Установа адукацыі «Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны»


Запісана ў в. Рэкта Жлобінскага р-на Гомельскай вобл



старонка14/23
Дата канвертавання15.05.2016
Памер2.93 Mb.
1   ...   10   11   12   13   14   15   16   17   ...   23

Запісана ў в. Рэкта Жлобінскага р-на Гомельскай вобл.


ад Цімашэнка Паўліны Кірылаўны, 1931 г.н.,

Хадакоўскай Еўдакіі Піліпаўны, 1925 г.н.,

студэнткай Шайдаковай А.
Ваджэнне куста. У етым участвуюць толькі дзяўчаты, дажа замужнія жанчыны не ўчаствуюць. Выбіраюць адну самую гаваркую дзяўчыну. Наражаюць яе “кустом”. Абвешываюць яе зёлкамі, ветачкамі зялёнымі і ідуць па дварах. Жылаюць хазяівам шчасця, здароўя, добрага ўраджая, спяваюць песні. А тыя даюць “кусту” грошы ілі хлеб, сыр, бліны.

Вечарам дзяўчаты ўсе сабіраюцца ў каго-небудзь дома і частуюцца тым, што сабралі пяюць, танцуюць. І так усю ноч. Пелі:

Ох, мы былі ў харошаму й бору

І звілі куста із зялёнага клёну,

І звілі куста із зялёнага клёну,

Да прывялі куста ды й да слаўнага двору,

Да прывялі куста ды й да слаўнага двору.

Проша пана выйсці із новага пакою,

Проша нам вынесці тры барылкі гарылкі,

Мы прывялі куста ды харошых тры дзеўкі.


Запісана ў в. Пірэвічы Жлобінскага р-на Гомельскай вобл.


ад Марусавай Ніны Мінаўны, 1918 г.н.,

студэнткай Марусавай Д.

РАДЗІННА-ХРЭСЬБІННЫЯ АБРАДЫ І ПЕСНІ
Пералік вывучаемых пытанняў

1. Гісторыя збірання і вывучэння радзінна-хрэсьбіннай абраднасці і паэзіі беларусаў.

2. Радзінна-хрэсьбінны комплекс беларусаў і яго структура.

3. Класіфікацыя радзінна-хрэсьбінных песень, іх жанравыя асаблівасці і паэтыка.


Пытанні для самаправеркі

  1. Назавіце ўсходнеславянскіх фалькларыстаў і этнографаў, якія займаліся зборам і вывучэннем радзінна-хрэсьбіннай абраднасці і паэзіі.

  2. Прыгадайце і ахарактарызуйце асноўныя этапы радзінна-хрэсьбіннага комплексу беларусаў і жанравыя асаблівасці прымеркаваных да яго песень.

  3. Прыгадайце агульнапрынятыя класіфікацыі радзінна-хрэсьбінных песень. На якой аснове яны грунтуюцца?

  4. Пералічыце асноўныя функцыі звычаяў і абрадаў, звязаных з нараджэннем і выхаваннем дзіцяці.

  5. Прыгадайце правілы, парады, забароны, прыкметы і павер’і, звязаныя з нараджэннем і выхаваннем дзіцяці. Засяродзьце ўвагу на тых, якія з’яўляюцца асаблівасцю вашай мясцовасці.


Практычныя заданні

  1. Прапануйце ўласную тэорыю паходжання традыцыйных правілаў і забарон для цяжарнай жанчыны.

  2. Размяркуйце правілы і забароны, прадстаўленыя ў ілюстрацыйным матэрыяле, па функцыянальна-семантычных групах.

  3. Складзіце, абапіраючыся на ілюстрацыйны матэрыял, маральна-этычны кодэкс цяжарнай жанчыны. Растлумачце, у чым яго мудрасць і рацыянальнасць.

  4. Запоўніце табліцу.

    Жанравая класіфікацыя

    хрэсьбінных песень



    Сюжэтна-кампазіцыйныя асаблівасці

    Асноўныя вобразы і прыёмы іх стварэння

    Вобразна-выяўленчыя

    сродкі


    Рытуальна-заклінальныя










    Велічальныя










    Гумарыстычныя










    Бяседныя










  5. Прааналізуйце колькасны склад песень розных функцыянальных груп і прадстаўце вынікі ў выглядзе дыяграмы. Пракаменціруйце атрыманыя вынікі.

  6. Стварыце мультымедыйную прэзентацыю альбо запішыце відэаролік “Радзінна-хрэсьбінны абрад маёй вёскі (майго горада)”.



Праверачны тэст

  1. На працягу доўгага часу дамінантнай у радзінна-хрэсьбіннай абраднасці была функцыя:

а) эстэтычная;

б) пацяшальная;

в) цырыманіяльная;

г) утылітарна-магічная;

д) этычная.


  1. Адзначце, якую функцыю у радзінах славянскіх народаў адыгрываў абрад хрышчэння:

а) ахоўную;

б) ачышчальную;

в) прафілактычную;

г) лекавую;

д) прадукавальную.


  1. У старажытнасці значную ролю ў хрэсьбінных абрадах адыгрываў:

а) крык;

б) грук;


в) смех;

г) звон;


д) плач.


  1. Адзначце, у якім радзінна-хрэсьбінным абрадзе ўтылітарная функцыя вельмі цесна спалучалася з сакральнай:

а) прыняцце родаў;

б) адведкі;

в) хрышчэнне;

г) біццё бабінай кашы;

д) “змуркі” (“зліўкі”).


  1. Адзначце, якому беларускаму даследчыку належыць манаграфія “Радзінныя звычаі і абрады беларусаў”?

а) М.Я. Грынблату;

б) А.С. Фядосіку;

в) Т.І. Кухаронак;

г) У.М. Сысову;



д) К.П. Кабашнікаву.
Пытанні для збору фальклорна-этнаграфічнага матэрыялу

  1. Якіх забарон і правіл павінна была прытрымлівацца цяжарная жанчына (не стрыгчыся, не стаяць на парозе, не хадзіць на пахаванне і інш.) і чаму?

  2. Якія дзеянні выконвалі з мэтай аблегчыць роды цяжарнай (развязвалі вузлы, адкрывалі замкі і інш.)? Якая пры гэтым была роля мужа?

  3. Што сабой уяўляла бабка-павітуха? Якія дзеянні, выконваемыя ёю, маглі паўплываць на лёс дзіцяці?

  4. Калі і хто прыходзіў адведваць парадзіху і нованароджанага?

  5. Якімі дзеяннямі і словамі імкнуліся абараніць парадзіху і нованароджанага ад сурокаў?

  6. Чаму дзіця пажадана было хрысціць як мага хутчэй пасля нараджэння?

  7. Каго трэба было браць за кумоў, а каго непажадана было далучаць да гэтай пачэснай ролі? Якія функцыі яны выконвалі? Што ўяўляў сабой абрад хрышчэння?

  8. Як адбываўся абрад біцця і падзелу “бабінай кашы”? Ці спяваліся адпаведныя песні ў час цырымоніі яе раздачы?

  9. Што рабілі з чарапкамі ад бабінай кашы (клалі на галовы жанчынам, кідалі ў хлеў і да т.п.)? Якое магічнае значэнне надавалася чарапкам?

  10. Калі і як адорвалі нованароджанага, парадзіху, бабку, кумоў? Якія зычэнні выказваліся ў іх адрас?

  11. Ці выконваліся спецыяльныя песні, прысвечаныя бабцы-павітусе, куму, куме?

  12. Назавіце ўрачыстыя пажаданні для нованароджанага і яго бацькоў.

  13. Як заканчваліся хрэсьбіны? Ці быў звычай вазіць бабку-павітуху?

  14. Прыгадайце радзінна-хрэсьбінныя песні. Каму яны былі адрасаваны і ў які момант выконваліся?

  15. Якія вы ведаеце прыкметы і павер’і, звязаныя з нараджэннем і выхаваннем дзіцяці?


Рэкамендуемая літаратура

        1. Беларуская вусна-паэтычная творчасць: падручнік для студэнтаў філалаг. спецыяльнасцей ВНУ / К.П. Кабашнікаў [і інш.]. – Мінск, 2000.

        2. Беларускі фальклор: энцыклапедыя: у 2 т. – Мінск, 2005–2006.

        3. Булгаковский, Д. Пинчуки. Этнографический сборник. Песни, загадки, пословицы, обряды, приметы, предрассудки, поверья, суеверия и местный словарь // Записки ИРГО по отделению этнографии / Д. Булгаковский.– СПб., 1890. – Т. 23.

        4. Гілевіч, Н.С. Паэтыка беларускай народнай лірыкі. Слова і вобраз. Паэтычны сінтаксіс. Гукапіс і рыфма / Н.С. Гілевіч. – Мінск: Выш. школа, 1975. – 285 с.

        5. Гурскі, А.I. Семантыка і паэтыка сямейнай лірыкі / А. I. Гурскі. – Мінск, 2001.

        6. Добровольский, В.Н. Смоленский этнографический сборник. Ч. 2. // Записки ИРГО по отделению этнографии / В.Н Добровольский. – СПб.: Типография Евдокимова, 1892.

        7. Емельянаў, А.С. Паэтыка хрэсьбінных песень / А.С. Емельянаў / Сямейна-абрадавая паэзія. Народны тэатр / А.С. Фядосік, А.С. Емяльянаў, У.М. Сысоў, М.А. Каладзінскі; Навук. рэд. К.П. Кабашнікаў. – Мінск: Бел. навука, 2001. – 422 с. – С. 57 – 105.

        8. Жыцця адвечны лад: Беларускiя народныя прыкметы i павер’i. Кн. 2 / Уклад., прадм., пер. У. Васiлевiча. – Мiнск: Мастацкая лiтаратура, 1998. – 607 с.

        9. Кухаронак, Т.І. Радзінныя звычаі і абрады беларусаў: Канец ХІХ – ХХ ст. / Т.І. Кухаронак. – Мн.: Навука і тэхніка, 1993. – 126 с.

        10. Никифоровский, Н.Я. Простонародные приметы и поверья, суеверные обряды и обычаи, легендарные сказания о лицах и местах / Н.Я. Никифоровский – Витебск: Губернская Типо-Литография, 1897. – с. 307+примечания (МФ 614).

        11. Сержпутоўскi, А.К. Прымхi i забабоны беларусаў-палешукоў / прадм. У.К. Касько. – Мiнск: Унiверсiтэцкае, 1998. – 301 с.

        12. Радзінная паэзія / склад. М.Я. Грынблат, В.И. Ялатаў. – Мн., 1971.

        13. Романов, Е. Белорусский сборник / Е. Романов – Вып. 8 – Вильна, 1912.

        14. Фядосік, А.С. Беларуская сямейна-абрадавая паэзія / А.С. Фядосік.Мінск, 1997.

        15. Фядосік, А.С. Радзінная паэзія (функцыянальнасць абрадаў і абрадавай паэзіі, семантыка, жанравы састаў) / А.С. Фядосік / Сямейна-абрадавая паэзія. Народны тэатр / А.С. Фядосік, А.С. Емяльянаў, У.М. Сысоў, М.А. Каладзінскі; Навук. рэд. К.П. Кабашнікаў. – Мінск: Бел. навука, 2001. – 422 с. – С. 21 – 56

        16. Шейн, П.В. Белорусские народные песни, с относящимися к ним обрядами, обычаями и суевериями, с приложением объяснительного словаря и грамматических примечаний / П.В. Шейн. – СПб.: Типография Майкова, 1874.

        17. Шейн, П.В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. Т.III. / П.В. Шейн. – СПб.: Типография императорской академии наук, 1902. – Сборник отделения русского языка и словесности императорской академии наук. – Т. 72, № 4. – СПб, 1903.

        18. Шлюбскi, А.Л. Матэрыялы да вывучэння фальклору i мовы Вiцебшчыны. Ч.2. / А.Л. Шлюбскі. – Мінск: Iнстытут беларускай культуры, 1928.

        19. Жаўруковая песня Радзімы: народныя духоўныя скарбы Буда-Кашалёўскага краю: манаграфія / ГДУ імя Ф. Скарыны. – Гомель: Сож, 2008. – 424 с.

        20. Крынiц Кармянскiх перазвоны (Абрады i песнi ў сучасных запiсах) / укл., сiстэмат., тэксталагiчная праца, уст.артыкул В.С. Новак; пад рэд. I.Ф. Штэйнера. – Гомельскi цэнтр навукова-тэхнiчнай i дзелавой iнфармацыi, 2000. – 210 с.

        21. Народная мiфалогiя Гомельшчыны: фальклорна-этнаграфiчны зборнiк. – Мінск: ЛМФ Нёман, 2003. – 320 с.

        22. Прыкметы і павер'і Гомельшчыны / уклад., сістэм., тэксталагічная праца, уступныя артыкулы В.С. Новак, А.А. Кастрыца. – Гомель: Барк, 2007. – 224 с.

        23. Радзінна-хрэсьбінныя абрады і звычаі беларусаў (на матэрыяле фальклору Гомельскай вобласці) / аўтары-ўкладальнікі Новак В.С., Шынкарэнка В.К., Кастрыца А.А., Воінава А.М., Вяргеенка С.А., Палуян А.М., Партнова-Шахоўская А.У. – Гомель: Барк, 2013. – 380с.

        24. Роднае: Фальклорна-этнаграфiчная i лiтаратурная спадчына Гомельскага раёна / укл., сiст., тэксталагiчная праца, уступныя артыкулы, рэдагаванне I.Ф. Штэйнера, В.С. Новак. – Мазыр: Белы вецер, 2000. – 276 с.

        25. Спрадвечнай мудрасці скарбонка: сучасны стан традыцыйнай культуры г. Мазыра / укл., сістэм., тэкст. праца, уст. арт., рэдагаванне В.С. Новак, Л.В. Мельнікавай, С.А. Вяргеенка, А.А. Кастрыцы, А.В. Кучаравай і інш. – Гомель: КВПУП “Сож”, 2005.

        26. Святло каштоўнасцей духоўных. Жлобінскі край: мінулае і сучаснасць / пад агульнай рэдакцыяй В.С. Новак, А.А. Станкевіч. – Гомель: ААТ “Полеспечать”, 2009. – 544 с.

        27. Фальклорна-этнаграфічная і літаратурная спадчына Рэчыцкага раёна // укладанне, сістэматызацыя, тэксталагічная праца, уступныя артыкулы, рэдагаванне І.Ф. Штэйнера, В.С. Новак. – Мінск: ЛМФ “Нёман”, 2002. – 384 с.

        28. Хойнікшчыны спеўная душа: народная духоўная культура Хойніцкага краю: фальклор.-этнаграф. зб. / пад агул. рэд. В.С.Новак. – Мінск: Выд. цэнтр БДУ, 2010. – 303 с.: іл.



Ілюстрацыйны матэрыял

Нельзя нікакой скаціны голай рукой біць і асобенна выспяткам – будзе шэрсць у дзіцёнка.

Нельзя ваду ў калодзежы, калі набіраеш, то адліваць у калодзеж абратна – будуць слюнкі ў дзіцёнка цекчы і з носа тожа.

Еслі пажар, то нельзя рукамі за цела брацца, бо абязацельна будуць лапікі красныя на целе.

Нельзя ў празнікі секчы нічога тапаром, бо ў дзіця губа будзе рассечаная, асобенна, еслі на пароге секчы.

Еслі жэншчына ў палажэніі, старалася, каб прыпечак чысты быў, еслі будзе гразна, значыць, будзе дзіцёнак нехарошы, гразны.

Еслі дзеўка замуж пашла, а на пахаранах не была і ў палажэніі, то нельзя ідці ёй на кладбішча.

Еслі ў палажэніі – нельзя ні ў кога прасіць, нічога ўзяць нельзя.

Вот еслі ідзеш і там кот ляжыць прапаўшы, ваняе, то пляваць нельзя, бо будзе ў дзіцёнка ваняць з рота.

Удзіўляцца нельзя з некрасівага ці інваліда, бо дзіцё будзе такое ж.

На даведкі жэншчыны ідуць. Хто кампот нясе, хто місачку пшана якога прынясе, хлеб, у каго што было.

Еслі ідуць кумоў прыглашаць, то бацька абязацельна нясе хлеб куму. Адказвацца нельзя было. І куме нясе хлеб-соль.

На хрэсьбінах прысутнічалі толькі жанатыя. Бабу на хрэсьбіны бяруць, яна вара кашу з пшана, канфетак накідаюць у тую кашу. Засцілаюць кашу палаценцам, становяць тарэлку, на тарэлку тожа ложаць платочак і госці кідаюць грошы, хто болей пакладзе. Кум стараецца болей пакласці. Тады ўжо тую кашу, гаршчок, нада разбіць. Калі вопытны кум, ён тую кашу – чок аб рог стала і паб’е, а другі будзе гасіць-гасіць тэй гаршчок, стол паламае, а гаршка не паб’е. Тады кашу на тарэлку кладуць, парэжуць-парэжуць і ядзяць.

Еслі ў каго дзяцей няма, маладыя пажанілісь, то бралі чарапкі з гаршка, над галавой разаб’еш і скажаш: “Чарапок разбілі, будуць дзеці ў цябе”.

Бабку содзяць на калёсы ці на барану, без каня кругам водзяць, а тады яна ўжо ўгашчае іх дома.

У царкву толькі кумы ходзяць, радзіцелі дома сядзяць.



Запісана ў в. Данілавічы Веткаўскага р-на Гомельскай вобл.

ад Дзмітрачковай Тамары Кузьмінічны, 1936 г.н.,

Чуяшковай Любові Кузьмінічны, 1933 г.н.,

студэнткамі Кушнаровай К., Булдінай М.
Калі жэншчына бярэменная, ей нельзя датрагувацца к любому рабёначку.

Нельзя пераступаць цераз сабаку.

Нельзя хадзіць на кладбішча.

Нельзя стрыгці косы.

Нельзя купацца ў рэчкі.

Нельзя піць водку.

Бацька рабёначка доўжан зваць кума. Кум – эта не абязацельна радня. Можа быць саўсім чужы чалавек. Часта друзей звалі, шахверак са свадзьбы. Толька нельзя была бяздзетных зваці. І нельзя была адказывацца ад кумоўя. І хадзілі хрысціць дажа незаконных дзяцей. Дзеўкі з удавольствіям хадзілі хрысціць, патаму што кагда рабёначак начне хадзіць, ана замуж пайдзе.

Как пахрысцяць, дак сразу ж за стол. Усе ядзяць. А пасля пажаланні гавораць рабёначку, падарачкі дораць. У канцы пачынаюць шумець: гуляць, танцаваць, песні пець.



Запісана ў в. Старое Сяло Веткаўскага р-на Гомельскай вобл.

ад Васільцовай Матроны Сяргееўны, 1925 г.н.,

студэнткай Задзірака А.
Калі нарадзілася дзіця, то першы раз купаць трэба бабцы. Купалі ў настоі з травы любісцік для таго, каб любілі хлопцы дзеўку і наадварот. У воду трэба пакласці золата, каб дзіця было багатым. Калі дзіця пакупаюць і спаўюць яго, баба бярэ на рукі, падносіць да кожнага акна і кажа: “Глядзі, мая ўнучачка, у кожнае акенца, каб на цябе, як вырасцеш, глядзелі хлопцы”.

Кумоў трэба выбіраць, каб былі малодшыя за бацькоў, тады дзеці не будуць доўга заседжвацца ў халасцяках: дзеўкі будуць замуж ісці, а хлопцы жаніцца. Як ідуць зваць у кумы, бяруць соль, хлеб. Адказвацца не можна, як прыглашаюць. Цераз сорак дней дзіця хрэсцяць. Кум і кума трэба каб былі перахрышчоныя. У царкву везлі кум і кума. Як прыязджалі дадому, сустракала бабка. Дзіця клалі спаць, а самі садзіліся абедаць. Прыходзілі ўсе родзічы. Зразу садзілі бабу з дзедам на пачотнае месца, кума з кумой, а тады ўжо ўсе астатнія госці. На працягу абеда жадалі дзіцяці ўсяго самага лепшага. Спявалі песні, танцавалі. Было тры кашы. Зразу даюць бабіну, затым кумаву і кумавую. Гаршкі з кашаю ўпрыгожваюць усякімі цукеркамі ў прыгожых бумажках. Затым гаршкі разбіваюць. Каша павінна была добра выпасці з гаршка. Хто зазяваецца, чарапок з гаршка адзявалі на галаву, а астатнія чарапкі кідаюць у парог. Адзін дзень не вымятаюць хату, а толькі назаўтра раніцаю.

Кашу куплялі. Кажды, хто купляў, жадаў дзіцяці здароўя, шчасця, доўгіх гадоў, дабрабыту, клаў які-небудзь падарунак ці грошы і казаў: “Мая каша!”. Цана кашы з кожным госцем узрастала. У канцы трэба было, каб кум купіў кашу. Купіўшы кашу, ён разбіваў гаршок. А кашу елі ўсе госці. Калі госці добра развесяліліся, нажартаваліся, прыпаміналі даўні звычай адвозіць бабу дадому. Бабу садзілі на санкі, на барану зуб’ем угору. Сцялілі кажух. А калі жартаўнікі, маглі і ў карыце зацегці. Хто яе вёз, спявалі песні: “Вецер з поля, хвіля з мора, // Ой, да давяла любоў да гора некалькі разоў”. Баба выстаўляла пачастунак, пасля чаго гулянка зноў працягвалася.

Запісана ў в. Старая Дуброва Акцябрскага р-на Гомельскай вобл.

ад Краўчанка Таццяны Міхайлаўны, 1948 г.н.,

студэнткай Гаўрыловіч В.
Нарадзілася дзіця. Ля яго завіхаецца бабка-павітуха. Дзіцёнка мыюць у настоі розных духмяных траў. У тую ваду кідаюць шчэ сярэбраную манету і жытнёвыя зярняткі, каб жа яно было багатае і шчаслівае. Калі ж купаюць дзяўчынку, дык жа ўліваюць у воду малака, а гэта ж каб яна была прыгожая.

Ваду ж гэту пасля першага купання на ноч у хаце не астаўлялі. Ваду вылівалі ў ціхім месцы, туды, дзе не хадзілі людзі і жывёла. Калі ж купалі дзяўчынку, ваду вылівалі на ганак, каб дзяўчына быстрэй выйшла замуж. Вымытае дзіцятка загортвалі ў чыстую бялізну.

Каб адагнаць ад дзіцяці злыя сілы, у калыску клалі вугольчык, хлеб, соль, жалезны прадмет.

Парадзіха ў гэты час некалькі дзён не магла выконваць хатнюю работу. Ёй памагала бабка-павітуха. Яна гатовіла яду, глядзела за іншымі дзецьмі парадзіхі.

У першыя дні пасля родаў парадзіху праведвалі суседкі, сяброўкі. Яны хацелі памагчы парадзісе і яе сям’е, дзіцяці. Каб парадзіха не ўтамлялася, к ёй у адведкі прыходзілі па дзве-тры жанчыны. Яны прыносілі гаспадыне бліны, яечню, хрушчыкі, мёд, яблыкі, грушы. Аддавалі ўсё гэта і казалі: “З’еш, каб заклалася месца ў жываце”. Мужчыну ў адведкі прыходзіць нельзя была.

Як прайшло некалькі дзён, пачынаюць гатовіцца да крышчэння дзіцяці. Бацькі навароджанага дзіцяці вырашалі аб тым, каго возьмуць за хросных бацькоў свайму дзіцяці. Хросныя павінны быць маладзейшымі за бацькоў, каб дапамагаць хрэсніку, як у яго не астанецца родных бацькоў.

У дзень крысцін кума прыходзіла ў дом да дзіцяці з хлебам-соллю, ручніком і грашамі. Хлеб жа яна кладзе на стол са словамі: “Няхай жа добрае вядзецца”.

Калі дзіця неслі да царквы, кум з кумою не гаварылі паміж сабой, каб дзіця было спакойнае.

Як жа толькі кумы пайшлі ў цэркву, дык жа старэйшая дачка гаспадароў ходзіць па вёсцы і запрашае на хрэсьбіны. Без запрашэння ніхто не ішоў. На хрэсьбіны жанчыны неслі яду і падарункі, а мужчыны ж – толькі грошы.

Усе госці збіраліся ў хату. Пазней туды прыходзілі кумы з дзіцём. Пакрысцілі яго, дык жа і дзіця аддавалі бацькам, дый жа казалі: “Дай жа, Божа, тваму сыну стаяць так пад вянцом, як пад храстом”. Вось і пачыналася гулянка. Усе садзіліся за стол. Першую чарку выпіваў дзед дзіцяці, дый жа казаў: “Дай жа, Божа, штоб наш унук вялікі рос!”

Тады ў чарку гарэлкі кідалі капейкі і выпіваў гарэлку хросны бацька. Астаткі гарэлкі ён жа выліваў уверх дый жа гаварыў: “Каб наш хрышчэнннік так высока скакаў!”

Тады ізноў жа кідалі ў чарку, толькі ж ужэ сярэбраную грыўку. Выпівала хросная. Другім гасцям капеяк ужэ не лажылі.

Баба-павітуха варыла “бабіну кашу”. Каша была смачненькая, салодзенькая, з маслам. Хросны разбіваў гаршчок з кашай, кашу дзялілі ўсім. Кажны, хто браў кашу, клаў капейку.

На хрысцінах і спявалі багата:


Ой, учора, мае кумочкі,

У нас радзінкі былі,

А сягоння, мае кумочкі,

Мы на хрэсьбінкі прыйшлі.


Не шкадуйце, мае кумочкі,

Па рубельчыку даць.

То мы будзем, мае кумочкі,

Да аўторка гуляць.


Не шкадуйце, мае кумочкі,

Па каровачцы даць,

То мы будзем, мае кумочкі,

Усю нядзельку гуляць.


***

Кум з кумою на куце сядзіць,

Паміж іх да ручаёк бяжыць.

А ў тым ручайку да тры кубачкі,

Да тры кубачкі маляваненькіх.

У адным кубку – зеляно віно,

У другім кубку – саладок-мядок,

У трэцім кубку – горка гарэлка.

Зеляно віно – для радзімачкі,

Саладок мядок – для кум’е з кумам,

Горка гарэлка – для суседачак.
***

Кланялася кума куму

Нізенька ў грудцы:

– Дзякуй табе, мой кумочак,

Што звазіў у людцы.

Кланялася кума куму

Нізенька ў ножкі:

– Дзякуй табе, мой кумочак,

Што прывёз з дарожкі.

Кланялася кума куму

Нізенька ў пяткі:

– Дзякуй табе, мой кумочак,

Што прывёз дахаткі.
Хросным бацькам і бабе-павітусе дарылі падаркі. Маглі даваць жа палатно, рушнікі, хлеб.

Павітуха атвячала за падаркі словамі: “Дай жа, Божа, каб мой унучок вялікі рос, шчаслівы быў! Каб на яго долю паслаў Бог усяго ўволю!”

Госці бралі карыта і везлі бабу-павітуху дамоў.

На трэці дзень пасля етага апяць збіраліся ў хаці бацькоў. Бабка-павітуха гатуе ваду для мыцця дзіцяці, сыпле ў яе авёс. На стол сцелюць кажух. На ім дзержаць дзіця і абліваюць етай вадой. Дык жа асталася вада, дак бабка мыла ліцы ўсім і выцірала іх рушніком. Госці кідалі ізноў грошы ў міску, а іх жа ж бацькі ўгашчалі.

Вось так і канец хрышчэнню.

Запісана ў в. Лубянікі Брагінскага р-на Гомельскай вобл.

ад Гайдук Ганны Севясцьянаўны, 1922 г.н.,

студэнткай Хвост І.
У нашай вёсцы, калі хрысцілі дзіця, існаваў такі абрад. Пасля царквы, калі прыдуць усе дадому, бабка ложыць дзіця на новы саматканы ручнік, а з другога баку ручніка саскубае ножыкам пушок, якім пасыпае дзяўчынцы ў пахі, каб не было апрэласцей, а хлопчыку – на пупок, каб не было грыжы.

Запісана ў в. Губічы Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл.

ад Капанцовай Зінаіды Якаўлеўны, 1943 г.н.
Роды ў жанчыны прынімала бабка-павітуха і яна шчыталася хроснай бабкай.

На другі дзень яна прыходзіла на радзіны атведаць унука ці ўнучку. Прыносіла абязацельна квас, які варылі з агурэчнага расолу, клалі з ячменя крупы, немнога грыбоў. Ета было абязацельна блюда бабчына. Бабка гаварыла:


Ежце, дзеткі, квас, каб было ўсё добра ў вас,

Каб дзеткі не балелі, каб ваша хата была багата,

Каб было багата солі і хлеба,

І да хлеба ўсё, што трэба.

Каб вы і дзеткі жылі, красавіліся.

І на бабку не забываліся.


Купала дзіця перашы раз тожа бабка-павітуха. Калі нараджалася дзевачка, то купала яе бабка ў святых красках і гаварыла: “Каб і мая ўнучка была такая красівая і шчаслівая, як етыя краскі”. А нараджаўся хлопчык, то клалі ў начоўкі тапор і гвоздзі, каб хлопчык быў масцеравым.

Імя дзіцяці самі бацькі не давалі. Бралі кумаўё, яны везлі дзіця ў цэркву і па царкоўнай кнізе бацюшка даваў імя таго дня, у якое радзілася дзіця. У цэркву кум з кумою бралі булку хлеба, рушнік. Етым рушніком у царкве бацюшка выціраў рукі і дзіця, якое апускаў у свечанаю ваду.

Пасля хрышчэння прывозілі дзіця дадому і дзелалі хрэсьбіны. На хрэсьбіны бабка пекла кашу ў гліняным гаршку. Кум разбіваў яго і дно з гаршка клаў на галаву таму мужыку, у каго няма сыноў. Маладая маці адаравала ўсіх падаркамі: дзеда, бабку, куму і кума і сваю маці, каб памагала малога калыхаці.

Тады кума і куму везлі да карчмы на калясцы. Кум угашчаў усіх гарэлкай і закускай, а бабку хросную везлі на баране. А ўсе, хто гуляў, беглі ўслед за каляскай і пелі песні.





1   ...   10   11   12   13   14   15   16   17   ...   23


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка