МЕТАДЫЧНЫ КОМПЛЕКС ПА ВУЧЭБНАЙ ДЫСЦЫПЛІНЕ
ФАЛЬКЛАРЫСТЫКА

для спецыяльнасці 1-21 05 01 Беларуская філалогія (па напрамках)


Складальнікі:

Новак В.С., загадчык кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі УА “ГДУ імя Ф. Скарыны”, доктар філалагічных навук, прафесар;

Вяргеенка С.А., дацэнт кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі УА “ГДУ імя Ф. Скарыны”, кандыдат філалагічных навук, дацэнт;

Кастрыца А.А., дацэнт кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі УА “ГДУ імя Ф. Скарыны”, кандыдат філалагічных навук, дацэнт;

Саўчанка Г.П., малодшы навуковы супрацоўнік УА “ГДУ імя Ф. Скарыны”.

Разгледжана і зацверджана

на пасяджэнні метадычнага савета

УА “ГДУ імя Ф. Скарыны” 22.12.2015

Пратакол № 3

ЗМЕСТ
Тлумачальная запіска ………………………………………………………… 3

І. Тэарэтычная частка ……………………………………………………........ 5

Спецыфіка фальклору. Прадметнае поле фалькларыстыкі ……………... 5

Гістарыяграфія фалькларыстыкі …………………………………………. 14

Замовы ……………………………………………………………………... 20

Радзінна-хрэсьбінныя абрады і песні ……………………………………. 47

Беларускае вяселле ……………………………………………………........ 58

Пахавальная абраднасць і галашэнні …………………………………....... 64

Прыказкі і прымаўкі ……………………………………………………….. 67

Балады ……………………………………………………………………… 72

ІІ. Практычная частка ……………………………………………………...… 79

Спецыфіка фальклору. Тэорыя і гісторыя фальклору …………………... 79

Гістарыяграфія фалькларыстыкі ………………………………………..... 81

Замовы ……………………………………………………………………... 85

Веснавы цыкл каляндарна-абрадавай паэзіі …………………………….. 94

Радзінна-хрэсьбінныя абрады і песні ………………………………….... 114

Парэміялагічныя жанры беларускага фальклору ………………………. 129

Казкі ……………………………………………………………………….. 145

Няказкавая проза. Смехавая проза ………………………………………. 151

Пазаабрадавая лірыка …………………………………………………….. 156

Дзіцячы фальклор ……………………………………………………….... 164

Слоўнік тэрмінаў …………………………………………………………….. 173

Прыкладныя тэмы рэфератаў і вусных паведамленняў …………………... 176

Пытанні да заліку ……………………………………………………………. 178

Спіс рэкамендуемай літаратуры ……………………………………………. 180
ТЛУМАЧАЛЬНАЯ ЗАПІСКА
Дысцыпліна “Фалькларыстыка” з’яўляецца дысцыплінай кампанента ўстановы вышэйшай адукацыі і ўключана ў пералік дысцыплін агульнанавуковага і агульнапрафесійнага цыкла вучэбнага плана спецыяльнасці “Беларуская філалогія”.

Змест вучэбна-метадычнага комплексу па дысцыпліне “Фалькларыстыка” адпавядае вучэбнай праграме.

Вывучэнне дысцыпліны “Фалькларыстыка” звязана з вырашэннем пытанняў аб асаблівасцях фальклору як віду мастацтва, аб спецыфіцы фальклорных жанраў, аб сродках стварэння рэальных і фантастычных вобразаў, аб асаблівасцях паэтыкі фальклорных жанраў. Знаёмства з багацейшым духоўным скарбам народа – важная ўмова выхавання моладзі – патрыётаў сваёй краіны, грамадзян з высокім узроўнем нацыянальнай годнасці. Пры асвятленні ўсіх фальклорных тэм робіцца акцэнт на тым, што фальклор – важная крыніца ідэйна-патрыятычнага, маральнага і эстэтычнага выхавання асобы.

Мэты выкарыстання вучэбна-метадычнага комплексу па дысцыпліне “Фалькларыстыка”:

– фарміраванне ў студэнтаў навуковых, тэарэтычна абгрунтаваных уяўленняў пра фальклор як мастацкую сістэму, яго адметныя нацыянальныя асаблівасці, сувязь з вуснай народнай творчасцю іншых славянскіх народаў, месца ў сучаснай культурнай парадыгме;

– азнаямленне студэнтаў з асноўнымі тэарэтычнымі фалькларыстычнымі паняццямі, гісторыяй беларускай фалькларыстыкі, спецыфікай вуснай народнай творчасці, асаблівасцямі яе жанраў, праблемамі ўзаемаадносін з літаратурай, сучасным станам бытавання фальклору, з яго лакальна-рэгіянальнымі асаблівасцямі;

– фарміраванне у студэнтаў навуковага ўяўлення пра фалькларыстыку як навуку, пра родавую спецыфіку фальклору, пра заканамернасці і асаблівасці развіцця традыцыйнай вербальнай духоўнай культуры беларусаў ва ўсёй яе разнастайнасці;

– выпрацоўка навыкаў прафесійнага фалькларыстычнага аналізу.
Асноўныя задачы выкарыстання вучэбна-метадычнага комплексу па дысцыпліне “Фалькларыстыка”:

– авалоданне пытаннямі тэорыі і гісторыі фальклору, прынцыпамі яго класіфікацыі і сістэматызацыі;

– знаёмства з фальклорнымі жанрамі, якія ў сукупнасці ўтвараюць мастацкую сістэму, дэталёвае спасціжэнне кожнага з фальклорных жанраў у агульнатэарэтычным і практычна-побытавым аспектах, выпрацоўка навыкаў аналізу фальклорных твораў;

– авалоданне методыкай гістарычнага і семантычнага даследавання тэкстаў;

– фарміраванне ў студэнтаў як асноў канцэптуальнага фалькларыстычнага мыслення, так і неабходнай гісторыка-тэарэтычнай метадалагічнай базы для паспяховага засваення будучымі філолагамі не толькі ведаў, але і выхавання ў іх рысаў нацыянальнага этыкету.

Вучэбна-метадычны комплекс складаецца з тэарэтычнага раздзела, які прадстаўлены лекцыйнымі матэрыяламі па тэмах, практычнай часткі, у якой змешчаны пералік вывучаемых пытанняў, пытанні для самаправеркі, практычныя заданні творчага і кагнітыўнага характару, праверачныя тэсты, а таксама раздзел з дадатковымі вучэбнымі матэрыяламі (тэматыка рэфератаў і вусных паведамленняў, гласарый, спіс рэкамендуемай літаратуры, пытанні да заліку).

Вучэбна-метадычны комплекс па дысцыпліне “Фалькларыстыка” прызначаны для студэнтаў 1 курса спецыяльнасці 1-21 05 01 “Беларуская філалогія (па напрамках)” дзённай і завочнай формы навучання. Асаблівасці структуравання і размяшчэння тэарэтычнага, практычнага і дадатковага матэрыялу дазваляюць выкарыстоўваць яго як падчас аўдыторных заняткаў, так і ў самастойнай вучэбнай дзейнасці.
І. ТЭАРЭТЫЧНАЯ ЧАСТКА
СПЕЦЫФІКА ФАЛЬКЛОРУ.

ПРАДМЕТНАЕ ПОЛЕ ФАЛЬКЛАРЫСТЫКІ
Фальклор як мастацтва слова. Сучаснае разуменне тэрмінаў “фальклор” і “фалькларыстыка”. Тыпы фальклорных традыцый. Вам, безумоўна, даводзілася чуць славутае выказванне М. Горкага: “Народ – рухаючая сіла гісторыі”. Працоўныя масы з’яўляюцца стваральнікамі не толькі матэрыяльных, але і духоўных багаццяў”. Маючы на ўвазе апошняе, падкрэслім, што ў гісторыі развіцця духоўнай культуры кожнага народа выключна важнае месца належыць вусна-паэтычнай творчасці ці фальклору, які ўзнік на першых ступенях развіцця чалавечага грамадства, задоўга да ўзнікнення пісьмовай літаратуры.

У перыяд Кіеўскай Русі гэта творчасць была ўжо высока развітай, багатай, разнастайнай. М.І. Калінін назваў народную творчасць “самым высокім відам мастацтва, самым таленавітым, самым геніяльным” (“Об искусстве и литературе”). Сапраўды так, народная паэзія – гэта мастацкі летапіс жыцця працоўных мас, дзе адлюстраваны ўсе важнейшыя падзеі, перададзены адносіны народа да гэтых падзей, паказаны яго быт, светапогляд, мары, імкненні.

Фальклор беларускага, рускага і ўкраінскага народаў мае адзіную ўсходнеславянскую глебу. Узнікшы яшчэ ў старажытнасці, ён развіваецца на працягу стагоддзяў і з выдзяленнем нацый набывае адметныя нацыянальныя рысы.

Народная творчасць – калектыўная творчасць працоўных народных мас. Вядома, што народ, як беларускі, так і рускі, украінскі і інш. стварыў вялікую колькасць прыказак, прымавак, загадак, балад, песень, казак. І ў нашы дні ствараюцца песні, анекдоты, казкі, частушкі, перадаюцца з вуснаў у вусны.

Віды вуснай прозы, паэзіі і драмы, некалі існаваўшыя і існуючыя сёння у народзе, складаюць у сукупнасці тое, што называецца фальклорам.

Фальклор – міжнародны навуковы тэрмін англійскага паходжання. Упершыню ўведзены быў у навуковы ўжытак у 1846 г. англійскім вучоным Вільямам Томсам. У дакладным перакладзе абазначае “народныя веды”, “народная мудрасць”.

Адзначым, што, пачынаючы з сярэдзіны ХІХ ст. у навуцы для абазначэння народнай творчасці існавала некалькі назваў, як, напрыклад, “народная паэзія”. Іншыя назвы фальклору, прынятыя ў навуцы таго часу, дапаўнялі і ўдакладнялі тэрмін “народная паэзія”; у канцы ХІХ ст.– пач. ХХ ст. у навуцы атрымалі шырокае распаўсюджанне назвы: “вусная славеснасць”, “народная славеснасць”. Беларуская і руская фалькларыстыка не прыняла гэтых назваў і звязаных з імі ўяўленняў. У айчыннай фалькларыстыцы ўведзены тэрміны-назвы – “вусная творчасць народа”, “народна-паэтычная творчасць”, “вусна-паэтычная творчасць народа”. Найбольш поўная з указаных назваў апошняя, так як яна спалучае прыметы, якія змяшчаюцца ў дзвюх папярэдніх назвах, а іменна, падкрэсліваецца вусны характар бытавання фальклору і ўказваецца на мастацкасць, як на прымету, па якой адрозніваюцца фальклорныя творы ад звычаяў, вераванняў і абрадаў. Усе гэтыя абазначэнні ўказваюць, што гэта мастацтва, якое ствараецца працоўнымі масамі.

Фальклор, як адзначалася, тэрмін міжнароднага значэння, ім шырока карыстаюцца ў шматлікіх краінах, праўда, у многіх выпадках гэтаму паняццю надаецца рознае значэнне. У ЗША і Англіі гэты тэрмін мае шырокі змест – абазначае ўсе віды народнага мастацтва.

Фальклор займае асобнае месца сярод іншых відаў мастацтва, якія адрозніваюцца адзін ад другога тым, што карыстаюцца рознымі матэрыяламі для стварэння мастацкіх твораў: скульптура – дрэвам, камнем, мармурам; жывапіс (мастакі) – фарбамі; літаратура – словам.

Кожны від мастацтва мае свае вобразна-выяўленчыя сродкі. У музыцы выкарыстоўваюцца чаргаванне і гармонія гукаў, у харэаграфіі – пластыка рухаў, у літаратуры – вобразна-выяўленчыя магчымасці слова.

Фальклор – гэта не проста вусная паэзія, гэта – мастацтва слова. Па сутнасці гэта сінтэтычнае мастацтва, якое спалучае ў сабе асаблівасці некалькіх відаў мастацтва. Напрыклад, у песні спалучаны і славеснае, і музычнае мастацтва. Усе фальклорныя творы існуюць у жывым выкананні, таму заключаюць у сабе элементы тэатральнага мастацтва (міміку, інтанацыю, рухі). Нярэдка песні суправаджае танец.

Але асновай фальклорнага твора з’яўляецца слова (не для ўсіх жанраў характэрны напеў (сказ, казка, легенда, прыказка, прымаўка). Акрамя гэтага, слова ў фальклорных творах можа існаваць і без напеву, але напеў без слоў не існуе. Вызначальным пачаткам з’яўляецца слова. У сувязі з гэтым, як зазначыў М.В. Ісакоўскі, “музыка ў песні сама па сабе неканкрэтная, у значнай меры няпэўная. Яна можа стварыць пэўны настрой, але ж канкрэтную сутнасць песеннага апавядання чалавек пазнае са славеснага матэрыялу песні”.

Што ж такое фальклор як мастацтва слова? Гэта сукупнасць вусных мастацкіх твораў, створаных народам, масай працоўных у выніку іх сумеснай калектыўнай працы. Родавая прымета, агульная ў фальклоры і літаратуры – гэта прыналежнасць да мастацкай творчасці; відавая ж прымета, зыходзячы з якой фальклор адрозніваецца ад літаратуры, – гэта працэс вуснай масавай непрафесійнай творчасці, заснаванай на традыцыях.

У сучаснай навуцы суіснуюць 3 асноўныя канцэпцыі фальклору, а, значыць і розныя дэфініцыі тэрміна. Ім абазначаюцца:

а) вусна-паэтычная народная творчасць,

б) комплекс славесных, славесна-музычных, гульнёвых (драматычных) і музычна-харэаграфічных відаў народнай творчасці,

в) народная мастацкая культура ў цэлым.

У навуцы пераважае канцэптуальнае азначэнне фальклору як комплекснага, поліэлементнага і поліфункцыянальнага мастацтва, асабіста народнай калектыўнай творчасці, якая гістарычна развіваецца і прымае розныя канкрэтныя відавыя і жанравыя формы (паводле В. Гусева).

На пасяджэнні пры ЮНЕСКА урадавых экспертаў па захаванні фальклору (Парыж, 1 сакавіка 1985 г.) прапаноўвалася наступнае азначэнне: “Фальклор (у шырокім сэнсе частка традыцыйнай народнай культуры) – калектыўная і заснаваная на традыцыях творчасць груп ці індывідуумаў, якая вызначаецца падзеямі і імкненнямі грамадства і з’яўляецца адэкватным адлюстраваннем іх культурнай і сацыяльнай самабытнасці; фальклорныя ўзоры і каштоўнасці перадаюцца вусна, шляхам імітацыі і іншымі спосабамі. Яго формы ўключаюць мову, вусную літаратуру, музыку, танцы, гульні, міфалогію, абрады, звычаі і іншыя віды мастацкай творчасці”.

Фалькларыстыка вывучае эстэтычныя, ідэйна-мастацкія ўласцівасці і асаблівасці народнай творчасці ў тым выпадку, калі справа датычыць з’яў, уключаных у быт і, безумоўна, у тых выпадках, калі маем справу з мастацтвам слова. Фалькларыстыка з’яўляецца філалагічнай і мастацтвазнаўчай дысцыплінай. Яе прадмет – мастацтва слова, мастацкай творчасці ва ўсёй яе гістарычна складзенай спецыфіцы.

Для фалькларыстыкі мэтазгодны яе падзел на 3 раздзелы:

1) тэорыю фальклору;

2) метадалогію яго вывучэння;

3) гісторыю фальклору.

Для тэорыі фальклору характэрна вывучэнне наступных важных праблем:

а) праблема спецыфікі фальклору – падабенства з іншымі відамі мастацтва, адрозненне ад іх, сутнасць і своеасаблівасць фальклору як віду мастацтва, агульныя асаблівасці фальклору, адносіны да рэчаіснасці, адлюстраванне жыцця, гістарызм, пазнавальныя, ідэйныя і эстэтычныя каштоўнасці;

б) праблема мастацкага метаду, народных эстэтычных прынцыпаў, асаблівасцей адлюстравання, ролі ўмоўнасці і фантастыкі, форм мастацкага вымыслу, сродкаў ідэйна-эмацыянальнай ацэнкі, ідэалізацыі і паэтызацыі прыроды, быту, чалавека, сатыры, асаблівасці трагічнага і камічнага, тыпізацыі;

в) праблема суадносін нацыянальнага і інтэрнацыянальнага ў фальклоры – нацыянальнага зместу і нацыянальнай формы, праявы агульнафальклорных асаблівасцей ў творчасці пэўных народаў, сувязей і ўзаемадзеяння фальклору розных народаў, ролі этнічных груп у стварэнні нацыянальнага фальклору;

г) праблема жанраў – іх класіфікацыя, узаемаадносіны і асаблівасці жанравых форм, суадносіны эпічнага, лірычнага і драматычнага пачаткаў, жанравая своеасаблівасць кампазіцыйных тыпаў;

д) праблема вобраза чалавека – сродкаў яго стварэння, знешняга і псіхалагічнага адлюстравання, характэрнага жанравага складу персанажаў, рэальных і фантастычных вобразаў, гістарычных тыпаў герояў, лірычнага героя ў фальклоры;

е) праблема паэтыкі – асаблівасці структуры твораў, сістэмы выразных сродкаў, іх ідэйна-мастацкіх функцый, своеасаблівых форм выкладання – апавяданне, апісанне, простая мова (маналог, дыялог), мастацкае майстэрства, вершаскладанне, гукавы бок мовы, агульнафальклорныя, жанравыя і нацыянальныя асаблівасці паэтыкі, своеасаблівай індывідуальнай манеры творцаў і выканання твораў.

Асноўны творчы метад у фальклоры – субліміруючы. Бытаванне фальклорнага мастацтва можна параўнаць са з’явай, характэрнай для тэхнічных навук (сублімацыя дазваляе ажыццявіць пераход цвёрдага рэчыва ў газ, мінуючы стан вадкасці. Аналагічным чынам, як адзначылі даследчыкі Т.В. Зуева і Б.П. Кірдан, «фальклорнае мастацтва ў працэсе ўсведамлення фактаў, мінуючы стадыю праўдападобнасці, пераходзіць на ўзровень такога шырокага абагульнення, што праўдападобнасць становіцца для яго абцяжарваючым момантам… Тут няма абавязковага адлюстравання жыцця ў форме самога жыцця, дапускаецца ўмоўнасць».

Можна вылучыць наступныя тыпы сусветнага фальклору: архаічны, класічны, сучасны, постфальклор.

Архаічны фальклор характэрны для першабытнага грамадства. Як адзначыў рускі даследчык-фалькларыст Я.А. Касцюхін, «у дадзеным выпадку можна гаварыць пра панфальклор: ён ахоплівае ўсю культуру этнасу. Гэта фальклор людзей з міфалагічным мысленнем».

Класічны фальклор – гэта вусная народная творчасць, якая склалася ў эпоху стварэння дзяржавы, узнікнення пісьменнасці і літаратуры. Для гэтага тыпу сусветнага фальклору характэрна фарміраванне мастацкага часу і мастацкай прасторы, мастацкі вымысел, складванне жанравай сістэмы. У асноўным да гэтага тыпу належыць рускі і беларускі фальклор.

Сучасны фальклор узнікае пасля адмены прыгоннага права, і яго стыхіяй з’яўляецца горад, а бытаванне класічнага фальклору характэрна для вёскі. Назіраецца тэндэнцыя паступовага адмірання з’яў класічнага фальклору. Варта адзначыць, што на развіццё сучаснага фальклору аказваюць уплыў масавая культура, сродкі масавай інфармацыі, эстрада, сучасныя сродкі гуказапісу. Даследчыкі выказваюць меркаванне, што гарадскі фальклор у асноўным функцыянальна маргінальны.

Постфальклор, паводле меркаванняў С. Няклюдава, адносіцца да так называемай трэцяй культуры, якая адмежавана і ад культуры элітарнай, афіцыйна санкцыянаванай, і ад патрыярхальнай вясковай (“традыцыйна-фальклорнай”). “Яна ўключае гетэрагенныя і гетэраморфныя элементы – масавую культуру, якая ствараецца прафесіяналамі “для сбыта” і “низовой фольклор”, які ствараецца самімі носьбітамі “для карыстання”. Да гэтага тыпу фальклору можна аднесці і “наіўную” (ці “простанародную”) літаратуру” (http://www.ruthenia.ru/folklore/postfolk.htm).



Спецыфіка фальклору. Вылучаюцца наступныя спецыфічныя рысы фальклору: вуснасць бытавання, наяўнасць варыянтаў і версій, традыцыйнасць, дыялектычныя ўзаемаадносіны калектыўнага і індывідуальнага, сінкрэтызм, аптымізм.

Дзякуючы вуснай форме засваення і перадачы, творы былі адкрытымі для змен. Нават ад аднаго і таго ж выканаўцы пры паўторных запісах можна атрымаць розныя варыянты. Варыянты могуць з’явіцца ў выніку пераходу твораў у новае асяроддзе, механічных змен, калі выканаўца пад уплывам пэўных абставін свядома скарачае або пашырае твор, у выніку памылак памяці. Фальклорны твор існуе ў сукупнасці варыянтаў. Так, напрыклад, песня-вяснянка “Вол бушуе – вясну чуе” ў шматтомніку “Беларуская народная творчасць” прадстаўлена 57 варыянтамі, запісанымі ў розных рэгіёнах рэспублікі, балада “Браткі” налічвае звыш 40 варыянтаў, казка “Смерць-кума” – 19 варыянтаў.

Варыянты аднаго і таго ж фальклорнага твора аб’яднаны адзінай ідэйнай задумай, адрозніваюцца прыватнымі дэталямі, захоўваючы вобразныя, сюжэтна-кампазіцыйныя, тэматычныя і стылёвыя элементы. Адрозненні не выходзяць за межы рэалізацыі адзінай для ўсіх варыянтаў ідэйнай задумы. Адзінства задумы – крытэрый вызначэння варыянтаў твора. Варыянты фальклорных твораў дапамагаюць зразумець сэнс і прычыны тых змен, што адбываюцца ў фальклоры, яны даюць багаты матэрыял для раскрыцця пэўных заканамернасцей фальклорнага працэсу.

Для народных твораў розных жанраў характэрны больш або менш блізкія паміж сабой варыянты. Адзінства варыянтаў абумоўлена ўплывам фактараў, як асяроддзе і час. Дастаткова змяніцца гэтым фактарам (перамена часу, асяроддзя), як адзінства варыянтаў разбураецца і адбываюцца іх змены. Змяненне варыянтаў прыводзіць да ўзнікнення таго, што мы называем версіяй. Версія – гэта варыянт фальклорнага твора, які змяніўся пад уплывам перамены асяроддзя бытавання ці часу. Прыкметай версіі лічацца значныя змены ў ідэйна-мастацкім напаўненні твора пад уплывам змянення фактараў – асяроддзя і часу.

Традыцыйнасць абазначае ўстойлівыя ўласцівасці і якасці фальклорнай традыцыі, якія датычаць усіх кампанентаў мастацкага твора: яго ідэі, сістэмы вобразаў, кампазіцыі, тэматычных рэалій і стылю. Традыцыйнасць выражаецца ў паўторы ўсіх найважнейшых асаблівасцей і складовых частак фальклорнага твора незалежна ад манеры і спосабаў трактоўкі сюжэтаў і матываў у асобных носьбітаў фальклору. Гэтым тлумачыцца наяўнасць устойлівай “наменклатуры” персанажаў, сюжэтных палажэнняў, стылёвых асаблівасцей агульнафальклорнага і жанравага тыпаў. Традыцыйнасць вызначае спосаб існавання фальклорнага тэксту ў адзінстве стабільнасці і зменлівасці.

Разам з гэтым адной з тыповых і асноўных прымет бытавання фальклору з’яўляецца імправізацыя творцаў-выканаўцаў. Імправізуючы, творца прытрымліваецца традыцыі. Калі б ва ўсе віды народнага мастацтва не ўносілася імправізацыя, традыцыя стала б штампам. Твор механізаваўся б, страціў адну з асноўных функцый – удзейнічаць на слухачоў і павінен быў знікнуць з фальклорнага рэпертуару. У народнай творчасці традыцыя і імправізацыя складаюць дыялектычнае адзінства.

Калектыўнасць фальклору выяўляецца ў тым, што ў стварэнні, выкананні і распаўсюджанні песень, казак, легенд, прыказак, прымавак, прыпевак і іншых жанраў удзельнічалі многія людзі. Аднак гэта не абазначае, што ў творчым працэсе стварэння фальклорных твораў ніякай ролі не адыгрываў асобны чалавек, індывідуальнасць.

Таленавітыя народныя спевакі і казачнікі складалі песні, казкі або іншыя творы, карыстаючыся паэтычнымі формамі і сродкамі мастацкай выразнасці, выпрацаванымі на працягу стагоддзяў. Яны выказвалі думкі і пачуцці ўсяго калектыву, адлюстроўвалі яго светапогляд. Паступова ствараліся пэўныя творчыя традыцыі і прынцыпы. Фальклорныя творы за час бытавання набывалі ўстойлівую форму і змест, прычым традыцыйная ўстойлівасць выпрацоўвалася паступова ў працэсе адбору найбольш дасканалых твораў з розных іх варыянтаў, якія існавалі самастойна.

Сінкрэтызм – тэрмін, уведзены А. Весялоўскім у тэорыю мастацтва, распрацаваную ім у лекцыях па паэтыцы, якія ён чытаў у Пецярбургскім універсітэце. Гэты тэрмін ужываецца ў адносінах да розных з’яў у галіне культуры: сінкрэтызм ідэалагічны, мастацкі, песенны, першабытны, харавы, абрадавы.

А. Весялоўскі вылучаў сінкрэтызм першабытнай паэзіі, або сінкрэтызм старажытнай паэзіі, з якой генетычна звязаны фальклор, вызначаючы яго як “спалучэнне рытмічных рухаў з песняй-музыкай і элементамі слова”.

Напрыклад, карагодная гульня – гэта ўзор сінкрэтычнага мастацтва, комплекс такіх мастацкіх кампанентаў як слова, музыка, рухі, танцы, якія ў адзінстве складаюць тое, што цэментуе карагод.




Поделитесь с Вашими друзьями:
  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   23




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал