Установа адукацыі «Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны»



старонка2/23
Дата канвертавання15.05.2016
Памер2.93 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   23

Жанравая сістэма беларускага фальклору. У розных школах і накірунках фалькларыстыкі прыняты розныя тыпы класіфікацыі фальклору, якія грунтуюцца на канцэптуальных уяўленнях пра аб’ём паняцця “фальклор”.


У фалькларыстычнай літаратуры выкарыстоўваюцца дзве канцэпцыі класіфікацыі фальклору – філалагічная (якая зыходзіць з уяўлення аб фальклоры як аб мастацтве слова) і мастацтвазнаўчая (або агульная – аб’ядноўвае славесныя, музычныя, песенныя, харэаграфічныя, гульнёвыя, драматычныя і тэатральныя формы фальклору, або спецыяльная для кожнай з названых форм).

Аснову філалагічнай класіфікацыі складае паэтыка ў спалучэнні з такімі крытэрыямі, як форма выканання і суадносіны вербальнага тэксту і музыкі.

Агульная мастацтвазнаўчая канцэпцыя таксама лічыць асноўным класіфікацыйным прынцыпам падзел фальклору на роды, але не ў літаратуразнаўчым, а ў больш шырокім, сапраўдным значэнні паняцця “род”, якое ўзыходзіць да антычнай эстэтыкі, дзе яно прымянялася не толькі да славесных, але і музычных, харэаграфічных і гульнёвых форм.

Паколькі фальклор, як і літаратура, – мастацтва слова, то фалькларыстыка выкарыстоўвае паняцці і тэрміны, выпрацаваныя літаратуразнаўствам, прымяняючы іх да асаблівасцей вуснай народнай творчасці. У якасці паняццяў і тэрмінаў служыць род, від, жанр і жанравая разнавіднасць. Пад родам мы разумеем спосаб адлюстравання рэчаіснасці, пад жанрам – тып мастацкай формы (казка, песня, прыказка). Могуць быць яшчэ больш вузейшыя групы твораў – жанравыя разнавіднасці.

Фальклорныя жанры ў сваёй сукупнасці ўяўляюць мастацкую сістэму, у якой усе тыпы твораў знаходзяцца ў складаных узаемадзеяннях.

Сістэма фальклорных жанраў узнікае:

а) у сувязі з агульнымі для іх ідэйна-мастацкімі прынцыпамі;

б) у сувязі з узаемнымі адносінамі жанраў, якія развіваліся гістарычна;

в) у сувязі з агульным гістарычным лёсам жанраў.
Схема класіфікацыі фальклорных жанраў

І. Абрадавы фальклор:

а) каляндарна-абрадавы (зімовая, веснавая, летняя, восеньская паэзія);

б) сямейна-абрадавы (радзінна-хрэсьбінная і вясельная паэзія, пахавальныя абрады і галашэнні);

в) замовы.

ІІ Пазаабрадавы фальклор:

а) эпічныя празаічныя жанры (казка, паданне, легенда);

б) эпічныя вершаваныя жанры (гістарычныя песні, балады);

в) лірычныя вершаваныя жанры (сацыяльна-бытавыя песні, любоўныя песні, сямейна-бытавыя песні, частушка).

ІV Малыя фальклорныя жанры:

а) прымаўкі;

б) прыказкі;

в) загадкі;

г) прыкметы і павер’і.

V Драматычныя тэксты і дзеянні:

а) гульні, карагоды;

б) сцэнкі, п’есы.
Фальклор і літаратура. Фальклор і літаратура блізкія віды мастацтва, для якіх характэрна вобразнае пазнанне рэчаіснасці, аднак яны маюць пэўныя спецыфічныя рысы (гл. табліцу) .

Фальклор

Літаратура

1. У фальклоры асабістае, індывідуальнае і калектыўнае аб’яднаны настолькі цесна, што асобны творчы індывідум раствараецца ў калектыве.

Творы вуснай народнай творчасці не маюць заключнай рэдакцыі. Кожны выканаўца твора стварае, развівае, дапаўняе, скарачае, шліфуе тэкст, выступае сааўтарам песні ці казкі.



1. Літаратурны твор ствараецца пісьменнікам, незалежна ад таго, літаратар ён па прафесіі ці не – індывідуальна ці ў садружнасці з іншымі пісьменнікамі. Пакуль пісьменнік вядзе над ім работу, твор не становіцца набыткам мас, толькі тады масы знаёмяцца з ім, калі твор надрукаваны ў сваёй заключнай рэдакцыі.

Літаратурны працэс стварэння кананічнага тэкста твора адзелены ад непасрэднай творчай дзейнасці мас, звязаны з ёй толькі генетычна.



2. Фалькларыст шукае ўмовы, якія стварылі сюжэт.

2. Літаратуразнавец, жадаючы вывучыць паходжанне твора, шукае аўтара.

3. Фальклор распаўсюджваецца вусным спосабам.

3. Літаратура распаўсюджваецца пісьмовым шляхам.

4. Фальклорны твор існуе пры наяўнасці выканаўцы і слухача. Фальклорны твор змяняецца.

4. Літаратурны твор, адзін раз узнікшы, не змяняецца, акрамя іншы раз пэўных аўтарскіх паправак.

5. Фальклорныя творы выконваюць у працэсе бытавання шэраг практычных неэстэтычных функцый (калыханкі закалыхваюць дзяцей, дзякуючы замовам жадаюць вярнуць здароўе хворым), рытм песень дапамагае актывізаваць фізічныя намаганні людзей, занятых цяжкай працай.

5. Літаратурны аналіз можа толькі ўстанавіць фальклорную з’яву, але не ў стане магчымасці яе растлумачыць.

6. Мастацтва слова ў фальклоры звязана з іншымі відамі мастацкай творчасці (выканаўчым майстэрствам акцёра, майстэрствам апавядальніка, майстэрствам спеваў, музыкай) назіраецца адзінства слова, напеву, рухаў.

6. Мастацтва слова ў літаратуры таксама спалучаецца з іншымі відамі мастацтва (верш і яго мастацкае чытанне, песня і яе выкананне, драматычныя гульні).

7. Слова ў фальклоры выконвае “наглядна-выразную” функцыю.

7. Літаратуразнавец вырашае задачы вылучэння жанраў і іх даследавання.

8. Фальклор вырашае задачу вылучэння жанраў і даследавання ўнутранай структуры твораў – кампазіцыйнай будовы.

8. На першым плане – асоба чалавека, свет яго перажыванняў, яго непаўторнасць.

9. Фальклорныя творы адрозніваюцца традыцыйнай паэтыкай – традыцыйнай народнай сімволікай, разнастайнымі формамі паралелізму, пастаянствам эпітэтаў, метафар, параўнанняў і іншых відаў тропаў.

9. Для літаратуры рэалістычных напрамкаў характэрна стварэнне тыповых характараў у тыповых абставінах. Тыповы характар, адлюстроўваючы асноўныя рысы свайго сацыяльнага асяроддзя і сваёй эпохі, праяўляецца праз індывідуальныя якасці героя, праз яго непаўторнае аблічча.

10. Фальклорныя творы адрозніваюцца асаблівасцямі тыпізацыі. Вобразы вусна-паэтычнай творчасці не маюць індывідуалізацыі.






Спіс літаратуры


  1. Азбелев, С.Н. К определению понятия фольклор / С.Н. Азбелев // Русская литература. – 1977. – № 3.

  2. Аникин, В.П. Коллективность как сущность творческого процесса в фольклоре / Русский фольклор: Материалы и исследования. – М.-Л. – 1961.

  3. Аникин, В.П. Теория фольклора: Курс лекций. / В.П. Аникин. – М., 1996.

  4. Богатырев, П.Г. Вопросы теории народного искусства / П.Г. Богатырёв. – М., 1971.

  5. Восточнославянский фольклор: Словарь научной и народной терминологии / редкол.: К.П. Кабашников. – Мн., 1993.

  6. Гусев, В.Е. Фольклор / В.Е. Гусев // История термина и его современное значение – Совесткая этнография. – 1966. – № 2.

  7. Гусев, В.Е. Эстетика фольклора / В.Е. Гусев. – Л., 1967.

  8. Зуева, Т.В., Кирдан, Б.П. Русский фольклор: Учебник для высших учебных заведений / Т.В. Зуева, Б.П. Кирдан. – 4-е изд. – М.: Флинта: Наука, 2002. – 400 с.

  9. Костюхин, Е.А. Лекции по русскому фольклору: учеб. пособие для вузов / Е.А. Костюхин. – М.: Дрофа, 2004. – 336 с.

  10. Неклюдов, С. Несколько слов о «постфольклоре». – Режим дост.: http://www.ruthenia.ru/folklore/postfolk.htm.

  11. Пропп, В.Я. Фольклор и действительность / В.Я. Пропп. – М., 1976.

  12. Путилов, Б.Н. Фольклор и народная культура / Б.Н. Путилов. – СПб, 1994 г.

  13. Потебня ,А.А. Теоретическая поэтика / А.А. Потебня. – М., 1990.

  14. Потебня, А.А. Символ и миф в народной культуре / составление, подготовка текстов, статья и комментарий А.Л. Топоркова, А.А. Потебня. – М., 2000.

  15. Толстой, Н.И. Язык и народная культура: Очерки по славянской мифологии, этнолингвистике / Н.И. Толстой. – М., 1995.

  16. Пропп, В.Я Фольклор и действительность: Избр. статьи / В.Я. Пропп. – М., 1976.

  17. Чистов, К.В. Народные традиции и фольклор: Очерки теории / К.В. Чистов. – Л., 1986.


ГІСТАРЫЯГРАФІЯ ФАЛЬКЛАРЫСТЫКІ

Пачатак сістэматычнай збіральніцкай і даследчай работы ў канцы XVIII – першай палове XIX ст. Праблема аматарства ў фальклорна-этнаграфічным вывучэнні як адметная асаблівасць у збіранні і даследаванні фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў (З. Даленга-Хадакоўскі, Я. Чачот, А. Рыпінскі, Я. Баршчэўскі). Пачатак збірання і даследавання беларускай народнай творчасці прыпадае на мяжу XVIII –XIX стст. Зараджэнне беларускай фалькларыстыкі звязана з нацыянальна-вызваленчым рухам, з распаўсюджаннем ідэй асветніцтва, рамантызму. Увогуле першую палову XIX ст. можна назваць эпохай рамантычнага нарадазнаўства.

Калі звярнуцца да характарыстыкі сацыяльна-палітычнай і нацыянальнай сітуацыі ў Еўропе ў канцы XVIII–XIX стст., то можна адзначыць, што менавіта ў гэты час пачынаецца перыяд славянскага адраджэння. У гэты час фарміраваліся славянскія нацыі, на палітычную арэну выступалі дэмакратычныя сілы, народжаныя ў абставінах барацьбы супраць феадальнага і нацыянальнага прыгнёту, узрастала нацыянальная самасвядомасць славянскіх народаў і звязаная з ёю цікавасць да свайго мінулага.

Адначасова з пад’ёмам нацыянальных культур, ростам нацыянальнай самасвядомасці і патрыятызму да новага жыцця адраджаецца і ідэя славянскай еднасці, на аснове якой і развіваецца славяназнаўчая навука.

Вывучэннем фальклору Беларусі, збіраннем і даследаваннем беларускіх фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў у першай палове ХІХ ст. займаліся людзі, якія адносілі сябе або да рускай, або да польскай навукі. Але і тыя, і другія былі дзеячамі мясцовага паходжання, якія прайшлі польскую ці рускую школу выхавання.

Да ліку такіх дзеячоў гэтага часу можна аднесці такіх беларуска-польскіх фалькларыстў, як Зарыян Даленга-Хадакоўскі, Ян Чачот, Аляксандр Рыпінскі, Ян Баршчэўскі і інш. Іх працы былі надзвычай сур’ёзнымі, але па сутнасці іх справу можна назваць аматарскай, ішла яна ад чыста асабістага захаплення краязнаўствам, жыццём і побытам беларускага селяніна.

Погляды гэтых дзеячоў – ураджэнцаў Беларусі – на праблему этнагенезу беларускага народа, на характар, гістарычны лёс народнай творчасці былі далёка неаднолькавымі. Самай буйнай постаццю ў славянскім нарадазнаўстве першай паловы ХІХ ст. з’яўляецца Зарыян Даленга-Хадакоўскі (Адам Чарноцкі (1784-1825). Яму належыць праца “Аб славяншчыне да хрысціянства” (1818 г.), якая і замацавала імя Д. Хадакоўскага ў сусветнай славістыцы. Заслуга Д. Хадакоўскага заключаецца ў тым, што ён першым сярод славянскіх вучоных звярнуўся да культуры народа як да крыніцы народнасці. Ён лічыў важнай задачай праўдзіва пазнаць мінулае славян, з гэтай мэтай заклікаў збіраць самыя розныя звесткі, у тым ліку і вусную народную творчасць.

Ян Чачот – адзін з першых і буйнейшых збіральнікаў беларускіх народных песень, беларуска-польскі паэт і фалькларыст, блізкі сябра А. Міцкевіча, сумленны інтэлігент, ураджэнец Беларусі, чалавек рамантычных настрояў. З 1837 г. па 1846 г. ён выдаў 6 невялікіх томікаў беларускіх народных песень, якія хоць і мелі розныя назвы, фалькларыстычнай літаратуры вядомы пад назвай “Вясковыя песні з-над Нёмана і Дзвіны”. Каля 1000 песенных нумароў прадстаўлена, але пераважная іх большасць дадзена ў больш-менш удалым перакладзе на польскую мову. Толькі частка песень 4, 5 і ўсе песні 6 тома апублікаваны ў арыгінале.

Ян Баршчэўскі, які стаяў на пазіцыях ліберальнага дваранства, вызначаўся дэмакратычнасцю поглядаў. У яго зборніку белетрызаваных беларускіх казак і паданняў (“Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”), што выйшлі ў Пецярбургу ў 1844–1946 гг. на польскай мове прыводзяцца і беларускія народныя песні.

Сярод так званых “блудных дзяцей” Беларусі, пісьменнікаў, этнографаў і фалькларыстаў мясцовага паходжання, але польскага выхавання, бадай самай складанай постаццю з’яўляецца Аляксандр Рыпінскі (1811–1886). У яго кнізе “Беларусь” можна знайсці шмат каштоўных звестак этнаграфічнага характару, багата беларускіх народных песень, пра якія аўтар гаварыў з непрыхаванай любоўю і гордасцю. Хоць песні беларусаў Рыпінскі адносіў да паэтычных скарбаў палякаў, усё ж яго зборнік меў станоўчае значэнне для развіцця беларускай нацыянальнай культуры.

Да зачараваных творчасцю народа мы адносім і П.М. Шпілеўскага. Надзвычай пладавіты фалькларыст, белетрыст, тэатральны крытык. Яму належаць самыя буйныя ў беларускай фалькларыстыцы 50–60 гадоў ХІХ ст. працы: “Падарожжа па Палессі і Беларускім краі”, “Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных яе казках”.

У сваёй кнізе “Падарожжа па Палессі і Беларускім краі” П.М. Шпілеўскі апісаў ўсё, што бачыў на сваім шляху з Варшавы ў Беларусь: гарады, вёскі, курганы, заняткі і звычаі людзей, жыццё і побыт сялян, земляробства, прылады працы, падрабязна апісаў гарады і мястэчкі, народныя гулянні і г.д.

Але “Падарожжа па Палессі і Беларускім краі” – гэта не толькі асабістыя ўражанні падарожніка, які на перакладных дабіраўся ад адной паштовай станцыі да другой па славутаму Екацярынінскаму тракту з Варшавы ў родную Беларусь. Нарысы насычаны разнастайнымі звесткамі, узятымі са шматлікіх друкаваных крыніц – мастацкай, краязнаўчай, гістарычнай літаратуры, летапісаў. Аўтар прадставіў некалькі фантастычных легенд і гістарычных паданняў.

Заслугай Шпілеўскага з’яўляецца той факт, што ён даў самае першае і даволі падрабязнае апісанне беларускіх народных танцаў.

П. Шпілеўскі выступаў абаронцам беларускай мовы, яе самастойнасці, аднак яго погляды на гістарычнае развіццё беларускай мовы былі пазбаўлены навуковай аргументацыі. “Падарожжа” трэба разглядаць як тыповае эсэ белетрызаванага характару з яго вольнай кампазіцыяй, індывідуальнымі ўражаннямі і меркаваннямі. Значэнне кнігі заключана ў тым, што тут сабраны самыя разнастайныя звесткі аб беларускім краі.

Другая праца П.М. Шпілеўскага “Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных яе казках” складаецца з серыі нарысаў, прысвечаных апісанню сямейна-бытавых абрадаў і звычаяў беларускіх сялян і публікацыі аб’ёмістых тэкстаў чарадзейных казак.

Імя І.І. Насовіча заззяла зоркай на небасхіле беларускай фалькларыстыкі 60–70 гадоў. Першы буйны фалькларыст і лексікограф, творчая дзейнасць яго – з’ява фенаменальная ў гісторыі духоўнай культуры Беларусі.

І.І. Насовіч не меў магчымасці слухаць лекцыі масцітых пецярбургскіх ці маскоўскіх прафесараў, аднак дзякуючы няўтольнай празе да ведаў, нястомнай працы над сабой, настойлівасці ў дасягненні пастаўленай мэты ён стаў высокаадукаваным чалавекам свайго часу.

Упершыню ў гісторыі беларускай фалькларыстыкі І. Насовіч паспрабаваў растлумачыць сэнс беларускіх прыказак і прымавак, паказаць іх генезіс і функцыянальнае ўжыванне (“Зборнік беларускіх прыказак”, 1866 г.).

У гісторыю беларускай фалькларыстыкі І. Насовіч ўвайшоў як складальнік першага буйнога зборніка беларускіх народных песень (“Белорусские песни, собранные И.И. Носовичем”. – СПб, 1873. Т. 5).

І.І. Насовіч высока ставіў мелас беларусаў, лічыў, што песня праўдзіва выказвала пачуцці і думкі “прасталюдзіна”, была яго вернай спадарожніцай, суправаджала пры самых розных жыццёвых абставінах.



Актывізацыя збіральніцкай і даследчай работы ў галіне беларускай народнай паэзіі. РГТ і яго роля ў даследаванню быту і фальклору народаў Расіі. Рускае геаграфічнае таварыства (РГТ), створанае ў 1845 г., адыграла значную ролю ў даследаванні быту і фальклору народаў Расіі. Задумвалася гэтая арганізацыя як кансерватыўная прыдворная акадэмія, якая павінна была даваць царскаму ўраду рэкамендацыі ў выбары палітычнага курса ў адносінах да народаў ускраіны Расійскай імперыі.

Менавіта факт стварэння такой арганізацыі засведчыў арганізаванае, планамернае і інтэнсіўнае вывучэнне вуснапаэтычнай творчасці. На старонках перыядычных выданняў РГТ былі надрукаваны многія фальклорна-этнаграфічныя зборнікі.

Складалася РГТ з 4 аддзелаў: агульнай геаграфіі, геаграфіі Расіі, этнаграфіі, статыстыкі.

Таварыства на велізарнай тэрыторыі мела свае філіялы (ад Вільні да Іркуцка). Фальклорна-этнаграфічную работу таварыства распачало з рассылкі ў 1818 г. ва ўсе губерні Расіі спецыяльнай праграмы, якая называлася “Інструкцыя этнаграфічная” і заключала наступныя пытанні, звязаныя са зборам фактычных матэрыялаў аб :

1) знешнасці жыхароў;

2) мове з асаблівасцямі мясцовай гаворкі;

3) хатнім быце, дзе захаваліся першабытныя звычаі і абрады народа;

4) грамадскім быце;

5) разумовых і маральных здольнасцях;

6) народных паданнях і помніках.

Апошні пункт прадугледжваў збіранне вуснай народнай творчасці. Разасланая праграма дала вялікі прыток свежых матэрыялаў і спрыяла папулярызацыі фальклорна-этнаграфічнага даследавання. Дзякуючы праграме назбіралася вялікая колькасць розных апісанняў побыту народа, абрадаў і твораў вуснай народнай паэзіі.

Цесна былі звязаны з дзейнасцю таварыства такія буйныя вучоныя, як М. Афанасьеў, Ф. Буслаеў, А. Весялоўскі, М. Кастамараў, А. Пыпін, збіральнікі і даследчыкі беларускага фальклору І. Насовіч, П. Шэйн, З. Радчанка.

9 красавіка 1867 г. быў створаны Паўночна-Заходні аддзел РГТ, які займаўся збіраннем і вывучэннем народнай творчасці беларусаў.

Павел Васільевіч Шэйн (1826–1900) – збіральнік і публікатар беларускай народнай вусна-паэтычнай творчасці.

На працягу 1868–1870 гг. выйшлі наступныя выданні, падрыхтаваныя П.В. Шэйнам: “Рускія народныя песні”, “Беларускія народныя песні”.

За перыяд 1887–1902 гг. выдадзены чатыры тамы “Матэрыялаў для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю”. Паралельна П.В. Шэйн рыхтуе і выпускае ў 2-х тамах кнігу “Велікарус у сваіх песнях, абрадах, звычаях, вераваннях, казках, легендах” (1898, 1902).

З імем П.В. Шэйна звязана і стварэнне першай айчыннай праграмы па збіранні вуснай народнай творчасці. Упершыню была акрэслена праблема навуковага характару методыкі збору фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў. За ўзор П.В. Шэйн узяў праграму нямецкага вучонага В. Мангарта, пакінуўшы назву тую ж – “Просьба”.

У праграме П.В. Шэйна важнае месца займаюць такія тры пытанні, як: што запісваць? як запісваць? ад каго запісваць?



Праблема рэгіянальнага вывучэння вуснапаэтычнай творчасці (Е. Раманаў, З. Радчанка, М. Косіч, У. Дабравольскі, М. Нікіфароўскі). Зінаіда Фёдараўна Радчанка – першая ў Расіі жанчына, якая стала членам Рускага геаграфічнага таварыства і апублікавала тры зборнікі народных песень.

За першы фальклорны зборнік – “Зборнік маларускіх і беларускіх песень Гомельскага павета, запісаных для голасу з акампанементам фартэпіяна” (СПб, 1881г., вып. 8) удастоена сярэбранага медаля РГТ. У зборнік увайшло 30 песень з напевамі.

“Зборнік маларускіх і беларускіх народных песень Магілёўскай губерні Гомельскага павета Дзятлавіцкай воласці” (1911) адрозніваецца ад папярэдніх наяўнасцю музычнай часткі: у ім прыводзяцца напевы да 180 народных песень.

Фальклорна-этнаграфічная спадчына З. Радчанка адыграла значную ролю ў справе збірання і вывучэння вуснапаэтычнай творчасці беларускага народа.

Марыя Косіч родам з в. Расуха Мглінскага павета Чарнігаўскай губерні. Збіраць песні пачала з 20 гадоў, палюбіла іх. З 1897 г. пачала сістэматычна збіраць мясцовыя песні па вёсках і сёлах. Сабрала багаты і каштоўны матэрыял, які склаў аснову зборніка “Ліцвіны-беларусы Чарнігаўскай губерні, іх побыт і песні”. Структура зборніка М. Косіч адрозніваецца ад папярэдніх, выдадзеных да таго часу. Апісанне абрадаў і звычаяў яна дае па месяцах і порах года, ілюструе шматлікімі прыкладамі.

Значную навуковую каштоўнасць уяўляе раздзел “Хрысціны”, у якім грунтоўна ахарактарызавана роля бабкі-павітухі, апісаны хрысціны, змешчана дзевяць хрэсьбінных песень. Вылучаны яшчэ такія раздзелы, як “На Масленцы”, “Сакавік”, “Тройца”, “Граная”, “Чэрвень”, “Жнівень”. Пры ўсёй змястоўнасці і насычанасці фальклорнымі матэрыяламі зборнік М. Косіч мае пэўны недахоп – адсутнасць навуковай класіфікацыі фальклорных матэрыялаў.

Е.Р. Раманаў у гісторыю беларускай фалькларыстыкі ўвайшоў як аўтар манументальнай працы “Беларускі зборнік” у 10 выпусках, у якіх прадстаўлены амаль усе жанры вуснай паэзіі беларусаў і дадзены шматлікія апісанні народных звычаяў, абрадаў, заняткаў, рамёстваў, побыту сялян.

Вялікая колькасць песень змешчана Раманавым у двухтомнай працы “Матэрыялы па этнаграфіі Гродзенскай губерні”. У І томе “Матэрыялаў” змешчаны песні: калядныя, велікодныя, юр’еўскія, песні абраду ваджэння куста, купальскія, пятроўскія, сенакосныя, жніўныя, хрэсьбінныя і вясельныя – з падрабязным апісаннем абрадаў. У першым томе прадстаўлены калядныя і валачобныя, летнія, жніўныя песні. У ІІ томе сабраны вясельныя песні, але без апісання абраду, галоўнае месца займаюць таксама пазаабрадавыя песні.

У.М. Дабравольскаму належыць чатырохтомная праца “Смаленскі этнаграфічны зборнік”, ІІ і ІV тамы якога прысвечаны народнай песні, у ІІІ томе змешчаны прыказкі, прымаўкі, трапныя народныя выразы, мянушкі, заклінанні, прыкметы. Зборнік быў складзены з матэрыялаў, якія запісаў сам збіральнік.

М.Я. Нікіфароўскі ўвайшоў у гісторыю фалькларыстыкі як выдатны збіральнік народна-паэтычных скарбаў, даследчык вуснай паэзіі, народных звычаяў і абрадаў, складальнік змястоўных зборнікаў. Першая самастойная праца – “Нарысы Віцебскай Беларусі” – надрукаваны ў 1892-1899 гг. у часопісе “Этнографическое обозрение”, затым была надрукавана яго кніга “Нарысы простанароднага жыцця”.

Першая самастойна выдадзеная праца М.Я. Нікіфароўскага – “Нарысы Віцебскай Беларусі” (1892-1899гг., часопіс “Этнографическое обозрение”).

Звыш 30 гадоў збіраўся фалькларыстам матэрыял для працы “Простанародныя прыкметы і павер’і, прымхлівыя абрады і звычаі, легендарныя паданні пра асобы і мясціны” (1897). У гэтай працы М.Я. Нікіфароўскі прасочвае жыццё чалавека ад нараджэння да шлюбу.

М.Я. Нікіфароўскі выдаў першы асобны зборнік “Простанародныя загадкі” (1898 г.). У гэтым зборніку загадкі размешчаны па тэматычнаму прынцыпу (больш зручнаму і навуковаму): вылучаецца 10 груп (чалавек і часткі цела, ежа і напіткі, адзенне і абутак, мэбля, жывёлы і г.д.).

У 1907 г. – апублікавана найцікавейшая праца М.Я. Нікіфароўскага “Нячысцікі”. Збор простанародных у Віцебскай Беларусі паданняў пра нячыстую сілу” (падрыхтавана ў 1898 г.).

У 1910 г. распачалося друкаванне працы “Напаўпрыказкі і напаўпрымаўкі, якія ўжываюцца ў Віцебскай Беларусі”.

М.Я. Нікіфароўскі быў адным з першых фалькларыстаў не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, хто пачаў запісваць прыпеўкі. Сабраў значны матэрыял для зборніка “Беларускія песні-частушкі”, апублікаваны пасля смерці аўтара. Тэматычныя групы прыпевак – сацыяльныя, рэкруцкія, салдацкія, сямейна-бытавыя, дзіцячыя, вясельныя, жартоўныя, танцавальныя. Аўтар сістэматызаваў прыпеўкі па геаграфічным прынцыпе – па вёсках, паветах, губернях.


Спіс літаратуры

1. Беларуская фалькларыстыка: Збіранне і даследаванне народнай творчасці ў 60-х гадах ХIХ– пач. ХХ стст. / Г.А. Пятроўская, І.К. Цішчанка, У.А. Васілевіч. – Мн., 1989.

2. Васілевіч, У.А. Збіральнікі / У.А. Васілевіч. – Мн., 1991.

3. Цішчанка, І.К. Да народных вытокаў: Збіранне і вывучэнне беларускага фальклору ў 50–60-я гады ХІХ ст. / І.К. Цішчанка. – Мн., 1986.

4. Каханоўскі, Г.А., Малаш, Л.А., Цвірка К.А. Беларуская фалькларыстыка. Эпоха феадалізму / Г.А. Каханоўскі, Л.А. Малаш. – Мн., 1989.

5. Гілевіч, Н.С. З клопатам пра песні народа / Н.С. Гілевіч. – Мн., 1970.




Поделитесь с Вашими друзьями:
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   23




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2020
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал