Запісана ў в. Хільчыцы Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл.
ад Мароз Анастасіі Архіпаўны, 1910 г.н.,
студэнткай Кошман Т.
На Юрэй ідзём на поле. Пяком каравай, наражаем яго ўсякімі цвятамі. Дзве доўгія жордкі чапляем, фартухі: адзін – зялёны, адзін – красны. Зайшлі на поле, выбралі самы густы загон жыта і бяромся ў кружок, пасярэдзіне каравай:
Зарадзі, Божа, жыто,
Да на новае лето.
А на жыто, на пшаніцу,
Да на ўсякую пашніцу.
Да падай, маці, ключы,
Да вары, маці, ключы.
Да до Бога творыці,
Да росіцу спусціці.
***
Вяду, вяду карагод,
Усе дзевачкі напярод,
А хлопчыкі за намі,
Моргаючы брывамі.
Запісана ў в. Хільчыцы Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл.
ад Шруб Марыі Пятроўны, 1925 г.н.,
студэнткай Бярдзічавец С.
Юр’е святкаваўся 6 мая. На свята по сялу вадзілі карагод. Бяруць граблі, вешаюць іх на два фартухі. У гэты дзень пякуць каравай. Адзін мужчына нясе граблі, другі – каравай.
Гэтыя два мужчыны станавіліся ў сярэдзіне, астатнія кругом, замыкаючы круг. Тыя, што ў крузе, па гадзіннікавай стрэлцы, тыя, што звонку – супраць. Гэты карагод звычайна вадзілі ў жыце:
Вяду карагод,
Сам Бог напярод.
Дзе карагод ходзіць,
Там жыта родзіць,
А дзе не бывае,
Там улягае.
Зарадзі, Божа, жыта
На новае лета.
Калі спявалі карагод, давалі людзі яйкі, грошы. За грошы паймалі гарманіста, а яйкі закопвалі ля хлява, каб вялася год жывёла. На Юр’е выганялі карову, каб выйшла на раку.
Запісана ў в. Рычоў Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл.
ад Рыдзецкай Г.М., 1932 г.н.
Юр’е – это празнік, на екі хазяева начыналі планіраваць сваю работу па хазяйству. Обычно ў эты дзень, 6 мая, людзі рабілі агляд сваёй зямлі, планіравалі, што дзе будуць садзіць. У еты дзень выганялі кароў на пашу. Первы дзень прыпасвалі ўсе вмесце, а на другі дзень гнаў той, кому чарга була. Стараліса выганяць так кароў, каб у понедзельнік не прышлосо кому-нібудзь гнаць одному, бо плохі дзень.
На Юр’я обрэзалі хвосты каровам. А некаторыя хазяйкі, як выганялі з двара кароўку, то клалі на землю ветачку свечонай вербы і стараліса паганяць кароўку свечонай ветачкай. Это, коб не зурочылі і не прыбіралі чаго.
Пастухі ўсе пазбіраюцца: і жанчыны, і мужчыны, і малые, наберуць еды, гарэлкі і замочвалі первы дзень прыпасвання кароў. Пелі песні разные застольные, беседные, хто екіе знаў.
Запісана ў в. Пухавічы Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл.
ад Субат Яўгеніі Пятроўны, 1952 г.н.,
студэнткай Купрацэвіч І.
На Тройцу ўсягда ўкрашалі хату і іконы клёнам і абавязкова ернікам. Насупраць кожнага акна ставілі ссечаныя бярозкі, а насупраць дзвярэй – дзве бярозкі па баках. І ўжо калі ішлі ў хату, то абязацельна гэтыя бярозкі (ля дзвярэй) абыходзілі. Калі ўсё ўкрашалі зелянінаю, то прыкмячалі: як за тры дня завяне, то лета будзе сухое. Калі Тройца праходзіла, бярозкі, клён, ернік знімалі і палілі ў печы, а не выкідвалі. Лічылі, што ўся гэтая зеляніна ад Бога дана.
Запісана ў в. Кольна Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл.
ад Гаўрыловіч Сцепаніды Цімафееўны, 1919 г.н.
(раней пражывала ў в. Навуць Жыткавіцкага р-на),
студэнткай Клочка А.
Троіца тут мела назву “прэстольный празнік”. Была ў вёсцы ікона з некалькіх ікон. Пеўчыя насілі ікону з хаты ў хату. У адной хаце ікона заставалася на год. Там і ўгашчаліся. Пелі песні разныя, народныя прыпеўкі, хто якія знаў.
Пераз празнікам ламалі клён і торкалі ў вокны, дзверы. У хаце на пол слалі явар. Па двары тожа раскідвалі явар. Гэта ўсё называлі “май украшаць”.
Моладзь пляла вянкі з кветак, з голек бяроз. Палілі ўсю ноч кастры, пелі. Вянкі гэтыя кідалі ў ваду і гадалі. Вызначалі вянкі: дзе яна, а дзе хлопец. Калі сплывуцца, то і дзяўчына з хлопцам будуць сустракацца, а калі не, то і не.
Запісана ў в. Пірэвічы Жлобінскага р-на Гомельскай вобл.
ад Сасны Лізаветы Карпаўны, 1912 г.н.,
студэнткай Марусавай Д.
Спачатку я раскажу тое, што ўдалося нам выведаць у старых людзей, як яны ў быту праводзілі русальны абрад. У абед абавязкова ў 12 гадзін жанчыны ішлі па вёсцы і выбіралі русалку. Русалкай выбіралі маладую дзяўчыну. Абавязкова прыгожую, з доўгімі валасамі. Потым ішлі за вёску, каб недалёка быў вадаём і поле, каб было куды правесці русалку. Русалку ўпрыгожвалі, плялі вянкі, дзяўчаты спявалі песні і потым прыводзілі ў жыта. А самі вярталіся на гэтае месца. Гулялі ў гульні, сабе плялі вянкі, рабілі пугала. Абавязкова рабілі пугала русалкі. Таксама ўпрыгожвалі галінкамі дрэў, вянкамі і запрашалі абавязкова жанчыну з вёскі, якая ведала лекавыя травы, збор якіх пачынаўся пасля Троіцы і ішоў да Купалля. Гэта гаворыць аб тым, што травы ў гэты час маюць лячэбны моц. І вось гэта бабуля праводзіла з дзяўчатамі гульні, а потым песні. Пасля абеду надвячоркам, калі ўжо пачынала заходзіць сонца, ішлі ў жыта і гукалі русалку. І абавязкова русалке прыносілі дар – або хусткі белыя, або анучы, хто сарочку. Развешвалі іх на галінках кустоў, каб задобрыць русалак, каб яны ахоўвалі русалку ад злых духаў і гэтак увесь тыдзень. У нядзелю пасля Троіцы святкуюць русалку. І гэта ўвесь тыдзень святочны – нельга працаваць на агародзе, нельга стукаць тапаром. Потым русалку “раздзявалі”. Запрашалі да сябе, але яна спачатку хоча каго-небудзь злавіць, заказытаць, але вось тая бабуля, якую запрашалі, абводзіць рысаю. Дзевушка была добрай русалкай. Абязацельна нада была задобрыць злых русалак. Русалка выходзіла з леса. Людзі знімалі з яе сарочку. Ёй астаўлялі яду і прыгаварывалі: “Ты, бабулечка Купрыянаўна…”.
Ты, бабулечка Купрыянаўна,
Абчарці нас залатым нажом,
Абсей нас ярым аўсом.
І бабуля абводзіла рысаю тых, хто ў крузе, “хто ў крузе, той наш, хто за кругам, той не наш”. Русалку запрашалі да сябе ў гурт, ішлі ў вёску. У вёсцы сустракалі бацькі той дзяўчыны, якую выбіралі русалкай. Гэта лічылася добрым знакам. Таму што дзяўчына ў гэтым годзе выйдзе замуж. Няслі пугала русалкі да вёскі і старэйшаму ў вёсцы дазвалялі захоўваць гэта пугала да наступнага года. І гэта пугала будзе ахоўваць вёску ад усяго дрэннага – урагану, падзяжу ската, а дзяўчаты свае вянкі “раздзявалі” і рассыпалі па ўсяму агароду, каб быў добры ўраджай – такая прыкмета. І вячэра была.
Пакуль русалка была ў жыце, дзяўчаты вешалі вяночкі на галінкі дрэў. Калі вяночак не завяне, то дзяўчына выйдзе замуж, ці будзе што-небудзь добрае ў яе жыцці. І наадварот, калі вяночак завяне, то будзе што-небдзуь дрэннае ў яе жыцці.
Русальная песня
На граной нядзелі,
Рана, рана,
Русалкі сядзелі,
Гу-гу-у-у.
Русалкі сядзелі,
А-а-а,
На Бога глядзелі.
Угу-у-у-у.
Ой, рана, ран-а-а,
На Бога глядзелі.
Гу-гу-гу.
Поделитесь с Вашими друзьями: |